Святыя грэшнікі [Александр Харитонович Осипенко] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Алесь АСІПЕНКА



ЧАСТКА ПЕРШАЯ: блуканне па страчаных сцежках


Эпізод першы: пралог эпілога. Суя


Трывалі самыя кароткія дні, і ружаватае сонца, як бы лянуючыся падняцца ў зеніт, так і кацілася небакраем, кідаючы на зямлю касыя промні, якія толькі коўзаліся па паверхні, нібы каменьчык, пушчаны па вадзе.

I зямля, і людзі даўно чакалі снегу: надакучыла ім чарната звонкіх, скутых марозам палёў, жабрачая няўтульнасць лясоў, пыльная стынь неба — усё чакала абнаўлення. Але ніхто і ніколі не чакаў снегу з такой нецярплівасцю, як Лазар Богша і ягоная здымачная група, што атабарылася на возеры Суя, заарандаваўшы заводскі прафілакторый. Іншага прыдатнага жылля тут не было.

Тэрмін арэнды неўзабаве канчаўся, а за дваццадь дзён было адзнята ўсяго шаснаццаць метраў плёнкі, і то эпізоду, ніяк не звязанага з суйскай натурай.

Лазар Богша шалеў.

Бязлітасна лаяў балбатуноў-сіноптыкаў, якія наабяцалі раннюю зіму, завірухі, заносы, а на перавале піліпаўкі — сонечныя дні з невялікімі маразамі — тыя ідэальныя ўмовы, якія так патрэбны кіношніку.

Але найбольш Лазар Богша лаяў сябе. Трэба было настаяць, каб экспедыцыя паехала на Поўнач, на Урал, на Каму, да чорта, д’ябла, але туды, дзе хапае снегу. Дык не, пацягнула ў родныя мясціны па ружовы туман юнацтва...

Абармот!.. Дурань!.. Зглуміў дваццаць дзён (тры тыдні) на пустое, нікчэмнае існаванне ў прафілакторыі, няхай сабе і дужа мадэрновым.

Кожную раніцу, прачнуўшыся ад цяжкага сну, Богшу найперш прыгадваліся вочы старога дворніка Мікодыма, якія з дакорам глядзелі яму ў душу. "Ну і работ­ка ў цябе, Лазар!.. Не бі ляжачага работка!.. Курорт!.. А яшчэ грошы плоцяць. I добрыя, мабыць, грошы... А я во за паўстаўкі гарбею. Увесь дзень махаю мятлой..." Паспрабуй дакажы вясковаму дзядзьку, што бяздзейнасць гэтая вымушаная, што шукаць дяпер снег будзе даражэй, чым чакаць яго тут.

У сталоўцы, аздобленай разьбой па дрэве і шкляным ліццём, Богшу сустракалі яшчэ адны вочы, насмешлівыя, як кара. Зялёныя вочы адміністратаркі Стасі. Аж душыла тое сняданне ў горле даўкім комам.

А каму прыемна карміць гультаёў?..

Сюды, у прафілакторый, людзі прыязджалі адпачыць пасля цяжкай прады на заводзе, каб потым зноў улегчы ў яе на ўвесь тыдзень. Яны ж прыехалі працаваць і... гультайнічаюць, нібы для іх няма найпершага закона існавання чалавека на зямлі: працуеш для таго, каб жыць — жывеш для таго, каб працаваць...

Лазар Богша разумеў, што не проста марнуюцца дні здымачнага перыяду — гэта было не самае горшае, — губляецца той творчы напал, тое, адным творцам зразумелае натхненне, якое здольна рабіць цуд — непаўторнае мастацтва, калі і сам дзівішся, а як, якімі сродкамі здолеў дамагчыся такой узрушанасці, што нават нежывая камера шкляным вокам убачыла свет у яго пачуццёвым стане.

Хто здольны растлумачыць, як усё гэта адбываецца на самай справе? Ніхто! Нават самыя спрактыкаваныя гаваруны: вучоныя, крытыкі, рэцэнзенты і проста аматары памеркаваць...

Што праўда, яны даўно і з упартасцю алхімікаў шукаюць гэты сакрэт, развінчваючы, разбіраючы мастацкі твор на часткі, раскладаючы тыя часткі па паліцах. Шукаюць і знаходзяць нейкія ўзорчатыя і фігурныя цаглінкі, якія нібы і надаюць непаўторнасць пачуццёвага ўздзеяння мастацкага твора на чалавека.

Суцэльны прагматызм!..

Хіба жывое можна разглядадь па частках? Жывое застаецца жывым толькі цалкам, бо кожная часцінка жывога, адарваная ад яго, перастае захоўваць адзнакі жывога. А хіба мастацкі твор не жывая істота? Хіба ён непадуладны законам жывой прыроды? Хіба яму не прадвызначана кароткае або доўгае жыццё? Хіба ён не ўздзейнічае на навакольны свет? Не перадае свой вопыт наступным пакаленням, як гэта робяць гены? Было б недарэчна лічыць мастацкі твор нежывым, як камень, як пясок, як жалезную логіку законаў. На што ўсе яны здольны без уліку нечага, што называецца натхненнем? I што яно такое, натхненне? Настрой? Пачуццё? Захапленне? Любоў? Нянавісць? Стан душы? А можа, стан чалавечага мозгу, якому абрыдла рашаць задужа практычныя задачы? Ці, можа, ўсё гэта разам, спрасаванае ў адзін згустак, кандэнсат, як плазма, у якой заключана незвычайная энергія? А тут энергія душы, здольная ў вобразах і праз стагоддзі хваляваць людзей?

Чорт яго ведае, што такое натхненне!..

Толькі без яго любы твор нават самага найвялікшага віртуоза будзе хоць і прывабнай, але ж халоднай дрындушкай. Такое бывае і з чалавекам. Вытачыць прырода дзіва: і постаць, і твар, і нос, і бровы — кож­ная частачка дасканалая, ды холадам павявае ад яе дасканаласці. А ў іншага — ні постаці, ні прыгожых абрысаў твару, а так і цягне пагрэцца ля ягонай душэўнасці...

Лазар Богша не першы дзень думаў над гэтым, заўважаючьь, як знікае натхненне ў ягоных сяброў-паплечнікаў — асістэнтаў, памочнікаў, акцёраў, адміністратараў. Ён і сам знямогся чакаць снег, зіму. Павінна ж яна, халера, некалі прыйсці, намесці гурбы снегу, каб можна было пачаць здымкі з тым натхненнем, якое дало б плён, а не прадукцыю для плана студыі...

Лазар Богша пазіраў з акна другога паверха, як дзядзька Мікодым падмятае двор перад прафілакторыем. Нібы не мяце — косіць. Пра што ён думае? Вось бы падслухаць ягоныя думкі... Навошта, калі ад сваіх нельга пазбавіцца... Уцячы куды-небудзь. Куды? Хіба ў вёску? А па якое шчасце?..

У Лазара Богшы ўжо нікога з родных там не засталося. Маці памерла, дваюрадныя, траюрадныя раз’ехаліся па свеце. Нішто ўжо не яднала яго з вёскай. У ёй жыло новае, невядомае племя. Часам праз смугу гадоў Богша бачыў знаёмае аблічча ў абліччы зусім незнаёмай старой жанчыны. Потым аказвалася, што незнаёмы быў твар, а жанчыну ён ведаў даўно, яшчэ маладой. Та­кой і запомніў на ўсё жыццё. Гэты ж старэчы твар як бы належаў ужо другому чалавеку, якога ён, Лазар Богша, не мог ведаць. Яго жахала маршчыністасць твараў, згорбленасць плячэй — пачварная старасць, якая адабрала ў яго мінулае. Яно жыло толькі ў памяці. Ен назаўсёды запомніў сваіх аднавяскоўцаў маладымі, прыгожымі і не хацеў, не мог бачыць іх другімі. Яму хацелася прыпыніць час, застацца ў тым, даўнім, бо аднаго разу ён і сам адчуў імклівы яго бег, спалохаўся: дык і ён ужо на зыходзе лета, а можа, нават і ў сваёй восені, калі вецер няўмольна атрасае лісце. Яшчэ крыху дажджу і ветру, і ён, Лазар Богша, прадстане перад су­дом вечнасці...

Каго яна скідвае ў бездань забыцця, а каму даруе вечнае жыццё? Багам?.. Ну, дык і ён — бог і адразу ў трох асобах: бог-кінарэжысёр, які стварыў два дзесяткі фільмаў; бог-літаратар, пісьменнік, які напісаў за сваё жыццё некалькі кніжак вершаў, апавяданняў і сцэнарыяў, са святой наіўнасцю думаючы, што нешта адкрывае, а яго білі за гэтую наіўнасць самазванага прарока; яшчэ бог-акцёр, які сыграў з паўсотні роляў, калі не было іншага занятку.

А што засталося ад усяго гэтага?..

Вось табе і бог у трох асобах!.. Смяротны адзінокі бог, у якога нават у роднай вёсцы нікога няма!

Ну, гэта, дапусцім, няпраўда, мана. У вёсцы жыве Домна — ягоны боль і ганьба, нітачка, якая звязвае яго з вёскай, і прадонне, якое разлучае яго з ёю.

Домна — ягонае мінулае, ад якога нікуды не ўцячэш. Некалі яму хацелася забыць гэтае мінулае. Ды хутка ён зразумеў, што нябачныя повязі вяжуць кожнага чалавека з мінулым і разарваць іх немагчыма. Мінулае прыходзіць да яго, як толькі чалавек нараджаецца на свет, і падарожнічае з ім праз усё жыццё. Чым далей жыве чалавек, тым мадней звязвае сябе з мінулым. Ды і само мінулае набліжаецца да чалавека, бачыцца не за гарамі, а побач.

Яго, Лазара Богшы, дзед, таксама Лазар, некалі займаўся бортніцтвам. Занятак гэты ўжо на Богшавай памяці ператварыўся ў дзівацтва, дзіцячую забаву, якой даросламу чалавеку хоць і не забараняецца займацца, але гонару яму не прыносіць. Дзед, аднак, быў упарты — бортнічаў, ды яшчэ і Лазара хацеў прывучыць. Таму заўсёды браў яго з сабой у лес, каб шукаць пчаліныя раі ў старых дуплах.

Аднаго разу дзед павёў Лазара за няблізкі свет, каб паказаць унуку нейкае дзіва. То і сапраўды было дзіва.

На акруглай паляне сярод векавечнага бору, каля невялічкага возера, больш падобнага на сажалку, на зялёным пагорку, расло тры дубы, ды так блізка адзін ля аднаго, што паміж імі нельга было стаць чалавеку.

Задраўшы галаву, Лазар Богша спрабаваў угледзець вершаліны тых дубоў, але так і не змог. Тады ён лёг на спіну і ў недасяжнай вышыні ўбачыў абрысы зялёнай шапкі, адной на тры дубы, з якой тырчаў чорны, высушаны сонцам і ветрам сук, падобны на аленеў рог. Над шапкай плылі ў небе белыя аблокі, а вышэй сінела неба, вельмі празрыстае і бяздоннае.

Лазар загледзеўся на гэты цуд і раптам пачуў, як гамоняць, перагаворваюцца між сабой дубы. Яму здалося, што яны гавораць чалавечай мовай, і ён адключыўся ад усяго на свеце, абы разабраць гэтую таямнічую гамонку. Ён моцна заплюшчыў вочы; толькі слых быў абвостраны і чуйны. Кожны шолах пранікаў Лазару ў душу. Раптам ён выразна пачуў голас ці то з неба, ці то з-пад зямлі:

— А ты, Лазарка, дужа падобны на майго дзеда, царства яму нябеснае. Але не з твару... У дзеда твар быў доўгі, а нос прамы, як, бывала, пісалі на іконах у стараверскіх цэрквах. I бровы былі, як на тых іконах, зрошчаныя на пераноссі. А вочы з-пад іх глядзелі як з прорвы. Дужа дапытліва. Ды і расточка ён быў невысокага. А ўсё адно вы падобныя... Вось гэтым, як лёг ты на зямлю, як стаў слухаць... Унучак, ды ты не чуеш мяне?.. Ачніся, Лазарка, бо так можна і розуму крануцца...

Лазар Богша з неахвотаю вярнуўся да явы. Дзед сядзеў пад дубам, абапершыся аб парэпаны камель спіной. Лазар Богша аж пакрыўдзіўся: навошта дзед перашкодзіў яму паслухаць, пра што гамоняць дубы.

— Дзіўны чалавек быў мой дзед, — успамінаў між тым Богшаў дзед. — Во ўжо хто разумеў гамонкі дубоў. Ды ці толькі іх. Звяроў, птушак, нават самай малой камарэчы. Я сам чуў, як ён аднаго разу гаварыў з лісой. А тая стаіць, слухае і галавой ківае. Згаджаецца, значыць... Няйначай, ён быў чараўніком... Але з нячыстай сілай не знаўся. Прысягнуць магу, што не знаўся. У яго быў свой бог... Дубы вось гэтыя... Ты, Лазарка, не здзіўляйся. Цяпер-то можна прызнацца, а раней дык думаць пра тое было боязна. Дык от слухай, Лазарка, што было таго разу, як мы хадзілі з ім да гэтых самых дубоў. Падышлі, значыцца. Дзед стаў на калені і пачаў маліцца ім. А малітвы, унучак, былі страшныя, як праклёны. Мяне аж ліхаманка затрэсла, а ногі, як тыя анучы, калі аборы развяжаш, самі на зямлю абсунуліся. Паваліўся я тварам уніз, галаву рукамі абхапіў. Hi жывы ні мёрты ляжу. Раптам як лясне пярун і голас: "Бласлаўлён будзь адзіны, хто не выракся веры дзядоўскай". Пасля таго я з паўгода адлежаў, думаў, не паднімуся. Але выжыў...

Лазар Богша не дужа верыў дзеду — той любіў расказаць пра такое, чаго і ў казках не бывае.

— Дзеду, а колькі гэтым дубам гадоў? — спытаў ён.

— Гадоў у іх не спытаеш, — адказаў дзед. — Многа. Бо мой дзед расказваў, што ягонага дзеда дзед бачыў іх ужо вялікімі. Во і лічы, колькі ім гадоў... I яшчэ расказваў мой дзед, што ягонага дзеда дзед баяў, нібы дубы гэтыя не самасеянкі, а пасаджаны людзьмі на месцы старога дуба, да якога некалі з’язджаліся за сто і болей вёрст, каб пакланіцца яму. Вогнішчы ля яго палілі, песні спявалі... Цёмныя былі людзі...

У маленстве Лазару Богшу здавалася, што ягоны дзед жыве на свеце дужа даўно. А той дзед, які вадзіў яго­нага дзеда да дубоў, жыў у такую недасяжную розуму далячынь, што і падумаць страшна. Тады Лазару Бог­шу было гадоў дзесяць. У такія гады кожны дзень здаецца бясконцы, асабліва калі пасеш карову або робіш нейкую іншую абрыдлую справу. Пазней ужо, калі над ім, Лазарам Богшам, закружыла смерць у далёкай Германіі за калючым дротам, ён прыгадаў той паход з дзедам да дубоў і здзівіўся, як спрасаваўся час. Ягонае жыццё здалося адным імгненнем, а ўсе тыя дзяды-прадзеды ягонымі сучаснікамі, якія павінны загінуць у печы крэматорыя на задворках лагера смерці. Дык якая ж яна, даўніна, калі жывая памяць аб ёй? Можа, таму ён і застаўся жыць, каб не знікла тая повязь часоў?..

Лазару Богшу думалася маркотна па тым настроі, што апанаваў яго з самай раніцы, калі ён прачнуўся і пабачыў ля другой сцяны засланы жончын ложак. Кож­ны яе ад’езд на здымкі ў другі горад, на другую кінастудыю выклікаў у ім тупое, балючае раздражненне. Гэты ад’езд быў асабліва балючы.


(Люба сядзела на канапе, паклаўшы рукі на шырокую спінку, з пакутніцкім выразам на твары, як у распятага на крыжы Хрыста.

Ён чамусьці падумаў: а ці распіналі на крыжы жанчын? Ці, можа, гэта была прывілея мужчын?..

Думка была блазенская, дурнаватая, але адцягвала ягоную ўвагу ад крыўдных Любіных слоў. Яна не дала ўзлавацда.

— Не прыкідвайся, Богша, быццам ты сам не адчуваеш, што змарыўся, вычарпаў сябе дарэшты... Ты — як той калодзеж у засуху — толькі жвір ды цвіль на дне. Таму і кінуўся ў авантуру. Каму патрэбны твой фільм? Двум дзесяткам снобаў і дурняў?.. Божа мой! Нейкая недарэчная бітва на Нямізе дзевяць стагоддзяў назад!.. Ці мала было іх?.. Чаму і каго яна навучыць?.. I ты яшчэ спрабуеш запэўніць, быццам тая даўніна хвалюе цябе? Мана, Богша! Ты пачуў сябе банкрутам і спадзяешся на далёкім мінулым вярнуць сабе імя?.. Дарэмна! Усё мана і дурасць!.. Трэба жыць і працаваць, як усе, а не выпінацца з рознымі адкрыццямі, якія не прынясуць табе ні славы, ні грошай...

Ён, Лазар Богша, і сам быў на раздарожжы. Дваццаць дзён вымушанага чакання зімы ў зацішным кутку далі магчымасць улегчыся тым захапленням і гарачым парыванням, якія былі напачатку. Ім авалодалі сумненні. Задума стала здавацца лішне банальнай і гладкай, як стол, калі не сказаць больш — драбнаватай. Але сцэнарый па-ранейшаму нечым прыцягваў...

— Перастань, — папрасіў ён жонку. — Мяне хвалявала дабро і зло.

— А можа, гульня ў дабро і зло? — спытала Лю­ба. — Гульня і нічога болей?..

— Не забывайся, — нагадаў ён, — людзі гінулі тады са святой упэўненасцю, што робяць дабро, адстойваюць справядлівасць. Жахлівая трагедыя самаашуканства! Дык я і шукаю адказу на праклятыя пытанні: чаму? навошта? як?..

Люба дастала з сумачкі цыгарэты, закурыла.

— Няўжо ты не бачыш, што свет стаў дужа рацыянальны, як апошні гандляр?.. Каму ты задасі гэтыя твае пытанні?..

— Сабе...

Люба сілком засмяялася.

— Толькі жабракі задаюць сабе пытанні...

— I ты ўважыла жабрака?

— Мяне прасіў пагаварыць з табой Кірыла Лыкавязаў... Пакуль не позна, задумайся, Богша. Горай будзе потым, калі твой фільм пакладуць на паліцу...)


Праз акно Лазар Богша бачыў, як дзядзька Мікодым ускінуў на плячо мятлу, нібы то была каса, памалу пайшоў дамоў.

Лазару Богшу таксама захацелася пайсці. Куды? Абы-куды, хоць бы да тых дубоў?.. Шкада, што яму няма каго павесці да іх. У яго няма ўнукаў... дзяцей таксама... На ім абрываецца іхні, Богшаў, род. Як гэта бяздарна і пакутліва!.. Праца, служэнне мастацтву, а дзяцей няма!..

Было гадзіны дзве пасля полудня. 3 акна Лазар бачыў, як блішчыць на возеры лёд пад нізкім сонцам. Нібы вымасціў хто серабром дарожку ад берага і да самага сонца.

Лазар Богша абуў чаравікі на футры з доўгімі халяўкамі, апрануў цёплую куртку з мноствам кішэняў і замкоў-маланак, насунуў заечую вушанку, Можна і ў дарогу.

Ён адчыніў дзверы на калідор. 3 нейкага пакоя даносілася гамонка. Няйначай, кіношная брація збіралася адзначыць яшчэ адзін без сэнсу пражыты дзень. Лазар хацеў зайсці, каб папярэдзіць, што пойдзе прагуляцца, але стрымаў сябе. Зойдзеш і прыклеішся да крэсла, як бародаўка да цела. Ды хіба ён павінен дакладваць, куды і чаму ідзе?..

На лесвіцы яму сустрэўся асістэнт аператара ў вельветавым камбінезоне, кішэні якога былі напакаваны бутэлькамі. Асістэнт нагадваў крэйсер, які натапырыўся рыламі гармат. Бутэлькі тырчалі з кішэняў на каленях, з бакавых, задніх, грудных, унутраных, а дзве яшчэ былі засунуты за лейкі камбінезона.

Убачыўшы Богшу, асістэнт збянтэжыўся. Азірнуўся па баках — уцякаць не было куды. Тады ён зрабіў незалежны і, па меры нахабства, зухаваты выгляд. Лазар Богша таксама зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў.

— Я пайду прагуляюся, — сказаў ён.

Асістэнт саступіў з дарогі, прыціснуўшыся спіной да сцяны. Лазар Богша прайшоў каля яго, азірнуўся — той усё яшчэ стаяў на лесвіцы...


***

Тая сцяжынка, па якой некалі дзед вадзіў Лазара да трох дубоў, даўно загубілася сярод мноства другіх сцяжынак, пратаптаных апошнім часам шматлікім людам, які круглы год прыязджаў адпачываць у заводскі прафілакторый. Надсуйскія мясціны здавён славіліся грыбамі, і гэтая даўняя слава цягнула людзей у лес. Грыбоў, аднак, з кожным годам усё меншала. Яны адступілі ў глыб ле­су, на зарослыя беразняком і асіннікам пагоркі, што залеглі між быстрацечнай Дзвіной і павольнай, у балоцістых берагах Бярэзінай. Да іх, гэтых пагоркаў, і кіравалі сцежкі. Недзе там, мроілася Богшу, раслі і славутыя дубы.

Лазару Богшу патрэбна была сцежка, што вывела б яго да рачулкі, ад якой, калі не падводзіла памяць, было зусім недалёка да тых дубоў.

Лазар выбраў самую ўтаптаную сцежку і, не спяшаючыся, аднак, і не ўразвалку, пайшоў па ёй.

Магутныя, ці не ў два абхваты, сосны раслі тут рэдка, нібы іх рассялілі па хутарах. Між імі трапляліся бярозы, глог, а ледзь ніжэй купна раслі ляшчыны. Нізкае сонца, не чапляючыся за высокія парасоны соснаў, прабівалася аж да самай зямлі, высцілаючы на падмёрзлым шорсткім моху расплылыя адбіткі — цені аголеных восенню дрэў.

Па праўдзе, Лазар Богша не любіў асенняга лесу, прыціхлага, прарэджанага ветрам і марозам, няўтульнага і голага, з выстаўленымі напаказ пакарожанымі галінамі. Асенні лес нагадваў Богшу калеку, які скінуў багатую вопратку і прадстаў перад светам у бездапаможнай сваёй непагляднасці.

У гэтую надвячоркавую пару дня не было чуваць і птушак, тых нешматлікіх птушак, якія нізашто не хочуць мяняць зімовую няўтульнасць родных мясцін на квяцістую раскошу чужыны. Нават дзятлы, нагрукаўшыся насамі аб падгнілыя ствалы дрэў, пахаваліся не­дзе нанач.

Лес стаяў у абрыдлай самоце. Сцяжынка пятляла па ім, то крута забіраючы ўлева, то яшчэ больш крута — управа. Здавалася, яе пратаптаў без аніякай развагі чалавек.

Развага ў чалавека ўсё ж была. Сцяжынка старанна абягала гнілыя мачажыны, парослыя мохам, дзеразой, асакой-разухай і ніцай лазой, і чыстыя балацявіны, на якіх страчаўся дзікі часнок.

Некалі, ранняй вясною, калі ад аднастайнай, прэснай, безвітаміннай стравы пачыналі гнісці дзясны і слініцца рэдзенькай саленаватай крывёю, Лазараў дзед прыносіў з балацявін кошык дзікага часнаку. Тады ў хаце надоўга ўсталёўваўся часночны дух. Лазар не хацеў есці той часнок, яго ж прымушалі, і ён еў, праклінаючы ўсё на свеце. Але дзясны неўзабаве пераставалі гнісці.

Прыгадаўшы дзікі часнок, які цяпер стаў такой рэдкай травой, што яго аж занеслі ў Чырвоную кнігу, Бог­ша раптам успомніў, што сёння яшчэ нічога не еў. Выпіў кавы, і на тым амінь. Нагадак пра часнок выклікаў пякучы голад. Трэба было перабіць яго ходь цыгарэтай.

У лесе яму курылася з асаблівай насалодай. Хацелася расцягнуць яе надаўжэй. А цыгарэта, як на злосць, дагарэла хутка. I ў час — Богша раптам зрабіў адкрыццё, што сцежка, па якой ён ішоў, недзе і невядома калі згубілася сярод папаратніку, ужо высахлым і ржавым ад марозу. Цяпер Богшу заставалася або вярнуцца на­зад, або пайсці нацянькі. Вяртацца назад не хацелася. Была надзея, што недзе наперадзе патрапіцца патрэбная сцежка. I ён пашыбаваў напрасцяк, балазе мароз добра падсушыў імшары.

Надзіва, ён даволі хутка выйшаў да рэчкі (яна выглядала незайздросным ручаём, які і цяпер, у мароз, ве­села булькаў на абледзянелых каменнях), перабраўся на той бераг і ўзрадаваўся, што ідзе верным шляхам. Неўзабаве ён напаткаў і сцежку, якая невядома адкуль паявілася і гэтак жа нечакана нырнула ў гушчар маладога ельніку.

Лазар спадзяваўся, што ельнік гэты хутка кончыцца, аж ён непрыкметна перайшоў у малады і вельмі гу­сты, з мноствам сухога павалу лес. Было не зразумець, як тут маглі ўпасці дрэвы, але на зямлі іх ляжала шмат. Яшчэ больш сухадрэвін завісла на сваіх таварышках. Лазар адны яліны пералазіў, пад другія падлазіў, баючыся выкалаць вочы.

Малады лес цягнуўся бясконца. Богшу разбірала злосць: якога чорта ён палез у гэтую гушчэчу? Мог про­ста абысці яе. Во ўжо нехта сказаў праўду: напрасткі варона лятае, ды ніколі дома не бывае. Але тут жа ён і супакоіў сябе: яшчэ невядома колькі спатрэбілася б часу, каб абысці гэты густы лес. Можна было і згубіць арыенцір. 3 лесам не жартуюць...

Як узнагарода за такую разважлівую думку, гушчэча нарэшце кончылася. Лазар Богша выйшаў да велікаватай балацявіны з рэдзенькімі сасонкамі сярод пажоўклай балотнай травы. Па краі балацявіны рос высокі густы чарот.

Балацявіну гэтую (Богша вызначыў з першага позірку) напрасткі не пяройдзеш. Сярод купін то там, то тут пабліскваў здрадлівы балотны лядок. Паспрабуй ступі чалавек або звер — не вытрымае, праломіцца, а ўжо багна дароібіць сваю каварную справу.

На балоце яшчэ ляжалі жоўтыя сонечныя блікі, але сонца Богша не бачыў. Яно хавалася недзе за лесам. Балота было жоўтае, як твар нябожчыка.

Толькі дурань мог прадаўжаць падарожжа, але не меншы дурань мог вярнуцца назад праз завалы і гушчэчу. Зрэшты, самым большым вар’яцтвам было кранацца з утульнай цеплыні прафілакторыя, шукаць нейкія язычаскія дубы, каб толькі на хвіліну вярнуцца ў дзяцінства.

"Можа, тады вар’яцтва і фільм, які я раблю? Можа, Люба недалёка ад гэтай простай ісціны? Навошта вяртацца назад праз буралом стагоддзяў? Хто ацэніць твае пакуты, шалёны боль пошукаў і расчараванняў?..

Ах ты, слабак!.. Шукай, шукай сабе прычыны, каб не было сорамна, што адступіўся!.. Як жа мы любім шукаць гэтыя прычыны, што хоць неяк могуць апраўдаць слабасць, баязлівасць, здраду, злачынства і чорт яе ведае яшчэ якую подласць!.."

Лазар Богша пачуў, як гарачая хвалька ўдарыла ў скроні, нібы ён зрабіў ужо нейкі прыкры ўчынак. Ён загадаў сабе і павярнуў направа, дзе, яму здалося, шлях навокал балота будзе карацейшы.

Так яно і было. Балацявіна хутка кончылася вузенькай затокай, якая каровіным языком глыбока залізалася ў сухадол. Затоку агінала і дарога — дзве глыбокія каляіны ці не ваенных яшчэ часоў. У каляінах стаяла вада, прамёрзлая да самай зямлі. Лёд быў цалюткі, некрануты — значыць, ніхто па дарозе не ездзіў.

Дарога, на жаль, кіравала не ў той бок, куды было патрэбна Богшу. Ён падумаў: можа, яна выводзіць на Сую? Сам жа стаў забірацца па схіле ўгору, дзе цямнеў лес.

Перад лесам, па схіле, густа рос глухі алешнік, нібы ўцёк сюды з балота. Між ім рудым лямцам аблегла на зямлю някошаная высахлая трава.

Богша пайшоў краем алешніку, мякка ступаючы па гэтай сухой траве, нібы па тоўстым дыване. Ён закурыў яшчэ раз, але цяпер чамусьці без той насалоды, якую адчуў, калі апынуўся ў лесе. Дым здаўся кіслым, ён драпаў у горле, і Богша, зрабіўшы некалькі зацяжак, патушыў цыгарэту.

Раптам ён зрабіў адкрыццё, што згубіў сябе. Гэта было дзіўнае, пачварнае адчуванне ўласнай адсутнасці. Ты ёсць, існуеш на свеце, і цябе няма, бо твая прысутнасць на зямлі нічым не праяўляецца.

Богша найперш здзівіўся, што не чуе сваіх крокаў. Так бывае ў сне — бачыш, як нехта з усяе сілы б’е ў звон, а гуку няма. Цяпер такое адбывалася наяве. Бог­ша зрабіў некалькі крокаў і не пачуў іх. Тады ён з усяе сілы тупнуў нагой. Ніякіх гукаў, быццам ён апынуўся ў беспаветранай прасторы.

Такога не магло быць, але такое было. Богша не мог зразумець, чым растлумачыць гэтую дзіўную з’яву.

Толькі цяпер ён азірнуўся наўкола і адчуў, як па ягонай спіне забегалі халодныя мурашкі, хоць, здавалася, падстаў для страху не было. Больш таго, убачанае ім нейкім чынам тлумачыла лясную немату.

Зямля, на колькі хапала зроку, была выслана дужа мяккім, чамусьці не прамерзлым, нейкім шэрым мохам. Ён заглушаў усе гукі. Нават не было чуваць і лёгкага шолаху.

Прыгледзеўшыся лепей, Богша пабачыў, што мох не толькі пакрывае зямлю тоўстым пластом, але ахутвае камлі дрэў. Забраўшыся па іх да самых вершалін, мох абвіў галіны, высушыў іх і звісае з гэтых стойма памерлых дрэў доўгімі пасмамі. Некаторыя з гэтых пасмаў дасягалі зямлі. Богшу здалося, што мох пачынае аблытваць і яго, узбірацца па нагах, па спіне на галаву.

Толькі не стаяць на месцы!

Богша пайшоў туды, дзе святлела стужачка неба на фоне мёртвай шэрасці. Неба было надзіва яркае — апошняе дагаранне перад заходам сонца. Але промні не дасягалі сюды. Яны заставаліся недзе там, за гэтым мёртвым лесам. Тут жа панавала плоская без канца і краю шэрасць. I мёртвая цішыня.

— Ну і чартаўшчына, — сказаў Богша і здрыгануўся ад таго, што ягоны голас засеў у горле даўкім ко­мам. Яго Богша не пачуў, як да гэтага не чуў тупату ног.

Нейкая жудасць пранізала яго, нібы токам. Яму захацелася бегчы, уцякаць адсюль, і толькі намаганнем волі ён прадаўжаў ісці павольна, нават больш павольна, чым раней.

Яму раптам падумалася, а ці гарыць гэты сухі, не крануты марозам мох? Ён падышоў да яліны, з якой жабрачым рыззём звешваліся да самай зямлі лахманы моху, нечага баючыся, працягнуў руку, дакрануўся пальцамі да лахманоў, і — нічога. Мох быў мяккі, халодны, але сапраўды сухі.

Адарваўшы шматок, Богша паспрабаваў падпаліць яго запалкай. Мох, аднак, не ўспыхнуў полымем, хоць і выглядаў сухім, а толькі абвугліўся, добра прыпёкшы руку.

Тым часам сутоньвалася. Неяк увачавідкі вячэрнія змрокі пагусцелі. Там, адкуль Богша прыйшоў, раптам захісталіся мёрзлымі вершалінамі дрэвы, мусіць вецер прайшоўся па іх. Тут жа прадаўжала панаваць жахлівая стоенасць. Здавалася, вецер абмінае гэтае царства жуды і смерці.

Той страх, што быў пакінуў Богшу, зноў наявіўся, як няпрошаны госць. Цяпер ён забіраў яго мацней, нібы ўдаўка, накінутая на шыю.

Плюнуўшы на ўсе маральна-этычныя ваганні, Богша павярнуўся і не азіраючыся пашыбаваў назад, да балацявіны, да той дарогі, якая думалася яму, выведзе на Сую.

Яму адразу стала лёгка і бесклапотна, нібы ён прыняў бог ведае якое гераічнае рашэнне. Яно ж, наадварот, было ганебнае. Але часам і ганьба прыносіць заспакаенне. На хвіліну, на час, пакуль спіць сумленне. Страху таксама не было, ён знік, халера, стары правакатар, рэвізор чалавечай мужнасці.

Выбегшы з мёртвага лесу, Богша раптам стаў як укопаны, бо тое, што ён пабачыў, заняло дыханне.

Па альховым рэдкалессі, але не заглыбляючыся ў яго, бегла двое ваўкоў. Між імі неяк бачком трухала двое сабак, адзін здаровы і гладкі, другі — звычайны дварняжка, калматы і прысадзісты.

Сабакі часам спрабавалі спыніцца, можа, па сваёй, сабачай патрэбе, тады ваўкі падганялі іх — пасцёбвалі сваімі хвастамі па сабачых азадках.

Вось гэтае падганянне сабак хвастамі да жудасці і ўразіла Богшу. Каб ваўкі гыркалі на сабак, кусалі іх ці хоць бы грозна ляскалі зубамі, Богша не быў бы так уражаны, як пабачыўшы гэтае "мірнае" суіснаванне.

Ваўкі і сабакі ішлі галава да галавы, нібы ў добрай згодзе. I толькі жаласлівае павіскванне сабак, як чалавечы плач перад смерцю, сведчыла аб найвялікшай трагедыі, што разыгрываецда на вачах чалавека.

Ваўкі яўна вялі сабак на смерць, хоць на іхніх ваўчыных мордах застыла гэткая лагоднасць. Так уявілася Богшу.

Збоку стваралася ўражанне, што сабакі самі па сваёй ахвоце ідуць у ваўчынай кампаніі, як іхнія сябры, паплечнікі, а можа, і саўдзельнікі нейкага разбою. Але сабакі ішлі на смерць, разумелі гэта і не спрабавалі ўцячы ці кінуцца на ваўкоў, пакусаць іх, хоць гэтым адпомсціўшы за свой палон.

Ваўкі, занятыя аховай сабак, не чулі Богшу, затое сабакі, прынамсі адзін з іх, дварняка, пачулі чалавека. Ён раптам заскуголіў так жаласліва, з такой надзеяй на чалавечую дапамогу, што Богша азірнуўся, шукаючы які дрын. Нічога зручнага не было. Богша, мабыць, і з го­лымі рукамі кінуўся б на ваўкоў, ды тут убачыў, што тыя селі. Селі між імі і сабакі. Як роўныя. Толькі ваўкі трымалі незалежную, ганарлівую паставу, а сабакі аж скурчыліся. Лазару здалося, што яны абодва дрыжаць.

I тут аднекуль, адтуль, з густых ужо прыцемак, невыразным ценем вынікла ваўчыная зграя. Яна абступіла кальцом ваўкоў і сабак, села на худыя зады. Два ваўкі, што прывялі сабак, таксама далучыліся да іх. Цяпер у крузе засталіся толькі сабакі.

Ваўкі сядзелі ўрачыста і маўкліва, нібы на нейкай страшнай малітве. Але ў іхняй гэтай нерухомасці адчувалася грозная небяспека. Пэўна, сабакі зразумелі, што настаў іхні канец, яны абодва спачатку ціха, а потым усё мацней заскуголілі, завылі, нібы маліліся ў апошні раз свайму сабачаму богу, каб дараваў ім зямныя грахі. Хоць якія там маглі быць грахі ў двух вясковых сабак?

Ваўкі нерухома сядзелі, пазіраючы перад сабой. Чаго яны чакалі? Калі сабакі перастануць выць? Можа, і так. Хіба нельга даць ахвяры магчымасць аблегчыць душу перад смерцю плачам? Хіба не так водзіцца і ў людзей?..

Нарэшце сабакі перасталі выць. Тады двое маладых ваўкоў падняліся на моцныя ногі, падышлі ўпрытык да сабак. Богша не бачыў, што адбываецца там. Але ён раптам пачуў роспачлівае яўканне — гэткі амаль чалавечы перадсмяротны крык, — і тады зразумеў, што ваўкі загрызлі сабак.

Лазар Богша кінуўся на ўцёкі. Ён бег, не разбіраючы куды, абы падалей ад той жуды, што ўсё яшчэ ста­яла перад ягонымі вачамі.

Спыніўся ён ад таго, што пачуў, як гулка, са свістам вырываецца з грудзей паветра. Колькі ён прабег, у які бок, дзе зараз знаходзіцца? Ён, мала таго што не ведаў, — нічога не памятаў. Яго гнаў страх, і толькі інстынкт кіраваў ім у гэты час.

Цяпер страху не было. Богша растрос яго па лесе. Яго аж распірала ад радасці, што ён застаўся жывы, што ваўкі не зачапілі яго. Ён задраў галаву ў неба і закрычаў што моцы: "А-а-а-а!"

Ягоны голас прагучаў выразна і зусім рэальна, як бывае пасля кашмарнага сну — чамусьці крычыш, ужо прачнуўшыся. Лазар Богша спалохаўся свайго, гэтага звярынага крыку. Ён паспешліва закрыў далоняй рот, хоць і без таго перастаў ужо крычаць, і раптам зарагатаў, як блазнюк. Рагатаў доўга, пакуль не паявілася разважлівая думка: чаго я радуюся?.. Ноч. Цемра. Лес. Ніякай надзеі выбрацца да жытла. Нічога сабе перспектыўка! А я радуюся...

Наперадзе нешта блішчала. Цьмяна, невыразна, але блішчала, як вада. Няўжо ён выбіўся на тое возера, ля якога раслі дубы? Во дзіва!.. Хоць, можа, і не дзіва. Інстынкт, звярынае чуццё прывялі яго да мэты.

Крокаў праз сто ён выйшаў да стромы. Унізе сапраўды цьмяна блішчаў лёд, а над галавой нізка вісеў чорны калматы полаг неба. Між небам і зямлёй уладарыў сыры, пранозлівы і злы вецер, аж наскрозь прабіваў сінтэтычную Богшаву апранаху.

"I ніводнай зоркі на небе", — падумаў Богша і тут жа ўбачыў кволенькую зорачку на самым даляглядзе, якая нібы падміргвала яму.


(Неяк у фашысцкім канцэнтрацыйным лагеры іх выгналі на пляц гадзіны праз дзве пасля адбою. Святла чамусьці не было. Яны стаялі, цесна прыціснуўшыся адзін да аднаго. Чакалі: пад прыкрыццём цемры іх стануць расстрэльваць. Чакаць было жахліва. Чужына. Ноч. Цемра. На небе ні зоркі. Хоць бы адна, як сведка іхняй смерці.

I раптам нехта ўгледзеў у вышыні зорку. Адну-аднюсенькую.

— Забыты вартавы, — сказаў Лазараў сусед злева.

У лагерным бараку, куды іх загналі перад самым світаннем, калі на вышках запаліліся ліхтары і пражэктары, Лазар спытаўся ў яго:

— А пра якога вартавога ты казаў, калі на небе выбліснула зорка?..

— Пра таго, якога забыліся на пасту, — адказаў той. Абодва яны не маглі ўжо заснуць. — Бачыш, хлопча, якая здарылася некалі аказія. Можа, быль, а можа, і байка, запэўніваць не стану. Тое, што чуў, табе раскажу. А ты яшчэ каму. Дык вось... Даўно гэта было ці нядаўна, а толькі паставілі салдата на варту. Стаіць сабе салдат на пасту — служба, нідзе не дзенешся. Чакае, калі змена прыйдзе. А пра яго забыліся. Забыліся, і ўсё. Не было каму пра яго ўспомніць. Камандуючаму фронтам не да салдата. Камандзіру дывізіі такса­ма. Камандзір палка адводзіў полк на новыя пазіцыі. А гэта, сам ведаеш, клопатна. Маглі б, вядома, баталь'ённыя ці там ротныя ўспомніць пра салдата на варце. Але ў іх свая задача, як найхутчэй тыя новыя пазіцыі абсталяваць. Як зброю ў наступленні зберагчы. Чала­века згубіш — не бяда. Чалавека спісаць можна, а згу6і кулямёт або гармату! Ого, навек запомніш, чым яно пахне. Канечне, аддзялённы, які ставіў салдата на вар­ту, павінен быў не забыць яго. Ды аддзялённага ўжо і на свеце не было, ён ужо святому Пятру дакладваў, што прыбыў на вечнае служэнне...

Во так і здарылася, што забылі вартавога. А ён стаіць сабе на пасту. Не можа яго пакінуць. Загаду няма.

Праціўнік наперад прасунуўся, а салдат стаіць... Потым праціўніка назад пагналі, а пра салдата зноў не ўспомнілі.

Вайна закончылася. А салдат стаіць на пасту. Галодны, халодны, а стаіць. Неяк ноччу глянуў ён на неба, хоць вартавым і забараняецца глядзець на неба, а там зорка зіхаціць, падміргвае яму. Маўляў, чаго ты стаіш, дзівачына?.. Ты ж ужо і не жывы зусім. Пра цябе ніхто і не памятае. Хадзі да мяне. I забрала забытага варта­вога на неба. Мы тую зорку бачылі. Яна людзям пра забытых: салдат нагадвае.)


Згаданая легенда скіравала думкі ў нечаканае рэчышча. Богшу падумалася, што, можа, варта было б паставіць помнік усім людзям, забытым чалавецтвам: салдатам, паэтам, вынаходцам, рамеснікам і проста майстрам сваёй справы. Усім!.. Адзін на ўсіх!..

Філасофія філасофіяй, а трэба было шукаць нейкі ратунак. Найперш дровы, каб развесці агонь.


(Кім ён быў, той першы вынаходнік агню?.. Слава яму, невядомаму чалавеку!.. Нехта з вучоных лічыў, што, апрача сямі цудаў свету, яшчэ існавала сем цудаў вынаходніцтва: кола, рычаг, клін, вінт, плаўка металу, пісьменнасць, ткацтва... А хто яны, вынаходнікі гэтых сямі цудаў? Як мала мы ведаем пра тых, хто даў чалавецтву рух наперад!..

Ну, і не стой!.. Знайшоў месца і час для філасофіі!.. А можа, вось такія экстрэмальныя ўмовы і абвастрылі чалавечую думку?..)


На гатовыя дровы спадзявання ў Богшы не было. Толькі на рукі, вызваленыя яго продкамі ад бегу на ка­рачках. Але яму пашанцавала. Крокаў за сто на беразе возера ляжалі штабялі бярвення. Яно, праўда, было і таўставатае і даўгаватае для кастра, але нішто — паклаўшы крыж-накрыж, можна раскласці хвацкі касцёр.

Назбіраць сухіх галінак было не цяжка. Хвілін праз дваццадь зыркае полымя асвяціла цемру. Пакуль агонь набіраў сілу, Богша наламаў і нанасіў да вогнішча яловага лапніку, каб было пасядзець на чым, а потым паспаць, калі вогнішча дагарыць, разаслаўшы на ім лапнік.

Цяпер добра было і закурыць, сеўшы пры кастры.

Лазар Богша любіў агонь язычніцкай, ці, як казаў ягоны сцэнарыст, паганскай любоўю. Заключалася яна ў тым, што Богша сядзеў ля вогнішча не дзеля таго, каб сагрэць цела, а каб адагрэць схаладнелую душу. Агонь выклікаў у яго дзіўную супакоенасць і нетаропкія, без прывычнай мітуслівасці думкі.

Богша даўно заўважыў, што пры агні дужа выразна прыгадваецца мінулае — даўняе паляванне, рыбная лоўля, смерць далёкіх і блізкіх продкаў, перамогі і паражэнні — усё былое паўставала пры агні так ярка I ўражліва, аж здавалася, што мінулае наблізілася ўпрытык да сённяшняга дня.


(Чалавек стаў чалавекам тады, калі пры вогнішчы пачаў згадваць мінулае, каб у цемрыве ночы ўгледзець заўтрашні дзень. Хіба я не магу так падумаць? Магу! Маю права! Я шчаслівы, што думаю, разважаю, прымаю рашэнні, вымяраючы іх вопытам чалавецтва.

Чакай, чакай, а хто гэта сказаў пра нас, белых?.. Вы ўсе вар’яты. Вы кажаце, што думаеце галавой... Трэба думаць сэрцам, як мы... Хто ж гэта сказаў? Ага, успомніў: амерыканскі індзеец еўрапейскаму вучонаму... А мне расказаў пра гэта Доля... Рафаіл Міхайлавіч Доля...

Ах, дзядзька Фаля, дзядзька Фаля! Як вы патрэбны мне зараз. Я ўсё намацваю цесныя сувязі далёкай даўніны з сённяшнім днём, але намацваю так, як сляпы незнаёмую дарогу. Ісці старой, добра вядомай да кожнай калдобіны дарогай было куды прасцей.)


Ягоныя думкі раптам скочылі ў далёкае мінулае. Яму дужа добра ўявілася тая нікчэмная бітва на рацэ Нямізе, якая чамусьці пакінула глыбокі след у нашчадкаў.

Ранак. Нізкія рваныя хмары пасля ўчарашняй завірухі. Бляклае сонца, што часам выглядае з разрываў хмар.

Па правы бок Нямігі палкі Яраславічаў. Дружыннікі спрабуюць храбрыцца, матаюць цяжкімі ад хмелю галовамі.

Па левы бок, не злазячы пакуль з коней, дружыннікі Усяслава. Наперадзе сам Усяслаў. Каржакаваты, шырокі ў плячах, з цяжкім позіркам шэрых вачэй, з радзімай плямай, падобнай на жабу, што вылазіць з-пад шлема на лоб, закрываючы бурай агіднай лапай правую шчаку.

Не, усё не тое.

Дзядзька Фаля, як вы мне патрэбны зараз!..


Эпізод другі (рэтраспекцыя): рэквіем па Долю


Быў адзін з тых майскіх цёплых вечароў, што наступаюць услед за чаромхавымі халадамі і якія асабліва цешаць і радуюць сэрца. Лазар Богша, да смерці змораны здымкамі эпізоду, які здаваўся дужа простым, але, як выявілася, надзвычай складаным, забраўся ўкуток старога парку, прысеў на лаўку пад шатамі агромністай ліпы. Яму хацелася забыцца на ўсе клопаты і трывогі пражытага дня, але, як толькі ён сеў, як толькі глянуў на заход сонца, як толькі пабачыў у паветры чорныя крыжыкі ластавак, што імкліва луналі над царкоўным купалам, яго ахапілі тыя ж самыя клопаты і трывогі, ад якіх ён і збег у парк.

Лазар Богша ніяк не мог зразумець (і ўсё вяртаўся ў думках назад), чаму эпізод, на які па сцэнарыю было адпушчана ўсяго сем метраў плёнкі, здымаўся ўвесь дзень, але так і не быў зняты. Ва ўсякім разе, не быў зняты так, як хацелася, як належала яго зняць. Затое ўся здымачная група чамусьці перасварылася, і пасля абеду ўжо ніхто не мог гаварыць спакойна, ад чаго справа не паляпшалася, а пагаршалася. Лазар Богша зразумеў, што ніякай карысці ад такіх здымак не будзе, а таму загадаў спыніць іх. Яму здавалася, што зды­мачная група ўзрадуецца, а здарылася наадварот. Першы запярэчыў аператар. За ім узбунтаваліся асвятляльнікі. Яны, маўляў, цягалі і расстаўлялі дзігі не дзеля таго, каб, нічога не зрабіўшы, зноў заносіць іх у машыну, а назаўтра выносіць і расстаўляць. Адным словам, складвалася такое ўражанне, нібы ўсім хочацца прадаўжаць сварку, зводзіць адно аднаго прыдзіркамі і папрокамі, нібы ў гэтым і заключаўся іхні сэнс жыцця, нібы без гэтай варожасці яны не варты добрага слова.

"Чакай, чакай, — спыніў ён сябе, — а як закончылася сённяшняя сварка?"

Яму стала смешна, бо і сварка закончылася смешна, нечакана, а галоўнае, не па тэорыі, якую толькі што адкрыў ён сам, а зусім наадварот, насуперак тэорыі, бо розум пры гэтым не меў ніякага значэння.

...Асістэнтам рэжысёра ў групе працавала маладзенькая дзяўчына, якая толькі сёлета прыйшла ў кіно. Звалі яе Верачка, а прозвішча ніхто не запомніў ды і не збіраўся запамінаць. Верачка і Верачка...

Знешне яна выглядала дзіцем ды і была дзіця па сваёй наіўнасці, шчырасці і бездапаможнасці, гэта заўсёды і выклікала ўсмешку ў кіношных зуброў.

Лютая сварка прывяла Верачку ў роспач. Спачатку яна глядзела на раз’юшаных кіношнікаў са здзіўленнем. Верачцы здавалася, што кіношнікі іграюць перад камерай. Потым, калі яна зразумела, што сварацца не па сцэнарыю, а ўсур’ёз, Верачка са слязамі на вачах падбегла да раз’юшанага натоўпу, закрычала тоненькім, дзіцячым галаском:

— Дзядзечкі, перастаньце!.. Мне страшна!..

Дзядзечкі нават не зірнулі ў яе бок, прадаўжаючы сварыцца. Толькі адзін з асвятляльнікаў, здаравіла Валоўскі, злосна тупнуў нагой:

— Брысь, шмакадзяўка, а то растапчу!..

Але Верачка не спалохалася, а можа, была так перапалохана, што не адчула страху. Яна раптам сказала з нечуванай шчырасцю ў голасе:

— Дзядзечка, хочаш я цябе пацалую, толькі не сварыся, дзядзечка...

Нечакана для кіношнікаў і самога Валоўскага Ве­рачка прыўзнялася на дыбачкі, цмокнула асвятляльніка ў няголеную шчаку.

На здымачнай пляцоўцы спачатку ўсталявалася пругкая цішыня, якая затым выбухнула вясёлым смехам. Кіношнікі сталі пацвельвацца, прасіць Верачку, каб яна і кожнага з іх ашчаслівіла такой жа ласкай. Жарты хоць былі вясёлыя, але не заўсёды бяскрыўдныя, так што Верачка расплакалася і збегла. Ніхто не пайшоу супакоіць яе. Але і тая лютая варожасць, што дасюль панавала на пляцоўцы, ужо не аднавілася, а патухла.

"А я — вахлак, — падумаў Лазар Богша. — I ўсе мы — вахлакі!"

Яму стала сорамна, што ён, як і ўсе, забыўся пра Ве­рачку, а яна, можа, і дасюль плача недзе ў адзіноце.

"Мы не проста вахлакі — мы бяздушныя, чэрствыя эгаісты, нікчэмныя жабракі, якія дбаюць толькі пра скарынку хлеба".

Ён тут жа зразумеў, што ў другі раз аказаўся несправядлівым, на гэты раз у дачыненні да жабракоў. Яму прыгадалася кімсьці расказаная прытча.

Донна Анна, донна Клара і донна Інэса гулялі па Мадрыду. Бачаць, пад аркай, у ценю сядзіць жабрак. Перад ім — алавяная талерка. А ў ёй — ні санціма.

Донна Анна лічылася набожнай і спагадлівай. Яна дастала дзесяць санцімаў і паклала на талерачку. Жа­брак уславіў яе чулае сэрца ў словах, вартых дзесяці санцімаў.

Донна Клара славілася ганарлівасцю. Яна дастала залатую песету, кінула на алавяную талерку жабрака.

Ен уславіў яе царскую шчодрасць і анёльскую прыгажосць якраз на залатую песету.

Донна Інэса была бедная. У яе не было і аднаго санціма. Але яна была гордая, ды і не хацела адстаць ад сваіх сябровак. Яна схілілася да жабрака і пацалавала яго.

Уражаны яе ласкай, жабрак падабраў з талеркі манеты, купіў на іх кветкі і аддаў донне Інэсе.

Цяпер ён зразумеў, чаму невыходзіў той тройчы кля­ты эпізод. У ім не было вось гэтай непасрэднасці донны Інэсы і Верачкі.

Яму захацелася пабегчы ў горад, падняць, як па трывозе, групу, каб неадкладна адзняць той эпізод, ды заўважыў, што сонца скацілася ўжо за возера, пакінуўшы на вадзе чырванаваты след.

"Позна", — падумаў Лазар Богша.

— Але, позна, — пацвердзіў чыйсьці голас, нібы то было рэха ягоных думак.

Ля лаўкі стаяў незнаёмы, нават дзівакаваты чалавек у саламяным капелюшы, вышыванай кашулі, падперазанай вітым поясам з кутасамі, у штанах, закасаных да каленяў, і кедах на босую нагу.

— Гэта вы сказалі позна? — спытаў Лазар Богша.

— Не, гэта сказалі вы, — запярэчыў чалавек. — Але дазвольце заўважыць, што самі па сабе тэрміны "поз­на" і "рана" не з’яўляюцца супрацьлегласцямі, як гэта нам часам здаецца. Яны нашмат бліжэй і вельмі проста пераходзяць з адной катэгорыі ў другую... Дазвольце адрэкамендавацца: Рафаіл Міхайлавіч Доля, мясцовы краявед і гісторык, загадчык філіяла краязнаўчага му­зея. А вас я добра ведаю: Лазар Васільевіч Богша...

— Вельмі прыемна, — буркнуў Лазар Богша, адчуваючы прыкрасць.

Доля апусціўся на лаўку, на самы краёчак.

— Пасмею прасіць вас, Лазар Васільевіч, — нясмела загаварыў ён, — удзяліць мне вашага дарагога часу на прадмет шчырай з вамі гаворкі...

У Рафаіла Долі чулася тая манернасць, якую Лазар Богша не раз заўважаў у мове правінцыйных літаратараў і наогул людзей, якія чамусьці думалі, што без іх ніяк не можа абысціся мастацтва, а таму насцярожыўся. Няйначай, гэты Доля хоча прачытаць яму сцэнарый або расказачь пра нейкую задуму для фільма. А можа і горай: пачне скардзіцца на свой нешчаслівы лес.

— Далібог, я вельмі заняты, — сказаў Лазар Богша.

— Не хочаце апусціцца з вышыні сваёй славы да простата чалавека? — пакрыўдзіўся Доля.

— Мне трэба вяртацца ў гасцініцу, — збянтэжыўся Богша. — Прыходзьце заўтра.

— Тады, калі можна, я праводжу вас, — папрасіў Доля.

"Ад яго не адчэпішся, — падумаў Богша. — Хай ідзё. Да гасцініцы хвілін пятнадцаць хады — выцерплю".

Адсюль, са старога парку, яшчэ закладзенага пры Екацярыне, можна было ісці ў горад па шашы — было­му шляху, некалі абсаджанаму бярозамі, а можа, і па завулках, што складалі старажытны цэнтр горада.

3 усходу да гэтай старой часткі горада падыходзіла рака, шырокая тут, з пясчанымі пляжамі і далёкім за ёй лесам. Ад новага горада, дзе стаяла гарадская гасцініца, стары цэнтр аддзяляла рачулка Сноўдзіца, якая цякла ў глыбокім рове. Праз Сноўдзіцу вісеў пешаходны мост на стальных тросах.

Карацейшая дарога ў горад ляжала па шашы. Але Богша чамусьці пайшоў праз стары горад.

Яны ішлі моўчкі. Лазар нават пахваліў Долю за ягоную тактоўнасць: зразумеў чалавек, што не да яго. Ды, відаць, пахваліў не ў час.

— Лазар Васільевіч, — звярнуўся да яго Доля, — не праходзьце міма, калі вы ўжо, лічыце, на парозе нашага музея. Паверце, што не пашкадуеце. У музеі ёсць унікальныя экспанаты...

Лазар Богша спачатку рашуча запратэставаў — яму зараз не да экспанатаў, — але нечакана перамяніў рашэнне, падумаўшы, што і сапраўды не шкодзіла б зайсці ў музей.

— У мяне знойдзецца хвілін пятнаццаць, — на ўсякі выпадак папярэдзіў ён Долю.

Той вельмі ўзрадаваўся, і яны павярнулі да царквы, якая і была музеем.

Там, дзе стаяла царква, дзве ракі ўтваралі даволі ладны тупаносы мыс з кручамі, парослымі дрэвамі. На гэтым мысе ў даўнія часы пачатку пісанай славянскай гісторыі паставілі каменную царкву, якая прастаяла год трыста. Калі край гэты падпаў пад уладу Рэчы Паспалітай, а каталіцызм рабіў усё, каб вынішчаць праваслаўе, царква была перабудавана ў касцёл, яшчэ год праз трыста, калі праваслаўе перайшло ў наступление, касцёлу спрабавалі надаць першапачатковы выгляд, ды так і не змаглі. У восемсот дванаццатым годзе адзін з атрадаў напалеонаўскай арміі спаліў яе разам са ста­рым горадам. Царкву адбудавалі гадоў праз дзесяць. На аднаўленне горада спатрэбілася амаль сто год.

Пазней, ужо ў нашы часы вялікай рэканструкцыі, царкву закрылі, але так і не знайшлі ёй прымянення. Такой — запусцелай і недагледжанай — яна перажыла нямецкую акупацыю. і цяжкія баі пад сценамі горада ў сорак чацвёртым. Затое астатнія каменныя будынкі старога горада выгарэлі дарэшты.

Пасля вызвалення, каб было дзе жыць, кожны гараджанін, па свайму ўменню і здольнасцях, аднавіў будынкі, панарабіў прыбудоў і надбудовак, хлеўчукоў і дрывяннікаў. Усё гэта выглядала не сказаць каб дужа завершана, але даволі самабытна і непаўторна. Да царквы таксама прыбудавалі з паўтузіну прыбудоў, на­ват дзвухпавярховых, якія злучала галерэя на тоўстых слупах.

— Заходзьце, калі ласка, — перапыніў Богшава любаванне архітэктурай Рафаіл Доля. — Ды асцярожненька, Лазар Васільевіч, бо за парогам вышчэрбіна, а засыпаць яе ўсё не стае часу...

Вышчэрбіна, бадай, нагадвала добрую выбоіну.

— Даўно яна тут? — спытаў Богша.

— Гэта ж снарад выкапаў, — адказаў Доля. — Якраз у прытвор папаў. Дзе мы стаім, гэта і ёсць прытвор.

Сапраўды, перад імі відаць была фортка ў драўляных дзвярах, якая вяла ў падкупальную частку царквы.

— А вышчэрбіну вы не засыпайце, — параіў Бог­ша. — Яна будзе нагадваць людзям пра вайну, фашызм.

— Во, дзякуй, — адказаў Доля. — Праўда ваша...

Доля адкрыў фортку, і яны ўвайшлі ў царкву. Богша чакаў, што вачам адкрыецца прастора падкупальнай часткі, аж у цьмяным святле ліхтароў аказаўся калідор, абапал якога размяшчаліся катушкі з музейным скарбам, якія нагадвалі адсекі ў мэблевых магазінах-салонах.

У пакойчыках на паліцах і тумбачках стаялі нейкія рэчы, на сценах віселі схемы, дыяграмы, малюнкі, — усё, як у такіх жа філіялах. Лазар Богша адным позіркам ахопліваў такі пакойчык і, не дачакаўшыся, пакуль Доля. растлумачыць, што тут выстаўлена, ішоў далей.

Толькі ля апошняга пакойчыка ён затрымаўся. Яго ўвагу прыкаваў іканастас з арнаментальнай, нідзе небачанай ім разьбой, з пачарнелай пазалотай. Іканастас здаўся Богшу вартым увагі.

Першы рад — дэісусны, або чын — здаўся Богшу самабытным і старажытным: сіні фон, а на ім залацістыя ружаватыя постаці Хрыста, божай маці і Іаана Хрысціцеля. Збоч іх — постаці двух святых, між якімі стаяла жанчына з дужа самотнымі вачамі.

Другі рад — святочны чын — прыцягваў увагу тым, што ў ім змяшчалася не дванадцаць іконак на тэмы дзвунадзесятых святаў, а на а дну больш.

Трэці рад — прарочы — выглядаў, бадай, традыцыйна, каб не адна акалічнасць: старажытны мастак замест прарокаў намаляваў добра знаёмых яму вясковых дзядзькоў, якія трымалі ў руках самыя розныя прылады: косы, сярпы, цеслі, малаткі...

— Ага!.. Захапіла, — узрадавана выгукнуў Доля.

— Захапіла... Я, праўда, не спецыяліст, але некалі цікавіўся іканастасамі, а таму сапраўды ўражаны, — прызнаўся Богша. — Дзе вы яго адкапалі?

— Дзе і як знайшоў, гаворка доўгая, — адказаў Доля. — Звярніце лепей увагу на жанчыну з дэісуса. Ці не праўда, у яе адно аблічча вось з гэтай святой, што ў святочным чыне.

— Так... А я і не заўважыў, — прызнаўся Богша.

— А цяпер прыгадайце, на каго яны абедзве падобныя? — з хітраватай усмешкай спытаў Доля.

— Не магу ўспомніць...

— А ці былі вы ў Спас-Ефрасіньеўскай царкве ў Полацку?..

— Чакайце, чакайце, — пачаў здагадвацца Богша. — Вы маеце на ўвазе фрэску?..

— Хіба яны ўсе трое не падобныя між сабой?

— Дык што, і там, і тут Ефрасіння Полацкая? — здзівіўся Богша.. — Гэта ўжо і зусім неверагодна... А потым... хто гэтыя два мужчыны?

Рафаіл Доля загадкава ўсміхнуўся:

— Хочаце, каб сказаў? Але ж не паверыце... Нізашто не паверыце. Так што лепей не скажу...

Тут, у музеі, Рафаіл Доля не выглядаў тым дзіваком, якім ён здаўся Лазару Богшу ў парку, ён трымаўся незалежна, упэўнена, а таму гаварыў з Богшам на роўных, без свайго манернічання.

— Чаму ж не паверу? — здзівіўся Богша.

— А так, што не паверыце, бо маю здагадку нельга даказаць хоць бы адным радком дакумента, хоць бы адным з яго словам, — горача сказаў Доля. — А ў навуцы так, калі хочаш нешта даказаць, дык абгрунтуй гэта спачатку дзесяткам дакументаў. Іначай цябе выставяць з навукі, стануць смяяцца з тваіх домыслаў.

— Але ж я не маю ніякага дачынення да навуковых колаў, а таму мне можна давяраць любыя гіпотэзы.

Гэты довад, здаецца, падзейнічаў на Долю, ён задумаўся.

— Можа, ваша і праўда, — пагадзіўся ён. — I ўсё ж, давайце дамовімся, што вы ніколі не станеце спасылацца на мяне, а значыць, і на гэты рэчавы доказ — іканастас.

Лазар Богша ўрачыста пакляўся. Яны паціснулі на згоду рукі.

— Бачыце, Лазар Васільевіч, — пачаў Доля, як бы ўсё яшчэ сумняваючыся, ці варта яму адкрываць тай­ну, — старажытны мастак, калі і змяшчаў каго ў дэісусным радзе, дык меў на гэта вельмі важкую прычыну. Наогул дэісусны рад некалі складаўся толькі з трох асоб: Хрыста, божай маці і Іаана Хрысціцеля. Пазней ужо да іх сталі дадаваць анёлаў, архангелаў, апосталаў і бацькоў царквы, якіх найбольш шанавалі. Так што іканастас гэты як бы пазнейшай работы. Але звярніце ўвагу на фон. Ён сіні, а святыя напісаны ў ружавата-светлых танах. Так што можна меркаваць, што ён напісаны ў больш раннім часе.

Гэтая правінцыяльная стараннасць растлумачваць усё аж да самых дробных дэталей зноў узлавала Богшу, і ён перапыніў Долю без аніякай ветлівасці:

— Вы абяцалі сказаць мне, хто гэтыя святыя, а чытаеце лекцыю...

Рафаіл Доля аж уздрыгнуў ад ягоных слоў і адразу прыгорбіўся, быццам баяўся, што яго адхвошчуць па твары. Лазару Богшу стала няёмка. Ён хацеў папрасіць прабачэння, але Доля ступіў наперад і вельмі ціха, на­ват баязліва, сказаў:

— Вось гэты, што справа ад святой, няйначай Лазар Богша, майстар, што зрабіў крыж па заказу Ефрасінні... Гляньце на ягоныя рукі. То рукі рамесніка... А другі, што стаіць злева, — аўтар "Слова аб палку Ігаравым".

На твары Долі адбіліся сарамлівасць, вінаватасць, збянтэжанасць, раскаянне. Лазару Богшу падумалася: такія твары бываюць у людзей, якія, не вытрымаўшы катаванняў, выдалі тайну. Яму стала шкада гэтага дзівакаватага чалавека, які з дзіцячай наіўнасцю верыць у сваё адкрыццё.

— Як вы здагадаліся? — спытаўся ён, зрабіўшы вы­гляд, што паверыў Долі.

— А як жа інакш, — адказаў Доля з упэўненасцю чалавека, які сапраўды зрабіў вялікае адкрыццё. — Давайце зазірнём на хвілінку ў Полацк дванаццатага стагоддзя...

Аднак у той вечар заглянуць у Полацк, ды яшчэ ў дванаццатае стагоддзе, ім не давялося. У музей, аднекуль з-за алтара, імкліва выбегла чорнавалосая дзяўчына ў белай кофтачцы і вузенькіх штоніках, якія тады толькі ўваходзілі ў моду, перамагаючы супраціўленне афіцыйнай і неафіцыйнай грамадскасці.

Іншая на яе месцы, пабачыўшы чужога чалавека, напэўна, збянтэжылася б, а гэтая гарэзліва зыркнула на Лазара Богшу і раптам весела зарагатала. У яе быў такі звонкі смех, што Лазар Богша не стрымаўся і сам невядома чаму засмяяўся.

— Ой, і насмяшылі вы мяне, — пераборваючы смех і не маючы сіл стрымаць яго, сказала дзяўчына. — У вас такія твары, як у Чапліна і Фернандэля. I шкада вас і смешна...

Яна перастала смяяцца і ўжо зусім сур’ёзна сказала, звяртаючыся толькі да Лазара Богшы:

— А я ўяўляла вас зусім-зусім не такім...

— То наша Любачка, — паспяшаўся пазнаёміць Іх Доля. — Наша радасць і наша шчасце...

— Кіньце, дзядзька Фаля, якое там шчасце, якая ра­дасць?..

Дзяўчына засаромелася і пачырванела, а Лазар Богша чамусьці з радасцю адзначыў, што яна не дачка гэтага дзівака Долі.

— А ўжо і радасць, — стаяў на сваім Доля.

— Ну, калі радасць, дык я напаю вас чаем. Няма чаго вам стаяць у гэтым мёртвым царстве рэчаў. I не спрабуйце адмаўляцца. Жанчын трэба слухаць.

Дзяўчына гэтая, што так нечакана ўварвалася ў іхнюю не зусім прыемную гамонку, чымсьці інтрыгавала Богшу. Ён і без вялікіх угавораў гатоў быў застацца, забыўшыся на тое, што спяшаўся ў гасцініцу, а яна яшчэ ўзяла яго пад руку і павяла ў глыб царквы.

За абабітымі лямцам дзвярыма аказаўся даволі вялікі пакой з круглым абедзенным сталом пасярэдзіне, са старой плюшавай кушэткай і мноствам старых рэчаў, можа, музейных экспанатаў, як падумалася Лазару Богшу. Рэчы гэтыя стаялі на падставачках, тумбачках, сталках самых розных формаў. За гэтым пакоем знаходзіўся яшчэ адзін, з якога і даляцеў кволы і трохі капрызлівы голас:

— Фаля, а хто з табой прыйшоў?

— А гэта Лазар Васільевіч прыйшлі, — падбегшы да дзвярэй, сказаў Фаля. — Лазар Васільевіч, які здымае ў нашым горадзе фільм...

— Ах, так, так, — азвалася жанчына. — Пазнаём мяне, Фаля, з Лазарам Васільевічам...

Доля павярнуўся тварам да Богшы.

— Лазар Васільевіч, — звярнуўся ён да Богшы, — пазнаёмцеся з маёй сваячкай Соф’яй Ігнатаўнай...

Лазар Богша перасек пакой па дыяганалі і, чакаючы ўбачыць нешта непрыемнае, рашуча ўвайшоў у той, другі пакой.

Ён быў асветлены мяккім святлом люстры. На высокім нікеляваным ложку напаўляжала жанчына, зусім сівая, але вельмі прыгожая.

— Ах, як я хацела вас бачыць, — захоплена сказала Соф’я Ігнатаўна і працягнула Богшу руку з залатым пярсцёнкам на пальцы. — Соф’я Ігнатаўна Вярбінская...

Лазар Богша троху разгублена ўзяў яе руку, не дужа ўяўляючы, ці ён павінен пацалаваць руку, ці проста паціснуць на знаёмства. На ўсякі выпадак пацалаваў і, здаецца, зрабіў правільна. Соф’я Ігнатаўна запунсавелася.

— Навошта вы хацелі мяне бачыць? — спытаў Богша.

— Ды ўжо і не ведаю, — з сарамлівай усмешкай адказала Соф’я Ігнатаўна. — Калі доўга ляжыш, дык якія фантазіі не прыходзяць у галаву...

— Соф’я Ігнатаўна паходзіць з акцёрскай сям’і і сама да вайны танцавала ў балеце, — падказаў Доля.

— Ах, Фаля, не трэба напамінаць пра даўняе... Усё прайшло, усё мінулася...

Яна сказала з такім непадробным сумам, што Бог­ша і Доля адчулі сябе вінаватымі і замоўклі.

— Сябры мае, — гукнула іх Люба, — чай патовы. Давайце будзем піць тут. Ты, мама, не станет пярэчыць?..

— Я — не, — адказала Соф’я Ігнатаўна. — Хіба Лазару Васільевічу будзе нязручна...

— Што вы, што вы! — запярэчыў Богша.

— Дзядзька Фаля, памажыце мне прынесці сталок, — загадала Люба, і яны абое пайшлі ў першы па­кой.

Як толькі яны выйшлі, Соф’я Ігнатаўна ўхапіла Бог­шу за руку.

— Дзеля ўсяго святога не адмоўце мне ў просьбе... Я таму і хацела вас бачыць...

Цяпер Лазар Богша здагадаўся, што трапіў сюды зусім невыпадкова, і яго ахапіла прыкрасць.

— Слухаю вас, — сказаў ён, думаючы над тым, як адмовіць гэтай жанчыне, якая збіраецца нешта прасіць.

— Памажыце Любачцы... Вазьміце яе на якую ролю ў вашым фільме... Яна здольная... Абяцайце...

Богша быў настолькі разгублены, што маўчаў як вады ў рот набраўшы.

— Лазар Васільевіч!.. Каб магла, я стала б на калені... Але я ляжу, а такіх не б’юць... Не забівайце мяне... Абяцайце...

— Абяцаю, — нібы выносячы сабе прысуд, сказаў Богша.

I якраз у час. 3-за посцілкі, якая вісела на дзвярах, паявілася спіна Долі.


***

— Ну, дзеці мае, — весела сказала Люба, — будзем чаёўнічаць. Не асуджайце строга, бо чай я не ўмею заварваць. Ён вечна пахне венікам і металам, але ўсё роўна смачны...

Чай сапраўды смярдзеў венікам. Але Богша піў яго з нечуванай прагай, не перастаючы сачыць за трыма жыхарамі гэтай дзіўнай кватэры ў царкве. Папраўдзе, дык нічога асаблівага ён не заўважаў.

— Лазар Васільевіч, ці не праўда, у Рафаіла Міхайлавіча цудоўная калекцыя старых рэчаў, — звярнулася да Богшы Соф’я Ігнатаўна, няйначай, дзеля таго, каб пазабавіць яго размовай.

— Зосечка, — нецярпліва перапыніў яе Доля, — я неаднойчы прасіў цябе не называць музей маім... Я толькі загадваю ім...

— Усё роўна калекцыя твая, — упарта сказала Соф’я Ігнатаўна. — Проста ты бескарыслівы чалавек. Іншы на тваім месцы ўзяў бы за такія рэліквіі грошы. А ты аддаў іх бясплатна...

— Зосечка, ты робіш мне балюча, — запрасіў літасці Доля. — Я не нейкі там калекцыянер-хапуга, які абірае народ...

— Таму я кажу...

— Зосечка, не трэба...

Лазар Богша пастараўся прымірыць Долю з ягонай сваячкай.

— Мне здаецца, — сказаў ён, — сутнасць састаіць у тым, што калекцыя сапраўды выдатная...

Доля і Соф’я Ігнатаўна аж заззялі ад такой ухвалы. Адна Люба нечага іранічна ўсміхнулася.

— А ці заўважылі вы, Лазар Васільевіч, кросны? — спыталася Соф’я Ігнатаўна.

Лазар Богша, апрача іканастаса, нічога не заўважыў, але, каб не пакрыўдзіць Соф’ю Ігнатаўну, сказаў:

— Мне здалося, яны вельмі старадаўнія...

— Фаля, — звярнулася да Долі Соф’я Ігнатаўна, — скажы Лазару Васільевічу, каму належалі гэтыя кро­ены...

— Кацярыне Лук’янаўне Азарэвічавай, — важка сказаў Доля.

Яны абое — Соф’я Ігнатаўна і Доля — пільна паглядзелі на Богшу: якое ўражанне гэта зрабіла на яго?

Лазар Богша ніколі не чуў пра Кацярыну Лук’янаўну Азарэвічаву, адно што здагадаўся: няйначай, яна славутая і мае нейкае дачыненне да Долі і Соф’і Ігнатаўны, а таму прытворна здзівіўся:

— Што вы кажаце?!. Проста неверагодна...

— Больш таго, — горача сказаў Доля, — кросны, бадай, належалі Варвары Сямёнаўне, якая паходзіла з роду Старынкевіча і пайшла замуж за прыгоннага...

У другі раз здзіўляцца Лазар Богша не адважыўся. Перабярэш лішак, як той акцёр на сцэне, і замест апладысментаў пачуеш абураны свіст.

— Рафаіл Міхайлавіч, я, далібог, не ведаю, хто такія Старынкевічы і Азарэвічавы, — нечакана для сябе прызнаўся ён.

— Як, вы не ведаеце, хто такія Азарэвічавы? — гнеўна спытала Соф’я Ігнатаўна.

— Мама, — рашуча ўмяшалася Люба. — Чаму Ла­зар Васільевіч павінен ведаць, хто такія Азарэвічавы?

— А таму, — не перастала гневацца Соф’я Ігнатаўна, — што яны наша слава і гонар... Таму, што нельга жыць без гісторыі...

Яна адвярнулася тварам да сцяны, як бы назаўсёды страціўшы цікавасць да Богшы.

Лазару Богшу стала няёмка, але яго ахапіла і злосць. Зацягнулі сілком, ды яшчэ і абражаюць, выстаўляючы недалёкім чалавекам.

— Мы вывучалі гісторыю не па кнігах і архіўных фаліянтах, — сказаў ён з перавагаю над гэтымі царкоўнымі жыхарамі глухога гарадка. — I не проста вывучалі, а здабывалі яе зброяй на дарогах вайны...

— Ну, так, так, — пагадзіўся Доля, бо Соф’я Ігнатаўна прадаўжала пакрыўджана маўчаць. — Аднак хачу нагадаць вам, Лазар Васільевіч, што гісторыя, пра якую вы мелі гонар сказаць, на доўгім сваім шляху імкнулася пазбавіцца ад сумніцельных каштоўнасцей, каб знайсці для чалавека ў свеце жорсткасці і грубай сілы высокі сэнс існавання яго на зямлі. I гэта, паверце, не абстракцыя, а гістарычная неабходнасць.

Рафаіл Доля, як падумалася Богшу, зноў загаварыў манерна, па-вучонаму, чым рашуча ўзлаваў Богшу.

— Што вы разумееце пад "сумніцельнымі каштоўнасцямі"? — гатовы на спрэчку, спытаўся ён.

— А вось гэтае выхвалянне зброяй, — спакойна адказаў Доля, як бы не жадаючы спрачацца.

— А вы маеце ўяўленне пра лагеры смерці? — непрымірыма спытаўся Богша і пачуў, як нехта наступіў яму на нагу, але не звярнуў на гэта ўвагі. — Ці, можа, вам нечага шкада стала фашызм, які можна было знішчыць толькі сілай зброі, каб вызваліць, уратаваць ад смерці мільёны людзей... Нічога сабе сумніцельныя каштоўнасці...

Яму здавалася, што Доля будзе прысаромлены, а то проста знішчаны ягонымі словамі.

— Навошта ж так катэгарычна, — пасля кароткага маўчання зноў загаварыў Доля і яшчэ больш спакойна, як раней. — Я лагеры смерці таксама ведаю не па чутках... Ды і Соф’я Ігнатаўна ведае іх... Так што вашы папрокі нас не закранулі... 3 вашага дазволу, Лазар Васільевіч, я паспрабую абгрунтаваць сваё разумение сумніцельных каштоўнасцей, калі ўжо гаворка зайшла пра іх...

— Мне трэба ісці, — рашуча сказаў Богша. — А сваё разумение гісторыі вы лепей надрукуйце ў якім выданні, каб пра яго ведалі спецыялісты...

Лазар Богша ўстаў з крэсла з рашучасцю чалавека, якому непрыемна далейшая гаворка. Доля з Любай нібы і не заўважылі ягонага намеру пайсці, затое Соф’я Ігнатаўна ўсхвалявалася.

— Фаля!.. Любачка!.. Што ж вы?.. Лазар Васільевіч пакрыўдзіліся... Што ён пра нас падумае?.. Лазар Васільевіч, міленькі, даруйце нам! Мы ў сваёй бярлозе зусім развучыліся гаварыць з культурнымі людзьмі... А ўсё я, я, я! — яна прыціснула да вачэй вышываную насоўку.

Богша разгубіўся, сеў.

"Ліха з ім, — падумаў ён пра Долю, — хай гаворыць!.. Выседжу, выцерплю і назаўсёды развітаюся, каб, барані божа, у другі раз не трапіць у такое недарэчнае становішча".

— Мне і сапраўды трэба ісці, — сказаў ён, — Позна ўжо... Але мне вельмі цікава паслухаць вас, Рафаіл Міхайлавіч.

Богша скрывадушнічаў знарок, спадзеючыся, што Доля і сам не стане прадаўжаць размову. I... памыліўся.

— Бачыце, Лазар Васільевіч, — нібы нічога не зда­рылася, загаварыў Доля, — некалі, у дагістарычныя часы, чалавек вымушаны быў захапляцца грубай сілай. Прырода ніколі не песціла чалавека, і ён павінен быў змагацца з ёю. Уявіце сабе: голы, з выгляду бездапаможны чалавек, без аініякіх там кіпцюроў або вострых іклаў і адзін на адзін са зверам. Гэта, калі хочаце, прыгожа. Барацьба на роўных... Таму грубая сіла на той час была эстэтычнай катэгорыяй. Чалавек захапляўся спрытнасцю паляўнічага, яго вынослівасцю, дужасцю, адвагай. I нават тады, калі яму даводзілася адстойваць свае паляўнічыя ўгоддзі ад такіх жа, як ён, паляўнічых, грубая сіла выступала ў той жа эстэтычнай катэгорыі, бо яна была сіла правая, справядлівая.

I яшчэ прашу заўважыць, Лазар Васільевіч, што ча­лавек тады хоць і змагаўся з прыродай, але не гвалціў яе. Ён найбольш спадзяваўся на літасць прыроды. Гэта потым ён не стаў чакаць яе літасці, ну і... не заўсёды выходзіў пераможцам. Прырода — кабета помслівая. 3 ёй трэба абыходзіцца далікатна...

Вы скажаце, што тады чалавек не думаў пра матэрыяльныя выгоды. Ды ўся ягоная дзейнасць была скіравана, каб паесці, адзецца, абудда, нешта назапасіць на чорны дзень.

Верна, Лазар Васільевіч, і тады чалавек не цураўся матэрыяльных выгод. Але не яны ўплывалі на яго. Задаволенасць зробленым — во што было галоўным.

Можа, вы і не цікавіліся, а я дык шмат часу патраціў на адну ўражлівую дэталь. Далажу я вам, Лазар Васільевіч, што ўсе народы свету, без аніякага выключэння, пасля калектыўнай работы — палявання, рыбнай лоўлі, збору ўраджаю, пабудаванай хаты ці любой дру­гой талакі — збіраліся разам, і спявалі, і скакалі, і славілі тых, хто вызначыўся ў працы. Ішло гэта ад задаволенасді зробленым, ад вялікага шчасця, што здолена нейкая праца. Бачыце, які вялікі сэнс!.. Грубая сіла тады найбольш і выступала як сіла, што нешта стварае, а не разбурае. Гэта потым пачалі славіць сілу, якая разбурае, знішчае жывое і нежывое. А тады да такога яшчэ не дадумаліся.

Тады чалавек разумеў, што ў ягоным існаванні ёсць нешта большае і важнейшае за звычайны набытак. Ча­лавек набывае, чалавек — спажывае. Грубая сіла і тая памірае разам з чалавекам. Але ж ёсць каштоўнасці, якія перажываюць чалавека — песні, малюнкі, прыгожа аздобленыя рэчы. Яны ўвасабляюць вечнасць. Яны ўзвышаюць чалавека над прозай жыцця, як птушку над зямлёй.

Дадумаўшыся да гэтага, чалавек стаў паважаць сябе. Паважаць, Лазар Васільевіч! Не за сілу, за дух свой!.. Во што важна, Лазар Васільевіч! Дык чаго ж мы, людзі цывілізаваныя, услаўляем грубую сілу, ледзь не молімся ёй? Дзетак нашых ці не з калыскі прывучаем да таго, каб шанавалі грубую сілу... А пра дух калі і прыгадваем, дык сарамліва. Найбольш прыкідваючыся, прыгадваем.

Вось вы ўсміхаецеся, Лазар Васільевіч, глядзіце на мяне як на дзівака, гэткага смешнага правінцыяла, які нешта сабе ўявіў і займаецца нікому непатрэбнай справай. На жаль, вы не адзін, хто вось так пагардліва глядзіць на нас, перыферыйных. Гэтым я ніяк не хачу абразіць вас, Лазар Васільевіч. ёсць нейкая заканамернасць у стаўленні людзей адно да аднаго па меры іх аддалення ад першаасновы агульнага нашага паходжання. Жыхар мястэчка з іроніяй ставіцца да вясковага чалавека, а да таго местачкоўца з такой жа іранічнай паблажлівасцю ставіцца гарадскі жыхар. Да гарадскога — сталічны... Яно, можа, і праўда, мы, хто жыве на перыферыі, неяк інакш выказваемся. Але ж гэта, Лазар Васільевіч, ад нашай сціпласці, ад няўпэўненасці, а не ад таго, што мы неяк інакш думаем. Хоць, можа, і інакш, без выкрунтасаў. Нахабнасці ў нас няма. Паслухаеш каторага з недасяжных сталічных вышынь — божа мой! Колькі ўпэўненасці, нахрапістасці, а што ў ягоных словах сваё, што запазычанае?.. Адна пыха свая!.. Але ж паспрабуй запярэчыць!.. Дзе там!..

Лазар Богша даўно ўжо згубіў логіку Долевай гаворкі. Яму было бясконца сумна. Але апошнія выказванні закранулі Лазара за жывое.

— Дзіўная ў вас звычка, — сказаў ён, — запрасіць да сябе і адчытваць без аніякай на тое падставы...

Мабыць, Доля і сам зразумеў, што лішне захапіўся ў сваіх выкрываннях.

— Божа крый, Лазар Васільевіч, я кажу, так ска­заць, абстрактна, не канкрэтна... Як жа вы маглі пакрыўдзіцца?.. Да вас гэта не мае ніякага дачынення. Больш таго, вы, спадзяюся, і самі адчувалі на сабе іранічную паблажлівасць... Але дазвольце ўжо, я давяду сваю думку пра сумніцельныя каштоўнасці, пра якія пачаў быў гаварыць. Вы ўжо даруйце, што я, як той верабей, пераскокваю з галінкі на галінку. Дрэва ў іх адно. Гэта, так сказаць, наш, усіх правінцыяльных філосафаў недахоп. Хоць якія мы філосафы?.. Проста любім сам-насам падумаць у вольныя хвілінкі. Нам жа часам і пагаварыць не бывае з кім...

Дык я спыніўся на тым, што чалавек некалі пачаў паважаць сябе, адкрыўшы сапраўдныя каштоўнасці.

Ну, так, стаў паважаць, а мы пра яго думаем іранічна, паблажліва. Не толькі, так сказаць, па гарызанталі, як я ўжо меў магчымасць даказаць вам у адносінах паміж чалавекам гарадскім і вясковым, правінцыялам, але і па вертыкалі. Што гэта азначае?.. А тое, дарагі Ла­зар Васільевіч, што ў адносінах да сваіх продкаў мы ўсе, без выключэння, маем лішне катэгарычнае і няправільнае ўяўленне як аб людзях наіўных, можа, нават недаразвітых, якія нічога не ведалі, нічога не ўмелі. I ніяк не можам зразумець той простай ісціны, што яны ў чымсьці пераўзыходзілі нас. Мы пераважаем тэхнікай, а яны разуменнем, адчуваннем таго, што рабілі. Яны, Лазар Васільевіч, умелі "на вока" вызначыдь, ці гатова плаўка, ці яшчэ трэба трохі пачакаць. Во як!.. Але самае галоўнае не ў гэтым. Тыя далёкія нашы продкі ўмелі слухаць душой, сэрцам, а не галавой. Таму ім не патрэбны былі мана і крывадушнасць. Сэрцам не збрэшаш...

Во, Лазар Васільевіч, у чым іхняя самая вялікая перавага. Мана і крывадушнасць паявіліся пазней, калі культ грубай сілай завалодаў людзьмі, але ўжо ў іншай субстанцыі — матэрыяльнай.

Тут у мяне, Лазар Васільевіч, свой пункт гледжання на ход чалавечай гісторыі. Магу ж я, урэшце, мець свой пункт гледжаиня. Няўжо ж я ўсё сваё жыццё павінен паўтараць услед за кімсьці яго няправільныя погляды на гісторыю.

— Даруйце, але я павінен ісці, — перапыніў яго Бог­ша.

Доля, нібы спаткнуўшыся і балюча параніўшы нагу, аж перасмыкнуўся.

