Артыкулы [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

галасістых і пёрыстых братоў сваіх, брат "двуногі і без пер'я" (паводле трапнага вызначэння Платона). Бо, вядома ж летам і восенню неба над маці тваёй Беларуссю звініць ад спеву крылаў, нашы паляўнічыя далёкія ад таго, каб, скажам, страляць у дразда, бусла, шпака, чайку, але ж вадаплаўнай, баравой, стэпавай дзічыне куды горш.

Наўрад ці многа знайшлося б на Беларусі паляўнічых больш заядлых і азартных, чым я. Бадай што, не было такога звера ці птушкі (акрамя, вядома, тых, паляванне на якіх забаронена), на якіх бы я не выходзіў. І вось гадоў пятнаццаць назад я, назіраючы за меліярацыяй, высечкай хмызоў, ляснымі гарамі, разгулам браканьераў, усур'ёз задумаўся і ўрэшце вырашыў: што датычыцца мяне — досыць! Ні ў каго і ніколі я больш не адбяру стрэлам жыцця, хіба ў шалёнага ваўка.

І, ведаеце, ахвяра мая выявілася больш лёгкая, чым я думаў. Спачатку, праўда, усе рэдактары лаяліся, што ў маіх "Каласах" зашмат сцэн палявання (а гэта была проста спроба пазбавіцца ад неадчэпных праяў, спроба галоднага набіць рот тым, што пад руку трапіць, ад чаго — смею спадзявацца — мой чытач не дужа многа страціў). Цяпер я "палюю" сваімі вачамі, кадрамі ў маім фотаапараце або з нажом у кошыку на грыбным "ціхмяным паляванні". Мне цяпер больш цікава і куды больш сумленна жыць.

Звяры і птушкі па-ранейшаму вакол мяне, але яны жывыя. І куды цікавей, паверце, бачыць такаванне цецерукоў, чым уварвацца туды несправядлівым наканаваннем, шротам, пухам і крывёй.

Трэба, каб ва ўсіх лясных гаспадарках, а не толькі ў некаторых, не секлі дуплаватых дрэў (гэта чыясьці магчымая кватэра), не палілі на балотах траву (гэта чыёсьці сховішча), не пасвілі ў лесе быдла (гэта чыйсьці знішчаны "хлеб"), абмяжоўвалі збор грыбоў і ягад (іх ясі не толькі ты, і для цябе яны — прысмакі, а для звера — жыццёвая неабходнасць).

Ды ўсё гэта і асабіста ў тваіх руках таксама. Кармі птушак зімой, арганізоўвай ім "галечнікі", каб маглі "купацца". Нават "нікому не патрэбных" мухамораў не збівай нагамі, бо звяры ядуць іх перад зімой, каб выгнаць паразітаў і лягчэй перажыць галодную сцюжу. Нават арабіну ў сваім кветніку не абірай да рэшты — хай крыху з'ядуць або абтрасуць на зямлю (гэта запас на вясну, калі сыдзе снег) птушкі, якім яна, магчыма, паратунак.

Ёсць, вядома, і такое, што знішчаюць нават будысты, якім забаронена забойства ўвогуле. Усе гэтыя кольчатыя шаўкапрады, сасновыя клапы, матылі-манашкі, яблыневыя молі і г.д. Дык вось, калі ты ўжо жывеш па прынцыпу "размахніся, рука", то размахніся гэтай рукою на іх. А іх, дарэчы, нямнога сярод тых, што жыццём сваім дораць нам карысць і прыгажосць. І вельмі-вельмі асцярожна звяртайся да хімікаліяў, нават у сваім садзе. Гэта ж праўда, што ў 1969 годзе пры "атручванні лазы" на Прыпяцкім узбярэжжы здараліся выпадкі атручвання нават буйной фауны. Я сам бачыў дохлых качак, буслоў, нават ласёў.

Не разбурай нават мурашніка — гэта добрая форма чужога жыцця. І, галоўнае, не жыві ў гэтым свеце інтарэсамі свайго ведамства.

Тваё ведамства — увесь свет вакол цябе.

"Усё ўва мне, і я ва ўсім".

Не шкодзь старому парку ў тваёй вёсцы, нават калі ён не пад аховай дзяржавы (такіх мала), не шкодзь жывому — можаш учыніць непапраўную згубу. Апошні зубр быў забіты ў Англіі ў ХІІ стагоддзі. У Швецыі ў XVІ, а ўвогуле збярогся ў свеце толькі дзякуючы тым зубрам, якія калісьці былі вывезеныя з Белавежы.

Ну добра, зубр уратаваны. І многія яшчэ звяры, птушкі, насякомыя. Схапіўся чалавек. А ўвогуле ж і цяпер яшчэ каля шасцісот відаў звяроў і птушак на шляху да вымірання. Наладзіла чалавецтва гэткі звера-птушыны генецыд замест таго, каб падкормліваць, лекаваць, ствараць новыя месцы для жытла: спрадвечную, але і выпраўленую, разумна скіраваную гармонію жыцця.

Забіць, як я гэта даўно зразумеў, - непрыгожая і паскудная штука. І ніколі на паляванні мне не было так лёгка і радасна, як, скажам, на адлове баброў, для перасялення іх у новыя, незайманыя вадаёмы. Як ён, выпушчаны, яшчэ не верыць волі, як пасля імкнецца да вады, як прагна, доўга, упарта пялёхаецца, плавае, нырае (жарцікі — суткі не мыўся!), мые футра, не зважаючы на блізкасць людзей і сабак! І як ён потым спакойна плыве некуды ў ціхія воды, да захаду, у бляклую стужку вячэрняй заранкі…

Змывае вячэрняй вадой і спакоем свае "бабровыя слёзы".

У такія хвіліны адчуваеш з гонарам, што ты — чалавек, створаны прыродай і роўны з ёю.

Шчаслівыя, незабыўныя імгненні! Лепей, чым стварыць новы верш. Хіба што верш пра тое самае:

"Я стал доступен утешенью;
За что на бога мне роптать,
Когда хоть одному творенью
Я мог свободу даровать!"
Гэта пісаў паэт ссыльны і паднявольны.

…Вось так. Гэта ўсяго два словы, ды болей і не трэба. Зберажы роснае павуцінне ў асеннім прасветленым лесе, дай старому дубу распачаць наступнае стагоддзе, памажы звярыне, якая з такой мужнасцю, праз вякі, цягнула свой род у барацьбе з ворагамі, самым моцным з якіх яшчэ ўчора быў ты.

Затулі сабою ад ветру слабенькі і