Львы [Іван Пташнікаў] (fb2) читать онлайн
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Іван Пташнікаў Львы
Міколу Мятліцкаму прысвячаю.
Апавяданне
1
Джукі блажыла. Яму выварочвала нутро і язык, — язык рабіўся доўгі, выцягваўся з рота, чырванеў, як агонь, слаўся на траву і на жоўтыя ў цвеце кунатыя адуванчыкі, і з яго цякла зялёная сліна — пенай. Калі блага адпускала, яго адразу хапаў кашаль — сухі, дзяркаты, глыбокі, ад яго падцінала духі, спірала ў вузкіх, маладых яшчэ сабачых грудзях — Джукі не было яшчэ і двух гадоў, — і ён тады задыхаўся ад сухой гарачкі, якая паліла ў горле і востра пахла растаптаным палыном і ёдам. Ён бег тады з двара, пасля бег вуліцай з Бабчына на лог, пасечаны на чорныя сцежкі кароўімі капытамі яшчэ ад згону зімы, шукаў жыватом халодную пляйстру зямлі, клаўся аблогай і выцягваў сваю чорную як смоль з белай ласачкай на носе морду ў купіну — у густую цёмную ніжыперніцу, на якой увесь дзень, горача ці холадна, віселі буйныя, па ягадзе, кроплі расы. Тады адпускала, можна было перавесці дух. Язык цямнеў, рабіўся ліловы, не лез назад у рот, ляжаў на купіне, выцягнуты і здранцвелы, не хацеў нават злізваць расу. Па языку адразу пачыналі поўзаць мурашкі. Маленькія, худзенькія, рудыя і жоўта-выцвілыя, яны абсыпалі яго і пяклі, што крапівай ці чорт ведае чым… І тады Джукі чуў, што ён яшчэ жывы… Падымаў сваю доўгую чорную з ласачкай морду з купіны і адплюшчваў балючыя вочы. Яны рэзаліся ад пяску, пылу, дыму, смуроду і былі мокрыя ад гарачых слёз. Ён цёр тады іх сагнутай крывой правай лапай — зраслася абы-як пасля таго, як ён сунуў яе ля магазіна пад машыну; калі апускаў лапу — уваччу было жоўта ад адуванчыкаў. Яны раслі, старчма і абвісшы, на купіне, на сцежцы, воддаль на лагу, усыпалі поле, як скінуць балючымі вачыма, перабягалі за шэры асфальт і знікалі пад самым лесам ля Вялікай Пелі — балотца. Ад іх уся зямля, увесь Бабчын і нават зацягнутае густой тумановай завалаччу сіняе неба акрывавілася нейкай праціўнай успененай чырвонай жаўцізной… Здавалася, што ўвесь свет жоўты… Каб хоць сонца ўгары не было жоўтае. А то і яно крывава-жоўтае і, падняўшыся над лесам і над дарогай, круціцца і круціцца, як вялікае сабачча вока… Ад яго пачынае круціцца зямля падыспадам з полем, Бабчынам, шэрай шашой, далёкім лесам, — каб і хацеў, дык не ўдзержыш яе пад сабой сваімі пакалечанымі кволымі сабачымі нагамі. Як ні чапляйся… І тады зноў падступае блага… Так тузае, што, здаецца, галаву сарве з карка і адкіне за жоўтую купіну… Блажыць пачало тыдні два назад, калі з начы выпаў сіні іней. Джукі тады сарваўся з прывязі — адцяў два кружочкі ад ланцуга, яны і цяпер, калі ён бяжыць, бывае, звіняць на ашыйніку на грудзях, там, дзе спірае кашаль. Ён бег у тую раніцу вуліцай, а над ёй вісеў густы нейкімі жоўта-бурымі клубамі — ад ранішняга сонца, ці што? — туман. Ні хат, ні платоў не было відаць. Вуліцу ён чуў толькі носам — пахла пылам і палыном, што рос ля платоў і частаколаў. Туман быў цёплы, як пара, і пах нейкай праціўнай мазутай, перагарам, паленай гумай, бензінам, гнілой ворванню, ад якой выварочвала нутро, і… ёдам. Джукі бег за вёску, шукаючы ў рудым тумане хоць які ўзмежак з прытаптанай вільготнай дзяцельніцай, куды можна было б уткнуць нос. Спачатку ён дыхаў палыном. Пасля і палын пачаў смярдзець, бензінам, гнілой ворванню і ёдам… Ні ля калгаснай студні, ні на ўзмежках, ні на дзядзінцы ля фермы не было ратунку… Выбегшы за вёску на лог, Джукі згледзеў, што ўсюды на траве ляжыць сіні дробненькі іней — насыпаўся, як увосень. Іней лез у нос, нічым не пах, можа, трохі сухім торфам, але хацелася перхаць. Ад перхаўкі шорсткі, як пілавінне, сіні іней лез у грудзі, і тады іх разрываў кашаль. Праз якую гадзіну пачало блажыць — вырвала на жоўтыя адуванчыкі ўсё, што Джукі падабраў учора позна вечарам на двары ў курыным карыце, і пагнала зялёную пену… Ужо нічога не давала рады: ні палын на межах, ні зверабой, ні лебяда ў гародзе, ні жоўтыя адуванчыкі, якія ён жвакаў у роце зубамі, — адуванчыкі буялі такім цветам, які Джукі ніколі яшчэ не бачыў. Не ратаваў ні густы пырнік, ні дзяцельніца, ні жычка ля хлеўчыка, ні маліннік у гародчыку ля студні, дзе Джукі качаўся. Куды толькі ён не соваў нос… Нідзе не было спасу. Ратавала толькі ніжыперніца — расла, сцелячыся сваім шырокім, пажмаканым, як мяхі ў гармоніку, лісцем па самай зямлі. Яе прыкрывалі зверху ад інею і пылу густая трава і адуванчыкі, ніжыперніца была халодная, як лёд, і на ёй вісела раса. На другі дзень Джукі шукаў носам адну толькі ніжыперніцу. Спачатку ён злізваў сваім доўгім языком з яе халодную расу. Пасля пачаў жаваць лісце і глытаць. Блага мінала. І Джукі, пасля таго як выпаў сіні іней, усе гэтыя дні, калі яго душыла блага, шукаў ніжыперніцу…2
