Здарэнне на Дзяды [Сяргей Абламейка] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Сяргей АБЛАМЕЙКА

ЗДАРЭННЕ НА ДЗЯДЫ

Маладыя пісьменнікі Ігнат Дварніцкі, Сяргей Ждановіч і Юрась Багданаў вырашылі на Дзяды ўшанаваць памяць папярэднікаў. Яны цудоўна ведалі, што ў гэты дзень найперш памінаюць сваіх сапраўдных дзядоў - крэўных. Так яны і рабілі штогод разам са сваякамі. Але паколькі два першыя былі ўжо досыць вядомымі празаікамі, а апошні - вядомым паэтам, яны вырашылі, што ў цяжкія для нашай літаратуры часы сёлета адступяцца ад звычаю, наведаюць нацыянальны пантэон - Усходнія могілкі, і зробяць сціплы грамадзянскі ўчынак - ускладуць кветкі на магілы ўсіх літаратараў, што пахаваныя ў тым некропалі.

Паводле выпушчанага ўжо даволі даўно правадніка- мапы па тых могілках яны падлічылі колькасць магілаў, купілі адпаведную колькасць кветак і пад вечар 2 лістапада, нагружаныя бярэмямі букетаў, свечкамі і некалькімі

пляшкамі гарэлкі, вырушылі на старэнькім аўтамабілі Ждановіча ў горад. Спачатку заехалі на вайсковыя могілкі да Янкі Купалы і Якуба Коласа, пакланіліся песнярам і паклалі самыя вялікія букеты. А пасля накіраваліся на Усходнія могілкі.

Дарогаю гаварылі пра вялікую, на іх думку, несправядлівасць. У апошнія гады сітуацыя ў краіне склалася такая, што многія “літаратурныя дзяды” пахаваныя па-за межамі нацыянальнага некропалю: хто на Кальварыі, хто на сваёй радзіме, а хто і наогул на малавядомых прыгарадных кладах. І спрачаліся, ці варта ўсё ж некалі іх сабраць у адным месцы. Дварніцкі і Багданаў былі супраць, а Ждановіч палымяна адстойваў ідэю перапахавання ў сталіцы, каб можна было ў любы час усіх разам ушанаваць. “Вы што, не хацелі б сёння Багдановічу, Барадуліну, Танку, Брылю, Адамовічу, Адамчыку або Сысу кветкі на магілы ўскласці? - пытаўся ён. - А дзе ж яны? Іх тут няма”. Але сябры казалі, што нельга парушаць апошняй волі, вунь, маўляў, Барадулін сам захацеў побач з маці ляжаць, Навуменку таксама да жонкі падхавалі. У адказ на такія пярэчанні Ждановіч яшчэ болей натурыўся і казаў, што ў іншых умовах усе нармальна захацелі б легчы на Усходніх могілках і нават з жонкамі.

Урэшце за спрэчкамі прыехалі. Вырашылі, што машыну пакінуць на паркоўцы каля метро, каб забраць раніцою, а на могілках спакойна пакладуць кветкі і без страху возьмуць чарку, не баючыся быць злоўленымі міліцыянтамі.

- Трэба не забыцца пра Анатоля Сербантовіча, мне казалі, што ягоная магіла недзе на левым ускрайку галоўнага сектару, дзе ляжаць пісьменнікі. На нашай мапе яго няма, - сказаў Ждановіч.

- Хто гэта? - Дварніцкі здзіўлена паглядзеў на Сяргея.

- Сорамна не ведаць папярэднікаў, браце, - замест Ждановіча адказаў Багданаў. - Вельмі таленавіты паэт, аўтар вянкоў санетаў. Загінуў у дваццаць восем гадоў пасля вулічнай бойкі, здаецца, у 1970 годзе...

- А-а, ну так, прыпамінаю, вы мне ўжо некалі пра яго расказвалі...

- Прыпамінаю... - перадражніў Багданаў, - ты вазьмі прачытай, які талент трагічна загублены. Два зборнікі выдаў пры жыцці, а пасля яшчэ адзін выйшаў, пасмяротны. Шмат абяцаў...

Прайшоўшы праз браму, сябры спыніліся, каб вырашыць, з чаго пачынаць абыход. У іхным спісе было больш за дваццаць пяць магілаў. Вырашылі накіравацца спачатку па цэнтральнай алеі да магілаў Петруся Броўкі і Пятра Глебкі, каб адтуль, па радах, паступова абысці ўсіх астатніх на старой частцы могілак, а пасля спусціцца яшчэ на новую. Пры развілцы дарожак, не дайшоўшы якіх дваццаць метраў да Броўкі, Ждановіч спыніўся і паказаў сябрам на сціплы помнік, схаваны за туямі справа ад цэнтральнай алеі.

- Гэта магіла Усевалада Краўчанкі, галоўнага рэдактара “Бярозкі”, дзіцячага пісьменніка. Дзясяткі кніжак выдаў чалавек. “Злачынства ля зялёнай тоні” або “Таямніца вугла альфа” - можа нехта чытаў ці хаця б чуў? Загадкава загінуў у 1961 годзе ў Канах, у Францыі. Нібыта выкінуўся з вакна. Сваякі ніколі не прызналі, што гэта было самагубства.

- Скуль ты ўсё ведаеш? - здзіўлены Дварніцкі накіраваўся да магілы пісьменніка.

- Я ж, апрача ўсяго іншага, гісторык паводле адукацыі. Ці ты забыўся? - Ждановіч паклаў кветкі на магілу Краўчанкі. - На во лепш запалі зніч. - Ён падаў Дварніцкаму свечку з жалезнай накрыўкай.Каля магілы Краўчанкі хлопцы вырашылі адкаркаваць першую пляшку гарэлкі. Разлілі яе ў папяровыя кубачкі і перад тым, як выпіць, пажадалі, каб праўда пра Краўчанкаву смерць некалі адкрылася.

Перад шыкоўным помнікам Петрусю Броўку яны пастаялі даўжэй. Каменны Броўка сядзеў з вялікай годнасцю і вельмі інтэлігентна.

- Як на маю думку, дык паэт быў так сабе, - сказаў Ждановіч, - але яго асветная дзейнасць была беспрэцэдэнтнай. Ён стварыў беларускую Энцыклапедыю. І за гэта варты памяці ўсіх наступных пакаленняў.

- А “Александрына”? - спытаўся Багданаў. - Я чуў, што расейцы ў Сібіры дзяцей называлі Александрынамі пад уздзеяннем песні “Песняроў”...

- А што “Александрына”? - адказаў