Пошукi будучынi [Кузьма Черный] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Черный Кузьма Пошукi будучынi (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Пошукi будучынi

Раман у дзвюх частках

ПЕРШАЯ ЧАСТКА

УКРАДЗЕНАЕ МАЛЕНСТВА

Пладзецеся i размножвайцеся,

i напаўняйце зямлю...

Бiблiя - "Кнiга быцця".

I

Той дзень быў цiхi, хмурны, сухi i цёплы. Стаяў верасень месяц. I даўно гэта было. Час быў такi, што нашы бацькi былi на вайне. Iшла вайна з немцамi 1914-1918 гадоў. Усе мы былi або малыя, або самыя зялёныя падросткi. Асеннi дзень ужо хiлiўся да вечара свайго. Мы былi ў полi. Тыя гады прымусiлi нас змалку дзён прывучвацца да плуга i касы, да пiлы i сякеры, да гэбля i долата, да молата i кавадла. Гэтае начынне i прыладдзе, па якiм яшчэ нядаўна хадзiлi бацькавы рукi, было яшчэ i цяжкае i вялiкае кожнаму з нас, але ў той меры, у якой iшоў час, усё больш звыкласць, як светлы ратунак, прыходзiла да нас, i, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, сталася так, што дзесяцiгоднiя дзяўчаткi жалi жыта, дванаццацiгоднiя хлапчукi аралi як мае быць, а пятнаццацiгоднiя самi вялi гаспадарку, кармiлi сем'i працай сваiх рук, ведалi, дзе, што i як сеяць, умелi зрабiць новы панарад i драбiны i давалi слушныя заўвагi кавалю, калi той не так як трэба нацягваў шыну на кола. Шаснаццацiгоднiя хлопцы хадзiлi па пiлоўцы, а семнаццацiгоднiя пачыналi пераймаць цяслярства.

Пакуль змеркне, кожны з нас стараўся ўправiцца з работаю. Унь на самым крайнiм палетку ходзiць за плугам чатырнаццацiгодняя Волечка Нявадавых. Сам Нявада больш як паўгода не шле пiсем з вайны. Волеччын голас, калi яна паганяла каня, чуўся па полi круглы дзень. Сама яна даволi рослая, i ранняя праца выраўняла яе, твар абветрыўся, рукi папрутчэлi i паходка стала цвёрдай. Асмугласць ляжала на яе шчоках, i босыя ногi не баялiся ржэўя. Подых восенi цiхай задумёнасцю клаўся на поле, i ўдалечынi сiняя iстужка лясоў здавалася разасланай цераз усю зямлю. Каржакаватая хвоя, якая расла на фоне лесу i далёка ад яго, здавалася рухавай: яна як бы iшла ў наш бок.

Дзень бадай-што ўжо канчаўся. Наша мястэчка стаяла ў лагчыне i ўжо ледзь вiдно было ў засцiлах першых прыцемкаў. Сярод поля бялелася роўная iстужка дарогi - гэта быў вялiкi стары шлях памiж усходам i захадам. Нам дзiўна было бачыць, што ён цяпер пусты. Яшчэ некалькi дзён назад тут дзень i ноч грукацелi выгнанскiя фурманкi. Тут праехалi польскiя сяляне, нашы гародненцы, беластачане, вiленцы i вiлейчане. Паабапал гэтай дарогi навыростала многа магiл i крыжоў. Усе днi далёкая артылерыйская кананада на той бок Баранавiч глуха аддавалася ў нашых прасторах i абуджвала ў нашых душах трывогу i няясныя чаканнi самага горшага.

Ужо Волечка Нявадавых кончыла работу i збiралася дадому. Сонца вiсела над яснай далечынёй за нашым мястэчкам. Усе бачылi, як Волечка стаяла тварам на захад i, прыклаўшы руку да лба, углядалася ўдалечыню. Што яна там бачыць? Усе заўважылi нейкi невялiкi рух пад тою адзiнокаю хвояй. Тры чалавечыя постацi, воз з канём. Добра вiдно было, што двое паволi iдуць полем да трэцяга, якi стаяў на шашы ля воза i трымаў каня. Ад шашы да хвоi зусiм недалёка. Неўзабаве мы бачылi, як двое селi на воз i нешта вельмi высока сядзелi на iм. Нешта было пад iмi на возе. Трэцi iшоў ззаду, а воз наблiжаўся да нас.

- Чаго глядзець, - сказала Волечка i рухава сабралася рушыць дадому. Я вельмi добра аж дагэтуль памятаю тыя яе словы: хiба яна магла тады падумаць, што гэта едзе на старой растрэсенай фурманцы яе лёс?..

Фурманка спынiлася на дарозе ў мястэчка, непадалёку ад Волечкi, якая ўжо выводзiла на тую ж дарогу свайго каня. Усё гэта было даволi дзiўнае. На старым, пазвязваным дротам i вяроўкамi возе стаяла зачыненая труна, на ёй, у задку воза, спiною к каню, сядзеў нейкi чалавек. Гэта была iстота, на якую мы глядзелi з непаразуменнем: вочы чырвоныя i прыпухлыя, позiрк вялы, твар спушчан унiз да грудзей, чалавек увесь сцiснуты, скамечаны. Чым больш мы прыглядалiся, тым больш здагадвалiся: гэта палонны немец. Ззаду за возам прыйшоў i канвойны расейскi салдат. Цяпер ён стаяў з вiнтоўкай пры канi i сказаў да Волечкi:

- Што гэта за мястэчка унь вiдно ў лагчыне?

- Сумлiчы, - адказала Волечка.

- А цi знойдзецца там, каб у каго пакласцi нанач гэтага немца?

- Дык дзiва што знойдзецца, - адказалi мы ўсе хорам, зацiкаўленыя тым, што ў нашым мястэчку будзе начаваць палонны немец.

- Ён хворы, - растлумачыў нам салдат. - Трэба даць яму паляжаць, а то ён не дойдзе да месца. I так дарогаю колькi разоў лажыўся каля дарогi. Унь пад той хваiнай у полi нешта гадзiн дзве ляжаў. Гэта добра, што гэты хлопец з возам якраз натрапiўся на дарозе. А то мне было хоць скачы каля яго. Не ўстае, дый годзе. А яшчэ далёка асталося мне яго канваiраваць.

- Але, добры iнтэрас! - з пратэстам у голасе i тоне абазваўся трэцi з гэтых людзей. Гэта быў хлапчук год шаснаццацi. З усяго вiдно было, што ён гаспадар каня i воза. Ён сядзеў на другiм канцы труны, у перадку воза, тварам к каню i спiною да немца, i трымаў у руках лейцы. - Табе трэба яго канваiраваць цi каб ён вылежваўся, а мне - вазiся з iм i вазi ў труне непахаванага бацьку. Табе добра, у цябе немец, чорт яго бяры, яны з гармат смалiлi па нашай вёсцы i нас у свет выгналi, а ў