— Чакайце, чакайце, я не сказаў галоўнага... Гісторыя, Лазар Васільевіч, блукае па забытых сцежках, — гаварыў ён спяшаючыся, бо Богша рашуча падняўся з-за стала. — Затое, калі яна збіваецца на новыя, дык пракладае іх, мосцячы чалавечымі касцямі, паліваючы чалавечай крывёю... Прыгадайце хоць бы Калумба. Ды я пакланіўся б яму ў ногі, але як падумаю, што спачатку іспанцы, а потым і амерыканцы-каланізатары знішчалі індзейцаў, тут ужо ў мяне ніякай радасці ад таго, што Калумб адкрыў Амерыку... Лазар Васільевіч, уявіце толькі, возьме чалавек чалавечае дзіця за ножкі і галоўкай аб дрэва... Жах, жуда, а амерыканцы яшчэ хваліліся, колькі і хто забіў нявінных душ... Дык навошта ж мне такое адкрыццё, калі яно прывяло да гібелі людзей, можа, найвялікшых геніяў чалавецтва. Геніяў, Лазар Васільевіч! Бо ад тых, хто забіваў, ды і цяпер забівае, чакаць геніяльнасці не даводзіцца. Уся іхняя "геніяльнасць" — забойствы. Азірніцеся наўкола, Лазар Васільевіч, людзі ж па чалавечых касцях ходзяць, па ка­лена ў крыві. Спыніцеся, людзі, хачу я крыкнуць. А ка­му, Лазар Васільевіч? Адны сваімі клопатамі занятыя, як тыя мурашкі — бягуць сабе цераз дарогу і не здагадваюдца, што ўжо коцяцца калёсы і многія з іх трапяць пад капыты каня і жалезныя колы павозкі. Бачу, вы хочаце мне запярэчыць.

Лазар Богша і не думаў пярэчыць, але яму надакучыла Долева балбатня і ён не мог не выкарыстаць нагоды, каб пазбавіцца ад яе.

— I навошта вы мне пра ўсё гэта гаворыце? — спытаўся ён голасам, які назусім адхіліў Долеву спробу прадоўжыць дыялог.

— Бо вы, Лазар Васільевіч, мастак, — адказаў До­ля. — Мастак!..

На ягоным твары прамільгнула загадкавая ўсмешка, ці, можа, гэта толькі здалося Богшу. Ён таропка сунуў руку Долі на развітанне з непісанай на твары радасцю, што развітваецца на векі вечныя. Так ён жадаў.

Ды ўсё перайначыла Люба.

— Мама, я правяду Лазара Васільевіча, — нечакана сказала яна.


***

У чорным небе квола свяціўся тоненькі сярпок маладзіка, такі тоненькі, аж было боязна, каб яго не здзьмуў адтуль свавольны ветрык, які ўсё яшчэ не хацеў залегчы на сон.

Лазар Богша ўбачыў маладзічок адразу, як толькі яны з Любай выйшлі на двор, і яму нечага стала самотна, можа, якраз таму, што прыгадалася ваеннай пары засада і вось такі ж сярпок маладзіка, які вісеў над па­латном чыгункі. Маладзічок той падганяў іх: пакуль я маленькі ды слабенькі, рабіце сваю справу, мініруйце чыгунку, бо праз два дні я асвятлю яе яркім блакітам і тады вам будзе не падысці да насыпу. Яны паслухалі, паспяшаліся, а ў спешцы нешта зрабілі не так... Страшэннай сілы выбух страсянуў ноч, аж схаваўся за хмарку маладзічок. Тыя, хто застаўся жывы, уцякалі з чыгункі пад раз’юшаную аўтаматна-кулямётную траскатню...

Цяпер, недзе каля ракі, ашалела цёхкалі салаўі, быццам спаборнічалі між сабой на конкурсе за першае месца. Адтуль жа, з ракі, дзьмуў нямоцны, але жвавы вецер, які пахнуў вільгаццю, чаромхай і свежай ускапанай зямлёй. Лазар Богша дыхнуў на поўныя грудзі і адчуў, як пачало праясняцца ў галаве, нібы прачнуўся пасля кашмарнага сну і зразумеў, што то быў усяго сон. Чорт падбіў яго пайсці глядзець гэты музей, піць чай, слухаць вар’яцкія размовы, ад якіх за вярсту несла правінцыяльнай заглыбленасцю і шматзначнасцю.

Але самота не праходзіла, а як бы разгаралася на свежым паветры, апякаючы грудзі. Ён падумаў, што бы­ло б дарэчы пасядзець у адзіноце на беразе ракі, паслухаць салаўёў ды памарыць у стоенай начной цішы. Даўно ён не марыў!.. Ачарсцвеў душой, як зямля без дёплага дажджу.

— Вам не хочацца ісці ў гасцініцу? — угадала ягоны настрой Люба.

— Папраўдзе?.. Не хочацца, — адказаў ён, як бы запрашаючы яе гэтым прызнаннем пабыць з ім. Але яму зусім не хацелася, каб яна была побач. — А вы вяртайцеся дамоў, бо позна ўжо і дома стануць хвалявацца...

Лазар Богша ўмеў быць бесцырымонным, калі гэта­га вымагалі абставіны. Люба пакрыўджана фыркнула, нібы тая кошка, якую гоняць з печы.

— Можа, вы яшчэ пачнеце чытаць мне мараль? — са з’едлівай іроніяй спытала яна.

— Не, не стану, — адказаў Богша.

— Тады пойдзем на раку... Я ведаю там цудоўны ку­ток. Зацішны і прыгожы...

Пад кручай, над чарнатой густых зараснікаў, што апускаліся ці не да самай вады, расла таполя. Пад ёй стаяла цяжкая і дужа шырокая лаўка. 3 яе ў дзень, напэўна, адкрывалася вачам чарадзейнае хараство прасторы. Цяпер усё хавалася ў смузе рэдзенькага туману. У тумане чырванела вогнішча, і лёгкі пах смольнага ды­му, здавалася, далятаў сюды. Адтуль жа, з поплаву, чулася конскае фыркание і тупат спутаных ног, як двайны ўдар пранікам на таку, калі малоцяць лён.

Лазар Богша з нечуваным захапленнем любаваўся майскай ноччу: водбліскамі вогнішча, туманам, таямнічым фырканием коней,, сцішаным шолахам хрушчоў, усплёскамі рыбы на рацэ і звонкім перазвонам ручая, які па камяністым ложы падбіраўся тут да ракі.

Люба ўжо не перашкаджала адзіноце. Яму было хораша пад аксамітавым полагам неба, сярод начных гукаў і пахаў вясны. Так бы сядзець і слухаць...

— Толькі па шчырасці, — парушыла першабытную стоенасць Люба, — ці гаварыла з вамі аба мне маці?..

— Гаварыла, — нездаволены, што яму перашкодзілі, адгукнуўся ён.

— Я яе не прасіла, — пачала апраўдвацца Люба.

— I тым не менш я паабяцаў даць вам ролю ў наступным фільме і наогул...

— Роля ў вашым наступным фільме мяне можа задаволіць толькі напалову, — насмешліва перапыніла яго Люба.

— А што можа задаволіць цалкам? — таксама насмешліва спытаўся Богша.

— Цалкам?.. Стаць вашай жонкай...

Можна было падумаць, што Люба жартуе, няйначай, хоча разыграць яго, Лазара Богшу. Во ўжо марная спроба!.. "Знайшла б ты сабе для розыгрышаў каго маладзейшага. Мяне, мілая дзяўчынка, як таго старога вераб’я, на мякіне не правядзеш", — падумаў Богша.

— Спакусліва, — каб не выглядаць чалавекам, якому незнаёмы гумар, крыху памаўчаўшы, сказаў ён. — Аднак безнадзейна...

— Чаму, Богша?.. Ці, можа, вы думаеце, што я жартую? — спытала Люба, і Лазар Богша раптам зразумеў, што яна і сапраўды не жартуе.

Ну, і дзянёчак выпаў! Звар’яцець можна!

— Паслухай, дзетка, — загаварыў ён тым паблажлівым тонам, які памагаў трымаць на адлегласці маладых экзальтаваных паклонніц, — я, здаецца, зусім не падобны на выхавацельку дзіцячага сада...

Люба засмяялася звонкім, вясёлым смехам, як і тады, калі яны спаткаліся ў музеі.

— Мне васемнаццаць гадоў, і я заканчваю сёлета першы курс тэатральнага інстытута. Я — дарослая, Богша, — сказала яна з непрадбачанай сур’ёзнасцю.

— Ага, зразумела, табе, няйначай, прапанавалі на дом эцюд: сварлівая жонка ў сучасным інтэр’еры, а партнёр — па абставінах, — прадаўжаў ён насмешнічаць, хоць, папраўдзе, размова пачынала яго непакоіць.

— Не трэба практыкавацца ў красамоўстве, Бог­ша, — паўшчувала яго Люба. — I не трэба прыкідвацца, нібы ты несур’ёзна паставіўся да маіх слоў. Ты разгубіўся, а можа, і спалохаўся. Але мяне не трэба баяцца. Я буду добрай жонкай і таварышам...

Люба незаўважна для Богшы перайшла на даверлівы тон, нібы яны даўно знаёмыя. Богша і сапраўды быў разгублены.

— У мяне была жонка, і другой такой не будзе, — сказаў ён з цяжкаватай і нязграбнай сур’ёзнасцю, жадаючы захінуцца ад нечаканай прапановы.

— Я ведаю, што была, — адказала Люба. — Але ты, Богша, лішне безабаронны, і табе патрэбна такая жон­ка, як я. Так што дарэмна ты не хочаш маёй падтрымкі. Ды я і не дазволю, каб ты застаўся адзін у коле варожых табе людзей. Камусьці трэба абараняць цябе ад розных нечаканасцей, каб ты мог спакойна займацца мастацтвам...

Лазар Богша быў уражаны. Але яго і забаўляла гэ­тае сватанне. Як у нейкай буф-камедыі. Каб пабачыў такое на сцэне, папракнуў бы аўтара ў празмерным захапленні выдумкай.

— А што, можа, рызыкнуць? — весела сказаў ён і абняў Любу.

Тая надзіва лёгка вызвалілася з ягоных абдымкаў.

— Пакінь гэтыя абдымкі для дурніц, — павучальным тонам сказала яна. — Я не абыдзеная ўвагай сексуалка, якая кідаецца хоць пад мужчыну, хоць пад аўтобус... Мне патрэбны разумны муж...

— Ідзі ты да д’ябла, — напаўжартам сказаў Бог­ша. — Знайшлася местачковая амазонка, якая яшчэ нешта выбірае... А калі я не хачу быць тваім мужам? Ты хоць пра гэта падумала?

— Найперш за ўсё, — адказала Люба. — А цяпер добранька паслухай, чаму мы павінны быць разам...

Яна так і не зняла асады, пакуль Богша не здаўся...


***

Тэлефонны званок — доўгі і пранізлівы ў начной цішы — разбудзіў Лазара Богшу.

— Гаварыце, — загадаў сонны голас, і адразу пачуліся чыесьці няўцешныя рыданні, аж у Богшы забе­галі па спіне халодныя мурашкі.

Ён моўчкі, са страхам слухаў, як нехта плача, і ніяк не мог даўмецца, хто плача і чаму? Яму здалося, што і пачуты званок, і сонны голас, які загадаў гаварыць, і гэтыя рыданні па тэлефоне — звычайная галюцынацыя, працяг кашмарнага сну, які дасюль сніцца.

Богша раптам заўважыў у люстэрку чыйсьці адбітак з напалоханымі вачамі і аж уздрыгнуў. Было такое ўражанне, нібы ён вар’яцее і ўжо, можа, страціў розум.

Яму зрабілася так жудасна, што закалола ў патыліцу. Боль тым часам быў жывы, а таму рэальны. Ён і не даў Богшу страціць раўнавагу.

Няйначай, падсвядома ўзнікла думка, што памёр Доля і Соф’я Ігнатаўна звоніць, каб паведаміць аб смерці. Здагадка была зусім недарэчная — Соф’я Ігнатаўна, прыкутая да ложка цяжкай хваробай, не магла пайсці на пошту, а тэлефона ў іх не было, — але яна хоць нешта праясняла. Напрыклад, тое, што ён, Богша, не трызніць.

— Не трэба плакаць, — прачулым ад перапуду голасам сказаў ён, — парушаць вечны спачын чалавека, які не меў спакою на зямлі.

На ягонае здзіўленне, рыданні абарваліся.

— Праўда ваша, Лазар Васільевіч, не трэба пла­каць... Але ж і цярпець не стае сіл...

Голас быў Долеў. Лазар Богша адчуў, як зноў яго ахапіў страх. Голас Долі як бы даносіўся з таго свету. А можа, гэта ён, Богша, знаходзіцца на тым свеце, у царстве ценяў і вечнага сутоння?

Лазара Богшу ахіналі прывідныя прыцемкі. Аднекуль, праўда, прабівалася чырванаватае святло, як з пякельных печаў, у якіх падсмажваюць грэшныя душы. Але яно здавалася нерэальным.

Богша інстынктыўна працягнуў руку, з усяе сілы пацягнуў за шнурок свяцільніка. Яркае святло ўспыхнула на сцяне, аж разанула па вачах.

Не, чорт пабяры, ён не трызніў. Усё адбываецца наяве. Долеў голас таксама.

— Што здарылася, Рафаіл Міхайлавіч? — спытаўся ён ахрыплым ад хвалявання голасам.

— Лазар Васільевіч, родненькі... Згубілі мы Зосечку... Соф’ю Ігнатаўну...

Доля ўсхліпнуў. Лазар Богша не ведаў, што трэба гаварыць у такіх выпадках. Спачуваць?.. Якімі словамі?.. I ўжо зусім разважліва падумаў, што Любы няма дома і яму давядзецца ехаць на пахаванне. Ехаць не ха­целася.

— А Люба за мяжой, — сказаў ён, даючы зразумець, што сам ён не можа прыехаць.

— Лазар Васільевіч, — узмаліўся Доля, — прыязджайце, бо я разгублены да памутнення розуму...

Богшу стала няёмка. Ён раптам пачуў сваю і Любіну віну перад Долем і Соф’яй Ігнатаўнай. Яны з Любай зусім забыліся на старых, што засталіся ў глухім мястэчку, у былой царкве, якая стала музеем, быццам і Доля і Соф’я Ігнатаўна таксама музейныя экспанаты, на якія адзін раз глянуўшы, можна забыцца.

— Ну, канечне, канечне, я прыеду, — паспешліва пагадзіўся ён.

Гадзіны праз чатыры Богша прыехаў у мястэчка на таксі. Ужо бралася на золак, і ў хатах свяціліся агні. Кволенька асвятлялася і акно ў пакоі Соф’і Ігнатаўны. Богша заглянуў у яго. Перад партрэтам у багетавай рамцы гарэла свечка. На крэсле сядзеў Доля, абхапіўшы галаву рукамі. Богша ціхенька пабарабаніў у шкло.

— Я так чакаў вас, — абдымаючы Лазара Богшу, сказаў Доля. — Яна сканала ў бальніцы. Я пайшоў дамоў павячэраць, прыходжу, а яе ўжо няма.

Лазар Богша як умеў супакоіў Долю...

Хавалі Соф’ю Ігнатаўну назаўтра. Лазара Богшу засмуціў да бязлікасці спрошчаны абрад пахавання. Hi прамоў, ні аркестра, ні вянкоў, ні кветак. Белую, збітую з габляваных дошак труну паставілі на грудок зямлі. Нейкая бабуля папырскала магілу вадой з бутэлечкі. Двое дужых мужчын узяліся за канцы вяровак, паціху апусцілі труну ў ашчэраную зяпу магілы.

I зноў Богша адчуў сваю віну перад нябожчыцай. У мітусні будняў, у вечным чалавечым эгаізме ён так ніколі і не пагаварыў з Соф’яй Ігнатаўнай. Яны з Любай жылі самі па сабе, Соф’я Ігнатаўна з Долем самі па сабе. Як чужыя.

На памінках ён выпіў заведзеных па абраду тры чаркі, непрыкметна падняўся і выйшаў у музей. Яму хаце­лася пазбавіцца ад гнятлівай атмасферы памінкаў. То зноў было праяўленне эгаізму, але Богша і сапраўды не мог бачыць памінальнага стала.

У музеі ён пайшоў ад закутка да закутка, думаючы пра здзіўляючую жывучасць рэчаў і імгненнасць чалавечага жыцця.

— А гэта ўсё яе, Зосьчына, — вывеў яго з задуменнасці Долеў голас.

Рафаіл Міхайлавіч стаяў на праходзе перад тым за­куткам, дзе вісеў іканастас. Богшу ўразіла супярэчлівая гэтай горкай часіне дзіўная прасветленасць Долевага твару. А яшчэ больш уразіла, што музейныя рэчы нале­жалі Соф’і Ігнатаўне. Тады, у першае знаёмства, Соф’я Ігнатаўна, наадварот, падкрэслівала, што рэчы збіраў Доля.

Сям’я гэтая ўсё яшчэ заставалася для Богшы таямніцай. Усе — Соф’я Ігнатаўна, Доля, Люба — былі такія непадобныя, нібы выпадкова сабраныя пад адным дахам. Богшу здалося, што яго знарок не дапускалі ў гэтую сям’ю, нібы ён быў з іншага свету. Зрэшты, падумалася Богшу, ён і сам не дужа імкнуўся нешта высветліць, нешта вызнаць пра жыццё Долі і Соф’і Ігнатаўны. Ды ў каго ёсць цікавасць да чужых жыццяў? Людзі затаіліся па кватэрах, раздзеленых калідорамі, пад’ездамі, жалезабетоннымі камяніцамі. На працу ходзяць, каб працаваць, сварыцца з-за дробязей; на схо­ды, каб слухаць старанна напісаныя, да косачкі вывераныя прамовы; на юбілеі, каб гаварыць кампліменты, а назаўтра пасміхацца і з сябе, і з юбіляра...

Лазару Богшу захацелася спытацца ў Долі пра Соф’ю Ігнатаўну? Хто яна? Як трапіла ў гэтую глухамань?.. Штозвязвала яе і Долю? Але нешта замінала. Ці не тая самая боязь парушыць замкнутае кола чужой тайны, не даць падстаў для цікаўнасці, для спробы заглянуць і ў ягоны свет думак і адчуванняў.

Богшу падумалася яшчэ, што людзі старанна захоўваюць свае думкі, нібы баяцца выказаць іх уголас.

Чаму баяцца?.. А можа, і не баяцца, а гэта толькі так здаецца?.. "Не, чорта з два, сам я не вельмі люблю дзяліцца думкамі. I не таму, што яны ганебныя. Яны не лезуць у пракрустава ложа звычнага, прынятага..."

— Іканастас таксама належаў Соф’і Ігнатаўне? — спытаўся ён.

Доля нечага збянтэжыўся, быццам Богшава пытанне зачапіла ў ім непрыемныя згадкі. Ён зайшоў у закутак, выцягнуў насоўку, абмёў пыл з разной аздобы іканастаса, хоць Богша таго пылу і не заўважыў.

— Іканастас, як і многія іншыя рэчы, належаў некалі Аркадзю Аркадзевічу, — сказаў ён і, нібы раскаяўшыся, зацкавана глянуў на Богшу.

Лазар Богша зразумеў, што далейшыя пытанні, па крайняй меры, пра тое, хто такі Аркадзь Аркадзевіч, будуць нетактоўныя. Ды і што яму да таго, каму належаў іканастас, хто такі Аркадзь Аркадзевіч?

— Аркадзь Аркадзевіч быў мужам Соф’і Ігнатаўны... Да вайны...

Во, гэта сапраўды было нечакана!

Дасюль Лазар Богша з усёй жончынай біяграфіі ведаў толькі дзве акалічнасці: што яна па маці паходзіць з роду прыгонных актрыс Азарэвічавых, якія пачыналі сваю тэатральную кар’еру яшчэ ў прыгонным тэатры графа Зорыча ў Шклове, і што Любін бацька загінуў у вайну.

Зразумела, Соф’я Ігнатаўна магла выйсці замуж другі раз. Але Люба пра айчыма ніколі не гаварыла. Тады што хаваецца за Долевымі словамі?

У пакоі, дзе паміналі нябожчыцу, дзве местачковыя жанчыны моўчкі і без мітусні заканчвалі прыбіраць са стала. Зрабіўшы сваю справу, яны ўсё гэтак жа моўчкі пакланіліся Долі, а той паднёс кожнай па кашаміравай хустцы. I сам пакланіўся жанчынам.

Тыя пайшлі. Богша з Долем засталіся адны ў апусцелым і няўтульным пакоі.

— Бачу і разумею, Лазар Васільевіч, — пасля доўгага і надакучлівага маўчання сказаў Доля, — што вам не церпіцца як найхутчэй уцячы з гэтай юдолі жальбы і смутку. Але не адкажыце, пабудзьце яшчэ хоць дзянькі тры.


***

Назаўтра, як і належала па абраду, яны пайшлі на могілкі. Моўчкі ў журбе пастаялі над курганом свежай зямлі, Сярод занесеных снегам магіл курганок гэты выглядаў чорнай воспінай на белым твары зямлі. Закутыя ў жалезныя агароджы, нібы катаржане ў кайданы, чарнелі драўляныя і металічныя крыжы. Над імі гаманілі хвоі — шапталі малітвы на спачын чалавечых душ.

Лазар Богша аж здрыгануўся і азірнуўся наўкруг. Рафаіл Міхайлавіч стаяў ля магілы, апусціўшы галаву. У сваім няўцешным горы ён здаўся Богшу неад’емнай часцінай могілак — гэткая самотная статуя над прахам Соф’і Ігнатаўны. Лазару Богшу падумалася, што ён ужо ніколі не вернецца сюды. Нават на пахаванне Долі, калі той памрэ.

Думка была жорсткая, бязлітасная, як праўда.. Ад яе хацелася збегчы на край свету.

— Я прайдуся па горадзе, — сказаў ён Долю, знарок называючы мястэчка горадам, бо Рафаіл Міхайлавіч не любіў, калі іхні гарадок называлі мястэчкам.

Богшу здавалася, варта яму заглыбіцца ў местачкавыя вуліцы, як непрыемныя думкі адступяцца, а ім завалодае памяць пра даўнія, але такія прывабныя дні кахання.

Аж не!

Панылы местачковы пейзаж нагнаў на яго такую маркоту, а гарадскія вуліцы, нечым падобныя адна на другую, такое гнятлівае, тупое раздражненне, што ён гатовы быў вярнуцца на могілкі і да самага вечара падзяляць з Долем няўцешны смутак. Ды раптам, як на ратунак, Богша прыгадаў зарачанскае раздолле і тут жа пайшоў да ракі.

Тады, у вясну іхняга дзіўнага кахання, якое больш нагадвала непрымірымае проціборства дзвюх варожых сіл, яны з Любай кожны вечар садзіліся ў лодку, плылі да таго берага і ледзь не да раніцы хадзілі па зарачанскіх паплавах і лукавінах, высвятляючы свае ўзаемаадносіны.

Цяпер тыя вандроўкі ўяўляліся ці не ў ружовым ту­мане згадак — суцэльнае хараство і суладнасць закаханых душ. Таму, мусіць, думалася, што зарачанскае раз­долле пад покрывам снегу выглядае зараз не проста прыгожа, а велічна. Але тое, што ён убачыў з крутога берага ракі, засмуціла яго.

Пасля нядоўгай адлігі, але з дажджамі і туманамі, снег прыпаў да зямлі, пабурэў і ўжо выглядаў не прывабным бялюткім пухавіком, а затаптанай, у дзірках, дзяругай, праз якую клоччам тырчэла леташняя трава.

Яму расхацелася хадзіць па поплаве, але і вяртацца назад не было як. Ён спусціўся па кручы на лёд ракі, пайшоў разбітым зімнікам да лесу, што зелянеў на даляглядзе — кіламетраў за чатыры.

Здаля лес выглядаў дасканалай акварэллю ў белай аздобе. Хацелася любавацца ім не на адлегласці, а зблізку. Але, калі Богша падышоў бліжэй, лес аказаўся няўтульным і брудным.

Богша, расчараваны ім, пайшоў дамоў з прыкрым адчуваннем, што згубіў навекі нешта дарагое.

Пакуль ён ішоў да мястэчка, кароткі зімовы дзень незаўважна растварыўся ў вечаровых прыцемках, дужа ціхіх, шэрых і няўтульных.

Рафаіл Міхайлавіч паліў пакаёвую печ, седзячы на ўслончыку перад топкай. Ён быў задумлівы больш як звычайна — нават не азірнуўся, калі Богша, заходзячы ў кватэру, грукнуў дзвярыма.

Лазар Богша прысеў на крэсла побач з Долем, каб палюбавацца полымем у грубцы. Было прыемна адчувадь, як агонь лашчыць твар і па ўсім целе разыходзіцца пяшчотная цеплыня. За адзін дзень такога хараства можна было б ахвяраваць двума днямі ўсяленскага суму.

Яны сядзелі моўчкі, цярпліва і доўга. Стары гадзіннік, што нячутна пагойдваў маятнікам, сіпата прабіў два разы, адлічыўшы палову і поўную гадзіну.

— Я паеду дамоў заўтра раніцай, — сказаў Богша, нібы разважаючы ўголас. — Было б найлепш, каб і вы паехалі са мной. Можа, не зараз, крыху пазней... Тут вас чакае адзінота...

— Я не адзінокі, — азваўся Доля. — У мяне музей...

Лазар Богша ўсміхнуўся.

— Я кажу пра людзей...

— Людзьмі я таксама не абдзелены, — запярэчыў Доля.

— Вам было б добра ў нас... А на гэтыя музейныя рэчы знойдзецца гаспадар...

— Будзем вячэраць, — прапанаваў Доля.

Яны сядзелі за сталом у суровай маўклівасці. Лазар Богша незаўважна назіраў за Долем. Пры электрычным асвятленні той выглядаў блага: некалі крамяныя, са здаровай пунсовасцю шчокі адрузлі, пабляклі, і цяпер на іх выразна выступалі склератычныя капіляры — барвова-сіняватая сетачка жылак пад жаўтлявай маршчыністай скурай; згаслі і Долевы вочы, прыкрыліся падпухлымі павекамі пад рэдзенькімі вейкамі; ды і ўся Долева пастава, калісьці стройная, згорбілася, сціснулася, як высушаны грыб.

"Сапраўды, куды яму ехаць, — падумаў Богша, і ад спачувальнай думкі кальнула ў сэрца. — Няхай дажывае астатнія дні тут, а мы з Любай паможам, не забудзем..."

Пад уладай моцнага пачуцця, што нахлынула знянацку, Богша шчыра верыў, што так яно і будзе, што яны з Любай абавязкова паклапоцяцца пра адзінокага старога, хоць, папраўдзе, не ўяўляў, як яны будуць клапаціцца.

— Калі вам спатрэбяцца грошы, дык вы не саромецеся... Я зараз багаты, — пахваліўся Богша.

— Мне многа не трэба, — адказаў Доля. — Спажывайце самі. Вы — маладыя...

Лазар Богша ўсім нутром адчуваў, што гаворка гэтая вымушаная, з брыдкім душком няшчырасці, якая хаваецца за словамі спачування. Мабыць, тое ж адчуваў і Доля. Але абодва яны не маглі пераступіць бар’ер, узведзены імі яшчэ ў часе першага спаткання. Потым, кожны раз, калі яны сустракаліся, бар’ер гэты толькі вырастаў, як нарастае наледзь ля калодзежа, з якога часта бяруць ваду.

— Я, бадай, лягу спаць, — сказаў Богша.

Доля падхапіўся, каб паслаць ложак. Той самы, на якім ляжала Соф’я Ігнатаўна. Лазара Богшу аж страсянула, што павінен спаць на гэтым ложку, але ён не адважыўся папрасіць, каб Рафаіл Міхайлавіч паслаў яму дзе-небудзь яшчэ.

— Дык вы ўсё ж заўтра едзеце? — спытаўся Доля, нібы толькі цяпер зразумеўшы сэнс сказаных Богшам слоў.

— Праца, нічога не паробіш, — адказаў Богша.

— Я хацеў што-кольвечы паказаць вам... Можа, прачыталі б...

Перспектыва гэтая — чытаць нейкую Долеву пісаніну — прыйшлася Богшу не даспадобы. Але сёння яму не хацелася адмаўляць Долю ні ў чым. I ўсё ж ён не стрымаўся, каб не пакпіць:

— Ці не раман напісалі, Рафаіл Міхайлавіч?.. А можа, сцэнарый у стылі італьянскага неарэалізму?..

— Hi тое, ні другое, — адказаў Доля, не заўважаючы кплівага. тону. — Дык я, з вашага дазволу...

Нібы баючыся, што Богша можа перадумаць, Доля дастаў з камода стос тоўстых самаробных сшыткаў.

— Што гэта? — жахнуўся Богша.

— Маё жыццё, — адказаў Доля.


***

То, уласна кажучы, быў не мастацкі твор — раман ці аповесць, — а даследаванне, скрупулёзна праведзенае, багата аргументаванае, — навуковая праца па гісторыі, якой яшчэ не было, якую пакуль не напісалі дыпламаваныя навукоўцы, у якой Доля ўважліва разглядаў погляды іншых на гістарычныя падзеі, на гісторыю, а потым рабіў нечаканыя, часта зусім супрацьлеглыя традыцыйным, вывады, якія ашаламлялі Богшу.

Магчыма, таму, што сам ён гісторыяй не захапляўся, хоць і ведаў яе няблага.

Зрэшты, назваць працу навуковай у тым сэнсе, у якім мы прызвычаіліся яе бачыць, дзе з зайздроснай упартасцю вытраўляецца кожнае жывое слова, таксама было рызыкоўна — могуць наклеіць ярлык дылетанта, аматара, а проста кажучы, далёкага ад навукі чалаве­ка. Па цяперашнім разуменні, навуковай працай лічыцца ўсё, што недаступна зразумець простаму чытачу, што напісана строгім, гэта значыць казённым стылем, накшталт стылю інструкцый па пажарнай ахове, дзе ўсё старанна раскладзена па палічках, а кожны вывад недатыкальны, як малітва, які і запамінаць трэба, як малітву, калі хочаш атрымаць прыстойную адзнаку на экзаменах.

Долева праца нічога агульнага з навуковымі працамi дыпламаваных мужоў не мела і напаміне. Яна была напісана мовай, якая, па словах паэта, з кавалка шэрага жыцця робіць салодкую легенду. У ёй былі не толькі факты, вывады — навуковая тканіна, — але займальнасць і пачуццё, якое дзеля аб’ектыўнасці вучоныя мужы таксама старанна вытраўляюць са сваіх навуковых прац.

Але якраз тое, што ў Долевай працы прысутнічала вось гэтае пачуццё, што яна была напісана не абыякавай рукой, а сэрцам зацікаўленага чалавека, і падабалася Богшу; гісторыя, сіла слова і пачуцця, ператвораная ў рэальнае жыццё, а не мёртвая схема, якой зрабілі (і ці толькі гісторыю) цяперашнія спаборнікі на атрыманне вучоных ступеняў.

Лазар Богша так і не заплюшчыў вачэй, чытаючы Долевы сшыткі, але так і не паспеў адолець іх.

— Я ўражаны вашай працай і вашай мужнасцю, — сказаў Богша за чаем, які было прынята піць тут раніцай. — Але, прызнаюся, не бачу, дзе вы надрукуеце яе. У выдавецтвах, дзе друкуюць мастацкую літаратуру, яе забракуюць як лішне навуковую, а ў навуковых — як лішне мастацкую...

— Вы паспелі прачытаць усе сшыткі? — спытаўся Доля.

— Не, — прызнаўся Богша. — Але я некалі дачытаю іх...

— Калі я памру, забярыце сшыткі, — папрасіў До­ля. — Хочацца верыць, што некалі іх надрукуюць і будуць чытаць з удзячнасцю. Я хацеў адкрыць невядомы мацярык — нашу гісторыю ў яе рэальнасці, а не прыдуманасці на нейкія патрэбы...


***

У экспедыцыі, за тысячы кіламетраў ад Беларусі, куды па волі сцэнарыста быў закінуты герой новага Богшавага фільма, Лазар Богша атрымаў тэлеграму:

"Памёр Рафаіл Міхайлавіч".

Hi подпісу, ні даты, ні дня пахавання на сінім ка­зённым бланку не было. Усяго тры словы: "Памёр Рафаіл Міхайлавіч".

Лазара Богшу ўразіла гэтая паштовая лапідарнасць, за якой хавалася жыццё, так і не разгаданае Богшам. Трагедыя, якая ўмясцілася ў трох словах! Во, дзе захаваны талент — у паштовым ведамстве!.. А мы захапляемся Хемінгуэем!..

Думкі, адпаведна падзеям, былі маркотныя.

А навокал уладарыў ліпень. Самы яго пачатак. I там, дзе Богша здымаў фільм, праз усе суткі не заходзіла сонца. Яно абягала неба па крузе, нібы пляло вялізны прамяністы вянок.

Лазар паглядзеў на гадзіннік. Было васемнаццаць хвілін на другую гадзіну дня, а не ночы, бо па прывычцы яны захоўвалі распарадак сярэдніх шырот.

— Што будзем рабіць, Люба? — спытаўся ён у жонкі.

— Не захочаш жа ты зрываць графік здымак, — сказала яна, грыміруючыся перад кругленькім люстэркам. — Ды і ўсё адно спознімся на пахаванне, нават калі і дастанем білеты на самалёт. Але білетаў ты ні за якія грошы не дастанеш, бо зараз адпускная кампанія...

Не, Лазар Богша не хацеў зрываць графік здымак і тым самым пазбаўляць здымачную групу прагрэсіўкі. Ну, сапраўды, яны маглі спазніцца на пахаванне. Вядома, і білеты на самалёт не чакалі іх у аэрапорце го­рада, якога яшчэ не было на геаграфічных картах. I ўсё роўна ён не мог спакойна ўспрымаць разважлівую да ачмурэння жончыну правільнасць. Захацеўшы, мож­на даляцець на ўласных крылах, а яна сядзіць, старан­на грыміруецца, быццам памёр не Рафаіл Міхайлавіч, а забыты людзьмі і богам жабрак у трушчобах Нью-Йорка.

Бязлітасна асуджаючы жонку, Богша злавіў сябе на думцы, што ён у душы задаволены яе катэгарычнасцю. Як гэта добра, калі нехта бярэ на сябе адказнасць! Яму зусім не хацелася перапыняць здымкі. Спыніся на дзень-два і ўжо не вернеш былую прывабнасць сцэнарнага матэрыялу, а страціць натхненне, з якім зараз працуюць акцёры, можна і за лічаныя гадзіны.

Заведзеная машына здымак рушыла далей. Толькі праз два месяцы пасля тэлеграмы Лазар Богша завітаў у мястэчка, дзе жыў Доля. Мястэчка сустрэла яго бязлюднымі, прыціхлымі ў асенняй знямозе вулачкамі. Над парудзелымі і парадзелымі местачковымі агародамі чорнай хмаркай праносіліся шпакі перад тым, як паляцець у вырай. У садах спела садавіна, на градах чырванелі памідоры, а сярод жорсткага ўжо агурэчніку даспявалі вялізныя, бурыя ад загару насенныя агуркі.

Ды і ўсё навакол пачарсцвела: лісце, трава, кветкі, людзі...

Лазар Богша дайшоу да царквы-музея, спыніўся ў нерашучасці перад цяжкімі акаванымі дзвярыма: на іх вісеў вялізны замок, апячатаны яшчэ сургучнай пячаткай. Зачынены былі і тыя дзверы, што вялі ў пакойчыкі Долі. На іх ляпіліся дзве сургучныя пломбы, што сведчыла пра тое, што апячатана і жыллё Долі.

Цяпер мястэчка зноў вярнула сабе сельсавецкі ста­тут, які гадоў пятнаццаць замяняўся статутам раённьім. Богша адправіўся ў пасялковы Савет, што разам з канторай саўгаса размяшчаўся ў былым "Доме ўрада", як местачкоўцы называлі будынак райвыканкома — двухпавярховы дом з калонамі і невялічкім кветнікам пе­рад ім.

У пассавеце сядзела справаводка — касавокая ру­дая дзяўчына, якая нічога не ведала пра музейныя спра­вы. Але яна падмелася паклікаць сакратара пассавета, і тая неўзабаве паявілася ў сівым, па модзе, парыку, які нагадваў буслінае гняздо. Звалі яе Еўдакія Еўдакімаўна.

— Рэчы можаце забраць, — сказала яна Богшу, — бо на іх ёсць распараджэнне завяшчальніка як і на гро­шы ў ашчаднай касе на імя Любові Аляксандраўны Азарэвічавай у замужжы Богшы...

Сакратар выпаліла ўсё гэта на адным дыханні, не прызнаючы ні паўзы між словамі, ні знакаў прыпынку — залпам.

У Богшы было Любіна даручэнне, аформленае па ўсіх патрабаваннях закона.

Еўдакія Еўдакімаўна ў прысутнасці панятых — мажнай жанчыны, бухгалтара саўгаса, і, падобнага на высахлы гарохавы стручок, мужчыны, які працаваў вартаўніком грамадскіх будынкаў пасялковага Савета, — адчыніла дзверы Долевай кватэры.

Лазару Богшу здалося, што па кватэры прайшоўся Мамай — пасля разгрому засталіся толькі два ложкі, засланыя старэнькімі коўдрамі, стол, за якім яны некалі пілі чай, дзве падстаўкі ды розны хлам — астатняе знікла. Не было і таго старэнькага камода, у якім ляжалі Долевы сшыткі — усё ягонае жыццё.

Пачынаць гаворку пра рэчы, якія былі непатрэбны ім з Любай, Богша палічыў лішнім. Але пра камод і сшыткі запытаўся. Еўдакія Еўдакімаўна паціснула плячамі.

— Згодна вопісу праведзеным у прысутнасці паня­тых такіх за пассаветам не лічыцца, — сказала яна зноў жа залпам і звярнулася за падтрымкай да бухгал­тара: — Можа вы Зінаіда Максімаўна што-небудзь ведаеце пра камод і сшыткі?

— Рафаіл Міхайлавіч, пухам яму зямля, апошнім часам многія рэчы раздаваў людзям, якія памагалі яму, — сказала Зінаіда Максімаўна, і Богша адчуў у яе словах дакор: маўляў, як даглядаць Долю, дык вас не было, а па рэчы прыехалі...

— Мяне, уласна кажучы, цікавілі толькі сшыткі, — пачаў тлумачыць Богша. — Рэчы я забіраць не стану. Распарадзіцеся імі па свайму разумению..

— Аддайце іх грамадзяніну Буйкевічу, — параіла сакратар пассавета, — які рабіў труну.

— Дзякуй за падказку, — адказаў Богша. — У мяне ёсць яшчэ адна просьба: дазвольце заглянуць у музей...

— Наогул не паложана, — сумелася Еўдакія Еўдакімаўна. — Хоць папраўдзе нам гэты музей без патрэбы. Ды ён дасюль існаваў толькі таму што нябожчык працаваў у ім на грамадскіх пачатках. А цяпер каму па­трэбны такі клопат? Так што мы яго лічыце зліквідавалі. Чакаем паперу на поўнае яго закрыццё. 3 вобласці прыязджалі і нічым вартым не зацікавіліся.

— I кроснамі? — здзівіўся Богша.

— У іхнім музеі кроены ёсць, — адказала Еўдакія Еўдакімаўна.

— Але ж гэта кросны Кацярыны Лук’янаўны Азарэвічавай, — аж горача сказаў Богша.

— Гэта ж хто такая? — спытала сакратар пассавета. — Ці не супружніцы вашай бабуля?..

— Яна — актрыса імператарскіх тэатраў, — адказаў Богша, пакрыўдзіўшыся, што Еўдакія Еўдакімаўна не ведае, хто такая Кацярына Лук’янаўна Азарэвічава. — Дык я так і не пабачу музея?..

Еўдакія Еўдакімаўна вымушана была адчыніць дзверы. Лазар Богша прабегся паўз закуткі з экспанатамі.

— А дзе ж кросны?.. Іканастас?.. Кажаце, нікога не зацікавілі, а зніклі? — спытаўся Богша.

Еўдакія Еўдакімаўна абразілаея.

— У нас усё па закону можаце пазнаёміцца з дакументамі якія маюцца на гэты конт каб не было яко­га непаразумення бо мы людзі маленькія нас кожны можа пакрыўдзідь, — зноў на адным дыханні адпарыравала яна.

Дакументы знаходзіліся ў пассавеце і аказаліся ак­тамі і распіскай нейкага Ільі Сямёнавіча Качары, які "згодна прадастаўленай адносіны абласнога ўпраўлення культуры атрымаў пераданыя яму на захаванне рэ­чы, як іканастас, кросны, чатыры іконы, прадметы побыту, агульным лікам — чатырнаццаць адзінак".

Адносіны ўпраўлення, аднак, сярод дакументаў не было...


Эпізод трэці (працяг першага): прадмова да няспетай песні


Музейныя рэчы, перагародкі, паліцы, вітрыны, стэнды і стэлажы — усё было вынесена з царквы, і яна, папрастарнелая, з недасягальнай шкляной столлю-купалам, праз якую былі відаць зоркі і сонца на фіялетавым небе, сустрэла Лазара Богшу гулкай цішынёй. Ён спыніўся, аглушаны гэтай урачыстай цішынёй, і тады заўважыў на сценах выслоўі ці, можа, афарызмы, напісаныя без ладу, ва ўсе бакі. Почырк быў вельмі знаёмы. Долеў. Напэўна, і выслоўі належалі Долю. Каму ж яш­чэ маглі належаць гэтыя сентэнцыі!..

Задраўшы галаву, Богша пайшоў паўз сцены, чытаючы выслоўі:

"Лепей быць святым грэшнікам, чым грэшным свя­тым".

Афарызм гэты быў напісаны над царскімі варотамі размашыста і ўпэўнена, можа, самы любімы Долеў афа­рызм.

"А хто святыя грэшнікі? — падумаў Богша. — Мо­жа, тыя, хто піша, малюе, стварае музыку і кіно?.. У іхніх працах памяць часу. Вобраз часу. Сімвал часу. Партрэт часу. Яны пакідаюць будучым пакаленням свой боль і боль эпохі, сваю радасць і радасць людскога быцця..."

Падумаўшы так, Богша знайшоў на калоне выслоўе, якое нібы сцвярджала правільнасць яго думкі:

"Толькі злачынца перад тварам вечнасці можа апаганіць свае тварэнне няпраўдай, няхай сабе і салодзенькай".

Далей Богша чытаў выслоўі, падоўгу не затрымліваючыся перад імі.

"Нават варона разумее другую варону. Хіба чалавечы розум такі бездапаможны, што чалавек не можа зразумець чалавека і падымае на яго бязлітасную руку?"

"Не дай, божа, сытасці, ад якой глухне сэрца, і пасады, якая слепіць вочы".

"Забойца не церпіць, каб прыгадвалі мінулае. "Каму гэта патрэбна?" — дзівіцца ён, не разумеючы, што праўда неабходна людзям, як паветра".

"Толькі вар’яты здольны ўслаўляць зло, у імя чаго б яно ні было зроблена".

"Яшчэ невядома, хто каго прыручыў: чалавек сабаку ці сабака чалавека. Сцеражыцеся трапляць у палон да прыручаных намі!.."

"Праца зрабіла чалавека рабом набытку — мастацтва дае яму магчымасць адпачыць ад пут рабства".

"Забярыце ўсё золата свету, але пакіньце мне пес­ню — я буду шчаслівы".

"Безразважнасці храбрых пяём мы песню, але і асуджаем гэтую безразважнасць смелых".


Богша налічыў дзесяць выслоўяў і зарагатаў, нібы яго добра паказыталі. Вунь яно што!.. Доля — у ролі бога, які дае дзесяць запаведзяў чалавецтву!.. Ну, і Рафаіл Міхайлавіч, насмяшылі!.. Але дзе вы?.. Выходзьце, не хавайцеся, за царскімі варотамі ў захрыстай...

Доля не азваўся. Тады Богша падышоў да царскіх варот і рашуча расчьшіў іх. За імі не было ні прывычнага для царквы алтара, ні нават звычайных сцен. Як кінуць вокам прасціралася бялюткая, усланая снегам роўнядзь. У канцы яе, на самым даляглядзе, стаяў маленькі, з пазногцік, Доля ў чорным адзенні манаха, а можа, суддзі ці магістра акультных навук. Маленькі бог у вобразе чалавека.

Богша пайшоў па снезе, з цяжкасцю валочачы па ім ногі. Яму хацелася сказаць Долю нешта дужа важнае, і ён ішоў, наперакор свайму бяссіллю, задыхаючыся ад нейкага цяжару, што ціснуў на грудзі.

Ён быў ужо зусім блізка ад Долі, калі той раптам пачаў падымацца над полем, а ў яго за спіной вырас прапелер, які страшэнна загуў, затрашчаў, аж закалола ўвушшу. Рафаіл Міхайлавіч праляцеў над Богшам, насмешліва памахаўшы рукой. Гул яго прапелера памалу стаў заціхаць.

Богша хацеў скрануцца з месца, але ні ногі, ні рукі не слухаліся яго. Ён ірвануўся з усіх сіл і прачнуўся.

3 неба ўсё яшчэ далятаў, прыглушаны адлегласцю, Долеў прапелер, а навокал яго, Лазара Богшы, прасціралася белая роўнядзь, і сам ён патанаў у бялюткім мяккім снезе. Ён бачыў толькі свае плечы і адну руку, якая была засунута пад куртку. Другой рукі і ног у яго не было.

"Дзе я згубіў іх?.. На вайне?.. А калі яна пачалася і закончылася? I ці закончылася?.. Ці заканчваюцца наогул калі войны?" — з жахам падумаў ён і прачнуўся другі раз.

Аднекуль, як з глыбіняў акіяна, да яго неахвоча вярталася азяблая, хворая, нібы чужая, памяць. Яна пама­лу расстаўляла падзеі па іх звычных месцах.

Ён, Лазар Богша, сядзеў на ўчарашнім кастрышчы, засыпаны па самыя плечы снегам, які, няйначай, выпаў, пакуль ён спаў, а з-за лесу, што чарнеў па той бок возера, гулка стракочучы, ляцеў, падобны на вялізную страказу, верталёт.

Лазар Богша ўскочыў на здранцвелыя ногі, радасна замахаў рукамі, закрычаў па-дзікунску, што было сілы, не дзеля таго, каб яго заўважылі і пачулі — вельмі трэ­ба верталётчыку звяртаць увагу на нейкага ідыёта, што заначаваў у лесе, — а дзеля таго, каб адчуць рэальнасдь свайго існавання. Богшу ўсё яшчэ здавалася, што ён спіць і сніць дзесяць запаведзяў Долі, напісаных на сценах і калонах. Прытрызніцца ж такое! Захацеў бы прыдумаць, ніколі не дадумаўся б...

На ягонае здзіўленне, верталёт, праляцеўшы над ім, раптам павярнуў назад, рэзка крутнуўшы кароткім хвастом, завіснуў над палянай, дзе стаяў Богша, памалу стаў апускацца, раздзімаючы мяккі, неўляжалы снег.

Над палянай разгулялася завіруха. Халодныя хвалі паветра, што пагнаў з-пад сябе верталёт, ахапілі Богшу, працялі наскрозь ягоную сінтэтычную апранаху.

"Знайшлі дзе прызямляцца, — падумаў Богша. — Нідзе ад сучаснай тэхнікі не знайсці спакою... А што будзе далей?.. Можа, і ратунку ад яе не знойдзеш..."

Верталёт спружыніста прызямліўся на тры крывыя нагі, залапатаў, завуркатаў, зачыхаў, нібы той гуляка кот, які нарэшце дабраўся да цёплай печы. Ён яшчэ размахваў доўгімі лопасцямі вінта, як вятрак, павалены бурай на бок, а з яго чэрава ўжо нехта выскачыў на снег, бег да Богшы, размахваючы рукамі.

"Гэта ж Карней Карнеевіч Кладачка, — здзівіўся Богша, ніяк не здагадваючыся, чаму тут, ды яшчэ на верталёце, паявіўся дырэктар ягонага фільма. — Неш­та, мабыць, здарылася: Карней Карнеевіч плача..."

У Карнея Карнеевіча сапраўды па шчоках каціліся слёзы. Ён падбег да Богшы, чамусьці стаў абмацваць яго, нібы хацеў пераканацца, што ўсё Богшава засталося пры Богшы.

— Лазар Васільевіч!.. Ах, Лазар Васільевіч!.. Жывы!.. Глядзіце, жывы! Радасць якая, Лазар Васільевіч!..

Ён абхапіў Богшу за плечы і тройчы пацалаваў, а потым прыпаў да Богшавага пляча.

— Карней Карнеевіч, ну, што вы сапраўды разнюніліся, як баба? Можа, нешта здарылася ў групе?.. Чаму вы тут і як дазналіся, што я пайшоў да трох дубоў?..

Богша бесцырымонна, як умеў рабіць толькі ён, адхіліў Кладачку. Той адразу ўзяў сябе ў рукі.

— Спачатку глыніце вось гэтага бальзаму, — сказаў Карней Карнеевіч, выцягваючы з кішэні славутую на ўсю кінастудыю сярэбраную пляшку з каўпачком-чаркай. — Не хапала нам, каб яшчэ вы прастудзіліся...

Богша глынуў проста з пляшкі гарачай пахучай вадкасці. Яна пракацілася вогненнай хвалькай па азяблым нутры. Лазару Богшу сапраўды стала цёпла і хораша.

— Дык вы што, па мяне? — спытаўся ён з наіўнасцю дзіцяці, якое не можа паверыць, што пачастунак прынеслі яму.

— Дайце рады, — пакрыўдзіўся Карней Карнеевіч, — мы ўсю ноч не спалі. Увесь лес аблазілі. Думалі, можа, вас ваўкі разарвалі... Яны ўчора пад вечар двух апошніх сабак звялі.

— Дык я іх бачыў, — захоплена сказаў Богша. — Ваўкі іх з’елі... Непадалёк ад мёртвага лесу... Жудасць!.. Я кажу пра лес... Ваўкі таксама...

Карней Карнеевіч, няйначай, не паверыў ніводнаму Богшаваму слову.

— Пойдзем, пойдзем, Лазар Васільевіч, — падагнаў ён Богшу. — Верталёт чакае... I так нам гэтая экскурсія ўляціць у капеечку... А пра ваўкоў і мёртвы лес мож­на пагаварыць і ў верталёце... Ды і госці чакаюць...

— Значыць, усё-такі нешта здарылася? — спытаў Богша.

— Дык жа начальства прыехала...


***

У холе прафілакторыя, патануўшы ў мяккім крэсле так, што каленкі, абцягнутыя ажурным капронам, тырчалі на ўзроўні падбародка, сядзела Тамара Змітраўна Накіпелава ў світэры тонкай вязкі, які павінен быў надаваць сухарлявай постаці спартыўны выгляд.

Тамара Змітраўна Накіпелава — галоўны рэдактар кінастудыі — і была тым начальствам, пра якое гаварыў Карней Карнеевіч Кладачка. Каля яе стаяў на каленях аўтар сцэнарыя Цімох Баравік-Залеўскі і нешта горача гаварыў Накіпелавай — можа, чытаў маналог Усяслава Полацкага, а можа, прызнаваўся Тамары Змітраўне ў каханні.

Сцэнка ігралася яўна з гумарам, на які быў здатны Баравік-Залеўскі.

Лазар Богша не хацеў перашкаджаць Цімохавай гульні — хай бядак нацешыцца роллю закаханага рыцара. А Тамара Змітраўна, здаецца, успрымала ягонае скамарохства як прыемную прыгоду. Ну, і няхай!..

Пры ўсім тым, што між Богшам і Баравіком-Залеўскім узнікалі даволі частыя спрэчкі, калі яны абодва крычалі, як рэзаныя вепрукі, кляліся навек разысціся і сустрэцца хіба на тым свеце, яны не пераставалі сябраваць, паважаючы адзін у адным як дабрачыннасць, так і недахопы. То была не тая, цяперашняя дружба людзей, якія дасягнулі поспехаў і дружаць, пакуль маюдь адзін у другім патрэбу, а калі такая патрэба мінае, тут жа забываюць адзін другога; дружба Богшы і Баравіка-Залеўскага трымалася на ўзаемных сімпатыях і антыпатыях, на тых прынцыпах, якія выпрацавала ваеннае ліхалецце, калі хадзіць у разведку можна было толькі з верным чалавекам, які не кіне ў бядзе.

Баравік-Залеўскі кончыў свой доўгі маналог, ярасна схапіў руку Тамары Змітраўны і гэтак жа ярасна цмокнуў у пярсцёнак — залаты, з дарагім каменем. Лазар Богша адразу ж выйшаў са свайго сховішча, каб Цімох часам лішне не захапіўся. Тамарай Змітраўнай захапляцца было небяспечна.

За час існаванння кінастудыі галоўнымі рэдактарамі перабывала ці мала рознага народу. Былі сярод яго людзі здатныя, таленавітыя і нават геніяльныя, але ўсе яны надзіва аднолькава заканчвалі кіношную кар’еру — іх, як жартавалі студыйныя насмешнікі, "з’ядалі" разам з чаравікамі і гузікамі. Некалі і Баравік-Залеўскі быў "з’едзены" такім жа чынам, пакінуўшы студыі ў спадчыну Тамару Змітраўну Накіпелаву, якую ён невядома дзе знайшоў.

Тамара Змітраўна адпладіла свайму дабрадзею са­мым банальным спосабам — яна памагла яго "з’есці".

Пра Тамару Змітраўну па кінастудыі хадзіла ці мала анекдотаў і чутак, якім можна было верыць, але не варта было верыць. Што праўда, Тамара Змітраўна была жанчынай неўтаймаванай энергіі і даволі няўжыўчывага характару, але яна ўмела стварыць вобраз гэткай дзелавой, раскаванай, пазбаўленай забабонаў жанчыны другой паловы дваццатага стагоддзя, так што "з’есці" яе было справай не простай.

Яна нешта пісала, нават выдавала напісанае, а выдаўшы, умела знайсці рэцэнзента на свае творы. Такім чынам стваралася ўражанне, што Тамара Накіпелава не толькі дзелавая жанчына, а яшчэ і творчая асоба.

Між тым яе сапраўднае прызванне заключалася ў тым, каб кіраваць. Не ў тым сэнсе, каб нешта самой рабіць, а ў тым, каб раздаваць распараджэннні, ад якіх пры неабходнасці можна адмовіцца з неймавернай лёгкасцю; гаварыць заключныя прамовы, спажываючы чужыя думкі і выдаючы іх за свае; правіць гатовыя мастацкія творы і чым больш таленавітага аўтара, тым з большым імпэтам. Усё гэта сведчыла пра схільнасць Тамары Накіпелавай да графаманства. Але які графаман лічыць сябе графаманам? Наадварот, графаманы самыя ваяўнічыя людзі, бо перакананы, што толькі яны спасціглі вяршыні і глыбіні творчасці.

Убачыўшы Лазара Богшу, Тамара Змітраўна ссуну­ла рэдзенькія рудаватыя броўкі, спытала тым сухім, ка­зённым голасам, які яна лічыла за афіцыйны:

— 3 якой радасці вы дазваляеце сабе хваляваць здымачную групу і марнаваць дзяржаўныя грошы?..

Ёй хацелася з першых крокаў паставіць Богшу ў становішча падпарадкаванага чалавека, які можа апраўдвацца, але апраўданні якога не пойдуць у залік. Бог­шу, аднак, было нялёгка збіць з тропу.

— Я хадзіў маліцца тром дубам, каб бог Пярун падараваў нам снег, — аджартаваўся ён, не прыняўшы накіпелаўскіх правіл гульні.

— Слухай, стары, — расцягваючы кожны склад, каб надаць свайму слову значнасць, звярнуўся да Богшы Баравік-Залеўскі, — ці не да тых трох дубоў ты збіраўся пайсці, што ўпамінаюцца ў адным старым летапісе і ў легендах яшчэ паганскіх часоў?.. Мне абавязкова трэ­ба пабываць каля гэтых дубоў. Мне хочацца ўставіць іх у сцэнарый перад эпізодам ад’езду Усяслава за Ршу. Хай ён прыйдзе да дубоў памаліцца і папрасіць бласлаўлення. Ну што?.. Ацэніш?..

— Ніякіх дубоў, — катэгарычна сказала Накіпелава, тым самым пазбавіўшы Богшу неабходнасці адказваць Баравіку-Залеўскаму. — Нам трэба спакойна пагаварыць. Дзе мы зможам зрабіць гэта?..

— Бадай, у маім пакоі, — адказаў Богша. — Жонкі якраз няма...


***

— Я не згодны, — рашуча заявіў Богша, выслухаўшы Тамару Змітраўну. — Банальна і пошла ўсё тое, што вы прапануеце. Вам хочацца зрабіць з трагедыі аперэту?.. Ну, і рабіце без мяне...

Накіпелава сядзела ў крэсле, адкінуўшыся на яго нізкую спінку. На катэгарычныя словы Богшы яна нават не зварухнулася. Для сябе яна ўсё вырашыла яшчэ да таго, як прыехала, сюды. Можаш гарачыцца, таварыш Богша, усё адно будзе так, як сказала я!..

Вось гэтая ўпэўненасць асабліва разлютавала Бог­шу.

— Не трэба так катэгарычна, — улез у іхнюю гаворку Баравік-Залеўскі. — Абставіны не толькі дыктуюць — яны вымагаюць...

— Што вымагаюць? — закрычаў Богша, узлаваны згодніцтвам аўтара, якога Накіпелава паспела апрацаваць па дарозе на Сую. — Рабіць глупства?.. Я не магу зразумець аўтараў, якія гатовы ісці на любыя кампрамісы, абы толькі паставіць сцэнарый...

Баравік-Залеўскі пакрыўдзіўся.

— Дарэмна абражаеш, — сказаў ён, стрымліваючы сябе, каб не ўзарвацца. — Вы ўсе прыпіраеце нас, аўтараў, да сцяны, а потым патрабуеце, каб мы яшчэ за­ставался прынцыповымі. Мне, можа, кожнае слова даражэй, чым табе, бо яно выпакутавана. А вы, рэдактары, члены калегіі, рэжысёры, гвалтуеце нас, сцэнарыстаў, быццам мы нічога не ўмеем. Потым знаходзіце дапрацоўшчыкаў, такіх жа графаманаў, як самі...

Баравік-Залеўскі меў гэтую схільнасць пачынаць гаворку памяркоўна, а потым распаляцца да белага напалу.

— Зноў цябе панесла, як грэшную душу ў пекла, — апыніў яго Богша. — Ды зразумей ты, Цімох Макаравіч, што я адстойваю нашы з табой прынцыпы: твор не забаўка для публікі, а сябар па роздуму над часам і жыццём. Ці ты, можа, памяняў прынцыпы?..

— Тамара Змітраўна, — узмаліўся Баравік-Залеўскі, — скажыце вы, урэшце, гэтаму старому ўпартаму чорту, што і вас і мяне вымусілі на папраўкі, іначай на карціне паставяць крыж, — Баравік-Залеўскі рашуча перахрысціў перад сабой паветра.

— Хто вымусіў?.. Лыкавязаў?..

— Лыкавязаў раіўся з Віктарам Самсонавічам, — адказаў Богшу Баравік-Залеўскі.

— I ты сам чуў, што Віктар Самсонавіч раіў Лыкавязаву? — спытаўся Богша. — Нарэшце, чаму Віктар Самсонавіч не мог пагаварыць са мной?

— Вас, рэжысёраў, многа, а Віктар Самсонавіч адзін, — замест Баравіка-Залеўскага адказала Накіпелава.

— Ну, добра, добра, — Богша схапіў са стала рэжысёрскі сцэнарый, папраўлены чыёйсьці няўмольнай ру­кой. — А што гэта такое?.. Які разумнік дадумаўся, каб князь Усяслаў гаварыў мовай, якую выдумваюць, каб было пад народ: "ась", "брысь", "дзевахі", "марухі", "Мань", "Тань", "Каць", "Вась"... — і яшчэ чорт ведае якая бязглуздзіца...

Лазар Богша мог гаварыць з’едліва, колькі яму захочацца. Накіпелава на такія маналогі не звяртала ніякай увагі, бо праўкі належалі ёй, яна лічыла іх выдатнымі знаходкамі, а таму стаяла вышэй Богшавай з’едлівасці.

— Ты, стары, крыўдзіш Тамару Змітраўну, — засцярог Богшу Баравік-Залеўскі... — Мы рабілі ўсё, каб неяк адстаяць фільм, бо Лыкавязаў быў настроены ваяўніча, і толькі слова гонару, якое яму дала Тамара Змітраўна, што ў сдэнарый будуць унесены папраўкі, дало магчымасць працягваць працу над фільмам.

Богша зразумеў, што Кірыла Лыкавязаў такі не на жарт усхадзіўся.

— Ліха з вамі, я згодзен, — раптам сказаў ён, выклікаўшы немалое здзіўленне ў Накіпелавай. — Але ў такім разе і я ўнясу папраўкі, і даволі рашучыя.

— Не, не! — запярэчыла Накіпелава.

— Тады закрывайце карціну, — секануў Богша і не спяшаючыся закурыў цыгарэту.

У Лазара Богшы склалася ўражанне, што на кінастудыі адносна ягонага фільма няма адзінай думкі. Значыць, можна яшчэ засцерагчы яго ад таго нахрапістага, валявога рэдагавання, якое з зялёнага дрэва робіць тэлеграфны слуп. Ды і закрываць фільм, калі на яго выдаткавана столькі грошай, бадай, ніхто не стане. Тая ж Накіпелава згубіць прэміяльныя. Але папсаваць нервы Лыкавязаў пастараецца.

Накіпелава насцярожана паглядзела на Богшу: жар­туе ці кажа сур’ёзна?

— Лазар Васільевіч, — сказала яна, — я не ўпаўнаважана рашаць усе пытанні. Хай гэта робіць дырэктар. Але мушу сказаць, што праўкі, якія зроблены, не могуць быць адвергнуты. Інакш... Інакш мы спынім здымкі і паедзем на студыю, каб вырашыць усё на мастацкім савеце.

Гэта было сур’ёзна.

— Перанясём гаворку на заўтра, — здыпламатнічаў Богша.

— Дарэмна ты не згаджаешся, — паспачуваў Баравік-Залеўскі. — Я таксама маю права голасу.

— На заўтра дык на заўтра, — пагадзілася Накіпелава, няйначай, спадзеючыся да заўтрашняга дня перагаварыць з Лыкавязавым.

Развітаўшыся з гасцямі, Богша паклікаў да сябе Кладачку.

— Неадкладна выклікай тэлеграмай Любу, — загадаў ён дырэктару карціны. — Хай вылятае заўтра ж. Пачынаем здымкі...


***

Увечары, калі Накіпелава адправілася спаць, Лазар Богша паклікаў да сябе ў пакой Баравіка-Залеўскага.

Цімох Макаравіч аўсяным снапом паваліўся ў крэсла, спытаўся голасам, у якім не чулася вялікай надзеі:

— Можа, знойдзеш чым прамачыць горла?

— Кавай?

— Пайшоў да д’ябла, — агрызнуўся Баравік-Залеўскі.

— Каву п’юць усе інтэлігенты дваццатага стагоддзя, — пажартаваў Богша.

— Я не дасяг гэтага крывавага стагоддзя з яго вой­намі, фашысцкімі дыктатарамі, дэмагогіяй, электроннай тэхнікай, атамнай энергіяй, вынайдзенай з мэтай забіваць жывое. Я застаюся ў дзевятнаццатым стагоддзі...

— Якое таксама не было абдзелена войнамі, шыбеніцамі для рамантыкаў, знішчэннем цэлых народаў, раб­ствам і прыгонным правам...

— Дазволю запярэчыць, рабства і прыгоннае права канала на прыканцы майго стагоддзя, — вяла запярэчыў Баравік-Залеўскі. — Але мы забраліся ў нетры схаластыкі, а я ставіў перад табой дужа канкрэтнае пытанне: ці ёсць у цябе чым прамачыць горла? Нават па­сля гадзіны суіснавання з мадамай Накіпелавай мяне ахоплівае пякельная смага. А я, да твайго ведама, суісную з ёю аж цэлыя суткі, і маё нутро падобна на пусты­ню Каракум у летнюю спёку. Будзь жа велікадушны, адчыні шлюзы дабрыні сваёй, дабы блаславенная вільгаць грузінскіх вінаграднікаў абрасіла мае ссохлыя вусны...

Не, Баравік-Залеўскі заставаўся непаўторным: сумесь скамарохства, таленту і дабрадушнага прытворства.

Баравік-Залеўскі сапраўды быў таленавіты пісьменнік нейкай дзіўнай, аднаму яму ўласцівай раскіданай таленавітасцю. Ягоная першая кніга вершаў, у якой сярэдневяковая баладнасць, расквечаная сучаснай інструментоўкай верша і эпічнай выразнасцю лепшых паэм савецкага часу, нарабіла некалі нямала шуму. Думалася, Баравік-Залеўскі будзе і надалей працаваць на адкрытай ім урадлівай дзялянцы паэтычнай нівы, а ён раптам сігануў у эпічную прозу, здзівіўшы і тут сваіх прыхільнікаў не толькі багатай моўнай палітрай, але і багаццем думак, і захапляючымі сюжэтамі, і не ардынарнымі, у класічным стылі вобразамі. Потым ён захапіўся крытыкай, напісаўшы некалькі артыкулаў-эсэ, у якіх адкрыў здзіўленаму чытачу траіх пісьменнікаў, якія не тое што былі забытыя, але творчасці якіх дасюль не надавалася належнай увагі. Некалі вось так прыгажосць лонданскіх туманаў адкрыў англічанам ма­стак Манэ. Адначасова Баравік-Залеўскі напісаў пяць ці шэсць п’ес, якія, праўда, надоўга не заваявалі сцэну, але гэта анічуць не сведчыла, што яны слабыя або наогул не вартыя ўвагі. Чэхаўская "Чайка" ў першай пастаноўцы, як вядома, правалілася на сцэне, але ж гэта зусім не азначае, што вінаваты Чэхаў. Наадварот... Што датычыць кіно, дык Баравік-Залеўскі працаваў у ім неахвотна, ды і кіно не вельмі ахвотна кідалася на ягоныя сцэнарыі. Можа, нават хацела б зусім не мець іх, бо гэ­та заўсёды заканчвалася нейкімі канфліктамі.

— Пасля такой дасціпнай і ёмістай прадмовы да працэдуры, якая на простай мове называецца цяпнуць, я здаюся, — аджартаваўся Богша і дастаў прыхаваную бутэльку сухога марачнага віна.

— Ого! — узрадаваўся Баравік-Залеўскі.

— У мяне ёсць прапанова, — сказаў Богша пасля нядоўгага маўчання, якое яму спатрэбілася, каб сабрацца з думкамі. — Як аўтар ты можаш яе не прыняць, але не спяшайся адвергнуць.

— Спадзяюся, ты не прапануеш мне жаніцца з Накіпелавай?.. Астатняе я прыму з належнай увагай...

Баравік-Залеўскі зрабіў глыток віна і смачна прыцмокнуў.

У гэтым быў увесь Баравік-Залеўскі з ягоным позняварварскім гурманствам, непамерна рамамтычным захапленнем і сучасным нігілістычным адмаўленнем таго, што не ўпісвалася зараз у ягоныя намеры або было непатрэбна яму — шляхетнасць, добра разбаўленая беларускай паблажліва-іранічнай сялянскасцю. Лазар Бог­ша мог бы даўно прывыкнуць да дзівосаў пісьменніцкага характару, але прывыкнуць ніяк не мог. Сам ён любіў выразнасць у адносінах, хоць таксама нічога не меў супраць іроніі.

Сціплая іронія — адзнака беларуса, якому вечна даводзілася некаму падпарадкоўвацца: польскаму пану або рускаму чыноўніку, якія не цярпелі незалежнасці.

Але іроніі ніхто не мог адняць у беларуса, і ён карыстаўся ёю і ў будзень і ў свята, пакепліваў з сябе, з пана і чыноўніка, але не так, каб іх раздражніць, а найбольш каб сябе задаволіць.

Лазар Богша не стрымаўся, каб не пакпіць з Баравіка-Залеўскага:

— Яшчэ не далей сённяшняй раніцы адзін славуты паэт, стоячы на каленях у гэтым утульным холе, цалаваў ручкі і, як мне здалося, не маткі боскай, а грэшнай Магдаліны, што некалі прыкладала іх да паэтавай шыі, каб у пяшчотных абдымках задушыць яго.

— Не трэба, стары, — узмаліўся Баравік-Залеўскі. — Усе мы робім некалі глупства. Жахлівая слабасць чалавечага роду! Справа, аднак, у тым, што адны гэтае глупства заўважаюць і потым ім бывае страшэнна моташна, аж хочацца выць па-сабачы; другія яго не заўважаюць, і ім ніколі не бывае сорамна; трэція ж упэўнены, што іхняе глупства ёсць найвялікшае дасягненне розуму, і таму яны гавораць глупства з зайздроснай пастаяннасцю. Асцерагайся, Богша, гаварыць такім людзям праўду... У мяне быў сябар...

— Ён памёр? — пацікавіўся Богша.

— Смерць — з’ява адносная. Яна існуе кожнае імгненне, і яе няма ў бясконцасці Сусвету. Тое, што памірае, на самай справе жыве, але ў другім стане існавання. Таму смерць — гэта яшчэ і нараджэнне. Толькі глуп­ства застаецца вечным і нязменным. На яго хварэюць жабракі і багацеі, бунтары і дыктатары, ідыёты і вучоныя. Толькі глупства багацеяў, дыктатараў і вучоных чамусьці некаторыя называюцьмудрасцю, але тыя, хто называв дурасць мудрасцю, не вызначаюцца высокай маральнасцю... Дык я пра колішняга сябра. Аднаго разу ён стаў гаварыць прамовы і пісаць артыкулы, вучыць разумнейшых за сябе. Гэта было відавочнае кожнаму глупства, несусветная дурасць, але ён з кожнай прамовай або артыкулам усё больш упэўніваўся ў сваёй геніяльнасці. I ведаеш, чаму ўпэўніваўся, бо разумныя не хацелі гаварыць яму праўды. Сляпому не адкрыеш вочы, глухому не пазычыш слыху. Чалавеку, які робіць глупства і абсалютна, пераконаны, што выпраменьвае геніяльнасць, бескарысна гаварыць праўду, як і папугаю, што вывучыў некалькі слоў. Што датычыць мяне, дык я сапраўды адчуваю моташнасць, бо разумею, што рабіў і раблю глупства. На жаль, не заўсёды ведаю, як рабіць нешта разумнае. Розум належыць толькі чалаве­ку, і таму ён абмежаваны. Каб побач з намі жылі яшчэ нейкія разумныя істоты — хоць бы дэльфіны або сабакі, — мы, бадай, не рабілі б столькі глупства... Даруй, я загаварыўся, як той цецярук на такавішчы, а ты, здаецца, хацеў сказаць нешта важнае, што больш адпавядае нашаму практычнаму часу.

— Мне хацелася паразважаць з табой над сцэнарыем, — сказаў Богша, уявіўшы, як падскочыць Баравік-Залеўскі ад ягонай прапановы: во ўжо чаго не любіў той, дык гэта нешта змяняць у сцэнарыі.

— Разважанні — перавага чалавека, якая часам прыводзіла яго да кастра, вяроўкі або кулі, — хмура сказаў Баравік-Залеўскі.

— I тым не менш рызыкнём, — зарагатаў Бог­ша. — Мяне захапіла ў тваім сцэнарыі буйнасць жыцця, якое аднойчы абарвалася пад мячом...

— Я бясконца табе ўдзячны, — жартаўліва раскланяўся Баравік-Залеўскі. — Войны заўсёды абрывалі красаванне жыцця — бясконцая і страшная трагедыя, якой, здаецца, няма канца.

— Кожная вайна была апошняй, на гэта, прынамсі, заўсёды спадзявалася чалавецтва, — нагадаў Бог­ша. — Чалавецтва заўсёды жыло спадзяваннямі. Но­выя войны найперш за ўсё і забівалі людскія спадзяванні! Таму набатны звон не можа замаўкаць ні на хвіліну. Пакуль б'е набат, людзі не могуць заснуць.

— Ты меціш у званары?..

— Гусі некалі ўратавалі Рым. Я — Чалавек...

— I ты ўратуеш свет?

— Чалавек слабы, але ён, а не магутны леў, стаў уладаром зямлі...

— Уладаром, які можа знішчыць і самога сябе, — з горыччу сказаў Баравік-Залеўскі. — Я таксама не супраць быць званаром. Сцэнарый і напісаны з думкай пра чалавека-уладара зямлі, які прагне стаць самазабойцай.

— Бітва на Нямізе адна з нікчэмных бітваў у мностве тагачасных бязглуздзіц...

— Каб зазняць горад, які згарае ў агні вайны, неабавязкова падпальваць яго. Дзеля гэтага робяць ма­кет, які згарае за секунды, але зазняты на плёнку, ён уражвае гледача жахлівым малюнкам варварства. Я выбраў бітву на Нямізе — маленькі макет грандыёзных забойстваў на агромністай прасторы сусветнай гісторыі, — каб паказаць дзікую пачварнасць любога забойства, якіх бы памераў яно ні было. Смерць страшная і тады, калі гвалтоўна забіваюць аднаго і калі забіваюць мільёны. Мне аднолькава баліць Хірасіма і нікчэмная вайна нейкіх карлікавых дзяржаў дзе-небудзь у Афрыцы. Слёзы японскага дзіцяці, асірацелага ў Хірасіме, і афрыканскага, бацькоў якога забілі ў засценках юараўскай турмы, аднолькава салёныя, горкія і няўцешныя. На якое ліха мне патрэбна такая цывілізацыя, якая гучна крычыць пра гуманізм і забівае людзей. За што? У імя чаго? Што чалавек мае іншую веру? Другія погляды? Не той колер скуры? Імкнецца жыць інакш, як гэ­тага хоча нехта другі? Калі кучка людзей спрабуе навязаць сілай свае ўяўленні і свой спосаб жыцця, ды яшчэ выдае гэта за волю самога народа, мне хочацца крыкнуць: якая мана! Якое зладзейства! Якая крыва­душнасць! Усіх, хто забівае, хто развязвае забойствы, якімі б прыгожымі словамі яны ні прыкрываліся, варта знішчаць, як шалёных сабак.

— Смерцямі расплачвацца за смерці? — спытаўся Богша.

— Хай! — аж бліснуў вачамі Баравік-Залеўскі. — Хай! А што рабіць, калі ў мільярдаў людзей зямлі хіба нейкія вартыя жалю тысячы вар’яцеюць ад прагі забіваць сабе падобных. 3 многіх тысячагоддзяў існавання цывілізацыі, дай божа, каб набралася паўтысячы дзён, у якія людзі жылі без вайны. Кроў, бруд, смурод — во што такое цывілізацыя, якой мы ганарымся, хай яна будзе праклятая! А ўсё таму, што нехта адзін — правадыр племя, цар, фараон, князь або яшчэ нейкі правіцель, што прысвоіў сабе права распараджацца лёсамі людзей, хлуснёй і маною штурхаў народ на смерць у вайне. Яны паклалі на чалавека след самай злой істоты на зямлі. Якая несправядлівасць!

Баравік-Залеўскі меў яшчэ вось гэтую, уласцівую пачуццёвым натурам, звычку даводзіць свае выказванні да крайнасцей, якіх сам жа баяўся і якіх не дараваў іншым. Мусіць, такая ўжо натура паэтаў — перабольшваць і ў гэтым перабольшанні выкрышталізоўваць ісціну. Богша ўмеў дараваць Цімоху ягоныя крайнасці не толькі ў выказваннях.

— Цывілізацыя — не толькі смурод і кроў, — усё ж запярэчыў ён, каб абараніць тую ж ісціну. — I войны — не толькі смерць і разбурэнні, але — гераізм і мужнасць, на якіх выхоўвалі мужчын, вернасць і міласэрнасць, на якіх вучылі жанчын. Яшчэ невядома, што сталася б з чалавецтвам, каб гэтыя якасці не выхоўваліся ў людзей.

Баравік-Залеўскі ўскочыў з крэсла. Ён любіў вось такія эфектныя парыванні.

— Ты, Богша — рэтраград і махровы кансерватар...

— Ну, так, так, я — кансерватар, а ты бунтар і наватар. Дык, можа, не ты, а я пагадзіўся з Лыкавязавым і Накіпелавай рабіць замест высокай трагедыі забаўку, пад модную музыку ў стылі рок?

— Ты супраць камедый? — апалым голасам, які выдаваў ягоную збянтэжанасць, спытаўся Баравік-Залеўскі.

— Я не супраць камедый, але не яны, а трагедыі і драмы ўслаўлялі народы. Трагедыя — высокі жанр, і дарэмна ім пагарджаюць — а можа, проста баяццца — лыкавязавы і накіпелавы. Так, так. Іхні ідэал — камедыя са зладзеяватымі, дурнаватымі, а зрэшты, проста нікчэмнымі персанажамі... Якая неабачлівасць! Якая мізэрнасць думкі! Якая зашоранасць погляду!.. Траге­дыя зжыла сябе ў літаратуры!.. Ну, так, можа, і зжыла, але як пышна расквітнела трагедыя жыцця! Як жа мож­на такое не бачыць? — завёўся Богша, быццам выступаў на дыспуце перад вялізным натоўпам абыякавых слухачоў, а не перад адным, хоць і непаўторным Цімохам Баравіком-Залеўскім. — Што можа быць больш трагедыйным: кучка нейкіх авантурыстаў на чале з параноікам паварочвае вялікі народ сусветных геніяў на шлях забойстваў і войнаў, і той гіне, аддае на лютую смерць сваіх бацькоў, мацярок, сыноў і дачок, ды яшчэ крычыць пры гэтым славу свайму фюрэру. А ён хіба адзіны ў наш час, вось такі богам кляты фюрэр, які распінаў свой народ на крыжы ды яшчэ патрабаваў, каб яму крычалі "хайль" ці яшчэ якія словы ўдзячнасці за смерць.

— Што ты хочаш, Богша? — спытаўся Баравік-Залеўскі, зноў плюхнуўшыся ў крэсла.

— Найперш чаго я не хачу. Тваіх кампрамісаў. Лыкавязавы і накіпелавы прыходзяць і знікаюць, а творы мастацтва застаюцца на суд блізкіх і далёкіх нашчадкаў. Кампрамісы забіваюць мастацтва, якое належыць не нам з табой, а ўсяму народу. Цяпер чаго я хачу? Каб бітва на Нямізе, якую ты напісаў так ярка, што мне здаецца, нібы я загінуў яшчэ на крывавым нямігскім снезе больш як дзевяць соцень гадоў назад, была б толькі пралогам вялікага эпілога, які называецца старажытнай літаратурай. Я хачу зрабіць фільм па літаратурных творах старажытнасці і аб аўтарах гэтых твораў — цэлую эпоху адлегласцю ў два стагоддзі...

Баравік-Залеўскі весела заржаў, як той малады жарэбчык, якому ўдалося выпрагчыся з калёс і ўцячы ў поле. Можа, ён падумаў, што Богша разыгрываў яго, а можа, задума Богшы паказалася яму фальшывай нотай, якую пусціў дужа самаўпэўнены спявак.

— Ты ўяўляеш, пра што гаворыш? — усё яшчэ смеючыся, спытаўся ён. — На гэта спатрэбілася б стужка даўжынёй у "Семнаццаць імгненняў вясны". Хто ж дазволіць дабе здымаць фільм без Шцірліца, але з манахам Ніканам, епіскапам Кірылам Тураўскім, князем Уладзімірам Манамахам, легендарным паэтам Баянам і невядомым нікому нават па імені аўтарам "Слова аб палку Ігаравым". Гэта неверагодна, Богша!..

— Чаму? — абурыўся той. — Да д’ябла займальныя сюжэты, якія ўзвінчваюць псіхіку і адвучаюць думаць над жыццём. Мастацтва — не забава для нядбайнікаў, а адбітак рэчаіснасці. Было б злачынствам перад будучыняй прыўзнімаць толькі краёчак жыцця, а не ўсё жыц­цё. Я хачу даць слова вялікім сведкам далёкіх часоў, што пакінулі след не толькі аб сабе, але і аб сваёй эпо­се. Мне патрэбна ўсяго дзве часткі: адна — кандэнсат жыцця і смерці, другая — згустак чалавечага мыслення і чалавечай велічы.

Лазар Богша раптам пачуў, што ён страшэнна змарыўся за гэтыя дні жыцця на Суі. Мабыць, вось такую зморанасць адчувае няшчасны Сізіф, ускочваючы на га­ру камень, які, дасягнуўшы вяршыні, скочваецца назад.

— I ўсё ж гэта неверагодна, — памаўчаўшы, сказаў Баравік-Залеўскі. — Ты хочаш пераскочыць цераз сваю эпоху...

— Ну і што?

— Гэтага пакуль нікому не ўдавалася ні ў літаратуры, ні тым больш у кіно.

— Няпраўда!.. Удавалася! — горача запярэчыў Бог­ша. — "Слова аб палку Ігаравым" таму прыклад. Ты дрэнна чытаў яго. У "Слове" ўжо восем стагоддзяў на­зад былі аб’яднаны вялікія і малыя падзеі ўсёй пісанай гісторыі Русі. I як па-майстэрску!..

— А хто ж аб’яднае іх у тваім фільме? — падікавіўся Баравік-Залеўскі.

— Ефрасіння Полацкая, — адказаў Богша і ўбачыў, як вырачыліся і без таго лупатыя вочы паэта, які, здаецца, прывык да любых нечаканасцей кіношнай браціі. — Ты здзіўлены?.. Але ж ты сам падаў мне гэтую думку. Падаў і чагосьці спалохаўся. Чаго? Што Ефрасіння — князёўна? Дык я чытаў пра гэта ў аднаго барадача гісторыка са штучным, нянаскім прозвішчам і штучнымі поглядамі на нашу гісторыю. "Ефрасіння По­лацкая не магла мець перадавыя погляды, бо была прадстаўніцай класа эксплуататараў". Не больш і не менш!.. Зручная пазіцыя, каб даказаць, што мы за сваімі плячамі нічога не маем, бо народ наш быў непісьменны і цёмны, а тыя, хто меў асвету, належалі да эксплуататараў, і таму іхнія погляды варта адрынуць. Вось мы і Іваны, якія не маюць ні традыцый, ні культу­ры, ні сваёй гісторыі. А можа, ты спалохаўся, што цябе западозраць у мясцовым патрыятызме?.. Лыкавязавы і накіпелавы і на гэтае здольны. Што ім з таго, што ў тыя далёкія часы не было такіх паняццяў, як Расія, Украіна, Беларусь, а была адзіная Русь, якую дзялілі на ўдзелы па сваіх прыхамацях князі? Ды і не ў тым спра­ва. А ці задумаўся ты, чаму Кіеў, які вечна варагаваў з Полацкам, прылучыў Ефрасінню Полацкую да ліку святых усёй Русі?.. Ага, дайшло!.. Так, так, дружа, свя­тых рабілі не за прыгожыя вочы. А пасля Барыса і Глеба, якія ўвасаблялі пакутнікаў за адзінства славянскіх народаў, гэта асабліва наводзіць на думкі...

— У цябе ёсць накіды? — спытаўся Баравік-Залеўскі. — Дай пачытаць.

Гадзіны праз тры, калі над Суяй стаяла глыбокая марозная ноч, Баравік-Залеўскі зняў акуляры, узняўся з крэсла і моўчкі, з пачуццём пацалаваў Богшу...


***

Мабыць, ён прадчуваў нешта, гэты таленавіты на нюх Кірыла Лыкавязаў. Ці адзін ужо раз Лазар Богша дзівіўся лыкавязаўскаму нюху — учуць у тваіх творах тое, чаго ты яшчэ і сам не пачуў.

Яны якраз паставілі апошнюю кропку ў цяжкім сачыненні, якое называецца кінастужкай, калі ранічкай да ганка прафілакторыя падкаціла чорная "Волга" з чатырма літарамі на борце: "Кіно". Нібы слова гэтае было пропускам усюды і на ўсе выпадкі жыцця. "Волга" апісала крутую дугу вакол клумбы, на якой дзядзька Мікодым цяпер зрабіў нешта накшталт снежнай крэпасці.

Кірыла вылазіў з машыны не спяшаючыся, нешта гаварыў шафёру, нібы чытаў акадэмічную лекцыю, і ўсё рабіў, няйначай, дзеля таго, каб Карней Карнеевіч Кладачка, адміністратар Юрка Місюк, а найперш за ўсё сам Лазар Ботша паспелі збегчы ўніз, у вестыбюль.

3 акна другога паверха Лазар Богша з цікавасцю. назіраў за артыстычнай непаспешлівасцю Лыкавязава, якую той разыгрываў з зайздросным талентам.

Богша ведаў, ні Карней Карнеевіч, ні Юрка Місюк не выбегуць сустракаць Кірылу Лыкавязава — яны паехалі ў калгас "Чырвоны партызан", кіламетраў за дванаццаць ад Суі, каб падрыхтаваць там прагляд знятай плёнкі. Калі і выбег бы хто, дык мастак-пастаноўшчык Тарас Жылех, але ён любіў раніцай паспаць, пакуль яму добра не грукнуць у дзверы. Выходзіла, сустрэць Кірылу Лыкавязава мог адзін Богша. Але ён не збіраўся ступіць хоць бы адзін крок насустрач.

"А трасцу табе, — цікуючы за Лыкавязавым, падумаў Богша. — Шмат будзе гонару, калі я пабягу цябе сустракаць. Знойдзеш дарогу і без мяне".

Кірыла нарэшце пайшоў да аздобленага керамікай ганка. Едучы сюды ён, па ўсяму бачна, старанна прадумаў і што абуць, і што апрануць. Вядома ж, не дзеля яго, Лазара Богшы, а дзеля ягонай жонкі Любы. То быў даўні метад — праз жонку дзейнічаць на яго, Богшу. Аднойчы гэты метад прывёў да трагедыі. За Любу Ла­зар Богша, аднак, быў спакойны — яе халоднай разважлівасці можна было пазайздросціць. Але ў Богшавай душы варушылася паганае жаданне калі-небудзь размаляваць лыкавязаўскі твар сінякамі — зусім неінтэлігентнае і непахвальнае памкненне вырашаць спрэчку кулакамі. А што паробіш, калі апошняя дуэль адбылася гадоў, можа, сотню назад. Шкада! Яно і не блага часам было б правучыць якога хлюста, хоць здаралася і так, што якраз хлюсты забівалі абражаных імі людзей. А ўсё адно і хлюст не паспіць у апошнюю перад дуэллю ноч. Хай адчуе пакуты сумлення, калі яно яшчэ дзе-небудзь затаілася ў закутках ягонай душы.

— Каго ты там выглядаеш? — спыталася Люба і падышла да акна. — Божа, Кірыла Мацвеевіч!.. Што ж ты стаіш?.. Трэба сустрэць...

Богша ўтрымаў яе за руку.

— Абыдзецца, — дужа спакойна сказаў ён. — Сустракаць начальства, якое глядзіць на гэтую сустрэчу як на даніну ягонай над табой перавагі, ёсць не што іншае, як узаемнае разбэшчванне. На парозе дома сустракаюць сяброў і гасцей, а ён не сябар і не госць. Прыехаў па справе як рэвізор ці правяральшчык, дык хай і адчувае сябе рэвізорам...

— Я прашу цябе, — тэатральна заламала рукі Лю­ба. — Не трэба канфрантацыі...

Лазару Богшу стала смешна: жонка спрадвеку любіць вось такія славечкі: "канфрантацыя", "дэгустацыя", "сітуацыя"...

— Не, я адразу аб’яўлю яму вайну, — паабяцаў ён.

— Табе заўсёды патрэбна драматызацыя, — пакрыўдзілася Люба. — А мне надакучыла...

На калідоры ўжо чуліся галасы. Знарок гучны голас Лыкавязава і чыесьці жаночыя і мужчынскія — нехта ўсё ж сустрэў, хоць на калідоры, дарагога Кірылу Мацвеевіча.