Пасля ніжыперніцы адпусціла. Джукі мог дыхаць усімі, ахрыплымі за гэтыя дні, грудзьмі, і, падняўшыся з лагчынкі ля купіны, ён пабег, форскаючы ад пылу і задзіраючы морду, назад у Бабчын — на свой двор, дзе з учарашняга былі расчынены насцеж і вялікія вароты, куды заязджаў гаспадар на трактары і на грузавой машыне, і маленькія варотцы, праз якія ўсягды хадзілі да іх на двор па ваду суседзі. Джукі на суседзяў ніколі не брахаў; ляніва глядзеў і на курэй, што беглі на двор з усяго канца вёскі і лезлі ў карыта да свіней. Іх ганяла сама маладая гаспадыня — гальніком, дзержачы на руцэ малое. На двары было пуста, дзверы ў хату і ў хлеў былі пазачыняны. У хляве, чуваць было, грукала рагамі аб сцяну карова і рохкалі свінні. Куры, выдзеўбаўшы гразь у карыце, паселі на ганку і круцілі галовамі. У хаце крычала на ўсё горла радыё — не выключылі. Джукі, прыбегшы з логу, як і ўчора раніцай, шукаў маладога гаспадара: станавіўся на заднія лапы і пярэднімі дзёр па дзвярах у хату, пішчаў і скуголіў. Ніхто не адчыняў. Тады ён даставаў лапамі да акна ў хаце і стрэпаў кіпцямі па шкле. У хаце было пуста. Джукі бачыў у шыбіне толькі сваю чорную вострую морду з белай плямкай на носе і доўгі чырвоны язык — выцягнуўся за гэтыя дні, аж не месціцца ў роце. Каб хоць яго можна было схаваць за зубамі, а то целяпаецца, ловячы пыл, пясок, мух і мурашак, робіцца за дзень шорсткі, як тарка. Мякчэў язык толькі пасля благі — ад зялёнай пены. Джукі глядзеў праз акно ў хату, дзе былі параскіданы па падлозе лыжкі і дзіцячыя чырвоныя лялькі, і чакаў. Вот выйдзе на ганак малады гаспадар, высокі, стройны, чорна кучаравы, у чорных штанах і белай рубашцы. Джукі падскочыць з зямлі, пакладзе яму на плечы пярэднія лапы і лізне языком у самы кончык носа, асцярожна, далікатна — і ўсё: малады гаспадар не любіў, каб яму вадзілі па шчоках мокрым языком, як анучай, гэта маладую гаспадыню можна было лізаць, ніколі не закрывалася, — і тады малады гаспадар пусціць у хату, адчыніць шафку і адрэжа яму кавалачак кілбасы, што прынёс з магазіна. Джукі яе вельмі падабаў. Джукі лёгка клаў маладому гаспадару лапы на плечы — быў у свае няпоўныя два гады рослы — на высокіх лапах; доўгі — калі клаўся пад дзверы, займаў увесь ганак; з доўгім хвастом — хвост чорным цяжкім выцягнутым сярпом цягнуўся за ім аж па зямлі. Сам Джукі быў, відаць, беспародны, аблавухі дварняк, толькі, што ні кажы, — разумны і, ў дадатак да ўсяго, чорны, як бог ведае ў што афарбаваны, і бліскучы, аж палыскаўся. Малога яго звалі Бімам, пасля, калі падрос і ўжо ганяў курэй, сталі зваць Жукам. А летась увосень на цэлы месяц прыехаў дамоў іхні сусед — таксіст з Кіева. Высокі, вышэй маладога гаспадара, ценкі, цяней за гаспадара, з доўгімі, аж па плечы, кучаравымі чорнымі валасамі, даўжэйшымі, чымся ў маладога гаспадара, з чорнымі вусамі, большымі, чым у гаспадара, хадзіў ён заўсёды ў белых штанах, чырвонай рубашцы, пад чорным, як у яго, Джукі, хвост, доўгім гальштукам і ў чорных, такіх бліскучых туфлях, што на іх не было як глядзець — слеплі сабачыя вочы. Ён зваў яго не Жук, а Джукі — на загранічны манер. І перахрысціў сваёй лёгкай рукой. Адразу… За акном усё яшчэ звінела радыё і муха — білася ў шкло. Гаспадар не выйшаў ні з хаты, ні з хлява. Джукі тады скочыў у сад — у кут да студні. У два скачкі, з ганка цераз частакол… Закалыхалася толькі ўгары голле ад яблыні і пасыпаўся на сцежку пад лапы позні белы цвет… Джукі не бачыў яшчэ, каб так цвіў сад — быў увесь белы ад цвету, як ад пены, зрабіўся нейкі празрысты, нібы шкляны, і цягнуўся ўгару — здавалася, за гэтыя дні ён пачаў шугаць у неба адным белым цветам. І трава ў садзе так буяла, што ў ёй хавалася дзежачка з вадой, якая стаяла пад яблыняй… У садзе было ціха — каб дзе муха зазвінела. Джукі, не знайшоўшы ў садзе гаспадара, бег ад студні белай ад цвету сцежкай на двор і чуў, што ступае лапамі на мёртвых пчол… Яму яшчэ здалося, што ў хаце заплакалі малыя гаспадаровы дзеці. Ён спыніўся ля ганка і задзёр угару галаву — у сінім небе над вёскай нылі самалёты, цягнучы за сабой белыя, як цвет на яблыні, пеністыя дарожкі — іх