П'есы: Клоп. Лазня. [Уладзімір Маякоўскі] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

УЛАДЗІМІР МАЯКОЎСКІ. П'ЕСЫ


П'есы: Клоп. Лазня./[Пер. з рус. К. Кірэенка].— Мн.: Маст. літ., 1985.— 152 с., іл.


Рэдактар Н. I. Тулупава

Мастак Н. У. Сустава

Мастацкія рэдактары А. I. Труханава, А. I. Цароў

Тэхнічны рэдактар А. Б. Барадзіна

Карэктар К. А. Крукоўская


КЛОП


ПРАЦУЮЦЬ:

Прысыпкін — П'ер Скрыпкін — былы рабочы, былы партыец, цяпер жаніх.


Зоя Бярозкіна — работніца.

Эльзевіра Давыдаўна — нявеста, манікюрка, касірка цырульні.

Разалія Паўлаўна — маці-цырульніца.

Давід Осіпавіч — бацька-цырульнік.

} Рэнесанс.


Алег Баян — самародак, з домаўласнікаў.

Міліцыянер.

Прафесар.

Дырэктар заасада.

Брандмайстар.

Пажарнікі.

Шафер.

Рэпарцёр.

Рабочыя аўдыторыі.

Старшыня гарсавета.

Прамоўца.

Вузаўцы.

Распарадчык урачыстасці.

Прэзідыум гарсавета, паляўнічыя, дзеці, старыя.


І


Цэнтр — круцяцца вялізныя дзверы універмага, бакі — зашклёныя; затавараныя вітрыны. У дзверы ўваходзяць пустыя, выходзяць з пакетамі. Па ўсім тэатры снуюць прыватнікі-латочнікі.


Разносчык гузікаў

Дзеля гузіка не варта жаніцца, праз гузік грэшна сварыцца! Адзін націск вялікім і ўказальным пальцамі, і штаны з грамадзян ніколі не зваляцца.

Галандскія,
Механічныя,
Гузікі, што самі прышываюцца,
6 штук 20 капеек...
Калі ласк, мусью!

Разносчык лялек

Танцуючыя людзі
З балетных студый!
Лепшая зáбаўка
Ў садзе і дома,
Танцуе па ўказанню
Самога наркома!
Разносчыца яблык

Ананасаў!
               Няма...
Бананаў!
             Няма...
Антонаўскія яблычкі 4 штукі 15 капеек.

Загадаеце, грамадзяначка?

Разносчык тачыльных камянёў

Нябіткі
           германскі
                          тачыльны брусок.
30
    капеек
               любы кусок!
Точыць усё —
                      галавой паручуся:
Брытвы,
             нажы
                      і языкі для дыскусій!
Калі ласк, грамадзяне!

Разносчык абажураў

Любой
           расфарбоўкі і масці абажуры!
Блакітныя для сем’яў,
                                 чырвоныя для юру!
Уладкоўвайцеся, таварышы!

Прадавец шароў

Шары-кілбаскі.
Ляці без апаскі.
Такі б вось
                 шар
                        генералу Нóбіле [1], —
Яны б на полюсе
                          гадоў бы сто былі!
Бярыце, грамадзяне...

Разносчык селядцоў

А вось
          лепшыя
                      рэспубліканскія селядцы.
Незаменныя там,
                          дзе гарэлка і блінцы!
Разносчыца галантарэі

Бюстгальтары з футрам,
Бюстгальтары з футрам!
Прадавец клея

У нас
        і за мяжою,
                          а таксама ўсюды
Грамадзяне выкідваюць біты пасудак.
Славуты
Экцэльзіёр,
                  клей-парашок,
Клеіць
           і Венеру
                        і начны гаршчок.
Загадаеце, васпані?

Разносчыца духоў

Духі Кóці [2]
               на залатнікі!
Духі Кóці
               на залатнікі!
Прадавец кніг

Што робіць жонка, калі мужа няма дома, 105 вясёлых анекдотаў былога графа Льва Мікалаевіча Талстога замест рубля дваццаці — пятнаццаць капеек! [3]

Разносчыца галантарэі

Бюстгальтары з футрам,
Бустгальтары з футрам!

Уваходзяць Прысыпкін, Разалія Паўлаўна, Баян.


Разносчыца

Бюстгальтары...
Прысыпкін (з захапленнем)

Якія арыстакратычныя чэпчыкі!

Разалія Паўлаўна

Якія ж гэта чэпчыкі, гэта ж...

Прысыпкін

Што ж я без вачэй, ці што? А калі ў нас двайняты народзяцца? Гэта вось на Дароці, а гэта на