"Можа, і праўда, не варта драматызаваць падзеі, — падумаў Богша і, скінуўшы світэр, другі раз за раніцу стаў чысціць зубы. — Усё не так балюча будзе для лыкавязаўскага самалюбства".

Люба ацаніла ягоную маленькую хітрасць, як на Богшаў погляд, дык дробязную подласць. Ну і хай!.. Што паробіш? Лепей бы сустрэць Кірылу ў штыкі. Але камў і што дакажаш? Сабе ж абыдзецца даражэй...

У дзверы пастукалі. Люба паспяшалася сказаць традыцыйнае "заходзьце". Кірыла Лыкавязаў зайшоў надзьмуты: яму хацелася схаваць незадаволенасць за маскай засяроджанасці і заклапочанасці, але гэта ніяк не ўдавалася. Затое на ягоным твары заблукала зларадная ўсмешка, калі ён пабачыў Богшу ля мыцельніка. А як жа! Ён, Кірыла Лыкавязаў, божай міласцю адзін з кіраўнікоў студыі, праехаў каля двухсот кіламетраў і застаў рэжысёра ледзь не ў ложку. Ну і работнічак!..

— Позна спіцё, таварыш рэжысёр, — па-свойску, з адцённем гэткага бацькоўскага ўшчування, загаварыў ён, прыкладаючыся губамі да Любінай рукі. — Так некалі можна праспаць і сваё шчасце...

Намёк быў дужа празрысты і абразлівы. Маўляў, глядзі, Богша, не згубі Любу. Ды Лыкавязаў забыўся пра Кацярыну Ляўдак — даўнюю трагедыю, якой магло і не быць.

Богша ледзьве стрымаўся, каб не нагадаць пра Кацю.

— Мы сёння адбіраем дублі, — сказаў ён, старанна палошчучы рот.

— Ну?.. Уцэліў! — роблена здзівіўся Кірыла Лыкавязаў.

Ад Богшы не схавалася гэтае прытворства. Нехта ўсё ж з ягонай групы паведаміў Кірылу Мацвеевічу пра сённяшні прагляд. Во ўжо недаравальнае зладзейства: з любоўю пазіраць табе ў вочы і даносіць пра кожны твой крок. Хто б гэта мог?.. Чаму я падумаў, што даносчык глядзіць мне ў вочы з любоўю?

Здагадка кальнула ў самае сэрца. Няўжо яна? Лю­ба? Не можа быць!.. Лыкавязаў якраз гаварыў Любе кампліменты, і яна аж млела ад ягоных слоў — баналь­ная гісторыя, якая абаім ім здаецца непаўторна шчырай.

— Гэтага ад цябе не адымеш — навучыўся цаляць у дзесятку, — сказаў Богша.

— Я зусім не збіраўся ехаць, але ўчора, на прыканцы рабочага дня, пазваніў Асташонак. Ён вельмі занепакоены тваёй карцінай. Вось я і тут, — крыху запознена растлумачыў Лыкавязаў свой нечаканы візіт.

Можа, і так. Кірыла Лыкавязаў і сам найчасцей не ведаў, дзе кажа праўду, а дзе хлусіць. Ягоная хлусня была працягам праўды, а праўда працягам прытворства і хлусні.

— Галоўнае, ты тут, — сказаў Богша. — Прычыны толькі дапамагаюць нашым задумам...

— Калі і дзе будзеце праглядаць дублі? — спытаў Лыкавязаў, не пачуўшы тое, чаго не хацелася чуць.

— Паснедаем і паедзем, — адказаў Богша. Ен надзеў світэр і папрасіў жонку: — Паклапаціся, каб сняданне падалі ў нумар...

Яму хацелася колькі хвілін пабыць сам-насам з Лыкавязавым, каб пагаварыць без сведак. Люба пастараецца не дапусціць шчырай гаворкі.

— Я таксама прайдуся, — адразу ўнюхаўшы небяспеку для сябе, сказаў Лыкавязаў.

— Ты — госць, і нікуды я цябе не пушчу, — як бы жартуючы, запярэчыў Богша. — У мяне на тое ёсць важкія прычыны...

— Ну, што ж, здаюся, — сказаў Кірыла.

— Паслухай, Кірыла, — пачаў Богша, як толькі за Любай зачыніліся дзверы, і пабачыў, як пабялеў Лыкавязаў. Значыць, здагадаўся. Тым лепей. — Аднаго разу я стаў па тваёй міласці ўдаўцом. Пад старасць мне не хо­чацца апынуцца ў той жа ролі. Таму прашу — пакінь Любу ў спакоі.

— Ты звар’яцеў, няшчасны раўнівец, — спрабуючы ператварыць усё ў жарт, весела выгукнуў Лыкавязаў. — Глянь на мяне, калі не бачыш сябе: мы перакрочылі ўзрост заляцанняў да чужых жонак, якімі б прыгажунямі тыя ні былі...

— Не хлусі... Ты добра разумееш, пра што я кажу. Я не хачу, каб ты разбэшчваў яе мілымі бяскрыўднымі даносамі. Чаму табе не хочацца спытаць у мяне? Я не схлушу, нават тады, калі схлусіць было б выгадна. Я разумею, ты не паверыш мне, хоць бы я рассцяліўся ля тваіх ног. Той, хто прывык да крывадушнасці, не можа верыць у шчырасць і праўдзівасць другіх. Старая ісціна!.. Але ўсё ж лепей спытайся ў мяне, і я адкажу табе шчыра. Ты можаш выкрыць мяне, калі я схлушу, тады нашай дамоўленасці канец. А цяпер я не хачу, каб мая жонка служыла табе даносчыцай.

— Ты абражаеш жонку, — сказаў Лыкавязаў. — Ты ашалеў пад старасць. I яна і я хочам табе дабра...

Кірыла ўсё ж не вызначаўся абачлівасцю. Не стрымаўся і выдаў Любу. Яна ўсё ж дала знак Лыкавязаву, каб прыехаў. Навошта? Чаму? Паспрабуй адкажы на такое няпростае пытанне.

— Дабра?! I гэта называецца дабром?.. Ты хочаш хоць пад старасць скіраваць мяне на выпуск шырпатрэба дзеля справаздачы па валу і асартыменту. Дык я не рамеснік, а мастак. Ім нарадзіўся і ім памру. Я ўсё сваё жыццё імкнуся зрабіць такі твор, які быў бы варты майго часу. Хоць бы адзін твор, Кірыла! Не на забаву ці патрэбу сённяшняга дня, а на стагоддзі, дзеля тых, хто прыйдзе за намі праз сто, трыста гадоў і для якіх маё прозвішча не будзе шмат чаго гаварыць. Затое фільм скажа ім пра нашы думы і справы, пра наш час і пра нас...

Кірыла Лыкавязаў з несхаванай іроніяй пазіраў на Богшу.

— Я мог бы пагадзіцца з табой: ну, так, так, вядома, трэба найперш дбаць пра гэтую даўгавечнасць твора. Але я не скажу...

— Таму што мы з табой удвух і ніякіх сведак? — здагадаўся Богша.

— Можа, і так... Дык вось, мой славалюбівы сябар, я прыехаў зусім не за тым, каб дыскутаваць з табою аб вечнасці і надзённасці мастацкіх твораў. Хоць не стану пазбягаць і адказу. Я не веру ў вечнасць любога нават самага геніяльнага фільма. Глянь на стужкі Чапліна: класіка, якая не хвалюе. I нечага нам з табой лавіць жураўлёў у небе, калі навокал мноства сініц і толькі бяры іх рукамі. Я прыехаў...

— Я ведаю, чаго ты прыехаў, — перапыніў яго Бог­ша. — Ну, так, я зняў не тое, за што сам некалі ўхапіўся. Была зачараванасць літаратурай. Але потым я зразумеў, што думка, закладзеная ў ёй, хоць і залатая, ды маленькая. Таму і зняў фільм пра грэшнікаў, якіх трэба называць святымі, пра тых, хто адкрыў людзям свят­ло і свет, аддаючы сябе мастацтву, а не набытку, пра тых, хто, насуперак твайму няверству, дбаў пра будучыню, пра вечнае жыццё сваіх тварэнняў, дзеля гонару нашчадкаў сваімі продкамі. Мала?..

— А хто дазволіў табе самавольнічаць?..

— Хто можа дазволіць ці не дазволіць мастаку напісаць, намаляваць, зняць твор занава? Хто? Ягонае сумленне. Болей ніхто. Калі ты лічыш, што ў мяне ёсць сумленне, дык чаго пытаеш, хто даў права адступаць ад майго ж рэжысёрскага сцэнарыя. Калі лічыш, што ў мяне няма сумлення, дык чаго мы тады дарэмна губляем час. Сапраўдны твор мастацтва, Кірыла, меней за ўсё належыць мастаку, ён набытак народа, яго слава і го­нар, бясцэнная каштоўнасць, якая праслаўляе народ.

— Мы з табой аратыя, якія павінны сеяць хлеб сёння, — сказаў Кірыла, — ганарыся гэтым.

— Праца аратага не цяжэйшая за маю, — не пагадзіўся Богша. — Хоць я не супраць таго, каб быць аратым.

Іхняя спрэчка магла не кончыцца і да вечара. Але ў пакой якраз уваходзіла Люба з афіцыянткай Мілай, ружовашчокім стварэннем, якое ўпрыгожваў старамодны какошнік.

Люба адразу здагадалася, што тут без яе адбылася лютая схватка. Яна з дакорам паглядзела на Богшу, але прамаўчала.


***

Чалавеку, незнаёмаму з тайнамі нараджэння фільма, прагляд адзнятай плёнкі здаўся б нясцерпнай катаргай — глядзі адны і тыя ж паўторы-дублі, якія нявопытнаму воку бачацца блізнятамі. Кіношнік глядзіць паўторы з увагай і задаволенасцю, заўважае ў іх найтанчэйшыя адценні акцёрскай ігры, аператарскай работы, рэжысёрскага дырыжыравання, мастацкага афармлення, грыму, касцюмаў і яшчэ ўсяго таго, што стварае потым на экране ілюзію, блізкую да жыцця.

Калгасны клуб, у адрозненне ад цяперашніх камен­ных палацаў, быў стары, драўляны, падобны на вялізную стадолу, якую Карней Карнеевіч Кладачка яшчэ ўчора двойчы прапаліў, а сёння абсталяваў на патрэбу здымачнай групы, якой трэба не забаўляцца, а працаваць. У праходзе стаялі два столікі з лямпамі пад аба­журамі, якія адбівалі святло строга ўніз, на белыя аркушы паперы, пакладзеныя для заўваг.

Лазару Богшу папера не была патрэбна. Ён яшчэ на здымачнай пляцоўцы вызначыў для сябе, які дубль удаўся, а які не ўдаўся. Але так ужо было заведзена ў групе — нехта з асістэнтаў ці мантажніца, калі яе прыдавалі групе, запісваў, які паўтор эпізоду трэба адабраць для далейшага мантажу.

Яшчэ на століках стаялі бутэлькі з вадой, не нарзанам, як бывала часцей, а нейкай без назвы і этыкеткі, што прадавалася ў буфеце прафілакторыя. Кіношнікі жартавалі, што яе рабілі па рэцэпту: два ржавыя цвікі на двухсотлітровую бочку вады, якую вытрымліваюць пры нармальнай тэмпературы аж тры дні. Піць яе, аднак, можна было, асабліва калі засядзеш на пяць гадзін без перапынкаў, якія Богша не хацеў аб’яўлядь, каб не парушыць адзінства ўражання.

Эпізод за эпізодам, паўтор за паўторам цягнуліся бясконца доўга. Кіношная брація бязлітасна дыміла цыгарэтамі, і ўжо гадзіны праз дзве Карней Карнеевіч Кладачка загадаў на паўгадзінкі адчыніць дзверы ў вестыбюль. Нехта ж адразу пажартаваў, каб пазванілі куды трэба, што ў клубе нічога не гарыць, апрача тэрмінаў здачы фільма на дзвюх стужках, бо інакш можа прыехадь пажарная дружына.

Больш за ўсіх курыў Кірыла Лыкавязаў. Пасля першых дзесяці — пятнаццаці хвілін ён, як кіношнік, а не збоку прыпёку прышлы чалавек, пабачыў, што на гэты раз Лазар Богша пераўзышоў самога сябе — так без суч­ка і задзірынкі быў зняты кожны эпізод, кожны дубль. Але менавіта гэта і разгубіла Лыкавязава. Ён быў падобны на чалавека, які зайшоў на кухню, пабачыў смач­ную здобу, але ведае, што не можа, не мае права яе пакаштаваць, вымушаны шукаць адгаворку, чаму адмаўляецца адкусіць хоць бы кавалачак печыва. Нават пры ўсёй геніяльнасці Богшавай карціны Лыкавязаў не мог дазволіць, каб яна паявілася на экранах ужо толькі та­му, што была знята насуперак яму, Кірылу Лыкавязаву, насуперак зацверджанага ім рэжысёрскага сцэнарыя. Дрэнныя прыклады прыліпчывыя.

Нарэшце апошнія метры дубляў прамільгнулі на эк­ране, і адразу пад столлю загарэлася люстра, старая, на медных ланцугах, перыяду празмернасцей у архітэктуры. Звычайна, калі запальваецца святло, кіношнікі ўскокваюць з месц, весела гамоняць, віншуюць адзін аднаго з перамогай. Бывае, і разыходзяцца ціхенька, саромеючыся паглядзець адзін аднаму ў вочы. Цяпер усе сядзелі на месцы і маўчалі, быццам не насядзеліся за пяць гадзін сорак восем хвілін.

Фільм, якога яшчэ не было, які існаваў у разабраным выглядзе, як славуты інданезійскі храм у часе рэстаўрацыі, усё адно рабіў моцнае ўражанне. У кожным эпізодзе буйна красавала складанае, поўнае чалавечых страсцей жыццё, якое то трагічна абрывалася, то зноў набірала яшчэ большую сілу і прыгажосць.

Лазар Богша першы парушыў маўчанне. Ен павярнуўся тварам да кінабудкі.

— Вялікі дзякуй, Аксіння Раманаўна, — падзякаваў ён кінамехаініку. — Замарылі мы вас...

— Яна ў нас прывыклая, бо не менш за мяне любіць кіно, — адказаў з задніх радоў старшыня калгаса Ляўковіч. — А цяпер, дарагія таварышы, прашу да мяне. Жонка, мабыць, зачакалася, ды і вам час замарыць чарвячка.

Толькі цяпер да Лазара Богшы дайшло, чаму яны праглядаюць матэрыял не ў іншым клубе, а ў "Чырвоным партызане". Мацей Ульянавіч Ляўковіч быў страсным прыхільнікам кіно. I не проста прыхільнікам, які толькі любіць глядзець фільмы. Ен стварыў у калгасе сваю калгасную аматарскую кінастудыю, і, можа, таму, што такая студыя была, у калгасе не ведалі гора з рабочай сілай. I Лазару Богшу двойчы давялося бываць у калгаснай кінастудыі. Цяпер ён нарэшце ўгледзеў і калгасных кіношнікаў, якія ціхенька сядзелі на апошнім радзе.

Лазар Богша пажартаваў, што іх, бадай, мнагавата, каб умясціцца за сталом. Мацей Ульянавіч нават пакрыўдзіўся: што ён жабрак які ці сквалыга! Дзякуй богу, заробкі ў яго нядрэнныя і жыве ён багата, так што мог бы накарміць усю кінастудыю...

Кіношная брація, якая аднолькава вольна паводзіць сябе ў павільёне кінастудыі і за банкетным сталом адказнага прыёму, на гэты раз адчувала сябе крыху скавана: Мацей Ульянавіч, салідна старшынствуючы за ста­лом, вёў не проста свецкую гаворку аб сучасным кіно, а такую, што прымушае таго ж кіношніка прыўзнімацца над прывычнымі дробязямі будняў. Нават Кірыла Лыкавязаў, які напачатку трохі паблажліва слухаў Мацея Ульянавіча, непрыкметна для сябе запаважаў яго за неардынарныя думкі і погляды.

Кароткі зімовы дзень непрыкметна сканаў за сценамі старшынёвай хаты. Трэба было вяртацца на Сую. Студыйны аўтобус ужо чакаў пасажыраў, якія няспешна развітваліся з гасціннымі гаспадарамі. Заставаліся якія хвіліны да ад’езду, калі Любе прыйшла ў галаву дзівацкая прыхамаць: паехаць на Сую тройкай калгас­ных коней.

Акрамя таго, што Мацей Ульянавіч быў прыхільнікам кіно, ён яшчэ апантана любіў коней, і, можа, на ўсю вобласць у ягоным калгасе мелася стайня пародзістых скакуноў. Лазар Богша разумеў, што Мацею Ульянавічу прасцей самому запрэгчыся ў сані, каб адвезці на Сую вядомую кінаактрысу, чым гнаць па снезе аж дванаццаць кіламетраў тройку коней, але ён ведаў і другое: старшыня не здолее адмовіць актрысе, ды яшчэ з патомства Азарэвічавых, праехаць на тройцы калгасных рысакоў. Лазар паспрабаваў угаварыць Любу адмовіцца ад свайго намеру, што было справай, бадай, безнадзейнай, як нечакана і не без намеру на яе бок стаў і Кірыла Лыкавязаў, няйначай, каб насаліць Лазару Бог­шу.

— А што? Яна таго заслужыла сваёй выдатнай ігрой.

Мацей Ульянавіч памуляўся, але здаўся, загадаў запрэгчы тройку ў вазок.

— Я сам пракачу вас, — паабяцаў ён, чамусьці пазіраючы толькі на Лазара Богшу.

— Без мяне, — сказаў Лазар і, каб не чуць упрошванняў, пабег да аўтобуса.

Яму саступілі месца побач з шафёрам. Той асцярожна вывеў машыну на дарогу, паціху паехаў па ёй, не запальваючы фар. Яны абсалютна не былі патрэбны: навокал усё ззяла пад месячным святлом. I толькі далёкі лес здаваўся чорным і вельмі таямнічым. Адтуль, з ле­су, раптам наявілася хмара варання. У яркім святле поўні яны здаваліся чорнай хмаркай, што імкліва бяжыць з захаду на ўсход.

Яна гэтак жа як нечакана паявілася, так нечакана і знікла. Лазар Богша зноў залюбаваўся наваколлем. Яму прыгадаліся даўнія, яшчэ даваенныя ночы, калі, бывала, з хлопцамі і дзяўчатамі вось так, толькі пеша, вярталіся дзе-небудзь у мясаед з вечарынкі. Божа, якое гэта было непаўторнае хараство і як даўно яно было!..

Дарога метраў за сто зварочвала налева ў аб’езд возера Суі. Лазару раптам прыйшло ў галаву, што было б добра не проста прыгадаць тыя колішнія вандроўкі з вечарынак дадому, а прайсці па возеры зараз, у такую непаўторную месячную ноч. Ён папрасіў шафёра спыніцца.

— I я з вамі, — сказаў Юрка Місюк, каб на ўсякі выпадак падстрахаваць свайго рэжысёра.

— Не, — запярэчыў Богша. — Мне трэба пабыць аднаму. Я прыйду ў прафілакторый раней за вас.

Сапраўды, дарога па возеры была разоў у дзесяць карацейшая за тую, па якой пайшла машына.

Лазар Богша спыніўся на горцы. Адсюль ужо былі бачны агні прафілакторыя. Яны ззялі, як светлякі, якіх, бывала, збіралі ў лесе, садзілі на лацканы пінжакоў. У цёмную ноч светлякі ззялі вось такім жа яркім месяч­ным святлом. Бывала, на жнівеньскіх вечарынках усе танцуюць са светлякамі на грудзях — здаецца, мільгае бясконцае мноства маленькіх месяцаў...

"Усяму, аднак, ёсць канец", — падумаў Богша.

Ён пайшоў па суйскім лёдзе, слухаючы, як пранозліва-звонка рыпіць пад нагамі снег. Было вельмі хораша, і ён пашкадаваў, што не дазволіў Юрку Місюку пайсці з ім. Хай бы пабачыў сапраўдную зімовую прыгажосць. Што яны бачаць, гэтыя цяперашнія гарадскія вундэркінды? Зорак і тых не бачаць...

За ягонай спіной, здалося, зусім побач, весела і звон­ка зарыпеў снег і пачуўся тупат конскіх капытоў. Бог­ша здагадаўся, што тройка наганяе яго. Цікава, яны таксама паедуць кругом возера ці па лёдзе?

Богша азірнуўся.

Белая тройка, запрэжаная ў вазок, ляцела па заснежаным лёдзе проста на яго, Лазара Богшу...


ЧАСТКА ДРУГАЯ: жывыя здані


1

Белая тройка, запрэжаная ў вазок, ляцела па заснежаным лёдзе проста на яго, Лазара Богшу.

Краем вока ён бачыў бліскучы дыск месяца, што каціўся па чорным небе, зграю варон, што кружыла над лесам, ды чуў, як коні б’юць капытамі аб выглянцаваную палазамі, бліскучую ў месячным ззянні дарогу.

Богша разумеў: гэта — канец, ягоная смерць. Ён памкнуўся закрычаць — можа, хто пачуе, але адчуў, што язык амярцвеў, не хоча слу­хаць. Ды і крычаць не было сэнсу. У белай заснежанай прасторы ён быў адзін. I нішто не магло ўратаваць яго. Нават цуд. Гэта ён таксама ведаў, як асуджаны на немінучую смерць. Ён стаяў на зімовай дарозе цераз возера Сую і чакаў, калі тройка белых коней саб’е яго з ног; было жахліва стаяць і чакаць уласную смерць, такую заўчасную і недарэчную.

Коні несліся вельмі доўга. Нарэшце ён убачыў перад сабой — буйным аператарскім планам — раздутыя хра­пы коней, з якіх шугала густая белая пара. Ён яшчэ падумаў, як бы прыгожа выглядала гэта на шырокафарматным экране, але тут нешта выцяла яго ў левае плячо, адарвала ад зямлі, кінула ў прасцяг ночы. Болю, якога ён так баяўся, не было. Богша нават здзівіўся: смерць аказалася простай і бяскрыўднай, як пераезд на другую кватэру. Пераезд нават быў больш клопатны. А тут нішто. Кароткі ўдар у грудзі, лёгкі, нячутны палёт у нябыт, у другое і ўжо незямное існаванне.

"Калі да канца быць аптымістам, — падумаў Бог­ша, — дык трэба прызнаць, што чалавечае існаванне не канчаецца пасля смерці. Яно толькі мяняе сваю фор­му. Сутнасць — матэрыя, з якой створаны чалавек, — застаецца вечна. Замест мяне, кінарэжысёра Лазара Богшы, паявіцца мноства атамаў, малекул, хімічных злучэнняў, цвёрдых, вадкіх, газавых рэчываў, з якіх некалі зноў будзе ўтворана нешта жывое, нейкі новы "Ла­зар Богша".

Ад гэтай думкі яму зрабілася весела і лёгка.

"А што, калі я толькі цяпер спазнаю тое, што схава­на ад чалавецтва на зямлі, што з’яўляецца для яго адвечнай тайнай? — падумаў ён. — Першы і адзіны сярод людзей! Як гэта будзе здорава!"

Аднак жа радасць пратрымалася нядоўга.

"Дапусцім, я спазнаю тайну пазазямнога існавання, але ж усё адно пра яе не будзе каму і як расказаць. На зямлі так ніхто і не даведаецца, што мне аднаму была адкрыта гэтая тайна. Дык ці варта за яе расплочвацца жыццём? Валодаць тайнай і маўчаць — якая гэ­та несправядлівасць і бязглуздзіца! Але ж нямала лю­дзей паміраюць так і не раскрыўшы людзям сваёй тай­ны. Бадай, кожны. Толькі ў адных тайна большая, а ў другіх меншая, але тайна абавязкова ёсць у кожнага чалавека, якую ён так і не раскрыў людзям. А хіба ма­ла людзей расплацілася жыццём, заглянуўшы ў куфэрак з чужой тайнай? Ці не таму тайны перажываюць людзей, эпохі, эры? Зрэшты, няма чаго пра гэта думаць, калі пакінуў ужо зямное існаванне. Лепей добра папрыглядадца да ўсяго, пазапамінаць, нават калі не давядзецца расказадь пра ўбачанае і пачутае жывым лю­дзям".

Вырашыўшы, як належыць трымаць сябе, Богша азірнуўся па баках з надзеяй, што, можа, ён і не пакідаў зямное існаванне. Магло ж быць такое: коні падбілі яго, але не насмерць і ён ляжыць недзе на лёдзе суйскага возера і трызніць. Каб ён памёр, дык хіба мог бы думаць?..

Не, ён не ляжаў на лёдзе, а дзіўным чынам сядзеў у тым самым вазку, у які была запрэжана белая тройка. Ды юнавала і сама тройка. Богша бачыў тры шырокія конскія крыжы, доўгія белыя хвасты, чорную са званочкамі дугу над карэннікам. Званочкі, аднак, не звінелі. I гэта вельмі падзівіла Лазара Богшу.

Здзівіла яго і другое, хоць і не павінна было, бо на тым свеце, вядома ж, усё новае, нязнанае. Побач з ім (Богша так і не паспеў разгледзець, адкуль і калі яны паявіліся) сядзелі дзве здані. Яны былі зусім зямныя, рэальныя і ўсё ж здані: адна ў белым, другая — у чорным адзенні. Рэальна выглядаў і фантастычны вазок — човен ці, можа, лодка, на якой не толькі плавалі, але і ездзілі пад ветразямі нашы далёкія продкі.

Лазар Богша зноў падумаў, што, напэўна, уся гэтая чартаўшчына яму прыснілася, а можа, і цяпер сніцца. Каб пераканацца, ці так гэта, Богша пакратаў сябе за нос.

Не, ліха на яго, нос, хоць і халаднаваты, як у нябожчыка, усё ж быў ягоны, ды і рука была ягонай і не халоднай, як ёй належыць быць у нябожчыка, а цёплай, бо інакш як бы ён мог адчуць, што нос халодны?

Цяпер Богшу захапіла другая думка, нават не дум­ка, гэта была ўпэўненасць, пераконанасць. Нікуды ён не ляціць, ніхто яго не падбіваў, а едзе ён на "газіку" са здымак на начлег у гасцініцу, па дарозе заснуў, нешта прытрызнілася, і ён ніяк не можа пазбавіцца ад гэтага соннага трызнення. А трызніцца таму, што ён ужо трэція суткі на здымках з тэмпературай, што за апошнія месяцы вельмі знямогся: недасыпаў, жыў на дэпрэсіне і нітрагліцэрыне, спаў толькі прыняўшы розную наркатычную дрэнь. Ён думаў надзіва лагічна, бадай, больш лагічна, як заўсёды. Ну, вядома, так яно і ёсць! Выдумаў вазок, коней, здані!.. А гэта ўсяго Люба, ягоная жонка, партнёрка, выканаўца галоўнай ролі, ягоная дрэсіроўшчыца і бог...

Богша абняў Любу за плечы, але рука прайшла праз яе, як праз туман. Гэта было вельмі непрыемнае адчуванне. Богша бачыў зусім рэальную жанчыну і больш чым абстрактную, нейкі міраж пустыні.

Тое ж самае здарылася, калі Богша штурхануў пад бок другога седака — мужчыну. Локаць свабодна праткнуў здань пад чорнаю апранахай.

Цяпер не даводзілася сумнявацца, што ён, Лазар Богша, усё ж памёр і знаходзіцца ў царстве ценяў, як казалі некалі старажытныя рымляне.

"Выходзіць, што нехта са старажытных людзей пабываў на тым свеце, што і яго везлі, можа, вось гэтыя самыя цені, якія сядзяць поруч з ім. Выходзіць, што ча­лавек калісьці здолеў вярнуцца ў зямное існаванне і расказаў пра той замагільны, незямны свет. Выдумаць цені было б проста немагчыма".

Цяпер заставалася высветліць, куды яго вязуць? Богша азірнуўся па баках. Іх вазок плыў высока-высока над зямлёй. У цемры ночы Богша добра бачыў заснежаныя, у лёгкай смузе палі, яркія агні сонных гарадоў. Ён задраў галаву ўгору, куды, па ўсяму відаць, несліся коні. Над ім, у чорным небе, там, дзе яшчэ нядаўна свяціўся месяц, зеўрала даволі вялікая круглая адтуліна. Коні якраз і ляцелі ў гэтую жахлівую адтуліну-бездань.

"Дык вось куды вывозяць душы памерлых, — падумаў Богша. — Яшчэ імгненне і коні вымчаць мяне не толькі за межы зямлі, але і за межы неба, на другі яго бок, у антысвет, у антыжыццё, антыіснаванне. Гэта, ліха на яго, даволі забаўна, хоць і дужа недарэчна, бо, відаць, з таго антысвету сапраўды ўжо няма звароту на зямлю".

Вазок тым часам крута завярнуўся, аж Богша ўхапіўся абедзвюма рукамі за барты, каб не вываліцца з яго на такой вышыні. На яго здзіўленне, пальцы адчулі цвёрдую аснову, а не туман, як было тады, калі ён кранаў здані.

I добра, што ўхапіўся, што было за што ўхапіцца. Коні так імкліва нырнулі ў бездань — а можа, наадва­рот, вылецелі ўгору, — што ў Богшы аж дух захапіла. Так было, праўда, зусім не доўга. Неўзабаве пачалося даволі плаўнае апусканне, падобнае палёту на планёры.

Богша глянуў уніз. Яны ляцелі над лесам, асветленым халодным сінім святлом. Лазара Богшу ахапіла расчараванне. Тайны, аказваецца, няма. Ёсць люстэркавы адбітак зямной рэчаіснасці. Цікава, а ці ёсць тут смерць? Калі ёсць, дык куды адсюль адпраўляюць душы памерлых? Можа, зноў на зямлю? Во ўжо незайздросная перспектыва — боўтацца між двух існаванняў, якія вельмі падобны адно да аднаго.

Богша адчуў сябе бясконца ашуканым. У такія хвіліны ён звычайна станавіўся насмешлівы і нават іранічны.

— Наліха вы мяне сюды прывезлі? — спытаў ён у здані з той падкрэсленай іроніяй у голасе, якой звы­чайна карыстаўся на мастацкіх саветах, калі яму хацелі навязаць нешта супрацьлеглае ягонаму густу, ягонаму разумению мастацтва. — Не маглі прыдумаць нешта больш арыгінальнае? У вас не мастацкая інтэрпрэтацыя найвялікшага акта, якім з’яўляецца смерць, а бяздарная інструкцыя пахавальнага бюро. Хто складаў, хто зацвярджаў гэты бездапаможны сцэнарый? Суцэльныя штампы! Ніякай выдумкі! Чарговы опус нікчэмнага графамана. Заезджаныя ў кіно тройкі коней. Дзірка ў небе. На каго вы разлічваеце? Хто рабіў вам эскізы да вось гэтага раннефеадальнага горада? Божа мой, якая безгустоўшчына! Ці, можа, у вас шануюць бездараў? Ну, што ж, з імі спакойна, асабліва ў вашым замагільным царстве. Ніякіх праблем. Бездары тым і добрыя, што не маюць сваіх думак. Наліха яны ім? Без думак жыць лёгка і проста.

Богша мог практыкавацца такім чынам вельмі доўга, бо яму ніхто не пярэчыў, і ён неўзабаве змоўк, крыху здзіўлены, што ягоныя словы не закранаюць за жы­вое зданяў.

Во дзіва! Абое пасажыры, як і коні, як і вазок, незаўважна зніклі. А можа, так і належыць на тым ці хутчэй ужо на гэтым свеце, пасмяротным для Богшы.

Ён стаяў адзін на скрыжаванні дзвюх вельмі вузкіх вуліц, сярод ночы, у незнаёмым і, папраўдзе, дужа дзіўным горадзе, здорава падобным на няўдалую кіношную дэкарацыю да гістарычнага фільма: ніякіх адвольнасцей — суцэльны натуралізм.

Было, мабыць, надта позна ці, наадварот, вельмі ра­на. У горадзе ніякіх адзнак жыцця. Нават сабак не чутно.

"Зрэшты, — падумалася Лазару Богшу, — у гэтым, па той бок зямнога існавання, горадзе жывыя істоты, што падыхаюць, а не паміраюць, напэўна, адсутнічаюць".

Не паспеў ён так падумадь, як недзе зусім побач азваўся певень. Голас у яго быў гарласты і, папраўдзе, вельмі прыгожы, як у ротнага запявалы, з якім Лазару Богшу калісьці давялося адбываць трохмесячныя зборы. Зрэшты, каб у пеўня быў і зусім паганы голас, Ла­зару Богшу ён падаўся б нашмат прыгажэйшы за славутага Каруза.

Дзякуй богу, што ў горадзе аказаўся певень! Калі ёсць певень, дык ёсць і чалавек. I ён, Лазар Богша, тады непадобны на героя крамераўскага фільма, які высадзіўся на бераг пасля атамнай бамбардзіроўкі...

Было даволі холадна. Калючы марозны вецер працінаў лёгкую Богшаву сінтэтычную апранаху наскрозь, да самых касцей.

"Вельмі зайздросная перспектыва памерці на лёдзе суйскага возера пад Полацкам і апынуцца ў невядомым сонным горадзе, на марозе, дзе толькі певень палічыў патрэбным вітаць маё паяўленне. Ну і парадкі! Як на кінастудыі. Прывезлі і кінулі! Падыхай, Богша, у другі раз на марозе. Але ж і не стаяць на месцы. Іначай, ча­го добрага, і сапраўды можна замерзнуць... Чорт мяне ўхапі, мярцвяк жа не павінен адчуваць холад. А я яго чую. Што ж з гэтага вынікае? Што я жывы!.. Дапусцім, што жывы. Тады паўстае законнае пытанне: дзе я і што са мной адбываецца? Калі я жывы, значыць, не пакідаў зямлю, а на зямлі я працаваў на студыі і апошнім часам здымаў фільм у экспедыцыі пад Полацкам. Выходзіць, я і цяпер недзе пад Полацкам, а можа, на­ват у Полацку. Дык што са мной адбываецца? На гэта адказаць значна цяжэй. Але адно бясспрэчна: у мяне мерзнуць ногі. Яны аж зайшліся ад холаду. Але ці бяс­спрэчна гэта? Суб’ектыўна — так. Але аб’ектыўна магчыма, што і не так. Мае суб’ектыўныя разуменні мастацкага вобраза, напрыклад, вельмі часта разыходзіліся з аб’ектыўнай ацэнкай мастацкага савета. Магчыма, маё адчуванне холаду таксама не ёсць аб’ектыўная ісціна, а нейкі перажытак зямнога суб’ектыўнага існавання?.. Ну і што, ногі ж мерзнуць, чорт пабяры, і вельмі нату­ральна! Дык і што, калі мерзнуць?.. А тое, што я найперш за ўсё павінен прааналізавацьсвае паводзіны і дзеянні на працягу ўчарашняга дня. Па-першае, гэта патрэбна, каб пераканацца, ці помню я усё, што адбывалася ў мінулы дзень. Гэта надзвычай важна, бо памяць сведчыць, ці можа чалавек карыстацца назапашанай інфармацыяй, а значыць, і ці здольны ён свядома дзейнічаць. Па-другое, узнаўляючы падзеі мінулага дня, я буду мець магчымасць пераканацца, што нармальна мыслю, а значыць, яшчэ не страціў розум, што я не вар’ят. Чакай, чакай, — спыніў сябе Лазар Богша, — а хіба вар’ят сумняваецца, што мысліць ненармальна? I што наогул азначае мысліць нармальна? Так, як усе? Але ж мысліць, як усе, азначае мысліць стандартна, штампована. Геніі таму і былі геніямі, што мыслілі не як усе. Дык што, яны мыслілі ненармальна?"

Падумаўшы так, Богша адчуў, што ў галаве нечага не стае, каб прыгадаць з усімі падрабязнасцямі падзеі прайшоўшага дня. Гэта падалося яму дзіўным. Ён яшчэ раз напружыў памяць, але толькі і ўспомніў, як напярэдадні пасварыўся з Любай. Яму стала шкада яе: бед­ная, прыедзе з Адэсы, а яго ўжо няма ў жывых.

"Цікава, а дзе паставяць труну з целам: на студыі ці ў Доме кіно? Глянуць бы хоць адным вокам на ўласныя хаўтуры. Дзівак, хіба не ведаеш, як усё будзе? Слё­зы, посныя твары, прамовы па паперцы... Глупства! Што ж было пасля? Чакай, а ці не выклікалі мяне на мастацкі савет? Ага, выклікалі. Чаго выклікалі? Ну, вя­дома ж, не дзеля таго, каб папляскаць у далоні, а дзеля таго, каб пляснуць даланёй".

Яму самому спадабаўся прыдуманы афарызм. Варта запомніць і калі-небудзь выкарыстаць.

"Але ж і мароз, чорт яго пабяры! Трэба недзе прасіцца на начлег. На тым ці на гэтым свеце, а мерзнуць не варта".

Богша раптам засумняваўся, а ці можа ён хадзіць? Калі памёр, дык, натуральна, хадзіць не можа. Мерцвякі ходзяць толькі ў паданнях. Во калі можна абсалютна беспамылкова вырашыць, мёрты ён ці жывы?

Не давяраючы свайму адчуванню, Богша зрабіў адзін, другі крок. Жывы! Ну, вядома, жывы! Ідзе і на­ват чуе, як снег рыпіць пад нагамі...

I ўсё адразу стала на сваё месца.

"Божа добры, як я раней не здагадаўся, што трапіў на натурпляцоўку кінастудыі, дзе здымаецца фільм канца дванаццатага стагоддзя. Хто яго здымае? Як хто? Фільм гэты здымаю я сам..." — падумаў Богша.

У галаве зноў нешта зрушылася з месца. Богша азірнуўся. Тое, што ён убачыў, не задаволіла яго. Хіба ён бачыў на макеце вось гэтую будыніну, што загарадзіла сабой завулак? Чорт ведае што! Мусіць, цесляры прадалі каму-небудзь бярвенне, якое дырэктар карціны Карней Карнеевіч Кладачка выбіў у леспрамгасе, а будынак склалі з трухляціны і гнілля.

"Раніцай трэба будзе сказаць Карнею Карнеевічу, каб прасачыў, як і што яму будуюць, — падумаў Бог­ша і тут жа спахапіўся, што Карней Карнеевіч памёр. — А можа, не памёр? — спытаў у сябе Лазар Богша. — I наогул, што са мной адбываецца? Як жа я магу быць на натурпляцоўцы, калі таго горада, што мы будавалі, ужо няма? Яго спаліла польская кінагрупа сямісерыйнага фільма, якая арандавала натурпляцоўку. Дык дзе ж я нарэшце? На зямлі ці на небе?.."

Богша спыніўся ў роспачы. У яго кружылася галава, і крыху блажыла. Ен азірнуўся.

У канцы тупіка, у цемрачы, адзінока гарэў агеньчык...


2

У канцы тупіка, у цемрачы, адзінока гарэў агеньчык.

Забыўшыся на ўсё, Богша пайшоў на той агеньчык. Ісці было зусім недалёка, можа, якіх крокаў сто па заснежаным завулку, між нейкіх будынкаў, што выходзілі сюды глухімі сценамі. Тая будыніна, у якой свяціўся агеньчык, стаяла высокім ганкам на завулак. Па замеценых снегам прыступках Богша падняўся на ганак, лёгка, нібы бываў тут неаднойчы, намацаў у цемры металічнае кальцо, пацягнуў яго на сябе і апынуўся ў хаце.

Папраўдзе, дык то была і не хата ў цяперашнім разуменні, а, бадай, нейкая майстэрня ці, можа, нават куз­ня, бо злева ад дзвярэй, там, дзе трэба быць печы, чарнеў ад вечнай сажы горан. У ім белым агнём свяцілася вуголле, і чырвоныя жвавыя іскры выскоквалі праз адтуліну ў страсе. Гадоў шаснаццаці дзяцюк стаяў збоч горна, цягаў за сырамятны рэмень-дзяржак кавальскага меха з бычынай скуры. Можа, вядома, і не з бычынай, але Богшу здалося, што мех быў менавіта з бычы­най скуры.

Дзецюку, відаць, было ў ахвоту раздзімаць вуголле ў горне, бо ён ад задавальнення спяваў, і голас у яго быў вельмі прыемны.

Справа ад горна, па другі бок дзвярэй, стаяў стол — дзве шырокія дубовыя дошкі на круглых точаных нож­ках. На стале, на разасланым ручніку, ляжаў крыж. Той самы крыж, які Лазар Богша добра ведаў па здымку, што захаваўся з даваенных часоў. Гэта быў крыж, зроблены для Спаскага манастыра па заказу самой Ефрасінні Полацкай.

На самой справе крыж быў нашмат прыгажэйшы, чым уяўляў раней Лазар Богша. Нават ад няяркага святла лампады ён зіхацеў і ззяў сакавітымі, не рэзкімі фарбамі. Лазар Богша ледзь адарваў ад яго позірк.

Па той жа правы бок у далёкім кутку стаяў яшчэ адзін стол. Над ім віселі тры абразы — пасярэдзіне, на чорнай дошцы без аніякай аправы, быў намаляваны Хрыстос, які ўваскрашае Лазара. Той, біблейскі Лазар, быў вельмі падобны на яго, Лазара Богшу. Ну, проста дзве кроплі вады — копія з партрэта, які намаляваў калісьці пад п’яную руку мастак, што афармляў ягоны фільм. Праўда, у гэтай, іконнай, копіі Лазару былі нададзены візантыйскія рысы, але ўсё роўна не заўважыць падабенства было проста немагчыма.

"Дзіва, дый годзе, — падумаў Лазар Богша. — Хоць якое там дзіва: туташні свет — адэкват тамашняму, а можа, наадварот. Во дзе відаць пацвярджэнне тэорыі сіметрыі ў прыродзе: плюс — мінус, адмоўны — станоўчы зарад, правае — левае, верх — ніз..."

Ён ужо хацеў спытаць у гаспадара, як здарылася, што з яго, Лазара Богшы, які ніколі не быў у зазямным царстве, напісана ікона, але гаспадар сам запытаўся ў яго:

— Ну, як даехаў? Мы ўжо хваляваліся — ці не зда­рылася што ў дарозе. Я разы два пасылаў паглядзець, ці едзеш? Не, кажуць, не відно. Мы яшчэ ўчора пасля абеду былі папярэджаны, што ты сабраўся да нас. Сядай, браце, за стол. Мусіць прагаладаўся? Ды і пагрэцца не пашкодзіць.

Здзіўлены прывітальнымі словамі, Лазар Богша моўчкі сеў на шырокую дубовую лаўку пад абразы, на кут. Гаспадар хаты паставіў на стол кадоўбчык літры на тры і драўляны кубак, падобную на лодку пасудзіну. Дзяцюк, што раздзімаў горан, паставіў перад Богшам гаршчок з параным бобам, паклаў кавалак мяса, спечанага, відаць, на вуголлі, бо да яго прыліплі вугольчыкі. Адышоўшы да горна, дзяцюк ва ўсе вочы пачаў глядзець на сінтэтычную Богшаву апранаху з мноствам кішэніяў і засцёжак. Сам ён быў у кашулі з нябеленага палатна, даволі доўгай, ледзь не па пяты, абуты ў лазовыя лапці і суконныя анучы.

Гаспадар зняў з кадоўбчыка вечка, наліў у кубак густой зеленаватай вадкасці. У хаце запахла мёдам, рутай, валяр’янкай і яшчэ нечым вельмі прыемным.

— Выіпі на здароўе, — сказаў гаспадар.

Богша ўсміхнуўся: а гаспадар, відаць, гумарыст, калі прапануе на тым свеце піць за здароўе. Але кубак узяў. Ён піў і не наталяў смагу. Пітво праходзіла праз яго, як вада праз пясок.

— Многа не пі, — папярэдзіў гаспадар. — Яно моцнае, бадай, мацнейшае за віскі...

"Што за чартаўшчына! — падзівіўся Богша. — Альбо я страціў розум і па-вар’яцку трызню, або адбываец­ца нешта несусветнае, тое, што не паддаецца нармальнай логіцы. Нібы чытаеш Кафку ці глядзіш п’есу Іанеску. Суцэльны абсурд. Адкуль на гэтым свеце ведаюць віскі?"

Пітво, аднак, добра ўдарыла ў галаву. Мабыць, у самым абсурдным свеце спіртное дзейнічае аднолькава рэальна — ад яго шуміць у галаве. У Богшы было та­кое адчуванне, што яму цяпер і мора па калена: абсалютна ўсё роўна, дзе ён знаходзіцца — на тым, зямным, свеце ці на гэтым, замагільным, або яшчэ на якім, на трэцім, пра які ніхто ніколі дасюль не здагадваўся. Яму было ўсё роўна.

— Слухай, — па-кіношнаму развязна звярнуўся ён да гаспадара, — слухай, чорт мяне пабяры, а чаму ты сам не п’еш? Ты мне кінь гэтыя хітрыкі. Я не люблю піць адзін. Думаеш, я нейкі прапашчы чалавек?..

Ён наліў у кубак пітва, падаў гаспадару. Той, аднак, піць не стаў. Паставіў кубак на стол.

— Мне нельга, — сказаў гаспадар і падаў знак дзецюку, каб прыбраў стол.

— А ты зусім няветлівы, — ускіпеў Богша. — Ты зусім няветлівы. Во што! А галоўнае — я не магу прыгадаць, дзе цябе бачыў? Мы недзе з табой сустракаліся, ці не праўда? Што ж ты маўчыш? Мы з табой, мусіць, некалі добра пацапаліся, калі ты не хочаш прызнавацца, дзе мы сустракаліся? Як цябе завуць?..

Гаспадар пераступіў з нагі на нагу.

— Лазар Богша, — як бы нават засаромеўшыся, назваўся ён.

— Чакай, чакай, гэта я — Лазар Богша...

— I ты Лазар Богша, — пагадзіўся гаспадар.

— Можа, і ён Лазар Богша? — Лазар Богша паказаў рукой на дзецюка, які ўважліва прыслухоўваўся да іхняй размовы.

— Не, ён не Лазар Богша, — сказаў гаспадар. — Ён — Паэт. Ён напіша "Слова аб палку Ігаравым".

Лазар Богша скоса паглядзеў на дзецюка.

— Такі малады і Паэт, — кпліва загаварыў Бог­ша. — Можа, ён ужо і член Саюза пісьменнікаў? Дык во што, даражэнькія, кіньце свой прымітыўны розы­грыш. Ён са сваім "Словам" ніколі не праскочыў бы прыёмную камісію.

— Ён яшчэ вырасце і стане славутым, — як бы просячы прабачэння, сказаў гаспадар. — А пакуль ён наш госць і вучань Ефрасінні...

— Якой Ефрасінні? — спытаўся Богша.

— Князёўны полацкай, вядома, — адказаў гаспадар.

— Ну, хопіць жартаваць, — сказаў Лазар Богша цвёрда, але і з нецярплівасцю. — Мы таксама нешта чыталі і нешта вывучалі. Аўтар "Слова" ніколі не быў палачанінам, і нечага прыпісвадь Полацку таго, чаго ён не меў.

Гаспадар кпліва ўсміхнуўся.

— Вы там цяпер усё дужа добра ведаеце. Аж смех. Вось жа ён, Паэт, перад табою, дык няўжо ты і зараз пачнеш сумнявацца?

— Мне гэта надакучыла, — крыкнуў Богша. — Я хачу ведаць, хто ты на самай справе і дзе я знаходжуся?.. Хопіць разыгрываць чалавека, які не памятае некаторыя неістотныя дэталі...

Гаспадар паклаў руку на Богшава плячо. Рука была цяжкая, аж забалела плячо.

— Ты стаміўся, Лазар Богша, — спачувальна сказаў гаспадар. — Табе хочацца адпачыць. Але мастак не мае права на адпачынак, ён мусіць працаваць нават і ў сне. Працай і пакутамі творчасці мастак плаціць за славу і даўгавечнасць.

— Мне не патрэбна слава, — зазлаваў Лазар Бог­ша. — Слава — чырвоная ануча, якой тарэадор дражніць быка за хвіліну да таго, як праткне яго рапірай.

— Дарэмна ты так ставішся да славы, — памяркоўна сказаў гаспадар. — Слава натхняе мастака на працу. Без славы няма мастака.

— Адчапіся, — папрасіў Лазар Богша. — Я пачынаю балдзець ад гэтай гаворкі. Як у нас на кінастудыі: ты — геній, я — геній. Глупства! Хто ты і што ад мяне хочаш?

— Я — Лазар Богша, — сказаў гаспадар. — Няўжо ты не пазнаеш мой крыж, які я зрабіў і які праславіў мяне праз вякі?..

— Стой! — крыкнуў Богша.

Нешта хоць і вельмі трудна, балюча скранулася ў ягонай галаве, цяжка, аж са скрыгатам павярнулася, нібы жорны, і спынілася; тады Лазар Богша пачаў здагадвацца, куды яго занесла. Але здагадка гэтая роўным чынам ні пра што не сведчыла. Наадварот, яна заблытвала ўсё дашчэнту. Лазар Богша глянуў на крыж, по­тым на гаспадара. Ну, так, крыж быў знаёмы — рэквізітны крыж. Ну-ну!

— Ты хочаш сказаць, што з’яўляешся тым, старажытным, Лазарам Богшам, які зрабіў крыж для Ефрасінні Полацкай?

— Так яно і ёсць, — адказаў гаспадар.

Лазар Богша зарагатаў. Яго разбіраў смех, ён рагатаў доўга, а гаспадар цярпліва чакаў, пакуль ён перастане смяяцца. Нарэшце Лазар Богша высмеяўся дарэшты.

— Я чаго рагатаў? — пачаў апраўдвацца ён, як вінаваты. — Я быў падумаў, што памёр, што мяне падбілі коні на возеры Суя пад Полацкам. А выходзіць, што я жывы, хоць нейкім цудам трапіў у дванаццатае стагоддзе, у старажытны Полацк.

Лазар Богша тонка іранізаваў. Ён хацеў, каб гэты самазваны Лазар Богша зразумеў, што яго выкрылі і далей няма сэнсу прадаўжаць гульню. Але гаспадар іроніі, відаць, не разумеў.

— Так яно і ёсць: ты трапіў у шэсць тысяч шэсцьсот шэсцьдзесят дзевяты год ад стварэння свету, або ў адна тысяча сто шэсцьдзесят першы год ад нараджэння Хрыста... Як табе больш зручна, так і лічы.

— А можа, гэта ты, мой шаноўны цёзка, трапіў у дваццатае стагоддзе на кінастудыю?

Лазар Богша знарок зрабіў такі празрысты намёк, каб гаспадару прыкідвацца далей было немагчыма. Але той зноў не зразумеў намёку.

— Не, Лазар Богша, іменна ты трапіў у дванаццатае стагоддзе...

— Я дык я, — сказаў Богша, — хоць ніяк не магу ўявіць, як без фантастычнай машыны часу можна было апынуцца ў дванаццатым стагоддзі?

— Што такое восем стагоддзяў у бясконцай чарадзе гадоў існавання чалавецтва? — па-філасофску зазначыў гаспадар.

Цяпер Лазару Богшу і зусім стала весела.

"Ну і жукі! Задумалі разыграць. Хацелі пасмяяцца. Цяпер я добра разгадаў іхнюю містыфікацыю".

Ад простай здагадкі ў ягонай галаве неяк праяснела, і ўсе фантастычныя прыгоды цяпер уяўляліся хоць і дасціпным, але, што ні кажы, розыгрышам. А так разы­граць мог толькі Юрка Місюк, ягоны, Богшаў, адміністратар.

"Калі ж ён вярнуўся з камандзіроўкі? — падумаў Лазар Богша. — Ці не ўсё роўна калі? Факт застаецца фактам: Юрка прывёз нейкага акцёра і разам з Алегам Дутавым склалі сцэнарый розыгрышу. Потым яны загрыміравалі акцёра пад Лазара Богшу..."

—А ты зусім не Лазар Богша. Я здагадаўся, хто ты, — сказаў Лазар Богша. — Ты — Інакенці Смактуноўскі. Я запрасіў цябе на ролю Усяслава Полацкага. Хто цябе так добра загрыміраваў?.. У нас на студыі так не ўмеюць.

Гаспадар пахітаў галавою.

— Аднак жа здорава цябе падсекла рашэнне мастацкага савета. Прыгледзься лепей і ты ўбачыш, што на маім твары няма і мазка грыму. Мне таксама шкада, што мастацкі савет закрыў тваю карціну, якая была б сапраўды геніяльным творам. Закрыў, нягледзячы на тое, што на яе было выдаткавана восемсот дваццаць тысяч восемдзесят шэсць рублёў сорак тры капейкі.

Гаспадар загаварыў голасам студыйнага бухгалтара, калі той, бывала, закрываў фінансаванне фільма да асобага распараджэння.

— Не дуры галавы, Кеша, — рагатнуў Лазар Бог­ша. — Ніякага мастацкага савета не было. Не трэба браць мяне на мушку.

Але тут жа Лазар Богша прыгадаў, што сапраўды яго выклікалі на мастацкі савет. Ён яшчэ пажартаваў тады ("Тады? Калі тады? Можа не тады, а цяпер?"): "На мастацкі савет выклікаюць не дзеля таго, каб пляскаць у далоні, а дзеля таго, каб пляснудь далоняй..."

Было падобна на тое, што ён, Лазар Богша, чала­век двадцатага стагоддзя, сапраўды трапіў у недасягальную чалавечаму разумению даўніну. Заставалася нявысветленым толькі адно: калі гэта сапраўды гістарычны Лазар Богша, які зрабіў крыж Ефрасінні Полацкай, дык адкуль ён ведае пра мастацкі савет і наогул пра справы ягонага, Богшавага, зямнога існавання?

— Не здзіўляйся, Лазар Богша, — нібы падслухаўшы ягоныя думкі, сказаў гаспадар. — Я ведаю пра цябе ўсё ці, бадай, усё. Няўжо ты думаў, што мы маем пра­ва прыводзіць сюды абы-каго.

"Фантастыка, — падумаў Лазар Богша. — Але ж і рэальная фантастыка, чорт мяне пабяры, рэальная машына часу ў дзеянні. А можа, гэта такі фантастычны сон? Зрэшты, самы фантастычны сон таксама рэальнасць. Калі ж да ўсяго падыходзіць з пункту гледжання кіношнага рэжысёра, дык усё, што са мной адбы­ваецца, вельмі падобна на кінамантаж. А што, калі існуе нейкі іншы мантаж чалавечага існавання? Варта навучыцца валодаць ім, як адкрыецца зайздросная перспектыва жыцця ў чатырох вымярэннях. Можа, я, не падазраючы таго, авалодаў гэтым мантажом свайго існавання ў чатырох вымярэннях? Іначай трэба прызнаць, што містыка паявілася не на голым месцы".

Падумаўшы так, Богшу захацелася праверыць на справе, як можна карыстацца мантажом чалавечага існавання. У кіношным мантажы ён, напрыклад, адразу ж пасля сустрэчы з Богшам паставіў бы эпізод з Ефрасінняй. Лагічна! Дык чаму ў мантажы чалавечага існавання ён не мае права сустрэцца з Ефрасінняй Полацкам? Абсалютна лагічна, асабліва калі ўлічыць, што пра Ефрасінню амаль нічога невядома.

— Ці маю я цяпер права карыстацца свабодай перамяшчэння? — спытаў Лазар Богша.

— Маеш, — адказаў гаспадар.

— Тады я хацеў бы зараз жа сустрэцца з Ефрасінняй Полацкай, — сказаў Богша. — Не заўтра і не праз тыдзень, пакуль вы, мае дарагія жэўжыкі, падрыхтуеце якую актрысу на ролю Ефрасінні... А зараз...

Гаспадар з дзецюком пераглянуліся.

"Ага, папаліся, жэўжыкі, — узрадаваўся Лазар Бог­ша. — Мяне за рубель дваццаць не купіш".

Зусім нечакана адчыніліся дзверы, і на парозе ўзнікла жаночая постаць у жоўтым кажусе. Лазар Богша ўбачыў, як абодва яго гаспадары — майстар крыжа і аўтар "Слова" — нізка схілілі галовы перад госцяй.

Яна была не зусім прыгожая, а калі казаць праўду, дык і зусім непрыгожая. I не таму, што твар яе быў пасечаны маршчынамі. Яна была непрыгожая ад самай маладосці. У яе быў акруглы твар, на якім ляпіўся тонкі, з гарбінкай нос, дужа расплюснуты ўнізе, з мясістымі закрылкамі. Можа, таму верхняя губа выглядала надта кароткай і тонкай. Ніжняя, наадварот, была адкапылена ўніз, надаючы падбародку яшчэ больш масіўны выгляд. На гэтым груба выцесаным твары, бадай, толькі вочы прыцягвалі ўвагу: сінія вялікія вочы, якія, праўда, ужо досыць пабляклі, сталі падобны на неба ў познюю восень. Да ўсяго жанчына нават пад кажухом вы­глядала нязграбна: было ў яе постаці нешта мужчынскае — ніякіх адзнак мяккай жаноцкасці.

— Будзь здарова, маці ігумення, — першы азваўся майстар крыжа, яшчэ раз згінаючыся ў паклоне.

— I ты будзь здароў, Лазар. Мне пільна трэба пагаварыць з табой. Выйдзі, — загадала таму Паэту, што напіша "Слова".

— Хто гэта? — спытаў Лазар Богша ў Паэта, калі той праходзіў каля яго.

— Ефрасіння, ігумення, — шапнуў Паэт.

"Дык вось яна якая!" — падумаў Богша.

— Выйдзі і ты, — раптам сказала Ефрасіння Лазару Богшу. — Твой час яшчэ не настаў. I тое, што я павінна сказаць, ніхто і ніколі не павінен ведаць.

— Гэта так небяспечна?

— Гэта можа каштаваць жыцця...

Лазару Богшу аж стала смешна: празарліўцы! Яму ўжо не пагражае смерць.

— Хачу нагадаць, — кпліва сказаў ён, — што я нейкім чынам ужо не жывы, а мёртвы...

Ён паглядзеў на Ефрасінню. Ці заўважыла тая іронію?

— 3 табой можа быць горш, — вельмі сур’ёзна ска­зала Ефрасіння. — Цябе могуць вярнуць назад, у зям­ное існаванне.

— Тады я застаюся, — весела выгукнуў Богша. — Зноў вярнуцца на зямлю, адсюль, адкуль ніхто ніколі не вяртаўся! Гэта ж здорава!

— Што здорава?

— Расказаць людзям пра тое, што бачыў.

— I ты спадзяешся, што табе нехта паверыць? Цябе палічаць за вар’ята...

Ад яе слоў у Богшы па спіне прапаўзла халодная вужака. Сапраўды, хто яму паверыць, што ён пабываў у дванаццатым стагоддзі, размаўляў з Ефрасінняй, з Лазарам Богшам ці аўтарам "Слова". Добра яшчэ, калі падумаюць, што ён брэша... А калі вырашаць, што з’ехаў з глузду? Тады адправяць у вар’яцкі дом, і будзь здароў, не кашляй. I ўсё ж перспектыва зноў вярнуцца ў зямное існаванне была вельмі зайздросная і прываблівая.

— Можна і не расказваць пра тое, што бачыў, — сказаў ён, але без належнага энтузіязму. — Мне вельмі важна акунуцца ў рэальныя падзеі вашага часу. Вы, мусіць, не ведаеце, што я — кінарэжысёр Лазар Богша. Я хачу зняць фільм пра бітву на Нямізе. Мяне захапіў вобраз вашага дзеда Усяслава. Вам не здаецца, што ягоныя дзеянні, як і, зрэшты, падзеі таго часу, у нашай гісторыі асветлены просталінейна, без належнай псіхалагічнай матывіроўкі? Усё было больш складана і больш лагічна. Вось чаму я хацеў бы не проста зняць гістарычны фільм, дзе ўсё прыблізна, а зняць такі фільм, які перадаў бы нашаму сучаснаму гледачу ўсю сукупнасць жыццёвых фактаў...

Яго раптам панесла, нібы ён гаварыў на мастацкім савеце. Што-што, а тлуміць мазгі Богша ўмеў, асабліва калі гэтага вымагалі абставіны. I цяпер ён пачаў развіваць свае намеры і планы з апантанасцю заўзятага манюкі, які і сам верыць у тое, пра што гаворыць. Ён практыкаваўся ў красамоўстве, можа, хвілін пятнаццаць, а Ефрасіння моўчкі і даволі засяроджана слухала яго. У яе вачах адбіваўся смутак.

"Мусіць, я зарваўся, — падумаў Лазар Богша. — Я кажу ёй пра тое, што яна і сама добра ведае. I, наогул, у гэтым пазазямным свеце, бадай, не вельмі цэняць красамоўства".

— Даруйце, што я адымаю ў вас час, — сказаў ён шчыра. — Кіношны рэжысёр павінен умець добра га­варыць. Калі ён не ўмее гаварыць, дык яму могуць да­казаць, што ён здымае не фільм, а служыць па сабе паніхіду...

— На жаль, я не магу цябе выслухаць да канца, — сказала Ефрасіння, — пагаворым пасля. У нас будзе час...

Цяпер ужо не было як заставацца ў хаце. Богша выйшаў на ганак у развіднелую марозную раніцу. 3 высокага ганка хаты быў відаць увесь горад. У пунсовым ад нябачанага сонца небе зіхацелі золатам крыжы на Сафійскім саборы, а над пасадам, па той бок крэпасной сцяны і па гэты, у рамесніцкай слабадзе, падымаліся ўгору ранішнія дымы. Яны выбіваліся з-пад стрэх падслепаватых і чорных закурадымленых хат.

"Куды я пайду? — раптам падумаў Лазар Богша. — Мне няма куды ісці. Вось табе і чацвёртае вымярэнне. Боўтайся ў ім, як непрыкаяны грэшнік у чысцілішчы... А ўсё ж якую тайну хоча сказаць Ефрасіння свайму майстру?.."

Апантаная думка гэтая неўзабаве цалкам завалодала Лазарам Богшам. I хоць сумленне падказвала яму, што падслухоўваць ды падглядваць непрыстойна, нешта так і падбухторвала яго пайсці насуперак сумленню. Яшчэ добра не ўсведамляючы, што ён робіць, Богша прайшоўся па ганку да самага вугла хаты, рубленага на заморскі манер — замком, — і там убачыў лесвічку, што вяла на падстрэшша. Нядоўга думаючы, Лазар Богша ўзабраўся па ёй да лаза, прасунуў галаву ў яго і ўбачыў унізе яшчэ адны сенцы. Пры сцяне ў іх і якраз насупраць лаза стаяў куфар. Богша даволі лёгка саскочыў на куфар і адразу пачуў голас Ефрасінні.

— Мы абое састарыліся, Лазар, і цяпер, на схіле жыцця, напярэдадні найвялікшых выпрабаванняў, нам не варта прыгадваць мінулыя крыўды. Смерць прымірае. Прыміраныя ёю, мы сыдзем у нябыт, але імёны нашы застануцца. Чалавек жыве на зямлі, каб пакінуць пасля сябе след. Мы шмат выцерпелі, і мы займелі пра­ва на памяць...

— Дзіўна ты загаварыла, — пачуўся голас Бог­шы. — Быццам ты і не ігумення, а жрыца суйскага язычніцкага храма.

— 3 табою я магу гаварыць шчыра, — сказала Ефрасіння. — 3 другімі я навучылася хаваць свае думкі і свае пачуцці.

Лазару Богшу захацелася пабачыць майстра і ігуменню. Ён, нядоўга думаючы, забраўся на лаўку, вельмі шырокую для таго, каб толькі сядзець на ёй, — мабыць, яна была і ложкам, — адхінуў мядзведжую шкуру і ўбачыў перад сабой пакой, з якога яго толькі што выставілі.

Майстар сядзеў пры стале на лаўцы, абапёршыся локцямі на калені, а Ефрасіння стаяла перад іму скрыловаўшы на грудзях рукі.

— Ты не баішся граху? — спытала яна ў Лазара-майстра.

— Я ніколі яго не баяўся. Баялася ты...

— Не трэба, Лазар, — умольна папрасіла Ефрасіння. — Тое, пра што я табе скажу, сапраўды лічыцца смертным грахом...

— Кажы, не мучай душу. Ты ўмееш віць з людзей вяроўкі...

Размова была вельмі туманная.

Богша пераступіў з нагі на нагу і тут жа пачуў на сваім плячы чыюсьці руку. Ён спалохана азірнуўся: за плячамі ў яго стаяў даволі нямоглы манах з вострымі, як бураўчыкі, вачамі.

— Дзе ты дастаў такую хвацкую апранаху? — напаўшэпт спытаў манах. — Далібог, ніколі такой не бачыў. Мусіць, заморская?..

У наступнае імгненне ў манаха вырачыліся вочы, як у печанага рака. Ды і твар у яго стаў падобны на рачыны — увесь пабарвавеў. Манах часта-часта заморгаў вачамі, паматаў галавою.

— Свят-свят-свят, — перахрысціўся ён. — Я думаў, што гэта ты, Лазар Богша, аж... Хто ты?..

— Я і ёсць Лазар Богша. Кінарэжысёр Лазар Бог­ша... Прыляцеў сюды ў творчую камандзіроўку, — на ўсякі выпадак зманіў Богша.

Манах схапіў Лазара Богшу за каўнер курткі і пацягнуў з сенцаў на двор.


3

Манах схапіў Лазара Богшу за каўнер курткі і пацягнуў з сенцаў на двор.

Лазар Богша не супраціўляўся, ды і супраціўляцца было немагчыма. Манах меў зайздросную сілу. 3 выгляду дык зусім нямоглы, а на самой справе — волат.

— Як ты трапіў у Богшаву хату і хто ты? — грозна спытаў манах, спыніўшыся ў цесным глухім завулку.

Ягоны голас не абяцаў нічога добрага, аж у Лазара Богшы балюча заныла сэрца.

— Я ўжо казаў вам, — стараючыся не раздражняць манаха, з невядомай яму самому мяккасцю, загаварыў Лазар Богша, — што мяне прывезлі сюды сёння ноччу з таго свету, дзе я працаваў на кінастудыі рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Больш даходліва кажучы, я здымаў мастацкія фільмы.

— Што ты здымаў? — перапытаў манах.

— Фільмы, — крыху раздражнёны ад нездагадлівасці манаха, сказаў Богша і тут жа ў душы ўсміхнуўся: адкуль манаху ведаць, што такое фільм. — Разумееце, фільм — гэта жывыя малюнкі. Вось, напрыклад, на іконе намалявана тайная вячэра. Ісус Хрыстос сядзіць з вучнямі за сталом, сядзіць нерухома. У кожнага з вучняў таксама свая поза. У кінафільме гэтая самая ікона ажыла б. Вы маглі б бачыць, як апосталы ядуць, маглі б чуць, як яны размаўляюць.

Было такое ўражанне, што манаха выцялі доўбняй па галаве. У яго жахліва перакасіўся твар, ён нешта хацеў сказаць ці, можа, прачытаць малітву, але ў яго толькі кляцалі зубы. Цяпер Лазар Богша адчуў сябе гаспадаром становішча.

— Слухай, друг, не калаціся ты, як авечы хвост. Я цябе не з’ем, але і ты паводзь сябе разумна. Калі б я табе пачаў расказваць пра тое, чаго дамагліся людзі за восемсот гадоў, дык ты не толькі стаў бы заікацца, а, бадай, і зусім страціў бы мову.

Мабыць, на манаха найбольш падзейнічала ўсмешка, што чулася ў Богшавым голасе. Ён глянуў спадылба на Богшу.

— Не вельмі выхваляйся. Глядзі, каб цябе не ўтапілі ў Дзвіне, як чараўніка. Мы і не такіх ведзьмакоў бачылі...

Нахабныя манахавы пагрозы толькі раззлавалі Ла­зара Богшу. Ён, дарэчы, успомніў, што нейкім чынам нежывы і самае страшнае, што можа чакаць яго — вяртанне ў тое, зямное, рэальнае жыццё. Ну, дык і што?..

— Слухай, ты, як са мной размаўляеш? Ты чаго да мяне прыстаў, як распараны бярозавы ліст да цела? Хто табе даў права хапаць мяне за каўнер і цягнуць сю­ды? Я пытаю ў цябе, чаму ты паявіўся ў чужой хаце, ды яшчэ распараджаешся тут як дома?..

Гнеўныя Богшавы словы зрабілі на манаха ўражанне.

— Ты толькі не выдавай мяне, — папрасіў ён. — Я прыстаўлены сачыць за кожным крокам і словам Ефрасінні.

— Ну і ну, — сказаў Богша. — Ніколі не падумаў бы, што манах сочыць за ігуменняй, дачкой князя, якая прызнана святой.

— Хто святая? — з’едліва ўсміхнуўся манах. — Прадслава — святая? Ты ўсур’ёз ці смяешся з мяне? Ефрасіння — святая! Ды каб яна не была князевай дач­кой, яе даўно ўтапілі б у Дзвіне. I гэта такая праўда, як тое, што я называюся Феадораю.

— Ты — жанчына? — здзівіўся Богша.

— Ну, вядома, жанчына. А ты хіба палічыў, што я мужчына?

— Я і цяпер не вельмі ўпэўнены, што ты жанчына.

— Гэта твая справа, — весела выгукнула Феадора і падміргнула Лазару Богшу. — А цяпер прызнавайся, адкуль ты да нас прыехаў? 3 Канстанцінопаля, ці Рыма, ці, можа, з Іерусаліма ад самаго халіфа арабскага?..

— От, дзівачка, я ж табе праўду сказаў, што прыляцеў з дваццатага стагоддзя.

— Не хочаш гаварыць і не трэба, — сказала манашка. Яна какетліва сцепанула плечуком, усміхнулася: — Не ведаю чаму, але ты мне падабаешся... Слу­хай, пайшлі да мяне. Клянуся — не раскаешся.

— Куды да цябе? У манастыр?

— Не задавай непатрэбных пытанняў, — рашуча перапыніла яго манашка. — Пойдзеш за мной крокаў на дваццаць. Зразумеў?..

— Зразумеў, — адказаў Богша.

На дварэ было зусім светла. Але на фіялетавым небе Богша так і не пабачыў сонца. Машынальна ён глянуў на гадзіннік: за пяць хвілін дзесяць. Там, у рэальным зямным свеце, людзі даўно працуюць. Ды і тут, у старажытным горадзе, яны таксама не спалі. Лазар Богша пераканаўся ў гэтым, як толькі выйшаў з тупічка на больш шырокую вуліцу. Тут, няйначай, жыў адзін рамесны люд, бо адусюль чулася то лёгкае пазвоньванне малаткоў-кляпал, то рэзкія, да калоцця ў вушах удары па кавадлу. Насустрач ім, згінаючыся пад цяжарам, нейкі чалавек нёс некалькі цэбраў і цабэркаў, ад якіх мод­на пахла свежаструганым дрэвам.

За паваротам Богша ўбачыў Дзвіну. Ад яе, памалу падымаючыся па крутым схіле, ішлі рыбакі, несучы на плячах па лазоваму кашу з рыбай. На скрыжаванні дзвюх вуліц, там, дзе пачыналіся ўжо княжацкія харомы, двое барадатых мужчын трымалі на моцна прасмоленай вяроўцы мядзведзя. Ля іх сабраўся ладны натоўп разявак, якіх хлебам не кармі, але дай чым пазабаўляцца. Людзі прытупвалі на марозе і весела смяяліся.

Лазар Богша вострым рэжысёрскім вокам, па прафесійнай звычцы, запамінаў усе дэталі побыту гараджан, што траплялі яму ў поле зроку. Папраўдзе, дык ён на­ват падзівіўся, што дэталі гэтыя, бадай, не вельмі і ўражвалі, бо яны нечым нагадвалі побыт мястэчка даваенных часоў.

Тым часам манашка пачала падымацца па сходках, выкапаных у схіле гары. Богша ішоў за ёй, не вельмі задумваючыся, куды яго вядзе Мата Хара дванаццатага стагоддзя. Вядзе, хай вядзе! Яму, Лазару Богшу, губляць не было чаго.

Тут, за гарою, знаходзіўся дзіўны пасёлак. Нават з першага позірку можна была беспамылкова вызначыць, што ў ім няма гаспадарчых пабудоў — адны жылыя. Хаты стаялі цесна, адна пры адной, ствараючы даволі заблытаны лабірынт з вузенькімі, як прайсці чалавеку, вулачкамі і тупічкамі-завулкамі. Перш чым нырнуць у гэты лабірынт, манашка пачакала Богшу, узяла за руку. Яму аж стала смешна: манашка вядзе яго, як малое. Але неўзабаве ён зразумеў, што такая перасцярога зусім не лішняя. У завулках было і цёмна і непрыступна хадзіць.

Павярнуўшы, можа, разоў дзесяць то налева, то направа, манашка нарэшце спынілася перад невысокім ганачкам, дастала з-за палы медны ключ, адамкнула дзверы. За імі аказалася вельмі цесная хата-келля — можа, якіх шэсць квадратных метраў — без вокан, з нізкай, чорнай ад сажы столлю, з печчу-каменкаю, ад якой ішоў сухі гарачы дух. Злева ад печы, на палацях, засланых аўчынамі, ляжалі дзве падушкі. Справа стаяў стол. Над ім вісела лампадка перад іконай Георгія-пераможцы. Яна і асвятляла гэты пакой, падобны на вясковую лазню.

— Распранайся, у мяне душна, — сказала манашка і пачала здымаць свой чорны ўбор.

Пад ім аказалася белая доўгая кашуля з даволі глыбокім выразам і пышнымі аборкамі на рукавах.

— Хочаш, я здыму і кашулю? — спытала манашка.

— Не трэба, — азваўся Богша. Яго нешта непакоіла.

— Цяпер ты, мабыць, не сумняваешся, што я жанчы­на? — засмяялася манашка.

Сумнявацца і праўда не даводзілася. У выразу кашулі відаць была смуглая баразёнка, што тулілася між двух белых пагоркаў грудзей. Ды і ўся постаць манашкі — жаноцкая, прывабная. Нават твар, які пад хусткай выглядаў драбнаватым, цяпер у абрамленні светлых мяккіх валасоў здаваўся прыгожы і мілы.

— Ты хіба заўсёды тут жывеш? — спытаў Богша.

— Не, я жыву ў Спаскім манастыры.

— А тут?..

— Будзеш многа ведаць — рана састарышся. — Ма­нашка абняла Богшу, і вельмі нават парыўна. Ён так­сама абхапіў яе, моцна прытуліў, адчуў, як манашчыны вусны прыпалі да ягоных. У Богшы закружылася галава, і ён упаў бы, але яна падхапіла яго на рукі.

— Выпі маё дыханне, — ужо лежачы на палацях, папрасіў ён манашку, бо ніколі яшчэ не адчуваў такой насалоды ў зямным існаванні, як цяпер, калі манашка цалавала яго. У яго аж млела, аж заходзілася ад любасці сэрца, а цела набывала бязважкасць.

— Праўда, я харошая, — прылашчыўшыся, спытала манашка, хоць пытаць было і не трэба, бо Богша знемагаў ад пачуцця. — Не заплюшчвай вачэй, мілы, паглядзі, якая я ладная, якія прыгожыя мае грудзі, мае ногі. Хіба ты бачыў калі такія грудзі? А якія яны крэпенькія, як грушы лясоўкі! Пацалуй мяне ў шыю, вось тут, дзе трапеча жылка...

— Памаўчы, не гавары, — папрасіў Лазар Богша, цалуючы манашку ў белую шыю. — Божа мой, дзеля гэтага варта было памерці на лёдзе суйскага возера! Ах, якое ж гэта шчасце любіць цябе!..

Час, жыццё, існаванне, той і гэты свет — усё, што некалі мела сваё значэцне, цяпер не існавала для Бог­шы. Ім запанавала каханне, дзеля якога ён гатоў быў тысячу разоў паміраць у пакутах і тысячу разоў уваскрасаць, каб зноў пакутаваць і кахаць.

Усяму, зрэшты, прыходзіць канец. Лазар Богша расплюшчыў вочы: у цішыні было выразна чуваць, як нехта спрабуе адчыніць дзверы. Манашка ў адно імгненне саскочыла з палацяў і яшчэ больш спрытна накінула на сябе чорнае адзенне.

— Прытаіся і маўчы, — шапнула яна Лазару Бог­шу і закідала яго аўчынамі.

Лазар Богша ўсё ж ухітрыўся пакінуць невялікую шчылінку, праз якую можна было хоць адным вокам назіраць за тым, што робіцца ў келлі.

Феадора адкінула драўляны завал. На парозе ў клу­бе густой пары паявілася даволі высокая мужчынская постаць у аблавухай шапцы і мядзведжай дублёнцы, калі так можна было назваць шырокую хламіду, больш падобную на каўказскую бурку, чым на дублёнку са славутага мястэчка Моталь.

— Здароў будзь, княжа, — схіліўшыся ў паклоне, нараспеў павіталася манашка. — Я ўжо думала, што ты не прыйдзеш...

— Мог і не прыйсці, — адказаў мужчына, абдзіраючы з вусоў і кідаючы на падлогу звонкія лядзяшы.

— Распранайся, княжа, — Феадора забрала ў князя шапку, хламіду, павесіла на калок.

Цяпер Лазар Богша ўбачыў нестарога, хоць і з сівізной у валасах, мужчыну, апяразанага мячом, у сукон­ным каптане, суконных штанах, увабраных, здаецца, у валёнкі. Ногі князя былі недаступны Богшаваму воку.

"Хто ж цяпер княжыць у Полацку? — задумаўся Ла­зар Богша. — Мабыць, Рагвалод. А можа, не Рагвалод, а Расціслаў Мінскі, сын славутага Глеба, які пераняў ад бацькі Усяслава круты нораў і ўсё жыццё варагаваў з Кіевам, ды так і загінуў палоннікам у стольным го­радзе. Дык хто ж з іх? Рагвалод ці Расціслаў?.."

Лазар Богша і сам не разумеў, навошта яму ведаць, хто з князёў завітаў у келлю дзіўнай манашкі, больш падобнай на блудніцу, чым служку бога. Абодва князі, здаецца, былі бездары, пра абодвух засталіся ў гісторыі скупыя радкі ў летапісах. Наліха яшчэ забіваць сваю памяць лішняй інфармацыяй, і так яе замнога абрушылася на беднага чалавека дваццатага стагоддзя. Але нешта як бы свярбела. Усё тая ж чалавечая цікаўнасць, якая прывяла свет да атамнай бездані. Лазар Богша ўжо не мог супакоіцца, пакуль не спадзе з тайны апошняя покрыўка. Ён навастрыў увесь свой слых і ўсю ўвагу.

— Чаго клікала, Кажына? — спытаўся князь, спрабуючы абняць манашку.

"Дык яна яшчэ і Кажына, — усміхнуўся Богша. — Бач ты!.. Манашка, разведчыца, шпіёнка, агент нумар... Стоп, стоп! Тут, напэўна, шпіёнаў яшчэ не дадумаліся нумараваць..."

Манашка адвяла князеву руку.

— Богша зрабіў крыж Прадславе, — сказала яна такім прыглушаным, таямнічым голасам, якім, мабыць, Далес дакладваў Трумэну, што і ў рускіх ёсць атамная бомба.

На князя, аднак, яе паведамленне не зрабіла вялікага ўражання. Ён кпліва ўсміхнуўся. Так звычайна ўсміхаюцца людзі, якім здаецца, што толькі яны валодаюць тайнай.

— Не церпіцца Ефрасінні зацьміць славу Сафіі, — сказаў ён.

Ягоныя словы і кплівая ўсмешка выклікалі ў Кажыны гнеў. Богшы здалося, што манашка крыху перабірае меру.

— О, божа мой, — узняла яна ўгору рукі, як бы заклікаючы багоў у сведкі, — да чаго вы, князі, лянівыя! Галавой паварушыць не хочаце. Усё за вас нехта павінен думаць, разважаць, у галаву вам укласці, але і тады вы не здольны звязаць трох слоў, глянуць далей свайго ненажэрнага пуза...

— Глядзі, каб я не загадаў вырваць твой паганы язык, — прыгразіў князь, зноў абдымаючы манашку.

— Адзінае, на што здольныя, — вылузнуўшы з ягоных рук, падкалола князя Кажына. — А пра тое не падумаеце, хто ж вам будзе гаварыць праўду.

— На які ляд мне праўда? — рагатнуў князь. — Што з яе зварыш?

— Няўжо ты сляпы, князь? Хіба не бачыш свайго блізкага канца?..

Князь аж скалануўся ад яе прароцтва.

— Ты ведаеш нешта такое, чаго не ведаю я? — дрыготкім голасам спытаўся ён. — Кажы, не муч...

— Сядай, князь, — прапанавала манашка. — Мне паложана стаяць перад табой...

У голасе Кажыны пачуліся ноткі самаахвярнага прыніжэння, за якімі Богша адчуў хітра расстаўленую кня­зю пастку. Але князь нічога не заўважыў. Самаўпэўненасць і ганарыстасць пазбавілі яго тонкага чуцця, а прывычка ўсё дамагацца сілай — разважлівасці.

Князь сеў на лаўку.

— Слухаю цябе, чарадзейка і ведзьма, — сказаў ён з лагоднасцю, якая больш пасавала да ложка, а не да келлі манашкі.

— Толькі не гневайся, князь, — папрасіла Кажына. — 3 табой я хачу быць шчыраю, бо ты патрэбны мне, а я табе. Ці не так?..

— Хай сабе і так, — міласціва пагадзіўся князь.

— Азірніся, князь, навокал. Хіба ты не бачыш, як занепадае Кіеў? Нават Юрый Даўгарукі махнуў на яго рукой. А сын ягоны Андрэй і глядзець на Кіеў не хоча. Кіеўская Русь развальваецца. Каму гэта на руку? Табе, князь, на руку. А Прадславе — горкі ком у горле. Ча­му? А таму, што моцны князь — моцная дзяржава. Моцная дзяржава — багатая царква. Царква прагне быць адзінай. А князі разрываюць Русь на кавалкі, як ваўкі ласіцу. Царква, во хто зацікаўлены ў моцным князі. А дзе яго возьмеш?.. Здрабнелі князі. Hi адвагі, ні розуму. Адна пыха і дурасць. Ты, князь, сядзіш у сваім лясным княстве, а таго не ведаеш, што Прадслава, маці-ігумення Ефрасіння, абмянялася пасланцамі і з Пячэрскім манастыром, і з епіскапам Растоўскім Фёдарам. I ўсе яны вока і спадзяванні свае паклалі на Усяслава Віцебскага, каторы сын Васількі, пляменнік Прадславы. Абое яны, як табе, князь, вядома, дзеці малодшага сы­на Усяслава, якому сам Баян складаў песні. Спачатку Усяслаў Віцебскі зойме Полацкае княства. А потым — Кіеўскае... Таму на палажэнне крыжа ў Спаскім манастыры і едзе з Віцебску Усяслаў Васількавіч. Вось і ку­мекай, князь...

Князь пабарвавеў. Ён адчуваў сябе, як шчупак у нераце: куды ні кінешся — няма збавення.

— А крыж?.. Навошта крыж? — як за апошні ратунак, схапіўся ён, каб толькі заспакоіць сябе, што Кажы­на палохае яго, і не больш.

— Гора мне з табой, князь, — уздыхнула Кажына. — Зусім ты нічога не цяміш. Абух абухом...

— Ты вельмі цяміш, — пакрыўдзіўся князь.

Кажына села на лаўку, паклала руку на князевы плечы.

— Не крыўдуй, тпруценька мой, — гарэзліва і пяшчотна прыхінулася яна да князя. — Паслухай мяне дужа ўважлівенька, князь, а я табе па чарзе ўсё да драбніц і раскажу. Крыж гэты не малых грошай каштаваў. I грошы тыя не аднаму Лазару Богшу дасталіся. Імі і рамесны і гандлёвы люд пажывіўся. Таму і славу яны пяюць не табе, а Прадславе. I паслухаюць яе, а не цябе. Крыжам гэтым Прадслава і сабе славу здабудзе і племянніку свайму Усяславу Полацкае княства. А Усяслаў, як толькі стане князем полацкім, першае, што зробіць, пойдзе супраць яцвягаў. Ты ж, князь, сядзіш на пуці да іх. Твайму княству першаму пасці вызначана.

"Як па палічках усё расклала, — падзівіўся Богша. — Але ж не так сабе? Нешта хаваецца за гэтым".

— Што ж мне рабіць, Кажына? — з несхаванай трывогай у голасе спытаўся князь.

— Не мне, грэшнай, даваць князям парады, — лішне пакорліва, каб можна было паверыць у шчырасць яе слоў, сказала Кажына і неўпрыкметку зірнула на палаці, убачыла цікаўнае вока з-пад аўчын, падміргнула Ла­зару Богшу.

Па яе твары прабегла ўсмешка, як у той гогалеўскай Салохі, якая схавала ў мяхах і чорта, і галаву, і дзяка, і казака Чуба. Лазару Богшу раптам абрыдла ляжаць у духаце пад аўчынамі, якія да ўсяго дужа смярдзелі.

"Зараз скіну іх і паяўлюся перад князем", — падумаў Богша, але ў час прыгадаў, што ляжыць на палацях голы. Гэта апыніла ягоную нястрыманасць.

— Не спакушай лёс, Кажына, — губляючы цярплівасць, сіпла сказаў князь. — Я чакаю тваёй парады...

Гэта ўжо быў загад.

— Знішчы Прадславу, князь, з усім яе вучоным вывадкам, — як мячом, секанула Кажына.

— Я не забойца, — памаўчаўшы, сказаў князь, як дрэнны акцёр, якому цяжка паверыць. — Да таго ж я заняў княжацкі стол не без дапамогі Прадславы і трымаюся тут трэці месяц.

— На табе і без Прадславінай шмат крыві, — зусім спакойна адказала Кажына. — Я заклікаю цябе не забіваць... Ты заб’еш Прадславу, а царква далучыць яе да ліку святых, ёсць тысячы шляхоў, каб пазбавіцца ад няўгоднай асобы. Разгані вучняў Прадславы. Абкладзі самую, як мядзведзіху ў бярлозе, а тады выпусці, хай адпраўляецца ў Візантыю, Іерусалім замольваць свае грахі. Спалі на агні кнігі і летапісы, забарані люду карыстацца граматай. Не дзела, князь, калі самая апошняя баба выдрапвае на сцяне Сафіі просьбы да бога. Не можа гэта прывесці да дабра. Не хто іншы, а філосафы-краснабаі прывялі Афіны да гібелі. Рымская імперыя загінула ад распусты, вучонасці і глыбакадумнасці. Візантыя па тых жа прычынах стаіць на краі бездані. Глянь, князь, на захад. Там не толькі смерды, але і рыцары, графы, герцагі, нават каралі не абучаны чытаць і пісаць. Затое там нараджаецца самая вялікая дзяржа­ва пасля Рымскай імперыі. Вучыся, князь, у Фрыдрыха Барбаросы...

Богша бачыў, што манашка збянтэжыла князя. Ён быў гатовы зрабіць усё, што падкажа Кажына.

"Але ж і насаліла Ефрасіння і манашцы, і князю, — падумаў Богша, і думка гэтая завіравала, як вясновая вада ў ручаі, вымываючы зглыбіні цяжкія для адказу пытанні. — А што я ведаю пра князёўну полацкую, апрача яе жыція, што пісалася пасля таго, як яе зрабілі святой? Каму і чаму было выгадна зрабіць яе святой? Па чыйму заказу ці загаду было напісана жыціе? Ча­му мошчы Ефрасінні пакінулі ў Кіеве, а не прынеслі ў Полацк? У Кіеве, з якім варагаваў яе дзед Усяслаў, дзе загінуў яе дзядзька Глеб? У Кіеве, князі якога выслалі ў Візантыю яе бацьку і дзядзькоў? Дык чаго ж Ефрасіння прычакала такога гонару?"

