Яго батальён [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Аднак першы азваўся Гутман:

— Сюрпрыз для вас, таварыш камбат.

Сюрпрызаў на фронце хапала, яны сыпаліся амаль кожны дзень, адзін не лепшы за іншыя, але цяпер Валошын згадваў, што гэты быў, мабыць, не самы найгоршы. Інакш бы яны так не ўсміхаліся.

— Што ж за сюрпрыз?

— Хай Чарнаручанка скажа. Ён лепш ведае. Медзведзяваты і даўгарукі Чарнаручанка, ніякавата ўхмыляючыся, паглядзеў на Гутмана, затым на лейтэнанта Маркіна і не адважыўся пачаць першы. Маркін, аднак, коратка падахвоціў:

— Ну, гавары, гавары.

— Ордэн вам, таварыш камбат. Са штаба званілі. Валошын, аднак, і сам пачаў здагадвацца і цяпер зразумеў усё разам. Нічога не кажучы, ён пераступіў цераз доўгія ногі разведчыка, скінуў з сябе плашчшалатку і сеў каля скрынкі начальніка штаба. Джым рупна і важна, з нейкай пачцівай асцярогай выхаванага пса апусціўся на заднія лапы побач.

Валошын маўчаў. Не секунду мільганула радаснае і ў той жа час нейкае невядома чаму трохі няёмкае адчуванне — ордэн гэта няблага, але чаму толькі яму, а іншым? Між тым усё адбывалася, мусіць, як і павінна адбывацца на фронце — месяцы два таму паслалі паперы з прадстаўленнем яго да ордэна Чырвонага Сцяга, нейкі час ён нават чакаў яго, гэты ордэн. Але затым пачалося наступленне, цяжкія баі, і ён не надта ўжо і спадзяваўся, што тая ўзнагарода застане яго ў жыцці. I вось, выходзіць, застала, значыць, яшчэ давядзецца, колькі пашчасціць, панасіць на грудзях і другі баявы ордэн. Што ж, увогуле ён быў рады, хоць знешне амаль нічым і не выказаў гэтае сваёй радасці.

— Так што віншуем, таварыш капітан, — сказаў Гутман. — Во тут я і абмыўку здабыў.

Ён выцягнуў аднекуль алюмініевую фляжку і весела страсянуў яе. У флязе булькнула і зазвінела, Валошын ніякавата паморшчыўся.

— Пакуль схавай, Лёва. Абмыўка — не праблема.

— Ага, не праблема! Ды я ледзьве ў старшыны другога батальёна выцыганіў. Самая праблема. Вунь лейтэнант увесь вечар на яе паглядвае.

— Глупства вы гародзіце, Гутман, — сурь'ёзна, без ценю гумару, зазначыў Маркін.

— Вось лейтэнанту і аддай, — спакойна сказаў кам-бат. — А мне лепш анучы сухія пашукай.

— Ай-яй! Анучы — такая справа.

Ардынарац выцяг з-пад сцяны тугаваты рэчавы мяшок і спрытна развязаў яго.

— Во, сухенькія.

— Дзякуй.

— I знімайце шынель — гузік у пятліцу прышыю. А то ўжо трэці дзень абяцаеце.

— Толькі каб было аднолькава: на правай і на левай.

— Будзе акурат. Не сумнявайцеся.

Ён не сумняваўся — Гутман быў майстра на ўсе магчымыя і немагчымыя справы — усё ў яго выходзіла надзіва лёгка і адмыслова. Валошын прывычна расшпіліў камандзірскую дзягу з зоркай у меднай спражцы, скінуў з плячэй двайную партупею, кабур з ТТ, зняў камсастаўскі, некалі шыты на заказ, ужо абтрэпаны, у двух месцах пабіты асколкамі шынель. Гутман шырокім кравецкім жэстам раскінуў яго на каленях.

— I хто прыдумаў гэтыя гузікі ў пятліцы? Ні складу ні ладу.

— Цябе не запыталі, Гутман, — буркнуў Маркін. — Прыдумаў, значыць, так трэба было.

— А па мне дык лепш, як раней — кубары! Гэта штука! Камбат з задавальненнем выцягнуў на саломе ногі і,

няўважліва слухаючы размову падначаленых, дастаў з кішэні гадзіннік. Гэта быў трафей, узяты ў забітага нямецкага танкіста, з трыма стрэлкамі і надзіва дакладным ходам. Валошын паклаў гадзіннік на краі скрынкі, каб бачыць яго цыферблат, і пачаў згортваць цыгарку.

Першае ўзрушанне-няёмкасць міналіся, ён думаў, што трэба хутка званіць на палкавы КП, дакладваць абстаноўку. Як заўжды, гэтая хвіліна была да агіды непрыемная і нямала псавала настрой да яе і пасля. Колькі ўжо часу, як палком стаў камандаваць маёр Гунько, а камбат-тры Валошын усё не мог прывыкнуць ад ягоных начальніцкіх манер, якія раздражнялі і крыўдзілі яго адначасна.

— З палка званілі?

Маркін адарваўся ад папер, разы два міргнуў — яго твар з густаватаю шчэццю пры скупым святле карбідкі выглядаў амаль чорным.

— Званілі. Будзе папаўненне.

— Многа?

— Невядома. У дваццаць два ноль-ноль загадана выслаць прадстаўніка ад батальёна.

Лейтэнант зірнуў на гадзіннік, стрэлка якога набліжалася да васьмі. Камбат адхінуўся да сцяны зямлянкі і зацягнуўся самакруткаю. Сцяна яшчэ ніколькі не ўгрэлася і нават праз аўчынную камізэльку моцна сцюдзяніла лапаткі.

— Пра вышыню шэсцьдзесят пяць не пыталіся?

— Не, не пыталіся. А што, усё капаюць?

— Дзоты будуюць. Як бы заўтра таго… Не прыйшлося браць.

— Ды ну! — усумніўся Маркін. — Семдзесят шэсць чалавек на давольствіі…

Гэтая названая Маркіным лічба непрыемна ўкалола свядомасць камбата — усяго семдзесят шэсць! Зусім нядаўна яшчэ было амаль на сотню чалавек больш, а цяпер вось засталося трэць батальёна. Колькі ж застанецца праз тыдзень? А праз месяц, да лета? Але ён толькі падумаў так, намаганнем волі прыцяў непрыемную думку і ўслых сказаў аб іншым:

— Праз дзень-два горш будзе. Умацуюцца. Лейтэнант кінуў беглы позірк у парог, прыслухаўся і ціха заўважыў:

— А можа, не дакладваць?