Спачатку была цемра [Барыс Пятровіч] (fb2) читать постранично, страница - 69


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

чаму б нам не паспрабаваць зрабіць пару-тройку, як вы кажаце, нумароў, не засьведчыць тое, што і мы нешта можам, што мы не скарыліся. Холдынгавая ідэя ад пачатку была заганная, і думалася, што, можа быць, апамятаюцца тыя людзі, якія ўтварылі гэты холдынг. Я вось згадваю дахолдынгавыя часы: цэнзура была, але цэнзура пасьля выхаду часопісу. Сьмеласьць выданьня шмат у чым залежала ад пазыцыі галоўнага рэдактара – мог ён сабе дазволіць друкаваць Быкава ці іншых аўтараў, на той час забароненых, ці ня мог. А ўжо потым, калі выйдзе нумар, яго выклічуць некуды на дыван і будуць разьбірацца. Але гэта будзе потым, і гэта будзе ведаць адзін ён, наколькі цяжка ў гэтай сытуацыі працаваць. А для чытачоў самае важнае будзе тое, што ёсьць нумар, ёсьць тэксты. Такім чынам мы і працавалі ў дзяржаўных часопісах да 2002 году.

Верылася, што гэтая сытуацыя можа вярнуцца. Але іншыя людзі, якія стваралі холдынг, думалі іначай. Таму нам давялося рэгістраваць незалежны “Дзеяслоў”, што было вельмі няпроста. Мы паставілі перад сабой мэту быць выданьнем сур’ёзным, а сур’ёзнае выданьне мае на ўвазе найперш пэрыядычнасьць. Сказаўшы А, трэба казаць Б, В – і так да канца алфавіту. Карацей, гэтая справа нас зацягнула ў сябе, і мы вось так, не агледзеўшыся нават, і прайшлі гэтыя гады на адным дыханьні.

Адным з нашых галоўных прынцыпаў, калі мы пачыналі ствараць часопіс, быў той, што мы павінны даць альтэрнатыўную недзяржаўную трыбуну маладым літаратарам. Каб у іх быў выбар: несьці свае творы ў падцэнзурныя выданьні альбо ў незалежныя. І таму зь першых нумароў мы пачалі друкаваць творы маладых у рубрыцы “Дэбют”. Прычым друкуем абсалютных дэбютантаў, тых, хто сапраўды ўпершыню адважыўся паказаць свае творы шырокаму чытачу. Такіх дэбютантаў у нас за гэтыя гады больш за пяцьдзесят. Як яны даведваюцца пра часопіс? Дзякуй Богу, цяпер ёсьць інтэрнэт, а ў інтэрнэце ёсьць “Дзеяслоў”.

Барыс Пятровіч у 2009 годзе быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй Гліняны Вялес за кнігу Жыць не страшна.