На вёсцы [Францішак Аляхновіч] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

толькі яе адну бачыў, не глядзеў навет на іншых дзяўчат, бо ёй аднэй аддаў сваё сэрцо, ўсе свае думкі, - а яна вось як!.. Я пастух, я - дурны Стасюк, я - для яе не пара!.. О, Божа мой! што-ж я вінаваты, што я радзіўся ў вёсцы! О, чаму-ж я не мястовы паніч!.. О, як страшэнна горка, сумна ў душы!.. Ці варта далей гэтак жыць? - Э, лепш ужо зусім няжыць, ніхай ўжо раз уся бяда, усе мукі скончацца!. (глядзіць ў кулісу). Вось бачу там, пры дарозе стаіць бяроза... Каханенькая! Яна сумна апусьціла ў ніз свае галіны, яна так сама можа маркоціцца, што доля судзіла ей аднэй расьці пры дарозе, аднэй, без пацехі, без вясельля, чакаючы толькі, калі пярун расшчэпіць яе на дзьве паловы, або малец-ласун выпусьціць з яе сокі!.. Бярозанька мая сумненькая! ты адна і я адзін. Мы с сабой шлюб возьмем! (адпярэзаецца). Во павешуся на аднэй с тваіх галін, а ты мяне прыгалубіш, цалуючы мой твар сваймі зялёнымі лісточкамі... І гэтакі канец будзе... (хочэ бегчы. Пры апошніх яго словах ўвайшла Анелька. Стасюк яе не бачыў. Анелька раптам хавае Стасюка за руку).


ЗЬЯВА VII.

Стасюк, Анелька.


Анелька. Стасюк! што ты хочаш рабіць?!

Стасюк (вырываючыся ад яе). Пусьці!..

Анелька (гавора скора). Мой бедненькі! мой залаценькі! Кінь гэта... ня трэба!.. Я табе ўсю праўду скажу: Ганульку ня трэба любіць... яна цябе ніколі не любіла... Яна заўсёды толькі сьмеялася с цябе... Я ня раз чула, як яна паміж дзяўчат сьмеялася ды жартавала с цябе, называючы цябе: дурны Стасюк... Спытайся: усе гэтае самае скажуць...

Стасюк. А... на што-ж ты усё гэта цяпер мне гаворыш?

Анелька. Бо... бо... я люблю цябе, саколік мой! Даўно ўжо люблю і мучылася... Нічога не казала, бо ты любіў яе - Ганульку. Ажно цяпер не стрывала... Стасюк! мне нічога ня трэба. Ты ня любі мяне, нічога не кажы да мяне, толькі кінь самагубную думку і пазволь ад часу да часу хаця здалёчку глядзець на цябе, саколік мой!

Стасюк (абыймае яе). Анелька!..

Анелька (лёгка адпіхаючы яго). Ня трэба, не, ня трэба, Стасюк! Ты-ж мяне ня любіш, дык на што?..


За сцэнай удалёк хор пачынае пеяць.


Стасюк. За сэрцэйка твае галубінае, за душу тваю шчырую, за вочы твае сумненькія - люблю цябе мая Анелечка!

Анелька (з радасьцю). Ах, Стасюк! ці-ж гэта праўда?

Стасюк. Праўду казалі, што я дурны. Я быў дурны, бо, бачучы цябе што дня, толькі цяпер палюбіў цябе... Чуеш, Анелька, там людзі пяюць песьню, сваю песьню, каторую іх бацькі і дзяды пеялі... Яны не адрэкаюцца ні ад сваёй песьні, ні ад сваёй вёскі... Вось будзем, Анелька, усё жыцьцё жыць тутака на нашым родным загоне, будзем разам глядзець на захад нашага сонца, будзем нашы вясковыя вопраткі насіць, нашы простыя песьні пеяць... Нам ня трэба чужога, калі нашае роднае так сама прыгожае, а мо і прыгажэйшае за чужое. Будзем тут свой век дажываць, любіць адзін аднаго і любіць сваю родную зямельку, як родную маці... Пойдзем, Анелька, да людзей, разам з імі песьню пеяць і расказаць усім аб нашым шчасьці... Пойдзём, мая ты - пахам сенажаці, шопотам кветак пры захадзі сонца па пасватаная!..

Анелька (туліцца да яго). Пойдзем, Стасюк!.


Памалу сыходзяць. Песьня за сцэнай робіцца галасьнейшай. Памалу зачыняецца заслона.