Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага [Людміла Іванаўна Рублеўская] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Аляксандр Лёднік, сын слыннага доктара Баўтрамея Лёдніка, прафесара Віленскай акадэміі, удаўся ў татачку — і ўпартасцю, і здольнасцю да навукаў, як разумовых, так і ваярскіх. А з бацькам апошнія гады адносіны былі як у воцату з содай... Мала таго што закахаўся быў у бацькаву асістэнтку, якая абагаўляла змрочнага доктара, дык яшчэ і на навуковым полі з татачкам бадаўся. Усё здавалася яму, што ў цені геніяльнага доктара Лёдніка нічога не даб’ецца. Апошнія свае артыкулы ў навуковых часопісах падпісваў, даруй госпадзе, Ignifer, то-бок «Вогненны».

Вось ужо на злосць бацьку прозвішча перакруціў...

I выправіўся ж быў у Амерыку па прыкладзе Тадзіка Касцюшкі, з якім, яшчэ ў Францыі жывучы, схаўрусаваўся ды па намове паноў Агалінскіх, што там атабарыліся, ваяваць з ангельцамі ўвязаўся... Ну вось і ваюй за нечую там свабоду, калі для сваёй зямлі яе не здабыў. Але нейкі добразычліўца — у Лёдніка-старэйшага такіх было як журавін на пінскіх балотах — паведаміў шаноўнаму Аляксандру Лёдніку, грамадзяніну толькі што створанай канфедэрацыі Злучаных Штатаў Амерыкі, што ягоны бацька трапіў у бяду: акруціла даверлівага эскулапа непачцівая кабета з дужа цёмным мінулым, апаганіла памяць першай жонкі пана доктара, прыўкраснай Саламеі... I Алесеву сястрыцу малодшую, Сафійку, падступная мачаха са свету зжыць хоча, лёс ёй зламаць. I яшчэ цэбар падобнага лайна, аж пад накрыўку не лезе.

Пранціш пасля чытаў той скамечаны гнеўнай рукой ліст. Калі ўжо ўсё было скончана.

Пакуль весткі дайшлі ў Капанічы, маёнтак Вырвіча, пакуль Пранціш, абраны маршалкам Менскага павета, дадому вярнуўся, ад сумленных бясед шляхецкіх ачуняў ды пасланца з Вільні выслухаў — недапітае віно скісла. Прыскакаў у Вільню да Лёднікаў — застаў толькі апусцелы, як вымерзлая борць, дом, пакінуты на няшчаснага старэчу Хвэльку. З усхліпванняў таго і ўдалося сёе-тое з падзеяў аднавіць... Лёднік-малодшы, і двух гадоў у Новым Свеце не прабыўшы, заявіўся з-за акіяна разбірацца з нечаканай мачыхай ды бацькавымі выбрыкамі.

Пранціш дасюль даўмецца не мог, як можна было вось так кінуць усё ды прыцягнуцца з-за свету роднага бацьку розуму вучыць! Ён не раз паўтараў, што Бутрым надта вольна сваіх дзяцей трымае, на шыю яму ўселіся ды ножкамі боўтаюць. Ого, паспрабаваў бы Пранціш Вырвіч у свой час бацьку хоць якую заўвагу зрабіць — пасля сесці месяц не змог бы... Хоць бацька той і п’янтос быў, i буяш на ўвесь павет, і ў шляхецкім спаборніцтве з суседзямі, хто больш зухаваты, болей сваёй маёмасці панішчыць, выйграў i да галечы сям’ю давёў, а матка Пранцішава дык увогуле ў магілу сышла... I ўсё адно паводле святога сармацкага закону пан бацька — уладар над дзецьмі, якому трэба ручкі-ножкі цалаваць ды за бізуны дзякаваць. А тут «вогненны» пан Аляксандр са сваімі абвінавачваннямі на адрас Баўтрамея, які дзеля дзетачак усё жыццё сабою ахвяраваў...

Праўда, было чаго маладзёну наконт новай бацькавай пасіі непакоіцца... Toe, што яна Гальшка Маеўская, банда Чорнага Доктара даведалася далёка не адразу. Напачатку яны пазнаёміліся з белавалосай ды белавокай забойцай-наймічкай па мянушцы Чорная Меланхолія, якая маскіравала ваўкалацкія свае вочы каляровым венецыянскім шклом i зацята спрабавала выканаць замову аднаго з кліентаў, падскарбія Антонія Тызенгаўза, на забойства доктара Баўтрамея Лёдніка. Але ахвяра аказалася надта жывучай ды спрытнай... Паляванне зацягнулася... I хто мог падумаць, што чорнае сэрца Чорнай Меланхоліі так зачэпіць высакародны, але змрочны полацкі Фаўст? Прайдзісветка то ратавала Бутрыма, то прадавала, то зноў ратавала. Урэшце, каб са свайго злачыннага цэха выйсці, як Баўтрамей загадаў, руку сабе па звычаі скалечыла.

Ды майстэрства не адсячэш, як палец. Таму, калі абураная Меланхолія — а язык у яе быў гостры, як ейныя ж кінжалы, — пачала заступацца перад раз’юшаным Алесем за доктара, а Алесь выхапіў шаблю...

Пранціш верыў, што яна не хацела раніць пасынка. I што, хутчэй, гэта маладзён у нечым схібіў, падставіўся...

Меланхолія знікла з дому адразу ж пасля здарэння. Што-што, а знікаць яна ўмела. Ценем на сцяне растане, яшчаркай уплішчыцца ў шчыліну, ветрыкам зляціць у далёкую далеч.

Падлечаны бацькам Аляксандр, сцяўшы вусны, некуды з’ехаў. А Сафійка... Сафійка выйшла замуж. Вось чаго Пранціш не мог Бутрыму дараваць. Кручанае дзяўчо дзесяць разоў за хвілю магло думкі памяняць. Ясна, пасля такой атракцыі ў доме, ды паміж блізкімі людзьмі, ёй тут жа захацелася схавацца падалей, а тут і жаніх круціцца, пан ваявода супрасльскі Валенты Жылка. Наравістая прыгажунька ўжо некалькі гадоў то паблажліва набліжала яго, то гарбуза выкочвала. А тут заявіла: гатовая да алтара хоць бегчы. Калі бацька запярэчыць — уцячэ.

Паранены брат малодшую сястру горача падтрымаў. Ці не на злосць злачыннай збеглай мачысе, якая Сафійку ад таго выгаднага шлюбу адгаворвала?

Бедны Карусь, Бутрымаў слуга, выпраўлены панам вучыцца ва ўніверсітэты, — вось ужо хто Сафійку кахаў, Ланцэлот пушчанскі. Ды й яна нібыта дакляравала