Цемра зямлю ахiнае [Ежи Анжиевски] (fb2) читать постранично, страница - 44


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пастановы. Я табе ўсё дакладна прадыктую.

Падрэ Дыега стаяў нерухома, уражаны i здзiўлены.

- Ты гатовы, сыне мой? Спяшайся, у нас мала часу. Чаму тут так цёмна? Загадай прынесцi свечкi. На жаль, мы ўсю зямлю ахуталi цемрай. Трэба будзе многа святла. Але пакуль што мы павiнны ўпарадкаваць справы надзённыя, сама важныя. Усё прыгатаваў?

Дыега адступiў у цень.

- Так, ойча.

- Дык пiшы. Мы, Томас Тарквемада... не, без тытулаў, не пiшы тытулаў, гэта ўжо непатрэбна. Напiшы проста, што з сённяшняга дня... якога сёння ў нас?

- Шаснаццатага верасня, ойча.

- Што з дня шаснаццатага верасня, года...

- Тысяча чатырыста дзевяноста восьмага.

- Года тысяча чатырыста дзевяноста восьмага Святая iнквiзiцыя распускаецца. Адмяняем Святую iнквiзiцыю i перакрэслiваем яе i тым самым прызнаём усе нашы несправядлiвасцi i злачынствы, якiя ад iмя яе мы ўчынiлi, ахвярам нашых учынкаў вяртаючы ўсе правы i годнасцi, з загубленых здымаючы вiну. Працэсы нашы i выракi трацяць сваю сiлу, як фальшывыя, падкрэслi гэта, бо гэта асаблiва важна. Турмы будуць адчынены, i людзям, якiя няправiльна пазбаўлены волi, будзе яна неадкладна вернута.

Дыега ўпаў перад вялебным айцом на каленi.

- Ойча мой! - усклiкнуў прыгнечаным голасам. - Малю цябе, ты хворы...

Тарквемада, здавалася, не бачыў яго, глядзеў перад сабою.

- Супакойся, сыне мой. Ведаю, што разумееш ты велiч адказнасцi, якая з гэтага часу на цябе ўскладзена, але ты не можаш ухiлiцца ад яе. Дэкрэт пра лiквiдацыю Святой iнквiзiцыi трэба будзе разаслаць яшчэ сёння. Апроч таго, мы павiнны як мага хутчэй апрацаваць тэзiсы, якiя тэарэтычна абгрунтуюць наша рашэнне. Калi мы хочам, каб хлусня не атручвала больш людскi розум, мы павiнны самi перастаць хлусiць. Трэба сказаць усю праўду, хоць бы яна i была цяжкая i балесная. Не можам мы, мой сыне, аддавацца iлюзiям, што толькi i выключна ў метадах справавання ўлады мы зрабiлi памылкi, мы перайшлi i растапталi ўсе чалавечыя правы. Не лiквiдуем гвалту i прымусу, калi не лiквiдуем i асноў, якiя спарадзiлi гвалт i прымус. А таму мы павiнны iсцi да людзей i адкрыта iм сказаць, што кепская тая вера, якая магла прынесцi такiя страшэнныя спусташэннi. Кепская i фальшывая тая вера, i трэба зрабiць усё, каб зло было скасавана не павярхоўна, а вырвана i знiшчана з усiм карэннем. Не будзе царства божага на зямлi.

Дыега кленчыў, схiлiўшы галаву, смяротна бледны, не могучы сказаць нi слова. Тарквемада гаварыў далей, усё тым самым далёкiм манатонным голасам, гледзячы ў змрок у глыбiнi цэлi.

- Так, каб уратаваць людзей ад поўнай пагiбелi, убаранiць ад апускання навекi ў няволю i страх, хлусню i нянавiсць, павiнны мы збурыць усё тое, што з пагардай да чалавечнасцi з iлюзорнымi марамi збудавалi сваiмi рукамi коштам найбольшых людскiх няшчасцяў i пакут. Вядома, смута з гэтага вынiкне немалая i цяжкiя днi настануць, тым не меней, каб уратавацца ад яшчэ большага лiха, мы павiнны шаленства нашай веры назваць шаленствам, а яе фальш фальшам. Трэба будзе, сыне мой, навучыцца жыць без Бога i без сатаны.

- Ойча! - крыкнуў Дыега.

- Так, сыне мой. Iх няма.

Дыега прыпаў да каленяў Тарквемады i дрыготкiмi рукамi схапiў яго далонi.

- Ойча, прашу цябе, апамятайся... гэта я, Дыега... цi чуеш мяне?

- Чую цябе, з табою ж я i гавару. Не перабiвай, аднак, хутка ўжо ноч. Памятай, ты павiнен яшчэ напiсаць дэкрэт аб скасаваннi страху. З сённяшняга дня не будзе страху на зямлi. Мы пачнём усё нанава, i менавiта ты, сыне мой, пачнеш. Ты малады, палкi i чысты...

Падрэ Дыега, ужо не валодаючы сабою, устаў, ухапiўшыся аберуч за футраны плашч вялебнага айца, страсянуў яго.

- Перастань, ойча, чуеш? Перастань, я табе загадваю, чуеш, змоўкнi!

Тарквемада паглядзеў на яго i ўбачыў твар чужога чалавека, бледны, перакрыўлены страхам i злосцю. На вуснах пачуў гарачае дыханне.

Разумеючы, што ён апынуўся ў руках невядомага яму ворага, хацеў паклiкаць на дапамогу, але здолеў толькi шапнуць:

- Дыега!

Той трос старца.

- Маўчы, маўчы, маўчы...

I раптам знерухомеў.

Хвiлiну Дыега глядзеў на пашарэлы твар Тарквемады, у яго шырока расплюшчаныя вочы, ужо шклiстыя i мёртвыя.

Ён баяўся паварухнуцца, нарэшце адпусцiў плашч, якi трымаў сцiснутымi пальцамi.

Цела вялебнага айца асунулася трохi, але засталося ў крэсле.

- Божа! - шапнуў Дыега.

Слёзы цяклi па яго шчоках. Ён яшчэ не мог зразумець таго, што здарылася. Губляўся сярод супярэчлiвых пачуццяў i думак. Нарэшце ўстаў, адышоў трохi ад нябожчыка, аслабелы i здранцвелы, не могучы адарваць ад яго вачэй, поўных слёз. Потым, не вельмi ўсведамляючы тое, што хоча зрабiць, падняў цяжкую, як камень, руку i з усёй сiлы ўдарыў вялебнага айца ў твар.

Снежань 1955 - красавiк 1957