Пытанні віліся, як пчолы над полем грэчкі. Але ад­казу не было.

У Богшы балела галава і чамусьці пазакладала вушы; ён бачыў, як размаўляе Кажына з князем, але не чуў іх.

"Я аглух, і ўжо навечна", — з болем падумаў Бог­ша, і тут жа да яго слыху даляцеў князеў узлаваны го­лас:

— Ілжэш, ведзьма!..

— Не шалей, князь, — рашуча асадзіла яна князя. — Паслухай лепей, што я скажу. Ты не ўтрымаеш Полацка, бо апіраешся на паганскую веру. Прымай каталіцтва, станавіся васалам Фрыдрыха Барбаросы, і ніхто не адважыцца адабраць у цябе Полацк.

Князь схапіў Кажыну за плечы, пачаў трэсці, як грушу-дзічку.

— Я задушу цябе, — закрычаў князь. — Я забараніў табе гаварыць пра папу і ягоную рэлігію. Я не адступлюся ад сваёй старой веры...

— Ну і дурань, — зарагатала Кажына. — Ты не ра­зумеет сваёй выгады.

Кажына, як апантаная, пачала цалаваць юнязя, і той памалу губляў развагу. Ён быў ва ўладзе манашкі, як нядаўна ў яе ўладзе быў і Лазар Богша.

— Змяя ты, чараўніца, — казаў князь, таксама цалуючы Кажыну.

Ён паваліў манашку на палаці.

— Паашалелі, ці што? — раззлаваўся Богша, бо ма­нашка і князь наваліліся на ягоныя грудзі, аж стала цяжка, амаль немагчыма дыхаць.

Князь ашалела ўскочыў. Паднялася з палацяў і Ка­жына.

— Хто гэта? — ляскаючы ад страху зубамі, спытаўся князь.

— Будучае, — сказала манашка.

Яна сарвала з Богшы аўчыны, якімі ж сама і прыкрыла яго.

Усё адбылося так хутка, што Богша нават не страпянуўся. Ен прадаўжаў ляжаць на баку, падкурчыўшы пад сябе ногі і адным вокам пазіраючы на князя. А той адразу ж, як чалавек вайсковы, выхапіў з ножнаў шырокі меч...

— Хто ты? — закрычаў князь.

I добра, што закрычаў, бо князі звычайна, ні слова не кажучы, сякуць з пляча, а ўжо толькі потым цікавяцца, каго яны прышылі.

— Кінарэжысёр Лазар Богша, — спрабуючы прыкрыць аўчынай голыя сцёгны, назваўся ён.

— Кінарэжысёр, — перадражніў яго князь, — панахапаліся дурні замежных слоў, а сэнсу іх не разумееце. Ты што там за крыж зрабіў для Ефрасінні ды яшчэ заклінанне напісаў на ім?..

Лазар Богша спакойна дастаў з-пад падушкі плаўкі, джынсы, кашулю. Знарок не дужа спяшаючыся, адзеўся. Апрануў нейлонавую куртку на шматлікіх засцежках-маланках.

— Я не той Лазар Богша, якога ты, князь, маеш на ўвазе, — сказаў ён. — Ваш Лазар Богша робіць крыжы і іншыя ўпрыгожванні, ён рамеснік. А я — мастак. Я раблю фільмы.

Богша пацвельваўся. Яму ў асалоду было глядзець у князеў разгублены твар. Але на тое ён і князь, каб у крытычныя мінуты знаходзіць шляхі да, хай сабе і ганебнага, адступлення. Потым знойдуцца словаблуды, якія ператвораць князеву ганьбу ў князеву славу, яго­ныя ўцёкі ў мудрае адступленне.

— Ты адкуль прыехаў? — спытаўся князь, яўна пазбягаючы непрыемнай гаворкі. — 3 Візантыі ці, можа, яшчэ адкуль, напрыклад, з краіны Сін, дзе, кажуць, вялікія князі па загаду іхняга ўладыкі, нейкага Канфуза, абавязаны вучыць сваіх халопаў мудрасці і чалавекалюбству?..

Князь зарагатаў: такім недарэчным і смешным здалося яму тое, што робіцца ў краіне Сін.

— Дарэмна смяешся, князь, — азвалася Кажына, якая дасюль моўчкі стаяла ў парозе. — Хіба не тое ж робіць і княжна Ефрасіння? Дасмяешся да таго, што цябе стануць вучыць смерды і халопы...

— А во, бачыла, — сунуў князь у твар манашцы ду­лю. — Мы гэтых таленавітых вучняў Ефрасінні прымусім лыка драць для княжых слуг, — і глянуў на Богшу пераможна. Маўляў, бачыў, які я? — Дык адкуль ты?

— 3 Мінска, — адказаў Богша.

Князь паглядзеў на яго з дапытлівасцю вясковага шэрлак холмса.

— Брэшаш! Учора з Менска прыехалі госці. Пра ця­бе не было гаворкі ні на адным заезджым двары...

— Князь, ён прыляцеў да нас з будучыні, аж з дваццатага стагоддзя. А цяпер толькі дванаццатае...

Князь наморшчыў лоб, спрабуючы, відаць, уявіць тое далёкае будучае, з якога прыляцеў Богша.

— Хіба такое магчыма? — асцярожна спытаўся ён.

Лазар Богша хацеў быў растлумачыць, як ён паявіўся ў дванаццатым стагоддзі, але яго апярэдзіла Ка­жына.

— Магчыма, — упэўнена адказала яна. — Ён пасланец рымскага папы і таму можа падарожнічаць у часе...

Яе нахабства не вельмі каб і здзівіла Богшу. Ма­нашка чымсьці нагадвала пасрэднага рэжысёра, які лічыць зробленыя ім слабенькія фільмы геніяльнымі. Такога абвяргаць гэтак жа бескарысна, як даказваць вар’яту, што ён вар’ят. Богша прамаўчаў. Хай брэша! Тым больш што яе аргумент зрабіў уражанне на князя. Ён запрасіў Богшу за стол, а манашцы загадаў падаць ча­го выпіць і закусіць.

— А чаго ты прыёхаў? — спытаўся князь, не дужа цікавячыся тым, чаго паявіўся чалавек з дваццатага ста­годдзя.

Можа, у яго былі большыя клопаты?

Можа, ён палічыў Богшу за звычайнага хлуса, якіх нямала ходзіць па прасторах Полацкага княства?

А можа, ён проста падтрымліваў свецкую размову?

Князь той жа інапланецянін, якім адчуваў сябе і Ла­зар Богша ў старажытным Полацку.

— Справа ў тым, — сказаў Богша, думаючы, як бы больш даходліва растлумачыць князю, чаму ён прыехаў у старажытны Полацк, — што адзін наш таленавіты, вядомы і вельмі славуты пісьменнік напісаў сцэнарый пра бітву на Нямізе...

Князь шматзначна хмыкнуў:

— Цяпер усе пішуць. I жук і жаба... А што гэта за бітва?.. Нешта не чуў...

Кажына паставіла на стол глечыкі з пітвом, а ў гліняных місках каўбасы, вяленую і смажаную рыбу, марожанае сала і яшчэ нейкія прысмакі, назвы якіх Богша не ведаў.

— Адкуль табе чуць, князь? — сказала яна. — У ця­бе вунь колькі спраў. Трэба на дзікоў ды ласёў паляваць. Рыбу лавіць. А бітва гэтая была сто гадоў назад. Пра яе даўно забыліся б, каб не Баян. Панавыдумляў розных баек пра асілкаў, пра князя чарадзея, пра трох Яраславічаў, якіх ён ператварыў у сяброў асілкаў, што ездзяць па свеце, каб народ ад ворагаў абараняць.

"Ну, так, князь гэты зусім не полацкі, — вырашыў Богша. — Бадай, і не з роду Усяславага. Можа, Уладзімір забіў не ўсіх сыноў Рагвалодавых, калі ўзяў По­лацк?.. Можа, нехта з іх быў на той час у якой-небудзь невялікай крэпасціцы, а потым Рагнеда выпрасіла ў вялікага князя кіеўскага Уладзіміра яму жыццё? Зрэшты, і не ўсім княжацкім сынам даставаліся гарады і крэпасці. Мабыць, князь гэты вось з такіх малодшых сыноў нейкай галіны полацкай дынастыі, які, аднак, не пакінуў мары аб княжацкім прастоле ў Полацку".

Думка прамільгнула, як святло далёкай маланкі.

— Баян, Баян, — паматаў галавой князь. — Цяпер у кожнага князя свой песнятворца. А Баян чый?

Кажына глянула на князя, як настаўніца на лянівага вучня, які зноў не вывучыў урока.

— Ах, князь, ці варта табе ведаць кожнага песняра на Русі? Іх многа, а ты адзін. Ды і Баян гэты таксама даўно памёр. Быў ён звычайны вершаплёт, выпівоха, бабнік і гуляка. Як і ўсе яны, вершаплёты... Не разумею аднаго, навошта Ефрасінні запісваць Баянавы песні?.. Каб абяліць свайго дзеда Усяслава?

Адказ Кажыны спадабаўся князю. Яно і зразумела: непрыемна, калі ты каго не ведаеш, хоць ведаць павінен. А тут, аказваецца, звычайны вершаплёт, ды яшчэ з дрэннай славай. Такое смецце не дастойна князевай памяці...

— А я збянтэжыўся, ці не прагледзеў каго вартага ўвагі, — сказаў князь з яўным намерам паказаць шырыню сваіх клопатаў і размах княжацкай цікаўнасці. — Я заўсёды паважаў песнятворцаў. Яны неабходны ў княстве, як кавалі, бондары, рымары і іншы рамесны люд. Ці не праўда, Богша?

— Праўда, князь, — Богша ляпнуў князя па плячы на цыганскі манер: і балюча і крыўдаваць нельга. Яму вельмі дарэчы прыгадаўся прыём у дыскусіях з дурнаватымі, а таму вельмі ўпартымі апанентамі — даводзіць іхнія аргументы да абсурду. — Як глыбока ты, князь, капануў, дзе другія і не здагадваліся б. Толькі ніколі не трымай, князь, столькі песняроў, колькі трымаеш бондараў. Аднаго, не больш. Марока з імі, князь. Не, князь, не трымай больш як аднаго песнятворца, прашу цябе!..

— Перастань, Богша! — словы манашкі, як два снарады, узялі Лазара Богшу ў вілку. Трэді снарад мог паставіць на ягоным існаванні тлустую кропку.

— Слухаю і падпарадкоўваюся, — як апошнюю даніну іроніі, Богша склаў на грудзях рукі.

Ён ужо зразумеў: князь толькі сіла. Кажына — мозг зла. Яго дражніць небяспечна.

— Князю цікава ведаць, чаго ты прыехаў да нас? — нагадала Кажына, нібы акуратная сакратарка.

— Ага, ага, — падхапіў князь. — Чаму менавіта да нас?..

Князь хітра прыжмурыў вочы, і Лазар Богша зразумеў, што не такі ўжо ён і дурны, як прывыклі думаць. Хутчэй каварны. Таму трэба трымаць вуха востра.

— Пагадзіся, князь, што і самы таленавіты пісьменнік не можа аднавіць падзеі і эпоху так, каб яны поўнасцю адпавядалі гістарычнай праўдзе. Нават вашы непрадузятыя летапісцы, якіх і мы хвалім за аб’ектыўнасць, запісвалі падзеі ў выгадным іхнім князям святле. Дык вось я і надумаў пабываць у эпосе Усяслава Полацкага, пра якога ты, князь, напэўна, ведаеш лепей за мяне... Цяпер, князь, мне было зусім не лёгка дамагчыся камандзіроўкі не толькі ў другую дзяржаву, але ў другую грамадскую фармацыю. Там таксама задавалі вось такія пытанні: чаго? навошта? з якой мэтай?.. Але я не мог не паехаць, бо я хачу быць дакладным... Я хачу, каб па маім фільме можна было вывучаць эпоху Усяслава Полацкага...

Князь слухаў і нечага ўсміхаўся. Магло скласціся ўражанне, што князь раскусіў Богшаву хлусню. Ягоная зларадная ўсмешка і без слоў гаварыла: ага, сабачы сын, у сваёй балбатні ты сам сябе прыпёр да сцяны. Так што выкладвай адкрыта, з якой тайнай мэтай паявіўся ў слаўным Полацку?

— Та-ак! — дужа красамоўна выказаўся князь і наліў Богшу кубак мёду. — Выпі, Богша. Сухі язык непрыемна дзярэ слых.

— Ты не верыш мне? — спытаўся Богша. — Чаму?

— А каму можна верыць? — Князь дапытліва глянуў на Богшу. — Каму? Князь хлусіць князю, каб абдурыць яго. Брат хлусіць брату, каб мець выгаду. Самыя страшныя клятвы і тыя сталі хлуснёй. I ты, Богша, хлусіш. Думаеш, я паверыў абаім вам, што ты прыехаў з будучыні? Не і не. Гэта яна, Кажына, каварная шэльма, падбіла цябе на такія выдумкі. Вы хочаце, каб я выракся прадзедаўскай веры, адзінай і непаўторнай, самай справядлівай і сумленнай, дзе за адступленне ад клятвы, за хлусню, за крывадушнасць Пярун караў строга і бязлітасна. Веры, дзе, стаўшы перад свяшчэннымі дубамі, ніхто не мог збрыдзіць сэрца сваё маной.

Князь узняўся з лаўкі. Расправіў плечы.

— Пачакай, князь, мне вельмі цікава слухаць ця­бе, — папрасіў яго Богша. — Мы там, у дваццатым стагоддзі, мала ведаем пра гэта.

— Адпраўляйся да свайго Усяслава. Ён быў не з горшых князёў, — сказаў князь.— Яго нават любілі А ў мяне няма часу. I так заседзеўся я тут.

— Вазьмі і мяне з сабой, — папрасіўся Богша. — Я хацеў бы пабываць у тваім лясным княстве. Няўжо ў ім жывуць папраўдзе?..

— Хочаш паглядзець?.. А не баішся, што не вернешся адтуль?.. Адтуль ніхто не вяртаецца...

— Вазьмі, князь, — рашуча папрасіўся Богша.

— Не, не, — закрычала манашка. — Не хадзі да яго. Адпраўляйся ў Менск, глядзі бітву на Нямізе...

Ад яе крыку ў вачах Лазара Богшы пацямнела. Ён пачуў, нібы правальваецца ў бездань. Ляцеў ён, што праўда, не дужа доўга. Подых ветру прызямліў яго на штосьці цвёрдае. Калі ён нарэшце расплюшчыў вочы, дык ні келлі, ні манашкі, ні князя нідзе не было.

Лазар Богша стаяў на зімовай дарозе пад дуплаватай пачварнай вярбой, што ўзнімала ў неба два сукі, як дзве рукі, скалечаныя хваробай і старасцю.


4

Лазар Богша стаяў на зімовай дарозе пад дуплаватай пачварнай вярбой, што ўзнімала ў неба два сукі, як дзве рукі, скалечаныя хваробай і старасцю.

Мясцовасць была незнаёмая і не сказаць, каб вабіла вочы. Наадварот, яна выклікала смутак і шчымлівы боль. Як кінуць вокам прасціралася ўзгоркавая раўніна, якую перасякала зімняя дарога — злавесны пісяг на бялюткім целе. Дарога адным канцом хавалася ў далёкім лесе. Другім скочвалася па адхонным схіле рачнога берага на лёд, чыста падмецены ветрам. Паспешліва каўзануўшыся па лёдзе, дарога паволі ўспаўзла на гару, да землянога вала, не вельмі высокага і крутога, на якім узвышаліся дзве драўляныя вежы, даволі старыя і ўбогія. Здаецца, падзьмі на іх, і яны паваляцца. Між вежамі, у проразі вала, чарнела гарадская брама. Так­сама старая, але ўсё яшчэ трывалая.

Лазар Богша стаяў пад вярбою, але ягоны позірк дзіўным чынам пранікаў за крапасны вал, дзе ўшчыльную стаялі хаты, канюшні, свірны, кузні і яшчэ нейкія пабудовы, прызначэнне якіх Богша не ведаў.

Горад за валам дзяліўся на тры часткі-платформы, большая з якіх займала паўночны схіл узвышша. Яе прарэзала вуліца — вузкая, укосікі пралеглая, занесеная снегам, падобная на няўмела пракладзеную па цаліне баразну. Вуліца гэтая дабіралася да паўднёвага канца горада і выбягала за другую, паўднёвую браму на зімовую дарогу. Па той дарозе імчаў коннік на заінелым кані. Богшу здалося, што ён імчыць па небе, якое перакулілася на зямлю.

Але не гэта ўразіла Богшу. Ён выразна чуў, як топаюць капыты па скаванай марозам дарозе, і нешта трывожнае, жудаснае чулася ў гэтым топанні. Нібы на кані скакала смерць.

Богшу аж страсянула ад гэтай думкі, і тут жа над ягонай галавой пачуўся шолах крылаў і злавеснае крумканне.

Богша задраў галаву. Крумкачы засцілалі шарачковае неба ад краю да краю, і шолах іх крылаў нагадваў шоргат рыдлёвак аб пясок. Лазар Богша заціснуў вушы далонямі, а галаву ўцягнуў у плечы. Яму хацела­ся ўцячы адсюль абы-куды, хоць на край свету, але ён добра ведаў, што ўцячы ўжо нельга.

Гэта было страшэннае адчуванне свайго заняволення — навокал ні турэмных сцен, ні калючай агароджы, ні вартавых, а ўцячы нельга, быццам ён прывязаны мільярдамі нябачных пут да тых падзей, якія павінны адбыцца...

"Тое, што непазбежна, не можа быць адкладзена або перанесена напасля. Як я не мог зразумець гэтае д’ябальскае правіла, калі жыў там, у сваім стагоддзі? Пра што я тады думаў? Мітусіўся, пераконваў сябе, быццам нешта раблю, нечым важным займаюся. Божа мой, якая нікчэмная марнасць перад няўхільнасцю таго, чаму наканавана быць!" — падумаў ён, адчуваючы сваё бяссілле перад непазбежнасцю.

Ён яшчэ стараўся затрымацца пад пачварнай вярбою, а яго ўжо кудысьці цягнула, як у вір. Ён азірнуўся і пабачыў, што разам з нейкім людам бяжыць угару па вузкай вулачцы, у канцы якой стаялі два стражы з дзідамі. Яны і перагарадзілі дарогу натоўпу. Адзін Лазар Богша неяк апынуўся па той бок варот на невялікім дворыку.

Той дворык паўкругам абступілі будынкі без вокнаў, але з дзвярамі. Самы вялікі будынак, што стаяў насупраць варот у ніжні горад, меў яшчэ і ганак з галерэяй на дубовых слупах.

Перад ганкам і стаяў той коннік, якога Богша бачыў на дарозе, і лупіў з-за вуха булавешкай па дошцы. Глухія гукі разляталіся ва ўсе канцы, выкурваючы з-пад стрэх галубоў з вераб’ямі. Тыя як ашалелыя насіліся над горадам.

Людскі натоўп усё рос і рос. Ён зламаў стражу, расцёкся па дворыку, захапіў кожны выступ, кожную стра­ху, абы пачуць навіну, якая, па ўсім, не абяцала дабра.

Падпяразваючы на хаду папругі, надзяваючы на галовы шлемы, выбягалі на дворык дружыннікі, каб навесці парадак. Войска заўсёды павінна быць у форме, іначай яго не адрозніш ад шайкі разбойнікаў з вялікай дарогі.

Дружыннікі накінуліся на натоўп, змялі, сплюшчылі яго, адграблі да вала, і ён раптам прытаіўся, можна бы­ло падумаць, што перастаў дыхаць.

У цішыні, што запанавала на дворыку, зарыпелі дзверы, нібы чорт скрыгатнуў зубамі, выкрышыў іх і выплюнуў на зямлю, — на крутую галерэю выпаўз лахматы, з расхрыстанай грудзінай чалавек, падобны на мядзведзя, якога патрывожылі ў бярлозе.

— Што за гоман? — аблёгшы грудзямі на парэнчу, спытаўся ён асіплым голасам.

Ганец перастаў лупцаваць булавешкай па дошцы, рвануўся да ганка.

— Ваявода!.. Яраславічы ў Случаску. На Менск ідуць...

Па натоўпе, як віхор, пракаціўся гоман, усё больш набіраючы сілу. Загаласілі ў роспачы бабы, заплакалі дзеці.

— Колькі ў іх войска? — спытаў ваявода.

— Святаслаў і Усевалад з малымі дружынамі. Ізяслаў — з вялікай...

3 хаты на галерэю выбегла проставалосая маладзіца з кажухом у руках. Накінула кажух на плечы ваяводы.

— Прастудзішся, — паўшчувала яна ваяводу. — Мароз, а ён расхрыстаў грудзі...

Ваявода ўсунуў рукі ў доўгія рукавы, скаціўся па прыступках ганка ўніз, мякка ступаючы па снезе порш­нямі, зрабіў крокаў дзесяць па крузе. Нібы абдумваў прамову, якую трэба сказаць гараджанам.

— Мяняне, — зычным голасам крыкнуў ён, і гоман у натоўпе паступова аціх, як аціхае водгулле ў бары. — Мяняне, чулі, якую вестку прынёс вартавы?..

Натоўп маўчаў — ён-то чуў вестку, ды яго цікавіла другое: што скажа ваявода?

Богша надзіва выразна, буйным планам бачыў напружаныя людскія твары.

Акруглы, з карычневымі ад цяжарнасці плямамі твар маладзіцы. Яна стаяла як скамянелая, закусіўшы край ніжняй пульхнай губы.

Сурова, у адну кропку глядзеў стары з белай барадой. На ягонай шыі вісеў амулет — сякера з мноствам кружкоў.

У хлапчука-падшыванца гарэзліва свяціліся адвагаю вочы: нарэшце можна паспытаць сябе ў баі з чужынцамі, якія пруць у іхнюю зямлю па здабычу.

Твары, твары, твары!..

Напалоханыя, засяроджаныя, суровыя, здзіўленыя, хітрыя, насмешлівыя, зларадныя, самотныя, адкрытыя, радасныя, маршчыністыя, пачырванелыя ад марозу, зарослыя бародамі, захутаныя хусткамі, юныя, дзіцячыя з пузырамі пад носам...

Богша нятрудным намаганнем волі абарваў панараму на смаркатым хлапчуку, нібы абрэзаў плёнку на мантажным стале, і раптам апынуўся сярод абаронцаў го­рада на крапасным вале.

Ён добра ведаў, што знаходзіцца ў старажытным Менску на рацэ Менцы ці то на прыканцы тысяча шэсць­дзесят шостага, ці то зімой шэсцьдзесят сёмага года, што горад гэты неўзабаве будзе разбураны, а яго жыхары перабіты, але якраз гэта і наводзіла Богшу на страх, аж заходзілася сэрца, а пад лапатку калола ту­пым шылам.

Богша добра разумеў, што ён не можа загінуць, што, загінуўшы, ён вернецца ў рэальнае існаванне, але яму ўсё роўна было страшна. Хацелася збегчы адсюль у зацішную эпоху, без войнаў і смерцяў. Ды няўмольны за­кон мантажу чалавечага існавання насуперак Богшавай волі, здаецца, перастаў дзейнічаць. Над Богшам запанавала непазбежнасць, ад якой ніхто яшчэ не здолеў уцячы. Ён усё чыста ведаў, што адбудзецца, і не мог папярэдзіць падзеі. Ён быў бяссільны...

Во, сапраўды, пякельная трагедыя і жудасць, з якой не давядзі бог калі-небудзь сустрэцца чалавецтву. Смерць заўсёды страх і жуда. Але яна ў параўнанні з тым, што адчуваў Богша, — бязвінная забаўка чорных сіл.

3 пакутніцкім выразам на твары Богша назіраў, як мяняне рыхтаваліся сустрэць Яраславічаў. Было шмат крыку, пагроз разбіць, пакараць Яраславічаў, але спрактыкаваным вокам Богша бачыў, што горад не гатовы сустрэць ворагаў, што ён не вытрымае колькі-небудзь сур’ёзнага штурму.

Не хапала ўзбраення, людзей, а можа, і ахвоты змагацца. Ды і парадку было не шмат. Больш мітусні і крыкаў, за якімі хавалася славутае авось: авось Яраславічы не пойдуць на прыступ, авось ваявода палюбоўна дамовіцца з князямі, адкупіцца данінай, авось заўтра ці паслязаўтра прыскочыць на сваіх быстрых конях Усяслаў Полацкі і адгоніць Яраславічаў ад горада...

Богша прайшоўся па горадзе. Паслухаў, пра што гавораць мяняне.

Малады хлопец яшчэ з пушком пад носам замест вусоў прыціскаў у закутку каля вежы дзяўчыну. Тая ляніва адбівалася і гэтак жа ляніва казала яму: "Ведаем мы вас". Хлопец смяяўся: "Калі ведаеш, дык чаго брыкаешся, як неаб’езджаная жаробка?"

На вале двое мужчын палілі касцёр, глядзелі на варожую аблогу і вялі няспешную бяседу:

"Яраславічы таксама людзі. Свае ж хрысціяне. Нада было адразу адчыніць браму. Дык дзе там! Ваявода за сябе баіцца. А нам якая выгада? Чым ваяваць будзем? Hi стрэл, ні коп’яў. Камення і таго не назапасілі. Сцяну ўсё абяцалі ўзвесці. Дзе там! Неміжане вунь якую сцяну ўзвялі. Ім што — багатыя. А мы — жабракі".

"Дык, ваявода, кажуць, ганцоў паслаў. Усяслаў-князь цяпер пад Ноўгарадам. Калі ўсё добра, і двух тыдняў не міне, Усяслаў тут будзе, — гаварыў другі мужчына з чорнай барадой. — Неяк адседзімся..."

Яраславічы, здаецца, і не збіраліся браць горад. Па вечарах усе тры браты збіраліся ў адным з княжацкіх шатроў, вялі бяседу, слухалі песні княжацкіх песняроў, а выпіўшы мёду, падзадорвалі сябе на прыступ горада.

Іхнія дружыннікі тым часам шасталі па ваколіцах, рабавалі ўсіх, хто не здолеў уцячы падалей у глухамань. Стары гарадок Ізяслаўль адкупіўся ад Яраславічаў. Князі спадзяваліся, што і Менск дабярэ розуму, таксама адкупіцца багатай данню.

Менск жа спадзяваўся на свайго князя. Падзеі беглі сваёй чаргой. Насустрач людской пагібелі. Яны ўладна трымалі Богшу, не выпускалі яго з горада, для якога настаў ці не апошні дзень існавання.

Вузкая вулачка, перагароджаная снежнымі сумётамі, вывела Лазара Богшу да драўлянай царквы, якая нагадвала свіран з чатырохканцовым бярозавым кры­жам на шпілі чатырохскатнай страхі. Дзверы царквы былі расчынены насцеж. А можа, іх зусім не было. Ла­зар Богша гэтага не заўважыў. Яго ўразіла іншае.

На ўбітай і добра прамерзлай зямлі ніцма ляжала дванаццаць чалавек у аднолькавых белых кашулях, у такіх жа белых штанах, абматаных белымі анучамі. Hi царскіх варот, ні захрыстай, ні панікадзіла або падсвечнікаў, ні абразоў на сценах у царкве не было. Праўда, на сцяне вісела распяцце: на кароценькім крыжы — кароценькі Хрыстос з вырачанымі вачамі. Ягоныя рукі, ногі і бок былі густа заляпаны чырвонай фарбай. Яна сцякала з іх густым наплывам. Богша аж уздрыгнуў ад гэтай натуралістычнай, без аніякіх прапорцый жуды.

Затое ўздоўж сцен на сухіх кругляках стаялі старажытныя язычаскія бажкі, выструганыя з кляновых і ліпавых камлёў, сплеценыя з саломы і чароту, вылепленыя з гліны.

Богша надзіва лёгка, без падказкі пазнаваў паганскіх багоў. Вунь стаіць Крыў, кульгавы на левую нагу. Побач Ярыла — дзяўчына ў кашулі да пят, з вянком на галаве і ржанымі каласамі ў правай руцэ. Далей Ку­пала, голы, бессаромны, але вясёлы і троху смешны. Ляшак з рагамі і капытамі, накшталт тых чарцей, што сабраны ў Каўнаскім музеі. Дзве багіні — Нава і Марэна, падобныя на шкілеты, увасаблялі хваробу і смерць. За імі туліўся Трыглаў, чорны і страшны, як падземнае прыстанішча памёрлых, якое ён увасабляў. Нібы салдаты на парадзе выстраіліся дамавік, вадзянік, русалка, Віл, Кікімара, Палазнік, Мора і чамусьці два бажкі балтыйскіх славян, Радгост і Руевіт.

Там, дзе належала быць захрыстай, стаяла сем багоў: галоўны бог і грамавержац Пярун з доўгімі вусамі. Хорс з Дажджбогам, Стрыборг, які загадваў вятрамі, Семаргал, падобны на каржакаватае дрэва з доўгімі каранямі, дужа жаноцкая Макоша і падобны на пасту­ха Велес. Вакол гэтых галоўных багоў гарэла восем свяцільнікаў. Дым ад іх узнімаўся пад самую страху, туды, дзе зеўрала ў страсе дзірка.

Пярун быў абвешаны ручнікамі, абчэплены пацеркамі. Ён гнеўна глядзеў з падлогі на распятага Хрыста, а распяты Хрыстос з нямым болем глядзеў на яго са сцяны. Абое яны былі ў чымсьці падобныя, можа, грубаватай, тапорнай работай, аголеным натуралізмам, без аніякіх абагульненняў — багі ў першапачатковым народ­ным уяўленні, якіх яшчэ не кранулася недаступная святасць, якіх яшчэ не адарвалі ад людзей і не ўзнеслі на такую вышыню, на якой ужо нельга пабачыць агрэхі тапорнай работы.

3-пад страхі звешвалася і яшчэ адно бажаство, пра якое Богша нічога не ведаў — лік месяца-поўні — адна палавіна якога была зацемнена, другая асветлена. 3 асветленай гэтай палавіны пазіраў на Богшу жаночы твар. То было, няйначай, увасабленне дня і ночы, святла і цемры, чалавечага розуму і чалавечай нікчэмнасці — філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці ў яе дыялектычнай супярэчнасці. Так, прынамсі, падумалася Лазару Бог­шу. Мабыць, невыпадкова бажаство гэтае спускалася са столі над галавою Перуна. Мабыць, яму належала засцерагчы разгневанага Перуна ад непрадуманых аднабаковых рашэнняў. Ды Пярун не мог задраць сваю драўляную галаву, каб зірнуць у неба.

"У гэтым уся сутнасць быція, — падумаў Богша. — Багі, як і людзі, не здольны зазірнуць у неба-вечнасць, хоць ім і здаецца, што яны глядзяць у яго. Чалавек таму і змясціў бога на небе, каб больш думаць і глядзець у вечнасць. А яму ўсё няма часу. Зямныя клопаты не даюць яму надоўга адводзіць вочы ад зямлі".

Чамусьці думка гэтая падалася яму дужа важнай, нейкім адкрыццём, да якога заставаўся адзін крок, адно імгненне. Ен паспрабаваў сканцэнтравацца, каб зрабіць гэтае адкрыццё, але нешта перашкодзіла яму.

"А чаму мне знаёмы гэты твар, што апускаецца з не­ба? — падумаў Богша і зноў зірнуў на бажаство ў выглядзе поўні. Яно глядзела на яго жывымі вачамі. — Божа, гэта ж Прадслава, Ефрасіння, князёўна Полацкая. Ну, так, яна..."

Адкрыццё гэтае ўразіла Богшу. Неверагодна, каб на сто гадоў раней нараджэння Ефрасінні, у Менску, у праваслаўнай царкве апускалася з-пад страхі бажаство, як дзве кроплі вады падобнае на Ефрасінню. Зрэшты, ча­го не можа быць у зямным існаванні, тое, мусіць, звычайна да існавання замагільнага. Ва ўсякім выпадку, так падумалася Богшу, і загадка, што была зацікавіла яго, перастала існаваць.

Так найчасцей і бывае з чалавекам. Пакуль ёсць тай­на, нейкая загадка, чалавек не хоча ні есці, ні піць. А як толькі тайна вытлумачана, няхай сабе і бязглуздымі доказамі, ён забывае, што яна існавала. Важна вера ў нешта, хоць тая вера і трымаецца на прывіднай павуцінцы ісціны.

Пакуль Лазар Богша асэнсоўваў убачанае, ля падножжа Перуна разгараўся касцёр з бярозавых і дубо­вых паленняў, а тыя дванаццаць жрацоў у белых кашулях, што ляжалі на земляной падлозе, цяіпер стаялі па крузе, трымаючы ў дрыготкіх руках свяшчэнную ахвяру: хто чорнага пеўня, хто белага голуба, пучок траў, каліва льну, жытнія каласы, пук кудзелі...

Богша падумаў, што ўсё гэта вельмі эфектна выглядала б на кінаплёнцы. Шкада, што сцэнарыст не дадумаўся да гэтага. Але ён не мог дадумацца, бо заўсёды сцвярджаў, што на той час паганская рэлігія была вы­гнана з Полацкай зямлі, а калі і захавалася, дык хіба ў лясной глухамані. Якая неабачлівая самаўпэўненасць! Людзі дужа неахвотна расстаюцда са сваімі перакананнямі і верай.

— Прывядзіце яе, — пачуўся аднекуль, нібы з неба, жаночы голас.

Лазар Богша азірнуўся — у царкву ўваходзіла прыгожая маладзіца, зусім яшчэ дзяўчо, у белай да пят кашулі, падпяразанай вузенькім чорным поясам, з такой жа чорнай стужкай у белых валасах.

Яе вёў за руку стары сівабароды жрэц, хударлявы, з сінімі вачамі, падобнымі на дзве льдзінкі з замерзлага ляснога возера. У левай руцэ ён нёс дзіця, не аднятае яшчэ ад матчыных грудзей, а таму нявіннае, як бе­лы голуб.

Богша не мог дацяміць, што мусіць тут адбыцца, і ён узняў вочы ўгору, быццам хацеў там знайсці адказ на сваё бязмоўнае пытанне.

I зноў яго вочы сустрэліся з жывымі вачамі жаночага вобліку — бажаства ў выглядзе поўні. Цяпер у Богшы не было сумнення: жаночы твар быў жывы, і ён загаварыў да Богшы голасам сельскай настаўніцы пачатковай школы:

— Лазар Богша, няхай памогуць табе багі спазнаць ісціну, без якой нельга спасцігнуць і самае відавочнае...

Троху загадкавыя словы гэтыя нагадалі нешта даўняе, з гадоў дзяцінства ўспомненае, але ні да чаго пэўнага не прывязанае. Так, далёкі водгук нейкіх павучанняў, на якія не было звернута потым ніякай увагі.

— Хто ты? — пацікавіўся Богша, не вельмі спадзеючыся пачуць праўдзівы адказ.

— Рагнеда... Прамаці ўсіх князёў, што сядзяць цяпер па гарадах і крэпасцях ад Тмутаракані да Лачвозера і Багалюбава...

Богша паверыў яе словам. Навошта хлусіць полац­кай князёўне, вялікай княгіні кіеўскай, затворніцы ізяслаўскай, княгіні полацкай?..

Богша адчуў, як праяснілася ў галаве, нібы ён разгарнуў кнігу і ўся мудрасць яе стала ягонай, Богшавай, памяццю. Ён успомніў, што і праўда цяперашнія князі зямлі рускай паходзяць ад двух сыноў Рагнедзіных: Ізяслава і Яраслава, празванага Мудрым.

Як ён раней не падумаў пра гэта? 3 адзінаццаці за­конных, аднаго няроднага (па сутнасці не сына, а пляменніка), мноства незаконных сыноў Уладзіміравых ад шматлікіх жонак і яшчэ больш шматлікіх наложніц па­сля смерці Уладзіміравай засталося толькі два сыны і абодва ад Рагнеды. Астатнія загінулі, разбегліся па свеце, згубіліся сярод дружыннікаў і смердаў па гарадах і весях Кіеўскай Русі.

Што гэта? Шчаслівая выпадковасць? А можа, добра падрыхтаваная аперацыя ганарлівай полацкай князёўны, бацьку і братоў якой забіў будучы вялікі і святы кіеўскі князь Уладзімір, а самую гвалтам узяў замуж? Можа, гэта Рагнедзіна помста князю Уладзіміру? Уладзімір імкнуўся знішчыць Полацкае княства, каб і памяці не засталося аб туташніх князях, а яна, Рагнеда, вярнулася ў Полацк, пасадзіла ў ім князем сына Ізяслава, аднавіла Полацкае княства, стварыла полацкую дынастыю князёў. Мала таго, яна прадбачліва параіла другому сыну, кульгаваму, нямогламу Яраславу, на яко­га бацька Уладзімір Краснае Сонейка махнуў рукой (які, маўляў, з кульгавага воін!), пайсці князем у Ноўгарад, дзе князёў спрадвеку трымалі ў чорным целе. Затое ў Ноўгарадзе Яраслаў больш-менш спакойна адседзеў чорныя дні варагавання, калі былі забіты Барыс і Глеб, а потым з дапамогаю сястры сваёй Прадславы без лішніх цяжкасцей стаў кіеўскім князем. Так закняжылі ў зямлі рускай князі з роду Рагвалодава, няхай сабе і па жаночай лініі. Але ж Рагвалодавічы, якіх Уладзімір хацеў звесці са свету. Што б там ні казалі, а жыццё і настаўленне на гады дае жанчына-маці, і тым яна моцная, і нельга перамагчы яе!..

Лазар Богша аж загарэўся жаданнем высветліць у самой Рагнеды некаторыя падрабязнасці яе жыцця і жыцця яе сыноў. Калі і дзе сустрэнецца яшчэ такая нагода?

Але ягоная ўвага, як на грэх, была адцягнута старэйшым жрацом, які спыніўся ў крузе дванаццаці другіх жрацоў — паганскіх апосталаў прадзедаўскай веры...

Старэйшаму жрацу падалі доўгі крамнёвы нож. Ён узяў яго ў правую руку, падняўшы левай рукой дзіця...

Намер яго быў такі відавочны, што Лазар Богша здрыгануўся. Ён хацеў крыкнуць: спыніся! Але крык абурэння і гневу засеў у горле. Тады Лазар Богша, не задумваючыся, безразважна кінуўся да жраца, схапіў яго за руку, якая трымала нож. Ён сціснуў жрацову ру­ку з усёй сілы.

— Адыдзі, паганец, — прашаптаў жрэц, не выпускаючы з рукі нож. — Дай нам вымаліць літасць у адзінага і справядлівага бога нашага Перуна. Іначай усіх нас чакае смерць ад мячоў Яраславічаў...

— Не, — сказаў Богша. — Пакуль ёсць я, не пральецца і кропля нявіннай крыві.

Жрэц нешта сказаў, і на Богшу накінуліся воіны, павалілі яго на Перунова падножжа, так што Богшава галава звесілася з узлобку. Богша ўбачыў над сабой страшнае ў злосці Перунова аблічча, за ім самотны твар Хрыста, вочы якога асуджалі Богшу. За што?

— Пярун патрабуе, каб кроў гэтага чужынца абрасіла ахвярнік, — сказаў жрэц.

Лазар Богша зразумеў, што настаў канец ягонаму замагільнаму існаванню. Зараз жрэц перарэжа яму гор­ла, і ён, Лазар Богша, вернецца на зямлю. Яму захацелася паздзекавацца са старога жраца, які, няйначай, лічыў сябе намеснікам Перуна на зямлі.

— Слухай, дзед, усе твае старанні марныя, і ты не павернеш кола падзей у адваротны бок. Яраславічы разбураць ваш горад, і ён перастане існаваць на ўсе далейшыя вякі. Пра яго існаванне забудуць нашчадкі, і нават гісторыкі стануць спрачацца, ці быў тут горад і ці яго разбурылі Яраславічы. Ніякія твае ахвяры Перу­ну не памогуць гораду пазбегнуць прадвызначэння...

Жрэц глянуў на Богшу з лютасцю, якая больш падыходзіла сыну д’ябла, чым служку Перуноваму. Ён узняў над Богшам крамнёвы нож. Богша з кіношнай цікаўнасцю глянуў у жрацовы вочы: можа, у іх праблісне спачуванне, няўпэўненасць, жаль, спагада, ну, хоць якая рысачка чалавечых пачуццяў перад тым, як ягоная рука перарэжа горла чалавеку. Не пеўню, а чалавеку! Дзе там! У вачах жраца была бязлітасная вера ў сваю праўду. Лазар Богша скалануўся: усё ж паміраць ад рук такога забойцы не хацелася. "Гэта самыя страшныя забойцы, — падумаў Богша. — Забойцы, якія лічаць, што забіваюць людзей дзеля іхняга дабра".

Мусіць, Богшаў час не настаў, а можа, так належыць на тым замагільным свеце, што чалавеку няма звароту назад, у зямное існаванне. Рука жраца здрыганулася, з яе вываліўся нож. Сам жа жрэц раптам адкінуўся назад, а з ягоных грудзей вытыркнуўся наканечнік кап’я.

Усё адбылося з такой маланкавай хуткасцю, што Богша не паспеў і вокам міргнуць. Ён толькі адчуў, што яго ўжо ніхто не трымае, і ўсхапіўся на ногі.

Дванаццаць жрацоў і трынаццаты старэйшы валяліся на мёрзлай зямлі ў тых позах, у якіх іх застала смерць. А воіны Яраславічаў ужо скідалі з падножжаў паганскіх багоў і кідалі іх у касцёр. Богша хацеў папярэдзіць воінаў, што ў кастры вельмі моцна зашугала по­лымя. Таго і глядзі, каб не загарэлася царква. Але ён падумаў, што гэта ўжо не ягоная справа.

Адзін з воінаў, малады яшчэ з выгляду хлопец, падчапіў кап’ём распятага на крыжы Хрыста і таксама кінуў яго ў вогнішча, паверх паганскіх багоў, па якіх ужо бегалі прагныя языкі агню.

Зрабіўшы сваю вайсковую справу, воіны выбеглі з царквы. Нібы пачуўшы волю, агонь перакінуўся на сцяну, адтуль — на сухія дошкі страхі, весела заскакаў па іх, шукаючы выйсця на прастор.

Станавілася горача. Лазар Богша выйшаў на двор.

У марозным паветры над горадам стаяў вясёлы го­ман заваёўнікаў, перадсмяротныя енкі абаронцаў, лямант жанчын, звон мячоў, віск свіней, мычанне кароў, ржанне коней, смех, лаянка, праклёны, тупат — усе пачварныя гукі вайны, ад якіх, здаецца, не было ратунку.

Богша бег у натоўпе людзей да паўночнай брамы, ён і сам не ведаў, навошта яму бегчы, якога яму ражна трэба там, куды бег гэты звар’яцелы натоўп.

За брамай на ўтаптаным снезе сабраліся насельнікі горада, ацалелыя пасля пабоішча. Іх было не шмат. Жанчыны, дзяўчаткі. У іхніх вачах яшчэ не растаў страх, але цеплілася ўжо і надзея. Сярод іх паходжвалі дружыннікі. Натоўп гэты варушыўся і гуў — пачварны клубок жывых цел уразіў Богшу, вострым болем адгукнуўся ў ягонай галаве.

Што было далей, Богша не запамятаў.

Ён ачнуўся ў нейкай хароміне з вялізным сталом, у тарцы якога немалады гусляр з залацістай грывай валасоў расцякаўся песняй-былінай па задуменных тварах трох князёў Яраславічаў і іх дружыннікаў.


5

Ён ачнуўся ў нейкай хароміне з вялізным сталом, у тарцы якога немалады гусляр з залацістай грывай валасоў расцякаўся песняй-быліінай па задуменных тварах трох князёў Яраславічаў і іх дружыннікаў.

Лазар Богша сядзеў між двух ваяк, вопратка якіх і вайсковая амуніцыя сведчылі аб іх высокім чыне. Яны слухалі гусляра з увагай.

Лазару Богшу аж зрабілася крыўдна і зайздросна: чорт бы ўзяў гэтых князёў з іх дружыннікамі — ніякай да яго ўвагі і павагі. Быццам ён не вядомы кінарэжысёр, акцёр і паэт, а адзін з тых бездараў, які нешта піша, здымае ці сам здымаецца, абы зарабіць на хлеб і гатовы брацца за любую халтуру, што прыносіць грошы.

Ён з падкрэсленай незалежнасцю ўзяў збан, наліў у драўляны коўш пітва, выпіў яго без аніякага смаку, але знарок крактануў на ўсю сілу лёгкіх, як, бывала, умелі крактаць грузавыя рамізнікі, выпіўшы шклянку гарэлкі на марозе, каб сагрэцца. Ды і гэтым ніякай увагі да сябе не прыцягнуў. Яму заставалася цяпер адно: паслухаць гусляра.

У таго быў голас рэдкай прыгажосці, і ён дасканала валодаў ім. Але тое, пра што спяваў гусляр, аж абурыла Лазара Богшу.

Гэта ж трэба набрацца нахабства — услаўляць Яраславічаў за тое, што яны захапілі, разрабавалі амаль безабаронны горад, перабілі ўсіх мужчын ад сівых дзядоў да хлапчукоў, якія яшчэ не адзявалі порткі! I не проста ўслаўляць! Гусляр складаў быліну пра захоп Менска Яраславічамі, як пра высакародны ўчынак асілкаў, што выратавалі свой народ ад варвараў-чужынцаў.

Але і гэта было не ўсё, што абурыла Богшу. Песня-быліна гусляра здорава нагадвала быліны пра Ілью Мурамца, Дабрыню Мікіціча і Алёшу Паповіча. Лазар Богша не цярпеў плагіятараў і так званых інтэрпрэтатараў, якія здольны на тое, каб абакрасці і самога сябе.

"Ну і жук!.. Ну і старажытны інтэрпрэтатар!.. А глядзі, якая пашана! Самі князі ледзь не моляцца на яго. Ды чаму не маліцца, калі гусляр праслаўляе іх і яны спадзяюцца на стагоддзі. А за што праслаўляе? За разбой!.. Ну і парадачкі! Ну і гусляр!.. Такога любыя князі запаважаюць..."

Лазару Богшу так і рупіла спыніць хоць якім чынам гуслярова глумление над праўдаю жыцця. Во ўжо лакіроўка рэчаіснасці, якой, бадай, не ведала гісторыя. Бог літасцівы, куды ты глядзіш, калі ты ёсць на свеце?.. Дык жа няма яго, няма!..

Богша рашуча падхапіўся, каб сказаць гнеўную прамову, а тады хоць у пекла, хоць назад на зямлю. Але нехта ўзяў яго за левае плячо, моцна націснуў, прымусіўшы апусціцца на лаву. Богша азірнуўся — за ягонай спіной стаяў той самы хлопец, якога полацкі майстар Лазар Богша назваў аўтарам "Слова аб палку Ігаравым".

— Гэта ты? — узрадаваўся Лазар Богша. — Як та­бе падабаецца гэтая залатакудрая пачвара гусляр? Я абураны!..

— Памаўчы, — загадаў яму аўтар "Слова". — Ты не маеш права так гаварыць. Гэта славуты Баян, унук бога Велеса, які пасе жывёлу і памагае людзям іграць на гуслях і спяваць песні, што змякчаюць чалавечыя сэрцы, ачарсцвелыя ад несправядлівасці і бязмежнай улады.

— Баян? — не паверыў сваім вушам Богша. — Гэта Баян?..

Тым часам Баян кончыў спяваць, але ягоныя пальцы ўсё яшчэ краталі струны, і тыя ракаталі, як далёкі вясновы гром, — і грозна і ўзнёсла. Калі апошні, можа, са­мы нізкі гук замёр пад чорнай ад вечнай гары столлю, настала пругкая цішыня, якая раптам узарвалася друж­нымі крыкамі захаплення.

Толькі князі, як і належыць ім па званні, засталіся сядзець на лаўцы — астатнія паўскоквалі з месц, тупалі нагамі па ўтрамбаванай земляной падлозе, грукалі цяжкімі драўлянымі каўшамі і карцамі аб дубовую стальнічыну, размахвалі мячамі ў высока ўзнятьгх ру­ках і нават спрабавалі пераймаць гусляра, спяваючы радкі быліны, якія ім найбольш спадабаліся.

Гэта было не тое прытворнае захапленне меламанаў дваццатага стагоддзя, якія крычаць і вішчаць не таму, што разбіраюцца ў мастацтве, наадварот, таму, што нічога не разумеюць у ім — то было шчырае захапленне песняром. Было зусім непраўдападобна, каб усе гэтыя воіны, прывыклыя забіваць, гвалтаваць, рабаваць, гэтак беззапаветна любілі песню.

Навошта яна ім?.. Што знаходзяць яны ў песні? Але факт заставаўся фактам.

— Цябе таксама захапляюць Баянавы песні? — спытаўся Богша ў аўтара "Слова".

— Ён вялікі майстра, — ухіліўся той ад шчырага адказу і сціпла дадаў: — Але я нязгодны з ім..._

Богша не стаў высвятляць, чаму аўтар "Слова" не згодны з Баянам, ён нырнуў пад стол і вынырнуў па той бок стала.

— Брат, — пачуў Богша голас аднаго з князёў і надзіва лёгка здагадаўся, што гаворыць Ізяслаў Яраславгч, князь кіеўскі, Святаславу чарнігаўскаму, — брат, саступі мне Баяна. Табе і аднаго Хадыны хопіць...

— Чуў? — спытаўся аўтар "Слова" ў Богшы, нейкім цудам апынуўшыся за ягонай спіной. — Усе яны, князі, так. Робяць выгляд, што нешта разумеюць у песнях. Хіба ж можна разлучаць Баяна з Хадынай? Паслухаў бы ты іх разам!.. Божа мой, якое хараство!.. Хоць і адзін Баян варты дзесяткаў гусляроў. Але ўдвух!.. Так спявалі, можа, у старыну пры вялікім князі Уладзіміру...

— I іх разлучаць? — спытаўся Богша, чамусьці вельмі ўстрывожаны словамі аўтара "Слова".

— Разлучаць, — адказаў аўтар. — На што не здоль­ны князі дзеля сваёй прыхамаці...

— Я папярэджу яго, — узгарэўся Богша і рашуча накіраваўся да Баяна, вакол якога стаялі дружыннікі.

Аўтар "Слова" не паспеў спыніць яго. Богша падышоў да Баяна.

— Выйдзем... Трэба пагаварыць, — сказаў ён.

Дружыннікі абурана загулі.

— Ціха, — крыкнуў Баян. — Гэта адзін з маіх зайздроснікаў, і нам настаў час высветліць нашы адносіны.

— Мы яго зараз праткнём кап’ём і павесім грэцца на марозе, — сказаў рудабароды дружыннік.

— Праткні сабе язык, — агрызнуўся Баян.

Дружыннік хацеў нешта сказаць, але яго адціснулі ў кут, сталі ўгаворваць:

— Не звязвайся з гэтымі прыдворнымі паэтамі. Баян цяпер у княскай міласці. Паскардзіцца князю, дык табе не паздаровіцца.

Рудабароды дружыннік толькі скрыгатаў зубамі..

— Пайшлі, — Баян абняў Богшу за плечы, і яны пасунуліся да дзвярэй.

I зноў Богшу давялося ісці паўз лаўку, на якой сядзелі князі.

— Дзякуй, браце мой Святаславе, — пачуў Богша Ізяславаў голас і зразумеў, што Святаслаў аддаў Баяна Ізяславу, як аддаюць на карыстанне нейкую рзч. — Мой гусляр зусім адбіўся ад рук. Слова яму поперак не скажы. Ніякай удзячнасці...

— Ага, параспускаліся, — пагадзіўся Святаслаў. — Але ж самі і вінаватыя. Іх, гэтых гусляроў, трэба ў чорным деле трымаць. А мы ім патураем. Волю далі. ПрыУладзіміру Красным Сонейку парадак быў. Хай бы каторы паспрабаваў пайсці насуперак княжаму слову! Яго так прыструнілі б, што дзесятаму заказаў бы...

Богша не стаў слухаць, як прыструньваў Уладзімір сваіх гусляроў. У таго і асілкі хадзілі па адной маснічыне. А каторыя спрабавалі пярэчыць князю, тых Уладзімір адсылаў на самыя далёкія заставы — ваюйце сабе там з ідалішчамі паганымі...

Яны стаялі на мысе, які з абодвух бакоў крута абрываўся да дзвюх рэчак. Злева ад іх за чорны лес у сіняватай смузе сплывала чырвонае, як на вецер, сонца. Унізе пад імі, за меншай ракою, стаяла крэпасць з ве­жам! і брамамі. Брамы былі зачынены, і, няйначай, як здагадваўся Богша, таму, што тут, на мысе, піравалі дружыны Яраславічаў. За крэпасцю былі раскіданы селішчы — слабодкі працоўнага люду. Адно з селішчаў размяшчалася за шырэйшай ракою. Там жа, перавернутыя дагары, чарнелі занесеныя снегам лодкі. Уздоўж крапасной сцяны, што падступала да гары, таксама разбегліся нейкія пабудовы. Яшчэ адно селішча раскінулася злева ад крэпасці, дзе пакаты бераг адступаў ад ракі метраў, можа, на сто.

— Дзе мы? — спытаўся Богша, забыўшыся, што паклікаў гусляра зусім для іншай мэты.

Мясцовасць яму была як бы знаёмая. Яна нагадвала нейкую мясцовасць з другога часу.

— Няўжо не пазнаеш? — здзівіўся Баян. — Гэта ж во Свіслач. За ёй, вунь там, ледзь вышэй, дзе Няміга ўпадае ў Свіслач, гандлёвыя рады Менска. А крэпасць гэтая, што за Нямігай, так і называецца — Няміга.

Лазар Богша прыгледзеўся лепей. Не, чорт пабяры, сапраўды дзіва! Ён, аказваецца, стаіць на кручы, дзе пры жыцці яго, Богшы, у Мінску стаяў кафедральны сабор. Чаму стаяў? Ён і цяпер стаіць. Гэта я памёр, а ён стаіць. А насупраць, за Свіслаччу — Траецкая гара. Не­дзе там, дзе рака крута выгінаецца, цяпер высіцца оперны тэатр. А ніжэй — Траецкае прадмесце, якое Баян назваў гандлёвымі радамі...

— Дык хіба існаваў такі горад Няміга? — спытаўся ён у Баяна.

— Вы там панапісвалі, панагарадзілі, параскапалі, а так і не дайшлі да ісціны, — сказаў Баян. — Ну, сам падумай, дзе яшчэ мог стаяць горад Няміга, як не на гэтым месцы, дзе рака Няміга ўпадае ў Свіслач? Спрадвеку так было, што гарады называліся па малых рэках, а не па вялікіх. Полацк на Палаце. Віцебск на Віцьбе. Орша на Ршы...

Лазар Богша чамусьці не здзівіўся, што Баян ведае, з якога стагоддзя ён апынуўся ў адзінаццатым стагоддзі. "Здаецца, Баяна, як і князя Алега, звалі вешчым", — падумаў ён.

— У нас ужо даўно даказалі, што вось гэтая крэпасць, якую ты назваў Нямігай, і ёсць старажытны Менск. I што ён быў спалены і разбураны Яраславічамі. Што ты на гэта скажаш? — падміргнуў Баяну Богша.

Па шчырасці, дык было троху смешнавата спрачацца з Баянам; Богша сам бачыў, як гарэў той Менск, што на Менцы. Ды і стаялі яны перад горадам, які Баян назваў Нямігай.

— Вы там папрывыкалі ні ў што не верыць, — з буркатлівай незадаволенасцю папракнуў Богшу Баян. — Усё вам падавай доказы, і не абы-якія — рэчавыя. А рэчы хоць і ўмеюць гаварыць, ды памяць у іх недасканалая. Толькі напісанае — сапраўдна. Чаму ж вы не верыце летапісцам? Яны не ўмелі хлусіць...

— Кінь, — махнуў рукой Богша. — Яны, можа, і не ўмелі хлусіць. Затое ні адзін раз за іх тыя летапісы перапісвалі. Нікана дапісваў Нестар. Думаеш, мала нарабіў ён правак па загадзе свайго князя Святаполка Ізяславіча?., А калі на княжы стол у Кіеве сеў Уладзімір Манамах, дык хіба не ён забраў летапіс у Выдубіцкі манастыр, дзе над ім добра папацеў ігумен Сільвестар? Але і Сільвестравы пераробкі не задаволілі Уладзіміра, і ён даручыў гэтую далікатную справу свайму старэйшаму сыночку Мсціславу. Той і адрэдагаваў канчаткова Ніканаўскі летапіс. Так што памаўчы, Баяне...

— То было пасля, — троху разгублена сказаў Баян, але тут жа рушыў у наступление: — Ну, і што калі правілі летапісы? Нічога дзіўнага. Karo i калі не правілі? Усіх правяць. Гісторыю і тую правяць. Так, бывае, палепшаць або пагоршаць, што дзіву даешся. То з ног на галаву паставяць, то за вушы паддягнуць. Тут важна, што правяць? Як правяць?.. Канечне, князю Святаполку хацелася ўзвысіць свайго бацьку Ізяслава Яраславіча і, наадварот, прынізіць Полацкага Усяслава. Але нашто яму выдумваць, што Яраславічы, разграміўшы Менск, рушылі з палонам на Нямігу? Усё было так, як напісана, і няма чаго сумнявацца, вышукваць нейкія доказы, абы адстаяць свой пункт гледжання. Не, не нашы летапісцы памыліліся, а вашы. Вашым і ў голаў не прыходзіць, што магло быць два Менскі.

— Два? — здзівіўся Лазар Богша.

— А чаму і не так? — спытаўся Баян.

Ён прайшоўся па снезе да старога, вялізнага па акружыне пня. Пасярод яго чарнела выгнілае дупло, і толькі абалонка была яшчэ моцнай. Яны селі: Баян на пень, Богша — проста ў гурбу снегу.

Сонца ўжо напалову схавалася за лес, што рос недзе, як вызначыў дзеля сябе Лазар Богша, на Кальварыйскіх могілках. Над ім у апошніх промнях сонца кружыла процьма галак. Богшу здалося, што ён чуе іх надакучлівы грай.

— Тады прасвяці мяне, неразумнага, — насмешліва папрасіў Богша Баяна, але той, мабыць, не зразумеў іроніі.

— I прасвячу, — паабяцаў ён з упэўненасцю настаўніка, які прыйшоў на першы ўрок у першы клас. — Менск на Менцы дужа старое селішча, — пачаў ён распеўным голасам. — Праз яго ляжаў шлях з драўлян і дрыгавічоў у крывічы і далей да аўкштайтаў, жэмайтаў, земгалаў, ліваў і паморскіх славян, што рассяліліся па ўзбярэжжы і астравах Варажскага мора. На яго яшчэ полацкі князь Рагвалодаў дзед, таксама Рагвалод, вока паклаў...

— Пачакай з Рагвалодам, — перапыніў Баяна Бог­ша. — Ты мне растлумач, як гэта купцы з драўлян і дрыгавічоў дабіраліся да паморскіх славян? Можа, на самалётах...

— На якіх самалётах?.. На лодках па Пцічы, а далей па Іслачы...

— Ну, і рассмяшыў, — зарагатаў Богша. — Ды яе курыца ў разводдзе пяройдзе...

Баян пакрыўдзіўся. Ён быў наогул дужа крыўдлівы, гэты пясняр, зрэшты, як і ўсе паэты.

— А ты не смейся. Курыца Іслач пяройдзе!.. — перадражніў ён Богшу. — Ты лепей бы пра іншае спытаўся: чаму драўляне і дрыгвічы не вялі гандаль па Дняпры, Бярэзіне і Свіслачы? 3 Бярэзіны прасцей было дабрацца да Полацка.

"Лагічна разважае, як філосаф, — падумаў Богша і сам сябе тут жа абвергнуў: — Хоць чаго там! У паэтаў жалезная логіка, а ў філосафаў — адна яе фікцыя. Часы мяняюцца, а разам з імі — паэты, філосафы і нават крытыкі, якія спрадвеку некага за нешта крытыкавалі, а цяпер толькі хваляць. Можа, іх трэба цяпер называць неяк інакш. Славаслоўцы... Пахвалёнцы... Не, нешта ўсё не тое..."

— А і праўда, чаму? — думаючы пра паэтаў, філосафаў і крытыкаў, спытаўся ён.

— Нарэшце пытанне, вартае адказу, — лішне ўзнёсла сказаў Баян. — Бачыш, дарагі Богша, на той час радзімічы, пэўна, чуў пра такое племя, асядлалі Дняпро ад вусця Бярэзіны амаль да вусця Прыпяці. Таму і заняпаў быў гандаль па Дняпры. Не, ён не спыніўся. Наўгародцы з варагамі прабіваліся да Кіева і далей да Царграда. I з Царграда хадзілі ў варагі. Але крывічам, палачанам быў не па сіле ды і не па кішэні такі гандаль. Во і шукалі іншых шляхоў у абход радзімічаў. Таму Рагвалодаў дзед і абнёс тынам Менск. Умацаваў яго. Ваяводу паставіў. А і тут на Нямізе існавала селішча, якое было далёка вядома: ад Дзвіны да Прыпяці, ад Дняпра да Нёмана. Вунь там, на гары (дзе цяпер оперны тэатр, падумаў Богша), некалі стаяла капішча Купале, падобнае на вялізнае кола. Дык вось раз у год, калі наставаў самы вялікі дзень, з’язджаліся сюды крывічы і палачане, драўляне і дрыгвічы, радзімічы і паляне. Раз у год тут ладзіўся кірмаш. На гары палілі кола. Тапілі ў Свіслачы вялізную ляльку "мару", купаліся ў рацэ, качаліся па расе. Тры дні маладыя па свайму выбару займаліся каханнем, і ніхто не мог забараніць ім гэтага. А ўсход сонца адзначаўся карагодамі і песнямі. Раз’язджаліся ж адсюль не толькі з удачна купленымі таварамі, але найперш з жонкамі, бо лічылася, хто на Купалу знайшоў сабе жонку, з той будзе ў яго доўгі і шчаслівы век... Ну, а потым радзімічы былі прагнаны за Дняпро, а неўзабаве і зусім разгромлены. Той, па Пцічы, шлях стаў занепадаць. А па Дняпры і Бярэзіне ажыўляцца. Тады і паявілася каля селішча Няміга другое, якое спачатку называлі Менскім дваром, бо яно на­лежала менскім гандлёвым людзям. Але Менск прадаўжаў заставацца галоўнай крэпасцю на поўдні Полацкага княства. А Няміга і крэпасцю тады не была. Так, перавалачная база. Няміга пры Усяславе стала крэ­пасцю...

Шчыра табе прызнаюся, падабаюцца мне полацкія князі. Усе яны: і Рагвалод, і дачка яго Рагнеда, якая па сутнасці была полацкай княгіняй, хоць князем і лічыўся Ізяслаў, яе сын, і Брачыслаў, і цяперашні Усяслаў не сядзелі склаўшы рукі. Непрыкметна рассоўвалі свае землі. Ставілі на іх крэпасці. Пракладалі дарогі і волакі. Вось і гэтую крэпасціцу Нямігу заклаў Усяслаў. I сына свайго Глеба паставіў тут княжыць пад сваім нядрэмным вокам. А як жа?.. Ці мала чаго можа здарыцца. Бывае, і сын на бацьку ідзе. Бачыш, якія ўмацаванні на Нямізе? Не тое што ў Менску? Яраславічы таму і захапілі Менск без вялікіх баёў. Як гнілы арэх раскусілі, ды такі ж бедны здабытак і ўзялі. Затое сваю помсту задаволілі. А для Усяслава Менск гэты не вялікая страта. Няміга ж і Заслаўе адкупіліся. Нямізская крэпасць для іхніх зубоў цвердаватая. Пастаяць Яраславічы, папіруюць, балазе ёсць за што піраваць, а там і Усяслаў падаспее. Во і сыдуцца на ратным полі. А як жа!.. Не дзе­ля таго пёрліся Яраславічы ў гэты паход, каб не паспрабаваць моцы Усяслававага мяча...

А палон свой — жанчын гэтых з дзецьмі — Яраславічы тут пакінуць. Паселяцца яны на Менскім двары. I пойдзе крапасціцы гэтай дзве назвы — і Менск, і Няміга. Доўга яны будуць спаборнічаць. Ды назва Менск пераможа, калі Глеб канчаткова зацвердзіцца на зямлі гэ­тай. Па старой памяці, як быў край гэты Менскім удзелам, так і застанецца ім...

Яны замаўчалі, кожны думаючы пра сваё запаветнае. Толькі цяпер Богша ўспомніў, што не дзеля гэтага выклікаў Баяна на размову.

— Паслухай, Баяне, — сказаў ён. — Як ты ўяўляеш свой грамадзянскі абавязак паэта і гусляра?..

— Славіць князёў, асілкаў, ваявод, само сабой... Яш­чэ я люблю апяваць жанчын... Самае прыгожае, што ёсць на свеце, — жанчына...

У Баяна загарэліся вочы, а твар яго засвяціўся, заззяў, як вясновае сонейка...

— Пра жанчын пасля... Гэта паэзія інтымная, і да грамадзянскай ніякіх адносін, — сказаў Богша словамі аднаго вельмі патрабавальнага крытыка, які некалі разграміў Богшаў зборнік. — Мяне турбуе другое. Як ты, пясняр, паэт, славіш князёў, усе заслугі якіх у тым, што яны захапілі амаль безабаронны горад, перабілі, разрабавалі багацці, захапілі ў палон жанчын і дзяцей, пагналі сюды, на Нямігу?.. Ганьба!.. Злачынства ўслаўляць забойцаў і рабаўнікоў.

Богша быў шчыры ў сваім гневе. Але Баян, здаецца, не разумеў, чаго гневаецца Богша. Так яно і было.

— Чаго ты злуеш? — спытаўся ён з нявінным выглядам дзіцяці, якое не разумее, чаму на яго сварацца. — Я слаўлю не забойствы, а воінскую доблесць, не гвалт і рабаванні, якія, дарэчы, бываюць на ўсякай вайне, а чалавечую мужнасць. Чалавек вельмі прыгожы ў баі. Тады ён такі спрытны, дужы, моцны, аж залюбуешся. А пасля бою на яго бывае агідна глядзець, ён нешта цягне, азіраецца ў вечнай сваёй сквапнасці і прагнасці, ці не нарабаваў хто за яго больш? Хваліцца сваімі подзвігамі, якіх у яго і не было. Не, Богша, сваімі песнямі я ўзвышаю князёў, ваявод, асілкаў і проста дружыннікаў над жорсткасцю жыцця. Яны адчуваюць сябе волатамі, уяўляюць, што ваююць за справядлівасць. Справядлівасць, Богша!.. А калі чалавек хоць раз адчуе ў сабе дабрыню і справядлівасць, ён ужо чалавек, а не звер, які забівае невядома дзеля чаго. Паэт і павінен узвышаць людзей, раскрываць перад імі прыгажосць іх учынкаў, калі ён нават троху і недакладны. Іначай усе мы ператворымся ў жукоў, якія капаюць зямлю, а ўзлятаюць у паветра, каб толькі на імгненне спарыцца... Глянь, Богша, на прыгажосць гэтых прывідных прыцемак. Хіба я павінен апяваць не іх, а гэты гнілы пень?.. Вечную прыгажосць буду я славіць у песнях. Мудрасць Яраслававу, храбрасць Мсціслававу, цудадзейнасць Усяслававу, рашучасць Святаслававу...

— А на ўсіх іх — кроў славянская, — запратэставаў Богша. — I ты, паэт, узяў грэх на сябе за тое, што апяваў і славіў іх... і не кажы мне пра справядлівасць. Хто прынёс дзіцяці слёзы — варты гарэць у пекле. Хто ж свядома славіў крыўдзіцеля — тройчы варты гарэць у пякельным агні...

Баян засмучана думаў, і Богша ўзрадаваўся, што закрануў ягоную душу.

— Лазар Васільевіч, ах Лазар Васільевіч, як вы можаце гэтак абражаць найвялікшага паэта, — раптам пачуў Богша за спіной дужа знаёмы ў сваёй непаўторнасці голас і павярнуўся.

Да яго, як у сне ці ў рапіднай здымцы, не ішоў, а плыў у паветры над зямлёю Рафаіл Міхайлавіч Доля — дзядзька ягонай жонкі Любы.

"Чаму і як ён апынуўся тут? — падумаў Богша, назіраючы за набліжэннем Рафаіла Міхайлавіча. — Ага, ён, здаецца, памёр, як і я. Здаецца ці на самай справе памёр? — спрабаваў аднавіць даўнія падзеі Лазар Бог­ша і не мог. — Зрэшты, якая розніца між чалавекам жывым і мёртвым? Хіба толькі ў тым, што жывы нешта вечна гаворыць, каб не разгадалі ягоных сапраўдных думак, а мёртвы маўчыць? Дык жа маўчанне — золата. Лепей маўчаць. Колькіх язык даводзіў да смерці?! А ўсё не перастаюць нешта гаварыць, абы паказаць свой спрыт і розум..."

Рафаіл Міхайлавіч нарэшце дасягнуў берага, спыніўся насупраць, дакорліва пазіраючы Богшу ў вочы.

— Навошта вы пакрыўдзілі Баяна? — спытаўся До­ля плаксівым голасам. — А яшчэ патрабуеце, каб іншыя не крыўдзілі дзіцяці. Баян — тое ж дзіця. Усе паэты такія. А вы крыўдзіце... Каго?.. Сябе крыўдзіце, Лазар Васільевіч... Як жа вы не можаце зразумець, што паходы і войны ў Баянаў час былі доблесцю, а не ганьбай. Ды так яно застанецца і на вякі...

— Хлусіш! — крыкнуў Богша.

— Ты аслеп, Лазар Васільевіч, — сказаў Доля. — Аслеп і ўжо нічога не можаш убачыць...

— Цябе дык я бачу, — злосна сказаў Богша, і яму захацелася схапіць Долю за шкірку і кінуць з кручы ў ваду.

Ён ужо працягнуў рукі, як нехта схапіў яго, прыціснуў да зямлі, паставіў на калені...


6

Ён ужо працягнуў рукі, як нехта схапіў яго, прыціснуў да зямлі, паставіў на калені.

Лазар Богша азірнуўся, хоць зрабіў гэта праз сілу. Ён стаяў на каленях пад высокім стэпавым небам, пе­рад шаўковай юртай, з якой даляталі ручныя галасы і незразумелая Богшу мова.

"Куды занесла мяне?" — падумаў Богша, баючыся азірнуцца па баках.

Удалечыні, у стэпе, пасвіліся коні, а справа і злева ад яго стаяла па воіну з аголенымі шаблямі.

— Дзе я? — спытаўся ў іх Богша.

— Маўчы, няшчасны, — сказаў нехта за ягонай спіной, бо воіны прадаўжалі маўчаць, моцна сціснуўшы вусны.

— Дзе я? — знарок ужо гучна спытаўся другі раз Лазар Богша.

— Ты ў стане вялікага, мудрага, найярчэйшага за сонца, найсправядліўшага на зямлі, светлага і высокашаноўнага Чынгісахана...

— Якога мне чорта тут патрэбна? — як бы разважаючы ўголас, спытаўся Богша. — Не хапала бачыць яшчэ гэтага забойцу і ката, сапраўды вялікага ў сваіх крывавых учынках...

— Ён самы справядлівы, літасцівы, — адказаў усё той жа голас за Богшавай спіной.

— Тых, хто стаў бы славіць тырана і забойцу, я караў бы дужа проста — вырываў бы ім язык, — агрызнуўся Богша.

Ён, напэўна, сказаў бы і больш грозную прамову, ды тут з юрты выйшаў сам Чынгісхан. Ён быў невысокага росту, крываногі, як, зрэшты, і ўсе вандроўнікі, што, зда­валася, і нараджаліся ў сядле. Раскосыя вочы на ягоным скуластым твары ззялі ад уласнай годнасці і ўсёдазволенасці. Няўклюдна квадратную постаць Чынгісхана добра аблягала белая куртка, а белыя шыракаватыя штаны былі акуратна ўвабраны ў лямцавыя боты, аздобленыя дарагім каменнем. Славуты тыран рознаплямённага войска спыніўся перад Лазарам Богшам, паглядзеў на яго, як на нейкае недарэчнае дзіва.

— Хто ты і чаму апынуўся ў размяшчэнні майго баявога лагера? — грозна спытаўся Чынгісхан.

Ён быў усяго галавы на дзве вышэй за Богшу, хоць той стаяў на каленях. Гэта развесяліла Богшу.

— Я — Лазар Богша, кінарэжысёр, — сказаў ён, зусім непачціва пазіраючы ў вочы Чынгісхана. — У цябе, можа, закурыць знойдзецца? Два вякі не курыў — вушы апухлі. А ўсё таму, што па нашай сістэме выдадзены загад, каб не паказвалі на экране, як героі фільма кураць. Разумееш, некаму падалося, што кіно вінавата ў тым, што людзі п’юць і кураць. Ну, і выдалі загад. На экране цяпер ні махорачнага дыму, ні бутэлек і чарак. Любата! Такое ўражанне, што на свеце ўжо ніхто не п’е, не курыць... Здорава, Чынгісхан?..

Богша знарок балбатаў абы-што, спадзеючыся выпрабаваным сваім метадам ашаламіць Чынгісхана. Але па меры таго, як Богша гаварыў, медна-карычневы твар Чынгісхана ўвачавідкі наліваўся, крывёю. 3 раскосых вачэй валаідара Азіі так і пырскалі нястрымна гнеўныя іскры. Здавалася, Чынгісхан зараз выхапіць з ножнаў меч, секане ім па непакорнай галаве Лазара Богшы. Але ён стрымаў сябе нейкім нечалавечым намаганнем волі.

— Адкуль ты паявіўся, такі смелы?.. Глядзі, каб я не загадаў разарваць цябе коньмі...

— Адкуль я паявіўся і чаму, спытайся пра гэта ў тых, хто прыцягнуў мяне сюды не па маёй волі. Не ду­май, што мне вельмі хацелася сустракацца з такім агідным тыпам, як ты. Я наогул не цярплю забойцаў і тых, хто славіць забойствы, знаходзячы дзеля гэтага тысячы самых розных апраўданняў. Ты заліў крывёю мангольскія стэпы, прасторы Сярэдняй Азіі, Каўказ і землі маёй прарадзімы. Ты спыніў бег часу на землях, якія пераўзыходзілі цябе філосафамі і мудрацамі, паэтамі і ма­стакам!. Ты адкінуў людзей у часы дзікунства і раб­ства. Я ненавіджу цябе, як злы лёс, што спасцігнуў на­роды, якім ты не мог бы служыць апошнім рабом...

Богша задыхаўся ад гневу, што ахапіў яго. Яму ха­целася гаварыць і гаварыць. Выкрываць Чынгісхана з ягонымі крывавымі ўчынкамі. Ён ведаў ужо сваю асуджанасць і нічога не баяўся. Але нейкі гоман за ім адцягваў Богшаву ўвагу. Тады ён павярнуў галаву направа і налева, угледзеў вялізны натоўп, які запоўніў увесь стэп. Гэта натоўп і крычаў, трасучы кулакамі, пікамі, калчанамі для стрэлаў, шаблямі і нажамі.

"Чаго яны крычаць?" — падумаў Богша.

— Ты абразіў найвялікшага з вялікіх, найсправядлівага са справядлівых, валадара іхніх цел і душ, надзею і веру, сонца, зямлю і паветра, без якіх ім не жыць. Яны патрабуюць разарваць цябе, які апаганіў светач задум і памкненняў іхніх, на часткі...

— Яны што, сляпыя? — спытаўся Богша, не могучы паверыць, што людзі, якія не ведаюць яго, гатовы забіць яго толькі за тое, што ён сказаў праўду, якая застанецца ў вяках.

— Яны верныя яму, і веру іх у Чынгісхана будуць апавяць у вяках паэты ўсёй зямлі...

Богшу захацелася плюнуць ад агіды.

— Хто скажа мне, адкуль наявіўся гэты нахабнік? — зыркнуўшы па баках, спытаўся Чынгісхан.

Наперад выпаўз чалавек у зашмальцаваным халаце, вельмі падобны на Кірылу Лыкавязава. ён пацалаваў насок бота Чынгісхана, пасля гэтага ўзняў угору твар. Лазар Богша так і ахнуў ад здзіўлення: то была манаш­ка Феадора, ці, як называў яе лясны князь, Кажына, з якой Лазар Богша расстаўся сто гадоў назад.

— О, вялікі, мудры, смелы ўладар неба, зямлі і мораў, вясновае сонца стэпаў, дыханне ўсяго жывога, вялікі пастух народаў свету, — загаварыла яна. — Чала­век гэты, калі можна назваць чалавекам смярдзючага сабаку, які валодае чалавечай мовай, па празванню Ла­зар Богша — ліцадзей і чараўнік — маною і хітрасцю пранік у наш час з далёкай будучыні, каб зняць пра ця­бе фільм і такім чынам адвярнуць твары воінаў ад вялікіх тваіх спраў, пасеяць смуту і непакорнасць табе і тваёй найвыдатнай задуме стварыць сусветную імперыю дабра і справядлівасці, якую не ведала чалавецтва. Ён да таго ж — паэт, які лічыць, што грэшна апяваць такіх, як ты, о вялікі і мудры валадар усяго, што жыве на свеце. Ён прапаведуе мір і роўнасць паміж народамі. Ён гуманіст...

— Хто? — у Чынгісхана пачарнелі вочы.

— Ён з тых, хто лічыць, што пакрыўдзіць адно дзіця — найвялікшы грэх. Што захоп чужых земляў — злачынства, якое трэба караць смерцю...

— Дзе мой кат? — спытаўся Чынгісхан.

— Што загадае яснае сонейка стэпаў? — аднекуль падпоўз кат, цалуючы наскі ханскіх ботаў.

— Яму трэба адсячы галаву, але так, каб у ёй захавалася здольнасць думаць і пакутаваць, а цела ягонае каб памерла і было разарвана арламі-сцярвятнікамі.

— О вялікі і мудры валадар свету, — урачыста загаварыў кат, лежачы на зямлі і не падымаючы вачэй на хана. — Можаш не сумнявацца, я зраблю так, як ты загадаеш. Але дазволь сказаць слова. Лепей хай памрэ галава гэтага нягодніка і злачынцы і яе разарвуць арлы-сцярвятнікі, а цела няхай жыве і пакутуе вечна...

Кат заціх, мабыць, сам спалохаўся сваёй смеласці.

— Будзе так, як сказаў я, — не пагадзіўся з ім Чынгісхан.

Кат закалаціўся як асінавы ліст.

У тое ж імгненне Лазара Богшу схапілі пад рукі, паклалі на калоду дагары тварам. Богша ўбачыў над галавой попельна-шэрае неба, на якім не было сонца. Ма­быць, сонца зацямніў Чынгісхан. У небе ўжо кружылі арлы-сцярвятнікі, чакалі, калі можна будзе апусціцца на Богшава цела.

— Богша, паслухай мяне, Богша, — над ім у паветры завіснуў твар Кажыны, — прызнайся хану, што ты раскайваешся ў сваім учынку, і вялікі хан не толькі не ста­не цябе караць, але залічыць на сваю службу. Ты будзеш складаць у ягоны гонар песні, якіх прагнуць ягоныя воіны. Яны гатовы ісці за ім хоць на край свету. Гатовы загінуць. Выконваць любыя ягоныя загады, якія здаюцца ім мудрымі і справядлівымі... Табе цяжка ска­заць, што вінаваты?..

— Цяжка, — адказаў Богша. — Цяжка і агідна...

— Ну і дурань... Зрэшты, ты мог бы і прытварыцца. Тыраны любяць прытворства, хоць і разумеюць, што прытворшчыкі пакінуць іх на першым павароце...

— Не! — запярэчыў Богша. — Я не хачу прытварацца, бо я мастак.

— Мастак!.. Ці мала іх прытвараюцца, абы жыць у міласці, смачна есці, соладка піць і спакойна спаць...

— Такія не мастакі, — рашуча запярэчыў Богша. — Яны гандляры, хай сабе і з прыгожым тварам...

— Тады ты загінеш, і ніхто не будзе памятаць, што некалі жыў такі мастак Лазар Богша...

Лазар Богша пачуў, як па ягоным целе прабеглі мурашкі. Яму зрабілася страшна. Божа літасцівы, тварыць у імя праўды, быць сумленным у сваёй творчасці, столькі зрабіць дзеля таго, каб чалавек стаў лепшы, і загінуць невядомым...

— Але ж гэта несумленна, — троху разгублена сказаў ён. — Несумленна так абыходзіцца з мастаком. Гэ­та несправядліва...

— Прызнай сваю віну, і ты станеш бессмяротны. Ця­бе будуць вывучаіць, перакладаць на ўсе мовы свету, — сказала манашка. — Няўжо табе лепей памерці і застацца назаўсёды невядомым, чым прызнаць свае памылкі, стаць асабістым песняром хана. Галава — адна. Яе адсякуць, і другую на шыю не прыладзіш...

У Лазара Богшы болем зайшлося сэрца. "Прызнаюся, — падумаў ён. — Будучыя пакаленні мяне зразумеюць. Хан, які не пабаяўся забіць сотні тысяч народа, вельмі проста забароніць успамшаць маё імя, а ўсе мае творы загадае знішчыць. Я не магу дапусціць, каб мае творы — жывыя думкі, бяссонныя ночы, напал пачуццяў і логіка разважанняў — былі знішчаны, каб ні ця­пер, ні ў будучым пра іх ніхто не ведаў. Творы — гэта маё жыццё, прадаўжэнне яго на зямлі, калі мяне ўжо на ёй не будзе..."

Ён хацеў ужо сказаць, што прызнае сваю віну перад ханам і гатовы служыць яму верай і праўдай, не задумваючыся над ягонымі справамі, як убачыў у небе той самы цень, што вёз яго з возера Суя ў гэты замагільны свет. I гэты цень і Ефрасіння Полацкая былі падобны як дзве кроплі вады.

— Богша, не слухай яе, — сказала Ефрасіння Полац­кая далёкім, але выразным голасам. — Гэта Спакуса. Колькі творцаў гінула, паслухаўшы яе. Успомні, Лазар Богша: калі б Ісуса не распялі, ён не стаў бы Хрыстом...

— Не! — крыкнуў Богша.

Вострая, як брытва, вялікая, як чорная хмара, сякера апусцілася на Богшаву шыю. Ён пачуў, як галава без аніякага болю аддзялілася ад цела і пакацілася па тра­ве, пакуль не наткнулася на белы шоўк юрты.

Толькі цяпер Лазар Богша зразумеў, якую страш­ную кару прыдумаў яму жорсткі ўладар манголаў Чынгісхан. Розум у ягонай галаве жыў сам па сабе, ён мог усё прадбачыць, усё ведаць і разумець, але нічога не мог зрабіць. Розум быў бяссільны перад злом...

Лазару Богшу зрабілася жудасна ад уласнай безабароннасці і бездапаможнасці: кожны з манголаў мог узяць ягоную галаву, ягоны розум і рабіць з ім усё, што яму ўздумаецца.

"Божа, — падумала Богшава галава, лежачы ў засені пад ханскай юртай, — хай бы хто сумленны, добры, чалавечны падабраў мяне, бо, трапіўшы ў нягодныя рукі, я магу нарабіць многа зла".

Але Богшаву галаву ніхто з манголаў, што сноўдалі каля юрты, не збіраўся падымаць. Мабыць, яе розум не вельмі быў патрэбны гэтым заваёўнікам, што вандравалі ў прывольных стэпах. Адзін з іх, што праходзіў каля галавы, пхнуў яе босай нагой, нібы гэта была не разум­ная галава, а футбольны мяч.

— Прыгожая цацка, але ж зусім непатрэбная, — сказаў ён, падняўшы галаву за вушы. — Хіба ўзяць для дзяцей? Хай бы пагулялі, пакуль малыя. Але гульні з такімі цацкамі да дабра не даводзяць...

Ён кінуў галаву на траву пад бязлітасна гарачае сонца. Яна засталася ляжаць угору тварам. Яе вочы маглі бачыць неба, але не маглі бачыць тое, што рабілася на зямлі.

Тут ужо Богша не сцярпеў, закрычаў нема і дзіка, як смяртэльна паранены звер, якога затравілі бязлітасныя паляўнічыя.

Ён крычаў доўга, і ніхто не звяртаў увагі на ягоны лямант. Крычы сабе колькі пажадаеш, бо ты розум і табе належыць крычаць ад болю і несправядлівасці, ад бездапаможнасці і адзіноты. Ты — розум!.. Усяго толькі розум...

Галава Лазара Богшы крычала б яшчэ невядома колькі, ды раптам адчула, што ёй прыдадзена цела — тулава, рукі, ногі. Тады яна перастала крычаць.


ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ: ненавіснае... бясконца дарагое кіно


Эпізод першы: сага аб студыйным калідоры


Галава Лазара Богшы крычала б яшчэ невядома колькі, ды раптам адчула, што ёй прыдадзена цела — тулава, рукі, ногі. Тады яна перастала крычаць.

Ён ляжаў тварам дагары, закінуўшы галаву на падушцы. Ягоныя закочаныя пад лоб вочы ніяк не маглі асэнсаваць, дзе ён, што з ім? Над ім нізка вісела белая покрыўка — столь, а па баках, як у трохкутнай прызме, разыходзіліся дзве салатавыя сцяны. Здавалася, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў трынаццатым стагоддзі, пакараны смерцю Чынгісханам.

Гэта было жахліва — прачнуцца і зноў апынуцца там, дзе цябе абезгаловілі. На амярцвелай шыі галава чулася так, як, напэўна, чуе сябе футбольны мяч, якога білі нагамі два таймы. А можа, ён і не прачынаўся наяве, а толькі ў сне, як было ўжо не раз, калі ён падарожнічаў па тым свеце.

Спачатку безуважліва, а пасля ўсё больш асэнсавана ён павёў вачамі па сцяне, па дэдэронавай гардзіне ўніз да падаконніка, застаўленага гаршчзчкамі з какту­самі, потым яшчэ ніжэй, па падлозе з дываном, нарэшце спыніў позірк на стале з пішучай машынкай, у карэтцы якой быў закладзены чысты аркуш паперы.

"Дык гэта ж мой кабінет! — узрадаваўся Лазар Бог­ша. — Цяпер я пэўна не сплю!.. Але ж і прысніцца чортведама што. Прачнешся і сам сабе не верыш, што ляжыш дома, а не вандруеш па замагільным свеце".

Унутры ўсё гарэла і смылела, а левая палавіна грудзей набракла тупым болем. Боль чуўся ў плячы і ў пацяжалелай, асвінцованай за ноч руцэ. "Гэта ж у мяне сардэчны прыступ", — падумаў Лазар Богша і пачуў, як ад ног да амярцвелай патыліцы пракаціўся брыдзенькі страх.

— Люба, Люба! — закрычаў ён, гукаючы жонку, і раптам успомніў, што яе няма, што яна паляцела ў Адэсу.

