Ліст да Ўкраіны [Альгерд Бахаревіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пуцінскіх мэдалях. Ёсьць выканаўцы іх злачынных загадаў. І ёсьць людзі -- якіх цяпер робяць гарматным мясам на злачыннай вайне.

Мне зноў і зноў скажуць, што гэта толькі словы. Украіна чакае ад беларусаў рашучых дзеяньняў. Але тое, што я магу -- гэта толькі словы. Словы, за якія я адказваю. Я веру ў словы -- як апошнюю зброю чалавека. Я пішу вам з эміграцыі -- з той Эўропы, у якой яшчэ пануе мір, і гэта даволі хісткі мір. Той Эўропы, якая сёньня дэманструе неверагодную згуртаванасьць, той Эўропы, якая за вас. А што да дзеяньняў... Сотні тысяч беларусаў у 2020-м выйшлі супраць гэтага рэжыму, які цяпер напаў на Украіну. Сярод іх быў і я, мае сябры, мае калегі. Дзясяткі тысяч былі кінутыя ў турмы, дзе іх катавалі і працягваюць катаваць цяпер. Забітыя, закатаваныя, згвалтаваныя. Дзясяткі тысяч эмігравалі. І тысячы працягваюць чыніць падпольны супраціў, застаўшыся на радзіме.

А там, на радзіме, зьнішчана ўсё. Нават тое малое, што прарастала насуперак уладзе апошнія дзесяцігодзьдзе. Там больш няма нават той мінімальнай свабоды, якая дазваляла нам крытычна мысьліць і плённа ствараць. Не засталося вольных інфармацыйных плятформаў -- якія маглі б расказваць праўду пра падзеі ва Ўкраіне і дапамагаць бачыць вайну ўкраінскімі і беларускімі вачыма. Яны заблякаваныя, прызнаныя “экстрэмісцкімі”, журналісты сядзяць у турмах або працуюць з замежжа. На Беларусі пасьля 2020-га пануюць боль і жах. Беларусь -- гэта адна суцэльная рана. Я ня ведаю, ці засталіся сем’і, якія б не закранулі рэпрэсіі. Беларусь не пасьпела нават уздыхнуць пасьля разгрому пратэстаў, як яе ўцягнулі ў вайну. Для мяне гэта сапраўды выглядае так: параненага чалавека паднялі і ягонай галавой пачалі ламаць дзьверы ў дом суседа. Хто вінаваты? Вядома, паранены. Галава ж ягоная.

Тады, у 2020-м, украінцы вельмі моцна падтрымлівалі нас у нашай барацьбе. Падтрымлівалі найперш словамі -- і гэта былі вельмі важныя словы, якія мы не забудзем. Ніхто тады не сказаў вам, украінцы, што вашая падтрымка -- гэта ўсяго толькі словы. Ці віна беларусаў, што мы не змаглі разбурыць мур? Што далі Пуціну акупаваць нашу краіну? Што дазволілі скарыстаць яе расейскаму фашызму? У гістарычнай пэрспэктыве -- так, магчыма. Але мы жывем тут і цяпер. Тысячы беларусаў зазналі жорсткія рэпрэсіі і цяпер сядзяць у турмах. І я ніколі не пагаджуся, што яны вартыя нянавісьці і пагарды. Тое, што яны зрабілі, было не дарэмна. Беларусь вельмі павольна, але ачуняла ад салодкага лукашэнкаўскага сну. Гісторыя ня робіцца за адзін дзень. Тыя, хто быў за свабоду, могуць ніколі яе не пабачыць. Але хіба гэта значыць, што ўсё, што яны рабілі, было дарэмна?

Няўжо ўсё тое, што пісалі пра Беларусь украінскія мэдыі яшчэ два гады таму, было так хутка забыта? Яшчэ задоўга да вайны? Калі я чытаю сёньня, што пішуць украінскія мэдыі пра так званы “рэфэрэндум” у Беларусі, які прайшоў у нядзелю, я не магу паверыць вачам. Чарговы фарс, арганізаваны дыктатурай з мэтай усталяваць татальны кантроль над краінай і канчаткова здаць яе расейцам, паказаны як нейкае антыўкраінскае “волевыяўленьне” беларусаў. Я разумею, што ідзе інфармацыйная вайна. І што ўнушаць нянавісьць да ворага -- сьвятая справа. Але ніякага “волевыяўленьня” не было. Быў яшчэ адзін абсурдны лукашэнкаўскі спэктакль, яшчэ адна “элегантная перамога”.

Беларусь цяпер жыве ў сытуацыі, якую можна апісаць, як грамадзянскую вайну пад замежнай акупацыяй. Беларусь - не Украіна. У Беларусі няма беларускага ўраду, беларускага войска, беларускай міліцыі, беларускай палітыкі, вольных беларускіх мэдыяў. Беларусь зьнявечаная, Беларусь расколатая, Беларусь ня ведае, што ёй рабіць з самой сабой, як выжыць і як ня зьнікнуць з мапы сьвету і з тэрыторыі маралі. Мая Беларусь існуе цяпер як раскіданыя па краіне і за яе межамі ачагі супраціву -- задача якіх цяпер: наогул застацца і неяк зьбіраць сілы. На тое, каб гэтыя ачагі маглі сёньня аб’яднацца, захапіць уладу і спыніць вайну, я б разьлічваць ня стаў. Але гэтыя ачагі супраціву -- аснова будучай мірнай дзяржавы, вольнай суседкі вольнай Украіны. І яны ў гэтыя дні далучаюцца да падтрымкі Ўкраіны і робяць усё, што могуць. Ці варта ігнараваць іх высілкі, калі яны робяцца дзеля вас -- і дзеля будучай Беларусі таксама?

Некалі ў 1968-м пра семярых савецкіх дысыдэнтаў, якія выйшлі на маскоўскую плошчу, каб пратэставаць супраць уварваньня ў Чэхаславаччыну, чэхі напісалі так: гэта сямёра чалавек -- як мінімум сем прычын, па якіх мы ня можам ненавідзець Расею. У нядзелю і панядзелак у Беларусі былі арыштаваныя за пратэсты супраць вайны з Украінай тысяча беларусаў. І мне хочацца спадзявацца, што гэтыя людзі таксама -- тысяча прычын, каб ня ставіцца да Беларусі зь нянавісьцю.

Мне вельмі ня хочацца, каб гэты тэкст выглядаў як плач і енк, як стаяньне на каленях перад вамі. Калі я, як і іншыя беларусы, пералічваю свае ганарары на украінскае войска, на гуманітарную падтрымку -- я катэгарычна супраць таго, каб гэта ўспрымалася вамі як спроба