было аж чатыры, — і за сцяной у хаце звінела радыё… І Джукі, як і ўчора, не знайшоўшы дома маладога гаспадара, выбег на вуліцу і пусціўся ў канец вёскі да школы, дзе ён бачыў свайго гаспадара апошні раз. Выбегшы на вуліцу, ён быў яшчэ спыніўся — хацеў павярнуць на шашу, каб пабегчы ў лес да свінакомплекса, дзе ўсягды дзень і ноч прападалі яго малады гаспадар і маладая гаспадыня і дзе ў дзесяці доўгіх і высокіх мураваных будынках было гэтулькі свіней, што калі б давялося забрахаць на кожную адзін толькі раз, не хапіла б сабачага жыцця… Але ён ужо бегаў туды ўчора. Маладога гаспадара там не было. Адно галодныя свінні вірашчалі так, што здавалася, поўсць стане дыба… І Джукі пабег у канец Бабчына пад Стралічава.3
Пацягнуўшы носам густы пыл з палыном і мазутам, Джукі адразу пачуў, што ягонага маладога гаспадара няма ў грумадзе. Але ён бег, усё нюхаючы пыл і форскаючы носам, у грумаду да школы пад канец вёскі. Усюды пахла палыном і саляркай, здратаванай травой, дымам ад папярос і праціўным вінным перагарам, як ад кіеўскага таксіста, а ён, Джукі, цягнуў і цягнуў носам пыл: не ля школы, дык ля магазіна гаспадар будзе — мала, што ён у тую раніцу сеў з маладой гаспадыняй — у яе на руках было двое малых, а ён валок два вялікія чамаданы — у бітком набіты аўтобус. Перад тым гаспадар пусціў яго ў хату і доўга гладзіў па галаве, гледзячы ў вочы. Пасля сам лізнуў яго, Джукі, у нос і заплакаў. Джукі бег ззаду за аўтобусам аж за Стралічава, не дабегшы да Хойнік. Джукі не раз быў у Хойніках, ведаў, што малады гаспадар мог сесці ў вялікі чырвоны аўтобус і паехаць далей — у Гомель. Ну і што?.. Не раз было: паедзе — прыедзе… У грумадзе ля школы на дзядзінцы неяк прарэзліва і праціўна звінелі галасы і вёдры — ну і што? Хіба так не было? Завялі трактар, застракатаў матацыкл, зараўлі цяжкія, крытыя брызентам машыны, пускаючы сіні дым вышэй стрэх. Ля магазіна стаялі ў рад вялікія чырвоныя аўтобусы… Джукі адразу сунуўся ў грумаду — пад ногі: яму раптам здалося, што ён пачуў знаёмы пах гаспадара — пах свіней на свінакомплексе, саляркі, варанай бульбы і яшчэ нечага рэзкага — так пахлі двое маленькіх дзяцей, калі гаспадар трымаў іх на руках; малаком і сікамі. Гэты пах быў недзе зусім блізка, і Джукі аж спёрла ў горле. Ён бег, цёршыся ля босых, мокрых ад расы і апырсканых граззю ног, ля халяў кірзавых запыленых ботаў і заляпаных гноем гумовікаў, ля новых беленькіх кедаў, красовак, туфелек, чаравікаў і басаножак… Ён круціўся ўзад-уперад, задыхаючыся ад пылу, яму сталі абцасам на балючую правую лапу, і ён закульгаў… Кульгаў, пакуль не пачаў задыхацца ад пылу і знямогі. Падумаў тады, што і боты, і босыя ногі, і штаны, і спадніцы — усё пахне сёння гаспадаром: свіным хлевам, гарам і дзіцячымі сікамі, збіваючы яго са штыху. Рыкала недзе скаціна, крычалі і плакалі людзі, брахалі сабакі, хлебястаў блізка трактар, але Джукі не шманаў — такое бывала і ля школы, і ля магазіна не раз. І не такое нават, калі сюды сыходзілася вечарам шафярня і калі сярод іх быў кіеўскі таксіст. Але сёння над усім гэтым — над вёскай, над людзьмі, над доўгімі чырвонымі аўтобусамі і вялікімі кузаўнымі машынамі, крытымі брызентам, у кабінах якіх сядзелі ваенныя, вісела нейкая ўтрапёная, гарачая чалавечая трывога, якую Джукі ўлавіў ужо тыдні два назад. Яна адрознівалася ад звычайнай сабачай трывогі, і яе Джукі ніяк не мог зразумець сваім маладым яшчэ розумам… Нарэшце яна вылілася ў адну кроплю, чыстую і празрыстую, як раса на ніжыперніцы: ён больш ніколі не ўбачыць свайго маладога гаспадара з маленькімі дзецьмі на руках… Над вёскай павіслі гарачае сонца — паліла з засмужанага жоўтага неба — і плач. Дзяцей адлучылі ад грумады і пасадзілі ў вялікія чырвоныя аўтобусы — садзілі людзі ў белых шапачках на галовах. Ад іх пахла ёдам — аж зрывала нос. У аўтобусах шчыльна пазачынялі вокны. Астатняя грумада, грукаючы кірзавымі ботамі, шлёпаючы гумовікамі і сіляючы басаножкамі пясок, села ў крытыя брызентам машыны. Ля школы асталося некалькі чалавек з вёскі — пусціліся бегчы за машынамі. Джукі абагнаў іх і пабег першы. Бег аж за Стралічава, пакуль язык ад пылу, што падымалі машыны, не зрабіўся шорсткі, як кара… Тады яго зноў зблажыла…4
