Апошняе ігрышча [Анатоль Бутэвіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Анатоль БУТЭВІЧ


АПОШНЯЕ ІГРЫШЧА


Аповесць


І як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабіце з імі.

І калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за тое падзяка?

І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі тое самае чыняць.

І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся зыскаць назад, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць гэтулькі сама.

А вы любіце ворагаў вашых, і дабрачыньце, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце вы сынамі Усявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і да ліхіх.

Дык вось, будзьце міласэрны, як і Айцец ваш міласэрны.

Не судзіце, і не будзеце суджаныя; не асуджайце, і не будзеце асуджаныя; даруйце, і дараваныя будзеце; давайце, і дасца вам: мераю добраю, утрэсенаю, умятаю і перапоўненаю адсыплюць вам ва ўлонне ваша; бо якою мераю мерыце, такою самаю адмерыцца і вам.


Паводле Лукі Святое Дабравесце


Вецер нахапіўся раптоўна. Як зазвычай — без жаднай прычыны і тады, калі яго зусім не чакаюць, наадварот: нават баяцца. І як заўсёды без згоды з кім бы то ні было. Ведама — сам сабе гаспадар. А вольнаму заўсёды і ўсюды воля.

Толькі што стаяла лагодная і так патрэбная жніўнай парой ціша, і на табе. Праўда, ужо зранку было падазрона горача, а пад абед пачало моцна парыць.

Калі Маня пачынала жаць, нішто не паказвала на бяду. Перахрысціўшыся, яна паправіла на галаве хустку — каб не заміналі валасы, хоць яны і без таго былі заплецены ў доўгую касу, што ўкладзена ў акуратную горачку на патыліцы, і ўзяла ў рукі серп. Час ад часу адрывала галаву ад зямлі і пазірала на неба. Там было светла і спакойна. На невялічкую плямку, што пачарнелым восеньскім лісточкам вісела на захадзе, нават увагі не звяртала. Была яна далёка і ніякай небяспекі не ўяўляла.

Маня нагнулася і зноў працягвала спора шастаць сярпом. Не да любавання небам, калі праца чакае. Самая пара жніва. Змарнуеш час, праваждаешся, не паспееш жыта на перавясла пакласці, то і ад бацькі перападзе на абаранкі, і поле пакрыўдзіцца за няўдзячную марудлівасць, калі спелыя зярняты пачнуць сыпацца на зямлю.

Сёння Маня жала на Запасках адна. Хоць яшчэ ўчора поруч з ёй на жытняй ніве стаялі бацька з маткай, самы старэйшы брат Саша і на год старэйшы за яе Косцік. Сёння ж яны пачалі звозіць снапы з поля, што каля грушы. Мыдлі там ужо выстаяліся і ажно прасіліся ў гумно. За бацькамі, як заўсёды, віхлястым хвосцікам бегаў трохгадовы Паўлік. Ён нястомна кідаўся то туды, то сюды, за ўсім цікаваў сваімі празрыста-васільковымі вочкамі, хацеў дапамагчы. На гэта маці ўсцешна казала:

— Ой, ты мой малы шмаравоз. Расці хутчэй, памочнічак ты наш... — і цмокала ў ружовую шчочку.

Паўлік спачатку знарок крыўдзіўся:

— Ну, не слінь ты мяне... — а затым, падахвочаны пахвалой, даваў парады: — Я калі выласту, буду вялікі воз класці. Большы за ваш, от так, — і цяжка соп, як бы гэты воз ужо наладаваў. — А сам навелсе буду ехаць. Высока, — хваліўся ён і ажно хіліў набок галоўку, як бы ўжо зазіраў на той высокі воз са снапамі, на якім збіраўся ехаць.

Матка з бацькам шчыра ўсміхаліся і паддаквалі:

— А як жа, сынок, твой воз будзе самым высокім. Да самага неба.

— Праўда што, мы і не дастанем цябе...

На гэта Паўлік крыўдзіся:

— Я не хачу, каб не дасталі. Не хачу да неба. Я з вамі хачу...

— Ну добра, добра, ты заўсёды, Паўлічак, будзеш з намі...

Несціханае шчабятанне дзіцяці цешыла іх, дадавала раўнавагі і ўпэўненасці: ёсць дзеля каго старацца.

Пра такія паводзіны Паўліка Саша, напэўна, сказаў бы словамі свайго любімага Якуба Коласа:

А гэты Юзік-шаляніца,

Малы яшчэ, зусім дурніца,

Так пад нагамі і таўчэцца

Або, як хвост той, валачэцца

І ад работы адрывае

І толькі сэрца ад’ядае.

Косцік, праўда, застаўся дома, каб трохі гумно падчысціць. Бо не паспелі, не хапіла часу. А калі яго вельмі хапала? Нават за зіму мазалі не паспявалі злазіць. Бацька моцна насварыўся на сына, што забыўся пра свой абавязак: даўно меў наказ прыбраць, але за гулянкамі, відаць, не дабраў часу. Ды Косціка за грош не купіш. Ён не пабаяўся агрызнуцца:

— Маглі б і самі зрабіць. Чаго на мяне чакалі? Няўжо я такі незаменны?

— Пагавары ў мяне, бальшун, то я табе замену знайду, — прыстрашыў бацька. — Табе адно гулі наўме. А што зімою есці будзеш, калі выгуляешся? Бярыся за розум, бо я табе... — але Косцік і без таго ўзяў сахор, бярозавы венік на доўгім дзяржальне і пайшоў у гумно, дзе неўзабаве мае стаць жытнёвы торп.

Меншая Маніна сястра Жэня і старэйшы пасля Сашы брат Янак акурат сёння мусілі адрабляць Стасю