Сакрэт Тунгускага метэарыта. Прыгоды шасцікласніка Максіма [повести] [Алексей Николаевич Якимович] (fb2) читать постранично, страница - 88


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

уздыхнуў Косця.

— Неяк дзіўна выходзіць, — сказала Рая. — Нас у звяне многа, а мы не можам трусоў упільнаваць. Відаць, праўду людзі кажуць: дзе нянек многа, там дзіця без носа.

Будзе і на нашай вуліцы свята

На другі дзень, у нядзелю, давялося з раніцы ісці на школьнае поле. Вядома, хацелася пабыць дома, адпачыць, пагуляць на вуліцы. І даўжэй паспаць таксама хацелася. Але, як гаворыцца, на хаценне ёсць цярпенне.

На поле я прыйшоў разам з Дзянісам, Ігарам і Раяй (па дарозе іх сустрэў). А Косця апярэдзіў усіх. Ен ірваў буракі і кідаў іх у горбы.

— Максім, ты ідзі да Косці, ірві з ім буракі,— сказала мне Рая. — Мы будзем чысціць.

Далёка-далёка цягнуцца радкі буракоў. Адсюль нават канца не відаць. Як мы іх вырвем? Як справімся? Наўрад ці…

Косця рве і рве буракі, не адгінаецца. Рая, Дзяніс і Ігар таксама працуюць: нажамі ачышчаюць буракі ад зямлі, гічанне абразаюць.

Я падышоў да Косці, стаў побач. Косця два радкі рве, і я два радкі рву, а пяты, сярэдні, разам вырываем.

Буракі выраслі вялізныя, як падняць.

— Цяжкія, — пажаліўся я Косцю.

— Яшчэ пашанцавала, што кармавыя рвём, — сказаў Косця. — Каб цукровыя, то кожны рыдлёўкай давялося б выкопваць. У цукровых карэньчыкаў шмат, яны моцна ў зямлі трымаюцца.

Увішна працуе Косця. Не хочацца і мне ад яго адставаць, ды спіна забалела.

— Косця, ты не стаміўся? — пытаюся.

— Стаміўся, — прызнаўся Косця. — Давай адпачнём.

Мы прылеглі на горбу буракоў, раскінулі рукі. Угары хмаркі плывуць, сонейка ласкавымі промнямі твар грэе. Добра гэтак ляжаць.

— Косця, а ці ёсць такія машыны, што буракі рвуць?

— Мабыць, ёсць.

— Вось каб нам хоць адну. Някепска было б?

— Някепска, — пагаджаецца Косця. — Але давай уставаць.

Вельмі не хочацца ўставаць. Вунь яшчэ колькі не вырвана! Калі яны скончацца?

Мы ўсталі і зноў занялі свае радкі. Косця два рве, і я два, а трэці разам. Адна горба, другая, трэцяя…

Я азірнуўся: далёка адсталі ад нас Дзяніс, Ігар і Рая.

— Хлопчыкі, вельмі не спяшайцеся. Ператоміцеся, — даляцеў Раін голас.

Бач, шкадуе нас Рая. Ёй таксама нялёгка прыходзіцца. А ў мяне ад яе спагады як сілы прыбавілася.

— Косця, давай наперагонкі! — прапанаваў я.

Мы забыліся пра стомленасць, ірвём буракі навыперадкі. Так хочацца, каб хутчэй дарваць ды каб першаму дайсці ў канец. А канец радкоў усё бліжэй… Адна горба, яшчэ адна…

— Усё, — нарэшце выдыхнуў Косця, разгінаючыся. Разагнуўся і я. Баліць спіна — ох, моцна баліць, і

рукі цяжкія…

— Паляжым? — гляджу на Косцю. Косця выцер далонню ўспацелы твар.

— Пойдзем чысціць… Трэба дапамагчы.

Апоўдні закончылі мы чысціць буракі. Я хацеў пасядзець на ўзмежку, з паўгадзіны адпачыць, але Дзяніс не дазволіў:

— Дома адпачнём. Бацькі вечарам і за парог не пусцяць, калі позна вернемся. Вы пастарайцеся, урокі павучыце. Тады і бацькі палагоднеюць.

— Няўжо мы злодзея, гэтага пісаку не зловім? — вырвалася ў мяне.

— Зловім, — цвёрда сказаў Дзяніс. — Будзе і на нашай вуліцы свята.

За праўду не гневаюцца

Як толькі звечарэла, мы зноў сабраліся на школьным полі. Паглядзелі б вы на нас! Я апрануў татаву ватоўку, Рая, Дзяніс і Косця прыйшлі ў зімовых паліто, а Ігар Бушуеў надзеў бацькаў кажух.

— Можа, заначаваць давядзецца на полі,— сказаў Ігар, як апраўдваючыся.

Мне зусім не хацелася начаваць на полі. Я ледзь-ледзь упрасіў тату, каб на гадзіну адпусціў. Сказаў, што я з Косцем дамовіўся разам вучыць геаметрыю.

— Вас надоўга адпусцілі? — цікаўлюся ў сяброў.

— Я маме сказала, што пайду ў бібліятэку, што трэба ўзяць кнігу для пазакласнага чытання, — прызналася Рая.

Бач да чаго дайшло: нават Рая пачала хлусіць бацькам.

— І я сказаў, што пайду ў бібліятэку, — сказаў Дзяніс.

— А ты што прыдумаў? — пытаюся ў Косці.

— Я нічога не выдумляў,— адказаў Косця. — Я ўцёк.

— І я ўцёк, — прызнаўся Ігар.

Мы селі на горбу, чакаем злодзея. А яго ўсё няма няма.

«Бу-ум» — нечакана пачуўся моцны гук. Быццам па вядры каменем бухнулі.

У мяне аж дыханне перахапіла. А непадалёку яшчэ раз: «Бу-ум».

— Што гэта? — прашаптала Рая.

— Злодзей з вядром па буракі ідзе, — здагадаўся Дзяніс.

— Шкада, што стрэльбу не ўзялі,— дрыготкім голасам прагаварыў Ігар. — Зарадзілі б патроны соллю і бабахнулі б з абодвух ствалоў.

— Не бойцеся, — сказаў я, хоць і ў самога мурашкі па спіне забегалі.— Няхай бліжэй падыдзе, будзем абкружаць, каб…

Я не скончыў, бо непадалёку, чмякнуўшыся, упаў бурак. Потым другі, трэці…

— Ен нас абстрэльвае, — прашаптаў Ігар. — Здагадаўся, дзе мы сядзім.

Ігар прыўзняўся. Я схапіў яго за кажух.

— Не ўцякай.

— Глядзіце! Ен белы! Белы! — усклікнула Рая. Мы ўжо і самі заўважылі ўперадзе штосьці белае.

Яно размахвала рукамі, як танцавала.

— Хлопчыкі, што гэта? —