Апошні лісток [О Генри] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

О. Генры Апошні лісток


У невялічкім квартале з заходняга боку Вашынгтон-сквер вуліцы пачынаюць нейкі вар’яцкі бег і разбіваюцца на вузенькія палоскі, якія яшчэ называюць “вулкамі”. Гэтыя “вулкі” выгінаюцца і перасякаюцца пад дзіўнымі вугламі. А адна вуліца нават перасякае саму сябе раз-другі. Адзін мастак адкрыў неяк для сябе каштоўную магчымасць на гэтай вуліцы. Напрыклад, збіральнік грошай з чэкам за фарбы, паперу і палатно можа сустрэць тут самога сябе, не атрымаўшы па рахунку ні цэнту.

Неяк у дзівосны старэнькі Грынвіч-віладж забрылі мастакі ў пошуках вокнаў з паўночнага боку, вільчыкамі васемнаццатага стагоддзя, галандскімі мансардамі і недарагой арэнднай платай. Затым яны перацягнулі з сабой алавяныя конаўкі і электрарандолі з Шостай авеню і ўтварылі “калонію”.

Пад самым дахам аднаго з прысадзістых трохпавярховых цагляных дамоў мелі майстэрню і Сью з Джонсі. Джонсі – гэта памяншальнае ад Джааны. Адна была з штату Мэн, другая з Каліфорніі. Яны пазнаёміліся за абедам у рэстаране “Дэльмоніка” на Восьмай вуліцы, і аказалася, ім абедзвюм настолькі падабаюцца мастацтва, салата з лісця цыкорыя і шырокія рукавы, што яны вырашылі здымаць разам майстэрню.

Тое было ў траўні. А ў лістападзе халаднакроўны, нябачны чужаземец, якога дактары называлі Пнеўманіяй, завітаў у калонію, дакранаючыся то да аднаго, то да другога. Па ўсходняй частцы гораду спусташальнік гэты ступаў шырокім ўпэўненым крокам, паражаючы ахвяраў адну за адной, але ў лабірынце вузкіх, парослых мохам “вулак” поступ яго прыцішыўся.

Містэра Пнеўманію ніяк нельга было назваць старым паважаным джэнтльмэнам. А маленькая жанчына з вадзяністай ад каліфарнійскага ветрыку кроўю наўрад ці магла даць старому чырванарукаму задышліваму няўклюду належнага адпору. І ён не злітаваўся над Джонсі. Яна ляжала, амаль не рухаючыся, на размаляванай жалезнай койцы, утаропіўшыся скрозь маленькія галандскія шыбы ў глухую сцяну суседняга дому.

Адным ранкам занепакоены доктар, павёўшы кашлатым шэрым брывом, папрасіў Сью выйсці з ім у калідор.

– Шанцаў у яе – адзін… няхай і з дзесяці, – сказаў ён, страсаючы ртутны слупок бальнічнага тэрмометра. – Ды і той толькі пры ўмове, што яна хоча жыць. А калі людзі пачынаюць думаць пра тое, як грабар будзе вышкабаць з печы іхны прах, то тут ніякія лекі ўжо рады не дадуць. А вашая сяброўка, здаецца, узяла да галавы, што ўжо не паправіцца. Аб чым яна думае?

– Аб чым?.. Ну, яна ўсё хацела намаляваць Неапалітанскую затоку, – адказала Сью.

– Маляваць? Што за глупства! Няўжо нельга думаць пра што-небудзь больш вартае – пра мужчыну, скажам?

– Мужчыну? – голас Сью прагучаў, быццам арган. – Ды хіба мужчына варты… не, доктар, пра гэта яна дакладна не думае.

– Што ж, тым горай для яе, – сказаў доктар. – Я зраблю ўсё, што ад мяне патрабуецца, паколькі мае намаганні могуць стацца небезвыніковымі. Але як толькі мой пацыент пачынае лічыць каго запрасіць на свае хаўтуры, можаце адняць 50 працэнтаў ад эфектыўнасці медыкаментаў. Калі вы здолееце зрабіць так, каб яна думала пра апошнія фасоны рукавоў, абяцаю вам, адзін з дзесяці шанец ператворыцца ў адзін з пяці.

Пасля таго, як доктар сышоў, Сью кінулася ў майстэрню і так горка плакала, што на японскай сурвэтцы не засталося сухога месца. Потым яна ўзяла планшэт і з важным выглядам, насвістваючы рэгтайм, увайшла да Джонсі ў пакой.

Джонсі ляжала пад коўдрай, павярнуўшы твар да акна і амаль не рухаючыся, толькі коўдра ледзь уздымалася і апускалася ад яе дыхання. Сью перастала свісцець, падумаўшы, што тая спіць.

Яна ўладкавала планшэт і прынялася маляваць пяром ілюстрацыю для часопіснага аповеду. Маладым мастакам даводзіцца пракладаць сабе дарогу да Мастацтва ілюстрацыямі да часопісных аповедаў, якімі маладыя пісьменнікі пракладаюць сабе дарогу да Літаратуры.

Накідваючы галоўнага героя, каўбоя з Айдаха ў элегантных портках коннага наезніка і маноклем у воку, Сью пачула ціхі гук, што паўтараўся раз за разам. Яна ўсхапілася і падышла да ложку.

Джонсі ляжала з расплюшчынымі вачыма. Яна глядзела ў акно і лічыла – у адваротным парадку:

– Дванаццаць, – сказала яна, і, трохі счакаўшы, – адзінаццаць, – і потым, – дзесяць, – і потым, – дзевяць… восем… сем… – на адным дыханні.

Сью заклапочана зірнула ў акно. Чаго тут было лічыць? З акна было відаць адно голы маркотны двор і глухую цагляную сцяну дома ў дваццаці футах. Толькі старая лазіна плюшча, гальчастая і падгнілая ля карэння, ускараскалася да паловы сцяны. Халодны подых восені пазгрызаў з лазіны амаль усё лісце, і цяпер плюшч чапляўся за шчарбатую цэглу амаль голымі галінамі.

– Што здарылася, сонейка? – спытала Сью.

– Шэсць, – прашаптала Джонсі. – Як хутка яны ападаюць. Тры дні таму іх было каля ста. У мяне ажно галава кружылася, калі я намагалася іх усе злічыць. А цяпер лёгка. Вось, яшчэ адзін паляцеў. Цяпер іх засталося толькі пяць.

– Чаго пяць, сонейка? Скажы сваёй Сюзі.