Змораны, Джукі сядзеў на пагурку ля шашы пад Стралічавам і глядзеў на поўдзень, дзе несціхана гулі ў небе самалёты і далёка, недзе ўжо на Ўкраіне, падымалася і стаяла, як і ўсе гэтыя дні, густое бурае воблака. Ён не ведаў чаму, але яму раптам захацелася завыць, і ён, задзёршы ўгару галаву і гледзячы на рудое воблака, над якім кружылі дробныя чорныя мушкі — самалёты, зацягнуў, як воўк. Раз, другі, цягнуў доўга, як выліваючы з душы і страх і бяду і сабачыя слёзы па гаспадару, якога вельмі любіў, і самому яму адтаго рабілася жудасна — уставала на хібе поўсць… У Бабчыне пачалі адзывацца сабакі. Яны і атакавалі яго, калі ён збег з пагурка ад Стралічава на вялікі лог з асушальнымі канавамі, у якіх блішчала на сонцы вада. Бабчын разросся, пайшоў паўкругам да шашы і да лесу, акруціўшы шырокай, доўгай абтаполенай вуліцай хат на дзвесце вялікі лог, дзе нядаўна яшчэ было возера. Па ім плавалі на чоўнах па траву, лавілі карасёў і стралялі качак. Яны сабраліся з усяго Бабчына на лагу ля канавы. Вада ў ёй была роўна з берагамі. На беразе стаяў чырвоны трактар — пампаваў яе ў два вялікія, укрытыя цэлафанавай плёнкай, душы — адзін і воддаль яго — другі. За плёнкай відаць былі цьмяныя сілуэты голых людзей; вуха лавіла халодны баязлівы смех. Да душаў — аднаго і другога — выцягнулася доўгая чарада людзей, як, бывае, да магазіна; знадворку ля цэлафану падымалася высака ўгару мыльная пена, і яе разносіў гарачы вецер, які дзьмуў з самай раніцы з гары — з Украіны. Ля душаў, ля трактара і ля крытых брызентам машын завіхаліся людзі ў белых халатах, з белымі шапачкамі на галовах і з белымі павязкамі на тварах… Атакавалі яны яго з гэтага боку, ад людзей з белымі шапачкамі. Джукі згледзеў яшчэ здалёку, з гары, што яны, збегшыся, круціліся пад нагамі ў людзей з белымі шапачкамі, перабягалі ад трактара да канавы і назад, ляжалі хто як на траве, кашлялі, перхалі, ванітавалі, падпаўзалі да душа і лізалі белую пену. Былі злосныя, гыркалі на людзей і самі на сябе. Джукі іх усіх адразу пазнаў: леглі, згледзеўшы яго, на беразе канавы на стоптанай траве ў адзін рад і натапырыліся ў яго бок, нават хвастамі не краталі — чакалі. Самая першая ляжала, выцягнуўшы ўперад лапы і паклаўшы на іх морду, сучка Брынза. Была яна старая, худая, доўгая, касцістая і ўся жоўтая — і вочы ў яе былі жоўтыя. Жыла яна з таго канца Бабчына, пад свінакомплекс, у старой будцы з дзіравай жоўтай, як сама, ржавай бляшанай стрэшкай ля хлеўчыка ў такой жа старой гаспадыні. У Брынзы быў гадаванец — Тузік, такі ж жоўты, кудлаты, толькі недаростак. Ляжаў ён цяпер за ёй ззаду і церабіў нагой за вухам. Воддаль Брынзы, павярнуўшыся да яе галавой, кашляў Руды. Дварняк з выбітым вокам. Невядома чый. Аціраўся каля ўсіх свіных карыт у Бабчыне і ў дадатак еў курыныя яйкі ў гнёздах. За Рудым ніяк не мог улежаць — усё торгаўся і круціў па баках галавой — Палкоўнік, высокі, калі стане на ногі, рыжы, стройны ганчак-мяшанец. Жыў цераз вуліцу ад старой сучкі Брынзы. Гаспадар яго, прыйшоўшы некалі без нагі з вайны, крычаў, напіўшыся: я — палкоўнік! Гаспадар так і стаў у вёсцы Палкоўнікам, а цяпер і ягоны сабака. Палкоўнік-сабака быў усягды дагледжаны, накормлены. Меў раскошную новую, пафарбаваную ў чырвоны колер, як страха на хляве, будку і кожны раз кідаўся з яе на Джукі і хапаў адразу за горла, калі той забягаў на двор. За Палкоўнікам ляжалі ўпобачкі Пушок і Чапа — Чапкоўскі. Пушок — маленькі, рыжанькі, кудлаценькі. Хатні. Жыў пасярод вёскі ў маленькай хаце адзінокай гаспадыні. Чапа — Чапкоўскі — быў чорны, прыземісты, даўгавухі — вушы аж па зямлі. Ніколі не задзіраў галавы, любіў дзяцей, бегаў за імі па вёсцы, і яны цягалі яго за вушы. Гаспадара яго Джукі не ведаў. За імі, ускочыўшы раптам з зямлі, пачалі нюхаць адзін аднаго два Бімы — Вялікі Бім і Малы Бім. Абодва чорныя, у белыя плямы. Равеснікі Джукі. З новага пасёлка над Стралічавам. Жылі яны на размалёваных верандах, будак у іх не было. Скочыўшы наперад, падбеглі і ляглі бліжэй за ўсіх да яго, Джукі, Вермут — карычневы, як спелы каштан, падобны на аўчарку шыракагруды здаравяк, і сучка Вілія — такая ж карычневая аўчарка — дзесятая вада на кісялі. Гэтыя жылі ў канцы вёскі ля школы. Ні будак у іх не было, ні жыцця добрага. Прывёз іх некалі абаіх са Стралічава п'яніца-трактарыст смаркатымі шчанятамі і кінуў на вуліцы… Яны і цяпер ляжалі ўсягды на вуліцы на пяску ўпобачкі, перахлябістыя, галодныя, і куры клявалі ім хвасты. Далей кратаўся ў траве, як усё роўна рыў сабе яму, чорненькі маленькі Маркіз з белай манішкай на грудзях і стаячымі вушкамі. Гэтага Джукі добра не ведаў — прывезла яго фельчарка з Гомеля і рэдка выпускала з хаты. Была тут