Ашчэпкі (1998-2000) [Георгій Валкавыцкі] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Георгій Валкавыцкі
Ашчэпкі

(1998-2000)

На абмежку


Яна недзе ёсць


Мой унук Эрнік, першы кавалер дзіцячага садка, закахаўся ў суседку, вучаніцу першага класа. Закахаўся безнадзейна. Старэйшая на два гады суседка не хоча бавіцца з ім.

— Што рабіць? — сумуе малы.

— Кінь задаваку, — стараюся вывесці яго з хлапечай хандры. — Вунь, у пясочніцы, колькі харошых дзяўчатак. Выбірай. Кожная — прыгажэйшая за тую...

— Няма нідзе прыгажэйшай! — з плачам і кулакамі кідаецца на мяне.

Малайчына! Умееш пастаяць за свой ідэал. Палагоджваю канфлікт пакаленняў:

— Тады мусіш чымсьці спадабацца ёй, — кажу.

— Але чым? — бездапаможна разводзіць рукі.

Каб я ведаў густ тваёй абранніцы! Але не ведаю. Застаецца універсальная слабасць — ласункі. Таму і кажу:

— Паспрабуй прываражыць цукеркамі.

— Ідэя! — уцешыўся ўнук. Схапіў пачак „каровак” і пабег на двор.

Вярнуўся з маркотнай мінай:

— Цукеркі з'ела, а бавіцца не хоча.

Значыць, прычына глыбейшая, дзяўчынка не шалахвостка, кіруецца дальнім разлікам.

Было лета і я меў водпуск. Ужо старэў, не цягнулі ні горы, ні мора. Нават Памора, крыштальная казка Аўгустоўскага паазер'я, мая прывольная Яцвягія, не вабіла. А водпуску многа, адрабляю неадпачытае з мінулых гадоў. Паеду над Нараў, у Плёскі: якраз выдавец заснаваў там фірмавы летнік. Галоўнае — блізка. Узяў я з сабою дачку і ўнука: хай астыне хлопец ад непрыступнай суседкі. Але не паспелі мы асвоіць вакацыйную хатку, як прыбягае Эрнік з нечаканай навінай:

— І яна тут!..

Суседнічалі з дзіцячым лагерам. У ім і высачыў унук сваю багіню.

— Пайшла на рэчку купацца, — кажа. — Ідзем падглядаць, — цягне за руку.

Што ж, ідзем. Тупаем да купальні дзікім, зарослым кустамі берагам Нарава. Бераг абрывісты, унук гарачыцца, баюся, каб не зваліўся ў раку. І прыходзіць у голаў блазенская думка. Моцна трымаючы гарцуна, кажу:

— Вось зараз вазьму і скокну ў раку.

— І што будзе? — цікавіцца ён.

— Утаплюся.

Думаў, што пасля такой заявы Эрнік пачне адводзіць мяне ад самагубнага ўчынку.

Тое, што пачуў, зусім збіла мяне з тропу:

— А хто завядзе мяне да мамы? — жахнуўся ўнук.

Забыў нават куды ішоў.

Зрабілася на душы сумна: не шкадуе дзеда. Хочаш тапіцца — твая справа, але перад гэтай паказухай адвядзі мяне да мамы. Ну, але тут мая віна, не трэба было ставіць хлопца ў дурное становішча.

На сямейных адносінах берагавы эпізод не згуляў адмоўнай ролі, а ўнук неўзабаве сагрэў маю пасмутнелую душу гарачым цяплом. Скончылася лета ў Плесках, а адпачынкавыя хвасты не адроблены. Нудна сядзець у хаце, схаджу ў рэдакцыю. Унук ідзе са мною. А па дарозе міжнародная кнігарня. Ніколі яе не прамінаю. Зойдзем, паглядзім навінкі. У сярэдзіне многа наведвальнікаў. Прабіраюся да беларускай паліцы. Па вокладках бачу, прыйшло добрае папаўненне. Пастой, Эрнік, а я пагартаю. Калі адарваўся ад паліцы, абліўся халодным потам: няма Эрніка! Пытаюся ў прадаўшчыцы, ці не бачыла пяцігадовага хлопчыка. Выйшаў з нейкім дзядзькам, кажа. Непрытомны ад жаху, выбягаю на вуліцу. Ні дзядзькі, ні Эрніка. Кідаюся то ў адзін, то ў другі бок, заглядаю ў пад'езды суседніх дамоў, нідзе няма. Нявед чаго брыду ў кірунку рэдакцыі. Што скажу Веры? А што дачцэ?! Расступіся зямля, стрымгалоў кувыркнуўся б у збаўчую бездань. Але зямля цвёрдая, а ногі з кожным крокам мякчэюць. Куды я іду?..

Ажно насупраць чырвонага касцёла — цуд: Эрнік цягне за руку Веру, паганяе яе, аж змакрэў чубок на ўзбуджаным тварыку. Яшчэ мяне не бачаць.

— Эрнік! — задыхаюся ад шчасця.

Эрнік спыніўся. Утаропіўся ў мяне, як у прывід. Мой залаты хлопчык!

Што здарылася? Спрацавалі роднасныя імпульсы. Унучак у набітай кнігалюбамі кнігарні менш цікавіўся дзіцячымі кніжкамі, каля якіх я яго паставіў, чым людзьмі. І спіна аднаго вялікалюды, што праціскалася ў цесныя дзверы на вуліцу, выдалася яму дзедавай, і ён падаўся следам. Выйшаў на тратуар, а дзед як растварыўся. І хлопец папёр у рэдакцыю. Прапаў дзед! Схапіў бабульку за руку — і бягом, выручаць дзеда!

А што з багіняй? Упадабаў другую — дзяўчыну з кардонкі Lego:

— Падрасту, паеду шукаць яе, — прызнаўся. — Ну, бо недзе ж яна павінна быць.

— А як жа ты знойдзеш яе? Свет такі вялікі.

— Вазьму з сабою Lego і буду прыглядацца да дзяўчат.

А колькі год маляванка бадзяецца па зямным шарыку?

Мо ўжо ператварылася ў Бабу-Ягу і толькі расстаўляе пасткі на Чырвоную Шапачку? Гэта ўнука не цікавіла. Не цікавіў яго і тэрмін адысеі, на які ў радасным азарэнні прызначыў сябе. Яна недзе ёсць. І яна чакае мяне. І я знайду яе.

У мроі вочы заштораны.

Шукальнік алмазнага свету


Рыбалы — вялікая прыходская вёска: дзве царквы, школа, гурт спевакоў „Хлопцы-рыбалоўцы”. У бруйныя пяцідзесятыя гады гаманлівая, цяпер — аглухлая (за выключэннем памянёных „хлопцаў”), апусцелая — глядзіць бязмэтна шэрымі шыбінамі даўно