Упырхлікі [Макс Шчур] (fb2) читать постранично
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (34) »
МАКС ШЧУР
УПЫРХЛІКІ,
або
Праўдзівае апісаньне капіталізму ў адной асобна ўзятай краіне Захаду, складзенае ад няма чаго рабіць рабом Божым Андрусём Макатоўшам, блудным сынам і ўнукам, пляменьнікам Базылёвым, беларусцам з-пад Наваградку, валацугам і прайдзісьветам
з прадмоваю Габруся Калоды й пасьлямоваю ды заўвагамі Макса Шчура
Прадмова
Дзецюкі! Мужычкі мае родныя!
Пішу вам, бо мой дарагі друг і аўтар гэтай кніжкі за выключэньнем прадмовы Андрэй Андрэевіч Макатоўша пра гэта мяне ня так даўно папрасіў. Кажа, Габрусь, напішы мне прадмову да кніжкі, бо ты ж пісьменьнік. Гэта праўда, бо я сам ня так даўно адну кніжку напісаў, але вы яе, напэўна, яшчэ не чыталі. Я яму кажу: лёгка! А да якой кніжкі? Вунь колькі на паліцы кніжак — давай з шасьці любую, я ўсе чытаў. А Андрусь, маўляў, не, да маёй уласнай. Я ўжо, як той дурань, зьбіраўся яму зноў уласную падпісваць. І тут да мяне дайшло: да ягонай кніжкі! Ну, добра — а дзе яна? А ён на гэта такі: няма. Во прыкаліст! Я дык яшчэ ніколі не пісаў прадмову, нават сам да сябе. А да кніжкі, якой няма, дык зусім. Але Андрусь абяцае, што будзе — то я во пішу. Так бы сказаць, сваімі словамі, а не пад дыктоўку. Аж непрывычна, то ж бо маю кніжку мы пісалі на адварот. Андрусь пісаў сваімі словамі, што я дыктаваў. Ай, якая ўрэшце розьніца, хто каму дыктуе. Што я хацеў вам сказаць. Мой дарагі друг і аўтар гэтай будучай кніжкі Андрусь, ён хоць і прыкаліст — але чалавек вялікага даверу. Усё, што ён мне пра сябе дагэтуль расказаў, поўная праўда. Таму ў ягонай кніжцы можаце не сумнявацца, калі будзеце яе чытаць, як і ў маёй. Я вам там у асноўным даю ўсякія парады, як гатаваць смачную ежу. А вось Андрусь піша пра тое, як усё насамрэч было. Каб вы не паўтаралі нашых памылак. А яна ў нас толькі адна: эміграцыя. Я памыліўся, што ў яе зьехаў запозна, а Андрусь — што зарана. Што зробіш, былі маладыя і дурныя. Андрусь кажа, каб я напісаў: гэтым я хачу паставіць мне і табе групавы помнік. Калі вы яго і праўда будзеце ставіць, то хай мы на ім з Андрусём стаім у абдымку. Адзін такі абдымак пастаўце мне ў вёсцы, а другі — яму ў вёсцы. Толькі зрабіце палюдзку, каб з нас не сьмяяліся. Як напішаце — дашлю вам наглядны эскіз. Ну, бадай, усё. Да сустрэчы ў эфіры! А, забыў: калі Андрусь будзе пісаць пра мяне гадасьці, тады яму ня верце. Цяпер усё. Калі я вас нечым пакрыўдзіў, то выбачайце.
Габрусь Калода, Прага
Частка першая: Андрусь
1.
Каб любіць Беларусь нашу мілую,
трэба ў розных краёх пабываць.
Песьня савецкіх часоў
Не адзін вялікі пісьменьнік да мяне задаваўся пытаньнем, з чаго яму варта пачынаць свой галоўны й часта адзіны твор — задаюся ім і я, у астатнім чалавек зусім, трэба сказаць, не задавасты. Ну хіба сраку я за гады, што праўда, крыху ад’еў. Мая прыроджаная (ці адпрыродная? як бы напісаў вялікі пісьменьнік?) сьціпласьць змушае мяне патлумачыць вам, сваім чытачам (выбачайце, што пішу вам з маленькай літары, бо так, наколькі мне ведама, патрабуюць правілы — а таксама з адной маленькай вёскі, назвы якой ня маю ахвоты прыгадваць, надта ж яны абедзьве мне ненавісныя), адкуль уласна паходзяць вытокі гэтае самай сьціпласьці — то бок пачаць з моманту майго нараджэньня, але ж яго я акурат, як на бяду, і ня памятаю. Затое памятаю шэраг іншых ня менш важных рэчаў, якія адбыліся са мною неўзабаве пасьля яго. Першаю рэччу ў гэтым шэрагу быў той незабыўны дзень, калі я даведаўся, што я сірата. Паведаміў мне пра гэта ня хто іншы, як злыя дзеці ў дзіцячым садку пры дзіцячай калёніі, куды траплялі, як неўзабаве выявілася, такія ж, як я, малалетнія правапарушальнікі, што таксама пазабівалі сваіх мацярок пры родах. Пасьля гэтага паведамленьня я пачаў плакаць і плакаў тры дні й тры ночы, пакуль у маім жыцьці ўрэшце не зьявіўся дзядзька Базыль, тэрмінова выкліканы да мяне з выцьвярозьніку, каб забраць мяне ў так званае дзядзькаваньне. На той момант мне было тры гады.
Дзядзька Базыль і насамрэч быў маім дзядзькам, то бок братам майго нябожчыка-бацькі, які скончыў жыцьцё самагубствам тады, калі даведаўся пра цяжарнасьць маёй матулі. Дзядзька займаўся настаўніцтвам па суседзтве — гэта значыць, збольшага хадзіў па суседзях і за пачастунак вучыў іх, як трэба жыць. Яшчэ ў той жа дзень дзядзька Базыль прадставіў мяне маім бабці зь дзедам — сваім і майго бацькі бацькам. Дзеля гэтага ён завёз мяне да іх на вёску й пакінуў мяне там азнаямляцца з жыцьцём простага народу да маіх дзевяці гадоў, калі мяне ўрэшце прызналі прыдатным да навучаньня ў школе й аддалі ў першую клясу. Да гэтага ўсё ішло як нельга лепей: у бабы зь дзедам мне было анігадкі, па вечарах мы гулялі зь імі ў даміно й карты, шляхам чаго я набіраўся розуму. Дзядзька Базыль рэгулярна нас наведваў: як толькі ў астатніх дзяцей (а такім чынам, і ў яго як настаўніка) пачыналіся летнія вакацыі, ён тут жа зьяўляўся на парозе і пачынаў мною займацца на правах апекуна. Гэта значыць
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (34) »
Последние комментарии
13 часов 22 минут назад
13 часов 39 минут назад
13 часов 51 минут назад
13 часов 57 минут назад
16 часов 28 минут назад
16 часов 32 минут назад