і сучка Малекула, бурая, падгалая. Жыла ў настаўніка ля самай школы ў хітрай будцы з шыфернай стрэшкай. Лавіла курэй. Апошнім у гэтай сабачай гайні, якая часта збіралася вечарамі ў Бабчыне на лагу, ля школы, на ферме, а то і аж на шашы пад свінакомплексам і рэдка разыходзілася з мірам жывая і здаровая, быў Мірон — чорная няўдалая барзяціна. Жыў Мірон на двары ў старшыні калгаса. Сядзеў усягды ці на ланцугу ля будкі, ці ў легкавой машыне з гаспадаром. Ён першы і кінуўся на яго, Джукі, падскочыўшы з зямлі, як мячык… І ў гэту кароценькую долю імгнення, пакуль Мірон вісеў угары, Джукі згледзеў, што той аблез… Быў увесь шэры, нібы ўкачаны ў попел. Доўгая чорная кудлатая поўсць у яго асталася толькі на шыі і на канцы хваста, як у льва… Дагэтуль Джукі бачыў львоў толькі ў тэлевізары, калі гаспадар быў добры і пускаў яго вечарам у хату… Ён спопаразку затрымаўся на міг на месцы — а так бы ён скочыў убок! — тут яго і збіў з ног Мірон, пакаціўшы па траве… Коцячыся ўніз з беражніцы, Джукі згледзеў яшчэ, як усе яны, пачынаючы ад жоўтай Брынзы і канчаючы прагавітай Малекулай з Бімамі, Чапамі і Маркізамі — няшчаснай малечай, калі схапіць якую — на адзін зуб з кішкамі ў прыдачу — распласталіся ўгары ў шалёным скачку. І зноў Джукі разанула па вачах — усе яны аблезлі: і Брынза, і Малекула, і два Бімы… Хто знізу з жывата, хто зверху са спіны. Жоўтая Брынза была ўся голая… Яго збіў з ног Мірон, Мірон яго і выратаваў. У той міг, калі жоўта-гола-шэрая беспародная гайня, сплёўшыся яшчэ ўгары над ім у раз'юшаны разяўлены клубок, сапучы гарачынёй, яхкаючы і рычачы, упала на яго зверху — яна лучыла на спіну Мірону, які ў гэты час прыціснуў яго, Джукі, перакуленага дагары, да зямлі і намагаўся сцяць зубамі за горла. Мірон заекатаў на ўвесь свой пярхаты, ахрыплы голас; пад ім распаўзліся ногі, і ён прыціснуў сабой — з усёй гайнёй, якую не ўтрымаў на спіне — Джукі да зямлі… Джукі пачуў, як у яго палезлі з вачніц вочы… Пасля гэты калючы, гарачы, раз'юшаны аблезлы клубок падхапіў яго вострымі кіпцюрамі з зямлі і, здзёршы ашыйнік, пакаціў па беражніцы, парытай кратамі, па ліпкай траве, запырсканай пенай, слінай, сікамі і кроўю. Ён чуў, як яго рвалі зубамі за спіну, за бакі, за хвост… і сам выпусціў кіпцюры і запусціў зубы, чуючы ў роце пясок, поўсць, якая была асталася яшчэ на баках аблінялай зграі, і салёную кроў, ад якой ён звярэў… Але іх, аблезлых, было многа… А ён быў адзін… І яны кацілі яго берагам да чырвонага трактара, пасля людзям пад ногі на мокрую траву і мыльную пену. Кацілі і рвалі зубамі… Калі яго выкацілі на чыстую беражніцу на чорны торф і сівы пясок, ён пачуў, што задыхнецца ад пылу, не вытрывае… Хапіў кашаль, і падступіла блага… Як кожную раніцу… Злавіўшы момант, калі яго зноў распласталі на спіне, ён сабраў у абкусаныя лапы ўсю сваю сабачую сілу, спружыўся, адштурхнуў ад сябе гарачы, запылены зубаты клубок і… астаўся ляжаць на зямлі… на спіне… Гарачы, раз'юшаны клыкасты клубок у гарачцы забыўся на яго і пакаціўся, гыркаючы, форскаючы і якочучы, сівым пясчаным логам, падымаючы з зямлі пыл, поўсць, камякі торфу, траву і жоўтыя адуванчыкі… Джукі ляжаў на мокрай ад крыві траве на спіне, не могучы адразу падняцца. Напружыўшыся, ён задзёр галаву і глядзеў на запылены аблезлы львіны клубок, які нібыта гарачым ветрам гнала на шашу пад Стралічава… Блізка недзе ракатаў трактар, бразгалі вёдры і крычалі людзі. Яны і падышлі да яго, пачакаўшы — двое, у белых шапачках і з белымі павязкамі на тварах. Нахіліліся, падклалі рукі і паставілі на ногі… Ён не даўся, каб яго пагладзілі па галаве.5
Ён начаваў гэту ноч на ганку пад дзвярыма. Расцягнуўся на дашчатай пафарбаванай падложцы, паклаў галаву на лапы і глядзеў усю ноч на вуліцу праз расчыненыя вароты. Усю ноч было ціха ў вёсцы, як у яме; толькі звечара далёка на шашы, пад свінакомплекс, ціхенька шумелі машыны, лыпаючы падслепаватымі фарамі, позна ныла за акном у хаце радыё, падалі пасля спалоханы голас куры ля хлева, як усё роўна іх узагнала памаўзлівая Малекула, і ўсё сціхла, як вымерла. Толькі капала ў студню аднекуль зверху вада — ці не з дзіравага вядра на ланцугу — манатонна, раз за разам і не давала звесці вочы. Джукі так і не заснуў да самай раніцы — на жываце і на задніх лапах балела скура, востра, як пасыпаная прысакам. Калі ён кратаўся, чуў, што пад ім мокра і ліпка — з жывата, з раны, цякла сукравіца. Усю ноч ён глядзеў на вуліцу і ўсю ноч думаў: чаму