Гамбрынус [Александр Иванович Куприн] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

чароўныя дзвюх- і трохмачтавыя італьянскія шхуны са сваімі правільнымі паверхамі ветразяў — чыстых, белых і пругкіх, як грудзі ў маладых жанчын; паказваючыся з-за маяка, гэтыя стройныя караблі ўяўляліся — асабліва ў ясныя вясновыя ранкі — цудоўнымі белымі зданямі, што плывуць не па вадзе, а ў паветры, вышэй небасхілу. Тут месяцамі гойдаліся ў брудна-зялёнай партовай вадзе, сярод смецця, шкарлупіння ад яек, кавуновых корак і чародак белых марскіх чаек, высакаверхія анаталійскія качэрмы і трапезондскія фялюгі, нязвыкла размаляваныя, з дзівоснаю разьбою і арнаментамі. Сюды зрэдку заплывалі і нейкія дзіўныя вузкія судны, пад чорнымі прасмоленымі ветразямі, з бруднай анучай замест сцяга; абмінуўшы мол і ледзь-ледзь не чыркануўшы аб яго бартом, такое судна, моцна нахіліўшыся на бок і не сцішаючы ходу, залятала ў любую гавань, прыставала сярод рознамоўнай лаянкі, кляцьбы і пагроз да першага зручнага мола, дзе матросы яго,— зусім голыя бронзавыя маленькія людзі,— абзываючыся гартанным клекатаннем, з неверагоднай хуткасцю спускалі падраныя ветразі, і вокамгненна бруднае, таямнічае судна рабілася, як мёртвае. I гэтак жа загадкава, цёмнаю ноччу, не запальваючы агнёў, яно ціха знікала з порта. Увесь заліў па начах кішэў лёгкімі лодачкамі кантрабандыстаў. Тутэйшыя і далёкія рыбакі прывозілі ў горад рыбу: увесну — поўныя баркасы дробнай камсы, улетку — пачварную камбалу, увосень — макрэль, тлустую кефаль і вустрыцы, а ўзімку — дзесяці- і дванаццаціпудовую бялугу, злоўленую часта з вялікай небяспекаю для жыцця за многа вёрст ад берага.

Усе гэтыя людзі — матросы розных нацый, рыбакі, качагары, вясёлыя юнгі, партовыя злодзеі, машыністы, рабочыя, лодачнікі, грузчыкі, вадалазы, кантрабандысты — усе былі маладыя, дужыя, з моцным пахам мора і рыбы, яны ведалі цяжар працы, любілі хараство і жах штодзённай рызыкі, цанілі вышэй за ўсё сілу, малайцоўства, запал і зухаватасць моцнага слоўца, а на сушы аддаваліся з дзікай асалодай гульбе, п'янству ды бойкам. Па вечарах агні вялікага горада, што ўзбягалі высока ўгару, вабілі іх, быццам чароўныя бліскучыя вочы, якія заўсёды абяцаюць нешта новае, радаснае, яшчэ не зведанае, і заўсёды ашукваюць...

Горад злучаўся з портам вузкімі, крутымі, каленчатымі вулачкамі, па якіх прыстойныя людзі асцерагаліся хадзіць уночы. На кожным кроку тут трапляліся начлежныя дамы з бруднымі закратаванымі вокнамі, са змрочным святлом адзінокай лямпы ўнутры. Яшчэ часцей пападаліся крамы, у якіх можна было прадаць з сябе ўсю вопратку аж да сподняй матроскай сеткі і зноў апрануцца ў які хочаш марскі гарнітур. Тут было таксама шмат піўных, тавернаў, кухмістарскіх і корчмаў з выразнымі шыльдамі на ўсіх мовах і нямала яўных і таемных публічных дамоў, з парогаў якіх па начах груба размаляваныя жанчыны зазывалі асіплымі галасамі матросаў. Былі грэчаскія кавярні, дзе гулялі ў даміно і ў шэсцьдзесят шэсць, і турэцкія кавярні з прыборамі для курэння наргіле і з начлегам за пятак; былі ўсходнія шынкі, дзе прадавалі смаўжоў, петалідзі, краветак, мідзій, вялікіх чарнільных каракаціц ды іншую марскую поскудзь. Дзесьці на гарышчах і ў сутарэннях, за глухімі аканіцамі, знаходзілі прытулак ігральныя прытоны, у якіх штос і бакара не раз заканчваліся тым, што каму-небудзь прапорвалі жывот ці праломлівалі чэрап, і тут жа побач, за рогам, часам у суседняй каморцы, можна было спусціць якую хочаш крадзеную рэч, ад брыльянтавага бранзалета да срэбнага крыжа і ад цюка з ліёнскім аксамітам да казённага матроскага шыняля.

Гэтыя крутыя, вузкія вулачкі, чорныя ад вугальнага пылу, к ночы заўсёды рабіліся ліпкімі і смярдзючымі, нібыта яны пацелі ў немарасным сне.

I яны былі падобныя да сточных канаў або да брудных кішок, па якіх вялікі міжнародны горад выкідваў у мора ўсе свае адкіды, усю сваю гніль, поскудзь і распусту, заражаючы імі дужыя мускулістыя целы і простыя душы.

Тутэйшыя распуснікі рэдка падымаліся наверх у прыбраны, заўсёды святочны горад з яго люстраным шклом, гордымі помнікамі, ззяннем электрычнасці, асфальтавымі дарожкамі, прысадамі белай акацыі, велічнымі паліцэйскімі, з усёй яго паказной чысцінёй і добраўпарадкаванасцю. Але кожны з іх, перш чым пусціць на вецер свае працоўныя, зацухмоленыя, падраныя, разбухлыя рублёўкі, абавязкова наведваў Гамбрынус. Гэта было асвенчана даўнейшым звычаем, хоць дзеля гэтага і трэба было пад сховаю вячэрняга мораку прабірацца ў самы цэнтр горада.

Многія, праўда, зусім не ведалі мудрагелістага імя славутага піўнога караля. Звычайна хто-небудзь прапаноўваў:

— Пойдзем да Сашкі?

А другія адказвалі:

— Ёсць! Так трымаць.

I ўжо ўсе разам гаварылі:

— Віра!

Няма нічога дзіўнага, што сярод партовых і марскіх людзей Сашка карыстаўся большаю павагаю і слыннасцю, чым, напрыклад, мясцовы архірэй ці губернатар. I несумненна, калі не яго імя, дык яго жывы, як у