Блакіт і золата дня [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (5) »
Уладзімір Караткевіч Блакіт і золата дня
Вясною палескія рэкі пачынаюць цячы назад, да вытокаў. Толькі адна Прыпяць з цяжкасцю гоніць да Дняпра талыя воды, заліваючы на дзесяткі кіламетраў палі і лясы. Застаюцца толькі вёскі на выспах ды рэдкія барліны са стагамі сена ці шумлівым вяселлем. Часам — кірмаш на чаўнах, з'яднаных масткамі, плывучы кірмаш, што павольна набліжаецца да далёкага сяла. Пахнуць добрым малаком каровы, коні баязліва касавурацца за борт фіялетавым, напружана-разумным вокам. — Ну вас да д'ябла. Яшчэ патонеш тут з вамі. Адзін такі кірмаш, па-палеску стрыманы, жартаўлівы і трохі п'яны, спазняўся з прыбыццём у сяло на цэлыя два дні. Бяда была ў тым, што па дарозе, у вёсцы Разбіты Рог, старшы загуляў і зманіў з сабою на бераг усіх мужчын, усіх стырнавых. Бабы паспрабавалі плысці далей адны, але мужыкі, раззлаваўшыся, дагналі іх і зноў паставілі ўвесь кірмаш — сто пяць чаўноў — на прыкол да сыпучай выспы, на якой стаяла вёска. — Падумаеш, вельмі ім трэба спяшацца. На вялікдзень яны, бачыце, у Карпілавічы не паспеюць. А нам і тут добра. Бабы хацелі былі пратэставаць, але з чаўноў узнялі такую катавасію, што яны толькі плюнулі. — Няма на вас, нячысцікаў, управы. — А што ўправа? Можа на тое, каб вы фарбаванкі свянцілі? Цяпер мужыкі і самі разумелі, што ўчынілі дрэннае, але гонар перашкаджаў ім прызнацца ў гэтым. І таму яны, даволі пахмурныя, налягалі на шасты і вёслы, спяшаліся, хоць усім было зразумела: спазніліся. Усе былі не ў гуморы: мужчыны — з пахмелу, жанчыны — ад крыўды. Толькі адной дзяўчыне — а было ёй год васемнаццаць — усё было хоць бы што. Яна сядзела на носе аднаго з пярэдніх чаўноў і ўсміхалася такой светлай усмешкай, што і сляпы ўсміхнуўся б ёй у адказ. Празрыстыя славянскія вочы, — быццам майскае неба ў ранішнім тумане, — тупы носік, румяны рот з мяккімі ямачкамі ў куточках вуснаў. І лепей за ўсё была каса. Таўшчынёю з руку, залацістая, як сухі ліст каштана. Хустку дзяўчына скінула і разаслала на каленях, бо сонца ў гэты дзень нечакана прыгрэла, і па вадзе скакалі залатыя іскры, ад якіх моршчыўся нос і хацелася чхаць. З-пад хусткі была відаць клятчастая спадніца, пад ёю другая — белая. І ўсё на гэтым дзеўчаняці ляжала так ладна. І так забаўна жмурыліся ад сонца і ленай млявасці яе вочы, што кожны сказаў бы: — Вось каму жыць добра. А жыць было на самай справе добра! Наперадзе далёкая дарога сярод затопленых лясоў; верхавіны дрэў, што плаваюць у блакітнай смузе; дрымотныя крыкі пеўняў над вадою. Куды было спяшацца? Наперадзе — жыццё. Аднаго не хапала: каб падышоў нехта ззаду, вялікі, цёплы, як сон, абняў за плечы і прынік шчакою да скроні. Раней і думаць аб гэтым было страшна. І мужа яна ўяўляла сабе не іначай, як чужога хлопца, з якім трэба сядзець на покуце і, немаведама чаму, цалавацца. А вакол зялёныя шклянкі і чырвоныя твары. Але адышло насланнё, прыгрэлі промні, заказыталі ў носе. Захацелася скруціцца ў іх цеплыні, як котка. І каб нехта гладзіў. Вясна ўсё ж прыйшла, першая і апошняя такая. А можа і не апошняя. А дарога па разводдзі, сена, што плыве поруч з вялікімі чаўнамі, вячэрнія песні дапамаглі вясне. І ніхто, нават маці, не разумела, што здарылася за гэтыя дні дзіва: узышла на бацькоўскую байду калючы і рэзкі падлетак, а цяпер плыве дарослая дзяўчына, што ўсё зразумела нейкімі глыбінямі душы. Быццам зямля. Драмала яна пад расталай вадой, была вязкая і спакойная. І раптам, сагрэтая сонцам, стала мяккай і цёплай, разварушыла ў сабе парасткі і толькі таго і чакае, каб прайшоў нехта, са свістам шпурнуў з сявенькі васковыя зярняты, — і песня жаўрука прывітае яго прыход. І цеплыня. І знямога. І крыкі пеўняў. — Прыйдзі, сейбіт! Нічога такога яна не магла б расказаць. Яна магла толькі ўсміхацца, склаўшы рукі на каленях. Нават маці не зразумела б гэтага. Як поле, якое ўсё аддало, не можа зразумець поля, якое чакае. Яна і не разумела, а толькі бурчала на жаўтавусага мужа, лічыла грошы ў хусцінцы, пераклікалася з суседкамі на другіх чаўнах. І, як заўсёды вядзецца ў вельмі занятых жанчын, першай прыкмячала, што трэба і што не трэба. Яна першая заўважыла лёгкі доўблены човен, вельмі вялікі і вёрткі. Човен выслізнуў з гаю, што стаяў па пояс у вадзе, і лёгка стаў даганяць непаваротлівую флатылію. На карме сядзеў чалавек у шэрай ваўчынай шапцы і спрытна арудаваў адным вяслом. — Хто ж гэта такі? Наталька! Наталька! Ну, зірні сваімі вачыма... Дзяўчына павярнулася і з усмешкай, што ўсё яшчэ гуляла на яе вуснах, нездаволена сказала: — Юрка з Выселкаў вяслуе. І зноў адвярнулася. Таму што гэты Юрка зусім ёй не падабаўся. Увесь нейкі тугі, як спружына, вочы гарэзлівыя. І заўсёды скаромныя жарты на языку. І заўжды на бойку лезе. Без дай прычыны, проста так: пабачыць, што дзве кампаніі б'юцца, абярэ тую, у якой аднаго чалавека не хапае, — і давай. Ды і не гэта ў ім самае дрэннае. Вочы ў яго трывогу наводзяць.
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (5) »
Последние комментарии
2 часов 52 минут назад
3 часов 33 минут назад
3 часов 34 минут назад
5 часов 33 минут назад
11 часов 39 минут назад
11 часов 51 минут назад