на яго напалі сабакі? Перш яны на яго так не нападалі: баяліся. Гыркалі, рвалі, бывала, у зборышчы за бакі, гыркаў, рваў і ён таго, хто лез яму на ражон ці пах такой паскуднай гнілой псінай, што лепш бы яму, такому, здыхаць у будцы, а не лезці нюхацца, разявіўшы паскудны рот… Можа, напалі за тое, што завыў па-воўчы днём на гары пад Стралічавам, навёўшы жуду на сабачыя вушы? Сабакі выюць рэдка, можа, толькі чуючы смерць, і не любяць гэтага. Пасля недзе ў яго напятым сабачым розуме мільганула здагадка, у якую ён і сам не хацеў верыць: напалі за тое, што ён не аблез… Яны аблезлі, а ён не. У яго толькі высыпалася поўсць з маленькай белай ласачкі на носе. Ён не ведаў, што гэта была за бяда, але яна яго мінула, а іх не. А што бяда прыйшла, ён гэта чуў; не ведаў, не разумеў сваім сабачым розумам, якая яна, гэта бяда, але чуў — хацелася выць. Ляжаў усю ноч галавой да расхрыстаных варот на пустую вуліцу, а яму хацелася выць — хоць здохні. Ён пробаваў выць ноччу, але ад натугі балеў паранены жывот і густа цякла на ганак сукравіца. Звёў вочы ён пад раніцу, у час, калі ўсё жывое млее і пускае па губах салодкую сліну, і адразу прачнуўся ад грукату. Спаць яму не далі. Яшчэ не падымаючы галавы з лап, ён добра ўбачыў, як з шашы ад свінакомплекса паўзлі сюды, у вёску, машыны. Нізенькія, зялёныя, крытыя зялёным брызентам, яны лязгалі бліскучымі гусеніцамі, як трактары. Узышло сонца за свінакомплексам і сцябала па бліскучых гусеніцах крывавым золатам. За нізенькімі машынамі ішлі высокія, дзюбатыя, як буслы, за імі парожнія кузаўныя; іх, здавалася, падпіхалі чырвоныя трактары, сунучы па зямлі перад сабой вялізныя металічныя белыя лемяхі. Джукі ўздрыгнуў, пачуўшы нешта нядобрае. А ўцякаць яму сёння нікуды не хацелася: балеў паранены жывот. З логу з ветрам прынесла гар — зноў падвярнула пад грудзі блага, як і кожную раніцу. Але на лог у ніжыперніцу не пабяжыш: там зялёныя машыны… Пачакаўшы, Джукі ўбачыў, што ў вёску яны не ідуць: з'ехаўшы з дарогі, пачалі ссоўваць у кучы зямлю, і на дарозе і на полі, падымаць яе каўшамі ўгару, насыпаць у кузавы і адвозіць у бок свінакомплекса. Над полем і над дарогай падняўся высока пыл, засланіўшы рудой пасцілкай сонца. Ад грукату ўздрыгваў пад нізам ганак. Ну і што? Джукі такое бачыў і чуў і вясной і ўвосень. І не раз. Блага прайшла. Захацелася раптам есці. Учора цэлы дзень блажыла, вярнула ахапкам сліна, і ў роце не пабывала нават макавай расінкі. Джукі ведаў, дзе яда: учора вечарам, калі людзі ў белых шапачках, выгнаўшы з хлява кароў і свіней, завярнулі іх на выган, дзе цяпер равуць машыны, а адтуль з усёй вясковай стадай пагналі ў лес пад свінакомплекс, суседка выпусціла з іхняга хлева на двор курэй і насыпала ім у карыта варанай бульбы. Джукі падумаў, што ў вёсцы асталіся цяпер адны куры… Падняўшыся на лапы — чуць адліпла ад ганка мокрая ад сукравіцы скура на жываце, — Джукі асцярожна пацягнуўся, пазяхнуў на ўвесь сабачы рот, не могучы пасля схаваць за зубамі абвіслы язык — патрэскаўся за ноч і з яго пасачылася кроў, — сышоў паціху з ганка і пакавыляў да студні, да дзежачкі з вадой, што стаяла пад яблыняй, — піць хацелася больш, чымся есці: у роце было суха і горача. Вярнуўшыся ад студні, ён не ўтрымаўся, каб не высунуць галаву на вуліцу… Яму адразу заклала вушы… Ён ляжаў дагэтуль на ганку, за дзвюма сценамі, і яму здавалася, што грукатала толькі на лагу ад шашы… Свайго канца вёскі ён не пазнаў… Вуліца была заслана пылам. Такія ж самыя дзюбатыя, як буслы, машыны ўзрывалі вуліцу, сілялі з яе пясок і сыпалі ў кузавы. Машыны, поўныя чорнага пяску, цяжка равучы, паўзлі гародамі пад сіні лес да свінакомплекса. І нідзе не было відаць людзей… Толькі з кабін высоўваліся чалавечыя галовы, бліскаючы замест вачэй шклом. Пад шклом у іх матляліся пажмаканыя трубкі, як кішкі… Джукі пасмялеў і высунуўся ўвесь на вуліцу — падцяў толькі пад сябе паміж ног свой доўгі, паранены пасля ўчарашняга хвост. Цяпер ён добра бачыў, што зямлю бралі не толькі на вуліцы; забіралі яе і з гародаў. Секлі тапарамі яблыні — з іх сыпаўся на чорную ўзрытую зямлю белы цвет, як снег. Ламалі трактарамі платы і частаколы ад вуліцы, грузілі на машыны і звозілі. Раскрывалі стрэхі на хатах, знімалі гонту, салому, бляху. Стрэхі адразу накрывалі нечым белым… Пахла глінай, торфам, гноем, палыном, падсмаленай шэрсцю і дымам… І сярод гэтага грукату і смуроду Джукі раптам выразна пачуў пах свайго гаспадара: рэзкі дух