Заручыны Паўлінкі [Францішак Аляхновіч] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

гэтакі каханенькі! Хто пазволіў табе пераступіць парог маей хаты дый яшчэ тут цалавацца з Паўлінкай! Вон з мае хаты і каб духу твайго тут не было!


ЯКІМ.

Паслухайце толькі мяне, пане Сьцяпане!..


СЬЦЯПАН.

Вон! - і чуць цябе не хачу, каханенькі родненькі, падла ты гэтакі!..


ЯКІМ.

Адзін, апошні раз паслухайце толькі мяне - і даю вам слова, што больш ніколі не пераступлю парогу вашай хаты.


СЬЦЯПАН.

Вон, кажу табе, пакуль я добры!


АЛЬЖБЕТА 

(супакайвае мужа, цягне яго да лавы і содзіць).

Паслухай-жа чалавека, калі хоча табе сказаць нешта...


ЯКІМ.

Пане Сьцяпане! Крыўду вялікую мне робіце, паночку! Я вам зла ніколі ніякага не зрабіў...


СЬЦЯПАН 

(бармоча з іроніяй пад нос).

Зла ніякага не зрабіў!.. Гм...


ЯКІМ.

Але! Ніякага вам зла не зрабіў, - наадварот, заўсёды паважаў вас і любіў, як роднага бацьку. Любіў вас дзеля таго, што палюбіў вашу дачку ўсей душой, так як ніколі яшчэ не любіў і нікога ўжо больш так любіць ня буду... Паўліна таксама любіць мяне...


СЬЦЯПАН.

Пабачым! Я ей гэтае каханьне выбью з галавы!..


ЯКІМ.

Але! любіць мяне, бо сама мне гэта казала. А ці ёсьць на сьвеце вялікшае шчасьце, як каханьне, як згоднае жыцьцё двох істот, якія, палюбіўшыся, будуць у радасьці жыць разам да самай сьмерці. Вы хочаце адабраць ад нас гэтае шчасьце, вы сваей бязлітаснасьцю хочаце разьбіць на век нашы сэрцы. Пане Крыніцкі! Ня шукайце чорнага сурдуту ды белай косткі ды блакітнай крыві! Пад шэрай сьвіткай ня раз бьецца лепшае сэрца, як пад модным сурдутам, а чырвоная кроў ляпей сагрэвае нашы напруджаныя работай жылы, чымсь блакітная. Вы кажаце, пане Сьцяпане, што вы шляхціц, а я - мужык... Паночку! Але якая ўзапраўды між намі рожніца? Што ў вашых паперах напісана іншае, а ў маіх інакшае? Але не ў паперцы справа!.. Няўжож я ня гэтакі самы сын свае бацькаўшчыны Беларусі, які і вы? Няўжож мы рожнімся мовай, ці сэрцам сваім, ці сваім каханьнем? Вы любіце свой родны загон, на каторым узрасьлі і каторы потам сваім аблівалі і я гэтак сама свой родны загончык люблю.. Калі выйдзеце вясной у поле, вам міла ласкоча сэрца песьня жаўранка, які трапечацца ў вышыні нябеснай над вашай галавой, - так сама і маё сэрца цешыцца з прыходу вясны. Ваша моладасьць ўжо прайшла, але вы зразумейце нас маладых! Наша любоў - гэта як тая песьня жаўранка ў веснавы час - гэта першы ўздох збудзіўшыхся сэрцаў нашых. Вы ня можаце ўзяць стрэльбу і ўбіць жаваранка, што пяе песьню вясны, дык як-жаж вы можаце ўбіць тое, што ў нас цяпер ёсьць найдаражэйшае, найпрыгажэйшае - нашу любоў? Не! вы гэтага ня зробіце, пане Сьцяпане! Вы гналі мяне вон з хаты, але вы гэтага ня зробіце - і вось з гэтай верай я цяпер стаю перад вамі. Я не хацеў-бы тайком без вашага багаславенства ажаніцца з Паўлінкай, бо веру, што ў вашых грудзёх не цьвёрды камень, а жывое бьецца бацькаўскае сэрца. І вось (бярэ Паўлінку за руку і становіцца на калены) цяпер я стаю перад вамі ўкленчыўшы і чакаю, каб ваша рука багаславіла нас.


АЛЬЖБЕТА 

(выціраючы сьлёзы, да Сьцяпана).

Ну дык-жа багаславі! чаго чакаеш?


СЬЦЯПАН 

(таксама выціраючы вочы).

Чакай, мне нешта на вусы з вока капае. (падыходзіць да маладых). Ну дзьве дзюркі ў носе.


ЯКІМ.

...І скончылося, пане Сьцяпана, - і багаславеце ўжо!


СЬЦЯПАН.

Ну, няхай вас Бог багаслаўляе так, як я вас багаслаўляю, і нашле вам шчасьце, каханенькія-родненькія... (цалуе ў галаву Якіма і Паўлінку).


ЯКІМ.

Вось, бачыш, Паўлінка! Відаць, што хаця ты родная дачушка, а я лепш за цябе ведаю твайго татку. Я казаў, што адпусьціцца - вось і адпусьціўся!


СЬЦЯПАН.

Бо-ж ты, каханенькі-родненькі, гаворыш, як поп у царкве, або адвакат якійсь.


Зьява 10.

Тыя-ж і Пранцісь з Агатай.


ПРАНЦІСЬ 

(убегае; за ім Агата).

Глупства, пане добрудзею, глупства... Знайшлася, сват! У саломе на калёсах знайшлася!..


СЬЦЯПАН І АЛЬЖБЕТА.

Хто знайшоўся?


ПРАНЦІСЬ.

Шапка мая знайшлася. Я думаў, што яе сьвіснуў гэты ваш Адольф Быкоўскі, а яна вось-цо-да ў салому шэльма закапалася, пане добрудзею...


СЬЦЯПАН.

Чаму-ж гэта, сват, кажаш: "ваш" Адольф Быкоўскі? Такі ён наш, які і ваш каханенькі-родненькі, каб яго трасца змурдавала!


ПРАНЦІСЬ.

Глупства, пане добрудзею... вось-цо-да. Не да маей ён дачкі падлабуніваўся, але да тваей.


АГАТА.

Дык ты-ж, трухлявая калода, не аб тым пачаў... То ён аб шапцы, то ён тудэма-сюдэма, а самае важнае забыўся: пана Быкоўскага арыштавалі!