Ён працягнуў руку і адразу ж намацаў ручку шуфлядкі ў століку, дастаў цюбік з нітрагліцэрынам. Паклаўшы таблетку пад язык, Лазар Богша заплюшчыў вочы, пачаў чакаць, калі паслабне боль. Але, як толькі ён заплюшчыў вочы, адразу перад ім узнік вазок-саркафаг, тройка белых коней, якая ляцела ў чорнай бездані Сусвету, і жудасны пралом у нябеснай сферы — вароты ў пазазямное існаванне. Богша адразу ж расплюшчыў вочы.

"Цікава, хто мяне прывёз дамоў? — падумалася яму. — Хоць у лоб трэсні, не помню. Першы ў жыцці правал памяці. Мусіць, старэю, і час падумаць пра ўласнае здароўе. Хутчэй бы нітрагліцэрын зняў спазму, та­ды прыму душ, вып’ю кавы... Не, лепей чаю з бальза­мам. I абавязкова трэба пазваніць Любе. Усё — дурасць і глупства".

Папраўдзе, дык Лазар Богша зусім не быў упэўнены, што Люба даруе ўчарашнюю сварку, але яму вельмі ха­целася, каб яна даравала, а таму ўгаворваў, запэўніваў сябе, што яна павінна дараваць.

Тым часам нітрагліцэрын паволі сцішаў боль, аж пасвятлела ўваччу. Лазар Богша скінуў ногі з канапы на дыван, пакруціў галавою, нібы хацеў вытрасці з яе тупы надакучлівы клін. "Хопіць", — сказаў ён сам сабе і рашуча стаў на ногі.

Ванны пакой размяшчаўся побач са спальняй. Лазар Богша адкруціў кран гарачай вады на ўсю магутнасць — вострыя струменьчыкі балюча сцебанулі па жываце, па грудзях, па твары, пацяклі, ужо крыху ахалоджаныя, па нагах. Яны станавіліся ўсё гарачэйшыя. Богша адкруціў кран халоднай вады — струмень пахаладзеў, стаў вастрэйшы.

Павярнуўшыся тварам да сцяны, выкладзенай блакітнаватай кафляй, Лазар Богша прайшоўся душам па спіне, выганяючы з яе зябкі халадок. Ён чуў, як знікае боль у грудзях, а цела становіцца свежым і дужым. Ды і галава прасвятляецца ад кашмараў, што прыкінуліся да яго ноччу.

Выключыўшы гарачую ваду, Богша павялічыў напор халоднай. 3 хвіліну ён хвастаў сябе халодным душам, потым зноў уключыў гарачую ваду. Начныя кашмары сплывалі разам з вадою ў круглую адтуліну сцёку. Ла­зар Богша выключыў ваду, дастаў з кручка махровую прасціну, акрыў ёю плечы. У цішыні, што раптам наста­ла, пачуўся пранізлівы тэлефонны званок.

"Люба!" — радасна падумаў Богша і, забыўшыся, што на ім толькі махровая прасціна, выскачыў з ваннага пакоя.

Тэлефонных апаратаў было два: адзін у кабінеце, другі — у холе, перад залай.

— Алё, алё! — крыкнуў Богша ў трубку, ніяк не хаваючы сваёй радасці.

— Лазар Васільевіч, дзе ты прападаеш? Я ўсе тэлефоны паабламаў...

Богша адразу пазнаў: Карней Карнеевіч Кладачка, дырэктар карціны, тры "К", як яго клічуць на кінастудыі.

— Што здарылася, Карней, Карнеевіч? — спытаў Ла­зар Богша, адчуваючы нейкую бяду.

Толькі цяпер ён убачыў сябе ў трумо, што стаяла тут жа ў холе, і вельмі здзівіўся. Такім недарэкам Ла­зар Богша ніколі сябе не ўяўляў. Свой адбітак ён прывык бачыць на экране, дзе заўсёды выглядаў аж занадта прыгожа. А тут чортведама хто глядзіць на яго з люстэрка, нейкая пачвара з крывымі нагамі, тлустым чэравам і валасатай грудзінай. Выходзіць, існуюць два Лазары Богшы: адзін — экранны, другі — бытавы, адзін — увасабленне мужчынскай прыгажосці, другі — агідны двайнік.

"А здорава мяне здэфармаваў час, — незадаволены сабою, побытавым, падумаў Лазар Богша. — Хутка змагу іграць толькі Квазімоду".

Папраўдзе, дык Богша грашыў, калі так думаў. Ён умеў, быў здольны ўсяго сябе падпарадкоўваць ролі. Пе­рад кінакамерай у яго мяняліся і паходка, і манера трымаць сябе. Кожны жэст, кожны рух — усё аддавалася ролі, усё свяцілася натхненнем і талентам.

— Што здарылася, што здарылася? — цяжка адсопваючыся, перадражніў яго Карней Карнеевіч. — А тое здарылася, што на дзве гадзіны прызначаны мастацкі савет. А ты спіш! I нічога не ведаеш. Падобна на тое, што нас хочуць прыкрыць...

За час работы ў кіно Лазар Богша прывык да нечаканасцей, і ўсё ж навіна збянтэжыла яго.

— А вы, Карней Карнеевіч, часам не спрасонку? — насмешліва спытаў Богша, праўда, больш для таго, каб падрыхтавацца самому да найгоршага.

— Мілы мой, я яшчэ не клаўся спаць і ледзьве стаю на нагах, — пакрыўдзіўся Карней Карнеевіч. — У мяне ў дарозе сапсавалася машына, і мы ламачыну гэтую ледзь не ад Лагойска цягнулі на сабе.

Лазару Богшу стала весела, ён аж падміргнуў уласнаму адбітку ў люстэрку. Той у сваю чаргу падміргнуў яму: маўляў, ну і любіць Карней Карнеевіч драматызаваць падзеі.

— Ну, добра, не злуйце, Карней Карнеевіч, я пажартаваў. Але чаму такая паспешнасць?

— Як чаму? Ты хіба не ведаеш, што прыехала Рымачка Громава?

— Адкуль жа мне ведаць, калі дырэктар карціны паведамляе аб такой важнай падзеі тады, калі куратар прыехала ўжо на студыю, а не тады, калі яна толькі падумала, што трэба было б паехаць, паглядзець, што там робіць рэжысёр Лазар Богша...

Богшава іронія зрабіла ўражанне — Карней Карнеевіч зразумеў, што пікіравацца далей няма сэнсу.

— Ну, во што, — пакрысе адступаючы, загаварыў Карней Карнеевіч, — няма нам калі тары-бары разводзіць. Высылаю машыну, а ты праз пятнаццаць хвілін выходзь на вуліцу. Палова членаў савета ўжо ходзіць па калідоры, чакаючы, калі геніяльны рэжысёр Лазар Богша ашчаслівіць іх сваёй увагай. Хвілін дваццаць пастараюся іх затрымаць, а далей не ручаюся...

— Не практыкуйся ў красамоўстве, — спыніў Богша дырэктара. — Праз пятнадцаць хвілін буду на вуліцы...

Карней Карнеевіч павесіў трубку.

"Няўжо я спаў да дзвюх гадзін дня?" — падумаў Богша і, выціраючы галаву канцамі прасціны, пакрочыў у залу, дзе на сцяне вісеў мадэрновы гадзіннік — ходзікі з гірай у выглядзе дзвюх бутэлек з-пад шампанскага і з кашачай мордай на цыферблаце, якая падміргвала то адным, то другім вокам. Ён размашыста адчыніў дзверы і аслупянеў: у крэсле, бокам да яго, сядзела незнаёмая жанчына.

"А я во які, гуляю па кватэры", — жахнуўся Богша і механічна адступіў два крокі назад.

Жанчына, аднак, ніяк не зрэагавала на ягонае паяўленне. Магчыма, яна пра нешта моцна думала, а можа, нават драмала, бо ўявіць, што не пачула, як ён зайшоў у залу, было зусім неверагодна. Лазар Богша ціхенька зачыніў дзверы, падыбаў на пальчыках у кабінет.

"Няйначай, нейкая Любіна пратэжыстка, — падумаў ён, апранаючыся. — От ужо чалавек! Ніколі не папярэдзідь, а я кожны раз натыкаюся на яе дзяўчат у самы непадыходзячы момант".

Што праўда, то праўда, Богшава жонка, Люба, мела адну, не зусім прыдатную ў сямейным жыцці звычку: яна вечна падбірала на кінастудыі бескватэрных кіношных дзяўчат, якія жылі ў іх па тыдні і больш, пакуль Лазар Богша здымаў фільм на натуры, у экспедыцыі. Пасля аднаго выпадку Лазар Богша, вярнуўшыся дамоў з камандзіроўкі, нават у свой кабінет заходзіў з асцярогай.

Той, прыгаданы цяпер выпадак выклікаў у Богшы лёгкую ўсмешку. Тады ж, напачатку, яму было зусім не да смеху. Ён прыехаў дамоў троху позна і, каб не тлумачыць Любе, чаму і з кім заседзеўся, ціха прайшоў у свой кабінет. На канапе нехта спаў. Пакой з вуліцы ледзь асвятляла неонавая шыльда над магазінам. Богша, аднак, разгледзеў, што спіць жанчына. Вядома, Люба. Ён хацеў быў разбудзіць яе нейкім жартам, напрыклад, той дзівацкай песенькай, якую ён сам прыдумаў, але фантазія падштурхоўвала на нешта больш дасціпнае. А жон­ка тым часам нічога не чула ці, можа, прыкідвалася, што нічога не чуе. "Я табе папрытвараюся", — весела думаў Богша, абы-куды скідаючы адзенне. Раздзеўшыся, ён нырнуў пад коўдру, абхапіў рукамі Любу, але тая так заверашчала, так пачала адбівацца рукамі і нагамі, ды яшчэ і кусацца, што Богша не ўтрымаўся, даў ёй добрага "ляшча" па мяккім месцы.

— А-а-а-а-а, ратуйце! — закрычала Люба незнаёмым голасам. Богшу падумалася, што трапіў у чужую кватэру.

Але тут пад столлю ўспыхнула люстра.

— Зіначка, Зіначка, не бойся, гэта Лазар Васільевіч, — пачуў Богша Любін голас.

Лазар Богша ўскочыў, нічога не разумеючы. На парозе кабінета стаяла Люба ў доўгай начной кашулі, а на канапе калацілася ад страху нейкае ружовае ў святле люстры дзяўчо.

"Зіна-Зіначка, Зіначка-маліначка", — з нейкаю пяшчотаю падумаў Богша пра Зіну, і думка гэтая адагнала прэч і непрыемную вестку пра мастацкі савет і другую, пра новую Любіну пратэжыстку, што сядзела ў зале.

Пакуль Богша нацягваў джынсы, каўбойскую клятчатую кашулю, нейлонавую куртку на засцежках, прайшло хвілін пяць. Засталося — дзесяць. Папіць чаю, вя­дома, няма калі. Ён заглянуў у халадзільнік-бар. На яго шчасце, там стаяла бутэлька нарзану. Дастаўшы лімон, Богша выціснуў сок у фужэр, дадаў лыжку рыжскага бальзаму, паклаў крыху мёду, даліў фужэр нарзанам, залпам выпіў. Напітак асвяжыў. Закурыўшы цыгарэту, Богша нетаропка выйшаў на вуліцу. Машыны яшчэ не было.

"Але, чорт пабяры, адкуль і калі паявілася тая жан­чына? — задумаўся Богша. — Учора яе не было. Магу прысягнуць, што не было. Не залезла ж яна праз акно? Хіба Люба дала ключы? Нават і вельмі верагодна... А што, калі я прывёз яе ў кватэру ноччу? Таксама вера­годна... Можа, яна якая зладзейка, а я пакідаю яе ў кватэры. Трэба падняцца наверх і спытаць, адкуль яна паявілася?.."

Лазар Богша хацеў ужо ісці ў пад’езд, як з-за вугла выруліла машына. Шафёр затармазіў, спрытна адчыніў дзверцы, перагнуўшыся на бок.

— Сядайце, Лазар Васільевіч. Загадана з вецярком, бо познімся...

"Ліха з ёю, той жанчынай, — падумаў Лазар Бог­ша. — Як зайшла, так хай і выходзіць..."

— Паехалі, — сказаў ён.

Кожны раз, прыходзячы на кінастудыю, Лазар Бог­ша трапляў у непаўторна знаёмую, мілую, дарагую і бясконца ненавісную атмасферу. Ён не мог, не ўмеў дакладна вызначыць, што і чаму на студыі было да слёз, да трапяткога хвалявання яму адначасова дорага і ненавісна, але ён мог прысягнуць, што абодва гэтыя пачуцці ўжываліся ў ім арганічна і мірна. Мабыць, несумяшчальныя ў іншых людзях, яны ўжываліся не толькі ў Лазару Богшу, але ў кожным, хто, аднойчы трапіўшы на кінастудыю, глытнуўшы кіношнага паветра, заставаўся назаўсёды яе палоннікам, як электрод у кальцы сінхратрона.

Лазар Богша неаднойчы задумваўся, а чым адметная кіношная атмасфера? Адказаць на такое пытанне было зусім нялёгка. Знешне кінастудыя была падобна на дзесяткі іншых устаноў. I ўсё ж непадобна. Тут, як нідзе, уладарыў дух неадольных супярэчнасцей: апантаных, бурных захапленняў і горкіх, ледзь не трагічных расчараванняў; фантастычных узлётаў на грэбёні славы і катастрафічных падзенняў у нябыт; хвалюючых пакут ад самаадданай творчасці і салодкай уцехі ад лёгка заробленых грошай. Кінастудыя акумуліравала ўсе чалавечыя страсці. Яна была падобна на дом зачаццяў і родаў, дзе ў пакутах любові, насалоды, ахалоджання, нянавісці, раскаяння, болю, шчырасці, гордасці, расчаравання — усёй гамы чалавечых пачуццяў — зачыналася, нараджалася, квітнела або заўчасна гінула чалавечае імкненне да праяўлення сваёй сутнасці...

Не збаўляючы хуткасці, машына падруліла пад цагляныя сцены прахадной, вымураванай у строгім стыле эпохі барацьбы з празмернасцямі. Прахадная гэтая, як і ўсе на свеце, мела сваю гісторыю, звязаную з лёсам аднаго з дырэктараў кінастудыі, чалавека калі і не вельмі таленавітага, дык арыгінальнага і нават самабытнага. Зрэшты, усе дзевяць дырэктараў, што змяніліся на Богшавым кіношным веку, не былі людзьмі ардынарнымі, шэрымі — кожны з іх вызначаўся нейкім дзівацтвам, якое вылучала яго нават з непаўторнай кіношнай масы.

У таго дырэктара, што пакінуў пасля сябе прахадную і якога за вочы называлі "Ходзікамі", была хоць адна, затое неадольная страсць — любоў да дакладнасці. Ён лічыў, што дакладнасць і ёсць той архімедаў рычаг, якім можна будзе павярнуць кінастудыю ад шэрых, сярэдніх фільмаў да яркіх і геніяльных.

Што праўда, дык усе дырэктары прыходзілі на студыю са сваім архімедавым рычагом. Аднак, маючы ры­чаг, яны не мелі пункту апоры, а таму неўзабаве зніклі. Шэрыя ж фільмы заставаліся.

"Ходзікі" быў упэўнены, што ў яго ёсць не толькі ры­чаг, але і пункт апоры. Ідэя, якую ён падсунуў студыі, была звязана з укараненнем новай сістэмы прапускоў. Над яе ажыццяўленнем гады два біліся лепшыя інжынерныя сілы кінастудыі і трох навукова-даследчых інстытутаў, пакуль не адолелі ўсіх перашкод, пакуль не дасягнулі належнага эфекту.

Рэформа ў сістэме прапускоў заключалася ў тым, што метраў за сто ад студыі, за вялізнай лужынай, пабудавалі цагляную прахадную, якая нечым нагадвала куфар. Сюды, у прахадную з дзвюма металічнымі вяртушкамі, з электронным гадзіннікам, з палічкамі для захавання прапускоў, вахцёрскім пакоем і запасным выхадам, перавялі з вестыбюля студыі вахцёраў — дзядзьку Якава і ягоную жонку цётку Матруну. Прагрэсіўнасць сістэмы, аднак, заключалася не ў гэтым, а ў тым, што роўна а дзевятай гадзіне спрацоўвала электроннае прыстасаванне, вяртушкі пераставалі круціцца, а зна­чыць, усе, хто спазняўся хоць на адну секунду, маглі трапіць на студыю не іначай, як паведаміўшы пра сваё спазненне па відэатэлефоне ў дыспетчарскую. Там націскалі кнопку, вяртушка рабіла адзін паварот, прапускала таго, хто спазняўся, але ўжо з рапартам дырэктару аб парушэнні дысцыпліны.

У першы дзень прахадная была перапоўнена парушальнікамі дысцыпліны. Відэатэлефон і дыспетчары працавалі на поўную моц. Дырэктарскі загад даўжынёй амаль на дваццаць старонак навекі захаваў ганебны факт кіношнай неарганізаванасці.

Назаўтра, аднак, відэатэлефон замоўк. Спазненні рашуча спыніліся. Па перавагах новай сістэмы тут жа была склікана практычна-тэарэтычная канферэнцыя, якая і падрыхтавала брашуру для друку пра выдатны феномен у кіношнай практыцы. Чытач, на жаль, не дачакаўся брашуры, бо хутка выявілася, што ўсяму прычынай была не сістэма, а дзядзька Якаў з цёткай Матрунай. Гэта яны, найвялікшыя ў сведе прыхільнікі кіно і апекуны кіношнікаў, сталі прапускаць недысцыплінаваную кіношную брацію цераз вахцёрскі пакой, мінуючы хітрыя электронныя аўтаматы.

Калі Лазар Богша зайшоў у прахадную, электронны гадзіннік паказваў трынаццаць мінут сорак шэсць се­кунд на дваццаць другую гадзіну, а над экранам відэатэлефона вісела фанерная шыльдачка з па-мастацкуаформленым надпісам: "часова сапсуты". Надпіс гэты паявіўся якраз тады, калі дырэктар па мянушцы "Ходзікі", так і не дачакаўшыся геніяльнага фільма, перамяніў дырэктарскае крэсла студыі на дырэктарскае крэсла на мясакамбінаце...

Убачыўшы Лазара Богшу, дзядзька Якаў падхапіўся з услона, на якім сядзеў і сёрбаў з салдацкага кацялка капусту з грыбамі.

— Здравія жадаю, Лазар Васільевіч, — весела прывітаў ён Лазара Богшу. — Даўно вас не бачыў. Але чуў, чуў і радуюся вашым поспехам. Як вам працуецца, Ла­зар Васільевіч? Я ў тым сэнсе, ці хутка вы парадуеце народ высокамастацкім творам, які ён з нецярплівасцю чакае?

— А вы, дзядзька Якаў, ці не наступілі на корак? — папытаў Богша.

— Наступіў, — прызнаўся дзядзька Якаў. — А чаму наступіў? Бо не мог сцярпець крыўды.

— Якой крыўды?

— А такой, што нанёс мне ваш сябар Кірыла Лыкавязаў.

— Якую ж крыўду мог нанесці вам Лыкавязаў? — спытаў Лазар Богша.

— А такую, — упарта загаварыў дзядзька Якаў, — па сакрэту вам кажучы, што вашу карціну лаяў, казаў, што яе "закрывают", і "закрывают" вельмі правільна. А я цаню вашае мастацтва, бо вы, Лазар Васільевіч, геніяльны мастак і чалавек не скажу што зусім бездакорны, але затое сумленны...

На кінастудыі жартавалі: не думай, што ты геній нават тады, калі табе адразу прысудзяць дзве прэміі — Аскара і Нобеля. Ты — геній, калі дзядзька Якаў скажа, што ты геніяльны мастак.

Жарт жартам, але дзядзька Якаў сапраўды належаў да той часткі народанасельніцтва свету, на якіх і трымаецца мастацтва. Дзядзька Якаў быў не проста адданы кіно, ён быў фанатычна і бескарысліва адданы яму.

Дзядзька Якаў ведаў творчыя кадры кінастудыі не па анкетах, характарыстыках ды фотакартках тры на чатыры, а, як ён сам казаў, "з нутра, якое да паперы не прыклеіш". Бадай, кожны кіношны рэжысёр на самым пачатку свайго крыжовага шляху ў кіно, калі бывала пуста не толькі ў кішэнях, але і ў жываце, не раз быў выручаны дзядзькам Якавам і цёткай Матрунай і пазычанай траячкай, і міскай гарачай капусты, і нават чаркай настойкі з таго куфра, што заўсёды стаяў у вахцёрскай.

— Дык во, Лазар Васільевіч, чаму я наступіў на корак, — казаў на развітанне дзядзька Якаў, — не магу адобрыць намеру Кірылы Мацвеевіча, а вам, Лазар Васільевіч, шчыра зычу трымацца і не здавацца...

3 такім надарожным словам можна было ісці не толькі на пасяджэнне мастацкага савета, але нават на штурм непрыступнай крэпасці.

Лазар Богша незаўважна перасек двор, змрочны калідорны тамбур і апынуўся ў цёмным і доўгім, як Сімплонскі тунель, калідоры. Яго адразу ж наскрозь працялі нябачныя магнітныя сілавыя лініі неадольных супярэчнасцей. Гэта было не проста адвольнае адчуванне нечых страсцей; тут жылі, уладарылі ягоныя бурныя страсці, страсці ягонай душы, якая ніколі не пакідала студыйныя сцены. Лазар Богша мог хадзіць, дзе яму ўздумаецца, — душа заўсёды заставалася на студыйным калідоры, чакаючы ягонага вяртання, як чакае свайго гаспадара прывязаны на ланцуг сабака.

Лазар Богша на імгненне спыніўся, акінуў калідор уважлівым і як бы здзіўленым позіркам. На ім, па або­два бакі, выстраілася шарэнга шкляных дзвярэй, а над імі на металічных кранштэйнах віселі аднолькавыя шыльдачкі з умоўнымі і няўмоўнымі назвамі будучых фільмаў. Ля кожных дзвярэй стаялі купкі кіношнай браціі, для якой студыйны калідор быў домам, клубам, хра­мам, брацкай магілай, вечным раем і вечным пеклам — усім і адразу.

Усё навокал было сваё, блізкае, зразумелае, роднае, надакучлівае, абрыдлае, але без чаго нельга было пражыць нават аднаго дня. Богша на ўсе грудзі дыхнуў студыйным паветрам; яно імгненна разлілося па целе, зрабіла яго бязважкім, нячутным. Абвостраным заста­лося толькі пачуццё.

"Калі-небудзь я напішу ўспаміны пра студыю, — падумаў Лазар Богша, не вельмі ўяўляючы гэта далёкае "калі-небудзь". — I назаву іх "Сагай аб студыйным калідоры". Так, так, іменна сагай аб калідоры. Бо студыйны калідор — бурная рака чалавечых спадзяванняў і мар, у якой нараджаюцца і геніяльныя і бяздарныя задумы. Рака, дзе на крутых перакатах віруюць бурныя страсці".

Падумаўшы так, крыху напышліва, але даволі дакладна, Лазар Богша адчуў чыесьці біятокі, што выклікалі ў яго вострае раздражненне. Біятокі былі падобны на надакучлівы камарыны звон ля вуха, ад якога хаце­лася адмахнуцца. Галава Лазара Богшы інстынктыўна павярнулася на пазыўныя чужых біятокаў, а вочы, як тыя лакатары, адразу ж засеклі ў кіношнай масе Кірылу Лыкавязава.

Кірыла Лыкавязаў стаяў у паставе бога Саваофа, калі той задумаў стварыць свет: карцінная прыгорбленасць ад цяжару, які сам жа на сябе ўзваліў; упэўненасць — я ўсё магу; рашучасць — няма чаго адкладаць на заўтра тое, што можна зрабіць неадкладна; нахабства — што ні зраблю — нідзе не дзенецеся; недаступнасць — а вы мяне за бараду не возьмеце, і наогул я стаю вышэй крытыкі. Кірыла Лыкавязаў заўсёды стаяў у такой паставе. Дарэчы, ад бога яго розніла тое, што бог, агледзеўшыся, крытычна зірнуў на працу сваіх рук і ледзьве не знішчыў усё ім зробленае. Кірыла Лыкавязаў лічыў, што ўсё ім зробленае — геніяльна і павінна жыць вякі.

Усё гэта прамільгнула ў галаве Лазара Богшы, і ад­разу ж сага аб студыйным калідоры набыла іншае гучанне.


Эпізод другі (рэтраспекцыя): эпіталама для Цюкі


Трое былінных асілкаў — Ілья Мурамец, Дабрыня Мікіціч і Алёша Паповіч — выехалі на край лесу, апынілі коней, захопленыя навакольным хараством. Перад імі, проста пад нагамі, клубіўся ў даліне густы белы ту­ман, чамусьці баючыся падняцца сюды, на высокі беpar, асветлены месяцам-поўняй. Злева, апырсканае ме­сячным ззяннем, распасціралася ўзгоркавае поле: чорныя плямы ценяў і ярка высвечаныя шапкі пагоркаў. Справа таямніча замёр лес — магутнае палатно: на пярэднім плане кожнае дрэва выпісана выпукла, сакавіта, падсвечаіна святлом, як умелі пісаць імпрэсіяністы, за гэтымі асветленымі дрэвамі ляжаў чорны цень, з якога дзе-нідзе цьмяна выступалі сілуэты дрэў-пачвар. Хораша і жудасна! Але самае незвычайнае было ўсё ж за ракою, якая агінала доўгую высокую граду. Туман хаваў граду. Таму здавалася, што дрэвы растуць з пены, нават не растуць, а старчма вісяць у паветры і пяюць.

Спявалі, папраўдзе, не дрэвы, а нейкая спявачка — не вельмі чыстае, затое густое кантральта. Ёй утураваў нетаропкі говар звычайнай сяміструннай гітары. Голас спявачкі і рокат струн даляталі з туману, як з-пад зямлі. Гэта было казачна прыгожа. Ад самага месяца цягнуліся да зямлі струны. Усё плыло і звінела, і пад гэты звон спявачка выконвала нешта цыганскае, раздольнае і тужлівае; іменна выконвала — чулася яе жаданне кіраваць голасам, гітарай, струнамі, што былі нацягнуты між небам і зямлёй, усёй планетай і месячнай ноччу.

Алёша Паповіч у выкананні студэнта інстытута кінематаграфіі Лазара Богшы на імгненне ўявіў спявачку: турэцкую хустку на голых плячах, доўгую, з кветкамі па падоле спадніцу, маленькі тамбурын у левай, адкінутай назад руцэ. Як на той карціне "Паміж песняй і тан­цам", рэпрадукцыя з якой вісела ў іхняй хаце.

— Здаецца, трапілі ў самы цот, — азваўся Ілья Мурамец, ён жа Налім Чыктабаеў, шыракаплечы, каратканогі і няўклюдны, як і належыць быць чалавеку, што трыццаць тры гады прасядзеў на печы, не маючы сілы адарваць сваю моц ад гарачага чарэна. — Цюка спявае...

— Хораша спявае, — задумліва прамовіў Дабрыня Мікіціч, ролю якога выконваў дужа вядомы кінаакцёр Вадзім Матачкін. — Між іншым, яе прабавалі на ролю Марыны, але мастацкі савет не зацвердзіў...

— Зроду не чуў такога голасу і імя — Цю-ка! — сказаў Алёша Паповіч.

— Гэта яшчэ што, — выгукнуў Ілья Мурамец. — Цюкі трэба баяцца. Не адзін праваслаўны склаў да яе ног даспехі, а потым або сам уцякаў, або яго вытурвалі выспяткам пад зад...

— Ілья Мурамец, — голасам ролі сказаў Дабрыня Мікіціч, — кінь нагаворвадь. Хіба мы не былінныя асілкі? А ты страшыш нейкай Цюкай.

— Тады паехалі, — сказаў Ілья Мурамец.

Яны дружна кранулі павады. Тры разнамасныя кані, прывыклыя карцінна выгінаць шыі, калі нацягнуты па­вады, пачуўшы волю, рушылі з месца. Дарога збягала ўніз, у туман. Яна была пясчаная і добра разбітая, асабліва ля ракі на пераездзе. 3 туману выступаў мост, пахілены набок, без насцілу.

— Трэці год тут здымаюся, — сказаў Дабрыня Мікіціч, — а моста ніяк не зробяць. Галаву адарваў бы старшыні калгаса. Бывае, машына ці трактар завязнуць, па двое сутак не могуць выцягнуць, а моста не рамантуюць, бо па ім, бачыце, усе, у тым ліку і мы, кіношнікі, ездзяць. Тып!

Hi Ілья Мурамец, ні Алёша Паповіч не адказалі. Конi, напіўшыся рачной вады, вынеслі седакоў на той бераг. Дарога за рэчкай крута павярнула направа ў калідор з навіслых над ёй ляшчын. Калі калідор гэты кончыўся, казачныя асілкі ўбачылі зусім не казачны касцёр, а ля яго сілуэты "тубыльцаў". Тубыльцы, мабыць, пачулі іх, бо раптам узняўся гоман і мітусня. Асілкаў у адно імгненне сцягнулі з коней, пачалі ціскаць у абдымках, соваць у рукі шклянкі і бакалы, бутэрброды і лімоны.

Нарэшце ўсіх трох пасадзілі на выглянцаваную ад доўгага карыстання калоду. У касцёр падкінулі дроў, каб полымя шугала пад самае неба. Нехта тройчы пляснуў у далоні — з будана паявілася рудавалосая, аж ярка-медная ў водблісках полымя, нявіннавокая дзяўчына. На ёй шырокімі складкамі спадаў уніз хітон. У прыгожых руках яна несла нікеляваны паднос, на якім ста­ялі тры бакалы, падобньпя на тыя, у якіх падаюць марожанае. Полымя кастра адбівалася ў падносе, бакалах і ў вачах рудавалосай прыгажуні.

Усе тры асілкі ўзняліся — рукі навыцяжку, як стаялі на здымках перад светлым абліччам грознага і святога князя Уладзіміра. Усе трое глядзелі на дзяўчыну з легенды. Яна заспявала велічальную густым, але крыху фальшывым кантральта.

Алёша Паповіч глядзеў на дзяўчыну не мігаючы, забыўшыся на ўсе перасцярогі Ільі Мурамца. У яго аж вырывалася з грудзей сэрца. Дзяўчына таксама глядзела на яго. Прынамсі, так здавалася яму. Спявала велічальную толькі для яго. Ён дрэнна цяміў. У ім нешта адбывалася, але ён не разумеў што. Ён кудысьці імчаў з хуткасцю святла, а можа, стаяў на адным месцы ўжо не адзін мільярд гадоў — так доўга яна ішла да яго, а можа, ён да яе. У бясконцым сусвеце ўсё адносна.

Як з глыбіні тысячагоддзяў Алёша Паповіч пачуў сваё імя (уласнае імя, якім некалі назвалі яго родныя бацька з маці), тонкія далікатныя пальцы ўзялі з падноса бакал і паднеслі яму. Сапраўды яму! Не якому-небудзь Ільі Мурамцу ді Дабрыні Мікіцічу, а менавіта яму, Алёшу, якога празвалі Паповічам.

Ён узяў бакал, стаў на калені і, пазіраючы знізу на дзяўчыну, выпіў бакал да дна.

Тубыльцы гучна пляскалі ў далоні і весела крычалі: "Брава! Брава!"

Дзяўчына праспявала велічальную Ільі Мурамцу, по­тым Дабрыні Мікіцічу, хоць той быў больш славуты акцёр. Ілья Мурамец пацалаваў дзяўчыне руку, а Дабрыня Мікіціч — цмокнуў у шчаку. Зноў усе загаманілі, замітусіліся.

— Мяне ўсе завуць Цюкай, — падышоўшы да Бог­шы, сказала дзяўчына і падала руку. — А вас Лазарам Богшам? Я помню вас па карціне "На заставе ў чэрвені". Так?

— Так, — радасна ўсміхнуўся Лазар Богша. — Мне здаецца, што і я недзе бачыў вас.

— Можа, вы былі ў нашым Гітысе? Я там вучуся. А можа, вам пра мяне гаварыў Кірыла Лыкавязаў? Што ён гаварыў? Хоць гэта не мае ніякага значэння. Ты мне вельмі падабаешся...

Цюка адразу, без усялякай падрыхтоўкі, перайшла на "ты" і прызналася ў сваёй захопленасці ім. Лазара Богшу гэта не вельмі здзівіла: ён прывык да акцёрскай экстравагантнасці.

— Вы таксама падабаецеся мне, — сказаў Богша.

— Тады нам няма чаго называць адно аднаго на "вы". Хочаш, пройдземся, бо тут вельмі тлумна?.. Ча­кай, я вазьму куртку — пад раніцу бывае холадна.

Яна вярнулася хвіліны праз тры, узяла Лазара пад руку.

— Куды мы пойдзем? — спытаў ён.

— 3 табой хоць на край свету, — адказала яна. — Шкада, што зараз туман, я паказала б табе адну дзіўную мясціну.

— Усё адно пойдзем паглядзім.


***

...Сцяжынка забіралася ўгору між стромкіх соснаў. Чым вышэй падымаліся яны, тым радзейшы станавіўся туман; месячнае святло прабівалася і скрозь вершаліны соснаў і скрозь туман.

Гоман даўно застаўся далёка ззаду. У бары стаяла валкаватая глухата — ні шолаху, ні гуку. Толькі пад нагамі часам трашчаў сухі сучок. Цюка мацней прытулілася да Богшавага пляча.

— Ты не баішся лесу? — шэптам спытала яна.

— Не, — адказаў ён. — Я люблю лес. Я вырас у лесе. Мой бацька быў лесніком.

— Як здорава! — выгукнула Цюка, а Лазар падумаў, што ў яе захапленні не адчулася шчырасці. — А дзе ён быў лесніком?

— У Беларусі... У Полацкім раёне. Можа, чула пра Полацк? Там, непадалёку ад горада, ёсць цудоўная мясціна — Суя. Азёры і лес. Сасна і бяроза, узгоркі і сыпучыя пяскі.

— Ой, дык мы з табой землякі! Як гэта хораша! — цяпер ужо лішне горача, захоплена гаварыла Цюка. I зноў Богшу падалося, што захопленасць гэтая ненату­ральная. — Дасюль я не разумела, чаму ты спадабаўся мне адразу, а цяпер ведаю — мы ж землякі, у нас адна кроў. Праўда?

"Якое глупства! Што яна вярзе пра кроў, зямляцтва?" — падумаў Богша, аднак тут жа забыўся на свае думкі. Што ні кажы, а глупства казала прыгожая дзяўчына і не проста глупства, а мілае глупства, якое падабаецца нават самаму сур’ёзнаму чалавеку.

— А ты адкуль? Хіба таксама з Віцебшчыны?

— Не, але і я з Беларусі, з-пад Клецака. У нас так кажуць: не Клецк, а Клецак. Ты ніколі не быў у нас? Наша вёска — славутая. Калісьці ля яе была бітва рускіх са шведамі. Там і цяпер стаіць капліца з крыжам. Але ў нас няма лясоў, таму я баюся лесу нават днём.

Цюка яшчэ шчыльней прытулілася да Богшы, аж перашкаджала хадзе.

— Я вельмі рады, што сустрэў цябе, — сказаў Лазар, абдымаючы Цюку за плечы. — Ты нікому не дава­ла клятву вернасці?

— Гэта не мае значэння, — сказала Цюка, а памаўчаўшы, дадала: — Я толькі лічуся замужам...

— Чаму лічуся? — спытаў Богша, стараючыся не пададь выгляду, што ён здзіўлены нечаканым і не дужа зразумелым яе прызнаннем.

— Бо мы разышліся. Ты яго, відаць, ведаеш. Ён ваш, вгікаўскі. Кірыла Лыкавязаў.

— Кірыла?..


(Спартыўнага выгляду хлопец, падстрыжаны пад бокс, зайшоў у пакой і, спадылба глянуўшы на ўсіх ад­разу, спытаў добра пастаўленым голасам:

— Хто з вас Лазар Богша?

— Я, — сказаў Лазар, інстынктыўна прыўзняўшыся з ложка, на якім сядзеў.

— Выйдзем...

— Чаго?

— Морду біць буду...

Лазар падняўся і пайшоў. У калідоры ён павярнуўся тварам да небяспекі, шырока расставіў ногі, каб не адразу ўпасці. Спартсмен весела выскаляў зубы.

— Я — Кірыла Лыкавязаў, — сказаў ён. — Дай рублёў сто, бо сяджу на водмелі, а ты атрымаў з дому. Калі-небудзь і я цябе выручу.

— Ну, ведаеш! — узлаваўся Богша. — За такое...

— Даруй, — сказаў Лыкавязаў, — не хацелася пры тых жлабах прасіць. Хочаш, сам дай мне па мордзе, але і грошы пазыч. Я аддаю.)


— Чаго ты здзівіўся? — спытала Цюка.

— Усё неяк нечакана...

Лазар Богша інстынктыўна адхінуўся ад Цюкі. Яна зразумела так, як можна было зразумець.

— Але ў нас з ім парваны адносіны. I я вольная за­раз. Ды ён ніколі і не прэтэндаваў. Мы тады абое як страцілі розум.

— Усё адно, — сказаў Лазар Богша. — ён з нашага інстытута, значыць, брат, таварыш, сябар. Разумееш?

— Не. I не хачу разумець. Кірыла — дрэнь. Ён не можа быць тваім братам, нават сябрам. Ты не ўяўляеш, якая ён дрэнь...

— Перастань, я не хачу слухаць.

— Кірыла нікчэмная дрэнь, — упарта стаяла на сваім Цюка.

У спрэчцы яны і не заўважылі, што ўжо выбраліся з туману на сухі грудок у бары. Проста пад нагамі ў іх, як і тады, калі Богша ехаў сюды, пляскалася белае мо­ра туману, а з неба пад ногі слалася срабрыстая сцежка, сатканая з месячнага святла: ступі і пойдзеш на ме­сяц гэтак жа проста, як ішлі сюды, на гэты сухі гру­док.

— Праўда, хораша? — прашаптала Цюка.

Лазару здалося, што яна пачала растварацца ў ме­сячным ззянні.

— Вельмі...

— Тут хораша заўсёды: і днём, і ноччу, і ў раніцу, і пад вечар, калі заходзіць сонца. Але давай сядзем, бо ў мяне кружыцца галава.

Цюка кінула куртку пад няўклюдную, каржакаватую сасну. Села. А Лазар, як зачараваны, любаваўся наваколлем.

Поўня прайшла ўжо зеніт і цяпер хілілася да захаду, пакрысе губляючы сваё ззянне. Тады, калі яны ўтрох выехалі з лесу, палі здаваліся шырокімі і раздольнымі — агромністая лінагравюра з белых і чорных плям. Цяпер фарбы паспакайнелі, памякчэлі, а ўсё наваколле прыпадобілася да акварэлі ў багетавай рамцы. Затое неба раздалося, падвысілася; ледзь улоўная фіялетавая фарба кранула яго купал. Богша па прывычцы адразу ж знайшоў на схіле нябеснага купала Вялікую Мядзведзіцу — сем ужо няяркіх зорак, а вышэй, над рэдзенькім парасонам сасны — Палярную зорку. То былі зоркі яго маленства. Дзе б ні глянуў на неба, знайшоўшы гэтыя зоркі, ён адразу прыгадваў Полаччыну, возера Сую і сваю вёсачку на пясчаным беразе. Тым часам на ўсходзе ўжо абазначылася ружаватая стужка світання.

"Як хутка ноч мінула, — у думках сказаў Богша; ягоныя грудзі распірала замілаванасць да свету і прыналежнасць да яго. — Адкуль гэта? А-а-а, Пушкін..."


(У Ленінградзе ён, Богша, нахадзіўшыся па вуліцах і плошчах, такіх славутых, што аж страшна было дыхаць, каб не абразіць гісторыю сваім дыханнем, зайшоў у музей-кватэру Аляксандра Сяргеевіча. Быў абедзенны час, але яму дазволілі зайсці. У музеі — нікога. Адзін ён і жанчына, што пусціла яго.

— Можа, вам расказаць? — спытала яна.

— Дзякую, не трэба...

Толькі яшчэ на развітанне ім было сказана тры словы — падзяка за дазвол пабыць у святой кватэры паэта. Астатні час Богша правёў у маўклівай засяроджанасці. Яму здавалася, што вось-вось з дзвярэй выйдзе сам Пушкін, можа, каб узяць кнігу, а можа, каб выйсці на вуліцу, падыхаць сырым пецярбургскім паветрам. Богша стаяў аглушаны сваёй далучанасцю да Пушкіна. Яму было страшна ад гэтай далучанасці да вялікага генія, але і шчымліва-радасна адчуваць сябе сучаснікам Пушкіна.

Во калі ў яго ўпершыню мільгнула думка стварыць фільм пра аўтара "Слова аб палку Ігаравым". Чаму раптам Пушкін і аўтар "Слова"? Бо Лазар Богша тады ўявіў аўтара "Слова" такім жа гарэзай, якім быў Пушкін. А што, хіба не так? Напісаў і радасна выгукнуў: ай, ды "аўтар", ай, ды малайчына, напісаў насуперак класічнаму Баяну. I не проста напісаў, а выказаў, што хацеў. Можаце караць, але ўсё роўна сказаў тое, што думаў. Не сіропную, мядовую праўду, а суровую праўду сваіх дзён. Ай, ды аўтар! Мог, мог крыкнуць ён, напісаўшы "Слова" не па канонах Баянавых. Гарэза!.. Хіба не Пушкін?!

"Хто мы ў гэтым Сусвеце, — думаў тады Богша, стоячы перад нізенькім сталом, за якім геній ствараў свае “бессмяротныя творы, — пылінка, народжаная крушэннем светаў, ці ўвесь Сусвет у адной пылінцы? Я чую нейкае адкрыццё, але не магу выказаць яго даступнымі ча­лавеку сродкамі. Яны прымітыўныя, а тое, што я адчуваю, надзвычай складана. Можа, я не саспеў, каб выказвацца пра такія складаныя рэчы? Пушкін мог бы вы­казаць маё адчуванне. Я — не магу. А што, калі і Пушкін не змог бы словам выказаць тое, што адчуваю я? Слова не самы дасканалы матэрыял для перадачы пачуццяў, што распіраюць грудзі. Хоць напачатку было слова. А што, калі напачатку было не слова? У людзях гінуць мільярды мільярдаў прыгожых, непаўторных, высокіх пачуццяў толькі таму, што няма сродкаў, каб матэрыялізаваць іх. Але я знайду такія сродкі...")


— Пра што ты думаеш? — спытала Цюка.

Яна сядзела абапёршыся спінаю аб сасну, выцягнуўшы доўгія ногі.

— Пра нас з табой у сусвеце. Пад гэтым небам з яркімі зоркамі любіў, а можа, ненавідзеў сляпы Гамер, Пушкін ехаў на апошнюю дуэль са светам, Блок вар’яцеў ад суму загарадных дач. Мы насельнікі аднаго пакоя...

— Хадзі, сядзь ля мяне, — сказала Цюка, працягваючы да яго рукі. — Я баюся нечага. Можа, вечнасці, пра якую ты сказаў. — А калі ён прысеў, дадала: — Лазар, я дужа зямная і грэшная. Не трэба гаварыць пра сусвет...

— Ты — святая грэшніца, — сказаў ён, прысеўшы на куртку. — Я кахаю цябе...

Лазар Богша абняў Цюку. Яна падставіла гарачыя пухлаватыя вусны. Яны цалаваліся да самага ўсходу сонца, нічога не заўважаючы, нічога не разумеючы.

Вакхічная ноч, як сказаў бы Пушкін.

— Чаму ты не ўзяў мяне? — спытала Цюка, як бы ачнуўшыся ад салодкага сну і зразумеўшы, што то быў не сон, а ява.

— Я вельмі кахаю цябе. Я не разумею, як мог існаваць без цябе. А цяпер мне трэба ехаць. Наш стары прачынаецца рана. Сёння будзе здымацца вельмі складаны эпізод. Увечары я прыеду да цябе.

— Увечары мяне не будзе. Наша група закончыла здымкі. Вернешся ў Маскву — сустрэнемся. А ўсё ж дарэмна ты не ўзяў мяне...

Яна прапаноўвала сябе з такой непасрэднасцю, нібы хацела напаіць вадой. Лазару было няёмка, хоць ён не лічыў сябе цнатлівым хлапчуком.

— У нас наперадзе ўсё жыццё, — сказаў ён, — каб належаць адно аднаму, не надакучаючы.

— Пойдзем пакупаемся, — прапанавала Цюка. — Тут пад кручай ладная затока...

Не чакаючы яго, яна пачала спускацца пад кручу.

Лазар Богша пайшоў за ёю. Сцежка гублялася ў сыпучым пяску. Рака тут год за годам падмывала бераг і з часам утварыла даволі вялікую затоку.

Цюка зняла свой хітон ці балахон, потым квяцісты бюстгальтар і сінія трусікі. Яна раздзявалася з такім натуральным спакоем, што Богша западозрыў, а ці не іграе яна якую-небудзь ролю. На захадзе ў кіно ўжо раздзявалі жанчын — толькі пакуль раздзявалі...

Раздзеўшыся, Цюка па пяску падышла да затокі, скалыхнула застылую ваду нагой; тры дрогкія кругі пабеглі па вадзе да таго берага. Цюка паплыла ўслед за імі, падганяючы вострымі ключыцамі яшчэ адну хвалю пругкай вады.

"Яна і праўда святая грэшніца", — падумаў Лазар Богша. Таропка скінуўшы з сябе адзежу, ён з разгону нырнуў у ружаватую ад нізкага сонца ваду. Яна аказа­лася халаднейшай, чым ён уяўляў. Аж зайшлося ды­ханне. Затое адразу прапаў сон.

Недзе ў бары Ілья Мурамец і Дабрыня Мікіціч гу­калі яго: ого-го-го-го-о-о-о! Богша насціг Цюку. Абняўшыся, яны пацалаваліся яшчэ раз, наглыталіся халодяай вады.

— Мяне клічуць, — сказаў Богша.

— Я чую. Буду нецярпліва чакаць цябе ў Маскве.

— Я знайду цябе...

Яны паплылі да берага, у адзін такт робячы махі рукамі. Калі яны вылезлі на бераг, Цюка папрасіла:

— Адвярніся. Мне чамусьці сорамна. Я адзенуся...

"Яна нечаканая, — падумаў Лазар Богша. — Як до­бра, што я паехаў сюды. Тут чакаў мяне мой лёс".


***

Інтэрнат быў пусты, як торба, з якой усё вытраслі. Студэнты, выкладчыкі, адміністрацыя — усе паехалі ў падшэфны калгас. Богша падумаў і махнуў да іх, да Цюкі.

У Фірсанаўцы ён злез. Калгас, дзе працавалі гітысаўцы, быў недзе за лесам. Ужо стаяла падмаскоўная восень — вельмі празрыстая, вельмі сухая, аж шчымліва ныла сэрца. У празрыстым паветры выразна бачылася кожнае дрэўца з пажоўклай лістотай.

Лазар ніяк не мог даўмецца, чаму Цюка паехала ў калгас: магла б не ехаць. Але яму было прыемна, што яна паехала.

За лесам на пагорку тужыла вёска. Богша прайшоўся па вуліцы з канца ў канец — нікога. Схадзіў у пасёлак за ручаём. I там нікога не сустрэў. Нават сабак не было. Трэба вяртацца ў Маскву. ён сеў на лаўку пад рабінаю, каб адпачнуць на дарогу. Высока ў небе ляцелі ў вырай жураўлі. Ён доўга сачыў за імі, пакуль жураўліны ключ не ператварыўся ў ледзь прыкметны пункцір на яркім блакіце неба. Тады пачуў, што з поля вяртаюцца калгаснікі.

Дзве грузавыя машыны спыніліся ля адзінага на ўсю вёску калодзежа. Людзі весела саскоквалі на зямлю, атрасалі дарожны пыл. Богша ва ўсе вочы выглядаў Цюку.

— Лазар, Лазар! — закрычала Цюка, паяўляючыся з-за другой машыны. — Ой, Лазар, адкуль ты?

Яна павісла ў яго на шыі, так шчыра заплакала, што ён разгубіўся. Іх абступіў цікаўны натоўп.

— Гэта мой жаніх, — крыкнула Цюка, нібы баялася, што Лазара могуць адабраць. — Няма чаго смяяцца...

Між тым ніхто не смяяўся.

Гадзіны праз дзве Лазар Богша з Цюкай — Кацярынай Ляўдак па пашпарту — ужо сядзелі ў сельсавеце пры старым, паедзеным шашалем стале, рэгістравалі свой шлюб пад акампанемент сварлівай сельсавецкай прыбіральшчыцы.

— Прыспічыла ім, глядзіце сюды, на ноч не зважаючы, распісвацца! Каб мая воля, дык я вас мятлой распісала б... Пабачце яе, яшчэ нечага лыбіцца. Замуж ідучы — плакаць трэба...

— Памаўчы, Акуліна, — цыкнуў на прыбіральшчыцу старшыня. — Закрый шлюзы на ўсе застаўкі.

— А ты мне не ўказвай, во што, — не паслухала прыбіральшчыца. — Я за праўду стаю...

Тым часам маладзенькая сакратарка выпісала шлюбнае пасведчанне. Лазар Богша заплаціў пошліну, падняўся, каб ісці.

— Чакай, — спыніў яго старшыня, — пацалавацца трэба. Па абраду, які нам зверху прадпісаны, каб нечым адрозніць рэгістрацыю шлюбу ад рэгістрацыі смерці...

Яны былі абое маладыя, а таму ўсё ўспрымалі з гумарам. Ім было весела і там, у сельсавеце, і пасля, на студэнцкім вяселлі ў калгасе.

Пасля вяселля тры студэнткі, якія кватаравалі з Цю­кай, вызвалілі маладым хату, гаспадыня паслала шлюбны ложак — лішняя перасцярога вясковай цёткі, не пазбаўленай забабонаў, — і сама таксама сышла да суседзяў.

Лазар з Цюкай засталіся адны на ўсю хату. Іх рап­там ахінула цішыня, стала пуста і гола навокал. Яны разгублена маўчалі.

— Будзем класціся спаць, — сказаў Лазар.

— Будзем, — як рэха, адгукнулася Цюка.

Лазар выключыў святло, асабліва яркае пад раніцу. У хаце стала цёмна хоць выкалі вока. Ён пайшоў у тым кірунку, дзе стаяла Цюка, выставіўшы перад сабой рукі. Крокаў праз пяць ягоныя рукі ўпёрліся ў сцяну. Цюкі не было. Запальнічка на нейкае імгненне выхапіла з цемры ложак, дыванок на сцяне з белымі лебедзямі і Цюку ўпоперак ложка ў "вянчальным уборы". Ен лёг ля яе таксама поперак ложка.

— Я кахаю цябе, Каця, — сказаў ён і дакрануўся губамі да яе твару. Цюка плакала — твар быў мокры ад слёз. — Чаго ты, Каця? Мы будзем хораша жыць...

— Гэта ад шчасця, — сказала яна і паклала цёплую далонь на яго галаву. — А шчасце, як тая жар-птушка, дастаецца толькі дурням. Альбо я дурніца, альбо злавіла не шчасце, а міф, прыгожую казку...

Лазар Богша не мог здагадацца, што трывожыць Цюку, чаму яна загаварыла пра шчасце. Яму хацелася ведаць, чаму ў яе так крута змяніўся настрой, але ён разумеў камічнасць сітуацыі — у шлюбную ноч трэба займацца не размовамі, а каханнем.

— Ты забылася, што дурны Іванка быў зусім не дурань, — усё ж сказаў ён. — Дурнямі былі ягоныя браты, бо не той дурань, што завецца дурнем, а той, хто застаецца ім...

— Дзіўна, — пасля нядоўгага маўчання загаварыла Цюка іншым тонам, — але я адчуваю сябе зусім маленькай дзяўчынкай. Лазар, я дужа брыдкая, і ты, вя­дома, чуў пра гэта. Таму я і адчуваю сябе маленькай, што хачу быць чыстай перад табой.

— Але я нічога не чуў, — сказаў Богша.

— Не трэба хлусіць, — папрасіла Цюка. — Не трэ­ба хлусіць. Я праўда брыдкая. Але я буду вернай і добрай. Чаму я была брыдкай? Бо мне падабаліся дасюль усе. I я не магла нікому і ні ў чым адмовіць. Разумееш? Не, ты не разумееш. Кажуць, што разбэшчаная сексуалка. Гэта няпраўда...

— Навошта ты, Каця?

— Добра, не буду. Але не абдымай мяне...

Лазара Богшу нядобра кальнула думка: "Нагулялася..."

— Я кахаю цябе — астатняе мяне не цікавіць, — ён пачаў цалаваць яе твар лёгкімі, як ранішнІ ветрык, пацалункамі.

Цюка не адхілялася, але і не адказвала на пацалункі: я твая рэч і ты маеш права мною карыстацца — во што азначала яе абыякавасць. Богша зразумеў гэта. Яе абыякавасць пакрыўдзіла яго. У хаце пасвятлела, а мо­жа, вочы прывыклі да цемры. Але столі не было відаць. Богша не разумеў, чаму яму абавязкова хочацца ўбачыць столь.

— Не крыўдуй, — сказала Цюка, — я таксама ка­хаю цябе. Вельмі кахаю. А ці праўда, што ты быў у Германіі? Чаго ты паехаў туды?

— Мяне вывезлі, — рэзка сказаў Богша.

— Хочаш, я раскажу табе пра сябе? — спытала Цюка.

— Навошта?

— Тады пойдзем пагуляем. Я баюся цёмных начэй. Але з табой мне будзе не страшна.

— Лепей паедзем у Маскву. Што нам тут рабіць? — прапанаваў Богша.

— Паехалі, — вельмі ўзрадавалася яна. — У Маск­ву... У вечны тлум... Цішыня прыгнятае...

Лазар запаліў святло. Яны сабралі рэчы і пайшлі ў ноч. Падсвечаныя агнямі Сходні і Хімак, а можа, і яшчэ якіх пасёлкаў, па небе беглі шпаркія хмары, сівыя і калматыя. Яны хоць крыху асвятлялі чорную астылую зямлю.

Цюку як бы падмянілі: яна зноў стала пяшчотнай і ласкавай. Яны ішлі праз лес, моцна прытуліўшыся адно да аднаго, і цалаваліся. Цалаваліся і потым, у пустым вагоне электрычкі.

У Маскву прыехалі рана. Гарадскі транспарт яшчэ не хадзіў. Сонны таксіст падкінуў іх да Богшавага інтэрната.

— Дзе цябе нячыстая сіла носіць? — разбуджаная Богшам, спытала вахцёрка цётка Луша і, убачыўшы Цюку, рашуча загарадзіла дзверы. — 3 дзеўкай не пушчу. Мне і так дастаецца ад каменданта.

— Цётка Луша, але ж гэта мая жонка. Во глядзі штамп. Запісаліся мы. Каця, пакажы пашпарт...

Цётка Луша паглядзела пашпарты, замігала кароценькімі вейкамі, збіраючы дробныя слёзы.

— Што ж ты адразу не сказаў, нячысцік. Ачалавечыўся хоць. Дай я абдыму цябе, бяспутная твая гала­ва... А ты, дзеванька, трымай яго ў руках. Іх, мужчын, усіх у руках трымаць трэба, але і глядзі яго. Мужчыны, як дзеці...

Цётка Луша пацалавала спачатку Лазара, а потым ужо і Цюку. Яны хацелі падымацца на паверх, як цётка Луша паклікала Богшу.

— Лазарка, дык я ледзьве не забылася, табе тут запіска ёсць. Ехаць табе трэба, неадкладна.

Лазар разгарнуў запіску: "Сцэнарый дыпломнай ра­боты зацверджаны. На студыі трэба быць не пазней семнаццатага".

Гэта было, бадай, самае неверагоднае з усіх неверагоднасцей сённяшняга дня. Яго ўласны сцэнарый, які ён напісаў для сваёй жа дыпломнай работы, быў за­цверджаны...

— Мне, Каця, шанцуе сёння, — сказаў ён, падаючы ёй запіску. — Шанцуе, аж не верыцца. Але цяпер паедзем на студыю разам. Я здыму цябе ў галоўнай ролі. Гэта будзе твая першая роля ў маім фільме. А потым ты будзеш іграць усе астатнія ролі...

— Лазар, я хачу спаць, — сказала Цюка.




***

Чорны стары паравоз лянотна пыхкаў парай, як Лазараў дзед, таксама Лазар, люлькай. Яны абодва — дзед Лазар і паравоз — былі старыя і абодва любілі пыхкаць люлькай. Іх падабенства ўразіла Лазара Бог­шу. Лазар спыніўся перад паравозам, падміргнуў яму, як, бывала, падміргваў дзеду.

— Здароў, дзед, — сказаў Богша паравозу і, зняўшы толькі што куплены капялюш, пакланіўся, як кланяюцца дужа дарагому чалавеку. — Даўно я цябе не бачыў, дзед. Як ты трываеш? Усё пыхкаеш люлькай. А адна кропля нікаціну забівае каня. Так кажуць вучоныя, якія, між іншым, самі труцяць сябе і не толькі нікацінам, а і зайздрасцю, якая ў тысячу разоў больш атрутная.

Аднекуль зверху, як з неба, пачуўся захоплены го­лас:

— Во набраўся, во вылузваецца!..

Голас з неба быў знаёмы, недзе некалі чуты. Богша ніяк не мог даўмецца, адкуль далятае голас, ці не з ну­тра паравоза?

— Гэй, ты, нябога, пацалуй свайго дзеда ў тэндар. Толькі спярша вытры губы, — здзекліва параіў усё той жа голас.

Перамогшы неймаверную цяжкасць, Лазар Богша ўзняў вочы ўгору. Там, у няяркім вакзальным святле, з чорнага акенца-рамы паблісквалі чыесьці белыя зубы на чорным твары.

— I пацалую,— з п’янай настойлівасцю і задзірыстасцю сказаў Богша.

Ён і праўда хацеў ужо цмокнуць паравоз у круты бок, абы не бачыць насмешлівыя зубы, як той жа голас прыкаваў яго да месца:

— Дзядзька Нічыпар, глянь, гэта ж Лазар!.. Каб мне з месца не ўстаць, калі гэта не дзядзькі Васіля Лазар...

Богша, як аглушаны доўбняй, пакруціў галавою, бо ніяк не мог здагадацца, хто пазнаў яго. У вачах нечага дваілася, траілася, то знікала, то зноў паяўлялася. А з вышыні тым часам высыпалася на перон паўтузіна чорных смярдзючых чарцей. Яны схапілі Богшу ў абдымкі, аж у таго праяснела ў вачах, а паўтузіна чарцей нейкім цудам ператварылася ў аднаго зусім рэальнага чалаве­ка, сябра па дзяцінству і пракудах, нават нейкага родзіча — сёмая вада на кісялі — Радзівона Трошку.

— A я гляджу: ты ці не ты? Аж бачу — ты. Дамоў едзеш ці праводзіш каго?..

Лазар Богша задумаўся. Думкі то скакалі галопам, то паўзлі слімаком.

— Здаецца — еду, — сказаў ён, выдзіраючы з сябе ўспамін, як здаровы зуб — з дзікім болем. — Буду здымаць фільм з Сюкай у галоўнай ролі.

Радзівон зноў выскаліў зубы.

— Чаму з сукай? Хіба з чалавекам не дазволілі?

— Не з сукай, а з Сюкай, — Лазар ніяк не мог вымавіць жончына імя. — Яна мне жонка, разумееш? Завуць яе Каця. Разумееш? Сюкай яе звалі бацькі. Зразумеў?

3 паравоза злез дзядзька Нічыпар. Не Богшаў дзядзька, а Радзівонаў. Ён выцер рукі, толькі пасля гэ­тага паздароўкаўся з Лазарам. Усё ў дзядзьку было грунтоўна, трывала, аж Лазару стала няёмка за свой выгляд і недарэчны паклон паравозу.

— Даруйце, я, здаецца, узяў лішак, — вінавата сказаў ён. — Учора ці пазаўчора я ажаніўся, у глаўку зацвердзілі мой сцэнарый, а цяпер во еду здымаць фільм...

— Маці ўзрадуецца, — сказаў дзядзька. — А цяпер табе, Васільевіч, у самы раз легчы. Ты ў якім вагоне едзеш?

Лазар Богша доўга шукаў білет. Нават быў усумніўся, а ці купляў ён білет наогул? I ці павінен куды ехаць? Але білет знайшоўся, і нават у купэйны вагон.

Радзівон узяў Лазара пад руку, павёў у вагон. Пе­рад вагонам тоўпілася так многа народу, што Богша спалохаўся: ці не задумалі ў ягоны гонар праводзіць мітынг?

— Гэта ўсе твае? — спытаў Радзівон у Лазара.

— Мае — гэта я сам, — сказаў Лазар, баючыся шумнага натоўпу. — Хадзем, я пазнаёмлю з жонкай.

Цюкі, аднак, нідзе не было відаць. Богша бачыў некага, хто брынчаў на гітары, яшчэ аднаго, які спрабаваў зацягнуць песню, сыценькую дзяўчыну, што складала далоні над грудзямі і ўсё паўтарала, закочваючы пад лоб вочы: "Я вас малю". Цюкі нідзе не было відаць.

— Нідзе твая жонка не дзенецца, — сказаў Радзівон, не дужа верачы Лазару наконт жонкі. — Хадзем, я цябе пакладу спаць...

Схапіўшы Лазара пад пахі, Радзівон запіхнуў яго спачатку ў тамбур, а потым і ў купэ. Лазар не супраціўляўся — адразу ж лёг. Лёг і праваліўся, як у чорную бездань. Спаў ён да самай раніцы...

Спачатку Лазар Богша расплюшчыў адно вока — баяўся пабачыць нешта вельмі жахлівае, — потым другое. Насупраць спала Цюка, уткнуўшы ў падушку маленькі зграбны носік.

"Усё, усё, — рашуча падумаў Богша, — цяпер за ра­боту! Я павінен зрабіць маленькі шэдэўр кінамастацтва, як Чаплін... Толькі шэдэўр! Лёс прыхільны да мяне: я пісаў сцэнарый для Цюкі, хоць не ведаў, што яна ёсць на свеце і нават вучыцца ў Гітысе. Але я пісаў сцэнарый іменна для яе".

Яму не цярпелася падзяліцца сваімі парываннямі з Цюкай. Ён ціхенька пакратаў яе за нос.

— Божа, а я думаю, хто мяне бярэ за нос. Мяне нiхто і ніколі не браў за нос, — сказала Цюка і расплюшчыла вочы.

— Ты самая прыгожая на ўсім свеце, — сказаў Бог­ша шэптам, але яна пачула яго і ўсміхнулася.

— Няпраўда, — пакруціла галавой, — але мне ўсё роўна прыемна. Я толькі вельмі баюся тваёй маці. Не ведаю чаму, але баюся. Яна снілася мне ўсю ноч...

— Дзівачка, пры чым тут маці? Мы будзем жыць у студийным інтэрнаце. Калі-небудзь пазней, калі я зніму карціну, мы забяром маці да сябе. Яна ў мяне добрая, і табе няма чаго баяцца яе.

— Лазар, не прытварайся, Лазар, — закінуўшы га­лаву назад, весела зарагатала Цюка. — Мы едзём да тваёй маці, на Сую...

Металічная бліскучая ручка ў дзвярах павярнула доўгую дзюбку на кароткай шыі — дзверы ад’ехаліся ўбок, схаваліся за сцяною. На парозе ў строгай чыгуначнай форме ўзнікла ружовашчокая істота.

— Добрай раініцы, — праспявала яна вельмі мілагучным голасам. — Вам хутка выходзіць, а вы ўсё лежыцё. Радзівон Максімавіч перадаваў, каб вы не спяшаліся, пачакалі яго.

Ружовашчокае дзіва паклала білеты на сталок і выйшла, зусім збянтэжыўшы Лазара Богшу.

— Ты што-небудзь разумеет? — спытаў Богша Цю­ку. — Нейкая фантасмагорыя, сон.

Цюка тым часам надзявала сукенку цераз галаву. Яна была заблыталася ў рукавах; перад вачамі Лазара нейкі час варушыўся Цюкін зад, туга абцягнуты трусікамі ў сіні гарошак. Потым сукенка схавала яго, Лазар узняў вочы — з проразі каўнерыка паявіўся Цюкін твар з насмешліва высунутым языком.

— Не трэба мяне разыгрываць, Лазар. Мы едзем да тваёй маці, а хто такі Радзівон Максімавіч, я, далібог, не ведаю. Ну, з’еў?..

— З’еў, — пагадзіўся Лазар Богша, хоць ніяк не мог прыгадаць, калі ён вырашыў ехаць да маці і калі сустрэўся з Радзівонам.

У Полацку ён не быў аж тры гады. Пакуль Радзівон Трошка бегаў па сваіх справах, Лазар павёў Цюку на круты бераг Дзвіны, з якога адкрываліся далягляды на Задзвінне.

Яны стаялі на аблыселым пагорку перад Сафійкай. 3 Балтыйскага мора дзьмуў вільготны, прапахлы асеннім лесам вецер. Там, адкуль дзьмуў вецер, дагараў пажар лісцёвага падлеска, агаляючы чорны, як абвуглены, яловы лес. Адтуль, з-за лесу, плылі парваныя на шматкі хмары, давалі драла ад нябачнага ворага. Праз кароткія прасветы ў рэдабоддзі хмар часам выглядала самотнае сонца. Пад ім, унізе, віравала, закручвалася ў тугія спружыны імклівая плынь Дзвіны. Сонца азарала яе і тут жа адварочвала свой ружовы лік — холадам патыхала ад ракі...

Захопленая хараством і веліччу, Цюка маўкліва і ўсхвалявана глядзела ўдалеч, туды, дзе між лясоў хавалася возера Суя. Так моўчкі яны стаялі доўга, па­куль балтыйскі вецер не працяў іх да касцей.

— Ці адчуў ты вечнасць? — спытала Цюка, калі яны ўжо сядзелі ў сталоўцы, якая чамусьці называлася чайной.

Чаю, аднак, у ёй не было, толькі спіртное, але затое на выбар. Яны ўзялі кахецінскае, селі за стол пры печы-цыліндры, акаванай ліставым жалезам і пафарбаванай пад золата, маўляў, ведай нашых, полацкіх! Печ дыхала сухой гарачынёй, і яны хутка сагрэліся.

— Чаму ты загаварыла пра вечнасць? — спытаў Ла­зар, уражаны жончыным пытаннем.

— Сама не ведаю, — сцепанула плечуком Цюка. — Ты не звяртай увагі. На мяне, бывае, такое находзіць. Калі мы стаялі на беразе ракі, я пачула, што вецер пахне грыбамі. Праўда, неразумна? Ніякай сувязі: пах грыбоў і вечнасць... А во, бачыш... Жаночая логіка.

— Чалавек хоць раз у жыцці павінен адчуць веч­насць, каб зразумець сваё месца ў яе бясконцасці.

— А калі ты адчуў вечнасць? — спытала Цюка.

Лазар Богша задумаўся. Сапраўды, калі? У дзяцінстве і дзедава жыццё здавалася вечнасцю. Але ж яно не магло прыйсці і тады, калі кожную хвіліну побач з ім стаяла смерць. Хоць не, менавіта тады ён адчуў веч­насць праз яе мімалётнасць, вечнасць, якая, здавалася, залежала ад простага эсэсмана — вартавога сабакі гітлераўскага рэйха.

Перад ягонымі вачамі ярка выбліснула злавесная карціна таго вераснёўскага світання: сем вытрашчаных, як на мароз, зорак Вялікай Мядзведзіцы над падвешанымі за рукі вязнямі. Іх падвесілі так нізка, каб маглі грызці аўчаркі. I тыя станавіліся на заднія лапы, упіраліся ў целы павешаных пярэднімі лапамі і грызлі вязняў крывавымі мордамі. Так, так, гэта тады ён падумаў, што свет усё ж вечны, што Вялікая Мядзведзіца будзе вечна свяціць у небе, хоць людзі цкуюць людзей аўчаркамі.

— Чалавек дазваляе сабе подласць і свінства тады, калі не верыць у вечнасць, — уголас падумаў Лазар Богша. — Папраўдзе, дык чалавек, які не верыць у веч­насць, а таму робіць вялікія ці малыя подласці, бадай, зусім і не чалавек, а бязрогая жывёліна, якая залезла з нагамі ў карыта.

Ад ягоных такіх неспадзяваных слоў Цюка здрыганулася, нібы яе абдало холадам.

— Я выклікала ў цябе нейкі жудасны ўспамін? — спытала яна. — Даруй, мілы, і давай памаўчым. Маўчанне, кажуць, — золата...

— Найчасцей яно подласць і здрада, — рэзка, аж злосна, сказаў Богша.

— Мне будзе цяжка з табою, — прызналася Цюка, — але я яшчэ больш кахаю цябе. У кожнага з нас, каго закранула сваім чорным крылом вайна, шмат балючых ран, якія мы хаваем пад паказной весялосцю або абыякавасцю...

Лазар быў крыху здзіўлены яе высновай, хоць квяцістасць, з якой была выказана ўвогуле слушная дум­ка, яму не спадабалася.

— Аднак нам трэба ісці. Нас чакае Радзівон, — нагадаў ён.

Радзівон сапраўды чакаў іх. Побач з ім стаяла зграбная маладзіца ў камбінезоне і чорным берэце. Маладзіца нечага ўсміхалася..

— Не пазнаеш? — спытаў Радзівон, кіўнуўшы галавой на маладзіцу.

Лазар паглядзеў лепей, нешта далёкае замітусілася ў памяці, але ніяк не хацела складвацца ў адзін, цэльны ўспамін.

— А я дык вас адразу пазнала. Вы быццам і не змяніліся, — нараспеў загаварыла маладзіца.

— Домна! — узрадавана крыкнуў Лазар, пачуўшы яе голас. — Во не чакаў! Адкуль ты? Каця, гэта — Дом­на. Мы з ёю на адной парце сядзелі.

— Ахаць ды ўздыхаць пасля будзеце, — перапыніў іх Радзівон. — Ехаць трэба...

— Ага, трэба, — неяк нават спалохана пагадзілася Домна. — Вы, дзевушка, залазьце да мяне ў кабіну. А мужчыны наверсе пасядзяць. Тут недалёка...

Седзячы ў кузаве грузавіка, Лазар без вялікаганамагання ўявіў у памяці даўнюю, яшчэ даваенную Дом­ну. Тое сваё першае каханне... I тое, што было потым. Каб не вярэдзіць сябе, Лазар пачаў любавацца наваколлем — трэба ж нечым заглушыць былое...

Дарога на Сую, заглыбіўшыся ў лес, забрыкала па сухіх пагорках, парослых выносістымі соснамі, паплыла пясчанаю ракою ў мокрыя, з зялёнай вадой у каляінах лагчыны, заскакала, пужліва абягаючы сівыя балацявіны. Лазар Богша з дзіцячым захапленнем назіраў, як з-за яго спіны раптам выбягае какетлівая бярозка з залацістымі маністамі на косах і, крутнуўшыся на стройнай ножцы, знікае за паваротам. А ўжо над галавою згінаюцца распранутыя да апошняга лісточка ляшчыны, так і стараюцца сарваць з яго хоць капялюш, каб прыкрыць сваё голае цела. А крыху счакаўшы, абапал дарогі парадам выстройваюцца прысадзістыя дружныя яліны, падняўшы над сабой вострыя пікі вершалін. Кож­ны паварот дарогі апякаў Лазараву душу. I хоць Лазар не любіў слязлівай узрушанасці, ён не мог чамусьці адрынуць яе ад сябе — бачанае растапіла яго, як агонь растапляе воск.

Калі грузавік не вельмі роў, Лазар Богша чуў, як у кабіне перагаворваюцца Домна з Кацяй. "Пра што яны гавораць?" — думаў ён, але тут жа забываўся на іхнія размовы. Наваколле зачароўвала яго, брала ў палон.

Радзівон не перашкаджаў. Насунуўшы на лоб кепку, ён драмаў ці, можа, прыкідваўся, што дрэмле. Да вайны яны абодва кахалі Домну, але ён, Лазар, быў шчаслівейшы.

"Ці замужам яна? — падумаў Лазар і адказаў са­бе: — А табе якая справа?"

Нібы вітаючы іх, перад самай вёскай вецер разагнаў хмары, і на сінім небе выбліснула няяркае сонца. Потым неба перакулілася на зямлю, разлілося да самага бору шырокім возерам. Грузавік, весела чхнуўшы, выскачыў на знаёмую з дзяцінства вуліцу, спыніўся ля пахілага плота з дубовымі весніцамі. 3 іх выйшла Лазарава маці. Яму кінулася ў вочы, што маці зноў паменшала ро­стам. Першы раз ён заўважыў гэта, калі вярнуўся з праклятай Нямеччыны. Тады ён здагадаўся, чаму маці паменшала ростам — за два гады вырас ён. Цяпер Ла­зар не мог зразумець, чаму маці паменшала і выглядае як падлетак-дзяўчынка са старэчым тварам.

— Мама! — паклікаў ён маці, падумаўшы, што яна не пазнае яго.

Маці прыклала брылёк далоні да броваў, хоць ёй не перашкаджала сонца — яно свяціла ёй у спіну.

— Я даўно чую, што ты едзеш, — матчыны вусны толькі паварушыліся, але Лазар зразумеў, што яна хацела сказаць.

Ён баяўся, каб маці не заплакала, бо тады не стрымацца і яму. Душылі гарачыя салёныя слёзы. Яны, як расплаўленая магма, клекаталі ў ім. Пакуль ён стрымліваў іх.

"Божа, які я нягоднік, — караў сябе Лазар, адчуваючы, аднак, прыемную палёгку ад уласных сварлівых слоў, нібы парыўся ў лазні венікам з маладых бярозавых галінак. — Мяне, ахламона, варта было б высцябаць лазовым дубцом. Горш, варта адарваць вушы, распісаць папругай, каб не мог ні сесці, ні легчы. Бедная мама, даруй мне, дурному і няўдзячнаму. Цяпер я буду часта бачыць цябе. А як толькі атрымаю кватэру, забяру".

Яму стала зусім лёгка. Слёзы выпарыліся ў прастору, праплылі ў небе лёгкім воблачкам, а тыя, што не выпарыліся, апалі на дно душы роснай прахалодаю...

— Пахудзеў ты, — сказала маці, — і на бацьку стаў падобны, царства яму нябеснае. Думала, не дачакаюся цябе: пішаш, прыеду, і не едзеш. А ў Івана трэцяя дачка нарадзілася, Дашай назвалі, як мяне. На нiшто, Лазарка, сыходзіць богшаўскі род...

Ён зразумеў яе далікатны папрок.

— Мама, во гэта мая жонка, Каця...

Маці не спяшаючыся падышла да Каці, выцерла ражком хусткі сухія, бяскроўныя вусны.

— Дай жа я цябе пацалую, — сказала яна.

Цюка першай пацалавала свякруху. Маці, ні слова не сказаўшы, павярнулася, пайшла ў хату. Нават Лазар разгубіўся ад матчынага ўчынку.

— Пайшлі, — сказаў ён жонцы і Радзівону, прапусціў іх наперад.

Самому яму ўсё нешта карцела азірнуцца, быццам яго нехта тузаў за каўнер. У весніцах ён не стрымаўся, павярнуўся і тут жа сустрэўся з самотнымі Домнінымі вачамі. Цяпер ён успомніў, што забыўся падзякаваць Домне за тое, што прывезла яго дамоў, і. нялоўка, быц­цам падаваў міласціну, працягнуў ёй руку:

— Дзякуй табе, што падвезла нас...

— Авой, работы той, усё роўна сюды ехала, — на Домніным твары выступіла сарамлівая пунсовасць. — Во так, Васільевіч, і жывём...

Лазару падалося, што Домна папракнула яго: яна дачакалася яго, а, выходзіць, дарэмна.

"Але ж я не абяцаў ёй, — няшчыра падумаў Лазар і засаромеўся сваёй няшчырасці. — А хоць не абяцаў. Даваў падставу спадзявадда. Ну і што? Я — шчаслівы, яна — не. Значыць, я вінаваты. Шчаслівыя заўсёды вінаваты, бо яны шчаслівыя. Але ўжо нічога не паробіш. Я кахаю Цюку..."

— Усё мінаецца, Домна, — сказаў ён. — Былое не вяртаецца...

— Былое не забываецца, — сказала Домна. — А ці доўга ты прабудзеш тут?

Лазар зразумеў, што Домна спытала не так сабе.

— Дні тры, не болей, — адказаў Лазар і раптам зразумеў, чаму Домна пацікавілася, колькі дзён ён бу­дзе гасцяваць. — Але я хутка прыеду на Сую здымаць фільм, і мы яшчэ пабачымся...

— Усяго табе добрага, Лазар, — з непрадбачанай цеплынёй развіталася Домна.

"Ну вось, я зноў абнадзеіў яе, — падумаў Богша. — Навошта? У мяне ж няма да яе ніякіх пачуццяў. Адно жаласць і шкадаванне, ды яшчэ адчуванне сваёй віны, хоць яе і не было".

Калі Лазар зайшоў у хату, маці стаяла, нізка сагнуўшыся над куфэркам. Усё вечка куфра спадыспаду стракацела каляровымі малюнкамі. Лазар ахапіў іх ад­ным кароткім позіркам, нібы высветліў промнем пражэктара з даўніны гадоў. Некалі ён мог прастойваць пе­рад вечкам куфэрка, як на маленні; таямнічы дзівосны свет малюнкаў бударажыў ягонае ўяўленне нават больш за казкі Шахеразады, якія ён прачытаў дужа рана і якія вельмі ўразілі яго. I цяпер напачатку ён убачыў іх тымі, дзіцячымі вачамі; потым промень пражэктара патухнуў, і ўжо дарослы позірк зблізку і звысоку адзначыў парфумную стракатасць і прытарную саладжавасць малюнкаў. Вадаспад Іматра з прыгожай постаццю жанчыны ў вуалетцы на пярэднім плане нагадаў этыкетку з таннага мыла, а аперэтачная пара — вокладку замежнага часопіса, бачанага ў Кірылы Лыкавязава, які часта бываў на міжнародных кінафестывалях.

Лазар адышоўся, каб не трывожыць сябе: дзяцінства сплыло — новыя ўяўленні валодалі ім.

3-пад сувояў палатна, посцілак і вышываных ручнікоў маці дастала драўляную, адпаліраваную рукамі і часам скрыначку, зробленую з бярозы-чачоткі. Лазар ніколі не бачыў гэтай скрыначкі.

— Зберагла во, — з нечуванай суровасцю сказала яна, павярнуўшыся тварам да Каці. — Знаю, вы, маладыя, не прызнаеце цяпер ні чорта, ні бога. Але ж то не боскае — чалавечае бласлаўленне. Мяне мая свякруха бласлаўляла, я — цябе, а ты — сваю малодшую нявестку блаславіш. Так яно і пойдзе з роду ў род.

Маці ўрачыста адкінула вечка скрыначкі, выцягнула з яе пазелянелы ланцужок, на якім вісеў васьміканцовы крыж. Лазар не паверыў сваім вачам, але несумненна то была мініяцюрная копія крыжа полацкага майстра Лазара Богшы, зробленая ім для князёўны Прад­славы.

Калісьці настаўнік гісторыі, які прывіў Лазару Бог­шу любоў да мінулага, казаў, што з ефрасіньеўскага крыжа не рабілі крыжоў нацельных. А выходзіць, рабілі.

Тым часам маці надзела ланцужок на Каціну шыю.

— Дзякуй, мама, — аж са слязамі на вачах сказала Каця і тройчы пацалавала маці.

— Вазьмі і скрыначку, — сказала мацІ. — Крыж гэ­ты не нацельны. Ён павінен ляжаць у хаце, і яго нель­га выносіць з яе. Так мне мая свякруха наказвала, а ёй яе свякруха.

— Але ж у нас няма свайго дома. Дзе ж мне трымаць гэты крыж? — з наіўнай прастатой спытала Каця.

— Насі скрыначку з сабой, — параіла маці.

Цяпер Лазар адважыўся бліжэй разгледзець крыж. Ён паклаў яго на далонь. Крыж быў металічны, цяжкаваты, можа, латунны. Той, богшаўскі, крыж Лазар бачыў толькі на фатаграфіі, але яна ўрэзалася яму ў памяць. Сапраўды крыжы былі вельмі падобныя. I на тым крыжы і на гэтым — сіметрычна размешчаны іконкі свя­тых, а між імі яшчэ два крыжы: уверсе чатырохканцовы, усярэдзіне шасціканцовы. Лазар перавярнуў крыж. На адваротным баку можна было разгледзець малюнак святога, але надпісу пад ім не было.

— Мама, — звярнуўся Лазар да маці, — гэты крыж вельмі падобны на крыж Ефрасінні Полацкай, які зрабіў для яе мой цёзка Лазар Богша. Можа, мы якія нашчадкі таго Богшы?

— Не выдумляй ты! Лепей во цяперака сядайце за стол. А ты, Радзівонька, збегай па Домну. Няхай з маці сваёй прыйдзе. I сваім скажы, каб падышлі...

Домна, аднак, не прыйшла.

— Ах, Лазар, мне здаецца, што я прыпала перасмаглымі вуснамі да чыстай гаючай крыніцы, п’ю і ўсё здаравею. Як добра, што ты прывёз мяне сюды! Твая маці — цуд, непераўзыдзены геній хараства. Мы будзем любіць яе моцна-моцна... Але, Лазар, пакляніся мне, што ты не возьмеш яе да сябе, калі мы атрымаем кватэру. Мы будзем памагаць ёй, але не будзем жыць ра­зам...

Богша здзіўлена паглядзеў на жонку і ці не ўпершыню заўважыў, што ў яе татарскі разрэз вачэй, які робіць Цюкін твар таямніча пяшчотным.

— Нічога не разумею, — сказаў Лазар, любуючыся жончыным тварам, па-асабліваму сёння адухоўленым. — Чаму ты не хочаш, каб маці жыла з намі?

— Мне будзе няёмка сварыцца з ёю...

Лазар таксама сеў, падкурчыў пад сябе ногі. Цюка ўмела ўражваць нелагічнасцю. За гэтыя два дні жыцця на Суі Лазар не раз пераконваўся ў яе здольнасцях.

— Чаму ты так упэўнена, што будзеш сварыцца? Мая маці ніколі і ні з кім не сварылася.

— А са мной будзе, — упарта сказала Цюка. — Са мной цяжка ўжыцца разам. Я — брыдкая. I наогул, калі жывеш з кім побач, дык абавязкова некалі пасварышся. 3 людзьмі жыць у любові можна толькі на адлегласці.

— Ах ты, мой філосаф! — абдымаючы Цюку, засмяяўся Лазар. — Маці і сама не хоча пераязджаць да нас. I ўяві, яна тлумачыла сваё нежаданне жыць у нас амаль гэтак, як і ты. Толькі яна выказала тваю думку інакш: дзве лісіцы ў адной нары не жывуць...

— Ну от бачыш, хіба я табе не казала, што твая маці цуд, што я люблю яе, што яна самая разумная на све­це жанчына. I я вельмі кахаю цябе, Лазар. Я кахаю цябе па-асабліваму...

Цюка моцна абняла Лазара, пачала цалаваць з та­кой апантанасцю, што ў таго аж закружылася ў галаве. Яны ўпалі на ложак, моцна сціснуўшы адно аднаго ў абдымках...

Адно імгненне, роўнае вечнасці, ці вечнасць, роўная аднаму імгненню.

— Ты страсная, — сказаў Лазар.

— Памаўчы, дурненькі, — папрасіла Цюка.— Аднак жа нам трэба ехаць сёння, — нагадаў ён.

— Так-так, ехаць, — пагадзілася Цюка. — Я ўжо ведаю, як сыграю ролю ў тваім фільме. Можаш не сумнявацца, ты зробіш выдатны... геніяльны фільм.


Эпізод трэці (рэтраспекцыя): эпітафія на смерць дружбы


Лазар Богша праваліўся з жахлівым трэскам. Яго выдатны, геніяльны фільм быў знішчаны, сцёрты на дарожны пыл, а сам ён прызнаны бяздарным і ўпартым аслом. Само сабой, пра бяздарнага і ўпартага асла ніхто ўголас не гаварыў. Гэта разумелася без слоў. Богшу знішчылі карэктна, ветліва, на высокім этычным узроўні, як умеюць гэта рабіць толькі ў кіно.

У студыйным інтэрнаце Лазара чакаў Кірыла Лыкавязаў. Ён сядзеў у маленькім вестыбюлі на адзіным крэсле з калекцыі студыйнага сталяра Максіма Сахончыка — дзве коса збітыя скрыні, абцягнутыя аксамітам і аздобленыя парчой. Папраўдзе, Кірыла Лыкавязаў не быў той асобай, якую вельмі ў гэтай сітуацыі хацеў ба­чыць Лазар Богша. Але іх яднала прыналежнасць да адзінага ў краіне інстытута, які для Лазара Богшы быў святыняй, а кожны, хто некалі вучыўся ў ім, яго, Богшавым, братам.

Знешне Кірыла Лыкавязаў нагадваў вялікага дабрадушнага ката, які, прыгрэўшыся на прыпечку, мурлыкае сабе паціху каціную песню. Лазар Богша тады яшчэ не ведаў, што лагодны кот у адно імгненне ўмее пераўвасабляцца ў крыважэрнага тыгра. Богша павітаўся з Кірылам, ледзь пераадолеўшы няёмкае адчуванне сваёй над ім перавагі, больш удачлівага мужчыны і сваёй нікчэмнасці як рэжысёра.

Кірыла Лыкавязаў у сваю чаргу састроіў на твары выраз спагадлівасці, хоць ягоны твар і працівіўся гэтаму — на ім ніяк не знікала адзнака сытасці і задаволенасці.

— Я ўжо чуў, як з табою расправіліся нашы студыйныя цэрберы, што вартуюць уласную бяздарнасць, — сказаў ён з тым невыразным адценнем у голасе калі не разбярэш, ці табе спачуваюць, ці радуюцца твайму гору. — Але не гаруй, стары. Хадзем да мяне ў групу...

— Кім?

— Рэжысёрам, — адказаў Кірыла з такой упэўненасцю, нібы быў дырэктарам студыі.

— Спадзяешся, што студыйнае начальства мяне зацвердзіць? — уражаны лыкавязаўскай дабратой і спагадлівасцю, спытаў Лазар Богша.

— Мяркую — зацвердзяць. Дарэчы, ты не будзеш пярэчыць, калі на галоўную ролю я запрашу Цюку?

У Лазара, безумоўна, не было сур’ёзных прычын пярэчыць, хоць нешта падказвала яму не згаджацца. "Зрэшты, — падумаў ён, — хай гэта рашае сама Цюка".

Ці не з той інтэрнацкай сустрэчы і нарадзілася іхняя дружба, якая з цягам часу стала нагадваць вар’яцкі кактэйль: сумесь даверлівасці і здрады, шчырасці і нянавісці, падтрымкі і зайздрасці, вернасці і хлусні і яшчэ мноства чалавечых вартасцей і заган. Гады, па-свойму распараджаючыся, дадавалі ў іхнія адносіны то салодкага сіропу, то пякучага воцату, то духмянай атруты, а то і жыватворчага бальзаму, які зацягваў балючыя раны тонкай скуркай забыцця. Гады бурылі, яны ж пакрысе і цыравалі іхнюю ненатуральную дружбу.

Тады ж, шчыра расчулены лыкавязаўскай дабратой, Богша ўсхвалявана сказаў Кірылу:

— Я табе двойчы ўдзячны. Найперш таму, што не трымаеш злосці за Кацю. Іншы, напэўна, не падаў бы мне руку. Па-другое, дзякую табе, што прыйшоў на дапамогу, калі мне яна вельмі патрэбна. Я гэтага ніколі не забуду. А цяпер пойдзем да мяне, пасядзім па-брацку...