свінакомплекса і дзіцячых сікаў… Джукі не мог памыліцца: такі рэзкі дух ён ні з чым бы не зблытаў… Ён рвануўся туды, адкуль ішоў дух — уздоўж разрытай вуліцы: гародамі ля знесеных платоў. Цягнучы носам пыл, ён прабег аж да магазіна. Ля магазіна было цішэй. Зямля з вуліцы тут была скапана, зеўрала толькі неглыбокая жоўтая лагчына, і ў яе адзін за адным зялёныя самазвалы ссыпалі шэры грудаваты пясок з дробным каменнем. Палівалі яго вадой і прыціскалі зверху цяжкім катком, як на дарозе пад свінакомплексам — Джукі такое ўжо бачыў. Ён падбег да адной машыны, да другой. Густа запахла гаспадаром… Ён і да трэцяй падбег… Не мог злавіць толькі сваім сабачым розумам — чаму ўсе расступаюцца перад ім і даюць дарогу. Стаяць, апёршыся на рыдлёўкі, пазрывалі з твараў белыя павязкі… Джукі хацеў падбегчы і да чацвёртай машыны: яе ён заўважыў толькі цяпер… Яна стаяла воддаль, ля самых дзвярэй магазіна. І тут Джукі раптам згубіў пах гаспадара і пацягнуў глыбока носам… Ён не згледзеў здалёку, што было ў кузаве чацвёртай машыны — самазвала, старога, зношанага, пагнутага, заляпанага белай вапнай, але сваім сабачым нюхам пачуў учарашні горкі і праціўны пах кіслай псіны — львінага клубка з логу… Ён тузануўся адразу назад, нібы яго рванулі за хвост, акруціўся ў адзін міг і ўбачыў, што стаіць адзін на чыстай шырокай пясчанай лапіне, а яго акружаюць з усіх бакоў людзі… Яны яго адумысла пускалі ад машыны да машыны, не праганялі — заманьвалі… Іх многа, і стаяць яны шчыльна — адзін ля аднаго. Ён чхаў на іхні зман, не ў такіх пераплётах бываў… Хоць і баліць рана на жываце, ён скочыць на таго, нізенькага, што стаіць з лапатай у руках і выціраецца ад поту. Нагамі ў грудзі — і лаві яго за хвост… Толькі яму раптам зрабілася горка-горка — дзе ж гаспадар? Скочыць яму не даў стрэл — грымнуў якраз адтуль, куды ён хацеў сігануць — з-за недалугага чалавека з рыдлёўкай. Куля свіснула ля вуха і шлёпнулася пад ім, пад заднімі нагамі, узняўшы пыл. Стрэл быў ядраны, густы — з ружжа. Джукі чуў не раз такія стрэлы. Іх лавіла вуха і сёння раніцай. Лавіла і прапускала міма. Страляюць — хай страляюць… Джукі памыліўся… Ён ведаў, як адстрэльваюць сабак. Летась па ім стралялі на шашы. Толькі ён шмыгнуў у бульбеўнік і лёг на зямлю. Пабегла шашой сучка Ванда, якая была з ім. Пачуўся стрэл, і яна, падскочыўшы, лягла і закруцілася на асфальце… Пасля заціхла, і яе драцяной пятлёй закінулі ў крыты металічны фургон… Джукі ўсё адно б скочыў на таго недалугага з рыдлёўкай у руках, але ён раптам згледзеў міліцыянера: той, паявіўшыся ў недалугага з-за плячэй, ішоў проста на яго, наставіўшы ружжо. Джукі крутануўся да машын, што стаялі на дарозе — і там расставіў ногі міліцыянер з ружжом… Тады Джукі тузануўся да магазіна, дзе стаяў самазвал, ад якога несла кіслай псінай… Ля магазіна — вароты… Плот… Джукі ведаў тут усе падваротні… Але і ля старога самазвала стаяў чалавек у клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі, з белай шапачкай на галаве і з ружжом у руках… Джукі забегаў па пясчанай лапіне і закруціў хвастом. Пасля стаў рабіць вялікія кругі, шукаючы падваротні, куды можна было б шмыгнуць. Але падваротня ля магазіна была застаўлена скрынкамі. За старым самазвалам бялела доўгая магазінная сцяна з цэглы. Можна было рвануць толькі на вуліцу, але адтуль загарадзілі дарогу рабочыя і два міліцыянеры з ружжамі — вадзілі за ім доўгімі чорнымі стваламі. Ён не хацеў соваць нос пад ствалы. Не хацеў і бегчы: помніў, як пабегла летась сучка Ванда… Ён кружыў узад-уперад, ціснучыся да людзей. Людзі пры людзях баяцца страляць сабак — баяцца параніць сябе. Ён кружыў усё хутчэй і хутчэй, аж у вачах пайшлі кругі. Чорныя кругі, як дома дзверы ў будцы, тады кругі з беленькай тасьмы, якія, здавалася, лезуць яму на шыю і цягнуць у ваду на дно. Круг з беленькай тасьмы раптам сашмыкнуўся ў яго з галавы, і ён, маленькі яшчэ, толькі ўбачыў свет сваімі падслепаватымі вачамі, выплыў наверх, на ваду. Па вадзе ішлі кругі, і ён ніяк не мог тады вырвацца з іх, каб даплыць да берага ў мячэўнік… Доўга кружыць ён цяпер не мог: упадзе ад знямогі на пясок і яго пасля стрэлу, узяўшы за ногі, ускінуць, як Ванду, у кузаў, адкуль пахне кіслай псінай… Ён пачаў рабіць усё меншыя і меншыя кругі па пяску, ціснучыся да машыны пад магазін. Расчыненая кабіна з адвіслымі, заляпанымі вапнай дзверцамі пасоўвалася да яго ўсё бліжэй і бліжэй. Чуваць было ўжо, як з яе запахла мазутай і