Мадэмуазэль дэ Скюдэры [Эрнст Тэадор Амадэй Гофман] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман Мадэмуазэль дэ Скюдэры

На вуліцы Сэн-Анарэ месціўся невялікі дамок, у якім з ласкі Людовіка XIV і маркізы дэ Мэнтэнон жыла Мадлен дэ Скюдэры, вядомая сваімі выкшталцонымі вершамі.

Аднае позняе ночы — была восень 1680 году — нехта рэзка і моцна пагрукаў у дзверы гэтага дома, так што гучнае рэха прайшло па калідоры. Батыст, які быў у маленькай гаспадарцы кухарам, лёкаем і швейцарам у адной асобе, паехаў з дазволу гаспадыні за горад, на вяселле сваёй сястры, таму сталася так, што ў цэлым доме яшчэ не спала толькі пакаёўка Марціньер. Яна пачула паўторныя ўдары, ёй прыйшло на памяць, што Батыст з’ехаў і яны з мадэмуазэль засталіся ў доме адны без якой-кольвечы аховы, прыгадаліся ўсе злачынствы кшталту рабаўніцтва, крадзяжу і забойства, якія толькі калі-небудзь здзяйснялі ў Парыжы. Яна яскрава ўявіла, што цэлы натоўп латрыгаў, ведаючы пра самотнасць гэтага дома, шалее там звонку і прагне трапіць усярэдзіну, каб учыніць нешта благое супраць яе гаспадыні. Таму Марціньер засталася ў сваім пакоі, дрыжучы, вагаючыся і праклінаючы Батыста разам з вяселлем ягонай сястры. Тым часам грукат не сціхаў, і ёй здалося, што паміж ударамі нейкі голас гукае: «Ну адчыніце ж нарэшце дзеля Хрыста, толькі адчыніце!» Урэшце Марціньер, адчуваючы ўсё большы страх, схапіла падсвечнік і выскачыла ў калідор; там яна зусім выразна пачула голас начнога госця: «Дзеля Хрыста, адчыніце ж!»

«Сапраўды, — падумала Марціньер, — рабаўнік, мусіць, не стаў бы так казаць. Хто ведае, ці не шукае тут нехта ратунку ад небяспекі ў маёй гаспадыні, якая схільная да добрых учынкаў. Але ж трэба быць асцярожнай!»

Яна адчыніла акно і, гучна спытаўшыся, хто ж гэта там унізе позна ўночы шалее ля дзвярэй і будзіць усіх вакол, пастаралася наблізіць гучанне свайго нізкага голасу да мужчынскага. У мігценні месячных промняў, якія акурат прарваліся праз змрочныя аблокі, яна разгледзела высокую захінутую ў светла-шэры плашч постаць у шырокім капелюшы, насунутым на самыя вочы. Яна закрычала голасна, каб было чуваць там, унізе:

— Батыст, Клод, П’ер, падымайцеся ды зірніце, што за гіцаль хоча выламаць дзверы!

Але чалавек унізе прамовіў мякка, амаль жаласна:

— Ах, Марціньер, я ж ведаю, што гэта вы, мілая пані, як бы вы ні намагаліся змяніць свой голас. Ведаю я і тое, што Батыст паехаў за горад, і вы з гаспадыняй цяпер адны ў доме. Але ж адчыніце мне дзверы, нічога не бойцеся. Мне неабходна пагаварыць з Вашай гаспадыняй, вось у гэтую самую хвіліну.

— Вы напраўду думаеце, — адказала Марціньер, — што мадэмуазэль захоча гаварыць з вамі пасярод ночы? Ці ж вы не ведаеце, што яна ўжо даўно спіць, а я нізавошта не стану перарываць першы найсаладзейшы сон, які так патрэбны ёй у яе веку?

— Я ведаю, — сказаў чалавек унізе, — ведаю, што вашая гаспадыня якраз адклала рукапіс свайго рамана, які завецца «Клелія» і над якім яна нястомна працуе, і цяпер яшчэ запісвае некаторыя вершы, мяркуючы заўтра прачытаць іх у маркізы дэ Мэнтэнон. Я заклінаю вас, шаноўная Марціньер, майце літасць і адчыніце мне дзверы. Ведайце, што тут вядзецца пра ўратаванне няшчаснага ад магілы, ведайце, што гонар, воля, дый нават само жыццё чалавека залежаць ад гэтага моманту, таму я мушу гаварыць з вашай гаспадыняй. Падумайце аб тым, што гнеў вашай уладаркі вечна будзе на вас, калі яна даведаецца, што гэта вы бессардэчна прагналі нешчасліўца, які прыйшоў маліць аб дапамозе.

— Але чаму вы благаеце спачування маёй гаспадыні ў такі незвычайны час? Лепей прыходзьце заўтра раніцай, — адказала Марціньер, а чалавек унізе запярэчыў:

— Ці зважае на час і гадзіну лёс, што б’е знішчальна, бы пошуг маланкі? Ці можна адкласці дапамогу, калі для магчымага ратунку застаецца апошняе імгненне? Адчыніце мне дзверы, не чакайце нічога страшнага ад гаротніка, які, безабаронны, гнаны, пакінуты ўсім светам, прыгнечаны жахлівым лёсам, хацеў бы маліць вашую гаспадыню аб паратунку ад блізкай небяспекі!

Марціньер пачула, як пры гэтых словах чалавек унізе застагнаў і ўсхліпнуў ад прыхаванага болю. Прытым голас гэты належаў юнаку, і быў пяшчотны, і пранікаў глыбока ў сэрца. Яна ўсхвалявалася да глыбіні душы і, доўга не разважаючы, прынесла ключы.

Ледзь толькі дзверы адчыніліся, захутаная ў плашч фігура ўварвалася ў дом і, праляцеўшы міма Марціньер углыб калідора, закрычала дзікім голасам:

— Вядзіце мяне да сваёй гаспадыні!

Марціньер спалохана ўзняла вышэй падсвечнік і водсвет упаў на смяротна-бледны, жахліва скажоны юнацкі твар. А калі чалавек расхінуў плашч і на грудзях яго бліснула дзяржальна стылета, Марціньер мала што не села на падлогу ад страху. Чалавек зіркнуў на яе бліскучымі вачыма і зароў яшчэ больш шалёна:

— Вядзіце мяне да гаспадыні, кажу я вам!

І тут Марціньер сцяміла, у якой сур’ёзнай небяспецы апынулася яе гаспадыня; уся любоў да мілай пані, шанаванай як дарагая, пабожная матухна, мацней разгарэлася ў яе грудзях, спарадзіўшы мужнасць, на якую яна яшчэ нядаўна не палічыла б