Кірыла нешта загаварыў пра гуманізм і ягоную, лыкавязаўскую, бязмежную гуманнасць. Ён гаварыў увесь час, пакуль Лазар завіхаіўся ля стала, гатуючы закуску. Ён гаварыў бы і далей, але прыйшла Цюка, і Кірыла адразу замоўк.

— Сабачы холад на дварэ, — сказала Цюка, хукаючы на рукі і насцярожліва пазіраючы на Кірылу.

— Ён хоча прапанаваць табе ролю ў сваім фільме,— каб неяк растлумачыць жонцы, чаму ў іх сядзіць Кірыла, сказаў Лазар.

— Ён са мной ужо гаварыў, — з наіўнай шчырасцю сказала Цюка, выдаўшы тым самым Кірылу, які прамаўчаў, што ён размаўляў з ёю. — Але мне не падабаецца сцэнарый...

— А я і не ведаў, што вы ўжо сустракаліся, — абы парушыць няёмкую паўзу, сказаў Лазар. — Чаму табе не падабаецца сцэнарый?

— Чаму? — спытала Цюка не ў яго, Лазара Богшы, а ў Кірылы Лыкавязава, які збянтэжана, але і іранічна крывіў тонкія губы — усміхаўся. — Я табе скажу, чаму мне не падабаецца сцэнарый. Я не цярплю крывадушнасці, а Кірылаў сцэнарый наскрозь хлуслівы і крывадушны.

— Каця, — адчуваючы сяброўскую адданасць Лыкавязаву, які прыйшоў яму на выручку, з дакорам выгукнуў Лазар. — Каця! Як ты можаш так казаць?

Цюка, аднак, не звярнула на ягонае высакародства ніякай увагі. Яна ўперылася злоснымі вачамі ў Кірылу Лыкавязава.

— Я не магу зразумець, — абурана гаварыла яна, не зводзячы вачэй з Кірылы, — як можа чалавек хлусіць без усялякай патрэбы?

— Нешта я цябе не разумею, — стараючыся ўхіліцца ад Цюкінага позірку, сказаў Кірыла.

— Хіба ты, Кірыла, прытрымліваешся тых прьінцыпаў, якіх вучыш прытрымлівацца тваіх герояў? Кіношныя штучкі, Кірыла. Ты пішаш і будзеш здымаць фільм не дзеля нейкай высокай ідэі, а дзеля прыгожага кадра, дзеля займальнай сцэны і яшчэ чортведама дзеля чаго. Ты сам не верыш у тое, пра што пішаш. Ты — цынік, для цябе няма нічога святога. Ты, як тыя кухары, што добра ведаюць, чаго і колькі трэба пакласці ў бурду, каб яе елі іншыя, але сам есці не станеш.

Папраўдзе, Лазар Богша не чакаў такога ад жонкі. Дасюль яна ніколі не праяўляла такой апантанасці. А ў яе, выходзіць, ёсць свае погляды, і яна смела выказвае іх рэжысёру, які прапануе ёй галоўную ролю.

— А якая каму справа, што спавядаю я, — важна тое, што спавядаюць мае героі, — з нейкай дзіўнай насмешлівасцю сказаў Кірыла, так што было не зразу­мець — гаворыць ён жартам ці ўсур’ёз.

— Ну, гэта ты, браце, загнуў, — прыйшоў на вы­ручку жонцы Лазар. — Герой майго твора — гэта заўсёды частка маіх думак, летуценняў, маіх трывог і клопатаў. Іначай можна скаціцца да беспрынцыповасці...

— У беспрынцыповасці таксама існуюць свае прынцыпы, — як бы пацяшаючыся над імі, сказаў Кірыла. — Сцэнарый адпавядае стандартам і меркам, якія ўстанавілі кіназнаўцы і крытыкі. Ім і прад’яўляйце прэтэнзіі.

— Але ж гэта подла, подла, — істэрычна запратэставала Цюка, — навязваць людзям думкі і ўчынкі, спосаб жыцця, нарэшце, якія сам не прымаеш. Хацелася б паглядзець, як бы ты паводзіў сябе на месцы сваіх герояў...

— Давайце памаўчым, — усё з той жа іранічнай усмешкай сказаў Кірыла. — Мы дужа цвярозыя, каб весці такія сур’ёзныя размовы.

— Ну, так, так, — пагадзіўся Богша.

— Дай мне цыгарэту, — папрасіла Цюка.

Калі яна прыкурвала з яго, Лазаравых, рук, ён заўважыў, што ў яе дробна дрыжалі пальцы. Яму стала шкада яе — навошта з-за глупства псаваць нервы? Ла­зару не хацелася, каб Цюка лішне залазіла ў спрэчку. Гэта магло выглядаць дужа асабістай, прыватнай непрыязнасцю. Ён непрыкметна паціснуў яе руку, заклікаючы памаўчаць. Цюка, відаць, зразумела яго: яна зацята курыла, глыбока дыхаючы дымам. Але Лыкавязаў сам усчаў гаворку.

— Ты, Цюка, была і застанешся безнадзейнай фантазёркай, — павучальным тонам загаварыў ён. — Мастакі — найвялікшыя і найталенавіцейшыя прытворцы і манюкі, якіх і любяць за тое, што яны прыгожа маняць і вельмі дасціпна прытвараюцца. Якая справа каму да таго, што пяшчотная закаханая Джульета на сцэне ў жыцці сварлівая, нягодная бабёнка, якая здраджвае свайму мужу з кожным сустрэчным-папярэчным і да ўсяго неаднойчы ўжо хварэла...

— Кірыла! Як ты можаш?..

— Значыць, магу, — спакойна сказаў Лыкавязаў. — А колькі вялікіх геніяльных пісьменнікаў прапаведавалі аскетызм, а самі пілі віно, гулялі ў карты і кахалі жан­чын, колькі з іх з абурэннем пісалі пра чалавечую прагнасць, а самі да непрыстойнасці былі прагныя, колькі ганьбавалі багацце, а самі абагачаліся як толькі маглі. Справа ў тым, што мастакі самыя вялікія грэшнікі...

— Яны святыя грэшнікі, — крыкнула Цюка. — Яны пісалі праўду жыцця, за тое іх і любілі, а ты ствараеш імітацыю праўды.

— Якое глупства! Яны таксама выдумвалі праўду жыцця, — не стрымаўшыся, даволі злосна сказаў Лыкавязаў. — Выдумвалі, каб купацца ў славе і заадно мець кучу грошай. Во дзе схаваны ўвесь сэнс іхняй праўдзівасці, смеласці і гэтак далей і да таго падобнае.

— Ну, ведаеш, — абурылася Цюка. — Ты прагрэсіруеш у сваім бяспрыкладным цынізме...

— А мне напляваць. Я хачу стаць славутым рэжысёрам, і я стану ім. Чуеш, стану. Запомні гэту гаворку.

— 3 такой філасофіяй не станеш, — сказала Цюка.

— Чалавеку на тое і дадзены язык, каб ён з дапамогай яго хаваў свае думкі, — сказаў Кірыла. — Я не такі дурань, каб кожнаму гаварыць тое, што сказаў вам. Ды я і вам нічога не гаварыў... Хочаш, Лазар, бяры маю ру­ку, і мы пойдзем разам да славы. Яе, славу, як капрызную дзеўку, не ўгаворваюць, а бяруць нахрапам.

— Не, Лазару з табой не па дарозе, — Цюка ўскочыла з ложка, на якім сядзела, і стала між імі.

— Кіньце вы спрачацца, — памяркоўна сказаў Бог­ша. — Хіба ты не бачыш, што Кірыла жартуе...

— Дай я цябе пацалую, — з нечаканай парыўнасцю сказаў Кірыла.

Яны абняліся і пацалаваліся на вечную дружбу.

Калі Кірыла Лыкавязаў пайшоў, Лазар сказаў жонцы:

— Каця, ты ставіш другога рэжысёра ў цяжкае становішча, калі адмаўляешся ад ролі ў Кірылавым фільме...

— А мне якая справа? — сказала Цюка і раптам насцярожылася, нібы лісіца перад пасткаю.

— А такая, што другі рэжысёр — твой муж, Лазар Богша.

— Ты ідзеш другім рэжысёрам? — у Цюкі ад здзіўлення дугою выгнуліся бровы, зламаліся ды так і застылі, як у тэатральнай масцы. — Ты не павінен ісці да яго рэжысёрам...

— Не забывайся, што я не маю ні дыплома, ні ра­боты.

— I ўсё роўна, усё роўна, — са слязамі на вачах ска­зала Цюка. — Ты моцны, дык чаму хочаш выглядаць слабым? Ты думаеш, што Кірыла паявіўся, каб памагчы нам? Наіўны ты чалавек!

— Але якая яму выгада браць мяне рэжысёрам, а цябе на галоўную ролю?

— Не ведаю, не ведаю, — заплакала Цюка. — Нічога не ведаю, але Лыкавязаў нешта задумаў...

Яны тады першы раз пасварыліся. А праз месяц, калі ў Лазара Богшы не засталося і капейкі грошай, Кірыла Лыкавязаў сказаў яму, што ягоную кандыдатуру не зацвердзіла студыйнае начальства. То была беспар­донная хлусня, як потым дазнаўся Лазар. А тады ён не ведаў, што рабіць. I той жа Кірыла параіў, каб ён паехаў куды падалей, дзе яго не ведаюць і дзе ён можа прыкласці свае сілы.


***

Сабраўшы нейкіх паўтары сотні рублёў, Лазар махнуў на другі канец нашай неабсяжнай краіны, падалей ад сораму і ганьбы, у край сейсмічных катастроф і сонечнай спёкі.

Дырэктар тамашняй кінастудыі — дабрадушны таўстун з потным тварам і бліскучымі чорнымі вачамі — сядзеў у вялізным кабінеце паміж двух вентылятараў, якія памалу паварочвалі свае ветрадуйныя хабаткі так, каб іхні гаспадар абдзімаўся з усіх бакоў.

— А-а-а-а, дарагі, заходзь, заходзь, даўно чакаю, — абрынуў ён на Богшу вадаспад слоў, калі той, прачакаўшы ў прыёмнай гадзіны чатыры, нарэшце трапіў у кабінет. — Рад бачыць цябе, дарагі таварыш. Ды што ты стаіш? Сядай у крэсла. Хваліся, адкуль прыехаў? А-а-а, ведаю, быў там. Як тваё прозвішча, дарагі? А што рабіць хочаш, не пытаю: фільмы хочаш здымаць. Безумоўна, рэжысёр. Па вачах бачу. У цябе, дарагі, вочы галодныя: па рабоце ссумаваўся. А можа, ты аператар? — раптам з надзеяй спытаў дырэктар. — Аператары нам во як патрэбны, па самае горла...

Пра гэтага дырэктара і ягоныя дзівацтвы Богша наслухаўся баек яшчэ ў інстытуце, таму адказаў з асцярогай, падумаўшы для сябе, што, бадай, ехаў сюды дарэмна.

— Не, я не аператар, — сказаў ён. — Шкадую, але не аператар.

— Хочаш, канечне, здымаць мастацкі фільм у дзвюх серыях? Спадзяюся, што сцэнарый напісаў сам?

Сцэнарый у Богшы быў. Але ён пабаяўся, што дырэк­тар разыгрывае яго, а таму вырашыў пра сцэнарый прамаўчаць.

— Сцэнарыя няма, — сказаў Богша. — А здымаць гатовы аднасерыйны фільм, нават кароткаметражку дакументальную. Мы людзі неганарлівыя.

— Ай-вай-вай, — залямантаваў дырэктар, — навошта аднасерыйныя. Будзеш здымаць толькі двухсерыйныя. Цяпер скажы шчыра: сам здымацца хочаш?

— Хачу...

— Ай-вай-вай! Маладзец! Правільна, дарагі! Сам пішаш сцэнарый, сам здымаеш па ім фільм, сам здымаешся ў ім у галоўнай ролі. Усё правільна! Слухай, а жонку, скажы сумленна, таксама будзеш здымаць у галоўнай ролі?

— Я нежанаты, — схлусіў Богша.

— Як жа так, дарагі, хочаш здымаць фільмы, а яшчэ нежанаты? Ну, ды гэта зусім не страшна. Жэнім, дараri, хорошую актрысу знойдзем, таленавітую актрысу знойдзем...

— Чаму актрысу? — па-шчыраму здзівіўся Богша. — Можа, я з афіцыянткай жанюся...

— А ты, дарагі, на самай справе рэжысёр? — занепакоена спытаў дырэктар, уважліва да яго прыглядаючыся. — Можа, разыгрываеш мяне, старога? Ведаю я ва­шага брата кіношніка.

— Я сёлета інстытут закончыў. Хочаце магу дыплом паказаць? — хлусіў і далей Богша, бо яму не было чаго губляць.

— Усё, здаюся, пераканаў, — дырэктар падняў уго­ру кароценькія рукі. — Але ўсё роўна жаніся з актрысай. Чаму з актрысай? Тлумачу, дарагі. Жаніцца ж ты ўсё роўна будзеш! Факт! А з кім бы ты ні ажаніўся, жонка твая рана ці позна ўсё адно запатрабуе, каб здымаў яе ў галоўнай ролі. У мяне дужа багаты вопыт. Я на сваім вяку досыць нагледзеўся, таму ад душы раю — жаніся з актрысай, па магчымасці з таленавітай, якая потым стане геніяльнай. Ты павінен ставіць геніяльныя фільмы — гэта факт, які ты сам не захочаш абвяргаць. А калі ў цябе жонкай будзе бяздарная актрыса, хіба ты здолееш ставіць геніяльныя фільмы? Толькі геніяльныя! Іначай ідзі ў кухары... Піва любіш?

Пытанне было яўна з падкавыкай, напэўна, каб высветліць, а ці п’е ён, Лазар Богша?

"Мяне так проста не купіш", — падумаў ён.

— Піва мне забаранілі піць урачы. У мяне ныркі хворыя.

— Ай-яй-яй, — пашкадаваў дырэктар. — У нас улетку горача. Абавязкова трэба нешта піць. Або чай, або піва. А грошы ў цябе ёсць?

— Ёсць, — бадзёра выгукнуў Богша, хоць у кішэні была адна трыццатка на тыя пяцідзесятых гадоў грошы. Трыццатка з нейкай там дробяззю.

— Ах, які ты маладзец! — узрадаваўся дырэктар. — Не, які ты маладзец! Сталоўка ведаеш дзе? Не ведаеш? Спытаеш на калідоры. Язык ёсць? Ён цябе хочаш да Меккі давядзе, а хочаш да турмы. Гэта я так, жартую. Пойдзеш зараз у сталоўку, возьмеш шашлык. Разуме­ет — шашлык! Скажаш — дырэктару шашлык. Зразумеў? Піва бутэлечку не забудзь. 3 халадзільніка бяры. Зразумеў? Прынясеш усё гэта сюды. Тады і пагаворым. На пусты жывот якая гаворка...

Богша рынуўся на пошукі студыйнай сталоўкі, як апантаны філосаф на пошукі абсалютнай ісціны. Сталоўку, дарэчы, доўга шукаць не давялося, бо яна знаходзілася паверхам ніжэй. Круглатварая, белавалосая і вельмі мажная буфетчыца ў адно імгненне "арганізавала" бутэльку піва і дырэктарскі шашлык. Трымаючы ў адной руцэ бутэльку з півам, а ў другой дырэктарскі шашлык, Лазар Богша бягом кінуўся назад, але ў кабінет зайшоў паволі, з гонарам.

— Чаму сабе не ўзяў шашлык? — спытаў дырэк­тар. — Не хочаш? Правільна робіш. Не трэба браць прыклад з мяне. Сто дзесяць кіло без тапачак. Кінарэжысёр павінен быць худы, як шакал, моцны, як снежны барс, хітры, як лісіца, дальназоркі, як арол. Ты будзеш здымаць фільмы, а не глядзець іх, як гэта раблю я. Калі ў цябе будзе сто дзесяць кіло без тапачак, ты перастанеш быць кінарэжысёрам — ты станет дырэктарам студыі або яшчэ якой канторы.

Дырэктар не спяшаючыся сцягнуў з шампура кавалак бараніны, не спяшаючыся доўга жаваў яго. Праглынуўшы, запіў бурштынавым півам. Лазар Богша ледзь не самлеў ад зайздрасці.

— Дык вось, дарагі Лазар Богша, — пачаў дырэк­тар, з’еўшы шашлык і выпіўшы бутэльку піва, — бу­дзеш здымаць у нас самы адказны, самы галоўны фільм года. Пачакай дзякаваць. Сільву Тарабееву ведаеш? Не? Ты адкуль на маю галаву зваліўся? Можа, прыляцеў з Марса? Не? Тады чаму ты не ведаеш Сільву Тарабееву? Нашага салаўя, нашага дзікага коршуна эстрады! Не, ты не можаш не ведаць Сільву Тарабееву! Яна наша слава! I ты будзеш рабіць фільм пра гэту непараўнальную старую кабылу, хай яна пражыве яшчэ сто гадоў і хай давядзе да інфаркту яшчэ сто філарманічных адміністратараў. Нам з табой, дарагі, жыць трэба, а таму мы з табой зробім геніяльны фільм, іначай Сільва зробіць з нас не менш геніяльную адбіўную. Ты хочаш, каб нейкая бяздарная спявачка зрабіла з нас адбіўную? Не хочаш! І я не хачу. Значыць, ты зробіш тры часткі фільма. Запомні — фільм з трох частак. I не больш, нават тады, калі Сільва стане рваць на сваёй галаве пяцісотрублёвы парык. Пасля з тваіх трох частак мы зробім дзве, а калі пашанцуе — адну частку. Зразумеў? Тады слухай далей. Заўтра Сільва ляціць у Маскву. Ты бярэш аператара і ляціш з ёю. Пастарайся не прагаварыцца, што ты здымаеш дзве часткі. Па-другое, пазбаў божа цябе не здымаць у самалёце. Але ты будзеш зды­маць пустой камерай. Не бойся, усё прадугледжана: аператар будзе мець дзве камеры, ён пра гэта ўжо ведае. Самае галоўнае, што патрабуецца ад цябе, каб ты ўвесь час тузаў, не даваў спакою гэтай старой ведзьме, гэтаму вампіру і крывасмоку Сільве Тарабеевай. Іначай, дарагі, нам з табою не будзе спакою. Сільва, дарагі, умее пісаць пісьмы, а яшчэ горш, яна ўмее дамагацца прыёмаў у самых вялікіх людзей і прасіць у іх дапамогі ад нашага брата. А паколькі мы з табой на прыё­мы да тых людзей не здолеем трапіць да канца свайго жыцця, дык нам давядзецца пісаць тлумачальныя запіскі і атрымліваць вымовы.

Лазар Богша слухаў дырэктара і не разумеў, ці той смяецца з яго, ці сапраўды ён нейкі дзівак.

— А хто пісаў сцэнарый? — спытаў Лазар Богша, бо нешта трэба было спытаць, каб перапыніць дырэк­тара.

— Сцэнарый будзеш пісаць сам. Зразумеў? Добра! Цяпер бяжы ў бухгалтэрыю. Трох тысяч табе хопіць? Мала будзе, дасі тэлеграму. Ну, жадаю, дарагі, поспехаў, — дырэктар выцягнуў з кішэні трыццатку, падаў здзіўленаму Богшу. — Вазьмі, вазьмі, думаеш, я не ведаў, што ў цябе апрача гэтай трыццаткі ні граша?..

Назаўтра Лазар Богша разам з аператарам і Сільвай Тарабеевай пачаў пакутніцкае ўзыходжанне на галгофу. То было цяжкое ўзыходжанне, але Богша не мог, не меў права адступаць, нават тады, калі Сільва Тарабеева запускала ў яго тапкам, расшытым бісерам, або тады, калі яна траціла прытомнасць. Двухчасцёвы фільм быў зроблены і прыняты без скарачэння, Сільва напісала паўтузіна заяў у маскоўскія інстандыі і два тузіна ў мясцовыя, у якіх прасіла, патрабавала, загадвала знішчыць Лазара Богшу, як крыважэрнага бандыта і бяздарнага рэжысёра.

— Слухай, дарагі, — сказаў яму аднаго разу дырэк­тар,— я цябе вельмі прашу: уцякай. Адсядзіся дзе-небудзь месяцаў дванаццаць, потым я вазьму цябе зноў. А зараз уцякай, бо іначай мне давядзецца аддаваць цябе пад суд. Уцякай, дарагі, выручай, а я цябе ў бядзе не пакіну...

За якія нязробленыя злачынствы можна аддаць ча­лавека пад суд, Лазар Богша ніяк не мог здагадацца, а таму хацеў напачатку плюнуць на дырэктарскае запалохванне, ды неўзабаве зразумеў, што сейсмічная актыўнасць Сільвы Тарабеевай і сапраўды становіцца небяспечнай. Зрэшты, была і яшчэ важная прычына аддаць канцы, кажучы марской тэрміналогіяй, — нясцерпны сум па Каці, якая чамусьці пісала рэдка і скупа.

Студыйны ўпаўнаважаны чыгункі і аэрафлоту прыдбаў яму білет на самалёт, і аднае сонечнай раніцы Ла­зар Богша ўзяў курс на захад, дзе жыла Цюка, дзе існавала кінастудыя, якая, безумоўна, яго не чакала, але ўсё ж была жаданым берагам для чалавека, які двойчы цярпеў няўдачу.

Цуды пачаліся з аэрапорта, у які Богша прыляцеў пад вечар. Яго сустрэла не Цюка, а былы дырэктар няўдалай кароткаметражкі Карней Карнеевіч Кладачка. Лазар Богша, напэўна, і не заўважыў бы Кладачку, бо пільнаваўся толькі жаночых твараў, шукаючы між іх Кацін, але Карней Карнеевіч сам аклікнуў яго, таропка падбег, тройчы пацалаваў і раптам нечага заплакаў. У Богшы ёкнула сэрца: няйначай, нешта здарылася з Цю­кай. Аднак, прыгледзеўшыся лепей, Лазар заўважыў, што Кладачка плакаў слязамі радасці, а не гора.

— Як я рад, як я рад, — сціраючы са шчок слязіны, усхвалявана гаварыў Кладачка, — адным словам, вітаю і віншую. Праўду, яе, галубку, ні на агні не спаліш, ні ў вадзе не ўтопіш...

— Пра што вы, Карней Карнеевіч? — нічога не разумеючы, спытаў Богша.

— Як гэта пра што? — з недаверам перапытаў Кар­ней Карнеевіч. — Во табе і маеш! Ты хіба газет не чытаў, радыё не слухаў? Не чакаў, Лазар Васільевіч! Ці ты і праўда нічога не ведаеш? Зусім такі не ведаеш?..

— Карней Карнеевіч, — запрасіў літасці Богша, — не цямніце вы, будзьце ласкавы...

Кладачка, мусіць, толькі цяпер паверыў, што Бог­ша сапраўды нічога не ведае. Ён падштурхнуў Богшу пад бок, падміргнуў спачатку левым, а потым і правым вокам.

— Ну, тады моцна трымайся за паветра. Я цябе за­раз такой навіной аглушу, — сказаў Кладачка і перайшоў на ўрачысты тон: — Дык вось, значыцца, Лазар Васільевіч, наша... твая кароткаметражка на міжнародным фестывалі атрымала першы прыз, а таму дырэкцыя студыі і выклікала цябе тэлеграмай, каб ты даў згоду зды­маць мастацкі фільм...

Калі б Лазар Богша зрабіў два дзесяткі кароткаметражак, дык і тады ён не паверыў бы ў тое, пра што гаварыў яму Кладачка. А між тым Карней Карнеевіч не хлусіў.

У жыцці цудаў, вядома, не бывае. Цуды здараюцца толькі ў кіно. Ісціну гэтую, праўда, спрабуюць аспрэчваць, аднак яна не перастае заставацца ўпартым фак­там.

Чаму і як Богшава кароткаметражка трапіла на фестываль? Наконт гэтага існавала тры непацверджаныя версіі. Адны казалі, што пераблыталі каробкі з фільмамі, другія, што паслаць Богшаў фільм настояў інстытуцкі настаўнік Лазара, чалавек вялікай прабіўной сілы, трэція, што Богшаў твор быў пасланы, каб разыграць высокае журы. Як бы там ні было, але калі журы фестывалю сярод мноства кароткаметражак прагледзела Богшаву, яно прыйшло спачатку ў здзіўленне, а по­тым і ў неверагоднае захапленне. Захапленне было агульнае, але зусім неаднолькавае: дваццаць адзін член журы падзяліліся на трынаццаць плыняў, кожная з якіх трымалася свайго пункту гледжання і адстойвала яго з нечуванай упартасцю. Аднак усе без выключэння сыходзіліся на адным, што Богшава кароткаметражка, безумоўна, — з’ява. Дыскусія пагражала зацягнуцца на гады, бо толькі адных тэрмінаў, каб даць назву новаму накірунку ў кіно, было прыдумана нешта больш за сотню. Але фестываль падыходзіў ужо к канцу, зрэшты, як і візы на прабыванне ў краіне. Таму, сабраўшыся на заключнае пасяджэнне, журы амаль аднагалосна прысудзіла першую прэмію Богшавай кароткаметражцы...

Карней Карнеевіч Кладачка расказваў пра ўсё з гумарам, чым не зменшыў важнасці падзеі і Богшавых заслуг. Факт, як вядома, — рэч упартая.


***

Чалавечая дабрыня — аднолькавая ва ўсіх яе праявах, подласць — шматабачлівая і бясконца разнастайная.

Першы Богшаў фільм, хоць і не зрабіў на студыі перавароту, як спадзяваўся сам Богша, але і не застаўся незаўважаным. У мясцовым друку раптам успыхнула зусім адвольная дыскусія: тое, што хвалілі адны, дарэшты адвяргалі другія, так што Лазар Богша ніяк не мог даўмецца, ці ён сапраўды стварыў мастацкі шэдэўр, ці дасціпную дрындушку. Сам ён жартаваў: дзіцё хоць і смаркатае, але ягонае. Тым часам выступіла адна вельмі ўплывовая газета, якая падвяла дыскусію, назваўшы Богшу таленавітым рэжысёрам, а яго карціну — цікавым пошукам.

Богша на той час працаваў ужо над новым фільмам. Ён задумаў стварыць трылогію пра сваё апаленае вайной пакаленне. Яму хацелася паказаць вайну такой, якой ён бачыў і ведаў, а не такой, як яна паўставала з чытаных ім твораў.

Ён якраз знаходзіўся ў падрыхтоўчым перыядзе — рабіў пробы акцёраў, выбіраў натуру для здымак, ра­зам з мастакамі працаваў над эскізамі дэкарацый і касцюмамі, — як на яго і на Цюку пасыпаліся ананімкі. Спачатку найбольш на Цюку.

То былі брыдзенькія, хоць і ўмела зробленыя пасквілі і нагаворы, друкаваныя на машынцы і пісаныя ад рукі непасрэдна Лазару Богшу. Нейкі мужчына, напрыклад, з нахабнай шчырасцю пісаў пра свае з Цюкай інтымныя адносіны. Богшу ўразіла, што невядомы нягоднік прыводзіў такія інтымнага парадку факты, якія сапраўды мог ведаць блізкі чалавек. Потым былі і яшчэ розныя па зместу і форме пісьмы ад жанчын і мужчын, але з аднолькавай дозай бруду. Нейкая жанчына адкрывала Богшу вочы, які не бачыць, што яго жонка па-ранейшаму жыве з Кірылам Лыкавязавым, атрымлівае ад яго грошы і каштоўныя падарункі, пасміхаецца з Бог­шы і расказвае пра яго такое, за што яе варта выпхнуць за дзверы выспяткам пад зад.

Бруд, бруд, бруд, які, аднак, муляў Лазару Богшу вочы. Цюка плакала, клялася ў сваёй невінаватасці. Лазар верыў і не верыў. Найчасцей не верыў. Ды ўсё адно закрадвалася ў душу падазронасць. Яна, як шашаль, тачыла іхнюю любоў.

Потым пасыпаліся пісьмы ва ўстановы. У іх Цюка выстаўлялася ўжо не проста разбэшчанай дзеўкай, а здрадніцай і нямецкай паслугачкай, якая спала без раз­бору з кожным немцам. Ананімшчыкаў мала абыходзіла, што ў вайну Цюка мела нейкіх чатырнаццаць гадоў. Нарэшце паявіліся ананімкі на самога Лазара Богшу, нашмат танчэйшыя, але і нашмат атрутныя. Тыя ж, а можа, і другія іксы і ігрэкі, прызнаючы несумненную таленавітасць Лазара Богшы і як бы між іншым, пыталіся, а ці не таму Лазар Богша трымаецца за Цюку, што яна добра ведае нейкую тайну, якую выдасць адра­зу, як Богша паспрабуе яе кінуць. Былі і такія пісьмы, у якіх зусім недвухсэнсоўна сцвярджалася, што Богша добраахвотна паехаў у Нямеччыну, быў завербаваны там і накіраваны гестапа ў канцэнтрацыйныя лагеры, каб убівацца ў давер вязняў і выдаваць іх нямецкім уладам.

Бруд, бруд, бруд, які пранікаў на студыю, выклікаючы ў кіношнікаў самыя розныя здагадкі. "Дыму без агню не бывае", — паціху разважалі на студыі. Богша і Цюка адчувалі, як вакол іх утвараецца незразумелая, непадступная пустата. А галоўнае — не дакажаш, ды і каму станеш даказваць? I ўжо ў друку раптам перагледзелі ягоныя абодва фільмы — дыпломную работу і поўнаметражную стужку, — знайшоўшы ў іх тонкі манеўр, каб працягнуць ва ўжытак варожую філасофію. Як з ночы раптам выніклі і скаргі Сільвы Тарабеевай — яшчэ адно пацвярджэнне чужой па духу дзейнасці Ла­зара Богшы, які сказіў вобраз вялікай актрысы.

То быў жахлівы год, які і закончыўся жахліва.

Праз тры дні пасля мастацкага савета, на якім з паспешлівасцю, неўласцівай кіношнікам, Лазар Богша быў адхілены ад работы над фільмам, Кірыла Лыкавязаў зайшоў у Богшаў рэжысёрскі пакой.

Ён, Лазар Богша, якраз гатаваў каву, калі размашиыста расчыніліся дзверы і на парозе ўзнікла спартыўная постаць Кірылы Лыкавязава. Богша бясконца абрадаваўся госцю. Кірыла Лыкавязаў належаў да тых кіношнікаў, хто хоць і не вельмі кідка, але ўсё ж падтрымліваў яго і Цюку ў гэтыя нялёгкія дні.

— За гэтыя два дні ты зайшоў да мяне першы, — паскардзіўся Богша.

— Не крыўдуеш? — спытаў Кірыла.

— Чаго?..

— Што я не выстуіпіў у тваю абарону?

— Але ж цябе не было на мастацкім савеце.

— Я не пайшоў знарок.

— Пабаяўся?

— Не, я не хацеў сядзець з людзьмі, якія паверылі подлым ананімшчыкам. Я дапускаю, што Цюка, магчы­ма, і небязгрэшная, але ты, хто выцерпеў столькі пакут...

— Кірыла! Не гавары так пра Цюку...

— Даруй і яшчэ раз даруй, але я ведаў яе...

— Я прашу цябе, не чапай Цюкі...

— Не хочаш... Я абураны, Лазар, да глыбіні душы і ананімкамі і тым, што здарылася. Я хацеў бы глянуць у вочы таму, хто пісаў гэтыя подлыя пісьмы. Глянуць і плюнуць яму ў морду. Мяне ахоплівае жах, калі я ду­маю, што падаю нягодніку сваю чыстую руку, што я проста дыхаю адным з ім паветрам. Але я не менш абу­раны, што нашы задужа прынцыповыя члены мастацкага савета паверылі ананімшчыкам, паставіўшы пад сумненне тваю, Лазар, сумленнасць.

— Ты лічыш, што мастацкі савет адхіляў мяне ад ра­боты па гэтай прычыне? — спытаў Лазар Богша, як бы пацвярджаючы сваю здагадку, што паявілася ў яго.

Кірыла Лыкавязаў скептычна ўсміхнуўся, як усміхаюцца з наіўнага пытання малога хлапчука.

— А хіба ты яшчэ сумняваўся? Верыў у тое, нібы ў тваёй незакончанай працы знайшлі нейкія памылкі? Глупства, Лазар. Калі цябе трэба адхіліць ад работы, нашы студыйныя мудрацы знойдуць у цябе якія хочаш недахопы.

— Кірыла, Кірыла, што ты кажаш? Я хадзіў да дырэктара, ён сказаў мне, што ўсяму прычына мае пошукі формы. Ім здаецца, што я забраўся ў багну фармалізму і абстракцыянізму.

— Ты — наіўны рамантык, Лазар. А на свет трэба глядзець цвярозымі вачамі, як гляджу я. Хочаш ведаць, чаму ты трапіў у няміласць? Але гэта толькі паміж намі. Наш мастацкі кіраўнік, на якога ты молішся, як на бо­га, выдыхся, як старая вадавозная кляча, ён не можа стварыць нават пасрэднага фільма, а таму баіцца нас, маладых: цябе, мяне, Сцёпку Грышына, Андрэя Янчука, Жэню Мануйліка — усіх, хто патэнцыяльна можа спіхнуць яго з крэсла мастацкага кіраўніка студыі. Ты зразумеў мяне? Ён хоча заставацца мэтрам, а таму рэжа нас, не дае ўзняцца над ягонай бяздарнасцю. Ён — мінулае, мы — будучае. Я не разумею, Лазар, чаму, напрыклад, ты не маеш права на мастацкае кіраўніцтва?

— Я хачу здымаць фільмы...

Лазар пачаў здагадвацца, што Кірыла думае не пра яго, а пра сябе. Кірыла як бы і не пачуў, што сказаў Лазар.

— Справа не ў тым, хто з нас, маладзейшых, стане мастацкім кіраўніком. Важна адрынуць з дарогі цяжар напрацаваных штампаў, на якія нас скіроўвае стары маразмацік.

— Усё, можа, і так, — сказаў пасля нядоўгай паўзы Лазар, — але я ніколі не паверу, што Антон Данілавіч мог пісаць ананімкі.

— Няважна, хто пісаў, важна, хто натхняў, — сказаў Кірыла, быццам чакаў такіх слоў ад Богшы, і тут ашаламіў таго навіной: — Мне загадана дазняць твой фільм. Таму я і прыйшоў да цябе. Я не даў згоды, накуль не пагавару з табой.

Лазара Богшу балюча кранула, што цяпер ужо ў яго няма ніякай надзеі.

— А што я? Табе нічога не гаварылі пра мяне?

Кірыла працягнуў руку цераз столік, паклаў на Бог­шава плячо.

— Калі ты верыш мне і лічыш сябрам, дык вось мая парада: з’ездзі на які год на тую студыю, дзе ты рабіў фільм пра Сільву Тарабееву.

— А Цюка?

— Яна будзе здымацца. Я паставіў такую ўмову, і яны згадзіліся. Як бачыш, справа не ў фармалізме, не ў актрысе. Ну, дык што, давай руку на дружбу?..

Лазар падаў руку.


***

Тэрміновая тэлеграма-маланка знайшла Лазара Богшу ў далёкім калгасе Вахшскай даліны, дзе ён здымаў фільм пра баваўнаводаў. Лазар тройчы прачытаў кapoценькі тэкст, і сэрца зайшлося ад болю. Здавалася, нехта кальнуў у яго вострым шылам, і яно затрапятала без аніякага рытму, як падстрэленая птушка крыламі.

Малады аператар, які здымаў высачэзныя сцірты сырой бавоўны, лежачы на спіне, мабыць, таксама пачуў бяду: усё яшчэ трымаючы навісу камеру, ён павярнуўся на бок, спытаў у Богшы дрыготкім голасам:

— Лазар Васільевіч, што здарылася?

Лазар Богша яшчэ раз перачытаў тэлеграму.

— У мяне загінула жонка, — сказаў ён драўляным чужым голасам.

Аператар ускочыў з сухой, выгаралай зямлі — такіж карычнева-буры і сухі як зямля.

— Як загінула? Чаму загінула? — спытаў ён, пазіраючы на Богшу вялікімі, як слівы, вачамі. — У нас фільм не кончаны.

Ён сам зразумеў, што сказаў зусім не тое, што трэба было сказаць чалавеку, у якога загінула жонка, бо рап­там пачаў знімаць з шыі камеру і ніяк не мог зняць.

— Рахім, ці ведаеш ты, калі ўвечары ляціць на Ма­скву апошні самалёт?

Рахім пахітаў галавой.

— Я паеду з табой, — сказаў ён. — Вай-вай, якое гора...

Ля іх цесным колам ужо стаялі калгаснікі, паціху перагаворваліся і чамусьці таксама ківалі галовамі, нібы ах калыхаў вецер. Да Лазара падышоў стары зморшчаны чалавек у паласатым халаце, з доўгай, клінам барадой, асцярожна крануўся Богшавай рукі.

— Будзь мужны ў горы, што насцігла цябе, — сказаў ён, з намаганнем вымаўляючы кожнае слова.

— Так, так, — механічна адказаў Богша.

Яму хацелася кудысьці бегчы, плакаць, выць, качацца па зямлі, грызці яе ў бяссільнай роспачы. Але ён нiкуды не бег, не мог плакаць, ён стаяў, як прыкаваны цяжкімі ланцугамі. Яго ўзялі пад рукі, павялі за сцірту, дзе стаяў "газік". 3 кабіны высунуўся шафёр, працягнуў рукі:

— Сядай, шэф, кожная хвіліна дарагая.

Лазар сеў, ухапіўся абедзвюма рукамі за металічную ручку і адразу адключыўся ад жывога свету. Усё, што было потым, не засталося ў памяці — выкрасленыя суткі з жыцця.

На кінастудыю ён прыехаў пасля абеду, і першы, каго ўбачыў, быў Кірыла Лыкавязаў. Той сядзеў у студыйным скверы на лаўцы, абхапіўшы галаву рукамі. Ла­зар пайшоў да яго па акуратна падстрыжаным і ўжо крыху пажоўклым газоне, ён адначасова бачыў газон і Кірылу, аж дзіўна было: у канцы газона — помнік журбе і гору. Помнік глядзеў на яго, Лазара Богшу, сінімі, амаль васільковымі вачамі.

— Што здарылася, Кірыла? — чамусьці шэптам спытаў Богша.

Кірыла раптам пахіліўся наперад, у яго падкасіліся ногі, але ён не ўпаў, а нейкім чынам апынуўся на каленях, папоўз да Богшы, уткнуўся галавой у Богшаў жывот.

Гэта было жахліва: стаяць перад чалавекам, які тыцкаецца табе ў жывот, як галоднае цялё ў вымя, каб наталіць голад, каб не памерці. Але якраз гэтая жахлівасць вярнула Богшу з доўгай адсутнасці, дзе ўсё ж заставалася кволенькаія надзея на нейкі цуд. Цяпер ён зразумеў, што цуда няма і не магло быць. Цуды можна рабіць у кіно. У жыцці ж уладарыць запраграмаваная непазбежнасць.

Пра гэта падумалася нават з палёгкай, як катаржаніну, што нарэшце дабраўся да месца катаргі.

Богшу захацелася ўзяць Кірылу за чуб, каб адвесці ягоную галаву ад сябе. Але той сам адхінуўся, закінуў твар угору, як на малітве.

— Хочаш — забі мяне, — сказаў ён трагічным гола­сам, як акцёр у ролі Атэлы.

Кірыла ўзняў угору рукі.

— Давай без тэатральных эфектаў, — занадта спакойна сказаў Лазар Богша. — Як ты ўгробіў Цюку?

Кірыла адразу ж узняўся з каленяў, бадай, механічна абабіў са штанін пясок.

— Лазар, клянуся самым дарагім мне, я не хацеў, але яна пачала настойваць, каб зрабілі яшчэ адзін дубль. Ты ж помніш той эпізод? Ты сам яго запісаў. Калі карнікі паляць вёску, а яна выскоквае ў акно, ужо ахопленае полымем.

Перад вачамі Лазара Богшы міжвольна мільгануў кадр: яркае пякельнае полымя, уся ў агні хата і Цюка, якая ў апошняе імгненне выкульваецца з акна. Якая жахлівая смерць!

Ён узяў Кірылу за штрыфлі замшавай курткі, прыўзняў над зямлёй, каб потым кінуць, разбіць удрузг. Ла­зару здавалася, што ён высока над сабой падняў Кірылу, але, калі ён апошнім намаганнем розуму стрымаў сябе, каб не штурхнуць Кірылу ў бездань, а паставіць на зямлю, той нават не варухнуўся. Няйначай, зразумеўшы, што крызіс прамінуў, Кірыла абцягнуў куртку, дастаў з кішэні пачак "Казбеку".

— Закуры, Лазар.

— Пайшоў ты...

— Лазар, я перад табой нявінны. Дарэмна ты думаеш, што вінаваты адзін я. Цюка была як апантаная. Яна іграла так, нібы фільм ставіў ты. Ды так яно і бы­ло. Ты ж яшчэ не ведаеш, што ў цітрах было вырашана ставіць тваё прозвішча.

Кірыла ішоў поруч, аддана зазіраючы Лазару ў во­чы, як сабака, што не ўсцярог гаспадарскае дабро. Ён усё гаварыў і гаварыў; змоўк толькі тады, калі яны зайшлі ў прасторны студыйны вестыбюль, дзе на высокім пастаменце стаяла закрытая векам чырвоная труна ў вянках і асенніх кветках.

Перад імі раптам расступіўся прыціхлы натоўп. Ла­зар ужо адзін пайшоў па вузкім калідоры. Як у тумане, ён убачыў Цюкін партрэт з жалобнай стужкай — Цю­ка, як жывая, загадкава ўсміхалася яму: а вось і я, Лaззр...

Да яго адразу ж падышоў дырэктар. У дырэктара сутаргава крывіліся тоўстыя губы. Ён паціснуў Богша­ву руку, сказаў нейкія словы спачування і спагады. За ім пачалі падыходзіць і члены пахавальнай камісіі. Бог­ша зноў занурыўся ў сябе, адключыўся ад навакольнага свету.

Яго не пераставала мучыць неадчэпная думка: чаму лёс распарадзіўся, каб у астатні час ён не змог пабачыць Цюкі, няхай сабе і не жывою. Агонь спапяліў апошняе яго права зірнуць ёй у твар. Ім авалодала вар’яцкая думка: раз ён не мае магчымасці бачыць Цюку, дык і рабіць яму няма чаго. Ён падышоў да сцяны, зняў Цюкін партрэт з жалобнай стужкай, панёс перад сабой на выхад. I зноў перад ім утварыўся вузкі калідор, у кан­цы якога стаяў маўклівы і суровы Карней Карнеевіч Кладачка. Карней Карнеевіч дачакаўся Богшу, асцярожна вызваліў з ягоных рук Цюкін партрэт, перадаў камусьці, хто стаяў непадалёк, а сам абняў Богшу за плечы. Так яны і выйшлі на двор, у сквер, пад каштаны.

— Табе ўсё ж трэба пабываць на могілках, — сказаў Кладачка.

— Я не хачу хаваць яе, — вяртаючыся з забыцця, сказаў Лазар Богша. — Усё разумею і не магу пагадзіцца. Ці, можа, ты скажаш, што злыя заканамернасці лёсу непазбежны? Усё ж вяло да гэтай трагічнай недарэчнасці. Ты скажы мне, дзе мая віна?

— Табе належыць закончыць фільм, — сказаў Кла­дачка. — Пра гэта ўжо ішла гаворка. Усё праходзіць — гора таксама. Вось аклемаешся і закончыш карціну.

— Без Цюкі?

— Яна адзнялася, — сказаў Кладачка, нібы Цюка зрабіла сваю справу і паехала дамоў. — То была апошняя здымка. А карціна павінна выйсці. Іначай навошта яна спаліла сябе...

— Як ты можаш?.. Божа, якія мы, кіношнікі, жорсткія!

— Магу, — упарта сказаў Кладачка. — Мне вось пагражае турма. А я пра карціну думаю. Пасля нас нешта павінна застацца, іначай якія мы з табой мастакі. I не глядзі на мяне так. Думаеш, што дырэктар карціны толькі адміністратар? Не, Лазар, і я мастак. Можа, не­дзе я атрымліваў бы большую зарплату і жыў бы спакайней. Ды не! Мастак сядзіць ува мне...

Лазара Богшу, аднак, уразіла не гэтае прызнанне Кладачкі — Богша ніколі не сумняваўся, што кожны кіношнік у душы мастак, — ён толькі цяпер з усёй яскравасцю ўразумеў, што за смерць Цюкі панясуць пакаранне. Значыць, смерць яе будзе адпомшчана. Вось чаго ён прагнуў увесь гэты час!

"Так яму і трэба, — падумаў ён пра Кірылу Лыка­вязава. — Так яму і трэба. Хай засудзяць яго, і хай ён падохне ў турме. Але за што караць Карнея Карнеевіча?"

Пытанне гэта прагучала як раскаянне за сваю папярэднюю думку, бо раптам успомніў словы Кірыла Лы­кавязава: "Ты ж помніш той эпізод, ты сам яго запісаў". Ён жахнуўся ад таго, што мог апынуцца на месцы Кірылы Лыкавязава, калі б яго не адхілілі ад работы. Мог, бо ён тады з нечалавечай апантанасцю запісваў гэты эпізод, быццам падсвядома рыхтаваў Цюкіну смерць. Ён жа ўжо тады ва ўсіх дэталях бачыў гэты пракляты эпізод: Цюка выскоквае з акна, паўзе, а за ёю, на яе падае ахопленая полымем страха хаты. Няўжо ён сам асудзіў Цюку на смерць?..

— Карней Карнеевіч, за што ж вас судзіць? Судзіць трэба мяне.

— Чалавека ж загубілі, — спакойна, як пра нешта назаўсёды вырашанае, сказаў Кладачка.


***

Следчы цярпліва слухаў Богшавы прызнанні. Ён сядзеў па той бок стала і з сумным выразам твару, які і не спрабаваў хаваць, глядзеў зморанымі вачамі на Бог­шу. Ён быў немалады, хоць яшчэ далёка не пенсійнага ўзросту — чалавек, які дзень пры дні страчаўся са злачынцамі і сведкамі. Яму, мабыць, абрыдла ягоная пра­ца, так, па крайняй меры, падумалася Богшу, і ён пастараўся як найхутчэй закончыць свой маналог, які зацягнуўся.

— Дык што вы хацелі? — страпянуўшыся, спытаў следчы.

Во табе і маеш! Хіба ён, Богша, гаварыў незразумела?

— Я хацеў давесці вам, што ў смерці маёй жонкі вінаваты я, а не Кірыла Лыкавязаў, бо я распрацоўваў рэжысёрскі сцэнарый, а ён толькі добрасумленна выконваў тое, што было запісана ў ім.

— Дужа добрасумленна выконваў, аж загінуў чала­век. Актрыса! Таленавітая актрыса! — нечакана ўсхвалявана загаварыў следчы. — Вы хоць гэта разумееце?

— Яна была мая жонка, — нагадаў Богша.

Следчы ці то з цікавасцю, ці то з падазронасцю спадылба глянуў на Богшу.

— Гэта мне вядома, — абыякавым голасам сказаў ён. — Але я ўсё роўна не разумею вас.

— Мне здаецца, — асцярожна падбіраючы словы, загаварыў Богша, — што няма саставу злачынства, каб прыцягваць да суда рэжысёра і дырэктара карціны. Так, здаецца, прынята гаварыць у вас? Калі хто і вінаваты, дык я. Ну і судзіце мяне, а сам сябе я асудзіў навекі.

Следчы скупа ўсміхнуўся.

— Састаў злачынства ёсць, — важка сказаў ён. — Мяне цікавіць другое: чаму вы так настойліва абараняеце людзей, якія ўсё ж вінаватыя ў смерці вашай жонкі?

— Яны мае калегі і сябры. Я добра ведаю іх. Гэта, спадзяюся, нямала. А потым вы не ўяўляеце, што такое сапраўдны кіношнік. Гэта чалавек, які павінен рызыкаваць, калі ён здымае мастацкі фільм, а не халодную ілюстрацыю да нечага. Без рызыкі не існуе мастацтва.

Пакуль Богша гаварыў, следчы сядзеў, абапершыся на рукі, што ляжалі на стале неяк вельмі па-хатняму. I вочы ў яго былі прыкрыты цяжкімі павекамі таксама па-хатняму. I ўсё ж ён выглядаў недаступным, таямнічым сфінксам. Лазар нечага пачаў баяцца яго.

— Ах, Лазар Васільевіч, Лазар Васільевіч, — ужо адкінуўшыся на спінку крэсла, выгукнуў следчы. — Вось вы нечага хадайнічаеце, просіце, калі я вас правільна зразумеў, каб і вас прыцягнуў да адказнасці, быццам я нічога пра вас не ведаю, быццам я не следства вёў, а бесклапотна бяседаваў за кубкам кавы. Я, Лазар Васільевіч, ведаю пра вас больш, чым вам здаецца. — Богша сцепануўся ад ягоных слоў. — I гавару я цяпер з вамі ўжо не як следчы, а як звычайны чалавек, нашмат старэйшы за вас і, даруйце, больш вопытны, які добра паспытаў жыцця.

Следчы ўстаў з-за стала, прайшоўся па пакоі, падкрэсліваючы гэтым, што ён і сапраўды строс з сябе афіцыйнасць.

— Я таксама паспытаў жыцця ўдосталь, — сказаў Богша, падазраючы, што следчы ставіць яму нейкую пастку, у якую трапіць не ён, Богша, а Кірыла і Кла­дачка. Тады выйдзе, што ён, Богша, замест таго каб памагчы ім, толькі нашкодзіў. — Чатыры ўцёкі з канцэнтрацыйных лагераў нешта важаць на шалях нашай вопытнасці. Некалі старшыня лагернага аінтыфашыісцкага камітэта сказаў, што я нарадзіўся ў кашулі...

— I пра гэта ведаю, — тактоўна перапыніў яго след­чы. — Вы вось выгароджваеце Лыкавязава. А ці ведаеце вы, што перад тым, як паслаць Кацярыну Ляўдак у агонь, Кірыла Мацвеевіч прымусіў яе выпіць шклянку гарэлкі? Для чаго?

Ён спыніўся перад Лазарам Богшам, як бы любуючыся ягонай разгубленасцю. Лазар Богша і сапраўды зніякавеў. Дык вось адкуль Цюкіна апантанасць. Але ён тут жа падумаў, што не дасць следчаму ўцягнуць яго ў сведкі супраць Кірылы.

— Бачыце, — з развагаю пачаў ён, — часам натуральнасць акцёра перад камерай, калі той знаходзіцца ў экстрэмальных умовах, вымагае такіх мер, якія недасведчанаму чалавеку здаюцца ледзь не злачьшнымі. А між тым, мне, напрыклад, захад Кірылы Лыкавязава ўяўляецца зусім зразумелым. Ён хацеў зняць на плёнку не страх жанчыны, якая выкідваецца з акна ў полымі пажару, а прагу да жыцця, рашучасць гераіні выбрацца з пекла, рашучасць, бадай, неўсвядомленую. Гарэлка ў гэтым выпадку здымала ў актрысы пабочную эмоцую — страх за сваё жыццё, які мог не быць пераадолены актрысай у складаных умовах здымак. Канечне, з пункту гледжання закона тут, магчыма, і не ўсё правільна, але з пункту гледжання мастацкай неабходнасці — заканамерна. Рызыка? Так. Але рызыка неабходная.

— Ах, так, так... Пра гэта гаварыў і Лыкавязаў. Дарэчы, Кірыла Мацвеевіч падтрымліваў і вашу цяперашнюю заяву, што вінаваты вы, можа, і ўскосна, але вінаваты, бо зараней, прадвырашылі трагедыйны фінал, распрацаваўшы дасканала, эпізод у рэжысёрскім сцэнарыі, — і быццам спахапіўшыся, што сказаў недазволенае, што адкрыў тайну следства, крута перамяніў гаворку: — Лазар Васільевіч, а ў нас ужо нейкім чынам абед. Загаварыліся мы з вамі. Чайку вып’ем? Я зараз пазваню ў буфет. Вядома, калі ў вас знойдзецца час. Мне і самому цікава, карыстаючыся нагодай, пагаварыць з вамі пра кіно. Я даўні яго прыхільнік. Каб не вайна, дык, можа, і рэжысёрам стаў. Сам некалі рабіў фільмы, аматарскія, вядома. А пасля закруціла, завіравала і ўсё наперакос. Следчым стаў...

Ён, аднак, не стаў чакаць Богшавай згоды, набраў нумар, сказаў некаму:

— Дусенька, два чаю і бутэрброды, вядома.

Тым часам Лазар Богша моцна задумаўся над тым, пра што знарок ці, можа, прагаварыўшыся сказаў след­чы. Ва ўсякім разе, выходзіла так, што ён, Лазар Бог­ша, прыйшоў да следчага тады, калі Кірыла Лыкавязаў ужо назваў яго саўдзельнікам трагедыі ці злачын­ства — думай, як табе падабаецца.

Ідучы да следчага, Лазар Богша цешыў сябе думкай, што робіць аж два высакародныя ўчынкі: бярэ на сябе, і прытым добраахвотна, віну, а значыць і ратуе ад немінучай кары — пра што гаварылі на студыі — калег, таварышаў па працы. Кірылава паказанне абражала лепшыя Богшавы намеры.

Пра сваю адказнасць Богша мог сказаць толькі сам. Сам, але не Кірыла! Кірыла не меў права перакладаць віну з хворай галавы на здаровую. Абараняючы Кірылу перад следчым, Лазар, тым не менш, добра разумеў, што той вінаваты ў смерці Цюкі. Але ён разважаў па-свойму лагічна і чалавечна. Цюку ўжо не вернеш, і нікому, у тым ліку і яму, не палегчае, калі двух тваіх жа братоў-кіношнікаў пасадзяць у турму. Ад бяды ніхто не за­страхованы. Цяпер Лазар Богша думаў над тым, што трэба не мець ні мужнасці, ні сумлення, каб пераклададь сваю адказнасдь на другога. Ягоная размова са следчым таму ўяўлялася непатрэбнай і абразлівай.




Пакуль Богша разважаў, следчы хадзіў па пакоі, заклаўшы рукі за спіну. Відаць, яны абодва думалі пра адно i тoe ж, але кожны па-свойму.

Ў дзверы пастукалі. Следчы дазволіў зайсці і спыніўся пасярод пакоя. Увайшла ці не тая самая Дуся — пу­хленькая, ружовашчокая маладзіца з пышнымі каштанавымі валасамі, схопленымі белым абручыкам:

— Прагаладаліся, міленькія? — спытала яна са шчырай пяшчотай у голасе. — Зараз пакармлю, родненькія.

Яна паставіла на стол паднос, на якім курыўся парай велікаваты чайнік, стаялі два кубкі і талерка з бутэрбродамі: два з каўбасой і два з сырам. Расстаўляючы ўсё гэта на стале, Дуся з цікавасдю паглядзела на Богшу.

— То, Дусенька, — заўважыўшы яе цікаўнасць, сказаў следчы, — кінарэжысёр і пісьменнік Лазар Васільевіч...

— Ешце на здароўе, — сказала Дуся.

Богша яшчэ раз падзівіўся з дасведчанасці следчага. Няўжо той чытаў ягоныя творы?

— Наша карміліца і паіліца, — сказаў следчы, як толькі за Дусяй зачыніліся дзверы. — Дабрэйшай душы чалавек, а ў жыцці нешчаслівая...

Ён не стаў тлумачыць, чаму яна нешчаслівая, сеў за стол, пачаў есці і піць з такім апетытам, аж Богша пазайздросціў. Яму тыя бутэрброды не лезлі ў горла. Усё гэтае чаяванне ў службовым кабінеце, няхай сабе і ў абедзенны перапынак, здавалася дзіўным і штучным.

"Калі б я зазняў такі эпізод у кіно — следчы п’е чай з чалавекам, які з’явіўся да яго з прызнаннем, — уся рэдактура разам з мастацкім саветам сказала б, што такое ў жыцці не бывае, і запатрабавала б выразаць эпізод з фільма. А ў жыцці і не такое бывае, чаго не пакажаш ні ў якім кіно", — падумаў Богша.

— Дык на чым мы спыніліся? — раптам перапыніў ягоныя думкі следчы. — Ага, на вашым заступніцтве... Што я вам скажу, шаноўны Лазар Васільевіч. Безумоўна, гэта высакародна. Другі на вашым месцы пісаў бы ва ўсе канцы, патрабаваў бы самай суровай ка­ры. А вы — не. Вы просіце літасці і нават прызнаецеся ў сваёй віне. Высакародна!

Сказаўшы гэта, следчы памаўчаў як бы абдумваючы наступную думку, ён адпіў глыток чаю.

— Прызнайцеся, Лазар Васільевіч, што вы так і ду­малі, калі ішлі да мяне: я раблю высакародна. Угадаў? Тут і ўгадваць не было чаго. Ёсць людзі, якія не ўмеюць дараваць нават самай нікчэмнай дробязі. Усё жыц­цё не даруюць. Хоць і прыкідваюцца добранькімі, як цяпер кажуць, гуманнымі. А самі помсцяць праз усё жыццё, робяць зло тым, хто некалі не так глянуў на іх, не так сказаў ім і, ужо не дай бог, нешта зрабіў ім. Мо­жа, і не падумаўшы зрабіў — усё адно. I што дзіўна, такія людзі з выгляду дужа памяркоўныя, пры народзе гатовы крычаць, каб памілавалі самага злога злачынцу, затое, калі іх чуе толькі адзін чалавек, да ўсяго абцяжараны неабходнасцю трымаць службовую тайну, яны гатовы і самага невінаватага ўтапіць у лыжцы ва­ды. Вы, Лазар Васільевіч, не такі. Вы пастаянныя ў сваім імкненні дараваць. У вас яно арганічнае, а не штучнае. Таму вы і прыйшлі да мяне. Не пярэчце, Лазар Васільевіч, я ведаю, што вы скажаце. Я не маю пры гэ­тым на ўвазе класавы антаганізм. Я кажу пра нашыя звычайныя жыцейскія адносіны. У тым і справа, зда­валася б, нам няма чаго трымаць адзін на аднаго злосць, а тым больш крыўду. А трымаем жа, дарагі Лазар Васільевіч. Навошта? Цяпер пойдзем далей. Як, напрыклад, разважалі вы: засудзяць Лыкавязава, дык на ва­ша сумленне ляжа нібы двайны цяжар. I за тое, што вы сябе вінаватым у смерці жонкі адчуваеце і што Лы­кавязава нейкім чынам падвялі, напісаўшы рызыкоўны эпізод. Але я ўхваляю вашы парыванні. Даруйце, што так нязграбна выказваюся. Мы прывыклі гаварыць мовай далёка не літаратурнай.

— Няпраўда, — запратэставаў Богша. — 3 чаго вы ўзялі? Я так не думаў. Хоць, можа, і так, але інакш... Вы маеце дзіўную здольнасць ставіць усё з ног на га­лаву.

— Даруйце, што вас пакрыўдзіў, — сказаў след­чы. — Я чаму так падумаў, бо дасканала, як мне здаец­ца, вывучыў усю справу. Я, Лазар Васільевіч, не які-небудзь аматар у следчай рабоце і тым больш не бяздушны чалавек, які дбае толькі пра тое, каб хутчэй спіхнуць справу ў суд. Я, Лазар Васільевіч, люблю сваю ра­боту і заўсёды хачу дакапацца да самага мацерыка. На маім месцы іншы і не стаў бы лішне капацца ў такой справе, як гэта. Тут з самага пачатку ўсё зразумела бы­ло. Вось вы нядаўна сказалі, што няма саставу злачын­ства. Ды вам самы апошні студэнт першага курса юр­фака скажа, што ёсць. Самі памяркуйце. Пачынаюцца здымкі эпізоду павышанай небяспечнасці. Служба тэхнікі бяспекі папярэджвае дырэктара карціны і рэжысёра, што жыццё актрысы падвяргаецца небяспецы, і забараняе здымаць эпізод, так як ён задуманы. Дырэктар карціны таксама згодны. Ён угаворвае рэжысёра зрабіць змены ў сцэнарыі. Вы ж самі разумееце, што ман­тажом можна дасягнуць любога эфекту. Што ж адказвае Лыкавязаў? Будзем здымаць так, як задумана. Ча­му? Пра гэта я скажу пазней. Тады дырэктар просіць рэжысёра адкласці здымкі назаўтра, каб прыгнаць пажарную машыну і такім чынам падстрахаваць актрысу ў часе здымак. Што ж робіць Лыкавязаў? Ён пачынае здымкі, так і не дачакаўшыся пажарнай машыны. Усё зразумела, спадзяюся?

— Я не ведаў такія падрабязнасці, — сказаў Бог­ша. — I ўсё ж я магу зразумець Кірылу Лыкавязава. Здымкі праводзяцца, калі кароткі дзень, а заўтра, магчыма, не будзе сонца, пойдзе дождж. А чакаць няма калі, бо ўсе тэрміны выйшлі, план студыі зрываецца. Тут задумаешся і пойдзеш на самую небяспечную рызыку.

— Дапусцім, што так. Тады чаму Лыкавязаў не хацеў здымаць эпізод па-іншаму, як прапаноўваў Кла­дачка? Скажу. Яго мучыла адно неадчэпнае жаданне — дазняць карціну так, як знялі б яе вы.

— Зусім верагодна, што так яно і было, — сказаў Богша.

Следчы крыху здзіўлена паглядзеў на яго.

— Паверце, Лазар Васільевіч, — апраўдваючыся, сказаў ён, — я зусім не збіраўся даказваць вам віну Лыкавязава. Так ужо выйшла. Загаварыліся, заспрачаліся, ну, я да слова і сказаў, каб вы сябе лішне не мучылі.

— Дык што, іх засудзяць? — спытаў Богша, у душы пагаджаючыся ўжо са следчым, што Кірыла, бадай, заслужыў кару. Ён адчуваў сябе пагана: прыйшоў да след­чага, каб абараніць Кірылу, а цяпер згаджаецца з ім.

Следчы, аднак, ніяк не зрэагаваў на ягонае пытанне. Ён знарок сам запытаўся ў Лазара:

— А якія ў вас былі адносіны з жонкай, Кацярынай Ляўдак?

— Гэта што, допыт? — пакрыўдзіўся Богша.

3 ім, незаўважна для яго самога, адбылася крутая перамена. Ідучы да следчага з прызнаннем, ён быў га­товы чыстасардэчна расказаць пра сябе ўсё, цяпер жа яму хацелася пярэчыць следчаму, можа, таму, каб давесці, што і ён, следчы, не ўсё ведае, не да ўсяго двкапаўся. Ён быў гатовы адмаўляць нават відавочныя факты. А тым больш яму не хацелася, каб хто-небудзь зазіраў у інтымны свет яго жыцця.

— Які допыт, Лазар Васільевіч? — з горкай усмешкай сказаў следчы. — Сядзім, гаворым шчыра. Вы мне пытанні задаеце, я вам.

"Але ты на маё пытанне так і не адказаў", — падумаў Богша.

— Даруйце, — сказаіў ён. — Па-мойму, адносіны былі нармальныя.

— Так я і думаў, — сказаў следчы.

Лазар не зразумеў, што ж думаў следчы? Што адносіны былі нармальныя ці што ён здагадваўся, што Бог­ша схлусіць?

— Я не зусім зразумеў вас, — прызнаўся ён.

— Ананімкі, якія вы атрымлівалі, не пашкодзілі ва­шым узаемаадносінам?

— Вы хіба ведаеце, хто іх пісаў? — з надзеяй спытаўся Лазар Богша:

— У мяне не было падстаў расследаваць гэтую спра­ву, — лішне шчыра сказаў следчы. Лазар Богша не паверыў яму. — Дарэчы, чаму вы тады не звярнуліся ў адпаведныя органы, каб знайшлі ананімшчыка?..

— Неяк не падумаў, што можна звярнуцца, — прызнаўся Богша. — А калі б і звярнуўся?..

— Лазар Васільевіч, — прапусціўшы міма вушэй Богшаў адказ, сказаў следчы, — я хачу супакоіць васнаконт Кірылы Мацвеевіча і Карнея Карнеевіча. Яны абодва падпадаюць пад амністыю. Прызнаюся, мне, як юрысту, шкада патрачаных дзён і намаганняў. А як ча­лавек я нават задаволены сабой. Я дакапаўся да мацерыка. Жадаю і вам, Лазар Васільевіч, з часам дакапацца да яго. Яшчэ жадаю вам поспехаў. Можа, калі ўспомніце ды і запросіце на прэм’еру...

Ён моцна паціснуў Богшаву руку.

"А ён ведае, хто пісаў ананімкі, — ідучы дамоў, падумаў Богша. — I таму пра мацярык, да якога дакапаўся, гаварыў невыпадкова..."


***

Лазар Богша закончыў той фільм — сваю былую мару, ледзь не поўнасцю зрэжысаваную і адзнятую Кірылам Лыкавязавым. Ён увесь час, пакуль манціраваў фільм, думаў пра Цюку. 3 болем глядзеў на яе экранна-жывую і ўжо мёртвую, у зачыненай наглуха труне. Часам ён не заўважаў экрана, адбіткаў на ім, у пакутах народжаных вобразаў, мантажнай з яе цеснатой і паўсюль раскіданымі плёнкамі. Потым ужо ў зале праглядаў, дзе апрача яго сядзелі аператар, мастак, кампазітар, другі рэжысёр, гукааператар, дырэктар карціны і рэдактар, ён як бы ўпершыню ўбачыў свой будучы фільм і быў уражаны тым, што ўбачыў.

Кірыла Лыкавязаў здымаў фільм, прытрымліваючыся рэжысёрскага сцэнарыя, як сляпы трымаецца плота, каб не ўпасці і не заблудзіць на ўласным агародзе. Можа, Кірыла пабойваўся Богшы, няхай сабе і адхіленага ад працы над фільмам, выкінутага за борт кінастудыі, але ж аўтара сцэнарыя і пачынальніка здымак. Лыкавязаў умеў быць асцярожным — наперадзе жыццё, і ці мала якія прыпаднясе яно сюрпрызы. А можа, ён паважаў Богшу, паважаў і ненавідзеў? Так, прынамсі, зда­валася самому Лазару. I ён памалу пераканаў сябе, што Кірыла паважае яго.

А гэта ўжо здымала хоць палову віны з Кірылы Лы­кавязава. У Кірылавай беражнасці да працы Богшы было нешта па-чалавечы прыстойнае, нават святое, якое не дае мастаку права перарабляць на свой капыл працу другога мастака. На такое здольны не ўсе — кіношнікі тым больш. Кіношнікам падабаюцца толькі свае творы, толькі свая манера. I тут ужо нічога не паробіш...

Лазар Богша нямала пабачыў людзей, якія самым бесцырымонным чынам лезлі ў працу сваіх калег, не спрабуючы зразумець іх мастакоўскі лад думак, навязвалі свае, дробязныя рашэнні, якія ім здаваліся значнымі, нават вялікімі, хоць на справе былі бяздарнымі штампамі. Лазар Богша ніяк не мог зразумець рэжысёраў, якія бралі чыйсьці твор і пачыналі перапрацоўваць яго на свой густ, найчасцей ператвараючы мастацкі твор у рамесніцкае практыкаванне на адвольную тэму. Богша да ўсяго быў пісьменнікам. Ён ведаў цану слова не толькі ў літаратуры, але і ў кіно, якую не ве­далі ці не хацелі ведаць рэжысёры, што перапісвалі сцэ­нарый непісьменнай, жабрачай мовай. Ён ужо даўно заўважыў, што чым больш бяздарны рэжысёр, тым мацней у яго жаданне перапісваць сцэнарый на свой капыл. На жаль, графаманства ўсёабдымнае, і змагацца з ім амаль немагчыма.

Кірыла адкрываўся перад ім новай якасцю, якую Богша дасюль не заўважаў. Але нешта так і церабіла яго, так і падбухторвала не паддавацца першаму ўражанню.

Калі на экране прамільгнулі апошнія кадры і ў зале загарэлася святло, Лазар Богша акінуў позіркам семярых удзельнікаў прагляду, зачапіўся вокам за рэдактара.

Вераніка Яшная сядзела перад ім у профіль. Богша бачыў адно яе вока — на белым фоне чорны авал рай­ка, у якім адбіваўся агеньчык бра. У адрозненне ад другіх рэжысёраў, якія цярпець не могуць рэдактараў і па-дурному канфліктуюць з імі, Богша на рэдактарах правяраў сябе, свой фільм, сваіх экранных герояў. Рэдактар быў для яго праявіцелем, які выяўляе здабыткі і хібы твора. Ён любіў рэдактараў жорсткіх, нават просталінейных, якія маглі памыляцца, памыляліся, але неслі з сабой свежы погляд. Вераніка Яшная была вось такім рэдактарам — чортам у спадніцы, якую большасць рэжысёраў ненавідзела.

Усе маўчалі, чакаючы нейкіх слоў ад Богшы.

— Ну, і што ты скажаш, Вераніка? — спытаўся ён троху абыякава, нібы яму было ўсё роўна, што скажа Яшная.

Вераніка павярнулася да яго ў тры чвэрці анфас. Цяпер агеньчык бра перавандраваў у правае вока.

— Мне здалося, вы хацелі сказаць нешта другое, — з заўсёднай сваёй замаруджанасцю сказала яна, — але вам штосьці перашкодзіла... Можа, я і памыляюся...

Яму хацелася крыкнуць: "Не, не памыляешся. Уцэліла ў самае яблычка". Але яго апярэдзіў аператар.

— Вечна ты лезеш з парадамі, — злосна накінуўся ён на рэдактара, мабыць, адчуўшы замах на фільм. — Што хацелі, тое і сказалі. Не больш і не менш...

— I я пра тое ж, — у голасе Веранікі пачулася ледзь улоўная іронія. — Не больш і не менш...

Лазар узняўся з крэсла і пайшоў у калідор, пакінуўшы шасцярых у разгубленасці.

Увечары ён рашыў, што павінен схадзіць да Кірылы Лыкавязава, каб пагаварыць з ім аб сваім уражанні ад фільма, а заадно пабурыць адчужэнне, што прынесла Цюкіна смерць. Цюку ўжо не вернеш. Ды і яму, Лаза­ру Богшу, немагчыма і надалей цярпець катаванне сябе вечнай пометай, ён не ўмеў доўга трымаць злосць. Яна нібы апякала яго нутро. Патрабавалася выгаварыцца і памірыцца.

Ён і лёг з гэтым намерам абавязкова памірыцца з Кірылам. Хіба можна жыць у адной сям’і і ненавідзець адзін аднаго? Вар’яцтва, не больш. Але, як толькі лёг, яму падумалася, што ён не можа, не мае права дара­ваць Кірылу смерць Цюкі. Хто даў яму такое права? Ён можа толькі помсціць. Нават тады, калі б Цюка з таго свету і папрасіла яго дараваць Кірылу. Яна можа дараваць. ён — не.

Гледзячы ў белую столь, Лазар Богша ўсё больш распаляў сябе, выдумляў для Кірылы тысячу па-вар’яцку жорсткіх пакаранняў. Ён ведаў — ніводнае з іх, нават самае бяскрыўднае, не будзе ім ажыццёўлена. Проста настала неабходнасць выпусціць накопленую пару непрыязнасці.

Усе ягоныя начныя трызненні былі глупствам, недарэчнасцю. 3 Кірылам Лыкавязавым яны не маглі разысціся, як два злачынцы, скаваныя адным ланцугом... Але было і яшчэ нешта, што рабіла ягоныя помслівыя памкненні ганебнымі, недастойнымі чалавека. Ён задумаўся, і надзіва лёгка да яго прыйшоў адказ.

"I гэта я гатовы быў пакараць Кірылу? — падумаў ён. — Тады хто я сам? Хлус, які прапануе другім тое, што не можа спавядаць сам?.. Ідзі ты тады да д’ябла, дробненькі нягоднік, якому выгадна выстаўляць сябе дабрачком, а на самай справе гатовы караць смерцю чалавека, няхай сабе і вінаватага. Цяпер нямала такіх, асабліва сярод нашага брата, што на словах спавядаюць адно, а на справе робяць другое. Лямантуюць: мяшчанства, бездухоўнасць, сквапнае назапашванне рэчаў, а самі пагрузлі ў тых жа грахах, ды яшчэ ў памерах, якія радавому абывацелю і не сніліся. Крычаць: справядлівасць, спагадлівасць, узаемавыручка і падтрымка, а самі, дарваўшыся да карыта, гатовы залезці ў яго з нагамі, абы нікога болей не дапусціць да яго. Ганьбяць бяздушных, абыякавых, крывадушных, баязлівых, а самі думаюць пра сябе, пра свой дабрабыт, сваё крэсла, пасаду, славу".

Ен заснуў непрыкметна, а прачнуўшыся, вырашыў не адкладваць свайго паходу і недзе перад самым абедам ужо сядзеў у кватэры Кірылы Лыкавязава, абсталяванай з няўмыснай стылізацыяй пад вясковы быт: ля сцен лаўкі, распісныя скрыні, куфры, замест ложкаў палаці, засланыя даматканымі дарагімі посцілкамі, дубовы стол у куце, завешаным ручнікамі, а пад імі бюст самога Кірылы Лыкавязава — апостал з непрытушанай гардыняй у нахабных вачах.

Маладая Кірылава жонка, мастачка па касцюмах, паставіла на стол абед: сала ў керамічнай талерцы, гу­ста пасыпанае соллю і кменам, салёныя гуркі і бляшанку трасковай пячонкі, якой тады былі завалены паліцы нават сельпоўскіх лавак.

— У нас усё проста, — сказала яна, як бы апраўдваючыся перад Богшам. — Мы жывем без прэтэнзій...

— Не зусім проста і не зусім без прэтэнзій, калі на стале сярэбраныя відэльцы і нажы, — пажартаваў ён.

— Гэта мне дасталося ў спадчыну, — пачала тлумачыць Зоя. — Мая бабуля, маміна мама, належала да роду Цеханавецкіх. Бачыце, на відэльцах і нажах вен­зель і год — восемсот пяцьдзесят восьмы... Бабулін дзя­дзька ў той год засядаў у нейкім — я не дужа разбіраюся якім — камітэце па вызваленню сялян ад прыгону. Ён меў маёнтак недзе пад Віцебскам. Дык у той год ён і заказаў у Пецярбурзе гэты сталовы набор, які і падараваў сваёй пляменніцы, а маёй бабулі. Гэта, калі хочаце, не толькі свяшчэнная рэліквія нашага роду, але і гісторыя, і я дастаю набор толькі тады, калі прыходзіць такі пачэсны госць, як вы, Лазар Васільевіч...

— Вельмі крануты, — паіранізаваў Богша.

Яму было смешна і горка: некалі дваране спрабавалі прымазацца да каго з пралетарскім паходжаннем, цяпер нашчадкі пралетарыяў саромеюцца прызнавацца ў сваім паходжанні. Ён ведаў Зоіну маці. Яе продкі сапраўды былі некалі прыгоннымі пана Цеханавецкага.

О, час!..

Богшу расхацелася гаварыць з Кірылам. Але той сам усчаў гаворку.

— Мінулае — сон, фантазія, якую выдумваюць на ўцеху сабе, — сказаў ён з упэўненасцю вучонага, які адкрыў новы закон. — Я, напрыклад, не ведаю, як звалі маіх прадзедаў і нават матчыных бацькоў. I нічога — жыву! А каб і ведаў? Што дадалося б мне? Нездаровае адчуванне, што я нашу іхнія гены і таму не магу пазбавіцца ад нейкіх хібаў? Я не хачу залежаць ад мінулага. Я — сённяшняе, пакуль жыву. I ўсё знікае разам са мной. А нехта другі — сын ці дачка — будуць жыць сваім жыццём, рабіць яго па-свойму. Мінулае прыгнятае...

Зоя хацела запярэчыць, але Кірыла цыкнуў на яе, як на кошку, з якой няма чаго цырымоніцца. Яна змоўкла. Толькі на твары ўспыхнула яркая пунсовасць. Богша пашкадаваў Зою. Яна або да смерці застанецца Кірылавай рабой, або некалі ўзбунтуецца і кіне яго. I тое i другое не прынясе ёй радасці.

— Ты памыляешся, — сказаў ён, толькі дзеля таго, каб падтрымаць Зою. — Чалавек без мінулага — пылінка на скразняку.

Зоя ўдзячна паглядзела на яго, нібы ўзнагароджвала за падтрымку. Богшу падабалася, што Зоя прыўздымае яго перад мужам. Было прыемна адчуваць сваю перавагу і брыдка.

— Калі ты пакажаш мне фільм? — Кірыла зірнуў на Богшу халоднымі жорсткімі вачамі. — Я ўсё ж маю нейкія адносіны да яго...

— Я і сам паглядзеў яго толькі ўчора.

— Ён прынёс мне нямала турбот, — цягнуў нейкую сваю лінію Кірыла, яўна задзіраючыся на спрэчку. — Але і дапамог многае зразумець...

— Смерць часам дзейнічае на самыя непадатлівыя натуры, — не стрымаўся Богша, каб не падкалоць Кірылу.

— Хлопчыкі, не трэба, — Зоя, як на малітве, склала перад сабой далоні.

— Мы не будзем, — па-хлапчукоўску несур’ёзна паабяцаў Богша. — Мы пагаворым аб фільме. Ён наша дзіця... Дык што ён дапамог табе зразумець?..

— Я не даваў Зоі абяцання, а таму буду гаварыць тое, што хачу сказаць, і вы абое здагадваецеся, пра што я хачу гаварыць. Дык вось, следчы, які вёў справу аб смерці, — Кірыла запнуўся, мабыць, не ведаў, як яму трэба называць нябожчыцу: Цюкай, Кацяй ці яшчэ як... — аб смерці Кацярыны Платонаўны, дужа настойліва лез у галіну духоўнай дзейнасці чалавека, якая называецца кінематографам і ў якой ён разбіраецца прыблізна так, як баран у бібліі. Чорт бы іх пабраў, гэтых сучасных пінкертонаў, шэрлак холмсаў, фінбоў, мегрэ і іншых зарубежных і айчынных паляўнічых за душамі падазроных. Дастаеўскі ўсё ж меў рацыю: следчы заўсёды — паляўнічы за дзічынай. Мой следчы быў абсалютна ўпэўнены, што ён непераўзыйдзены паляўнічы, хоць усяляк адмаўляў гэта...

Богша разумеў, чаму Кірыла з такой злосцю і пагардай абрушыўся на следчага. Яму было непрыемна слу­хаць Кірылу.

— Ці не мог бы ты быць больш канкрэтны? — сказаў ён. — Мне не цікава слухаць пра следчага. Я хачу пачуць, што зразумеў ты...

Кірыла незадаволена пасоп носам, але спрачацца не стаў.

— Следчы ўсё дапытваўся, ці варта было рызыкаваць актрысе і калі варта, дык чаму і ў імя чаго? Вось тады я і задумаўся над ягоным гэтым надакучлівым пытаннем. У ім быў сэнс. Я ледзь не сказаў яму, што варта было рызыкаваць. Але мне не хацелася падводзіць цябе...

Было падобна, што Кірыла з вінаватага становіцца ў позу абвінаваўцы.

— Мяне?

— Пад следствам, на жаль, знаходзіўся я, — сказаў Кірыла з д’ябальскай усмешкай. — Ну, ды гаворка не пра гэта. Мы усе рызыкуем. Кожны па-свойму, і кожны ў імя сваіх ідэалаў. А ў імя чаго ты рызыкаваў сваёй жонкай?..

Богша прыгадаў, як Кірыла стаяў перад ім на каленях у дзень пахавання Цюкі. Цяпер ён зрабіў Богшу выклік. Хоча палічыцца за тую сваю слабасць? Ці, мо­жа, ёсць больш важкія прычыны?.. Богша быў надзіва спакойны.

— У імя праўды мастацтва, — таксама з выклікам сказаў ён, у другі раз беручы віну за Цюкіну смерць на сябе.

Першы раз ён узяў гэтую віну ў кабінеце следчага.

— Ха, насмяшыў!.. Твая праўда — ілюзія, ашуканства недасведчаных людзей. Несумленнае ашуканства, Бог­ша. На жаль, кінематограф пагруз у штучнай, выдуманай шматзначнасці, у гэтым спакойным і занудлівым разглядванні дэталей, ад якога патыхае першабытным сумам...

— Чаму несумленнае ашуканства? Хіба бывае сумленнае?..

— Бывае, — Кірыла грукнуў па стале кулаком, загадаў Зоі: — Прынясі віскі...

Зоя моўчкі паднялася, прынесла бутэльку віскі.

— Я не шкадую, — стала апраўдвацца яна. — Віскі трэба піць з содавай вадой або з газіроўкай. А содавай вады няма, газіроўкі таксама...

— Мы не з роду Цеханавецкіх, — Кірыла распараджаўся жонкай, як парабчанкай. I абражаў яе, як парабчанку. Сказаў і забыў, што сказаў. Звярнуўся да Богшы: — А таму несумленнае ашуканства, што ты дужа ўнікліва, з педантычнай скрупулёзнасцю імкнуўся выпісаць усе жахі вайны. Ты глядзеў на яе не з вяршыні будучай перамогі, а з анатамічкі. Табе, можа, і цікава, але навошта гэта мне?..

Папраўдзе, дык Богша разгубіўся. Ён маўчаў, вырачыўшы вочы, не знаходзячы слоў для абароны. ВельмІ ўсё было прымітыўна, непраўдападобна, а таму вельмі непрыступна для атакі.

— Так ужо і з анатамічкі?.. — разгублена прамармытаў ён.

Кірыла прапусціў міма вушэй ягоную спробу пярэчыць.

— Прызнаюся, калі мне даручылі здымаць твой гэ­ты фільм, я разгубіўся, бо твая канцэпцыя пярэчыла маёй.

— У цябе была канцэпцыя? — падкалоў яго Богша. На большае яго не хапіла.

— Хіба вайна толькі скапленне жахаў і няшчасцяў? — прадаўжаў Кірыла. — Хіба ў ёй няма нічога светлага і прыгожага? Напрыклад, рамантыкі, мужнасці, адчування абавязку? Хіба ў вайну былі адны пакуты, слёзы і роспач? Не было кахання, смеху, мар, надзей? Хіба не самыя лепшыя песні нарадзіліся ў вайну? Напачат­ку я думаў, ты памыляешся як мастак. Потым зразумеў, што не. Ты ішоў на гэта свядома. Ды каб жа толькі ты! I ўсім вам патрэбны жахі толькі дзеля таго, каб сцвердзіць сябе. Ты — кан’юнктуршчык, Богша. Ты су­праць вайны. Я таксама. Але мы па-рознаму ставімся да яе. Палохаючы людзей жахамі вайны, ты заплюшчваеш вочы на выраджэнне сытым жыццём. Во чаго трэ­ба баяцца.

Лазару хацелася абарваць Кірылу якім-небудзь каварным пытаннем: а дзе ты быў у вайну і чаму не захацеў сам паспытаць рамантыкі? Такое пытанне было непрыемна Богшу сваёй дробязнасцю. Ён ведаў, дзе пражыў усю вайну Кірыла Лыкавязаў і чаму не трапіў у армію і на фронт. Ведаў, праўда, са слоў самога Кірылы, які ўмеў маляваць сваё жыццё ў таежным пасёлку ў камічных фарбах.

— А ці не зблытаў ты рыцарскія турніры з сучаснымі войнамі, а опернае адбыванне палону князем Ігарам у Канчака з фашысцкімі лагерамі смерці? — спытаўся Богша ў Лыкавязава.

— Не, не зблытаў, — вельмі паспешліва адказаў Кірыла. — Я не давёў сваю думку да канца, і ты можаш абвінаваціць мяне ў нелагічным мысленні. Смерць Каці... Рызыка ў кіно... Праўда мастацтва... Жахі вайны... Выраджэнне сытым жыццём... Ці не праўда, бяссэнсіца вар’ята. Не, мой мілы, усё абумоўлена і моцна звязана. Аднойчы напалоханы абывацель будзе напалоханы на ўсё жыццё. I ўжо сам стане палохаць другіх...

Кірыла біў бязлітасна, без аглядкі. Нібы навечна рваў з Богшам не толькі дружбу, але і звычайныя чалавечыя адносіны, як ірвуць іх з пракажоным. Яму хаце­лася выйграць.

— Ты здурэў! — абурыўся Богша.

Кірыла яго не пачуў, ён прадаўжаў гаварыць як апантаны:

— А калі мастак, які палохае, ды яшчэ таленавіты, нават геніяльны? Тады ён з такой дакладнасцю, з такім напалам страсцей распіша жахі, што хоць кладзіся і памірай. I ўсё ў імя праўды мастацтва. Дык ці не таму табе спатрэбілася смерць Цюкі? Ты і праўда спаліў яе ў імя тваёй фальшывай праўды. Я ўсё рабіў, каб у фільме хоць на імгненне прамільгнуў агеньчык аптымізму. Усё рабіў.. Але прадухіліць трагедыю не мог. Ты разбэсціў Цюку, зачараваў яе сваёй выдуманай праўдай мастацтва. Яна і запатрабавала, каб я хоць у гэтым эпізодзе не адступіў ад твайго рэжысёрскага сцэнарыя. Я не адступіў, і яна згарэла. Цяпер я сказаў, што хацеў...

Богша разгублена маўчаў. Раптам Кірыла вылез з-за стала, пайшоў у спальню, паваліўся на палаці. Богша няўцямна глянуў на Зою.

— Што гэта? Маналог у стылі сярэдневяковай трагедыі? Героя якраз хапае на тое, каб выказацца і памерці? Ці прытворства?..

— 3 ім бывае, — адказала Зоя. — Не зважайце. Заўтра ён не зможа ўспомніць ніводнага слова...

Так яно і было.

Перад Богшам пранеслася ягонае і Цюкіна жыццё, як вогненны шар маланкі. Кірыла ўсё стаяў на месцы. Здалося, пранесліся гады, а ён не саступіў і на крок. Стаіць і глядзіць на яго...


Эпізод чацвёрты (працяг першага): дыскусія на адвольныя тэмы


— Нарэшце, — сказаў Кірыла Лыкавязаў, зрабіўшы тры баксёрскія крокі насустрач Лазару Богшу. Ягоная правая рука, здавалася, нанясе ўдар знізу, але, напаткаўшы па дарозе Богшаву, толькі моцна паціснула яе. — Кажуць, што ты ўчора ўрэзаў?.. Час бы і спыніцца...

— Хто кажа?.. Якое глупства! — Богша адказаў з той праўдзівасцю ў голасе, што бывае ў грэшніка, які хоча забыцца пра зямныя грахі.

Па шчырасці дык яму было брыдка хлусіць, ды і не было на тое важкіх прычын, але яшчэ больш брыдка было прызнацца ў свінстве, няхай і невялікім, але якому іншага вызначэння і не выбераш у багатай матчынай мове.

Кірыла ўзяў Богшу пад руку, з нечаканай таямнічасцю спытаў, быццам адкрываў найвялікшую тайну:

— Ці чуў ты, што прыехала Рыма Сяргееўна Громава?

— А чаго? Па ахвяры?..

— Я мяркую, не дзеля таго, каб пляскаць табе ў ладкі, — сказаў Кірыла і зарагатаў са свайго жарту.

