Яблычак [Сяргей Пясецкі] (fb2) читать постранично
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (76) »
Сяргей Пясецкі ЯБЛЫЧАК Менская трылогія. Кніга першая
..
Хто з вас без граху, хай першы кіне ў яе камень. Евангелле паводле Яна, 8:7.
УСТУП АЎТАРА
У рамане «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» я апісаў жыццё кантрабандыстаў. У маіх творах «Пяты этап» і «Багам ночы роўныя» паказаная праца шпіёнаў на тэрыторыі Расеі. У трылогіі «Яблычак», «Гляну я ў акно…», «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» я знаёмлю са светам прафесійных злачынцаў. Каб мяне правільна зразумелі — а гэтага я раней не зведаў, — цяпер я даю кароткі ўступ. Гэтыя тры раманы, зрэшты, як і папярэднія, не маюць у сабе амаральнасці. Некалі я падрабязней напішу пра гэта. Можа, некаторыя людзі захочуць назваць іх «злачыннай акадэміяй». Я ў сваю чаргу назваў бы іх «акадэміяй барацьбы са злачынствамі і злодзеямі», дзе выкладаецца іхняе жыццё, звычаі, філасофія, законы, «этыка» і метады працы… Прафесійныя злодзеі ведаюць пра «фраераў» усё. «Фраеры» пра іх — вельмі мала. Злачынцам мае кнігі не патрэбныя. Псіхолагі і крыміналісты даведаюцца з іх шмат. «Яблычак», «Гляну я ў акно…», «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» — гэта шосты, сёмы і восьмы раман у маім творчым здабытку. Другі раман, «Жыццё раззброенага чалавека», і чацвёрты, пад назвай «Дарога пад мур», я доўга яшчэ не апублікую з «эгаістычных» прычынаў. «Яблычак» я пісаў падчас нямецкай акупацыі на Віленшчыне ў розныя часавыя адрэзкі з 1941 года. Твор я закончыў у студзені 1944 года. Здаралася, што часам я спыняўся на палове сказу і потым не вяртаўся да рукапісу шмат месяцаў праз не залежныя ад мяне прычыны. Працу над другім раманам, «Гляну я ў акно…», напісаным на тры чвэрці, я перарваў 30 траўня 1944 года. Мне б вельмі хацелася закончыць гэтую тэму, таму цяпер дапішу «Гляну я ў акно…», а потым вазьмуся за напісанне «Ніхто дабром не дасць збаўлення…». Гэтыя раманы ахопліваюць перыяд з ранняй вясны 1918 года да канца лета 1919-га. Дзеянне адбываецца ў Менску-Літоўскім, які ў той час зрабіўся прыстанкам шмат для каго з абшараў былой Расейскай імперыі і… Еўропы. Горад быў цэнтрам Еўропы, якую ахапіла вайна. Менск зведаў як нямецкую, так і бальшавіцкую акупацыю. Ёсць тут аналогія з нямецкай і савецкай акупацыяй сучаснай Польшчы. Герой раману Аляксандр Баран — гэта праўдзівая асоба. Ён паходзіў з Вільні і сапраўды меў такое прозвішча. Яго расстралялі летам 1919 года ў Менску на Камароўцы. Паўлінка Хурдзіч таксама існавала насамрэч, але ейнае сапраўднае прозвішча было Запольская, і яна была родам з Вільні. У 1921 годзе я знайшоў там яе сям’ю. Прытоны і злодзеі, апісаныя ў кнізе, пераважна рэальныя. Прыгоды напалову праўдзівыя. Тут ёсць дастаткова фантазіі, але няма нічога з паветра. Усё напісанае ўзнікла з нечага, што я сам перажыў або пачуў у турмах ці на свабодзе. Я пісаў гэтыя творы з думкаю пазнаёміць людзей з іхнымі братамі, якія апынуліся на жыццёвай узбочыне, і дапамагчы тым няшчаснікам, прыніжаным і зняважаным, жыццё якіх поўнае трагізму. Назвы раманаў паходзяць ад словаў з песень. «Яблычак» — гэта «гімн і сцяг» усіх тых, каго пакрыўдзіў камунізм, злодзеяў і сумленных, якія нечакана аказаліся разам у адным становішчы — загнаных і прыбітых звяроў. «Гляну я ў акно…» — гэта малавядомая арыгінальная зладзейская песня, крыху нават камічная сваім услаўленнем зладзейскага «гонару». «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» — пачатак другога куплету расейскай версіі «Інтэрнацыяналу». Гэтым людзям ніхто не прынясе збаўлення і ніхто іх не выратуе, апрача… культуры. Я неаднаразова меў магчымасць параўнаць этыку і жыццёвыя правілы прафесійных злодзеяў і «аўтаматычна сумленных людзей». Я параўноўваў не вонкавую форму і выгляд, а глыбінны змест. Сумленныя людзі прайграюць пры такіх параўнаннях. Злодзей, які перажыў шмат нягодаў, які нясе свой крыж па сцяжыне, пракладзенай для яго нашымі законамі, пагардай і пераследам, калі мае характар, волю і сэрца, застаецца Чалавекам, хоць і пакрыўджаным. А сумленны чалавек застаецца маральным толькі тады, калі ўсё добра і няма ніякіх выпрабаванняў. У ліхія часы такі «сумленны» аказваецца бруднай анучай, здраднікам і баязліўцам… Вайна, няволя і барацьба за свабоду шмат чаму нас навучылі, і я мяркую, што цяпер мы ў стане лепей і глыбей разбірацца ў людзях. Няхай гэтая кніга паслужыць гісторыкам, крыміналістам, псіхолагам і сацыёлагам. Няхай яна дапаможа нашым абяздоленым братам нагадаць пра свае правы. Яны, зняслаўленыя, таксама былі на барыкадах, яны таксама змагаліся за свабоду і правы людзей. Яны не заяўлялі пра сваё права на барацьбу. Яны, бяспраўныя, зганьбаваныя і пагарджаныя, змагаліся за вашыя правы. Сярод іх найменш было здраднікаў Народу… а можа, і зусім не было, бо я пра такіх нічога не ведаю. А колькі было паскуднікаў сярод іхных строгіх «суддзяў»,- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (76) »
Последние комментарии
13 часов 58 минут назад
14 часов 34 минут назад
15 часов 27 минут назад
15 часов 31 минут назад
15 часов 43 минут назад
15 часов 56 минут назад