Яго батальён [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Васіль Быкаў Яго батальён

1

Траншэя была мелкаватая, пад пахі, не болей, сухая і пыльная. Каб не дужа вытыркацца з яе, Валошын звыкла аблягаўся грудзьмі на бруствер, расставіўшы ў бакі локці. Аднак доўга стаяць так, згорбіўшыся, пры ягонай высокай мажнай постаці было не надта каб зручна, мяняючы позу, камбат незнарок варухнуў локцем, і мёрзлы камяк зямлі з глухім стукам скаціўся ў траншэю. Адразу ж унізе пачуўся ціхі крыўдлівы віск, затым энергічны фыркат сабакі, з якім той страсае абсыпаную пылам поўсць, і побач на броўку мякка ляглі дзве шырокія кіпцюрыстыя лапы.

— Джым, ляжаць!

Не адрываючы ад вачэй бінокля, Валошын пакруціў пальцамі акуляры — спачатку ў адзін, затым у другі бок, але відаць было па-ранейшаму дрэнна. Голыя, вытаялыя з-пад снегу схілы вышыні з доўгай паласой ворыва, загінастая крывуляка траншэі на самым версе, некалькі свежых плямаў мінных разрываў і нават зараснік чэзлага хмызняку на балоце ўвачавідкі зацягвала змрокам блізкае ночы.

— Ну што ж: усё зразумела!

Камбат апусціў падвешаны на шыі бінокль і адкінуўся да задняй сценкі траншэі. Дзяжурны разведчык, што назіраў з суседняй ячэйкі, зябка павёў плячыма.

— Умацоўваецца, гад!

Так, праціўнік умацоўваўся, гэта было відавочна таксама, як і тое, што ўчора яны зрабілі памылку, не атакаваўшы з ходу тае вышыні. Тады яшчэ былі сякія-такія шансы яе ўзяць, але ўчора падвяла артылерыя. У батарэі з артпалка, што іх падтрымлівала, засталося ўсяго дзесятак снарадаў, якія патрэбны былі на самы крытычны выпадак, суседні батальён увязаўся ў зацяжны бой за саўгас «Піянер» па той бок рачулкі,і калі Валошын запытаў наконт гэтай малапрыкметнай, але, відаць, немалаважнай вышыні ў ка-мандзіра палка, той проста не адказаў. Зрэшты, яно было і зразумела: наступленне выдыхалася, задачу сваю полк сяк-так выканаў, а надалей, мабыць, яшчэ не было пэўнага плана і ў дывізіі. I ўсё ж вышыню трэба было ўзяць. Праўда, для таго і ўчора аднаго, патрапанага ў трохтыднёвых баях батальёна было замала, але ўчора на яе голай вяршыне яшчэ не было траншэі, а галоўнае — правы фланговы схіл над балотам, здаецца, яшчэ не быў заняты немцамі. Занялі яны яго ўранку і ўвесь дзень, не зважаючы на кулямётны абстрэл, па ўсёй вышыні капалі. Да змяркання было відаць, як мільгае над брустверамі чорнае ашмоцце зямлі, а надвячоркам з саўгаса, чутна было, падышло некалькі грузавікоў, і нямецкія сапёры дацямна цягалі па траншэях бярвенне — абсталёўвалі бліндажы. Уночы, напэўна, замініруюць і подступы на схілах.

Наўкола хутка цямнела, чорны сакавіцкі прасцяг усё гусцей атуляла глухое цемрыва ночы, у якім невыразна шарэлі плямы нерасталага снегу — па раўчуках, пад узмежкам, на зарослым чэзлым кустоўем балоце. Было сцюдзёна. З усходу дзьмуў пругкі марозны вецер, з ім на пагорак НП далятаў пах дыму, які цяпер напомніў камбату пра ягоны прытулак-зямлянку, куды ён не заходзіў ад рання. Джым, нібы разумеючы намер гаспадара, крокаў пяць прабег па траншэі і азірнуўся сур'ёзнымі, трошкі журботнымі вачмі.

— Так. Прыгуноў, назірайце. I слухайце таксама. Калі што — адразу дакладвайце.

— Ёсць, таварыш камбат.

— Толькі не здумайце курыць.

— Некурашчы я.

— Тым лепш. На вячэру падменяць. Зашорхаўшы аб сцены траншэі злубянелай, накінутай паверх шыняля палаткай, Валошын хутка пайшоў уніз да зямлянкі, якая пад ноч уладарна вабіла адносным цяплом, спакоем, кацялком гарачага супу. Зрэшты, збудаваная за адну ноч зямлянка была не надта каб самавітая — часовы палявы прытулак на дзень-два, замест бярвення крыты жардзём і саломай з тонкім слоем зямлі наверсе. Дзвярэй увогуле тут не было ніякіх, проста на ўваходзе вісела чыясь палатка, адхінуўшы якую, камбат адразу апынуўся ля галоўнае радасці гэтага жытла — змайстраванай з малочнага бітона, добра ўжо напаленай печкі.

— О, блажэнства! — не ўтрымаўся ён, выстаўляючы да цяпла азызлыя на сцюжы рукі.— Як у Сочы! Што ўсміхаецеся, Чарнаручанка? Вы былі ў Сочы?

— Не быў, таварыш камбат.

— То-та!

Немалады, марудлівы на рухі, таксама як і на словы, тэлефаніст Чарнаручанка, які, зашчаміўшы між вухам і плячом трубку, піхаў у печ суччо, аднак усё ўхмыляўся, відаць, маючы на ўвазе нешта вясёлае. Камбат машынальна перавёў позірк на іншых, хто быў у зямлянцы, але і тыя таксама па-змоўніцку ўсміхаліся: і ардынарац камбата Гутман, які, стоячы на каленях у ватных штанах, сучыў доўгую нітку, і разведчык, што, адкінуўшыся на локаць, ляжаў на саломе і дыміў самакруткай. Адзін толькі начштаба лейтэнант Маркін у накінутым на плечы паўшубку засяроджана поркаўся ў сваіх паперах перад прыладжаным на скрынцы трафейным карбідным ліхтаром. Але Маркін увогуле ніколі не ўсміхаўся, на радаваўся; колькі яго ведаў камбат, ён заўжды быў такі — чужаваты да іншых, у самім сабе засяроджаны.

— Што здарылася?

Капітан сказаў гэта, трохі нават заінтрыгаваны ўсеагульнай маўклівасцю, і Чарнаручанка няўклюдна выпрастаўся, пераступіў з нагі на нагу.