"Я недзе ўжо чуў гэта", — раптам падумаў Богша, і ў ягонай галаве балюча заварушыліся ўспаміны.

— Ты ніколі не падарожнічаў на той свет? — спытаўся ён у Кірылы.

— Не, — весела адказаў той, падумаўшы, што Бог­ша жартуе. — Не падарожнічаў і хачу як мага надалей аднесці гэтае прыемнае падарожжа.

— А я падарожнічаў, — што-кольвечы прыгадваючы з начных трызненняў, сказаў Богша.

— Відаць, не дужа спадабалася, калі так хутка вярнуўся назад.

— Мне адсеклі там галаву, — сказаў Богша з той сур’ёзнасцю, што дае падставу пачуць у ёй адмысловы жарт.

— Спадзяюся, аперацыя была не дужа цяжкай і пад агульным наркозам?

— Уяві, без наркозу...

— Жахліва... Яны, мабыць, не здагадваліся, якія думкі раяцца пад яе чарапком, а то схапілі б яе і насілі б з сабой, як самы дарагі палон, — пажартаваў Кірыла таксама з сур’ёзным выразам на твары.

— Не, Кірыла, яны якраз здагадваліся, — вельмі сур’ёзна адказаў Богша. — Таму баяліся маёй галавы. Яна магла адкрыць ім вочы, пасеяць сумненні ў душах, задумацца над сабой і сваім ханам, над яго парадкамі. Уяві сабе, дзесяткі тысяч мангольскіх воінаў, якія звязаны адзінай мэтай, спосабам жыцця, памкненнямі і намерамі, а значыць, і адной думай і верай у праўду іхняйагульнай справы. У іх ніякіх сумненняў наконт заваёвы чужых зямель, забойства тысяч людзей, ніякіх разважанняў наконт дабра і зла. Ды ім і непатрэбна думаць. За іх думае хан. А тут раптам галава са шматвяковым гістарычным вопытам. Ад такой станеш уцякаць...

— Гэта што? Прытча?.. Не сказаў бы, каб вельмі арыгінальная, — Кірыла быў разгублены, а таму лішне катэгарычны.

"Што ён падрыхтаваў мне? Якую пілюлю? — падумаў Богша. — Але нешта падрыхтаваў. Во ўжо ніколі не здагадаешся, што ён можа сказаць, зрабіць у наступную хвіліну..."

Другая палова пяцідзесятых гадоў была багатая на змены надвор’я. То раннія прымаразкі, то познія адлігі.

Лазар Богша ў тыя гады станавіўся на рэжысёрскія ногі. Марудна. Цяжка. Ён увесь быў захоплены творчасцю, планамі на будучае, тым, каб устаяць, закрочыць насустрач сонцу. Менавіта сонцу. Гэта быў вобраз, які захапіў яго, як ідалапаклонніка. Ці не таму ён нічога не бачыў навокал, нічога не чуў. Ён хадзіў, задраўшы галаву, каб глядзець на сонца, і не мог схіліць яе, каб пабачыць зямныя справы. Яны даносіліся да яго рэхам студыйнага калідора.

Кіношная брація пацяшалася на той час з Кірылы Лыкавязава, але найбольш употай, пакуль аднаго разу не абурылася, аднак абурылася зноў жа так, як умеюць толькі кіношнікі, — ярасны выбух і дабрадушнае заспакаенне.

Лазару Богшу даўно быў вядомы зменлівы характар Кірылы. Але пры ўсім гэтым Кірыла ўмеў заставацца наперадзе. Ён нагадваў таго ўсюдыіснага штабс-капітана, які, ідучы наперадзе калоны, нейкім чынам зноў аказваўся наперадзе, калі давалі каманду кругом, ша­гам марш!.. Кірылу нічога не каштавала адрачыся ад сваіх слоў, сцвярджаць нешта зусім супрацьлеглае та­му, што нядаўна сцвярджаў. Але Богша паблажліва ставіўся да ягоных хібаў — сам не без іх, дык чаго абурацца чужымі? Ды і ці мала на Богшавай памяці было такіх, што рабілі так, як Кірыла. Ці мала хто прызнаваў свае памылкі, каб потым адрачыся ад прызнанняў, а затым зноў прызнавацца.

Кірыла, праўда, умеў не прызнавацца ў памылках. Ен заўсёды сам быў у наступленні на тых, хто дапускаў памылкі. Ну, а калі ўжо не было выкруткі... Кірыла заўсёды знаходзіў выйсце. Гэта яму належаў афарызм: "У мяне, вядома, ёсць свая думка, але я з ёю катэгарычна нязгодны".

У тыя гады на кінастудыі паявіўся здольны рэжысёр Міця Зяблік, які зняў свой першы фільм і пра які раптам загаварылі як пра з’яву мастацтва.

Лазару Богшу фільм Зябліка не тое што не падабаўся. Ён не мог зразумець, хоць і баяўся праслыць рэтраградам, чаму фільм так хваляць. Праўда, у ім была нейкая свежая думка, але дужа нязначная, каб узнімаць фільм на такую вышыню. Праўда, у ім была непадкупная наіўнасць. Але зноў жа гэта не давала падстаў для такога захаплення. Вялы мантаж. Нявыверанасць сцэн. Адсутнасць акцёрскага ансамбля. Ды і не заўсёды відаць была рука рэжысёра. Ён паспрабаваў сказаць гэта на калідоры Кірылу Лыкавязаву. Той абрынуў на яго вадаспад абвінавачанняў, сярод якіх са­мым бяскрыўдным было абвінавачанне ў адсталых поглядах на мастацтва. Кірыла на той час захапляўся італьянскім неарэалізмам.

Не прайшло і паўгода, як аднекуль падзьмуў іншы вецер і фільм Зябліка быў дружна раскрытыкаваны. 3 гэтай прычыны і ўжо не на студыі адбылося абмеркаванне. Дакладчык, асоба вельмі нават адказная, у сваім дакладзе сказаў пра фільм Зябліка яшчэ больш жорстка, можа, з перахлёстам, але зусім безапеляцыйна. Зяблік сядзеў на той нарадзе побач з Кірылам. Ён быў перапалоханы. Ды і не дзіва. Хто ж пасля такой крытыкі дасць яму новую работу?

— Кірыла Мацвеевіч, — звярнуўся ён да Лыкавя­зава, — мне трэба выступіць, прызнаць памылкі. Гэта найлепшае, што можна прыдумаць пры такіх абставінах...

Кірыла паглядзеў на Зябліка са спачуваннем, але і са злосцю.

— Ты думай, што гаворыш!.. Справа не толькі ў та­бе. У калектыве. Мала чаго можа сказаць дакладчык. Вось я падымуся на сцэну і пастаўлю кропкі над "і". Я ім дакажу іх памылкі.

Ён сапраўды падняўся на сцэну. Ён прызнаў не толькі памылку студыі, якая дазволіла Зябліку здымаць заганны фільм, але і сваю памылку, бо ён не разгледзеў як трэба твару ідэалагічнага дыверсанта...


"Са мной так не выйдзе, — падумаў Богша, — ды і часы цяпер не тыя. Але трэба быць напагатове. Кірыла недарэмна загаварыў пра Громаву. Ён ужо знайшоў час, каб пагаварыць з ёю і падкінуць ёй сякую-такую інфармацыю".

— Не, гэта не прытча — рэальная падзея, падобная на прытчу... — сказаў Лазар Богша.

— Кінь заліваць. Становіцца смешна, — сказаў Кірыла. — Глядзі, да нас ідзе Рымачка і ззяе, як дыямент у залатой асадцы. Пойдзем, прыкладзёмся да ручкі...

Рыма Сяргееўна Громава належала кіно, як і кіно належала ёй. Яе дзед, Канстанцін Сяргеевіч Громаў, быў, бадай, самым таленавітым аператарам мультыплікацыйных фільмаў на фабрыцы Ханжонкава. Па малаходжанай кіношнай сцежцы пайшоў і яе бацька Сяргей Канстанцінавіч, чалавек, што праўда, таленавіты, але раскідзісты, несабраны. Ён у свой час спрабаваў пісаць сцэнарыі, здымаць фільмы і сам здымацца ў іх, пазней жа заняўся тэарэтычнымі працамі, якія не прынеслі яму вялікай славы, а бадай, наадварот, праславілі яго не з лепшага боку. Сяргей Канстанцінавіч у свой час перабыў членам усіх груп і груповак ад "Фекса" да "Пралеткульта", але нідзе падоўгу не затрымліваўся. Маці Рымы Сяргееўны Капіталіна Мікалаеўна таксама нале­жала да кіно. Яна была дачкой у свой час вядомага ма­стака, з якім аб’ездзіла ўсю Еўропу і нават здымалася ў нейкім фільме з нейкім дужа славутым акцёрам. У адрозненне ад свайго мужа Капіталіна Мікалаеўна бы­ла асоба практычная, мэтанакіраваная, а таму, як толькі ў іх нарадзілася дачка, вырашыла зрабіць яе на ўвесь свет вядомай актрысай.

3 самага маленства Рыма Сяргееўна знаходзілася ў акружэнні славутых і неславутых рэжысёраў, аператараў, кінаакцёраў і літаратараў, у вечнай кіношнай гамане, сярод дэкарацый у павільёнах, што ў адрозненне ад тэатральных выглядалі сапраўднымі палацамі.

Але актрысы з яе не выйшла. Праўда, Рыма Сяргееўна здымалася ў кіно — першы раз ці не ў пяць гадоў, калі сыграла дзяўчынку-беспрытульніцу, — потым былі і другія ролі, але найбольш эпізадычныя, якія не маглі прынесці ні славы, ні нават звычайнага задавальнення. Яна і сама яшчэ ў інстытуце кінематаграфіі зразумела, што быць актрысай не яе доля, а таму насу­перак маці, якая ўсё яшчэ не губляла надзей, перайшла на сцэнарнае аддзяленне. Па яе экранізацыях было пастаўлена два ці тры фільмы, даволі ўдалыя, якія стварылі ёй пэўны аўтарытэт у кіношных колах.

Мабыць, ад бацькі Рыма Сяргееўна атрымала ў спадчыну раскіданасць, бо неўзабаве перастала пісаць сцэнарыі, занялася такой няўдзячнай работай, як крытыка, — ступіла на слізкі шлях, дзе пакаўзнуцца дужа лёгка, а прыйсці да нечага надзвычай цяжка. Рыма Сяргееўна неўзабаве зноў захапілася літаратурай, але не ў жанры сцэнарным. Яна пачала пісаць партатыўныя аповесці — тры-чатыры друкаваныя аркушы. Вось тады Рыме Сяргееўне і прапанавалі пасаду, напалову адміністрацыйную, напалову творчую. Тут і выявіліся сапраўдныя яе здольнасці. Рыма Сяргееўна здолела паказаць сябе з найлепшага боку. Яна ўмела дасягнуць та­го, дзе іншыя станавіліся ў тупік. Адным словам, Рыма Сяргееўна аказалася адпаведнай таму сінтэтычнаму віду мастацтва, якім з’яўляецца кіно, дзе ўсё пераплялося ў фантастычны клубок: літаратура і музыка, выяўленчае мастацтва і вобразнае адлюстраванне на плёнцы, мантаж і жывая натура, гаспадарчыя клопаты і акцёрская ігра — усё, усё, што нараджае ў пакутах мастацкі твор — фільм.

Рыму Сяргееўну пабойваліся, але і паважалі. Яна была свая, кіношная, а не якая-небудзь прышлая, выпадкова зацягнутая ў кінавір і закручаная ў ім да поўнай няўцямнасці. Але гэта было і блага, бо Рымачка ведала ўсе кіношныя хітрыкі і не паддавалася на іх.

Кірыла Лыкавязаў узяў Рымаччыну вузкую руку з залатым пярсцёнкам, нязграбна пацалаваў, цмокнуўшы, яшчэ не дакрануўшыся да рукі губамІ ў паветра. Лазар Богша таксама пацалаваў руку.

— Вы хоць падманціравалі матэрыял? — спытала яна, адразу прыступіўшы да справы, якая была для яе жыццём.

— Калі ж было? — адказаў Богша. — Проста мной зроблена першая прыкідка для сябе.

— Вы ж ведаеце, я падтрымлівала ваш сцэнарый, — было такое уражанне, што Рыма Сяргееўна наперад апраўдваецца перад ім.

— Цяпер нешта перамянілася? — спытаў Богша.

Рыма Сяргееўна з дакорам паглядзела на яго: сур'ёзны чалавек, а задае дурнаватыя пытанні.

— Але ж вы памянялі сцэнарый. Напісалі новы. Так мне, прынамсі, сказаў Кірыла Мацвеевіч. Няўжо вы не разумееце, што вы нарабілі?

"Ага, во з якога боку пад’ехаў на крывых санях Кірыла, — падумаў Богша. — Дзякуй богу, што з гэтага. Рыма Сяргееўна мяне зразумее".

Кірыла адчуваў сябе дужа няёмка. Ён нешта прамармытаў, накшталт: "Я толькі перадаў думку Накіпелавай".

— Рыма Сяргееўна, я ўсё разумею і вельмі прашу вас з разумением паставіцца да таго, што ўбачыце, — Богша гаварыў з той доляй шчырасці, на якую здольны таленавіты акцёр. — Мы з аўтарам — спачатку зусім незалежна адзін ад аднаго, а потым і разам — прыйшлі да думкі, што сцэнарная аснова толькі выйграе ад змен. Я ўвесь час памятаў вашы заўвагі, калі прымалі літаратурны сцэнарый. Тады я быў супраць. Потым зразумеў, што вы вельмі прафесійна вызначылі слабае месца ў сцэнарыі, — Богша паддобрываўся да Рымы Сяргееўны. На самай справе яна нічога не гаварыла. — Сапраўды, праз бітву на Нямізе мы маглі сказаць ба­нальную рэч. А вось паказаць аўтара "Слова аб палку Ігаравым", які паўстаў супраць канонаў быліннага часу, супраць Баяна, якога ён паважаў, у якога вучыўся і ўсё ж пайшоў супраць яго, бо адчуваў новыя павевы часу і новыя задачы творчасці, як і Пушкін у "Барысе Гадунове", — вось пра гэта варта было здымаць фільм.

Рыма Сяргееўна нічога не сказала на гэта. Богша адчуваў: яна падрыхтавана, каб здацца.

— Я была здзіўлена вашаму выбару на ролю Усяслава Полацкага, — сказала яна, каб перавесці гаворку ў спакойнае рэчышча.

— А ён якраз няблага іграе, — адказаў Богша. — А каго б бачылі вы?

— Не ведаю, не ведаю, — паспешліва сказала Рыма Сяргееўна, як бы гаворачы гэтым Богшу, што яна не любіць улазіць у творчыя справы рэжысёра, але не ўтрымалася і назвала адразу тры прозвішчы акцёраў, якія, на яе думку, маглі сыграць галоўную ролю.

— На жаль, двое з іх вельмі занятыя і не маглі здымацца, — адказаў Богша, — а трэцяга я не стаў запрашаць сам. Яго апошнім часам заездзілі.

— I ўсё ж ён у кожным фільме непаўторны, — ска­зала Рыма Сяргееўна, адразу зразумеўшы, пра каго сказаў Богша.

Размова была вельмі прафесійная, а таму прыемная абаім: што ні кажы, а добра, калі людзі разумеюць адно аднаго з паўслова. Богша незаўважна адчуў, як з яго спадае цяжар сумненняў, што адолелі ў машыне па дарозе на студыю.

Тым часам на калідоры паявіўся дырэктар кінастудыі, чалавек сутулы і пануры з выгляду, у акружэнні сваёй світы, якую ён усюды вадзіў за сабой дзеля большай саліднасці. Павітаўшыся з Богшам, дырэктар загаварыў з Рымай Сяргееўнай пра тое, як ён некалі ў маладосці хадзіў паляваць на тыгра і ледзьве не загінуў, бо падранены звер выбіў з яго рук стрэльбу. Але ён не спалохаўся, выхапіў кінжал, і тады тыгр уцёк у плаўні. То быў адвечны "канёк" дырэктара, заезджаны да знямогі, але пра гэта ён расказваў кожны раз, калі трапляўся свежы чалавек, які і не здагадваўся, што дырэк­тар ніколі не хадзіў на паляванне, нават на зайцоў.

У блакітнай зале — дырэктар чамусьці вельмі любіў блакітны колер — сядзела ці не палова студыі. Богша акінуў позіркам залу, і яго ахапіла тое прыемнае хваляванне, якое ахоплівае любога мастака, калі ён выносіць свой твор на публіку. Было страшна, але і добра, як перад скачком з парашутам.

— Чаму так многа народу? — незадаволена буркнуў дырэктар, сядаючы ў крэсла. — То ж не грамадскі прагляд... Давайце пачынаць. Наступны раз каб, апрача членаў савета, нікога не пускалі...

На дырэктарскую буркатню ніхто, вядома, не звярнуў увагі. Дырэктары на тое і існуюць, каб бурчаць, сварыцца, даваць указанні... А сапраўды, яшчэ для чаго існуюць дырэктары?

Кірыла Лыкавязаў, як належыць яму па праву, адкрыў мастацкі савет кароткім уступным словам. Маўляў, мастацкі савет сабраны нечакана і толькі таму, што прыехала паважаная Рыма Сяргееўна, але гэта якраз і дарэчы, бо настала патрэба прагледзець рэдакцыю фільма, які займае ў планах студыі важнае месца як па тэматыцы, так і па ўдзельнай вазе ў вытворчасці. Даўшы слова Лазару Богшу, Кірыла адышоўся і сеў ззаду, ля сцяны, як бы ў цень. Лазар Богша аж здзівіўся: звычайна Кірыла сядзеў побач са студыйным начальствам. На ўсякі выпадак.

— Да гэтага фільма я ішоў доўга, — пачаў Богша, раптам адчуўшы, што зусім не ведае, пра што павінен сказаць мастацкаму савету. Заўсёды ведаў, а цяпер ніякіх думак. — Мне даўно хацелася крануцца нашай гісторыі, якую мы так мала ведаем. Наколькі мне ўдалося — меркаваць вам. Даруйце, што матэрыял не поўнасцю падкладзены. Вы пабачыце і дублі і праклейкі. Я пастараюся сказаць, што хаваецца за кожнай такой праклейкай. Можа, будуць пытанні?

Пытанняў не было. Лазар Богша націснуў на кнопку селектарнай сувязі, папрасіў кінамеханіка:

— Пачынайце, калі ласка.

Экран успыхнуў сіняватым святлом...


***

3 нейкага часу паміж Кірылам Лыкавязавым і Лазарам Богшам ішла зацятая і непатрэбная, на думку кіношнікаў, дыскусія. Папраўдзе, дык сутнасць яе была незразумела самому Лазару Богшу. Ён часам падазраваў, што Кірыла знарок уцягвае яго ў дыскусію. Богша даваў сабе слова не спрачацца, а мудра маўчаць, але кожны раз незаўважна для сябе пачынаў пярэчыць Кірылу, а запярэчыўшы, ужо стаяў на сваім, хоць і шкадаваў: чаму было не стрымацца?

Самае дзіўнае ў гэтай дыскусіі на адвольныя тэмы, як іх ахрысцілі кіношнікі, заключалася ў тым, што нiхто на студыі не бачыў важкіх прычын для дыскусій, а таму іх тлумачылі суперніцтвам двух вядучых рэжысёраў. Пагаворвалі, што Лазар Богша не ўспрымае творчасці Кірылы Лыкавязава, больш таго, лічыць ягоныя фільмы павярхоўнымі, верхаглядскімі, а значыць, і маламастацкімі. 3 другога боку, пагаворвалі, што Кірыла Лыкавязаў у сваю чаргу не прызнае творчасці Богшы, знаходзячы ў ёй уяўную глыбакадумнасць. Усё гэта бы­ло не так, а таму хадзілі чуткі, што Богша не дараваў Лыкавязаву смерці Цюкі, а той баіцца Богшы і са стра­ху адплочвае, прыдзіраючыся да кожнага яго фільма.

Лазар Богша сапраўды адчуваў да Кірылы антыпатыю, якую ён тлумачыў лыкавязаўскім імкненнем падабраць пад сябе ўсю студыю. А Лыкавязаў не цярпеў Богшу, які не баяўся казаць Кірылу ўсё, што думае пра яго. Быў у гэтым пэўны рэзон.

Дыскусіі звычайна ўзгараліся нечакана і па такіх пытаннях, якія, здавалася, не давалі падстаў да заця­тых, аж варожых спрэчак. Яны ўзнікалі, як правіла, па­сля кожнага чарговага фільма каго-небудзь з варожых бакоў.

Не, абодва рэжысёры не апускаліся ў спрэчках да збэшчвання фільмаў суперніка. Дыскусіі адбываліся па тэарэтычных пытаннях, гэта значыць, закраналі нейкія агульныя палажэнні стану кінематографа. Богша звы­чайна выступаў больш грунтоўна, Кірыла — з той сялянскай практычнасцю, якая хоць і не дужа прэтэндавала на тэарэтычныя абагульненні, затое давала свой плён.

— Мы ўсё ж робім фільмы дзеля таго, каб іх глядзелі, — пачынаў сваю прамову Кірыла Лыкавязаў. —Трэба ж, мусіць, паважаць гледача, а не выпрабоўваць ягонае цярпенне. Я іншы фільм не магу даглядзець і да паловы, дык я ўсё ж прафесійны глядач. А як быць простаму чалавеку, што прыйшоў і для таго, каб адпачыць. Мусіць, нельга злоўжываць глядацкім цярпеннем. Каму патрэбна іншая філасофская заглыбленасць, якая хутчэй выглядае як звычайная занудлівасць...

I ўсе разумелі, што Кірыла Лыкавязаў гаворыць не проста ў парадку тэарэтычных разважанняў, а мае на ўвазе апошні богшаўскі фільм, які і праўда не вызначаўся імклівасцю сюжэта, затое быў насычаны філасофскімі развагамі. Богша таксама разумеў, у чый агарод кідае Кірыла камень, і ён ужо не мог стрымацца, каб не адказаць яму.

— Мне здаецца, — казаў ён, — што некаторыя нашы фільмы адвучваюць гледача думаць, бо яны не нясуць ніякай думкі, а толькі пустую займальнасць. А між тым народ — найвялікшы мудрэц і філосаф. Адмаўляць яму ў гэтым — значыць прыніжаць яго да першабытнага мыслення. Мы ствараем духоўныя каштоўнасці, а не шырпатрэбаўскую прадукцыю, якую можна, пакарыстаўшыся, выкінуць на сметнік. Твор мастацтва і праз гады павінен хваляваць гледача, даваць яму праўдзівае адлюстраванне страсці і мудрасці эпохі. Адмаўляць сучаснаму гледачу ў праве разумець філасафічнасць твора — ці не значыць гэта адрываць яго ад усёй куль­туры мінулага, бо, што ні кажыце, вялікія майстры све­ту ва ўсіх жанрах мастацтва не ў апошнюю чаргу дбалі пра філасафічнасць сваіх твораў.

I ўсе ведалі, што Лазар Богша мае на ўвазе лыкавязаўскі фільм, які, што праўда, глядзеўся з неаслабнай увагай, але ў якім дробненькія страсці толькі казыталі нервы гледача.

Богша глядзеў на экран з той прафесійнай уважлівасцю, якая вымагае нястомнай працы розуму: дзе і што лішняе, дзе атрымалася не так як было заду­мана. За мантажным сталом ён больш клапаціўся пра тое, каб адабраць лепшыя дублі і з большай ці меншай дакладнасцю зманціраваць матэрыял, а потым ужо заняцца яго чысткай.

Цяпер Богша бачыў свае памылкі, на шчасце, нешматлікія, можа, нават дробязныя, але якія раздражнялі яго, аж хацелася спыніць прагляд, пачаць здымкі занава. Ды хіба такое магчыма ў кіно? Як ён у гэты час зайздросціў мастакам і пісьменнікам! Яны шчаслівыя.

Мастак можа сцерці з палатна ўжо гатовую карціну, намаляваць яе па-новаму. Пісьменнік можа выкінуць у кошык раман, каб перапісаць яго так, як пабачылася. У кіно такое нікому не дазволена. Адзнятае аднойчы не можа быць перазнята, бо на тое не хапае ні плёнкі, ні грошай.

Заняты сваімі думкамі, але ўважліва сочачы за экра­нам, Лазар Богша нейкім незразумелым чынам бачыў і прыціхлую залу, і Кірылу Лыкавязава, на твары яко­га ўвесь час блукала іранічна-горкая ўхмылка — Кірылу фільм не падабаўся.

Дзіўна, але Лазара Богшу балюча кранала Кірылава ўхмылка. Яму чамусьці вельмі хацелася хоць адной­чы скарыць Кірылу, пачуць ад яго не прытворную пахвалу, а шчырае захапленне ягоным фільмам. Ён недзе спадцішка спадзяваўся, што гэты фільм і будзе такім творам, які пераможа Кірылу. Богша разумеў, што не дачакаецца такога. I ўсё ж чакаў, быццам ад гэтага залежаў далейшы яго лёс.

Яму раптам падумалася, што, можа, і Кірыла чакае ад яго таго ж. Але ён тут жа запратэставаў: "Ды я і рад быў бы сказаць яму прыемнае, парадавацца ягонаму поспеху, каб было што хваліць. Усё дробна, плоска, хоць і займальна. А галоўнае, усё з тым няўлоўным душком абывацельскай дабрачыннасці і сытасці, калі ўжо няма ніякай справы да людзей, з якімі жывеш, а толькі адна няшчырая бачнасць зацікаўленасці ў чужых лёсах, затое ўсё звернута на сябе, на свой дабрабыт, на сваё незалежнае існаванне, як у таго спешчанага ката, што грэецца на ляжанцы, мурлыкае сабе пад нос няскончаную песню сытай задаволенасці".

Нарэшце на экране прамільгнулі апошнія кадры. Яркі промень праектара патух, і ў зале на адно толькі імгненне запанавала цемра і аж звонкая цішыня. Потым загарэлася лямпачка на сцяне, нехта ўключыў святло ў зале — люмінесцэнтныя лямпы пад высокай столлю. Толькі цяпер кіношная брація рушыла на выхад.

Нехта паціснуў Богшаву руку. Ён азірнуўся — Кар­ней Карнеевіч Кладачка.

— Па-мойму, гэта выдатна, — усхвалявана сказаў ён і абняў Богшу.

Што ж, сябра ёсць сябра!..

У канферэнц-зале, дзе праводзіліся студыйныя схо­ды і пасяджэнні мастацкіх саветаў, панавалі ўжо прыцемкі, так што давялося запаліць святло. Члены мастацкага савета размясціліся за двума сталамі, што стаялі ўздоўж сцен, пафарбаваных у яркі лімонны ко­лер. Здымачная група ўселася бліжэй да дзвярэй, якія ва ўсе часы неслі выратавальную функцыю — за імі можна было знікнуць.

Кірыла Лыкавязаў прыйшоў ці не апошні, падняўся на ўзвышэнне, дзе стаяў стол, падобны на дырыжорскі пульт. Ды і сам Кірыла нагадваў дырыжора, перад якім паклалі замест партытуры сімфоніі папку з хецкім клінапісам. Ён быў разгублены, хоць і рабіў выгляд, што разумев той хецкі клінапіс і неяк прадырыжыруе сімфонію, як толькі музыканты зоймуць месцы ў аркестры.

Як і заўсёды, час перад пасяджэннем цягнуўся бясконца доўга, нібы тое галоднае лета, пакуль нехта з нецярплівых не крыкнуў, каб пачыналі, бо трэба ж некалі і дзяцей выхоўваць. Кірыла падхапіўся з крэсла, без аніякіх прадмоў, нібы толькі і чакаў гэтага голасу, даў слова рэдактару фільма.

— Фільм мне ўяўляецца цікавым і ў цэлым пада­баецца, — таксама без лішніх прадмоў заявіў рэдактар і, пераймаючы манеру тэатральных рэцэнзентаў, пачаў падрабязна расказваць змест фільма. Толькі потым ён загаварыў, праўда, не дужа ўпэўнена, пра тое, што яму не спадабалася.

3 гэтага і пачалася тая вялікая гаварыльня, якая вя­дома кожнаму кіношніку, дзе прамоўцы адстойваюць свой погляд, абсалютна дакладна ведаючы, што трэба адрэзаць ад аднаго эпізоду, прыставіць да другога, каб фільм набыў вартасць шэдэўра. Зрэшты, такое здараецца не заўсёды, а найчасцей тады, калі фільм выходзіць за межы звычайных уяўленняў і яго нельга мераць меркай вядомых ужо ў кіно стандартаў, бо ён і сам прэтэндуе на нейкі новы стандарт для будучых пакаленняў мастацкага савета.

Члены мастацкага савета з усёй стараннасцю імкнуліся выявіць сваю эрудыцыю, а таму ўжывалі найноўшую кіношную тэрміналогію, так што збоку можна бы­ло падумаць — ідзе дужа навуковы сімпозіум. Фільм найбольш хвалілі, хоць не абыходзілася без прапаноў і нават прыдзірак. Часам успыхвалі бязладныя спрэчкі, і тады Кірыла Лыкавязаў хмурыў бровы, з усёй сілай грукаў костачкамі пальцаў па стале.

Богша тым часам непрыкметна адзначаў, якія эпізоды прапаноўвалася ўжо зняць або хоць скараціць — такіх эпізодаў набіралася аж трынаццаць, ледзь не палова ўсёй карціны. Праўда, члены мастацкага савета прапаноўвалі не вельмі катэгарычна, а хутчэй праблематычна, ці, як кажуць кіношнікі, у парадку трызнення.

Лазар Богша слухаў пахвалу з тым адчуваннем, якое бывае ў чалавека, якога кожны дзень прымушаюць піць патаку — было прытарна, — аднак і крытыка яго раздражняла, як раздражняе чырвоная анучка быка — так і хочацца не яе кінуцца. Па шчырасці дык Лазар Богша чакаў двух выступленняў: Кірылы Лыкавязава і Рымы Сяргееўны Громавай.

Першы ўзяў слова Кірыла Лыкавязаў. Было гэта парушэннем кіношнай традыцыі — старшыня мастацкага савета гаварыў апошні. Але не толькі гэта ўразіла Бог­шу. Выступаючы паперадзе Рымы Сяргееўны, Кірыла як бы намякаў, што на студыі ёсць свой пункт гледжан­ня на фільм Лазара Богшы і прадстаўніца Дзяржкіно павінна з гэтым лічыцца.

Так, напэўна, падумалі і ўсе члены савета, бо ў зале наступіла злавесная цішыня, якая бывае перад навальніцай — душна і глуха.

Кірыла, няйначай, хацеў паназаляцца. Ён нагадаў членам савета пра пачэснае месца Лазара Богшы ў савецкай кінематаграфіі, пахваліў ягоныя два-тры найлепшыя фільмы. Не абышоў і Богшавых памылак, сказаўшы пра іх коратка, але так шматзначна, што яны засланілі Богшавы дасягненні.

Усе заўважылі, што Кірыла Лыкавязаў выступаў на гэты раз як па пісанаму. Значыць, рыхтаваўся да вы­ступления загадзя і вельмі грунтоўна. Напружанне ў зале стала яшчэ больш моцным.

Лазар Богша, не жадаючы таго, слухаў Кірылу з незразумелай яму ўвагай. Ён наперад ведаў, што скажа Кірыла, але слухаў уважліва, баючыся чамусьці прапусціць хоць адно слова. Кожнае лыкавязаўскае слова было падобна на кулю, якая не забівае, а вельмі балюча джаліць. Зрэшты, Богша чакаў ад Кірылы і нейкіх нечаканасцей. Лыкавязаў быў вунь як здольны да іх.

— Дык вось, — Кірыла Лыкавязаў зрабіў паўзу і загаварыў ужо з металам у голасе, пазіраючы кудысьці ўгору, нібы хацеў заклікаць усявышняга ў сведкі сваёй аб’ектыўнасці. — Дык вось, дарагія таварышы, — яшчэ раз паўтарыўся ён, — у такога выдатнага майстра, які валодае талентам з незвычайнай сілай уздзейнічаць на чалавечыя эмоцыі, на свядомасць людзей, моцны не толькі станоўчы эфект уздзеяння, але, і што найбольш небяспечна ў дадзеным выпадку, адмоўны эфект уздзе­яння. Ягоныя хібы, памылкі, недахопы такія ж яркія, уражлівыя, як і ўсё ягонае майстэрства. Ягоныя памылкі становяцца памылкамі людзей, якія іх не заўважаюдь. I гэта не толькі насцярожвае...

Лазар Богша ледзьве стрымаўся, каб не зарагатаць у гэтай перанасычанай ад напружання зале, дзе голас Лыкавязава здаваўся голасам вясковага вешчуна-чарадзея, якога і слухаюць толькі таму, што ён гаворыць не так, як усе, а незразумела.

Станоўчы эфект уздзеяння!..

Яркія, уражлівыя недахопы!..

Ачумець можна!.. Але ж слухаюць і не заўважаюць, што чуюць!..

Як жа любіць кіношная брація вычварнасць і заблытанасць!.. Незразумела — і вельмі добра! Непісьменна — ну і што? Абсурдна — значыць, па-наватарску!..

Мусіць, ён на нейкі час адключыўся, выпусціў з-пад увагі лыкавязаўскія практыкаванні ў "высокім стылі", бо раптам голас Лыкавязава вынырнуў як з падзямелля.

— На нашу думку, быў выдатны сцэнарны матэрыял выдатнага пісьменніка і кінадраматурга Цімоха Баравіка-Залеўскага, быў, нарэшце, прыстойны рэжысёрскі сцэнарый, адобраны намі, падтрыманы Дзяржкіно. I вось паважаны майстра — а толькі майстры могуць дазволіць сабе такую вольнасць — адкідвае прэч літаратуру, уласнае бачанне літаратурнай асновы, робіць зусім новы экранны варыянт кінатвора. Мы не можам ухваліць такі ўчынак хай сабе і заслужанага рэжысёра, бо ён — дрэнны прыклад для моладзі. Мы не можам ухваліць і тое, што нам паказаў рэжысёр, як першую прыкідачную рэдакцыю. На нашу думку, экранны ва­рыянт стаў горшым за літаратурную аснову і па распрацоўцы агульнай сюжэтнай лініі і па змястоўнай напоўненасці дзеяння...

На гэты раз Лазар Богша толькі пакрывіўся ад "агульнай сюжэтнай лініі" і "змястоўнай напоўненасці дзеяння".

I зноў Богша адключыўся ад таго, што гаварыў Кірыла Лыкавязаў. Ён не ведаў, ці доўга прабыў у такім стане. Лыкавязаўскі голас вярнуў яго ў канферэнц-залу.

— Такім чынам, — гаварыў Лыкавязаў, — ні па ідэйнай канцэпцыі, ні па мастацкаму вырашэнню тэмы мы не можам ухваліць прадстаўленую нам рэдакцыю фільма...

Ён адразу ж даў слова Рыме Сяргееўне. Богшу аж стала шкада яе.

Рыма Сяргееўна спрабавала ўратаваць фільм, але, ратуючы яго, яшчэ больш нішчыла, прапануючы Богшу выкідваць з фільма найбольш дарагія яму эпізоды, тыя, якія яны прыдумалі з Цімохам Баравіком-Залеўскім, абрамляць увесь фільм нейкай штучнай гісторыйкай з сучаснага жыцця, быццам тое абрамленне магло нешта дадаць фільму.

Лазар Богша ўжо не быў здзіўлены, калі і Рыма Сяргееўна пагадзілася з Лыкавязавым, што яшчэ рана прымаць рэдакцыю фільма.

Усё было хоць і не зусім неспадзявана, але ўсё ж неверагодна, што Лазар Богша нават не паверыў пачутаму: Кірыла Лыкавязаў аб’явіў пасяджэнне закрытым.

"Усё, — падумаў Богша з адзінокай асуджанасцю. Ён разумеў, што перарабляць фільм не стане, каб не разбурыць створанае. Рабіць жа нейкае публіцыстычнае абрамленне было ўсё адно, як да Полацкай Сафійкі прыбудаваць буйнапанельны корпус. Рыма Сяргееўна яшчэ спрабавала даказаць яму, што такое абрамленне можна зрабіць без аніякай шкоды для фільма, але Ла­зару Богшу было нецікава яе слухаць. Ён прадаўжаў думаць: — Талент мастака мусіць найперш за ўсё дбаць пра душэўныя рухі чалавека, пра тыя важкія галоўныя пытанні, што сікладаюць сутнасць жыцця, яго сэнс. Жыццёвыя сітуацыі мяняюцца часта, а чалавек з яго адвечнымі праблемамі застаецца. Колькі рэжысёраў браліся ўжо за нейкую самую актуальную тэму, але мяняліся ўмовы быцця і фільм паміраў на вачах яго ж творцы. Які гэта жах, калі на вачах у бацькоў паміраюць дзеці. Дзеці павінны паміраць толькі пасля бацькоў. I я не хачу смерці маім творам пры мне..."

Рыма Сяргееўна, відаць, зразумела Богшаў душэўны стан, а таму развіталася, перанёсшы размову на заўтра.

На калідоры Богшу чакалі аператар Юра Засухін і Кладачка.

— Не гаруй, стары, — абняў Богшу аператар. — Фільм ёсць...

— Быў, — сказаў Богша.

— Зрабі ты ім гэтае абрамленне, а эпізоды адстаім. Пасля яны самі адмовяцца, — параіў Карней Карнеевіч.

— Не, — сказаў Богша. — Здароваму чалавеку не патрэбны мыліцы...

Яны моўчкі пайшлі па калідоры, пустым і доўгім.

— Я застануся, — сказаў Богша. — Хачу яшчэ раз паглядзець фільм, можа, у апошні раз...

— Глянь на сябе, — параіў Кладачка. — Выспіся. Заўтра паглядзім разам.

Богша толькі цяпер прыслухаўся да сябе: левая палавіна грудзей зноў, як днём, набракла болем, а левая рука амярцвела.

— Адпачнём там, — Богша ткнуў рукой у падлогу. — Я цябе папрашу, Карней Карнеевіч, пашлі тэлеграму Любе.

Ён дастаў з кішэні блакнот, вырваў лісток, прыткнуўшыся да падаконніка, напісаў тэкст:

"Люба, даруй. Прылятай хутчэй. Мне блага. Вёльмі".

— Надумаў ты нешта, — буркнуў Кладачка, але настойваць, каб не заставаўся, не стаў, ведаў, што бескарысна.

Богша падняўся на другі паверх, дзе была лабараторыя.

— Можа, гатова плёнка? — спытаў ён начальніка змены.

— Гатова.

Ён распарадзіўся, каб яе занеслі ў мантажную. Там за акаванымі жалезам дзвярамі яго чакала мантажніца Вера.

— Лазар Васільевіч, — сказала яна, — не перажывайце вы так, неяк абыдзецца.

— Абыдзецца...

Лазар сеў за мантажны стол. I толькі цяпер адчуў, як стаміў яго гэты мастацкі савет.

Наперадзе была ноч.


***

3 таго часу, як Лазар Богша сеў за мантажны стол, прастора і час страцілі адвечнае сваё значэнне — усё цяпер абмежавалася маленькім квадратам экрана, на якім адбывалася звязанае ў заблытаны вузел дзеянне: жыццё і смерць — дзве няўжыўчывыя суседкі.

Напачатку Богша прагледзеў выданую лабараторыяй плёнку, якую не паказваў і на Суі, калі глядзелі ў калгасе, адабраў лепшыя на ягоны густ дублі. Потым ён узяўся за мантаж, не заглядаючы нават у мантажныя лісты — усё помнілася да драбніц: кожны эпізод, кож­ны план. Ён пагрузіўся ў работу, як пагружаецца ў глыбіню мора вадалаз: зямное, сухапутнае знікае, застаецца праца ў адрыве ад гаманкога свету.

Яны, бадай, не размаўлялі з Верай, бо тая разумела яго з паўслова, ды і словы, якімі яны часам абменьваліся, належалі да іншай сферы чалавечага жыцця — справы,— дзе не патрэбны хітрасць, крывадушнасць, зайздрасць, ліслівасць, хлусня, дзе можна абыходзіцца першароднымі словамі-сімваламі.

Калі фільм быў пераманціраваны, Лазар Богша падумаў, што павінен глянуць на яго збоку, адным позіркам і ўжо старонняга гледача, каб атрымаць цэльнае і цвярозае ўражанне.

У Веры быў стомлены выгляд: пад вачамі залеглі сіняватыя цені, а твар завастрыўся, набыў попельнае адценне.

— Адпачні, Вера, — сказаў ён і сеў на яе месца за мантажным сталом.

Вера перасела ў мяккае крэсла, што стаяла ў куце. Лазар заклаў стужку, націснуў рычажок — на экране з’явіліся першыя кадры... Неўзабаве Богша здолеў так адключыцца ад навакольнага свету, што ўжо адчуваў сябе не проста гледачом, нават не сведкам, а ўдзельнікам далёкіх падзей. I хваляваўся не як глядач, а як удзельнік далёкіх падзей, які не ведае, што будзе потым.

Апошнія кадры, як заключны акорд сімфоніі, нарэшце аджылі свой век на экране. Лазар Богша выключыў яго, прадаўжаючы механічна ўзірацца ў цёмны квадрат, нібы чакаў які цуд.

— А ўсё ж добра, што ні кажыце — добра, — сказаў ён з той перакананасцю, якая бывае ў людзей, абсалютна ўпэўненых у сваёй праўдзе.

Уласны голас, што прагучаў у мёртвай цішыні, вярнуў Богшу з далёкіх вандровак, дзе не было ні прасторы, ні часу, ён убачыў белую сцяну, мантажны стол, ру­лон плёнкі на ім і толькі цяпер успомніў пра Веру.

— Ах, Вера, Вера, — паціраючы рукі ад задаволенасці сабой, узнёсла загаварыў ён, — які я малайчына! Далібог, мне не сорамна прызнавацца ў гэтым.

Вера прамаўчала, і ён павярнуўся, каб сказаць ёй нешта ўжо іранічнае. Вера соладка спала, схіліўшы га­лаву на плячо.

"Вечны лёс мастака: няма з кім падзяліцца першым сваім шчасцем, самым свежым уражаннем", — усміхнуўся ён і на дыбачках выйшаў на калідор.

Яму страшэнна хацелася курыць, здалося, што не курыў аж з таго часу, як пабываў на нямігскай бітве. Дым цыгарэты крыху асвяжыў галаву. Богша пайшоу па калідоры, з прыемным хваляваннем слухаючы, як гулкае водгулле разносіць ягоныя крокі, нібы крокі камандора, калі той ішоў на званы nip.

Яму хацелася цяпер зусім аб’ектыўна падумаць пра тое, як склаўся фільм. Эмоцыі эмоцыямі, а ў мастака павінна быць яшчэ і цвярозае да сябе стаўленне. Яму нідзе так не думалася, як у рэжысёрскім пакоі. Нават дома, дзе заўсёды нешта адцягвала ўвагу, можа, тая хатняя ўтульнасць, якую стварыла Люба.

"Яна павінна ўжо была атрымаць тэлеграму, — падумаў ён пра жонку. — Можа, цяпер сядзіць у аэрапорце, чакае пасадкі".

Яго пакой быў паверхам ніжэй. Лесвіца патанала ў змроках, хоць на яе і падала святло з вялізнага, на ўсю сцяну, акна, за якім у скверы гарэлі ліхтары. У калідоры на другім паверсе дык і наогул было вельмі цёмна, толькі ў канцы віднелася акно — светлая пляма на чорным аксаміце цемры.

Лазар Богша ледзь адамкнуў дзверы — усё не мог патрапіць ключом у замок. Затое выключальнік у пакоі намацаў адразу. Некалькі разоў міргануўшы пад столлю, успыхнула асабліва яркае ўначы святло, дарэшты запаланіўшы Богшаў пакой.

Лазар сеў у крэсла за сталом, каб аддацца развагам, ды раптам адчуў, што за дарогу да кабінета растрос усе думкі. Засталася зморанасць. "Трэба зварыць каву", — падумаў ён і пайшоў да шафы. У шафе гэ­тай — прыналежнасці студыйнага рэквізіту — адна паліца была адведзена пад кававы посуд. На ёй стаялі кубкі са сподачкамі самых розных памераў — ад напарстка да паўлітровай ёмістасці, — бляшанкі з кавай, металічная пасудзіна для цукру і аж дзве кававаркі: адна на дзве шклянкі кавы, другая — партатыўная, але затое такая, у якой можна было зварыць вельмі густую каву.

Цяпер яму хацелася густой кавы, аж чорнай, як дзёгаць. Ён схадзіў па ваду, засыпаў у кававарку па самыя беражкі каву, уткнуў штэпсель у разетку, стаў чакаць.

Неўзабаве тонкі кававы водар заказытаў у носе, расплыўся па пакоі.

Кава зварылася такая, якую хацелася зварыць. Бог­ша ўліў у кубак яшчэ чайную лыжку рыжскага бальза­му, да паху далёкага і чужога поўдня дадаўся водар сваіх, блізкіх палёў і бароў.

Богша піў каву дробненькімі глыткамі, па кропельцы, як п’юць нектар пчолы, хоць яму і хацелася асушыць кубак адразу і да дна.

"Трэба пазваніць Кірылу, — чамусьці падумаў Бог­ша. — Я павінен сказаць яму, што фільм усё ж атрымаўся".

Рука была пацягнулася да тэлефона ды і апусцілася на стол, нібы нехта нябачны ўтрымаў яе.

"Позна, — сказаў сабе Бота. — Чалавек спіць... Ну і што? Чаму я не магу разбудзіць яго? Якая абывацельская далікатнасць: даруйце, я вас крышачку патурбую... Да д’ябла сумненні. Мы — мастакі. I ён не можа не зразумець мяне, майго жывога нецярпення. Я павінен сказаць яму, што ён памыляецца. Іначай ён будзе спаць, перакананы ў сваёй праўдзе..."

Да тэлефона доўга ніхто не падыходзіў: у мёртвай цішыні тэлефонныя гудкі нагадвалі сірэну карабля, які падае сігналы няшчасця. Лазар ужо хацеў пакласці трубку — Кірылу не разбудзіш і гарматным залпам, — як гудкі спыніліся, у вуха палез незадаволены сонны голас:

— Алё, чорт вас падзяры... Алё, хто гэта?..

Лазар Богша дужа добра ўявіў Кірылу: сонны, узлахмачаны, босы, у адных плаўках.

— Спіш? — спытаў Богша падробленым пад Кірылу голасам.

— 3 вамі паспіш... Хто гэта?

— Святы грэшнік.

— Лазар?! Ну, ведаеш...

— Ведаю, Кірыла. Мне трэба з табой пагаварыць...

— Пайшоў ты... Я спаць хачу... А вам, чарцям, не спіцца. Весела...

— Весела, Кірыла.

— У каго вы сабраліся?

— Я адзін, Кірыла. Уся студыя спіць. А я не сплю. Не, хлушу. Яшчэ не спіць за акном ліхтар.

— Слухай, перастань вывяргаць словы, як Везувій лаву. Я босы. 3-пад дзвярэй дзьме, а ў кватэры сабачы холад. Чаго ты звоніш?

— Прыязджай на студыю. Пасядзім, пагаворым. За­раз нам ніхто не перашкодзіць. Мы ж з табой, Кірыла, бадай, ніколі не гаварылі па шчырасці.

— Звар’яцеў?..

— Даўно. Кожны з нас крыху вар’ят. Адзін ты не. Таму і пазваніў табе. Прыязджай! Я адзін. Разумееш, зусім адзін...

— Ты хоць уяўляеш, якая цяпер гадзіна?

— Чацвёртая...

— Не, ты звар’яцеў ці ў дым п’яны...

— Угадаў. Я п’яны. Я закончыў карціну і захмялеў ад радасці.

— 3 чым і віншую, — не паверыў Кірыла. Было чуваць, што ягонае цярпенне выгарала, як газ у запальнічцы. — А цяпер будзь здароў...

— Пачакай, Кірыла, — закрычаў Богша з адчаем у голасе. — Не вешай трубкі. Мне трэба сказаць табе колькі дужа важных слоў.

— Тады я хоць абую тапкі і накіну што на плечы...

Ён паклаў трубку. Лазар чуў кожны шолах. Мусіць, жонка спытала, хто звоніць, бо Кірыла аж злосна крыкнуў: "Хто-хто? Богша звоніць. Надраўся..." Нарэшце ён узяў трубку.

— Давай кажы, што хочаш.

— Па-першае, Кірыла, я не надраўся, — сказаў Бог­ша. — Я дасюль сядзеў у мантажнай. Я хачу спадзявацца, што табе, як і мне, вядома тое непаўторнае адчуванне адзіноты, калі закончыш фільм, а навокал ні ду­шы, якой можна было б расказаць пра сваю радасць ці расчараванне. Такое адчуванне бывае толькі ў мастакоў. Я называю яго адзінотай асуджаных на творчасць...

— Не кажы глупства. Мастак не адзінокі. У яго мільёны гледачоў.

— Які ты, Кірыла, стэрыльны, аж боязна за цябе брацца без гумавых пальчатак. Ці ты не разумееш, што гледачы прыходзяць потым. А я кажу пра адчуванне, што паяўляецца, калі завершаны творчы акт, пра першы вынік і першае пачуццё. Творчасць, як і каханне, інтымная. Разумееш, інтымная. Але пра яе хочацца крычаць на ўвесь свет. Во ў чым сакрэт. А тут крычы не крычы — нікога няма. Вера спіць. Дык я пра каханне. Не пра любоўныя сувязі, а пра каханне. Любоўныя сувязі хаваюць. Чыстае каханне не баіцца людскіх вачэй, хоць яно інтымнае па сваёй прыродзе. Закаханы хоча крычаць пра яго. Так і творчасць. А тут нікога побач, каму мож­на было адкрыць душу. Таму і адзінокасць.

Богша адчуваў, што недзе заблытаўся ў сваіх разважаннях, нават супярэчыць сабе.

— Лазар, што ты хочаш?

"Што я хачу?" — спытаў у сябе Богша, падумаўшы, што ягоны позні званок сапраўды быў падобны на вар’яцтва. Дужа яны розныя. Але яму трэба было з кімсьці падзяліцца пачуццямі. Хоць з самім д’яблам. 3 д'яблам нават лепей. Той, па крайняй меры, бывае розны, як зло.

— Даруй, Кірыла, — пранікліва сказаў ён, — я і праўда ненармальны. Але я ведаю, што хачу. Скажы мне сваю думку пра фільм. Толькі, калі можаш, шчыра.

Кірыла нечага даволі доўга маўчаў. Богша нават падумаў, што той адгаворыцца пустымі фразамі.

— Ты ж ведаеш маю пазіцыю. Я выказаў яе на мастацкім савеце, — сказаў Кірыла іншым і як бы афіцыйным тонам. — Я і не разумею, навошта патрэбны гэты фільм? Што зацікавіць у ім гледача? Князі? Іх міжусобіцы? Бітва на Нямізе, адна з дзесяткаў падобных ёй сваёй ганебнасцю бітваў? Эпоха, у якой не было колькі-небудзь выдатнай асобы? Святая Ефрасіння, якая не можа пераадолець інерцыю свайго к ла­са? Ці, можа, ты спадзяваўся, што цябе вывезе аўтар "Слова аб палку Ігаравым"? Але ён асоба больш чым міфічная, якая, бадай, і не існавала. Кажуць, што і аўтара і яго "Слова" прыдумалі ў васемнаццатым стагоддзі. А калі ты з міфічнай асобы робіш героя, дык ці не выглядае гэта тэндэнцыйнай спробай адарвацца наогул ад рэальнасці і ў той жа час паказаць яе ў ідэальным выглядзе? Іначай навошта было б гарадзіць загароду. Адчуваю, ты спытаеш зараз, а хіба нельга здымаць фільмы на гістарычныя тэмы? Чаму ж, калі з гісторыі бяруцца нейкія важныя падзеі або сапраўды вялікія людзі, чые справы заслугоўваюць увагі нашых сучаснікаў. Я не стаў бы выступаць супраць. Але нейкія дробныя князькі... Князькі, якія чортведама чаму ваююць паміж сабой. Я бачу тут...

— Не, не, — перапыніў яго Богша, — у нас няма небяспекі зрабіцца князямі. Але мы з табой можам ператварыцца ў князькоў. Во ў чым сэнс...

— Ну, выбачай, пераканаў, але якраз у адваротным.

— Я зразумеў цябе, Кірыла. Ты памыляешся, калі думаеш, што гісторыя маралі не мае працягу і вытокаў, што мараль кожны раз зноў стваралі пануючыя класы па свайму вобразу і падабенству. Не, Кірыла, ад­туль, з далёкіх глыбінь старажытнасці, да нас дайшлі не толькі фаліянты мёртвых летапісаў, адтуль прыйшлі людскія страсці: і подласць, і вернасць, і крывадуш­насць, і вера ў будучыню, і вернае каханне, і смерць. I мяне захапілі ў сцэнарыі не знешнія прыкметы таго часу, хоць я стараўся перадаць іх не проста добрасум­ленна, а як найбольш верагодна, мяне захапілі напружанне думкі, жывое трапятанне часу і, як крык душы чалавечай, — "Слова аб палку Ігаравым". Не трэба, Кірыла, ператвараць у міф тое, што існуе рэальна. I не проста існуе. Яно прымушае думаць. Тады, у дванаццатым стагоддзі, невядомы чалавек, пісьменнік, кажучы словамі сённяшняга слоўніка, ідзе насуперак даўняй традыцыі апяваць княжацкія паходы і падымаецца — заўваж, Кірыла, падымаецца над родавай псіхалогіяй, над удзельнымі інтарэсамі. Смеласць аднаго ці адзнака эпохі? I тое і другое. Але ж павінна была і саспець такая думка. I спела яна ў манастырах, дзе можна было схавацца, каб падумаць пра час і пра сябе. I спела яна ў княжацкіх ды баярскіх дварах, дзе была магчымасць набірацца кніжнага розуму. Народ жа, Кірыла, быў та­ды непісьменны. Хоць і ён даваў смелых мысліцеляў, якіягатовы былі загінуць, абы сказаць князю праўду. Такія, як Даніла Заточнік...

— I ўсё роўна я не пагаджуся з табой, — сказаў Кірыла. — Мне зусім нецікава слухаць людзей, што адышлі ў нябыт, як і іхнія погляды. Яны нічаму не могуць мяне навучыць...

— Так некалі думаў і я. Пачне, бывала, раіць мне нешта маці, я слухаю яе з маладым іранічным нахабствам: ну, што яна, старая, разумее? А яна разумела, і заўсёды выходзіла не па-мойму. Чаму мы адмаўляем мінуламу права на ўрокі? Толькі таму, што ў сваёй гардыні спадзяёмся, што дадумаліся да таго, да чаго нашы адсталыя продкі ніколі б не дадумаліся. Мы і не ўяўляем пра чацвёртае вымярэнне, якім з’яўляецца час. А я пабыў у ім. Раю і табе, Кірыла, некалі заглянуць туды.

— Мяне ніхто не адарве ад сучаснасці, — з катэгарычнай цвёрдасцю сказаў Кірыла.

— Я не хачу адрываць цябе. Я не разумею іншага, чаму ты не хочаш, каб я бываў там.

— Няўжо ты не можаш знайсці тэмы ў нашым імклівым, дынамічным часе? Чаму ты ўцякаеш у мінулае, Богша?

— Падазраеш? А я, Кірыла, ваяваў, паспытаў нямецкіх лагераў, у той час як ты знаходзіўся ў далёкім тыле, пры бацьках. Не трэба мяне падазраваць у тым, чаго ў мяне нават не было ў думках.

— Ты таму і разбудзіў мяне, каб абражаць?

— Я разбудзіў, каб ты не спаў у поўнай упэўненасці, што праўда заўсёды на тваім баку.

— Хочаш, каб я быў яшчэ і ўдзячны?

— Я падазраю, што ты развучыўся ўжо разумець сэнс звычайных слоў. Ты, Кірыла, абкружыў сябе бяздарнасцямі, якія пяюць табе гімны, як пелі песні князям, каб праславіць іхнія бяздарныя паходы. Ты прагнеш выглядаць волатам, але забываеш, што спачатку паклапаціўся, каб побач з табой былі карлікі. Ах, Кірыла, Кірыла!

— Ты дзеля гэтага і разбудзіў мяне?

— А хіба не варта?

— Твайму свінству і хамству няма ні межаў, ні назвы. Але я дарую табе...

— Якое высакародства!..

Яны абодва амаль разам паклалі трубкі, каб не чуць абразлівых тэлефонных гудкоў.

Надзіва, размова з Кірылам Лыкавязавым дабратворна паўплывала на Богшу — нібы ён скінуў з сябе жалезную кальчугу, што замінала ягоным рухам. Стала вальней пачуваць сябе. Богша прыбраў кававае начынне ў шафу, апрануў куртку і выйшаў на вуліцу.

3 усходу, уздоўж шырокага праспекта, дзьмуў ве­цер, асабліва пякучы ў перадранішні час. Ад яго парываў гайдаліся ліхтары і шэрыя цені кідаліся па баках; здавалася, вуліца бяжыць, як плёнка ў праектары. Ла­зар падумаў, што трэба шукаць нейкую спадарожную машыну, але дзе ты яе знойдзеш, калі праспект пуставаў. Кварталы праз два на вялізным пляцы, Богша пабачыў адзінокае таксі — здалёк свяціўся ў цемры зялёны агеньчык. Богша разбудзіў шафера і ўжо хвілін праз сем быў у пад’ездзе свайго дома, сляпога, без адзінага агеньчыка.

Лазар падняўся на свой паверх, адчыніў дзверы, не запальваючы агню, прайшоў у спальню — яму чамусьці падумалася, што там ужо чакае яго Люба, ён паспешліва запаліў святло — спальня сустрэла яго безала­берным запусденнем: скамечаная падушка, скручаная коўдра, абы-як раскіданыя рэчы, папера на стале, пішучая машынка з недадрукаваным аркушам паперы — усё крычала пра запусценне. Аж стала моташна.

За гады жыцця з Любай Лазар прывык да найстражэйшага парадку, які часам нават і раздражняў яго: кожная рэч на сваім месцы, нідзе ні пылінкі, ложкі акуратна засланыя, як у мемарыяльным музеі. Богша скінуў куртку, пачаў быў скідаць джынсоўку, але глянуўшы на ложак, аж здрыгануўся: падалося, што той па­добны на халодную магілу.

Ён сеў у мяккае вальтэраўскае крэсла. Яно прагнулася пад цяжарам ягонага цела, моцна ўзяло ў свае пяшчотныя абдымкі, нібы засумавала без яго.

У ванным пакоі з крана капала вада. Лазар падумаў, што варта было б пайсці закруціць кран, але расслабленае цела не хацела слухаць ягоную слабую волю. У крэсле было дужа ўтульна і цёпла. Богша ляжаў колькі часу з заплюшчанымі вачамі, адчуваючы прыемную знямогу. Раптам ён успомніў пра тую жанчыну, што сядзела ў зале днём, калі ён так неабачліва заскочыў туды голы. Сядзіць яна там ці не?

"Так яна цябе і чакала, — насмешліва падумаў ён. — Даўно пайшла. Але як яна магла выйсці, калі я замкнуў дзверы на два замкі? Тады сядзіць... А раніцай прыляціць Люба. Трэба ўсё ж зазірнуць у залу. Пера­канацца".

Перамогшы сваю расслабленасць, Богша ўстаў з крэ­сла, выйшаў на калідор. У доме да жудасці было ціха. Ніводнага гуку. ён паціху адчыніў дзверы.

У зале, на тым жа крэсле, бокам да яго, сядзела незнаёмая жанчына ў чорным адзенні — тая, якую ён бачыў днём, калі яму пазваніў Карней Карнеевіч Кла­дачка.


ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ: праваслаўныя язычнікі


1

У зале, на тым жа крэсле, бокам да яго, сядзела незнаёмая жанчына ў чорным адзенні — тая, якую ён бачыў днём, калі яму пазваніў Карней Карнеевіч Кла­дачка.

Богша жахнуўся. Яго ўразіла і напалохала не тое, што жанчына дачакалася яго (куды дзенешся, калі ён замкнуў кватэру аж на два замкі?), а тое, што яна ся­дзела ў крэсле ў той жа паставе, як і тады, калі ён заглянуў у залу. Не хацелася верыць, што чалавек можа нерухома праседзець больш паўсутак. А што, калі яна памерла?.. Во ўжо сапраўды крымінальны дэтэктыў у стылі Жоржа Сіменона: кінарэжысёр прыходзіць дамоў, а ў мяккім крэсле — мёртвая жанчына...

"Нешта дурное лезе ў галаву, — падумалася Бог­шу. — Чаму ў маёй кватэры павінна быць жанчына? Несусветная лухта! Можа, у крэсле сядзіць здань або сама смерць?.."

Думка была дужа бязглуздая, але Богша адчуў, як брыдкі халадок папоўз па спіне, прытаіўся ў патыліцы і адразу на галаве заварушыліся валасы, як тады ў ле­се, калі ён пабачыў галодных піліпаўскіх ваўкоў, якія вялі, падганяючы хвастамі, двух вясковых сабак. Ён сам цяпер быў падобны на сабаку: у сваёй кватэры адчуваў сябе пад канвоем.

Як і тады, яму захацелася кінуцца наўцёкі, можа, на­ват да тэлефона, каб пазваніць у міліцыю. Няхай прыедуць, разбяруцца, бо гэта іхні клопат ахоўваць грамадзян ад гвалтаўнікоў і зданяў...

Ды нешта пазбавіла яго здольнасці рухацца. Нават язык прысох да нёба — самае жахлівае з таго, што даводзілася некалі адчуць Богшу: усё бачыць, разумець і маўчаць, не ратаваць сябе. Ягонае жаданне нешта рабіць нагадвала аслаблены адлегласцю імпульс незразумелай волі, нібы нехта з далёкага сусвету кіраваў яго­най дзейнасцю.

Богша яшчэ падумаў, што, бадай, фантасты мелі рацыю, калі пісалі аб планеце ў космасе, на якой існуе звышразумнае рэчыва, што кіруе ўсёй чалавечай дзейнасцю на зямлі. Жахліва быць на месцы гэткага біялагічнага робата, якому нехта недзе праграмуе ягоныя добрыя і благія ўчынкі: любоў і нянавісць, мір і вайну, забойствы і літасць, зайздрасць і спагаду, скупасць і шырыню натуры. Хочаш ці не хочаш, а рабі, што табе запраграмавана. Жах!.. Цікава, а электронны робат, які зроблены чалавекам, таксама пакутуе?.. Мабыць пакутуе. Не можа не пакутаваць, калі яго, напрыклад, прымушаюць разлічваць траекторыю атамных ракет, якія нясуць атамныя зарады і павінны знішчыць цэлы на­род. Бедалага робат, як хочацца яму паспачуваць!

На шчасце, барацьба ўласнай волі з чужой, якая не давала яму дзейнічаць, вялася нядоўга, магчыма, некалькі кароткіх імгненняў. Богша раптам адчуў, што правая рука падпарадкоўваецца ягонай, а не чужой волі, а ў галаве яркім промнем прабліснула разважлівая думка, што, бадай, ніякай здані або смерці няма, што ўсё гэта звычайная галюцынацыя, якая наявілася ад стомы. Варта яму, Богшу, запаліць святло, як галюцы­нацыя знікне, ператворыцца ў нешта зусім рэальнае.

Прызвычаеным рухам Богша працягнуў руку да выключальніка. Пальцы, аднак, не намацалі яго на прывычным месцы. Выключальнік кудысьці знік.

Дасюль Лазар Богша не зводзіў вачэй з жанчыны. Яму думалася, што як толькі ён адвядзе вочы, дык яна прападзе, растворыцца ў цемры, што панавала ў зале. Цяпер, калі рука не намацала выключальнік, Лазар Богша міжволі вымушаны быў адвесці вочы, каб знайсці той чортаў выключальнік.

Ён крута павярнуў галаву і ледзь стрымаўся, каб не закрычаць ад яшчэ большага жаху, які зведаў дасюль: за ягонай спіной, пад нагамі, зеўрала страшэнная бездань...

Богша інстынктыўна адступіў крокі два назад, каб часам не зваліцца ў тую бездань ад якога нязграбнага руху. Адначасна ён спрабаваў зразумець, што ж здары­лася з той часткай ягонай кватэры, на месцы якой цяпер зеўрала бездань.

Бездань знікала ў недасяжных глыбінях, а пачыналася якраз на тым месцы, дзе стаяла капітальная сцяна, што адгароджвала пакоі ад прасторнага калідора. Цяпер калідора, усёй паўднёвай палавіны іхняга пяціпавярховага дома, бадай, не існавала. Затое нейкім цудам засталася палавінка дзвярэй, зашклёных матавым узорчатым шклом, што вялі з калідора ў залу. Дзвярына свабодна вісела над безданню. Яна нават злёгку гайдалася, можа, ад подыхаў ветру. Жудаснае відовішча для чалавека, які не страціў розум. Дзвярына над безданню!..

Богша найперш падумаў, што цяпер ён не можа трапіць ні ў свой кабінет, ні ў спальню, ні на кухню або ў ванны пакой, бо ісці туды трэба калідорам, які праглынула бездань. Богша воляй-няволяй павінен быў заставацца ў зале, сам-насам з незнаёмай жанчынай.

Божа, як яны з Любай некалі радаваліся, што пакоі іхняй кватэры асобныя, а не сумежныя — мода дваццатага стагоддзя ўсё і ўсіх раз’ядноўваць гмахамі, пад’ездамі, калідорамі з жалезабетону, які добра прапускае ў кватэры і з кватэр любыя гукі, нават самыя інтымныя. Зрэшты, а што засталося ад славутай інтымнасці, якой так ганарылася чалавецтва? Усё навідавоку, усё чутно, і ўсё раздзелена на клеткі. Парадокс ча­су: хавацца па клетках, якія гукадасяжныя і празрыстыя, нібы акварыумы.

Запозненая думка працяла Богшу. Так, напэўна, працінае здагадка ўсю істоту грэшніка, калі той трапляе ў пекла: раптам пачынае разумець, што вяртання назад няма, трэба адказваць за свае грахі, якія некалі лічыў забавамі і радасцямі жыцця. Жахлівае адкрыццё!

Хоць і не толькі жахлівае. Ёсць яшчэ і адваротны бок: звычайная чалавечая цікаўнасць — трэба добра агледзець новы дом свайго вечнага зняволення, хай гэта будзе пекла ці нават рай...

Лазар Богша таксама паспрабаваў, наколькі гэта было магчыма, добра прыгледзецца да бездані: што яна такое, а можа, і ў ёй ёсць нейкія берагі? Нядаўні страх, што быў скаваў яго, незаўважна адступіў, і Ла­зар Богша, здолеў адзіным позіркам ахапіць неабдымную прастору, якая сапраўды не мела выразных межаў і чымсьці нагадвала шахматную дошку з трохмернымі кубікамі, а не дзвюхмернымі клеткамі. Кубікі таксама выглядалі, бадай, без канца і краю, але бачыліся наскрозь даволі выразна, нібы адлітыя са шкла.

Такому адкрыццю сапраўды можна было падзівіцца. Але ўжо нешта, яшчэ больш дзіўнае, захапіла Бог­шу: кожны кубік трохмернай прасторы, а магчыма, кож­ная кропка гэтай прасторы змяшчалі ў сабе адбітак нейкіх падзей у іх няспынным руху: нараджэнне, развіццё, старэнне, знікненне, нараджэнне нечага новага. То быў непарыўны цыкл, можа, нейкае жыццё, ва ўсякім выпадку, нейкае існаванне чагосьці дужа рэальнага ад пачатку і да канца, які станавіўся новым пачаткам, а можа, канцом чагосьці, што патрабавала ўвагі, а мо­жа, і не патрабавала ўвагі, бо не мела сэнсу ў тым значэнні, якім чалавек навучыўся яго разумець.

Знешне прастора-бездань нагадвала галаграфічны адлюстровак, які да ўсяго не застыў у сваёй статычнасці, а няспынна рухаўся, як адлюстровак кінастужкі на белай прасторы аб’ёмнага экрана.

Лазар Богша раптам здагадаўся, што бясконцасць у вечным руху і ёсць чацвёртае вымярэнне — Час — якое ніколі не знікае бясследна. Дык вось якое яно, чац­вёртае вымярэнне! Вялізнае і жудаснае. Падзеі разгортваліся ў ім у бясконцасці кубікаў, і былі яны такія розныя, такія несумяшчальныя, узаемасупрацьлеглыя, што станавілася горка і крыўдна: хто мог змясціць побач такія розныя падзеі, нібы назнарок, каб падкрэсліць імгненную няўстойлівасць адных і пачварную пастаяннасць другіх?

Побач з мноствам кастроў, на якіх гарэлі людзі, суседнічалі багатыя балі, што тут жа змяняліся жудаснымі бітвамі, ад якіх кроў застывала ў жылах; чалавечыя ахвярапрынашэнні, калі маладому чалавеку каменным нажом рассякалі грудзі і даставалі сэрца, якое яшчэ трапятала на далоні жраца, знаходзіліся побач з філасофскімі дыспутамі старажытных вучоных аб вечнай любві і гармоніі; бязлітасныя ў сваёй лютасці гладыятарскія баі — з крыкамі хакейных балельшчыкаў...

Кожны кубік уяўляў нейкі жывы, рухомы малюнак, часам больш пачварны за карціны Сальвадора Далі. Тыя хоць заставаліся на вякі нерухомыя.

Дзікія пажары, у якіх гінула ўсё жывое, суіснавалі з ідыліяй сонечнай раніцы, у якой чуўся перазвон кос і рыпенне калодзежных жураўлёў; барадатыя страшылішчы руйнавалі крэпасць у той час, як другія складвалі з чарапоў піраміды пад самае неба; голы пастух забаўляўся з такой жа голай пастушкай, і ім было вельмі хораша і весела, а тут жа закопвалі ў зямлю жывых прыгожых жанчын, і яны каналі на вачах шчаслівых людзей, што назіралі за пакараннем няшчасных.

Можа, ад гэтых кантрастаў асабліва выразна, да сардэчнага болю, успрымаліся чалавечыя беды і да кружэння галавы, да салодкай знямогі — чалавечыя радасці.

Лазар Богша раптам пачуў яшчэ, што ўся прастора прапахла, прасмуродзела, прачадзела сумессю разнастайных пахаў, якія немагчыма ўявіць у рэальным жыцці.

"Што гэта? — падумаў Богша. — Можа, я памёр? Ці звар’яцеў? Няўжо я бачу чалавечую гісторыю, нікім не прыгладжаную, непадладжаную пад нейкія патрэбы, а такую, якой яна была? Кроў, пот, слёзы і, нібы дыяменты на зрэб’і, зрэдку палацы і храмы, уробленыя палі і статкі жывёлы, сінь азёраў і зеляніна лясоў, якія таксама знікаюць беззваротна, як і гэтыя людзі, што мільгаюць перад вачамі — не паспее нарадзіцца, як трэба паміраць. Веліч і бясслаўе, беднасць і раскоша, слава і ганьба, жыццё і смерць — усё непадзельна, як адна плынь, якая невядома куды і дзеля чаго плыве ў няспынным сваім імкненні наперад, а можа, назад, у невядомасць, з якой толькі што паявілася..."

Лазара Богшу агарнулі гаркота і сум, якія нейкім чынам прарасталі ў ім надзеяй на збаўленне.

— Ну што, наглядзеўся? — спытаўся ў яго жаночы голас. — Не захацеў бы аказацца богам-тварцом, каб кожнае імгненне любавацца тварэннем сваіх рук? Во ўжо бязлітасная і вечная кара! Спачатку ў гордасці сваёй — усё магу! — стварыць нязбытную мару — рай для разумных істот, а потым заднім розумам спасцігнуць усю абсурднасць ідэі аб зямным раі. Не, большай кары не прыдумаеш! Спадзяешся стварыць прыгажосць, хараство, гармонію, а ствараеш сусветны кавардак з дзікімі забойствамі, здзекамі, маною, прытворствам і ўсімі іншымі заганамі, якіх на зямлі безліч і якія называюцца адным словам — зло. Я часта думала пра гэ­та ў келлі Сафійскага манастыра і потым, калі мяне вы­слалі з Полацка, каб не бунтавала людзей. А як я магла бунтаваць? Я проста думала ўголас, бо сама яшчэ не ведала, дзе шукаць ісціну. Мне хацелася садзіцца да аналоя з чыстым сэрцам, каб засведчыць на тысячагоддзі праўду пра свой час. Хто ж пра яго скажа праўду, калі не сучаснік?

Лазар Богша з душэўным трапятаннем слухаў самотны маналог жанчыны, баючыся павярнуцца на такі знаёмы голас. Ён здагадваўся, што жанчына і ёсць тая здань, якую ён пакінуў сядзець на крэсле ў зале і якую ўбачыў, калі зайшоў сюды колькі хвілін назад. А здань гэтая — Ефрасіння Полацкая, якая везла яго на той свет. Не, Лазар Богша зусім не баяўся, што Ефрасіння Полацкая зноў павязе яго ў замагільны свет — такое было б падобна на дрэнны фарс, — Лазар Богша баяўся, што вобраз, створаны ім на экране, зусім не падоб­ны на рэальную Ефрасінню Полацкую, якую ён мог за­раз пабачыць. Што можа быць горш за расчараванне ў сваёй працы, якую песціў у душы ўсё жыццё?..

Але ж і стаяць вось так над безданню не выпадала. Ён жа, Лазар Богша, не які там вахлак, а божай міласцю паэт, рэжысёр і акцёр...

Ён паварочваўся паволі, як у замаруджанай здымцы. Рух толькі адчуваўся, але не быў бачны. Богшу зда­валася, што ён ніколі не зробіць таго паўабарота, каб убачыць Ефрасінню. Але яна ўзнікла перад ім, выплыўшы аднекуль з цемры, як выплывае на неба месяц-поўня. Твар яе быў асветлены нябачнымі промнямі. Богша бачыў яго выразна.

Дзіўна, Ефрасіння была падобна на актрысу як дзве кроплі вады. Гэтае знешняе падабенства ўзрадавала Богшу. Яму нават падумалася, што ў крэсле сядзіць актрыса, а не Ефрасіння. Думка цалкам завалодала ім. Яна ўрэшце нешта растлумачвала. Актрыса прыехала і адразу з цягніка прыйшла да яго на кватэру, бо ён даў ёй ключ. Пабачыўшы, што ён яшчэ спіць, актрыса не стала будзіць яго, села ў крэсла і заснула.

Ніякіх загадак. Нічога звышнатуральнага. Усё про­ста як божы дзень!

"Як жа яе завуць? — падумаў Богша. Імя актрысы, як на злосць, вылецела з галавы. — Старасць — не ра­дасць. Хутка забуду, як завуць уласную жонку".

Нагадак пра жонку адразу паставіў усё на сваё месца: ролю Ефрасінні выконвала ягоная жонка, Люба! Чорт ведае, што робіцца з ім апошнім часам! А ўсё гэ­тае тузанне з фільмам. Тут і здаровы чалавек можа з’ехаць з глузду. А ён хіба нездаровы? Толькі таму, што баліць галава? Ные сэрца? Дык калі не балела галава? Калі не ныла сэрца? Кіношнік заўсёды працуе на мяжы сваіх фізічных сіл...

Ён яшчэ раз глянуў на Ефрасінню і цяпер добра разгледзеў, што Люба ніколькі не падобна на яе. Тады, можа, і гэтая жанчына не Ефрасіння?

— Хто вы? — спытаўся ён дрыготкім — аж самому было агідна — голасам.

— Лазар Богша, — сказала жанчына, умольна склаўшы рукі на грудзях, — я Ефрасіння Полацкая. I дзеля ўсяго святога, не трэба са мной на "вы". Я прыйшла, каб засцерагчы цябе...

— Мяне? Засцерагчы?.. Ад чаго?..

— Ад самаўпэўненасці, — спакойна адказала Ефрасіння.

— Я не Кірыла Лыкавязаў, — заспрачаўся Богша. — У таго сапраўды самаўпэўненасці на дзесяцярых.

— Усе мы, Лазар Богша, хварэем на самаўпэўненасць, а таму ўвесь час спатыкаемся.

— Кірыла Лыкавязаў не спатыкаецца, хоць ён самаўпэўнены, — стаяў на сваім Лазар Богша.

— Гаворка не пра Кірылу Лыкавязава, а пра цябе.

— Табе проста, дужа лёгка разважаць на адвольныя тэмы, — з дакорам сказаў Богша. — Для цябе Кірыла Лыкавязаў такая ж абстракцыя, як для мяне епіскап полацкі дванаццатага стагоддзя. А для цябе епіскап полацкі — канкрэтны чалавек, зло, якое табе было не перамагчы.

— Епіскап полацкі зрабіў мяне святой, — сказала Ефрасіння, быццам Лазар Богша ведаў пра гэта, але забыўся.

— Ну, гэта ты дарэмна, — не паверыў Богша. — Хутчэй было наадварот. Ён так прыцясняў цябе, што ты вымушана была збегчы ў Візантыю.

— Нічога ты, Лазар Богша, не зразумеў, — уткну­ла Ефрасіння. — А ўсё таму, што лішне самаўпэўнены.

Богша не стаў спрачацца. Не варта губляць час на пустую палеміку. Хіба мала страчана яго на розных пасяджэннях, мастацкіх саветах, у прэзідыумах, на сходах, нарадах, "круглых сталах", сімпозіумах і яшчэ чортведама на якіх пасядзелках! Чвэрць жыцця — не менш! Годзе! Калі ўжо надарыўся выпадак, што да яго завітала сама Ефрасіння Полацкая, дык варта параспытаць у яе пра тое, што невядома не толькі яму, рэжысёру Ла­зару Богшу, але цэламу зборышчу гісторыкаў.

Лазар Богша сеў у крэсла насупраць Ефрасінні. Яму падумалася, што не зашкодзіла б зварыць каву, але ён успомніў пра бездань, якая зеўрала на месцы кухні. Кавы, на жаль, не заварыш. Не было і цыгарэт. Здаец­ца, у серванце стаяла бутэлька каньяку. Богша падышоў да серванта — той быў пусты. Ну вось, безалкагольнае і бестытунёвае жыццё, хоць станавіся прэзідэнтам адразу двух добраахвотных таварыстваў.

Усё гэта скіроўвала Богшу на ваяўніча-іранічны лад. А што рабіць чалавеку, які пазбаўлены ўсіх уцех адра­зу, калі не насміхацца над сабой ці над сваім блізкім?

— Цікава было б глянуць, як жа ў тыя гады рабілі святых? — насмешліва спытаўся Богша. — Пры жыцці ці пасля смерці?.. Пры жыцці, мне здаецца, рабіць ча­лавека святым вельмі небяспечна. Чалавек дужа слабы, каб вытрымаць выпрабаванне святасцю. Усе на яго моляцца. Кожнае, нават самае бязглуздае слова падхопліваецца тымі, хто верыць без аглядкі, і тымі, каму выгадна падхопліваць слова святога, хоць яны і не вераць у ягоную святасць.

— Не выскаляй зубы, Богша, — папрасіла Ефрасіння. — Чалавек паяўляецца ў жыцці на кароткае імгненне, як знічка ў небе, але след ягоны можа быць у мільён разоў ярчэйшы і даўжэйшы за след знічкі.

— I пажартаваць нельга, — пакрыўдзіўся Богша. — Мяне за жывое ўзялі твае словы пра бога-тварца. Усе мы тварцы і, на жаль, таксама не ведаем, што ствараем.

— На цябе гэта непадобна, — усміхнулася Ефрасіння.

— Я не Кірыла Лыкавязаў, — заспрачаўся Богша. — Той заўсёды ведае, што і дзеля чаго стварае. А мяне вечна грызуць сумненні, аж хочацца кінуць-рынуць усё і пайсці сеяць хлеб.

— Таксама не апошні занятак, — адгукнулася Ефрасіння.

— Тады дзе ісціна? — спытаўся Богша.

— Ідзі за мной, — загадала Ефрасіння.

Яна лёгка паднялася з крэсла, прайшла паўз Богшу з грацыёзнасцю балерыны, падалася на калідор, якога не было. Богша спалохаўся, што Ефрасіння не заўважыць бездані і праваліцца ў яе. Ён хацеў запыніць яе, але не паспеў. Ефрасіння адарвалася ад падлогі і растварылася ў прасторы, як, бывае, знікае чалавек у гу­стым тумане.

Богша падхапіўся з крэсла. У яго моцна калацілася сэрца. Ён падбег да бездані — у ёй па-ранейшаму існаваў няспынны pyx, а ўсё пражытае чалавецтвам жыццё праходзіла на вачах у Богшы, нібы ён быў бессмяротны творца, а не смяротны чалавек.

Знайсці Ефрасінню ў гэтым тлуме было не лягчэй, чым іголку ў адным з мільёнаў стагоў сена, раскіданых на паплавах зямлі. Але ён не мог не рынуцца на пошукі. Было б зусім подла кінуць жанчыну адну ў неабсяжнай бездані.

Лазар Богша заплюшчыў вочы, зрабіў тры крокі, пачуў, што ногі ўжо не кранаюцца падлогі, а цела ляціць у прасторы з дзіўнай бязважкасцю, ад якой троху млосна, але і хораша.


2

Лазар Богша заплюшчыў вочы, зрабіў тры крокІ, пачуў, што ногі ўжо не кранаюцца падлогі, а цела ляціць у прасторы з дзіўнай бязважкасцю, ад якой троху млос­на, але і хораша.

Палёт гэты працягваўся нядоўга. Богша пачуў сябе такім маленечкім, што нават няможна было ўявіць фізічныя свае памеры — іх, папраўдзе, наогул не было. Яны толькі адчуваліся, як успамін пра нешта. Так адчувае чалавек адрэзаную нагу ці руку. Яе ўжо няма, але яна яшчэ ёсць у ягоных адчуваннях. Затое зусім нату­ральна жыла ягоная свядомасць, якая заставалася ў тым жа, як і раней, аб’ёме, але ўжо раскаваная ад сваёй абалонкі, а таму незалежная і смелая.

"Ну во, для іх я цяпер загінуў", — падумаў пра кіношнікаў Богша.

Раскутым сваім розумам Лазар Богша ўбачыў сябе ў цэнтры маленечкага шара, які круціўся з шалёнай хуткасцю, так што яе, уласна кажучы, і нельга было заўважыць.

"Я апынуўся ў цэнтры "чорнай дзіркі", пра якую на зямлі расказвалі столькі дзівосаў. Па тэорыі ўсё, што трапляе ў гэтае, да апошняй мяжы сціснутае рэчыва, ужо не можа вырвацца ў Сусвет. Тут, за абалонкай гэ­тай фантастычнай зоркі, звышшчыльнай і звышцяжкай, нябачанай ні чалавечаму воку, ні магутнаму тэлескопу, адсутнічае нават час. Выходзіць, трапіўшы сюды, я стаў бессмяротны. Як проста стаць бессмяротным! Мы там, на зямлі, гатовы на розныя хітрыкі, абы застацца бес­смяротным у памяці пакаленняў, а тут ніякіх намаганняў — цябе без аніякага болю праглынула "чорная дзірка" — і ты ўжо бессмяротны. Эй, вы, хто імкнецца да бессмяротнасці, хадзіце сюды!.. Толькі тут вы станеце сапраўды бессмяротнымі, а ўвесь астатні Сусвет з яго прасторава-часовымі суадносінамі застанецца недзе за межамі шварцшыльдаўскай сферы, якая акружае гэ­тае дзіва — "чорную дзірку".

Лазару Богшу думалася надзіва лёгка, пад нейкую звышсучасную музыку — праніклівую і тонкую, — якая была яшчэ аб’ёмнай і ўсёабдымнай. Яму хацелася адключыцца ад думак, слухаць музыку, але невядома ад­куль узніклыя думкі перамаглі гэтае жаданне адключыцца ад іх.

"Дык я памёр ці стаў бессмяротны? — задумауся Лазар Богша. — Мой розум прадаўжае існаваць, зна­чыць, я не памёр. Але маё разумение законаў Сусвету прымушае думаць, што я ўсё ж памёр. А памёршы, стаў бессмяротны, хоць у гэтым няма ніякай логікі. Не павінна быць логікі, хоць яна ёсць. Ці мала бывала так, што пры жыцці чалавека ніхто не ведаў, а пасля смерці ён станавіўся не проста славутым — проста славутасць гэта мыльная бурбалка, якая ляціць у паветры ды яшчэ і пераліваецца колерамі вясёлкі, — а бессмяротным".

Лазар Богша чапляўся за ўрыўкі нейкіх думак, нібы яны падводзілі яго да чортведама якога вялікага адкрыцця. Толькі адкрыццё тое не давалася яму ў рукі, як тая казачная жар-птушка. Аж ён пачаў злаваць.

"Чакай-чакай, — сказаў ён сам сабе, — калі ў "чорнай дзірцы", дзе я зараз знаходжуся, адсутнічае час, дык выходзіць, што памёр і час. Што ж тады застало­ся? Мая свядомасць, уласцівасць думаць? Значыць, ро­зум непадуладны смерці? Ён вечны. Але ж такое не бы­вае. Розум не можа існаваць асобна ад чалавека. А ча­му не можа? Хто давядзе, што разам з чалавекам у Сусвеце знікне і розум? Чалавек толькі адна з абалонак для розуму. Тады ўзнікненне жыцця на зямлі і з’яўленне чалавека на ёй было не шчаслівай выпадковасцю, а неабходнасцю, прыстанішчам розуму".

Адкрыццё гэтае вельмі здзівіла Богшу. Думаеш, ламаеш галаву, вынаходзіш складаныя рашэнні і форму­лы, а адказ ляжыць побач. Ён просты, нават банальны. Можа, некалі чалавецтва, падышоўшы да канца свайго існавання, раптам адкажа на вечнае і пакутлівае пы­танне: дзеля чаго яно паявілася на зямлі?

Можа, ад думак, а можа, ад таго, што шар, у якім знаходзіўся Лазар Богша, круціўся з шалёнай хуткасцю, яго крыху блажыла. Ён падумаў, што такая вялікая хуткасць некалі можа разбурыць "чорную дзірку". Тады ён, Лазар Богша, вырвецца ў Сусвет, як бы народзіцца нанава. Але на зямлю ён, бадай, ужо ніколі не вернецца. Дык ці варта тады чакаць гэты выратавальны выбух? Для зямлі, сваёй краіны, горада, дзе жыў, кінастудыі, на якой працаваў, сям’і, у якой праводзіў час, ён памёр, знік з твару зямлі назаўсёды. Год, дзесяць, пяцьдзесят, хай нават сто гадоў, яго яшчэ будуць памятаць, а потым і памяць зарасце травой забыцця. Ды і ці мае гэта нейкі сэнс?.. Божа, які гэта няўстойлівы прывід — слава, прызнанне!

У гэтым безвыходным становішчы заставалася адно: змірыцца — самы непрымальны варыянт для сумленнага чалавека, творцы, партызана, які і ў фашысцкім лагеры смерці не змірыўся з гвалтам і асуджанасцю, змагаўся за сябе, за сваю чалавечую годнасць. Але там ён быў не адзін. Тут — нікога поплеч. Толькі сціснутае, спрасаванае гравітацыяй рэчыва, якое і назваць рэчывам было рызыкоўна.

Лазар Богша раптам з болем у сэрцы падумаў пра вязняў свету ўсіх часоў і народаў, якіх змяшчалі ў непрыступныя муры, у глухія камеры-адзіночкі, куды не пранікаў ніводны гук, апрача гуку крокаў турэмшчыка, на ўсё іхняе жыццё. Якая гэта жахлівая кара быць адлучаным ад сябе падобных.

