Урок арыфметыкі [Вячаслаў Адамчык] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Вячаслаў Адамчык Урок арыфметыкі

Апавяданне
Празрысты верасень. Ранняя восень… Мне ўспамінаецца дарога з нашае вёскі ў мястэчка: зялёнае, крышку ліловае, яшчэ нядужае жыта на ўзгорках, маладыя саснякі за жытам, сыры пах скошанае атавы аднекуль з блізкіх балот, белыя хаты з краю мястэчка, чыгуначны пераезд, раптоўны свісток сцэпшчыка і цяжкае лязганне вагонаў каля станцыйных складоў, гоман людзей, што стаяць за хлебам, каля орсаўскага магазіна. I нарэшце школа: яе цынкавы дах праз рэдкія сосны здалёк блішчыць светлым нерухомым азярцом.

I мой пяты клас, што супаў з апошнім годам вайны.

…Кожнае раніцы, перад першым урокам, уся школа выстройвалася ў калідоры, і вучань з дзесятага класа, лысы і, мне здавалася, гэтакі самы стары, як усе настаўнікі, чытаў нам зводкі Саўінфармбюро. I я ўяўляў, як нашы салдаты лёгка бяруць гэтыя белыя з чырвонымі чарапічнымі дахамі нямецкія гарады, якія бачыў я на паштовых картках, што прысылаў недзе з фронту з Германіі да мае мамы яе брат — мой дзядзька.

Мне думалася, што вайна была неразборліваю і страшэнна цяжкаю толькі ў нас. Наша школа пахла лякарствам, і ля плота валяліся доўгія бінты, парудзелыя ад крыві, — казалі, што ў нашай школе размяшчаўся медсанбат, — і скрозь па ямах у смецці ржавелі пустыя кулямётныя ленты, падобныя на хрыбты нейкіх страшэнных вужакаў.

За школаю едкім, удушлівым гарам пахла свежае пажарышча, і ў тонкай сасне маладою цягучаю смалою заплываў незаржавелы асколак ад бомбы.

Напамінак пра вайну прыносілі ў нашу школу і настаўнікі: на іх было ўсё вайсковае — кірзавыя боты, зялёныя не перашытыя яшчэ галіфэ, кіцелі з петлямі ад нядаўніх пагонаў.

У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Ён расказваў нам як хадзіў у тыл да немцаў браць «языка». Пра рану ў яго мы чамусьці не пыталіся.

Ды з мужчын, што выкладалі ў нашым класе, было ўсяго два: гэты самы фізрук — худы, высокі, адзеты ва ўсё старое, падношанае, у чаравіках з падранымі і сашчэпленымі медным дротам насамі, і дырэктар школы: казалі, татарын, нізкі, пругкі ў нагах, круты плячыма. Касаватыя вочкі яго млява блішчалі, калі ён уваходзіў у клас, туга падпяразаны шырокаю папругаю паверх гімнасцёркі і накінуўшы наапашкі доўгі шынель. I калі ён зачыняў дзверы, шынель з яго падаў. Ён паднімаў шынель, кідаў яго на парту і садзіўся парту на сам, ставячы адну нагу на сядзенне.

Дырэктара мы не баяліся: адказвалі ўрок гісторыі заўсёды з месца і нават чыталі слова ў слова з падручніка, што ляжаў за спіною ў папярэдняга вучня, а пераростак Капейка з апошняе парты праз жалезную ручку страляў у нашыя патыліцы размоклым у роце хлебам.

Настаўніцы былі найбольш пажылыя. Яны туга закручвалі вакол шыяў цёплыя хусткі, як нашы мацяркі, і, як нашы мацяркі, насілі гэткія самыя прыпаленыя на галянішчах валёнкі. Толькі адна Часлава Карлаўна — маладзейшая за ўсіх, далікатная з твару, з прыгожым, дзіўным для мяне прозвішчам — Вератынская — прыходзіла ў школу кожны дзень па-новаму і хораша адзетая. Ласкава з намі віталася, нязвыкла кіўнуўшы галавою, лёгка і сцішна ўсміхнуўшыся куточкам вільготнага, як у дзіцяці, рота, — шчодра-густыя яе валасы свежа рассыпаліся, мякка адсвечваючы залацістай чырванню, і на вушах мігатліва калыхаліся цяжкія завушніцы.

У класе наставала цішыня, толькі за вокнамі тамліва шумелі і роўна пахістваліся блізкія сосны, і на апошняй парце, змарыўшыся за доўгі перапынак, густа адсопваўся Капейка.

Часлава Карлаўна бязгучна адстаўляла крэсла далей ад стала, абедзвюма рукамі туга прыгладжваючы каля ног спаднічку, садзілася, раскрывала журнал, правярала, ці ўсе ў класе, і ішла між партаў, праглядала нашыя сшыткі, — а выкладала яна арыфметыку, — коратка прыпыніўшыся каля кожнага з нас: на нашыя твары ад яе ружовага світара падала агністае святло, і мы на нейкі час дзіўна і нечакана радасна харашэлі.

А я кожны раз з нейкай шчымлівай затоенасцю чакаў гэтага агністага непякучага святла, ледзь улоўнага хмельна-прыемнага паху духоў, раптоўнай яе блізкасці, калі яна нагіналася нада мною, лёгка абапёршыся выразна белаю рукою аб маю парту, яе шчырага нямоцнага голасу, калі яна пра што-небудзь пыталася.

I кожны раз я ішоў за ёю назіркам, калі яна вярталася са школы, вярталася з сынам, крышку большым за мяне, што вучыўся ў сёмым класе і быў з твару гэтакі самы, як яна, і гэтак мякка хаваў пад густымі вейкамі свае вочы.

Я ішоў з адчуваннем свае незразумелае адзіноты, наіўнага шкадавання, што ў мяне не гэтакая прыгожая маладая мама, і, мусіць, не гэтакі прыгожы я сам, і не гэтак хораша адзеты, як сын Чаславы Карлаўны, і не маю гэтакае самае скураное вайсковай сумкі, як мае ён, і столькі грошай, бо дае таму вусатаму салдату ў заячай шапцы, што вартуе за школаю склад, аж тры рублі, каб дазволіў стрэліць са свае вінтоўкі.

Дома мне мроілася школа, Часлава Карлаўна. З тамлівай радасцю я чакаў урока арыфметыкі, а калі ён прыходзіў, я сядзеў сцішаны ў сваіх думках, з нейкай