Людзі прагнуць [Мікола Лупсякоў] (fb2) читать постранично, страница - 28


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

адзінокую надламаную чарацінку. Спеў даносіўся з яе, спявала чарацінка. Вецер іграў на ёй сваю песню, якой яму хацелася... Чыжык зразумеў, што ўсё, што ёсць на зямлі, — і вецер, і вада, і трава, і дрэвы, — толькі разумнае.

Цяпер вецер шамацеў саломаю на страсе і яму хацелася ўчуць спеў толькі адной саломіны, але ён ніяк не мог злавіць яго. Усё кружылася, усё змешвалася ў ягонай галаве. Ён чуў толькі напорысты гул, скавытанне і глухія ўдары снегу ў сцяну.

Нейкі неспакойны пабочны енк уплятаўся ў гэты тлум. Потым моцна грукнула ў вароты — так ірваўся сюды вецер.

У яго занылі зубы. Сэрца рвалася на часткі. Падступаліся крыўдныя думкі, калі ўспамінаў, што ў жыцці вельмі многа залежыць ад выпадку. Гэта прыводзіла яго ў роспач, у адчай, прыносіла невыносны боль і без таго змардаванамў целу. Каб не выпадак... Вярнііце назад, на поле бою, — і ён будзе страляць, хадзіць у атакі, любіць сваю радзіму, будзе любіць сваю Зосю! Як жа яна цяпер без яго! I яна і дзіця? Ці выжывуць, ці дачакаюцца перамогі?.. Усе аднолькава рабіліся блізкімі і дарагімі. Усе...

Па-ранейшаму ўплятаўся ў гул віхуры непрыкметны пабочны енк. I зноў чамусьці ўспыхнула надзея, і змардаванае цела напружылася.

— Чорт, Бабарыка! — вылаяўся ён, плюнуў крывёю і падхапіўся.

Шпарка захадзіў па хлеве, зноў усё абмацваючы. Але ўсё па-ранейшаму было моцнае і трывалае. Адкуль жа гэты пабочны енк? Раптам ён спыніўся, прыслухаўся. Гэта давалася нялёгка, бо ў вушах увесь час гуло. Ён пахіснуўся і імкліва кінуўся ў дальні кут, баючыся страціць пачутае. Упаў на калені, потым лёг на жывот. Нешта настойліва шоргала пад моцнай падлогай. Вішчэла. Як бы варушылася. Сэрца ўдарыла ў грудзях, і надзея, і прага ўсё больш настойліва пачалі разгарацца.

— Вецер... Адзін вецер... Дзьме, мяце... — слаба шаптаў ён.

А прага да жыцця, да волі, да ўсяго таго вялікага, што было звязана з Зосяй, усё больш і больш не давала спакою. I ён слухаў, слухаў, а пад падлогаю шоргала і сапраўды енчыла, вішчэла... I з кожнай хвілінай усё больш не верылася, што во так ён тут і загіне. Ён раптам пачаў здагадвацца, што гэта вішчыць і енчыць цвік, які выдзіраюць разам з дошкай. Колькі часу прайшло, пакуль такое пачало яму здавацца? Ён адразу паверыў гэтаму і доўга прыслухоўваўся да гэтых як бы нават падманлівых гукаў...


...Немец парывіста адчыніў вароты і, пераступіўшы цераз скурчаны труп, асвятліў хлеў электрычным ліхтарыкам. Пахіснуўся, хапіў ротам паветра. Рука з ліхтарыкам задрыжала. Здарылася нешта няўцямнае. Адбыўся неверагодны выпадак, верыць якому не хацелася. Вязня, таго самага, які сядзеў тут, цяпер у хлеве не было. Замест яго — труп вартавога ля самых варот ды вялізная шчыліна ў падлозе, праз якую вецер заносіў цяпер у пахмурую будыніну снег. Немец не верыў — такое яшчэ не здаралася... Ён выскачыў, абабег хлеў, прабег троху наперад па цаліку, і спыніўся і — застрачыў з аўтамата.

Толькі жоўтыя трасіры памчаліся ў невядомую цяпер, пагрозлівую цемень...

Дзьмуў моцны вецер, заносячы густым снегам Дняпро, прырэчча, Чыжыкавы сляды.