Загоны [Сакрат Яновіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Сакрат Яновіч ЗАГОНЫ


Падрыхтаванае на падставе: Сакрат Яновіч, Загоны, — Беласток: Выданне Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства, 1969. — 286 с.


Рэдактар: Мікалай Гайдук

Copyright © 2013 by Kamunikat.org



ГОРАДУ МАЁЙ МАЛАДОСЦІ, ЦУДОЎНЫМ КРЫНКАМ –

У ВЯНОК ІХ ДАСТОЙНАГА ЧАТЫРОХСОТГОДДЗЯ –

ГЭТУ СВАЮ ПЕРШУЮ КНІЖКУ ПРЫСВЯЧАЮ.


ДА ЧЫТАЧА
Зборнік твораў Сакрата Яновіча «Загоны» — першая кніга прозы аднаго аўтара ў дзесяцігадовай гісторыі беларускага літаратурна-мастацкага аб'яднання «Белавежа» ў Народнай Польшчы. У ім чытач знойдзе кароценькія лірычныя абразкі, каларытныя замалеўкі, апавяданні і аповесці. Усё гэта вынік шматгадовых пошукаў, спроб і творчых здабыткаў даравітага празаіка.

Героі твораў С. Яновіча — беларусы Беласточчыны, таго невялічкага яе куточка, што замкнуты з поўдня пакручастым руслом Буга г з поўначы балоцістымі берагамі Бобры. Калі б хто-не-будзь імкнуўся шукаць на гэтай лапінцы зямлі змярцвеўшай старасвеччыны і незвычайнасцей, напэўна не знойдзе іх. Па Беласточчыне няспынна ідзе хваля пераўтварэнняў. I жыхары зямлі гэтай, хоць мо і не паспешліва, затое ўпэўнена і цвёрдым поступам, як падабае паважнаму гаспадару, пайшлі насустрач вялікім пераменам. У гэтым магутным вадавароце гістарычных падзей у людской натуры спляліся рэшткі адсталага і аджыўшага з паводкай маладога і прагрэсіўнага. I тое, што на хвалі, на версе, што часам так рэзка кідаецца ў вочы, з'яўляецца толькі адкідамі, пазбылася глыбінная здаровая плынь жыцця нашага грамадства.

Сакрат Яновіч — аб'ектыўны і сумленны мастак. Ён усяцэла заглыбіўся ў бездань жыццёвых канфліктаў нашага сучасніка, вынес іх з топелі штодзёншчыны на святло дня і стварыў магчымасць чытачу даць ім уласцівую ацэнку. I як жа ж прыемна пераканацца, сочачы за жывымі вобразамі «Загонаў», што новае, прыгожае і шляхетнае заўсёды і ўсюды нам спадарожнічае і яно з'яўляецца пунктам, з якога глядзіць пісьменнік на наваколле.

Па-свойму паказаў С. Яновіч і людзей і прыроду Беласточчыны. Хіба ж таму яго першы зборнік твораў з'яўляецца кветкай, граючай ірдзістымі колерамі і пахучай тхненнямі свойскасці нашага беларускага беластоцкага загону жыцця.

МІКАЛАЙ ГАЙДУК


ЗАГОНЫ
На загонах, як у жыцці — усяго пакрысе.

Вось цыбуля, ад якой адны слёзы. Касабочыцца на яе сам не лепшы часнок смуглявы, элегант агідны. А моркаўка, бы дзяўчына пачырванелая, засланілася буйнай зеленю да часу, да пары. Сланечнік, рагатун нястрыманы, аж згорбіўся ад уцехі пустой. Яму весела ад ранку да вечара; перадражнівае макаўкі разадзетыя па-вясельнаму, модніцы бяздумныя, якія мітусяцца адна перад другою ды хіхікаюць. Гарбуз, гультай зроду, разваліўся на ўсю разору падкаціўшы сваю гапу пад лапух, каб сонца не прыпякала. За такога суседа свайго пачырванеў бурак, безнадзейна расхіліўшы лісці. Бручка грубаскурая, задаволеная сабою надулася, як бы яна тут най-важнейшая. Кроп, малагодак бесклапотны выраслы празмеру, цэлы ў рабацінні ад беганіны свавольнай з загона на загон. Агуркі ціха тояцца, быццам шайка дзяцей, што не могуць нацешыцца гульнёю ў схованкі. Капуста прысела ад стомы, па-матчынаму расклаўшы дзіравы прыпол, і задумалася.

На загонах усяго пакрысе.


КАСЕЦ
Неба распаленае да беласці. Усюды, як вокам кінуць, гоні. Вось і жніво настала!

Удыхаю пах хлеба, не спяшаючы скідаю з плячэй касу і вастру яе. Жаўрук увысі славіць працавітасць маю аж па суседнія вёскі. Першым я выйшаў у поле!

Сівавусыя каласы кланяюцца ў пояс і просяцца:

— Дай пажыць, дай пажыць, дай пажыць... А мне весела ад іх роспачы.


ВАЛОШКА
Кропля блакіту ў спелым жытнёвым узмежку. Заглядаюцца зайздросна каласы, натапырыўшы вусы.

Сыплеш смехам, сінявокая, і пошум таемнай надзеі коціцца па гонях. Трывожыць і падае сілу ў спякотным лёсе.

Свет малюткі сівее ў склератычным адранцвенні. Серп смерці пакідае цябе драпежным асеннім вятрам. Збыткуюць, глумяцца над пялёсткамі ўдавінай прыгажосці. Росную свежасць палошчуць сцюдзёныя ліўні. Ад знямогі горбішся ў паірдзеўшай дзярніне.

Ціха паміраеш.


ПРЫГОЖАЙ
Думаеш, што ўвесь свет ля ног тваіх ляжа і ласкавай усмешкі папросіць?

Дарэмна мучыш сябе снамі непраўдзівымі ды годы маладыя траціш. Думаеш, што станам стройным жыццё ашукаеш і бляскам сваім яго аслепіш? Не выракайся мазаля працавітага ды горычы слёз. Думаеш, што шчасце ў целе раскошным тваім і бяздумных чорных вачах? Не кожнаму дана трывожнасць кахання ды радасць ягоную адчуць.

Прыгожая ты, але на цябе можна толькі паглядзець, бы на куст ружы дзікай пры гасцінцы, і пайсці далей.


БЯРОЗКА ЛЯ АКНА
Адзінокая, адна ты шукаеш спагады і сяброўства. Лістотаю маладою зазірнеш у акно, а ўвечары, ветрыкамі падвяселеная, шарахнеш па шыбіне, аж гаспадар загледзіцца