хлебам… Вось грымне стрэл: міліцыянеры паднеслі да вачэй ружжы… Джукі тады рвануўся ўперад, пакаціўшыся па пяску да самазвала, і… скочыў у кабіну… Пачуў пасля, як за ім грукнулі дзверцы, як стрэл з ружжа. Калі ён агледзеўся, убачыў, што ў кабіне ўжо сядзеў за рулём мужчына ў белай шапачцы і клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі і гаварыў — нешта добрае і лагоднае, як малады гаспадар. Каб жа Джукі мог разумець, што ён гаворыць. — Жыві, маць тваю так!.. — вылаяўся мужчына ў клятчатай рубашцы, выціраючыся ад поту. — Жыві, дарагі мой… Калі ты ўжо з такой крутаверці ад міліцыі вырваўся, то жыві — і… Тут ужо я сам не дам цябе застрэліць. Гэта ж падумаць… Ён да мяне ў кабіну. Ратавацца. І правільна зрабіў: жысь твая на валаску вісела. Правільна, брат, зрабіў… Жыві! Глянуў я на цябе, а ты з лапкі на лапку пераступаеш, вочы такія пакорлівыя, і такая ў іх туга, нібы гэта ты адзін вінаваты за ўсё тое, што мы натварылі. Нібы ты гэта сам нарабіў… Стаю, і рукі мае з ламачынай самі апусціліся. Не магу стрэліць, і ўсё… Аж пад грудзі падкаціла. Аж галаву маю павяло… Нагледзеўся я за дзень на вашага брата праз мушку… А ён што, ваш брат, вінаваты? Жыві, маць тваю барабан… Толькі ўбірайся з зоны к чортавай мацеры… Гэта табе я кажу. Вывезу на шашу пад свінакомплекс, і дуй на поўнач, на маю Віцебшчыну… — Джукі чуў, што яны едуць па нечым няроўным: гайдала машыну. — Я, брат, з Віцебшчыны. Пасля вайны мяне, малога, сюды судзьбіна занесла. Ідзі, брат, на поўнач. Дабірайся. Там, гавораць, чыста, няма гэтай заразы. Я разумных цаню. А ты — не дурны-ы… Да мяне ў кабіну… Гэта ж падумаць… Жыві, брат, калі ўдалося выкруціцца… Тако-о-е звалілася на нашы галовы… Ніхто і не чакаў. Вецер, брат, падзьмуў на нас з табой з Чарнобыля. Далёка тут да яго. Узыдзі на гару за Стралічава… Відаць, як над ім вісіць, рудая хмара. А ты не дурны-ы… Гэта ж падумаць… У кабіну. Каб расказаць — дык не павераць. І ўмудрыўся — не аблез. Яны ўсе, — кіўнуў ён галавой на аконца ззаду ў кабіне, — аблезлі, а ты — не. А ты ведаеш, якую дозу яны хапянулі? Не ведаеш. А я ведаю. Павер. Усім ім — капцы б усё роўна… А колькі б яны гэтай заразы яшчэ разнеслі б. Ды схавай ты свой дурны язык. Высалапіў аж на падлогу… Трэба было б цябе праверыць. Хаця, калі ты не аблез дагэтуль… Можа, і выжывеш. Я, брат, і сам ратуюся, як і ты. Ёд п'ю, а ў дабавак і белую і шэрую. Адным словам, не жысь, а кабернэ… А хто скажа, чым усё кончыцца. Такія дозы… І скаціна і сабакі… зашкальваюць. А ваш брат рухавы, на адным месцы не сядзіць — разносіць усё гэта. Вось і спусцілі на вас загад. Усіх да аднаго ў зоне… Падчыстую. Але цябе я… Жыві, брат, можа, і выжывеш. Што не сядзіцца? Скрабешся на сядзенне? Залазь. Ды схавай ты свой сабачы язык, апух ён у цябе, ці што? Глядзець не магу… Жыві, можа, і выжывеш… Што? Не верыш, што я гавару? Паглядзі ў аконца. Там такія, брат, як ты-ы… Адвязу ў лес за свінакомплекс і… Як парасят. Пад агонь… Ці пад бетон… Ім ужо адзін хрэн. Такі, брат, загад… Матор страляў, як з ружжа. У кабіне пахла гарам, бензінам, бядой і, здавалася, маладым гаспадаром. Мужчына ў клятчатай рубашцы загаварыў зноў, ласкава, як, бывала, малады гаспадар, прыйшоўшы дамоў пасля работы і адчыняючы шафку, але машыну пачало кідаць з боку на бок па рытвінах, і Джукі пачуў, як зноў падступае блага. Яго пачало тузаць, ён стаў на заднія лапы і паскрэбваў кіпцюрамі па шкле ў дзверцах, просячыся на волю. Шкло шчыльна загараджвала свет. Ён тады ўскочыў на сядзенне і высунуў, як толькі мог, галаву ў задняе аконца, дзе было выбіта шкло. Каб хоць дыхнуць… У кузаве ляжалі львы. Голыя, з доўгімі грывамі ля шыі. Ён іх добра бачыў. Зверху былі ўчарашнія — ён пазнаў, — усе, хто качаўся на лагу ў дзікім клубку: Малекула, Палкоўнік, Брынза, два Бімы, Чапа, Руды, Вермут і Вілія… Воддаль іх, ля задняга борта, — Маркіз і Мірон… Джукі тады споўз з сядзення і завыў на ўсю кабіну… Мужчына ў клятчатай рубашцы змоўк і затармазіў. Пасля перагнуўся і адчыніў ля яго, Джукі, дзверцы: — Убірайся з вачэй к чортавай мацеры… Ідзі! Можа, і выжывеш. Не хачу на цябе глядзець, воўча лыка. Ідзі! І схавай свой дурацкі язык… Джукі скочыў на асфальт. Стары самазвал рвануў з месца і стаў падымацца шашой на гару. У кузаве ляжалі львы.1987
Последние комментарии
17 часов 50 минут назад
17 часов 51 минут назад
17 часов 59 минут назад
18 часов 7 минут назад
19 часов 5 минут назад
19 часов 23 минут назад