Над ціхаю Віццю [Іван Навуменка] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

існаваць. У той жа вечар, не саромячыся, Вольга Апалонаўна расказала і пра тое, як спачатку яна не хацела ісці за Пеўніка, які быў удаўцом, ды яшчэ і старым, і як, перадумаўшы, яна ўсё ж зразумела яго і пайшла за яго замуж.

— А цяпер жывем, як людзі, і не крыўдзімся адно на аднаго, — Вольга Апалонаўна пагладзіла Пеўніка па голаму, нібы калена, цемю. — Маем усё, што трэба — піць, есці і на людзі не сорамна паказацца. Праўда, Пеця?

Пеўнік прамармытаў у адказ нешта невыразнае і пабег у другі пакойчык перадаваць зводку.

Пеўнік дазволіў Юрку пакуль што знаёміцца з прыборамі і прыглядацца да работы, Хлопец за два дні агледзеў псіхраметрычную будку, глебавыя тэрмометры, гелографы і самапішучыя прыборы. Апараты былі ўсе новыя, і хлопец міжвольна ўспомніў свой тэхнікум — там былі такія самыя. Пеўнік работу паставіў умеючы, і Юрка дзень за днём пранікаўся ўсё большай павагай да свайго начальніка. Зводак за дзень перадавалася багата — гідралагічных, мікракліматычных, сінаптычных. Пеўнік бегаў да тэлефона бадай кожныя дзве гадзіны. Вольга Апалонаўна на станцыі не рабіла нічога.

Праз тыдзень Юрка стаў на работу. Яна яму не здалася цяжкай — у тэхнікуме іх вучылі большаму. Праз колькі дзён вярнуўся з водпуску трэці работнік. Дземідзюк, які жыў у Бабінавічах.

Калі выпадала вольная часіна, Юрка аглядаў навакольныя мясціны. Ён хадзіў уздоўж звілістага рэчышча Віці: рачулка спакойна нясла сваю рыжаватую ваду некуды аж у Дняпро. На яе хвалях гойдалася жоўтае лісце. Хлопец іншы раз завітваў і ў сасновы бор, які быў крыху далекавата, да яго трэба было ісці ў процілеглы ад ляжнёўкі бок, вузенькаю, зарослай сцяжынкай. Верасы ўжо адцвіталі, і паветра было густа напоена п’янкім мядовым водырам. Зранку бор звінеў галасамі — сюды хадзілі па грыбы, а к вечару ў лесе ўсталёўвалася ўрачыстая цішыня. Толькі зрэдку разносілася мычанне заблудзіўшай каровы і працяглае рэха паравознага гудка з Бабінавіч. У такія хвіліны Юрку звычайна апаноўвалі спакойныя, як гэты ціхі лясны шум, думкі. Тэхнікум, Сымон Баравік, сябры — усё здавалася далёкім, што мінулася даўно-даўно.

Аднойчы, захапіўшы кошык, Юрка прышоў у бор зранку, але не пачуў звычайных пералівістых галасоў. Гэта яго здзівіла. Просекай хлопец выйшаў да мясцінкі, якую даўно для сябе прыкмеціў. Тут раслі гонкія бярозкі, а ўвесь дол быў засланы хрупкім, нізкарослым верасам. Хлопец адчуваў, што ў такой мясцінцы абавязкова павінны расці баравікі, але ён знаходзіў тут толькі рэдкія карэньчыкі.

Прайшоўшы колькі крокаў, Юрка раптам спыніўся, як укапаны. Проста ў яго пад нагамі каля бярозкі цэлай сям’ёй сядзелі вялікія, як конскія капыты, баравікі. Іх чарнаватыя шапкі былі пацягнуты ледзь прыкметнай сіняватай павалокай. Юрка хуценька азірнуўся і крыху далей убачыў яшчэ большую сям’ю. У аднаго баравіка шапка нагадвала цэлае рэшата — такі ён быў вялікі.

Юрка, падскокваючы, вырываў грыбы і, не ачышчаючы карэння, складваў іх у кучу каля кошыка. Ён стараўся пабраць баравікі, што раслі воддаль ад кошыка. На невялікай лапінцы вырасла, мабыць, болей за сотню грыбоў.

Сеўшы пад бярозку, хлопец стаў абразаць карэнне.

За спіной раптам пачуўся сухі трэск і, павярнуўшыся, Юрка ўбачыў дзяўчыну, якая ішла проста на яго. Ён пазнаў яе, хоць дзяўчына была ў старым ватніку, падпяразаным брызентавым рамянём. Гэта была тая самая дзяўчына, што паказвала яму тады ў Бабінавічах дарогу на гідраметстанцыю. Хлопец прыўзняўся, атрасаючы з полаў карэнне.

— Колькі грыбоў! — у голасе дзяўчыны Юрка пачуў сапраўдную зайздрасць. — Ну, і дурная ж я, што сюды адразу не прыбегла.

У кошыку дзяўчыны Юрка ўбачыў колькі тых лічаных баравічкоў, і таму яе слёзы неяк непрыемна яго кальнулі.

— Трэба было прыбегчы, — пакрыўджана сказаў ён. — Але ў лесе грыбы для ўсіх роўныя.

— Няхай сабе роўныя, толькі гэта мая мясцінка. Тут мне заўсёды шанцуе...

Дзяўчына адыйшлася за некалькі крокаў ад кошыка і, ухапіўшы жмак сухога верасу, падняла яго. На дне ямкі з-пад вываратня Юрка ўбачыў шмат сухіх пачарнелых грыбных карэнняў.

— Маскіроўка, — весела прамовіў хлопец. — Толькі ўсёроўна ў лесе грыбы для ўсіх роўныя. Я таксама лічыў, што тут грыбы павінны расці...

— А вы шчаслівы, — сказала дзяўчына, калі ўжо яны ішлі па лесе. — Я яшчэ ні разу столькі грыбоў не знаходзіла...



Юрку хацелася зрабіць дзяўчыне што-небудзь прыемнае, але ён не ведаў, што. Раптам ён моўчкі пакрочыў ад яе ўбок, а яна, здзіўленая, стаяла і пазірала яму ўслед, не разумеючы яго намеру. I толькі калі Юрка пачаў калясіць па верасу, яна, звонка, на ўвесь лес засмяялася.

Але бывае ж і так, што чаго вельмі хочаш, тое збываецца. Не прайшоў Юрка і сотні крокаў, як убачыў два ладныя чорнагаловыя баравікі, якія нібыта спецыяльна выраслі для гэтай хвіліны.