Навейшая гісторыя Беларусі [Яўген Мірановіч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

аспрэчванне тэзісу аб асіміляцыі беларускай шляхты абазначала б адабрэнне тэорыі “заходнерусаў”, якая ўсіх католікаў на беларускай зямлі лічыла чужым элементам. Многія інтэлігенты шляхецкакаталіцкага паходжання, якія пачыналі даследаваць мінулае, усведамлялі сабе наяўнасць блізкіх культурнамоўных сувязей уласнага роду з мясцовым сялянствам. Не пераставалі яны быць палякамі, але яшчэ больш ахвотна спасылаліся на легенды Вялікага княства Літоўскага, міфы аб “тутэйшасці”, “краёвасці”. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808—1884) пісаў, што адчуваў ён сябе чалавекам польскай культуры і адначасна быў свядомы свайго літоўскага (беларускага) паходжання. Будучы шляхціцам, ён не быў у змозе ўвайсці ў тую сферу культуры, у якой апынуліся сялянскія масы. Такіх праблемаў не было ў інтэлігенцыі, якая адарвалася ад засценка і ягонай традыцыі. Францішак Багушэвіч (1840—1900), хаця не адчуваў ніякіх эмацыянальных сувязей з узнікаючай нацыянальнай ідэяй, аднак з прычыны салідарнасці з сялянскім асяроддзем напісаў вядомы заклік да беларусаў: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”. Багушэвіч, падобна як і Дунін-Марцінкевіч, пісаў на беларускай мове, але ў адрозненні ад Марцінкевіча гэтую мову лічыў “сваёй”.

У канцы ХІХ ст. з’явілася новае пакаленне беларускай інтэлігенцыі, нацыянальная свядомасць якога склалася не ў выніку працяглых роздумаў, а толькі шляхам выхавання ў сямейным асяроддзі. У 1898 г. вучні мінскай гімназіі Іван і Антон Луцкевічы арганізавалі нефармальную групу з мэтай вывучэння гісторыі, этнагарфіі і беларускай грамадскай думкі. Супольна з пісьменнікам Казімірам Кастравіцкім збіралі яны кніжкі і ўсялякія іншыя публікацыі на згаданыя тэмы. Іх бацька — Іван Луцкевіч — сябраваў з Дуніным-Марцінкевічам і часта гасцяваў у яго доме. Аб беларускасці маладых Луцкевічаў, будучых дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, прадрашыў выбар іхных бацькоў.

На пачатку васьмідзесятых гадоў ХІХ ст. беларускія студэнты, якія вучыліся ў Пецярбургу, заснавалі некалькі гурткоў сацыялістычнага і рэвалюцыйнага характару. Найчасцей былі яны беларускімі структурамі ў расійскім нарадавольніцкім руху. У 1883—1884 гадах пецярбургскія студэнты выпусцілі некалькі адозваў, адрасаваных жыхарам Беларусі. Напісаны яны былі на рускай мове, а іх загалоўкі — “Да беларускай моладзі”, “Да беларускай інтэлігенцыі”, “Пасланне да землякоўбеларусаў” — сведчаць аб эвалюцыі нацыянальных поглядаў у коле “заходнерусаў”. Аўтары гэтых публікацый, якія падпісваліся псеўданімамі “Шчыры беларус” ці “Даніла Баравік” пераконвалі беларусаў, што ў беларускага народа ёсць свае інтарэсы, іншыя чым у расіян і палякаў, што Беларусь як краіна мае свае прыкметы, такія як этнаграфія, мова, менталітэт і культура насельніцтва. У адозве “Да беларускай інтэлігенцыі”, што распаўсюджвалася ў Беларусі пад канец 1883 г., яе аўтары пісалі, што народ, які калісьці страціў сваю эліту і выстаяў паланізацыю і русіфікацыю, заслугоўвае таго, каб стаць свабодным ад чужых паноў і манархаў. У выдадзеных беларускімі нарадавольцамі ў 1884 г. двух нумарах часопіса “Гоман” былі сфармуляваны іх палітычныя і нацыянальныя пастулаты. Будучыню Беларусі бачылі яны ў дэмакратычнай Расіі, якая была б федэрацыяй шматлікіх нацый. Беларусы — адзін з элементаў гэтага саюза народаў, мелі атрымаць права “вырашаць аб сваім лёсе”. Пастулат аўтаноміі для Беларусі ў складзе расійскай дзяржаўнасці рашуча аспрэчваўся расійскімі сацыялістамі з “Народнай волі” як недарэчны, які стварае новую нацыю — беларускую.

Зусім іншую пазіцыю ў адносінах да беларускіх нацыянальных памкненняў прадстаўлялі польскія сацыялісты. Згодна рашэнням ІІІ З’езда Польскай сацыялістычнай партыі (ПСП) ад чэрвеня 1895 г., гэтая партыя намервалася падтрымоўваць сепаратысцкія рухі народаў, якія насялялі Расійскую імперыю. Пры дапамозе ПСП удалося ў Кракаве ў 1896 г. выдаць і пераправіць кантрабандай у Беларусь другое выданне “Дудкі беларускай” Францішка Багушэвіча — своеасаблівай ідэалагічнай інструкцыі для беларускага нацыянальнага руху.

На пачатку ХХ стагоддзя сталіцай беларускага інтэлектуальнага жыцця быў Пецярбург. У вышэйшых школах сталіцы Расіі вучылася многа маладых беларусаў. Большую частку іх складалі людзі шляхецкага паходжання. Атмасфера ў расійскім студэнцкім асяроддзі спрыяла ўзніканню розных арганізацый, якія адмоўна ставіліся да тадышняй рэчаіснасці. Апрача згаданых беларускіх нарадавольцаў, якія прадстаўлялі адзін з варыянтаў заходнерусізму, неўзабаве з’явіліся нефармальныя групоўкі, гуртуючыя студэнтаў з каталіцкага асяроддзя. Так як і нарадавольцы, былі яны сацыялістамі. Ад папярэднікаў розніліся яны тым, што не праяўлялі энтузіязму для любой формы сувязі Беларусі з Расіяй.

У 1902 г. па ініцыятыве Вацлава Іваноўскага была створана Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП). Нямнога вядома аб праграме гэтай арганізацыі. З адозвы БРП “Да інтэлігенцыі”, выдадзенай восенню 1902 г. на