Падары нам дрэва [Янка Сіпакоў] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

маленькі, маленькі… Як муравейка… Радзім зірнуў на Юлю. Яна была гэткая ж малая.

— І ты не большая, — здзіўлена прамовіў ён. — Сама як казурка…

Значыць, падумаў хлопец, кожны з іх бачыць, як на вачах змяняецца іншы, а сябе ўяўляе ўсё тым жа, ранейшым: вялікім, недасяжным для травы і мурашоў.

І яшчэ Радзім зразумеў, што гэта не дрэвы і травы раслі і падымаліся ўгору, не пясчынкі і крупінкі зямлі большалі так, што здаваліся валунамі, а гэта яны самі імкліва змяншаліся і змяншаліся, нібы ўточваючыся ў дол.

Каля іх ужо варушыліся, кешкаліся, поўзалі вялізныя мурашы, казюлькі, чарвякі, жукі. Яны перарасталі іх, балюча і непрыемна церліся сваімі шурпатымі бакамі, касцянымі надкрыллямі, ліпкаю скураю, нахабна, быццам якіх казявак абшарвалі з усіх бакоў, вывучалі здаравеннымі тоўстымі, валасатымі вусамі, што варушыліся каля самага твару, тыцкаліся ў рукі, якімі людзі спрабавалі засланіцца, а то і абыякава, нават грэбліва адпіхвалі ўбок — як нейкую нязначную перашкоду, якая неспадзявана трапілася на іхнім шляху і замінае ісці.

Жукі і казяўкі ўсё павялічваліся і павялічваліся, неўзабаве яны ўжо хадзілі над імі, вышэй іх — менавіта хадзілі, а не поўзалі. Зараз Юля і Радзім гэта добра бачылі на ўласныя вочы і змушаны былі ўвесь час асцерагацца, стараніцца, каб тыя не наступілі на іх сваімі калматымі нагамі. Цяпер ужо яны бачылі толькі аброслыя валасамі жучыныя ногі, што пераступалі праз іх, ды брыдкія, рыфлёныя падпуззі, якія, непрыгожа валюхаючыся, праплывалі, сунуліся над імі. Побач паўзлі вялізныя чарвякі, выгіналіся здаравенныя сараканожкі, падграбаючы пад сябе зямлю, — нібыта знарок выграбалі яе з-пад іхніх ног, і ім, каб утрымацца, каб не ўпасці, даводзілася балансаваць і рукамі, і нагамі.

— Трымай мяне, Радзімачка! — пахіснуўшыся, закрычала Юля.

Хлопец ужо хацеў памагчы ёй, падтрымаць другою рукою, але замінаў падручнік па хіміі, які ён, разгублены, усё яшчэ невядома чаму трымаў у руцэ. Радзім пашукаў яму месца і, не знайшоўшы, усё ж не кінуў яго, а засунуў сабе пад папругу.

Аднак і вольнымі рукамі нічога не паспеў зрабіць. Якраз паміж ім і Юляю вырас вялізны камень, які толькі што быў пясчынкаю, і іхнія сплеценыя, здавалася, назаўсёды рукі аказаліся на ім — валун як падпёр іх. Камень усё рос і рос і неўзабаве падняў абаіх над зямлёю — яны ўжо віселі на сашчэпленых руках па розныя бакі ад валуна.

Руцэ было балюча, вострыя шурпатасці каменя ўпіваліся ў скуру, ён ведаў, што Юлі яшчэ болей балюча — сам ён хоць у сарочцы, а яна ж у лёгкай безрукавай кофтачцы, — але ўсё роўна не адпускаў яе рукі. Аж да таго часу, пакуль нехта невідомы, здавалася, сілаю расслабіў яго далонь — быццам адагнуў хто пальцы — і Юліна рука выслізнула з ягонай.

— Юля! — у роспачы закрычаў ён.

Зачапіўшыся за каменны выступ, падцягнуўся на руках і пачаў лезці на гару, але сарваўся і, падаючы ўжо ўніз, злавіў вухам, як з-за каменя, нібы з нейкай далёкай-далёкай далечыні данеслася ціхае, амаль нячутнае слова — ён больш здагадаўся, чым пачуў гэта:

— Жэўжык!

Юля паклікала Радзіма мянушкаю, якая прыклеілася да яго з дзяцінства і якую любіла па патрэбе і без патрэбы паўтараць дзяўчынка — як кажуць, хто каго любіць…

Зваліўшыся з каменю, Радзім падвярнуў руку, але ўсё роўна, не зважаючы на боль, пачаў караскацца на глыбу — трэба ж было выручаць Юлю. Аднак камень тым часам зрабіўся сапраўднаю непрыступнаю скалою — ні ўзлезці на яе, ні абысці збоку.

Лез ён на валун доўга, здаецца, цэлую вечнасць. І ўсё ж, садраўшы да крыві рукі, ногі і калені — ад штаноў, ад сарочкі засталося адно толькі ашмоцце: так падраліся яны, — нарэшце апынуўся на самай вяршыні гары і жахнуўся: перад вачыма ляжала роўнае плато, і колькі ні ўглядайся па баках, нідзе не было яму канца-краю — пясчынка ператварылася ў сапраўдную несхадзімую зямлю, а ён сам — у пясчынку на ёй.

І гэтая зямля ўсё вырастала, усё большала пад ім, а ён усё змяншаўся — нібы правальваўся ў колішнюю пясчынку… Неўзабаве камень як усё роўна раструшчыўся, Радзім упаў у нейкую шчыліну, і цемра атуліла яго з усіх бакоў.

Ён усё змяншаўся і змяншаўся, а прастора ўсё пашыралася і пашыралася. Праз нейкі час пасвятлела, але ўсё роўна каля сябе Радзім нікога і нічога не бачыў — здавалася, што толькі ён адзін існуе ў гэтым пустым і гулкім бязмежжы.

Потым пачалі з'яўляцца маленькія, як мачыны, крупінкі, якія вольна плавалі ў паветры. Ён, нібы зачараваны, глядзеў, як і яны ўвачавідкі большаюць, павялічваюцца ў памерах, і яму здавалася, што бачыць усё гэта ў сне. Калі крапінкі ператварыліся ў вялізныя, лёгкія, нібы пустацелыя, шары, якія павольна рухаліся ў прасторы, ён зразумеў, што сам ужо настолькі зменшыўся, што бачыць малекулярную будову свету, а гэтыя вось шары — ніякія не шары, а самыя звычайныя атамы. Зразумеўшы гэта, успомніў пра школу, экзамены, усміхнуўся: во будуць здзіўлены і аднакласнікі, і настаўнікі, калі ён ім раскажа, што на свае вочы бачыў самую тайніцу прыроды — атамную будову