Гонды [Зінаіда Дудзюк] (fb2) читать постранично

- Гонды 660 Кб, 202с. скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Зінаіда Дудзюк

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Зінаіда ДУДЗЮК


ГОНДЫ


Раман


Пралог


Кожнае паселішча, незалежна ад яго памераў і геаграфічнага знаходжання, мае ўласную гісторыю, якая складаецца з тысяч людскіх лёсаў, найчасцей непрыкметных і нікому невядомых. Але ад гэтага ягонае жыццё не становіцца менш цікавым для таго чалавека, які захоча даведацца, хто заснаваў населены пункт, хто будаваў, а потым жыў тут, пакідаючы ў спадчыну нашчадкам здабыткі ўласнай працы і розуму, славу ці ганьбу, рысы твару і паставу, характар і звычкі. Безумоўна, мела адметную гісторыю і вёска Ляды, якая ўтульна размясцілася паблізу возера, што называлася Сінім. Селішча акалялі балоты ды лясы некалі непраходнай пушчы.

Па назве вёскі, можна здагадацца, што яе заснавальнікі, з цяжкасцю адваёўваючы ў балота і лесу ладны кавалак зямлі, радасна крычалі: «Вось дык ляда!» І потым кожны з гаспадароў цешыўся сваёю перамогаю і паўтараў: «Ляда, маё ляда!» Так і з’явілася назва вёскі, а лепшае і не прыдумаеш. У ёй ужо змясцілася першапачатковая гісторыя селішча.

Пра першага князя, які нажываўся на працы сялян з Лядаў і іншых навакольных селішчаў у архівах і почуту не засталося, але пра ягоных далёкіх нашчадкаў, якія добра-такі распладзіліся тут, звесткі захаваліся. Вядомыя яны з сярэдзіны XV стагоддзя, называліся панамі Пратасевічамі, жылі ў маёнтку Пратасы, пабудаваным іхнім прапрадзедам. З пакалення ў пакаленне іх станавілася ўсё больш, яны спачатку падзялілі між сабою па некалькі вёсак, потым па адной. Пасля пачалі дзяліць палеткі, але хіба з такога надзелу разжывешся? Вымушаны былі шляхцюкі Пратасевічы патроху прадаваць свае мізэрныя ўладанні панам Яновічу, Маневічу, Рэчыцу, Альшэўскаму ды іншым, якія па-свойму абжывалі набытыя вёскі. Багацейшыя будавалі храмы ды корчмы, бяднейшыя абыходзіліся тым, на што хапала сродкаў.

Самыя разумныя з Пратасевічаў з’язджалі ў гарады, наймаліся пісарамі, каморнікамі — знаходзілі якую цывільную, а часам і вайсковую службу, а няўдаліцы засталіся ў Пратасах, называючы сябе шляхтаю, вымушаныя былі, як сяляне, упрагацца ў саху ды самастойна абрабляць свае надзелы. У канцы XVIII стагоддзя з’явіўся граф Войцах Буслоўскі, які паступова купіў усю зямлю, якою яшчэ пакуль валодалі паны Пратасевічы, а заадно ўладанні іхніх суседзяў. Ад былых уладальнікаў засталіся толькі назвы вёсак: Яновічы, Альшэва, Маневічы, Рэчыца, Пратасы...

На новай зямлі граф Буслоўскі заснаваў сваю вёску і назваў яе Вайцехі, пабудаваў там палац, гаспадарчы двор, млын, бровар, пасадзіў парк на беразе невялікай, але маляўнічай рэчкі. У іншых селішчах, якія таксама належалі яму, наладзіў выраб паперы, сукна, жалеза, смалы, шкіпінару з улікам самых перадавых тэхналогій таго часу. У суседняй вёсцы Альшэва ўзвёў прыгожы і вялікі касцёл, а для праваслаўных вернікаў у Вайцехах паставіў невялікую, аднак утульную царкву. Сабраў багатую калекцыю мастацкіх палотнаў, скульптур­ных выяў і кніг, карацей, вёў граф цікавы і разнастайны лад жыцця.

На ўскрайку вёскі Ляды пасяліўся ў сярэдзіне дваццатых гадоў мінулага стагоддзя адзін з аканомаў пана Буслоўскага з дзіўным прозвішчам Кубіцель у прыгожым аднапавярховым будынку, які з чатырох бакоў акаляў глыбокі роў, абсаджаны дрэвамі для ўмацавання берагоў. Трапіць на двор можна было толькі праз масток, высланы з тоўстых бярвенняў. Мясціну гэтую ў народзе пачалі называць гайком. З захаду ад аканомавай сядзібы цягнуўся шырокі поплаў. Далей быў лес, з усходу туліліся шэрыя хаткі сялян. Тыя з тутэйшых людзей, хто займаліся ткацтвам, у час перапісу атрымалі прозвішча Ткачукі, хто быў шаўцом — Шаўчукі... Карацей кажучы, жылі ў Лядах Краўчукі, Гарбарчукі, Кавальчукі, Стальмашукі, Сталярчукі ды шмат іншых добрых і майстравітых людзей. Былі прозвішчы, звязаныя не толькі з працоўнай дзейнасцю, але з навакольным асяроддзем такія, як Воўк, Голуб, Цыбульнік, Мураш, Баран, Кулак. Да гэтых прозвішчаў пачалі дадавацца яшчэ і мянушкі. Тую сям’ю, дзе бацька даглядаў панскіх сабак, называлі Сабакарамі. Тых, хто працаваў на канюшні, клікалі Конюхамі, хто варыў піва — Піваварамі. Найменні гэтыя былі не крыўдныя, яны толькі паказвалі на занятак, які прыносіў прыбытак сям’і. Меліся ў сялян мянушкі, набытыя на працягу жыцця ці ў выніку нейкага ўчынку, а для гэтага існавала мноства падстаў. Напрыклад, прамаўляў хлапчук у раннім маленстве не бацька, а бака, так і застаўся Бакам да самае смерці, яшчэ і жонку ягоную да гэтага часу Бачыхаю называюць. Здараліся мянушукі не проста крыўдныя, а нават нецэнзурныя, але на іх мы псаваць паперу не будзем.

Ляды — вёска звычайная, жылі тут, як скрозь, і яўрэі: карчмар, каваль ды лавачнік. Самых хітрых з сялян аднавяскоўцы называлі імёнамі гэтых яўрэяў. Часам нехта казаў: «Вой, Сцяпане, ты хітры, як Лейба.» I гэтага было дастаткова, каб да чалавека і ягоных нашчадкаў прыліпала ласкавая мянушка Лейбачка. Так, у вёсцы з’явіліся