Ігнась-чарадзей [Павел Ляхновіч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

жытнёвага поля, то пачынаў слізгаць уніз. Гэта нагадвала слізганне зімой з ледзяной гары на кавалку фанеры. Гэтак жа свішчэла ў вушшу і было страшнавата. Але Ігнаська хутка прылаўчыўся кіраваць целам у паветры. Нават не думаючы, як гэта робіцца. I ён слізгаў так, каб зноў апынуцца над полем. I яго зноў узносіла ўвышыню.

За лесам выгінастай стужкай блішчыць рака. Вунь туды, дзе да яе з лесу выходзіць сцежка, Ігнаська і навінскія дзеці ходзяць купацца. Хлопчыкі пабудавалі сабе з дзірвана ўзвышэнне, каб скакаць у ваду. А Ігнаська скакаць не любіць. Пазалетась адпачывалі паблізу хутара «дачнікі» — сям'я з Мінску, бацька, маці і іхняя дзяўчынка. Малая зусім. Паставілі намёт на беразе і жылі ў ім два тыдні. Падружыўся Ігнаська з дзядзькам Юзікам. Ён трэнер па боксе, паказваў Ігнаську розныя ўдары, расказваў як сілу накачаць. А на развітанне падараваў маску для нырання. Надзеў яе Ігнаська, нырнуў, і ледзве не закрычаў ад захаплення. Якая там прыгажосць! Трава — ярка-зялёная, тонкая і доўгая, быццам жаночыя валасы, на плыні палошчыцца. На дне кялбы чародкай стаяць. А пад карчом — шчупак!. Дзірка ў беразе — гэта ўваход у бабрыную нару. Іх шмат тут. Паўсюль лаза пагрызеная. Бабры карой харчуюцца. Часам, калі прыходзілася познім вечарам ці ўначы на рацэ быць, то чуваць, як яны дрэвы грызуць. Хруп-хруп-хруп-хруп. Валяць таўшчэразныя дрэвы, а потым галіны адгрызаюць і цягнуць пад ваду. Там запасы на зіму робяць. Каб не ўсплылі, у бераг галінкі ўторкваюць. Адзінае, што засмучае Ігнаську ў час нырання — толькі нырнеш, трэба вынырваць, каб паветра дыхнуць. Добра бабрам, або выдрам — тыя хвілін па пяць могуць за паветрам не падымацца.

Трэба будзе паспрабаваць у бабра ператварыцца, або ў выдру. У выдру лепей, бабёр на беразе не вельмі спрытны, а ад таго чароўнага валуна да ракі кіламетра паўтара будзе. Выдрай лепей. А яшчэ трэба ў сокала пера­тварыцца. Раз ён па прозьвішчу Сокал, то хай пабудзе сокалам. Сапсанам. Ігнаська браў чытаць у бібліятэцы кніжку «Звери и птицы нашей страны», вельмі цікавая, дык вычытаў, што сокалы — гэта не адна птушка, а цэлая група. Ну, як сабакі бываюць розных пародаў, так і сокалы — ёсць сапса­ны, крэчаты, каршачкі...

Надакучыла Ігнаську над полем кружыць, знізіўся, уздоўж Навінаў паляцеў. На выгане хлопцы ў футбол гуляюць. На адну браму. Яна там і ёсць толькі адна. Другую ставіць паленаваліся. Гэта ж з лесу трэба жэрдкі цягаць, ямы капаць. Паставілі адну браму, пакуль за жэрдкамі для другой у лес ісці, вырашылі крыху мяч паганяць. I ўсё. Болыи ніхто не пайшоў. Так і засталася адна брама. Тата сказаў, што няма нічога болыи сталага, чым часовае.

Прызямліўся крыху ўбаку ад хлопцаў. Атрымалася лёгка, быццам усё жыццё гэтым займаўся — каля самай зямлі ногі крыху ўперад, а крылы ўбакі і вертыкальна, каб затармазіць. I лёгкі ўзмах. Спыняешся, крыху ўверх, і быццам з ганку саскочыў. I крылы скласці на спіне. Зручна так.

Хлопчыкі вясковыя як ганялі мяч, так і ганяюць, а Толік адразу палку ўхапіў (што за звычка — як што, за кол хапацца!) і да яго. Прыйшлося адразу ўзлятаць. Да хутара роднага пехатой з паўгадзіны дабірацца, а тут меней, чым за хвіліну даляцеў. I сеў на даху. Нічога асабліва новага адсюль не відно, і раней тут бываць прыходзілася, хоць тата з мамай забаранілі на дах лазіць. Гонта ламаецца. Толькі сёння цікава, як бацькі адрэагуюць.

Мама ля ганку бульбу шкрабе. Бульбу, пакуль маладая, чысцяць не абразаючы лушпайкі, а шкрабуць. I вараць яе з кропам. Такая смаката! Асабліва са смажанымі скварачкамі. Або з кіслым малаком. Успомніў Ігнаська, што са сняданку яшчэ не еў, аж у жываце засмактала. Трэба ляцець да валуна, чалавечы выгляд прыняць. Не есці ж яму жаб! Уявіў, што жабу жывую глытае. Нічога. А раней дык і званітаваць магло.

А мама скосу глянула на яго — яна ж не ведае, што гэта Ігнаська — і тату з хаты кліча: «Бацька! Бацька! — а як выйшаў — Глянь, бусел на хату сеў. Можа месца для гнязда шукае. Ты б зацягнуў на дах кола, ці барану. Хай гняздзяцца. Кажуць, буслы на хаце — прыкмета шчаслівая...». «Не ,— запярэчыў тата, — запозна ўжо гняздзіцца. У іх маладыя хутка на крыло стануць. Можа проста адпачыць сеў.» I забыліся пра бусла. Пачалі гутарку пра Ігнаську. Смешна! Ігнаська ходзіць па вільчыку і слухае, што пра яго кажуць. Падслухоўваць увогуле нядобра, але ж Ігнаська не хаваецца, а значыць і не падслухоўвае...

— ...Як пайшоў з раніцы на вёску, дык дагэтуль не было. Нават паесці не прыходзіў. Нешта я ўжо хвалююся, — мама кажа.

— Распусцілі мы яго! — тата. — Сыходзіць без дазволу! Швэндаецца колькі хоча! На рэчку без дарослых ходзіць. Далібог, калі прыйдзе зацемна —налупцую!...

О! А гэта ўжо сур'ёзна. Сонца за лес садзіцца, спяшацца трэба. Узмахнуў крыламі.

«На рэчку без дарослых!». Дачакаешся, каб вы на рэчку пайшлі... У вас ніколі на гэта часу няма! «Налупцую!». Тата кажа, што ў выхаванні дзяцей і сабак часам трэба дапускаць «балявое ўздзеянне». Г эта так закавырыста ён лупцоўку называв. А мама — што дзяцей біць нельга! Хоць аднойчы, даўно...