I ўсё ж вязень меў хоць нейкае спадзяванне. У Бог­шы ніякіх надзей не было. Колькі будзе круціцца "чорная дзірка", столькі і ён будзе тырчаць у ёй. А калі яна і разваліцца. Што чакае яго?

"Гэта хана", — уголас падумаў Богша, успомніўшы тое, яшчэ даваеннае слоўца, якое азначала бясслаўны канец. Яно дужа дакладна вызначала ягонае становішча.

— Слухаю і вушам не веру: няўжо разумная істота? — раптам пачуўся чыйсьці басавіты голас, які, здалося, ішоў адразу з усіх бакоў, нібы гаварыў не адзін чалавек, а вялізны хор.

Богша, які так хацеў пачуць чалавечы голас, нечага спалохаўся. Яму стала страшна, як бывае страшна ча­лавеку, які паклікаў чорта, цвёрда верачы, што яго ня­ма, а чорт тут як тут са сваім агідным абліччам. Але разам са страхам ажыла і кволая жаданая ра­дасць. Выходзіць, ён, Богша, не адзін, хто трапіў у гэтую "чорную дзірку". Хай гэта будзе хоць чорт, хоць яшчэ якая поскудзь. Удвух яны нешта прыдумаюць, каб на злосць астраномам, астрафізікам, стваральнікам вар’яцкіх гіпотэз, якія нельга ні даказаць, ні абвергнуць, выбавіцца з гэтага небяспечнага цела, якое назвалі "чорнай дзіркай". Няўжо не маглі прыдумаць нейкую іншую назву? Фантазіі на розныя гіпотэзы хапіла, а на назву не засталося.

Злосць на вучоных вярнула Богшу развагу: а што, калі пачуты голас усяго толькі галюцынацыя?

— Хто ты? — спытаўся Богша, спадзеючыся, што ніхто яму не адкажа.

Аж не...

— Бог, — пачуўся ў адказ басавіты голас.

— Бог? — не паверыў Богша. — Не дуры галавы. Ты — міф, выдумка цёмных людзей...

— Табе не паложана сумнявацца, — пачулася ў ад­каз. — Ты абавязаны верыць... Усяму... Зразумеў?.. I наогул, хто ты такі, разумнік, і як са мной размаўляеш?..

Богша азірнуўся. На валуне сядзеў дзядок у белых портках і такой жа белай кашулі, з ядлоўцавым кійквм у руках, на які ён абапіраўся сівым клінам-бародкай. Гэта вельмі здзівіла Богшу.

— А як мне не засумнявацца, — адчуў упэўненасць і смеласць Богша. — Казалі, што ты волат, аж страш­на на цябе глянуць. А ты як ліліпут ва ўзросце аднаго года.

— Усё адносна, — па-філасофску зазначыў бог. — Калі б ты мог глянуць на сябе, дык убачыў бы, што ты ростам такі ж малы, як электрон. Але якраз з гэтай са­май прычыны ты не можаш сябе ўбачыць без электроннага мікраскопа. А глядзець на сябе праз мікраскоп, пагадзіся, яшчэ нікому не ўдавалася.

— Сапраўды, я не бачу сябе, — пагадзіўся Богша. — Тады адкажы мне на адно пытанне: хіба можна, каб чалавек не бачыў сябе?

— Усё на свеце падуладна богу, значыць, мне, — пахваліўся бог.

— Калі так, — узрадаваўся Богша, — дык вызвалі мяне з гэтай "чорнай дзіркі". У мяне фільм не здадзены, а на студыі план трашчыць... Людзі без прагрэсіўкі застануцца.

Бог няўцямна пазіраў на Богшу, нібы той гаварыў чорт ведае пра якія складаныя філасофскія праблемы.

Бог паклаў кіёк, правёў па твары рукамі, нібы мусульманін, які чыніць намаз.

— А ты, уласна кажучы, з якой галактыкі? — спытаўся ён з асцярогай. — Ці, можа, прыляцеў з антысусвету, які пачынаецца на адлегласці дзесяці ў саракавой ступені, узведзенай у куб, светавых год.

Цяпер ужо Богша заміргаў вачамі ад здзіўлення. Хто сядзіць перад ім? Калі бог, дык павінен жа ён ве­даць, дзе жывуць людзі? А можа, гэта і не бог, а нейкі звар’яцелы тэарэтык. Дык жа і чокнутаму тэарэтыку павінна быць вядома, што такіх неўявіма вялікіх лічбаў у прыродзе не існуе.

"Ва ўсякім разе, — падумаў Богша, — трэба трымацца з насцярогай. Ляпнеш што-небудзь не так, і гэты "бог" сыграе з табой такое сола, што да канца свету не апамятаешся. Самае лепшае ў такіх выпадках гаварыць праўду. Калі і загінеш, дык за яе. А гэта і ганарова, і абнадзейвае".

— Я з Зямлі — планеты сонечнай сістэмы, — адказаў ён.

Бог са жвавасцю хлапчука ўскочыў з валуна, абабег вакол Богшы па вельмі выцягнутай эліпсавай арбіце.

— Няўжо з Зямлі? — спытаўся ён, пазіраючы на Богшу з цікавасцю і недаверам. — 3 той самай плане­ты, што круціцца вакол сонца па трэцяй ад яго арбіце? У яе яшчэ ёсць спадарожнік. Месяц, здаецца...

— Абсалютна дакладна, — пацвердзіў Богша.

— I што там у вас на Зямлі дзеецца? — ад нецярплівасці бог аж не мог устаяць на адным месцы.

Ягонае гэтае пытанне, такое натуральнае ва ўмовах зямнога быція, тут прагучала дурнавата. Усемагутны бог, які ўсё ведае, усё бачыць, сочыць за кожным чалавекам, недасведчаны, што робіцца на створанай ім Зямлі. Ну і кіраўнік! Забраўся ў "чорную дзірку" і не шманае...

Так бы і сказаць богу! Але Богша ў час успомніў, што ён, нейкім чынам, прадстаўнік слаўнага роду зямлян, а таму яму нельга паказваць сябе гэткім нявыхаваным тыпам. Стрымлівала і другое. Можа, бог правярае яго. Таму на богава пытанне ён адказаў стрымана, хоць і няпэўна:

— Нічога асаблівага не дзеецца. Жывём патроху.

Бог з недаверам глядзеў на Богшу, нібы на якую здань.

— I шмат вас такіх, як ты, на той зямлі?

— Ды недзе мільярды чатыры, — адказаў Богша.

— Не можа быць! — замахаў рукамі бог. — Хоць забі — не паверу!..

Цяпер Богша не сумняваўся, што перад ім не бог, а ліха ведае хто. Ён адчуў сваю перавагу над самазваным богам. Можна было трымацца з ім на роўнай назе.

— Паслухай, бог, — з уласцівай яму іроніяй загаварыў Богша, — у нас, на Зямлі, пра цябе такога наплялі. Што ты і ўсемагутны, і ўсёведаючы, і ў кожнага чалавека лічыш не толькі бачныя, але і нябачныня грахі. А ты!.. Глядзіш на мяне, нібы я зваліўся з Месяца.

— Плесці розныя небыліцы вы, мабыць, умееце, — сказаў бог. — Я гэтую вашу здольнасць заўважыў ад­разу. Хлусы, якіх не бачыў ні сусвет, ні антысусвет.

— Ну-ну, не вельмі выступай, — пакрыўдзіўся за сваіх аднапланецян Богша. — Калі хочаш ведаць, дык міфы і паданні — гэта народная творчасць на ранняй стадыі першабытнага грамадства. Чалавек прайшоў нялёгкі шлях свайго развіцця, і яму патрэбна была аддушына ў цяжкім жыцці. Ён і стварыў міфы пра цябе. Часам прыгожыя, часам страшныя...

— Вы што, авалодалі ўменнем сачыняць мастацкія творы?.. У вас ёсць інтэлектуальная культура?..

— А чаму ты здзіўляешся? — спытаўся Богша. — Усё ў нас ёсць...

— Ну і дзіва, — пачухаў галаву бог і сеў на валун, дастаў з-за пазухі капшук, насыпаў у піпку махры, прыкурыў, здаецца, ад маланкі, а можа, электрычнага разраду. — Справа ў тым, што і вас і ўсё на вашай гэтай планеце Зямля ствараў я сам...

— Не хлусі, — спыніў яго Богша. — Не хлапчук ужо, а вярзеш абы-што.

— Каб мне з гэтага месца не ўстаць, — пакляўся бог. — У мяне тады ўзнікла ідэя правесці адзін навуковы эксперымент. Датуль я таксама ствараў розныя абалонкі для змяшчэння ў іх розуму. То былі моцныя істоты, прыстасаваныя да самых экстрэмальных умоў. На жаль, яны не адпавядалі задуманым стандартам. А такія ўжо былі ў антысусвеце. Маім не хапала, я сказаў бы, разумнай гідкасці і гібкай кантактнасці, хоць ставала глыбіні і універсальнасці. Моцны розум і універсальнасць аказаліся таксама недахопам. Я пераспрабаваў шмат варыянтаў. Істоты з моцным розумам і абалонкай даводзілі цывілізацыі да апошняй мяжы пазнання. Але ў іх чагосьці не хапала. Гэта быў вельмі разважлівы і модны розум у вельмі дасканалай абалонцы. I толькі. Вось тады ў мяне і саспела задума паэксперыментаваць на біялагічнай аснове. Я прадбачыў, што эксперымент гэты дужа небяспечны, але спакуса была вялікая. Я не ўтрымаўся. Спачатку, вядома, аблюбаваў на краі адной галактыкі невялікую зоркавую сістэму з дзесяці планет...

— Чаму з дзесяці? — спытаўся Богша, зноў злавіўшы бога на тым, што ён не вельмі дакладна ведае тое, пра што гаворыць з такой упэўненасцю.

У Богшы зноў паявілася падазрэнне, што бог гэты нейкі прайдзісвет, які падрабіўся пад бога накшталт Грышкі Атрэп’ева, які вельмі праўдзіва іграў ролю царэвіча Дзімітрыя.

— А ты не перабівай, — грозна паглядзеў на яго бог. — Забыўся, з кім размаўляеш?

— А ты не брашы, — стаяў на сваім Богша.

Бог аж пляснуў у далоні.

— Я яго, можна сказаць, стварыў, а ён мне хаміць.

— Я не цярплю няпраўды, — аж крыкнуў Богша. — Надакучыла брахня. Наліха ты мне заліваеш, што пла­нет у сонечнай сістэме дзесяць, калі іх усяго дзевяць?

— Май цярпенне даслухаць да канца, — супакоіў бог Богшу. — Ну і тэмперамент! Слова не скажы! Пазнаю тварэнне сваіх рук. Ніякай павагі да старэйшых. Гатовы таго, хто стварыў яго, узяць за бараду.

— Ну, годзе, давай сачыняй, — сказаў Богша.

— Во, гэта іншая справа, — узрадаваўся бог. — Дык слухай, што далей было. Стварыў я на той планеце жыццё. Ну, аддзяліў там ваду ад сушы, насяліў сушу звярамі, ваду — рыбамі, паветра — птушкамі. Гэта мне як плюнуць. Вопыт быў. Засадзіў глебу дрэвамі, засеяў травамі. Цяпер трэба было брацца за істоту, адпаведную маёй задуме. Ды тут да мяне нечакана з сяброўскім візітам завітаў самадзержац з антысусвету. Мы тады з ім канфліктавалі. Так што перагаворы меліся быць цяжкімі. Пачаліся банкеты, абеды, вячэры, прыёмы. Контакты памалу наладжваліся. А калі зусім наладзіліся, я і падзяліўся з ім сваёй задумай. Выслухаў ён мяне ды і кажа: "Нічога, бог, не выйдзе. Я і сам спрабаваў праводзіць доследы на біялагічнай аснове. Жах, што атрымалася! Валасы дыбарам становяцца. Хочаш знішчыць вынікі свайго доследу і не можаш. Я тады ўсю антыпланету ўзарваў. Праводзь, вядома, дослед, але на ўсякі выпадак падумай, як потым пазбавіцца ад створаных табой істот".

Тут я не стрымаўся, запярэчыў. Кажу, маўляў, у ця­бе, самадзержац, можа, дослед не ўдаўся. Потым ты не хочаш улічыць, што ў нас розныя сістэмы, розныя светапогляды, розныя падыходы да творчасці.

"Усё гэта так, — пагадзіўся самадзержац, — а толькі паслухай мяне і пастаў гэтай тваёй істоце абмежавальнікі розуму. Каб ён не адразу праяўляўся, а пакрысе. Інакш створаныя табой істоты гэтую планету разам з табой узарвуць. Я наглядзеуся на іхнія фокусы. Хопіць аднаго самаўпэўненага вар’ята, каб знішчыў і сябе і ўсю галактыку".

Я зноў запярэчыў. Кажу самадзержцу: калі так зрабіць, як ты кажаш, дык мая істота на планеце і года не пражыве. Умовы на ёй цяжкаватыя.

"А ты сваю гэтую істоту спачатку пасялі ў спецыяльнай выгарадцы, каб прывыкла да цяжкіх умоў. По­тым, як расплодзіцца, выпусціш з выгарадкі і паглядзіш, што атрымалася", — параіў самадзержац.

Парада самадзержца мне спадабалася. Зрабіў я выгарадку на планеце. Назваў яе раем. Потым дзве істоты стварыў, каб размнажаліся і каб сумна ім не было. Усё як след. Ды раптам у галаву цюкнула. Калі эксперыментаваць дык эксперыментаваць. Ствару я яшчэ дзве істоты. Такія ж кволыя, але з дужа моцным розумам, як і на іншых галактыках. Цікава паглядзець, якая з дзвюх пар акажацца найбольш аптымальная. Скажу шчыра, вымусіў мяне на такі эксперимент самадзержац. Падумаў я, што ён не проста так сабе даваў параду, а хацеў падштурхнуць мяне на няправільны шлях.

Стварыў я яшчэ адну пару. Пасяліў яе на пятай арбіце. Умовы там яшчэ горшыя былі, ды затое розум у істот разоў у сто тысяч мацнейшы.

Скажу адразу: абодва эксперыменты не ўдаліся. Тыя істоты з моцным розумам за кароткі час такога натварылі, што хоць у антысусвет імігрыруй. Я тую планету на пятай арбіце — Фаэтон — к чортавай матары ўзарваў. Іначай яны і да мяне дабраліся б...

— Ну, а што з тымі істотамі, што на Зямлі ў раі пасяліліся? — спытаўся Богша.

Бог доўга маўчаў.

— Зямныя стварэнні аказаліся таксама з вялікімі заганамі, — нарэшце сказаў ён. — Непаслухмяныя, сварлівыя, крывадушныя, усім незадаволеныя, прагныя, задзірыстыя, хлуслівыя. Адчыніў я загарадку і выгнаў іх у свет. Думаў, яны і года не пражывуць. Дык хіба не здзівішся, калі пачуеш, што істот тых на Зямлі чатыры мільярды? Як яны там маглі пракарміцца? Як не перабілі адна адну?..

Богшу гэта закранула за жывое.

— Дык вось яно што, — узгарэўся ён. — Стварыў нас на Зямлі і кінуў на волю лёсу. А сам у "чорнай дзірцы" схаваўся. Гіньце створаныя мной людзі. Дык гэта не проста амаральна, але і злачынна. За такую злосную безадказнасць судзіць трэба.

Бог разгубіўся. Мабыць, з ім яшчэ ніхто і ніколі так не размаўляў. Але паступова да яго вярталася ўпэўненасць. I ўжо ён пайшоў у наступ на Богшу:

— Табе добра гаварыць... А мне па няходжаных сцежках давялося ісці. Тут такіх дроў наламаць мож­на...

— Кінь хавацца за аб’ектыўнымі прычынамі. Не ўпэўнены ў маральнасці эксперымента, то не бярыся за яго, — абурана адказаў Богша.

— Не крыўдуй, — папрасіў Богшу бог. — Я сапраўды рад нашай сустрэчы. Лепей раскажы мне пра зям­ныя вашы справы...

— На гэта спатрэбіцца шмат часу, — сказаў Бог­ша. — А мне дамоў трэба. Ды хацелася яшчэ пабываць у Полацкім княстве дванаццатага стагоддзя.

— Пабудзеш. Гэта ў маёй сіле. I я табе цвёрда абяцаю. А цяпер сядай побач і расказвай, — папрасіў бог.

Шчыра кажучы, задача аказалася больш складаная, як здалося на першы погляд. 3 чаго пачаць? Не расказваць жа богу пра геалагічнае мінулае Зямлі, пра роз­ныя мезазойскія і кайназойскія эры, пра мелавыя, трацічныя і чацвярцічныя перыяды, пра эвалюцыю ўсяго жывога на Зямлі ад найпрасцейшых арганізмаў да ча­лавека, калі бог перакананы, што стварыў усё сам, ды яшчэ застаўся незадаволены створаным.

Каб выхваляўся сваім умельствам, выстаўляў сябе творцам-геніем, які стварыў дужа дасканалую прыроду, Богша, вядома, не стрымаўся б, павыскаляўся б з ягонай самаўлюбёнасці. Тут надарылася абсалютна нетыповая для творчых работнікаў з’ява. Бог-творца наперакор прывычнаму быў незадаволены справай сваіх рук і гаварыў пра гэта абсалютна шчыра.

Лазар Богша пастараўся прыгадаць, ці сустракаў ён калі творцу, нават самага бяздарнага, які прызнаўся б, што ён зрабіў нешта нявартае ўвагі? Здаецца, не сустракаў. Бога за сваё самакрытычнае стаўленне да ўласнай творчасці можна было паважаць...

Не простым аказалася расказаць і вельмі сцісла гісторыю чалавецтва. Што яна такое, гісторыя? 3 якога боку да яе падступіцца?

Кінуўшы позірк у глыбіню стагоддзяў, Богша злавіў сябе на тым, што памятае фараонаў, цароў, імператараў, ханаў, шахаў, военачальнікаў, кіраўнікоў паўстанняў, ведае войны, якія яны вялі, бітвы, якія выйгравалі або прайгравалі. Але ж гісторыя гэта не толькі правіцелі і бітвы...

Дык пра што ён павінен гаварыць богу, каб той добра зразумеў, ад чаго і каго ён у свой час адступіўся? Богшу не хацелася паказваць чалавецтва, вываленым у брудзе і крыві. Яму хацелася ўзвысіць чалавечы род перад богам. Расказваць богу пра веліч і прыга­жосць чалавека і ўсяго чалавецтва. А веліч і прыга­жосць чалавецтва зусім не стасуюцца да войнаў і бітваў, як бы іх ні называлі ў гісторыі, бо гэта кроў, калецтва, гвалт, слёзы, смерць. А майстэрства палкаводцаў? Што гэта як не ўменне забіваць людзей, каб потым справіць nip на касцях пераможаных. Яномагло выклікаць у бога агіду і раскаянне, што ў свой час не ўзарваў і Зямлю, закончыўшы тым самым эксперымент на біялагічнай аснове.

Богшу не хацелася даць богу хоць маленечкі шанец на апраўданне. Хай бы адчуў, што кідаць створаную ім жа істоту, а тым больш узрываць планету не толькі амаральна, але і злачынна.

Тады пра што ён павінен расказваць богу? Хіба пра духоўную культуру чалавецтва? Але ж і ў ёй гучыць водгулле крывавых войнаў і бітваў. Вядома, гучыць, але на якой ноце? Во ў чым сакрэт. Во чаму такі жывучы старадаўні эпас розных народаў. Сакрэт — у ноце дабра і справядлівасці, якімі прасякнуты паданні і міфы, быліны і сказанні. На ёй, адной гэтай ноце, створана ўся народная культура.

У Лазара Богшы была магутная памяць на паэтычныя творы. Ён ведаў ледзь не ўвесь старажытны індыйскі эпас, паэтычныя міфы Сярэдняй Азіі, "Іліяду" Гамера, "Песню песняў" Саламона, скандынаўскія сагі, фінскую "Калевалу", нямецкую "Песню пра Нібелунгаў", цудоўныя сказанні амерыканскіх індзейцаў і, вя­дома ж, рускія быліны і самы цудоўны помнік усходнеславянскай культуры — "Слова аб палку Ігаравым".

Богша з натхненнем чытаў урыўкі з шэдэўраў сусветнай літаратуры, каменціраваў іх, усяляк падкрэсліваючы высокі духоўны ўзровень чалавецтва. Сапраўды, было што чытаць, пра што расказваць. Можа, толькі тут, у гэтай "чорнай дзірцы", Богша і сам, як ніколі ра­ней, адчуў веліч чалавецтва, яго духоўную сілу і моц, ягоную прыгажосць і непаўторнасць і не ў тым, што яно вынайшла порах, гармату, кулямёт і розныя складаныя машыны, якія вырабляюць усё гэта на згубу чалавецтва, а ў тым, што стварыла помнікі архітэктуры, скульпту­ры, карціны, песні і паданні — памяць пра сябе і свае пачуцці.

На жаль, ён мог ілюстраваць свой расказ пра куль­туру чалавецтва толькі паэтычным словам. Гаварыць пра выяўленчае мастацтва, музыку і архітэктуру ён не хацеў. Баяўся, што не хопіць дакладных і вобразных слоў, каб данесці да бога і гэтыя здабыткі чалавечага генія. Таму ў канцы свайго чытання паэзіі Богша коратка сказаў богу: "А чалавецтва яшчэ стварыла найвыдатнейшыя шэдэўры жывапісу, скульптуры, архітэктуры, музыкі, расказваць пра якія нельга бездапаможнымі тут словамі. Музыку трэба слухаць, а творы выяўленчага мастацтва — глядзець. Але павер мне, яны бываюць мацней за слова".

Бог сядзеў уражаны пачутым. Ён плакаў.

Можа, яму было сорамна, што некалі не разгледзеў у кволай істоце, якая сапраўды мела мноства заган і недахопаў, такі патэнцыял інтэлекту, пра які ён, бог, не мог і марыць.

— Я хацеў бы загладзіць сваю віну, — выціраючы рукавом слёзы, сказаў бог. — Можа, я буду чым-небудзь карысны чалавецтву?

Захоплены высокай паэзіяй, духам дабрыні і праўды, якая перамагае крыўду, Богша неяк забыўся на страшэнныя супярэчнасці ў пакінутым ім свеце. На жорсткія войны, у якіх гіне самы цвет чалавецтва, яго надзея і будучыня — моладзь, на голад, бяспраўе, прывід ядзернай вайны, якая можа ў адно імгненне спапяліць цывілізацыю, здабытую такой дарагой цаной.

Цяпер ён успомніў пра ўсе цяжкія хваробы чала­вецтва і ледзьве стрымаўся ад спакусы папрасіць бога пазбавіць чалавецтва ад іх. Гэта так было проста — папрасіць. Але Богша паспеў падумаць: а як чалавецтва ўспрыме ягоную гэтую просьбу? Хто ўпаўнаважваў яго? Ён хацеў ужо адмовіцца ад божай дапамогі, ды зноў яго ахапілі сумненні. Адмаўляючыся ад такой спакуслівай просьбы, ён, Лазар Богша, бярэ на сябе вялікую адказнасць. А што, калі чалавецтва не здолее ўтрымаць рукі вар’ятаў, якія трымаюць атамныя бомбы? Тады ён і ніхто другі будзе вінаваты ў атамнай вайне, у знішчэнні жыцця на Зямлі.

Яму было над чым падумаць. Некалькі разоў ён га­товы быў папрасіць бога, як дарослыя сынкі просяць, не чырванеючы, сваіх бацькоў даць ім грошай на набыццё японскага магнітафона. Але вера ў чалавека і чалавецтва перамагла.

— Я схлусіў бы табе, — сказаў ён, — калі б сказаў, што мы жывём без трывог і клопатаў. Больш таго, ча­лавецтва час ад часу сутрасаюць такія выпрабаванні і катаклізмы, пасля якіх яно клянецца зрабіць усё, каб такія катаклізмы больш не паўтарыліся. Праходзяць гады, і чалавецтва зноў нехта заганяе ў выпрабаванні яшчэ больш жахлівыя і цяжкія, як мінулыя. Але ж, бачыш, яно жыве, развіваецца, шукае новыя шляхі да лепшай долі. Яно жыве па сваіх чалавечых законах, недасканалых, жорсткіх, нават бязлітасных, але сваіх. Дык ці варта яму вяртацца ў той рай, які быў у яго? Хай чалавецтва жыве па сваіх законах. Само шукае свае шляхі да праўды і дабра. Даруй, але табе лепей застацца тут, у "чорнай дзірцы".

Бог задумаўся.

— Бадай, ты маеш рацыю, — сказаў ён. — Я захоплены чалавецтвам. Яно застаецца самай дасканалай істотай у сусвеце на бясконцыя гады. Жыць яму вечна! Розум не вынішчальны, ён усё пераможа. А цяпер вяртайся на зямлю. Я вельмі рады, што сустрэўся з табой. Я адпраўлю цябе ў любую кропку планеты... у любы час яе існавання... заплюшчы вочы... задумай, куды табе трэба... моцна... яшчэ адно імгненне...

Апошнія словы даходзілі да Богшы, як у сне. Потым адбыўся выбух. Богша перастаў адчуваць гравітацыю. Ён стаў разрастацца, як невялічкае воблачка, бывае, разрастаецца ў навальнічную хмару. Яму дыхалася вольна і лёгка, ён ляцеў у Сусвеце з хуткасцю святла. Яна паволі замаруджвалася. Ператварылася ў нуль. Богша пачуў пад нагамі нешта цвёрдае.

"Прызямліўся", — падумаў ён і расплюшчыў вочы.

Ён стаяў у царкве.

Сярод яе бялела дамавіна, і мноства свяцільнікаў асвятляла суровых і чымсьці ўстрывожаных людзей, якія стаялі ў галавах нябожчыка.


3

Сярод яе бялела дамавіна, і мноства свяцільнікаў асбятляла суровых і чымсьці ўстрывожаных людзёй, якія стаялі ў галавах нябожчыка.

3 прытвора да самага драўлянага ўзвышэння, на якім стаяла дамавіна, слалася кужэльная дарожка з раскіданымі па ёй маладымі яловымі лапкамі. Лазар Богша спыніўся крокі за тры ад дамавіны, стараючыся заглянуць у яе. Яму здалося, у дамавіне ляжыць нехта знаёмы.

Але там ляжаў сівы чалавек, закрыты па грудзі кавалкам старанна адбеленага палатна. Белыя, нібы пасярэбраныя валасы і белая покрыўка з асаблівай выразнасцю адцянялі пляму на твары, падобную на бародаўчатую жабу, якая вылезла з-за вуха, учапілася пярэдняй лапай за брыво, а задняй уперлася ў падбародак, прымяла мяккую, як кужаль, бараду. На бугрыстую і пасля смерці ўсё яшчэ сінюю пляму было жудасна глядзець і цяпер; некалі, на жывым твары яна, напэўна, выглядала. яшчэ больш жудасна.

Богша мог прысягнуць, што ніколі не сустракаўся з нябожчыкам. Ён са здзіўленнем і няўцямнасцю азірнуўся, не разумеючы, чаму ён тут, у незнаёмай царкве, пры труне, у якой ляжыць чужы яму чалавек?

Злева ад яго стаялі і паціху перагаворваліся жанчыны, выціраючы ражкамі хустак слёзы, справа — мужчыны ў напружанай маўклівасці. Іхняя вопратка ўразіла Богшу. Ён недзе некалі бачыў такую вопратку, але калі і дзе? Можа, у якім гістарычным фільме?

У галавах нябожчыка справа і злева стаяла, няйначай, радня: мужчыны, жанчыны, дзеці розных узростаў.

Аднак ні папа, ні псаломшчыка, ні дзяка ў царкве не было. Царскія вароты — іканастас, як дзве кроплі вады падобны на той, што знаходзіўся некалі ў музеі Рафаіла Міхайлавіча Долі, — былі зачынены, і за імі, па ўсім, нікога не было.

Богшава паяўленне ў царкве не выклікала ніякай цікаўнасці. Ды і не дзіўна: Богша не ведаў іх, яны — Бог­шу. Цяпер, аддаўшы належнае нябожчыку, можна было паціху выйсці, не парушыўшы атмасферу гора і смутку. Ступаючы на наскі, каб не нарабіць грукату, Богша падаўся да дзвярэй.

3-за калоны, што падтрымлівала хоры, насустрач яму выйшаў каржакаваты стары з грывай сівых густых валасоў, з доўгай белаю барадой. У ягонай хадзе не бы­ло старэчай стомленасці, крыўднага бездапаможнага шоргання нагамі, якія выклікаюць спачувальны жаль. Стары абуджаў захапленне і павагу.

— Застанься, Богша, — спыніў ён Богшу. Ягоны го­лас, здалося, быў знаёмы. — Куды і чаго спяшацца?

— Дзе я чуў гэты голас? Ён мне вельмі знаёмы, — сказаў Богша.

— Бітву на Нямізе памятаеш?..

— Баян?! — узрадаваўся Богша.

— Баян... Састарыўся. I голас стаў не той, і струны пад пальцамі не гучаць так, як бывала.

— У памяці сваёй мы ўсе маладыя, — сказаў Бог­ша. — Нельга, каб чалавецтва загінула такім маладым.

— У маладосці песні ідуць ад здароўя, бадзёрасці і безразважнасці, — яны гаварылі кожны пра сваё, але добра разумелі адзін аднаго.

Неяк у маскоўскім Доме літаратараў, куды Богша зайшоў паабедаць і дзе на гэты ранні для нядзелі час сядзелі толькі тры знакамітыя пісьменнікі: паэтэса, празаік і публіцыст, Богшу пасадзілі за суседнім сталком, і ён міжвольна стаў сведкам іхняй дзіўнай гаворкі. Яны тады таксама гаварылі кожны пра сваё: паэтэса пра сэксуальную раскаванасць паэзіі, празаік пра рускі іканапіс, а публіцыст пра стойкасць абаронцаў аднаго з партовых гарадоў на Балтыцы ў Айчынную вайну, але гэта не шкодзіла ім разумець адно аднаго.

— Сусвет — адзіная сістэма, дзіўным чынам арганізаваная каля васемнаццаці мільярдаў гадоў назад. І ча­лавецтва не хаатычная сума індывідуумаў, а адно цэлае, жывы думаючы арганізм...

— Пад старасць спяваеш душой, якая спазнала вернасць, здраду, славу, зайздрасць, якая навучылася адрозніваць сапраўдныя каштоўнасці ад падробак пад іх.

— Свет, у якім мы жывём, ёсць свет, у якім жывём мы. Дзіўна, ці не праўда? I калі ў Сусвеце існуе адзіная сістэма, якая абумовіла з’яўленне чалавека і чала­вецтва, дык чалавек і чалавецтва павінны імкнуцца да адзінага розуму планеты. Розум не можа дапусціць, каб чалавецтва ўзарвалася накшталт "чорнай дзіркі" і разляцелася па Сусвеце элементарнымі часткамі.

— А ты малайчына, што прыйшоў пакланіцца праху вялікага Усяслава Полацкага, — сказаў Баян.

Богша выглянуў з-за калоны. Божа літасцівы, ён жа знаходзіцца ў Полацкай Сафійцы! Але чаму ён апынуўся ў Сафійцы, на пахаванні князя Усяслава?

Нешта невыразнае мроілася яму праз напластаванне часу-прасторы, праз туман галактык і халодную плазму квазараў.

"А можа, няварта ламаць галаву, чаму і дзе я знаходжуся зараз, у гэта самае імгненне: на дарозе ў камфартабельнай машыне або ў акіяне на кволым плоціку, на фешэнебельным курорце або ў захудалай, правінцыяльнай турме? Нехта з вучоных сказаў, што калі б прырода "выбрала" крыху іншую паслядоўнасць лічбаў, дык свет быў бы зусім другім. Не выключана, што чалавека наогул не было б і не было б каму пазнаваць Сусвет. О, гэтая выпадковасць не ўсвядомленых яшчэ заканамернасцей ад чатырох тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў у Сусвеце да пяці рэцэптараў, якімі чалавек пазнае свет такім, якім ён, можа, і не існуе ў сапраўднасці! Відаць, сэнс заключаецца ў тым, каб чалавек асэнсоўваў яго ўсюды, куды ні трапіў бы на сваім жыццёвым шляху".

Думка гэтая супакоіла і адцягнула Богшаву ўвагу ад другараднага. Зрэшты, пакуль што ён не мог выдзеліць тое галоўнае, на што павінен скіраваць сваю ўвагу.

— Прызнаюся, я зусім не здагадваўся, што ў труне ляжыць Усяслаў Полацкі, — прызнаўся Богша. — Ды і на пахаванне я трапіў выпадкова...

— Яго будуць хаваць не тут, у Полацку, а на Суі, — зашаптаў Баян. — I не па царкоўнаму абраду, па ста­рому...

— I ты прымчаўся, каб спець мёртваму славу, як спяваў некалі славу Яраславічам, калі яны разграмілі Уся­слава на снезе Нямігі? — Богша не стрымаўся, каб не ўпікнуць Баяна за ягоную беспрынцыповасць.

— Пра што ты гаворыш, няшчасны? — абурыўся Баян. — Пра якое паражэнне Усяслава на Нямізе?.. Ля ягонай труны ты ганьбіш вялікага воіна, чалавека і пакутніка, абылганага нядобразычліўцамі. I не славу я прымчаўся пець, а слухаць вялікі плач найвялікшай плакальшчыцы Рагнеды, сястры Усяслава і жрыцы-вяшчунні суйскага храма...

— Але ж прызнайся, што ты спяваў славу Яраславічам пасля Нямігскай бітвы, — не адставаў ад Баяна Богша.

— Спяваў, — прызнаўся Баян. — Як лёгка мы дакараем другіх, а пасля самі, стаўшы на іх месца, робім горшае і не чырванеем нават... А знаеш, Богша, з якіх слоў я пачаў славу Яраславічам пасля Нямігскай бітвы?.. "На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от те­ла. Немизи кровави брезе не бологом бяхуть посеяни, посеяни костьми руских сынов..." Во з чаго я пачау сла­ву Яраславічам.

— Гэта сказаў аўтар "Слова аб палку Ігаравым", — запярэчыў Богша.

— Гэта сказаў я. Толькі я мог сказаць такое, — узлаваўся Баян. — Я сам бачыў, як клаліся галовы воінаў на белым снезе. Я бачыў, як чырванелі ад крыві берагі Нямігі. Я стаяў на крутым беразе ракі і глядзеў на тую страшную бітву. Вось тады я, напэўна, упершыню падумаў, што не славу князям мне спяваць трэба, а плачам, раздзіраць іхнія сэрцы. Тады і пачала адступаць ад мяне маладосць безразважлівасці...

— А пасля, як Усяслава садзілі на княжацкі стол у Кіеве, хіба не ты спяваў славу Усяславу?..

— Ну, я... I не адзін я ўскладаў надзеі на Усяслава. Хіба ўпершыню такое, калі думаеш: нарэшце прыйшоў той князь, які ўстановіць на зямлі мір, парадак і справядлівасць?..

— Твае славы князям зрабілі дужа вялікі ўплыў на песняроў усіх княстваў, — нагадаў Богша.

— Што мне былая слава мая? Хіба я вазьму яе з сабой у магілу?..

— Ты застаўся ў памяці, — сказаў Богша.

— Маё імя — як водгулле чыесьці другой славы, — не пагадзіўся Баян, і Лазар Богша падзівіўся, як ён блізка ад ісціны.

У царкве раздаліся ледзь чутныя крокі.

3 прытвора да дамавіны лёгкай хадою ішла жанчы­на ў доўгай накідцы з гарнастаяў, пад якой відаць быў белы каптан.


4

3 прытвора да дамавіны лёгкай хадою ішла жанчы­на ў доўгай накідцы з гарнастаяў, пад якой відаць быў белы каптан.

Дзве дзяўчыны падтрымлівалі краі накідкі.

— Рагнеда, — шапнуў Баян. — Сястра Усяславава.

Богша выйшаў з-за калоны. ён бачыў, як наструніліся людзі, як загарэліся любоўю і адданасцю іхнія во­чы. I толькі ў сыноў Усяслава і іхніх жонак прамільгнуў у вачах страх, а можа, разгубленасць. Не ва ўсіх...

Не дайшоўшы крокаў трох да дамавіны, Рагнеда выпрастала з-пад накідкі рукі, узняла ўгору. У адной яна трымала чорнага пеўня, у другой — каменны нож.

Лазара Богшу ўразіў твар Рагнеды — адухоўлены і прасветлены, нібы яна стаяла не перад нябожчыкам, а перад нованароджаным.

Яна роспачна крыкнула і ў тое ж імгненне няўлоўным, прызвычаеным, нават прыгожым рухам рукі адсекла галаву пеўню, акрапіла ягонай крывёю белую покрыўку на нябожчыку.

Богша здрыгануўся. Абрад гэты здаўся яму дзікунскім і бязглуздым.

Яна ж кінула пеўня пад дамавіну, сашчапіла рукі, узняла іх над галавой і колькі часу стаяла так у маўклівай задуменнасці.

— Зараз ты пачуеш такое, — зашаптаў Баян і ад асалоды, якую чакаў, заплюшчыў вочы. — I плач, i сла­ву, і праклён, i клятву, і найвышэйшую любоў — песню ўсіх песняў.

У царкве панавала пругкая цішыня. Чулася толькі патрэскванне свечак. У Лазара Богшы чамусьці моцна білася сэрца.

Рагнеда пачала плач на вельмі нізкай ноце. Лазар Богша падумаў, што голас у яе падобны на голас перуанскай спявачкі Імы Сумак. Адрозненне заключалася хіба ў тым, што голас Імы Сумак, здавалася, нараджаўся недзе высока ў гарах і памалу апускаўся ў нізіну, а голас Рагнеды, нарадзіўшыся ў глыбінях крывіцкіх бароў, як водгулле далёкага грому, шугаў угору, запаўняючы сабой прастору да самага неба. Богшу здалося, што голас Рагнеды ўзніме зараз купал царквы, распісаны пад зорнае неба, у цэнтры якога выглядала з аблокаў аблічча бога з візантыйскімі рысамі твару.

Рагнеда бясконца доўга цягнула адзіны гэты гук "о", круглы, як кола, што спальваюць на Купалу, як сонца, што ў купальскую раніцу сустракае натоўп шчаслівых людзей, як сляза, што скочваецца па шчацэ, выпальваючы на ёй вечны равок смутку.

— О-о-о, браце мой Усяславе! Гаспадзіне і княжа! Чаму не страчаеш мяне на стромым беразе Дзвіньг? Ці ногі натаміліся ў паходах, ці раны ўклалі ў пасцелю? У пасцелю не з пуху лебядзінага, а з сена наддзвінскіх паплавоў? Зязюляю ляцела да цябе, браце мой любы. Хацела глянуць у вочы ясныя. А ты прымжыў іх ад святла месяца. Месяц, сыне сонца, чаму так няміла глянуў на брата і князя, што самі апусціліся павекі...

Усё часцей жанчыны выціралі ражкамі хустак вочы. Усё часцей мужчыны пераступалі з нагі на нагу, каб схаваць усхваляванасць.

А Рагнеда ўжо звярталася да сонца яснага, якое не даглядзела, калі смерць падкралася да вялікага князя. Хіба можна спачываць сонцу, калі князю пагражае смерць? Яна звярталася да ветру, які загуляўся ў па­лях і не паспеў адвеяць злую смерць ад князя. Да Дзвіны, якая не перагарадзіла дарогу смерці. Да язычаскіх багоў, якія на гэты раз адступіліся ад Усяслава. Яна размаўляла з багамі як роўная, толькі малодшая за іх. I гэта асабліва кранала. Рагнеда то спявала прыглушаным ад крыўды голасам, то звонкім, у якім чуўся дакор.

"Быў бы ў мяне магнітафон! — пашкадаваў Бог­ша. — Хіба запомніш гэтую непаўторную адметнасць плачу? А калі і запомніш... Хто паверыць у праўдзівасць плачу? Скажуць, сам сачыніў".

Яшчэ Богша падумаў, што ў шматлікіх даследаваннях старажытнай літаратуры так мала гаворыцца пра плачы. А яны дайшлі ледзь не да нашых дзён, бо яшчэ зусім нядаўна хадзілі па людзях два плакальшчыкі: хлапчук і ягоны бацька, спявалі плачы на пахаваннях. Той хлапчук потым стаў знакамітым паэтам. Ці запісаў хто тыя плачы, якія пранёс праз усё жыццё хлапчук?..

Думкі адцягнулі на нейкае імгненне ўвагу ад плачу Рагнеды. Мабыць, таму ён не злавіў, калі ў яе голасе пачуліся другія інтанацыі. Рагнеда спявала славу кня­зю і брату.

Яна прыгадвала кожную яго бітву, для кожнай знаходзіла адметныя яркія фарбы, аж думалася, што ў кожнай удзельнічала і яна сама. Яна хваліла розум і дабрыню Усяслава, ягоныя клопаты пра Полацк, ягоную вернасць старым законам і адданасць полацкай зямлі.

То было хвалюючае апавяданне пра князя-воіна, дбайнага гаспадара, добрага сем’яніна, заступніка крывічоў ад варожых нападаў. I ўжо не слязамі смутку і горычы плакалі жанчыны, а замілаванасці да князя і радасці, што ім давялося жыць пры такім разумным і справядлівым князі.

А ўжо і новыя інтанацыі паявіліся ў голасе Рагне­ды — даверлівы, шчыры, заглыблены роздум пра чалавечае жыццё і адказнасць тых, хто застаецца жыць, пе­рад вялікім нябожчыкам. Богша зразумеў, што песня-роздум скіравана нашчадкам князя. Яна як клятва, як павучанне ім, але без той лабавой дыдактыкі, да якой папрывыкалі людзі ў канцы дваццатага стагоддзя.

Што праўда, Богшу ў Рагнедзіным роздуме больш захапляла прафесійна-мастацкая аздоба песні, а не канкрэтны яе адрас, нават не сам змест і падтэкст, які, чулася, укладвала Рагнеда ў свае паэтычныя разважанні. Захапляла прыгажосць і дакладнасць метафар, якія не ўскладнялі думку, а набліжалі яе да слухачоў, рабілі больш выразнай і ўспрымальнай.

Напэўна, тут, як нідзе, падыходзілі паэтавы словы наконт кавалка жыцця, скупога і шэрага, з якога паэт стварае найчароўнейшую легенду.

Лазар Богша быў захоплены філіграннай інструментоўкай гэтай па-майстэрску выкананай імправізацыі, хоць увесь пачуты Богшам плач быў бездакорны па мастацкай завершанасці.

Было нязвычна, нават святататна стасаваць гэтыя словы: "майстэрства", "мастацкая завершанасць", "інструментоўка" да плачу — выяўлення вялікага чалавечага гора ў словах, што нараджаюцца ў душы. Але ўсе іншыя вызначэнні не змаглі б растлумачыць пачуццёвага ўздзеяння плачу на чалавека.

"Дык паэзія і ёсць пачуццё, выказанае ў словах-вобразах, — лішне завучана падумалася Богшу. — Але пачуццё гэтае было шчырым, а не па-акцёрску сыграным. Любоў, нянавісць, спагада, гнеў, спачуванне, стра­та, дабрыня, зло... Як здорава навучыліся мы іграць гэтыя пачуцці перад публікай. "Мяне хвалюе... Я занепакоены... Я абураны... Я ўзрадаваны..." Чорта два цябе хвалюе, непакоіць, радуе. Проста пішаш, іграеш ролю, бо трэба нешта рабіць, а больш нічога рабіць не ўмееш. Дзе ўжо шукаць пачуццяў!.. Таму і заглыбляемся ў бытавыя дэталі. Дэталяў шмат, а думак і пачуццяў мала. Ды і дзе іх возьмеш, сядаючы за пісьмовы стол кожны божы дзень?"

— Не прыемлю... Вось гэта і не прыемлю, — раздражнёна сказаў Баян, абарваўшы Богшаў роздум пра паэзію.

Богша здрыгануўся. Здалося, Баян падслухаў яго­ныя думкі. Аж зрабілася прыкра. Думку і тую нельга схаваць ад старонніх вушэй. Ну і свет!

— Я думаў пра вялікую спадчыну, што засталася нашчадкам, — чамусьці стаў апраўдвацца Богша. — Не пра грошы і рэчы; яны — парахня і пыл, а пра духоўныя здабыткі і, у першую чаргу, пра мастацкае слова...

— Словы таксама розныя, — заспрачаўся Баян. — Яны павінны ўзвышаць, не апускацца да ніцай травы чалавечых штодзённых клопатаў. Яны вартыя гусляў, а не дудкі свінапаса, якая збірае статак.

— Ты адмаўляеш роздум у паэзіі? — спытаўся Бог­ша.

— Я адмаўляю паэзію, якая заклікана павучаць. Каго? Сыноў Усяслававых? Іхніх жонак і дзяцей? Заблуджэнне і марнасць! Павучаць іх усё адно, што прасіць галодных піліпаўскіх ваўкоў захоўваць парадак каля зарэзанага зубра. Ці адзін раз дзеці князёў разры­валі Кіеўскую Русь. I сыны Усяслава не лепшыя. Разарвуць полацкую зямлю на кавалкі. Рагнеда песню сапсавала, калі вучыла ёю нашчадкаў Усяслававых жыць у міры і дружбе. Так яны і паслухаюць. Вунь стаіць Давыд — сын Усяславаў — з дзецьмі. Ён водзіць дружбу з Алегам, сынам Святаслава Яраславіча. А той, што стаіць пасярэдзіне, Барыс, абапіраецца на Уладзіміра, сына Усевалада Яраславіча. А Глеб, князь Мінскі, вер­ны саюзнік сыноў Ізяслава Яраславіча, бо жанаты на дачцэ Яраполка Ізяславіча. Памятаеш, як тры Яраславічы піравалі на Нямізе пасля таго, як спалілі Менск? Здавалася, дружбе іх не будзе канца да смерці. Дзе там! Так рассварыліся, што прымірыць ваду з агнём лягчэй, чым іх. Усе гэтыя нашчадкі Яраслававы грызуцца між сабой, як сабакі за абгрызеную костку. Ды каб жа толькі між князямі не было згоды. Манахі, папы ды ігумены таксама не ў згодзе. Полацкі епіскап, верны візантыйскай царкве, падтрымлівае Давыда, і разам выступаюць супраць Пячэрскага манастыра. А малодшы сын Усяславаў, Георгій, як і Ізяславічы, звязаны з Пячэрскім манастыром. А Пячэрскі манастыр вораг Уладзіміру Усеваладавічу... Не, Богша, не справа песняроў і плакальшчыц лезці са сваімі павучаннямі. Пясняр па­вінен быць салаўём, а не варонай, якая каркае, павучаючы сваіх дзяцей.

Рагнеда кончыла плач на высокай ноце. Здалося, зазвінеўшы парвалася залатая струна...

— Мір вам і бласлаўленне Макошы, маці ўсяго існага, — павіталася яна з пляменнікамі, іхнімі жонкамі і дзецьмі, з усім людам, што стаяў у царкве. Ёй адгукнуўся нястройны хор мужчынскіх і жаночых галасоў.

— Мір і бласлаўленне вам Перунова, — грымнуў з прытвора царквы басавіты голас, чуты ўжо Богшам у "чорнай дзірцы".

У царкве стаяў мажны стары з доўгім кіем, якім ён з усяе сілы грукнуў аб каменную падлогу.

— Хто гэта? — спытаўся Богша ў Баяна.

Той здзіўлена ўзняў вочы на Богшу, нібы перад ім было дзіця, якое пры людзях ляпнула нешта недазволенае.

— Перуноў вяшчун, слава яму на вякі. Непасрэдны нашчадак сапраўдных крывіцкіх князёў...

Нашчадак крывіцкіх князёў нізка схіліў галаву перад вяшчуняй суйскага храма Рагнедай.

— Мужайся, — сказаў ён ёй, хоць у той і не было роспачы. — Душа Усяслава ў калясніцы Перуновай за­раз будзе ўзнесена на аблокі, прыстанішча Перуна.

Ён зноў грымнуў аб падлогу кіем, нібы збіраўся выкрасаць з яе агонь, і — во дзіва з дзівосаў, якіх не даводзілася бачыць Богшу, — раптам бліснула маланка, зацьміўшы святло мноства свяцільнікаў, па царкве пранёсся віхор і загрымеў гром, нібы па бруку пранесліся калёсы.

Усе, хто быў у царкве, пападалі ніцма, не смеючы глядзець, як Пярун забірае да сябе на аблокі душу полацкага князя. Адзін Богша застаўся стаяць, абапёршыся на калону і спадзеючыся нешта пабачыць.

Ды нішто не адбылося. Патухла хіба дзесяткі тры свяцільнікаў, і кволы дымок ад іх падымаўся пад царкоўны купал, раствараючыся там, як ранішні туман па­сля ўсходу сонца.

Затое на дварэ, здаецца, пачыналася навальніца. Богша выйшаў на каменны ганак. За агароджай стаялі чатыры чорныя кані з прывязанымі да іх насілкамі. Чатыры хлопцы трымалі коней за павады, азіраючыся на царкоўныя дзверы.

А з-за Дзвіны, адтуль, дзе за лесам раскінулася возера Суя, паўзла сюды чорная грукатлівая навальнічная хмара.


5

А з-за Дзвіны, адтуль, дзе за лесам раскінулася возера Суя, паўзла сюды чорная грукатлівая навальнічная хмара.

Мусіць, на ёй і спяшаўся ў Полацк паганскі бог Пя­рун па душу вялікага князя Усяслава. Ён грукатаў так моцна, аж здавалася, расколваецца неба і зямля ўздрыгвае ад страху.

Вясна толькі пераваліла на другую палову красавіка, але першая навальніца абрынулася не на голы лес; маладая лістота за тры апошнія дні апранула дрэвы ў любімы палачанамі зялёны колер. На сугрэве ўжо раскашавала сон-трава і ярка жаўцелі кветкі дзьмухаўца па схілах Дзвіны і Палоты. Усё гэта магло б радаваць, каб не смерць князя. Сярдзіты Пярун, па ўсім, і нагадваў людзям аб смерці.

Палачане стаялі за агароджай. Рэжысёрскім позіркам Богша прайшоўся па натоўпе. На тварах людзей выразна бачылася трывога. Богша і сам адчуў яе. Мо­жа, таму, што першая чвэрць дванаццатага стагоддзя ўсё яшчэ заставалася для яго тайнай Полацкага княства пасля смерці князя Усяслава. Ды і потым на карце гісторыі Полаччыны вучоныя не сцерлі белыя плямы — нібы іх назнарок накідала нейкая несумленная рука.

Тайны заўсёды трывожаць...

Богшу захацелася пайсці ў натоўп, каб распытаць у каго пра апошнія гады жыцця Усяслава, пра яго трох старэйшых сыноў. Дзе, у якіх удзелах яны пачалі жыць пасля смерці бацькі? Якраз у гэты час труну пад галашэнне дачок, нявестак і ўнучак Усяслававых пачалі выносіць. Загаласілі і полацкія жанкі, можа, не так па князю, як ад страху перад будучыняй.

Шасцёра дружыннікаў, што неслі труну, паставілі яе на насілкі. Чатыры паганятыя селі на коней і рушылі ў дарогу. За імі — дружыннікі, князі; на цяжкіх калёсах — жанчыны. Працэсія памалу выпаўзала за царкоўны двор.

Шлях быў няблізкі, да возера Суя, і Богша падумаў, што яму туды не дайсці. Чамусьці страшэнна балелі ногі, а ў грудзях пякло. Аднак і заставацца тут не ха­целася. Навошта?.. Ён нічога тут не забыў. Нішто яго тут не цікавіла. Богша прыладзіўся ў хвост працэсіі, паклыпаў, цяжка валочачы хворыя ногі.

Як бы на развітанне Полацка з князем, раптам крыж-накрыж бліснула маланка і адразу, без роздыху грымнуў пярун, аж пазакладала вушы. Вялізны, у ча­тыры абхваты дуб, што стаяу за Палатой, на вачах лю­дзей раскалоўся напалам, абедзве палавіны грузна абрынуліся на зямлю.

Богша падумаў, што працэсіі варта было б перачакаць навальніцу, але ніхто не звярнуў на яе ўвагу. Хма­ра, не праліўшы дажджу над Полацкам, распаўзлася па небе.

Ён так і не заўважыў усёй дарогі да возера, што звівалася па лесе, нібы рачулка-пятлянка ў сухую пару года, збіраючы з крыніц кволыя ручайкі халоднай вады. Ён убачыў сябе на краі атуленай сасновым борам паляне, сярод якой узвышаўся недаступна грозны язычаскі бог Пярун, а вакол яго па вяршынях правільнага васьмівугольніка гарэлі свяцільнікі.

I нідзе нікога...

На супрацьлеглым баку паляны, пад выносістымі соснамі, туліўся язычаскі храм на слупах, сярод якога гарэў касцёр, падаграваючы воск у вялізным катле. Ад храма ў адзін і другі бок цягнуўся шнурок хатак, падобных на хлеўчукі. З-за язычаскага храма вынырнула працэсія — шарэнга сівых, з непакрытымі галовамі дзядоў. Другая такая ж працэсія, але з адных жанчын, падымалася па адхонным беразе возера, дзе пры самай вадзе стаяў яшчэ адзін храм з драўлянай фігурай багіні Макошы.

Абедзве працэсіі спыніліся перад тварам Перуна, старэйшы жрэц і жрыца Рагнеда ўзнялі ўгору рукі, Hiбы заклікалі неба ў сведкі. I тады ўсе ўбачылі, як з-за возера, там, дзе ў яго ўпадае невялікая рачулка, чорнай хмарай сунецца сюды пахавальная працэсія.

Не дайшоўшы да капішча Перуновага крокаў пяцьдзесят, працэсія спынілася. Шасцёра дружыннікаў лёгка ўзнялі труну з насілак, панеслі яе на выцягнутых угору руках. Труна паплыла сярод натоўпу, як ладдзя ла Дзвіне ў ціхае надвор’е. Даплыўшы да Перуновага капішча, труна апусцілася на касцёр з сухіх бярозавых плашак.

— Што вы робіце?.. Я не веру... Не веру!.. — закрычаў Лазар Богша, нібы сядзеў на рэпетыцыі, а перад ім ігралі нейкі вадэвіль самадзейныя акцёры. — Не маглі Усяслава спальваць на агні! Не маглі! Звычай такі задоўга да Усяслава кануў у вечнасць...

Голас яго прагучаў як у пустыні. Ніхто не азваўся. Людзі прадаўжалі рабіць сваю справу, дзеля якой і прыехалі сюды з Полацка.

Пад развітальна-адыходную песню жрацоў нехта прынёс вялізны цэбар алею і ўсе сталі чэрпаць яго конаўкамі, выліваць на касцёр. Потым аднекуль паявіліся жытнёвыя снапы акалоту. Імі жрацы абставілі касцёр, а паверх снапоў паклалі восем вянкоў з васількоў.

Цяпер заставалася толькі падпаліць касцёр, спаліць на ім грэшную абалонку князевай не менш грэшнай душы.

Аж не!

Старэйшы жрэц і жрыца Рагнеда падышлі да кастра, спыніліся ў нагах нябожчыка.

— Сыны Усяслававы, прадаўжальнікі роду вялікага князя полацкага, падыдзіце да бацькі і князя, пакляніцеся старажытнаю страшнай прысягаю ў вернасці запавету, дадзенага вам вялікім князем Усяславам, сынам Брачыслававым.

Жрэц трымаўся ўрачыста і з гонарам, як і належыць захавальніку старажытных абрадаў.

Сямёра сыноў Усяслававых аддзяліліся ад натоўпу, падышлі да ўзгалоўя княжай труны. Яны былі дужа розныя, але ў чымсьці і падобныя адзін на аднаго.

Жрэц абвёў іх строгім позіркам каршуновых вачэй.

— Князь Давыд, — звярнуўся ён да каржакаватага марудлівага мужчыны, — як старэйшы сярод братоў, пакладзі першы левую руку на бацькаў лоб і выслухай мяне дужа ўважліва... Яшчэ пры жыцці бацька твой і князь полацкі выдзеліў табе Друцкі ўдзел. Паклянешся, што ніколі не пакладзеш зайздроснае вока на полацкі княжы стол...

У Давыда хваравіта перасмыкнуўся твар, часта-часта заторгалася левае павека. Здалося, Давыд павернецца і пойдзе ад бацькавай труны. Але ён неяк стрымаў сябе, дужа марудна, быццам яна важыла пудоў дзесяць, падняў левую руку і ўжо зусім абяссілена апусціў яе на бацькаў лоб. Ягоныя пальцы ўздрыгнулі разы чатыры і супакоіліся.

— Князь Барыс, — пацяплелым голасам паклікаў жрэц наступнага сына, — па бацькаваму наказу ты сядзеш на полацкі стол. Будзь для братоў тваіх бацькам і князем. Памагай ім адстойваць Полацкую зямлю ад хціўцаў і ворагаў, беражы адзінства Крывіцкай зямлі. Хай абмінуць цябе сваркі і злачынныя помыслы, якія ці адзін ужо раз ставілі Кіеўскую Русь на мяжу рас­паду...

— Разумна распарадзіўся князь Усяслаў, — зашаптаў нехта за Богшавай спіной. — Давыдава жонка — унучка Манамахава, дачка Мсціславава. Полацкае веча не хацела б мець князя, прывязанага да Чарнігава, дзе цяпер князюе Манамах. Мсціслаўна ж круціць Давы­дам, як спрытная папрадуха верацяном.

Жрэц паклікаў трэцяга сына Усяслававага, Глеба, які ўжо гады чатыры сядзеў у Менску, а да таго ваяводзіў там паспяхова. Глеб паклаў руку на рукі двух братоў і тройчы перахрысціўся, як і належыць сапраўднаму хрысціяніну, які і ў стане ворагаў не адрачэцца ад сваёй веры.

Затым настала чарга чацвёртага сына, Рагвалода, які атрымаў у спадчыну Лукомлю. Хваравіты на выгляд Рагвалод зусім абыякава паклаў руку паўзверх братавых і застыў у нязручнай паставе, нібы караў сябе за нейкі аднаму яму вядомы ўчынак. Пятым быў Раман, якому дастаўся ў спадчыну Віцебск. Шостым — Расціслаў, якому перайшоў у спадчыну Ізяслаўскі ўдзел. Перш чым пакласці руку, Расціслаў дапытліва глянуў на Глеба і нечаму ўсміхнуўся. Апошні паклаў руку для клятвы самы малодшы з сыноў Усяслававых, Святаслаў. Яму дастаўся самы далёкі і бедны ўдзел — Браслаўскі.

Сямёра братоў стаялі цяпер у маўклівай нязгодзе, пазіраючы хто куды, нібы саромеліся глянуць адзін аднаму ў вочы. Маўчаў і натоўп — княжацкія жонкі і іх дзеці, жрацы і жрыцы, дружыннікі і просты люд, які прыйшоў на абрад пахавання і клятвы.

Яна была страшная, нават жудасная, гэтая клятва. Ад яе аж стыла кроў у жылах. Усяславічы слухалі яе, скамянеўшы ад страху і нядобрых прадчуванняў.

Цяпер Богша зразумеў задуму з клятвай на старажытны лад — даўнія клятвы выклікалі ў князёў свяшчэнны страх і маглі стрымаць іх ад міжусобіц, новыя, праваслаўныя клятвы на крыжы і евангеллі князі не ставілі і ў грош.

Голас жраца нарэшце замоўк, і ўсе, хто стаяў і слухаў яго, уздыхнулі з нейкай жаданай палёгкай. Сямёра князёў пакланіліся Перуну, з’елі па драбку свяшчэннай зямлі, пацалаваліся адзін з адным на вернасць і далучыліся да натоўпу.

Мсціслаўна гнеўна глянула на Давыда.

— Не мог запярэчыць, цялё без’языкае, — зашыпела яна. — Будзеш сядзець у Друцку, як тхор у падпечку... Па старшынству Полацк належыць табе...

Князь неахвотна штосьці сказаў, і Мсціслаўна раз’ярылася яшчэ горш, але Богша не пачуў яе слоў. Натоўп раптам загаманіў, загуў, вітаючы працэсію, што выйшла з язычаскага храма з вялізнымі і вітымі васковымі свечкамі. Васьмёра жрацоў кіравалі да васьмі свяцільнікаў, ад якіх і запалілі свечкі. Зноў загаласілі жанчыны. Восем сокалаў-сапсанаў, узмахнуўшы вострымі доўгімі крыламі, узляцелі пад небам і, мусіць, радыя волі, з крыкамі к’як-к’як імкліва пранесліся над борам у вясновай сінечы.

Восем жрацоў падпалілі жытнёвыя снапы. Белаваты дым, прарэзаны языкамі полымя, дружна выбухнуў у неба, і адразу зашугаў агонь, ахапіў касцёр, труну і вялікага князя.

Відовішча было не з прыемных. Менскі князь заплюшчыў вочы, размашыста стаў хрысціцца. Адвярнуўшыся ад кастра, хрысцілася і ягоная жонка, дачка Яраполка Ізяславіча, унучка Яраслава Мудрага. Пачалі хрысціцца і астатнія князі. Толькі Барыс і ягоны сын Рагвалод не ўзнялі рук, каб пакласці на сябе святы крыж...

Агонь усё набіраў сілу і ўжо шугаў вышэй самых стромкіх соснаў. Ад яго гарачага подыху людзі адступалі пад засень бору, дзе ўжо стаялі сталы і жанчыны насілі на іх памінальныя стравы.

Адзін жрэц, здавалася, не адчуваў пякельнай гарачыні. Узняўшы ўгору рукі, ён уголас маліўся Перуну:

— О, слаўны Пяруне, вялікі і ўсемагутны, пераможца Велеса, перад якім не можа ўстаяць ні дрэва, ні ка­мень, ні чалавек і ты, Даждж-бог сын Сварогаў, які дае жыццё, святло і агонь, бог багоў Свентавіт, якому даступна будучыня, маці славян мудрая Макоша і ты, прабацька крывіцкага роду Крыў, усе багі і бажкі крывіцкія, вас заклінаю я зямлёю і небам, дзённым святлом і начною цемраю не пакіньце князя Барыса, адзіную надзею нашу захаваць веру бацькоў і дзядоў нашых ад замаху варожай веры, якую насаджаюць хрыстовы служкі...

Агонь памалу ападаў, агаляючы чалавечы касцяк на распаленым вуголлі — астанкі вялікага князя полацкага, якія неахвотна аблізвалі чырвоныя языкі полымя.

Неўпрыкметку насоўваўся ціхамірны вечар, і жыватворнае сонца памалу скочвалася на вершаліны недасягальна высокіх соснаў.


6

Неўпрыкметку насоўваўся ціхамірны вечар, і жыватворнае сонца памалу скочвалася на вершаліны недасягальна высокіх соснаў.

Так, прынамсі, здавалася Лазару Богшу, які стаяў на пляцоўцы крапасной вежы Браслава. Направа і налева ад крэпасці разлегліся азёры Навята і Дрысвяты, схаваныя цяпер пад бранёй тоўстага лёду, прыцярушанага бялюткім снегам.

3 крэпасці было відаць, як з далёкага лесу выпаўз чорнай вужакай абоз, папоўз сюды па дрэнна накатанай дарозе. Вярсты за тры да крэпасці ад абозу адарвалася з тузіна коннікаў, якія пагналі коней на ўсю моц.

Перапалоханы Богша няўцямна глядзеў, як набліжаюцца коннікі да Браслава, і ніяк не мог зразумець, чаму стражы не ўзнімаюць трывогу. Яму не хацелася апынуцца ў асаджаным гарадку, як некалі ён апынуўся ў Менску, калі да яго падступілі дружыны Яраславічаў.

Наліха яму гэты Браслаў?.. Што ён забыўся ў ім?.. I наогул, чаму ён павінен боўтацца па свеце, як грэшная душа ў чысцілішчы?.. Чаму пракляты лёс кідае яго, куды захоча?.. Навошта яму гэтая даўніна, быццам, пабыўшы ў ёй, можна нешта змяніць на свеце?..

"Кірылу Лыкавязава лёс ніколі не закідае туды, куды яму не хочацца або дзе яму быць нявыгадна, — горка падумалася Богшу. — Ён і выступаў за трыбунай толькі тады, калі ў прэзідыуме сядзела вялікае началь­ства. А што, можа, ён мае рацыю? Цяперашні час не любіць эмоцый. Яны шкодзяць людзям. Нават той, хто некалі па маладосці паддаўся ім, цяпер навыперадкі адхрышчваецца ад сваіх слоў, учынкаў, маладой безразважнасці, поўнасцю аддаючыся разліку, кар’еры, набыткам, славе і ліха ведае яшчэ якому д’яблу без пачуццяў і парьтанняў. А я пасівеў, састарыўся, а ўсё не думаю пра разлік і выгаду. Таму і паглядаюць на мяне скоса. Але як жа можна тварыць без пачуццяў?.. Калі ўжо так усюды патрэбны разлік, дык стварайце кібернетычную машыну. Яна лепей за чалавека складзе патрэбны, беззаганны, па ўсіх правілах літаратуразнаўства мастацкі твор. Без эмоцыій, затое не прычэпіцца самы прыдзірлівы крытык".

...Ужо чуваць быў конскі тупат. Богшу хацелася крыкнуць стражам: "Што ж вы стаіце, разявы?" Ды ён так перахваляваўся, што не мог вымавіць ніводнага слова.

Раптам вароты крэпасці расчыніліся, з іх вылецела дванаццаць коннікаў, панесліся насустрач тым, што імчалі да крэпасці.

Богша заплюшчыў вочы, каб не бачыць, як сустрэнуцца грудзі ў грудзі два атрады, каб абагрыць крывёю снег.

Ён чуў, як тупаюць аб мёрзлую зямлю конскія капыты, як крычаць воіны на ўсю моц лёгкіх. Дзівіла толькі, што крыкі былі радасныя, вясёлыя.

— Вунь той... той сват, — закрычаў каля ягонага вуха нехта ўзрадаваным голасам. — Ну, проста бочка на дзвюх крывульках ды яшчэ абутая ў лапці і шарсцяныя панчохі... Ах, каб яго, гэтага жмудзіна!..

Богша расплюшчыў вочы. Стражы на вежы рагаталі, пабраўшыся за жываты. Там жа, дзе мелася адбыцца схватка, праязджалі па снезе ў крэпасць апошнія сані з захутанымі ў мядзведжыя шкуры седакамі.

Цяпер Богша здагадаўся, што лёс невыпадкова за­нёс яго ў Браслаў.

"Цікава паглядзець, чым кончыцца гэтае сватаўство, — падумаў Богша, — калі верыць жыццяпісу Ефрасінні Полацкай і сцэнарыю Баравіка-Залеўскага, дык яна павінна зараз адмовіць жаніху і пайсці ў манастыр. А дзе ён, той манастыр, у Браславе?.. Царквы і той няма".

3 харомаў на ганак тым часам выйшлі князь Святаслаў і ягоная жонка. Яны неслі на ручніку хлеб-соль. Сват прыняў хлеб-соль. Тады з-за мужчынскіх квадрат­ных спін выскачыла свацця-жмудзінка, замалаціла язы­ком, як цэпам, на сваёй, не зразумелай князю і яго жонцы жмудзінскай мове. Але і без перакладу было зра­зумела, што свацця расхвальвае жаніха.

Святаслаў запрасіў сватоў у харомы. Тыя расселіся па лаўках. Аднекуль паявіліся два талмачы. Яны і абвясцілі, што перад вачамі браслаўскага князя і княгіні зараз стане жаніх.

У харомы прывялі нешта захутанае ў мядзведжую шкуру поўсцю наверх. Калі яе раскруцілі, Богша ўбачыў хлапчука з далікатнымі абрысамі твару, сінімі вачамі і доўгімі русявымі валасамі. Было яму гадоў пятнаццаць-шаснаццаць. Святаславава жонка з прывычнай жанчынам палёгкаю ўздыхнула — жаніх мог бы аказацца пачварай або калекам.

— Прывядзіце князёўну Прадславу, — загадаў Святаслаў.

Сваты ўперылі вочы ў дзверы, чакаючы нявесту.

Нявеста ўварвалася ў святліцу са звонкім смехам і вясёлым крыкам:

— А вось і не зловіш, не зловіш...

Стоячы спіною да сватоў, яна паказала камусьці, хто быў за дзвярыма, язык і зноў зайшлася смехам. Ёй, бадай, не было васьмі, хоць талмач і аб’явіў сватам, што князёўне Прадславе сёлета споўнілася восем — са­мая пара для замужжа.

Зрэшты, гэта не мела ніякага значэння, бо сваталі і пяцігадовых і пяцімесячных за семнаццацігадовых і старэй. Бывала і наадварот.

Звонкая весялосць нявесты, здаецца, спадабалася сватам. Ды і хто не расчуліцца, не прыйдзе ў замілаванне, пачуўшы бесклапотны і мілы дзіцячы смех? Сва­ты заўсміхаліся: дзякуй жмудскім багам, што ў княжыча будзе вясёлая жонка. У гэтым цяжкім, небяспечным жыцці лепей мець вясёлую жонку, чым занудлівую і сварлівую, ды яшчэ прывезеную ліха ведае з якіх даляў, быццам і паблізу не знайшлося б брахлівай заразы.

Старэйшы сват разы тры хрукнуў ад уласнай велічы, бо гэта ён і падшукаў княжычу нявесту, і не абы-якую, а з роду Усяслававага.

Тыя, каму Прадслава паказвала язык, аказаліся яе мамкай-карміцелькай і цёткай, абедзве ўзятыя ў княжы двор з сем’яў дружыннікаў выхоўваць князёўну і адказваць за яе перад князем і княгіняй. Акінуўшы позіркам сватоў і князя з княгіняй, яны супакоіліся. Свавольства князёўны спадабалася, значыць, ніхто не насварыцца на іх.

— Як ты стаіш, князёўна? — прашаптала цётка.

Князёўна павярнулася да сватоў усё яшчэ з усмешкай на твары. У яе вачах мільганула збянтэжанасць. Так многа чужых людзей яшчэ ніколі не было ў іхніх харомах. Госці былі нейкія не такія, як жыхары Браслава, хоць тут можна было сустрэць каго хочаш — гарадок стаяў на скрыжаванні многіх дарог і на мяжы рассялення розных народаў.

Збянтэжанасць толькі кранулася Прадславінага твару, як ён адразу паблажэў, рот расцягнуўся да вушэй, а ўся фігурка князёўны стала падобна на каркас пуга­ла, якое ставяць у каноплях, каб адпужваць вераб’ёў. Да ўсяго яе круглы і нейкі плоскі тварык зморшчыўся, здалося, што князёўна зараз заплача. А калі яна, бывала, плакала, яе твар рабіўся ўтрая непрыгожым.

Яна, пэўна, і заплакала б, каб не сват, які падкаціўся да князёўны на крывых нагах, загаварыў да яе хоць інезразумела, але з цеплынёй у голасе. Князёўна як бы адтаяла. Зморшчыны на яе твары зніклі, вочы засвяціліся, а шчокі паружавелі.

Сват выхапіў з-за пазухі бурштынавыя пацеркі, надзеў іх на тоненькую шыйку князёўны.

Пацеркі не маглі не спадабацца, і князёўна сапраўды залюбавалася імі. А залюбаваўшыся, успомніла, што павінна і сама, як вучыла яе цётка, аддзячыць жаніху падарункам. Спачатку, вядома, трэба было знайсці жаніха сярод столькіх гасцей. Але гэта было няцяжка: жаніх сядзеў побач са старэйшым сватам. Прадславе паклалі на рукі цяжкі меч. Яна паднесла яго жаніху і завучана ўсміхнулася.

Богша быў расчараваны. Усё як у дрэнным сцэнарыі: прачытаўшы тры старонкі, можна беспамылкова сказаць, пра што будзе пісацца на трыццатай.

"Ах, гэтыя царкоўныя пісакі, — узлаваўся ён на манастырскіх біёграфаў Ефрасінні Полацкай, — панапісваюць абы-чаго. Так ужо яна і адмовіла жаніху і пайшла ў манастыр. Хто ў яе пытаўся, жадае яна ці не жадае выходзіць замуж. Ды і чаму яна павінна была адмаўляць жаніху?.. Хоць, чакай, чакай... Дыму без агню не бывае. Калі яна выйшла б замуж, дык як потым апынулася ў манастыры? Вось табе і загадка. Выходзіць, сцэнарый не такі і просты..."

Княжацкія слугі ўносілі ў пакой сталы, ужо застаўленыя стравамі. Разам з усімі Богша сеў за стол. Яму хацелася піць, але на сталах не было напіткаў. Хоць бы бярозавік. Во ўжо сапраўды сухі закон дык сухі — і крынічнай вады не выпрасіш!

Затое ў сватоў быў выдатны апетыт. Добра прыгледзеўшыся, Богша заўважыў, што сваты, як і браслаўскія мужыкі, часцяком хаваюцца за спіны суседзяў, задзіраюць галовы, аж выпінаюцца гарлякі, смокчуць з доўбаных пасудзін нейкае пітво, якое не толькі дадае апетыту, але і бесшабашнай весялосці, ад якой, папраўдзе, рабілася страшнавата. Можа, які дурань пакінуў іх яшчэ пры зброі? Можа ўсчацца такая бойка, што не ацалеюць і жаніх з нявестай.

Цвярозы Богша мог спадзявацца толькі на нейкі цуд. I ён паявіўся ў выглядзе дружынніка, заінелага па самыя вочы, які нечакана ўваліўся ў княскія харомы. За ім пракаціўся па сталах клубок белай пары, што ўварвалася з панадворка.

— Князь — закрычаў дружыннік, — яцвягі на Браслаў ідуць. Не падымецца сонца і на дзве ляхі, як яны будуць пад сценамі крэпасці...

Богша выбег на двор.

З-за лесу ўставала барвовае сонца, як на пажар.

Было дзіўна, як ён, Лазар Богша, не прыкмеціў, калі праляцела ноч. Можа, і не адна. Ён вярнуўся ў ха­ромы.

Размазваючы па шчоках слёзы, у харомах плакала князёўна Прадслава.


7

Размазваючы па шчоках слёзы, у харомах плакала князёўна Прадслава.

— Ты чаго плачаш? — спытаўся Богша, пазіраючы, як уздрыгваюць вузкія дзіцячыя плечы князёўны.

— Хачу замуж, — усхліпваючы, адказала Прад­слава.

— Цімох, — звярнуўся Лазар Богша да Баравіка-Залеўскага, які ляжаў на ляжанцы, — аддадзім Прадславу замуж за жмудскага княжыча...

— Няможна, — разважліва адказаў Баравік-Залеўскі.

— Чаму?..

— Па-першае, таму, што я строга прытрымліваюся жыція Ефрасінні, а па-другое, як мы яе потым падстрыжом у манашкі?..

— Падумаеш!.. У кіно ўсё можна, нават надзець штаны цераз галаву, — адказаў Лазар Богша.

Баравік-Залеўскі ўзлаваўся той штучнай злосцю, якую можна было ўспрыняць і за непаказную.

— Ты — дрэнь і лайдак, якіх не ведала чалавецтва са змрочных часоў Саванаролы. Можа, ты захочаш яшчэ пакласці Прадславу ў ложак з тым жмудскім княжычам?.. А трасцу табе! Я лепей задаўлюся на гнілой асіне, чым дазволю зрабіць з Прадславы разбэшчаную дзеўку. Зразумей, нягоднік, якіх не бачылі і ў эпоху японскага сярэднявечча, Ефрасіння была асветніцай. Ас-вет-ні-цай!.. I нявіннай! Чыстай, як крынічная вада ў студні маёнтка майго прадзеда, сябра і паплечніка Касцюшкі...

Баравік-Залеўскі ўссеў на свайго выпрабаванага канька; цяпер ён мог двое сутак сачыняць сваю радаслоўную, калі яго не спыніць.

— 3 мяне хопіць, здаюся, — падняў угору рукі Ла­зар Богша. — Я прашу толькі звярнуць увагу на князёўну, якая плача і кажа, што хоча замуж.

— Ну і што? — Баравік-Залеўскі вырачыў і без таго лупатыя вочы. — Вам, кіношнікам, прыходзяць у галаву адны банальнасці. Хіба вы можаце зазірнуць у глыб з’явы?.. Дудкі-с!.. Гэта можам зрабіць толькі мы, пісьменнікі. Вы, як тыя графаманы, якія троху навучыліся крэмзаць, абсалютна ўпэўнены, што можаце ствараць мастацкія творы. А гэта не творы, а хлусня і паскудства, ад якіх хочацца вымыцца ў гарачай вадзе. Ці мала што можа захацець князева дачка? Гэта звычайная для такога ўзросту гульня ў мамы і таты. Мне, Богша, надакучыла чытаць табе лекцыі пра той час, псіхалогію лю­дзей, іх норавы і звычкі, гістарычны фон, на якім разгортваюцца падзеі ў нашым кінатворы.

— Пайшоў ты, — Лазар Богша хацеў яшчэ дадаць канкрэтны адрас, куды хацеў паслаць свайго сцэнарыста, але ў час спахапіўся, што ў святліцы знаходзіцца дзяўчынка, ды яшчэ князёўна. — Цябе толькі паслухай, дык ты нагаворыш на два тамы па трыццаць пяць аркушаў кожны...

— Вельмі ты адстаў, — агрызнуўся Баравік-Залеўскі. — Таксама менш дзвюх серый не здымаеш...

Яны абодва зарагаталі: і тое і другое было праўда — рабы божыя любілі разгарнуцца ўшыркі.

— Тады кажы, як Прадслава трапіла ў манастыр? — прымірэнча спытаўся Богша. — Ці, можа, ты верыш, таму, што напісана ў жыціі святой Ефрасінні?.. Я табе, Цімох, адразу заяўляю, што не стану здымаць, як малалетняе дзяўчо, якое адзін за другім прыязджаюць сватаць княжычы, балбоча нешта аб марнасці славы бацькоў і наогул усяго зямнога жыцця, прапаведуе старэчы аскетызм, служэнне богу, заклікае праводзіць бяссонныя ночы ў малітвах на каленях... Не магло быць такое. Не магло!.. Князёўны ішлі замуж, а не ў манастыры. Так што паводзіны тваёй асветніцы зусім нетыповыя. Хто цяпер паверыць у яе шчырасць? Зрэшты, і тады не паверылі б.

— Замуж хачу, — азвалася Прадслава.

— Чуў? — спытаўся Богша ў Баравіка-Залеўскага.

— Не глухі, — адгукнуўся той. — Але гістарычная праўда вымагае ад мяне...

Баравік-Залеўскі раптам ускочыў з ляжанкі, як апантаны кінуўся да дзвярэй, дзе стаяла нейкая хваравітая з выгляду жанчына, апусціўся перад ёй на кале­на, ўзяў яе руку і пацалаваў з такой шляхетнай вытанчанасцю, што Богшу здалося, нібы ягоны сцэнарыст толькі і рабіў, што цалаваў ручкі пекных паненак.

— Калі ласка, княгіня Звяніслава, — ён падтрымаў жанчыну пад локаць, падвёў да цяжкага драўлянага крэсла. — Сядайце, княгіня Звяніслава... Я вельмі ўзрушаны, што нарэшце бачу вас. Мой дзед расказваў, што ваш бацька, дужа знакаміты чалавек сярод вольналюбівых ноўгарадокіх мужоў, хрысціў некалі майго продка, таксама гараджаніна і вечавога ноўгарадскага сакратара. Такім чынам мы радня, хоць далёкая, але рад­ня...

Нейкай нязнанай інтуіцыяй Богша дапяў, што жан­чына гэтая віцебская княгіня, жонка Рамана — сына Усяславава. Але далей гэтага ягоная інтуіцыя не сягала, хоць на Богшу абрынуліся пытанні, як попел Везувія на галовы жыхароў Пампеі. Сотні "чаму?" джалілі ягоны мозг, як яны любяць джаліць мазгі ўсіх дапытлівых шукальнікаў ісціны.

— Чаго яна хныча? — спыталася княгіня ў Баравіка-Залеўскага, кіўнуўшы галавой у бок Прадславы.

— Замуж хоча, — са з’едлівасцю старога сатыра адказаў той. — А між тым ёй нельга выходзіць замуж.

— Абсалютна правільна, — падхапіла княгіня. — У наш бязлітасна суровы час выходзіць замуж і раджаць дзяцей — злачынства. Што, гаротных, чакае іх? Пакуты і гора...

— Хачу замуж, — заканькала князёўна.

— Не грашы, — перасцерагла князёўну віцебская княгіня. — Хіба варта з-за гэтага плакаць?.. Дурненькая, мы плачам тады, калі нас не бяруць замуж. Але мы ўтрая мацней плачам тады, калі выйдзем замуж. Азірніся навокал. Чаго дасягнулі твае бацькі, усе сыны Усяслававы? Пажаніліся, атрымалі ўдзелы, сталі княжыць, весці войны, здабываючы сабе славу, прыносячы лю­дзям гора. Хіба вечна гэта? Хіба жыццё не праплывае міма іх? Усё парахня, якую развейвае вецер. Не, дзіця маё, як на мой сталы розум, дык не пра замужжа трэ­ба думаць, а куды схавацца ад мітусні і рознага непатрэбства, ад несправядлівасці і крыўды, ад гора і здзекаў. Не паспела я аддаць землі князя і мужа свай­го, як твой бацька сеў на ягоны стол і з усіх набыткаў выдзеліў мне і манастыру такія крошкі, якія кідаюць прахожым-калекам на другі дзень вялікадня. Але я шчаслівая тым, што знайшла ратунак у начных маленнях на каленях, у затворніцтве і пастах у цішыні манастырскіх келляў...

— Чуеш, твая княгіня Звяніслава цытуе словы Прад­славы з жыція святой Ефрасінні, — задзірліва падміргнуў Баравіку-Залеўскаму Лазар Богша. — А ты нешта вярзеш пра гістарычную праўду. Твае царкоўнікі, пішучы жыціе Ефрасінні, нахлусілі ў ім, колькі ім хацелася...

— Цытуюць усе, — зазначыў Баравік-Залеўскі. — Нават акадэмікі.

— Акадэмікам усё можна, — запярэчыў Богша, абы падражніць свайго сцэнарыста. — А яна крадзе ў Ефрасінні яе ўнутраныя маналогі, гэта значыць арыгінальныя думкі, ды яшчэ мае нахабства выдаваць іх за свае.

— Тады гэта не лічылася плагіятам, — як мог абараняў сваю радню ў трыццатым ці трыццаць пятым калене Баравік-Залеўскі. Што-што, а ён не здраджваў шляхетнасці, як навучыліся здраджваць мужыцкасці ягоныя калегі. — Паўтараць чужыя, але разумныя думкі не злачынства, а дабро. Бяда, што хто-кольвечы навучыўся красці без разбору ўсё, у тым ліку і выказванні дурняў, на якіх нехта паставіў штэмпель: "геніяльна".

— 3 табой немагчыма спрачацца, — прызнаўся Бог­ша і раптам прыклаў палец да вуснаў: у размове княгіні і князёўны загучалі нейкія новыя ноткі, нячутыя да­сюль. Яны здзівілі і насцярожылі. Спачатку.

Потым дужа разважлівая думка працяла Богшу. На­вошта яму хвалявацца, навошта наогул усё гэтае ўдакладненне дэталяў, якія, напэўна, не маюць рашаючага значэння ў гісторыі.

А што? Хіба абавязкова трэба абцяжарваць сябе пакутамі ўсяго чалавецтва? Трэба жыць весела і прыгожа. Эпікурыйцы былі не дурні. Яны ўмелі адасобіцца ад заган іхняга часу, не бачыць беднасці і гвалту, што царавалі тады на іх зямлі. Ды і сучасныя скнары-эпікурыйцы навыварат, — гэткія мужычкі-хітрункі, што паназапасілі ў сваіх камунальных кватэрах рознага барах­ла, якое не ведаюць нават для чаго прыстасаваць, маг­чыма, таксама не дурні. Яны таксама адгарадзілі сябе ад людзей і іхніх клопатаў. Праўда, яны, бадай, не ўмеюць жыць весела, гэтыя сучасныя эпікурыйцы, якія на адзіноце жаруць прадуктовы дэфіцыт...

Пісаць трэба весела, не чапаючы таго, што можа зашкодзіць твайму спакою. I фільмы ставіць такія, каб нават самаму маленькаму чыноўніку незнарок не замуляла вочы. Вядома, ружовыя героі — гэтыя херувімчыкі з пульхнымі шчочкамі і попкамі — нагналі добрую аскому, але на чорта лысага цягнуць у творы ўсялякую поскудзь? Раптам нехта можа ўгледзець у ёй сябе, а ўгледзеўшы, залямантуе, што абразілі не аднаго яго, а ўвесь клас, ну, калі не клас, дык нейкую праслойку, хай не праслойку — толькі прафесію, зрэшты, можна дапусціць, што і не прафесію, а вузкую спецыяльнасць...

I тут ужо не адгаворышся прыкладамі з сусветнай літаратуры. Прызнавайся, што нарабіў глупства. Да чортавай бабулі гэтыя абвостраныя канфлікты, пра якія балабоняць крытыкі. Ім што! Яны сто торбаў нагавораць. А як толькі ты абвострыш гэты самы канфлікт, дык і трахнуць па галаве, аж пасыплюцца чорныя іскры.

Шчаслівы той, хто абачлівы. Таму ніякай поскудзі ў творах. Але і ружовых чалавечкаў таксама. Залатая сярэдзіна. Займальнасць плюс смеласць у межах станоўчага ўспрыняцця рэчаіснасці. Герой павінен падабацца. Усім, усім! Як лялька з белымі валасамі і блакітнымі вачамі, якіх расхоплівалі нават тыя, хто сам даўно перастаў гуляць у лялькі і даўно пагадаваў дзя­цей.

Прыгадаўшы некалі бачаную ім ляльку вытворчасці ГДР, Богша зрабіў адкрыццё, што прыйшоў да згоды з Кірылам Лыкавязавым. Во хто дасканала ведае, што і каму патрэбна. Усё жыццё яны з Кірылам не маглі сысціся ў поглядах, і вось фінал: ён, Лазар Богша, прыйшоў да таго, чаго Кірыла Лыкавязаў прытрымліваўся ўсё жыццё.

"Не заплямім наш стэрыльна-белы кінаэкран пачварамі з жыцця".

"Дайце дарогу светламу, а чорнае выкіньце на сметнік".

"Канфлікты патрэбны тым, хто прывык лавіць рыб­ку ў мутнай вадзе".

"Хай наш самы перадавы ў свеце кінаэкран выпраменьвае дабрыню".

"Няма чаго герою фільма наклейваць бародаўкі — ён прыгажэй выглядае без іх".

Божа, колькі Кірыла насачыняў афарызмаў, каб апраўдаць свае бяздарныя фільмы!

Ад вечнай палемікі з Кірылам Лыкавязавым у Бог­шы пачынала разрывацца на кавалкі збалелае сэрца. Яму раптам здалося, што ён даўно памёр і Кірыла Лыкавязаў напісаў ужо аб ім успаміны, выстаўляючы і яго ружовенькім херувімчыкам — само ўвасабленне гармо­ни і хараства, праўда, усё ж меншае за Кірылу Лыкавязава. Богша ўбачыў і назву гэтага эсэ: "Мы былі вернымі сябрамі".

Яго аж скаланула. Чорт з табой, рабі свае ружовыя фільмы. Юруй і настаўляй маладых, як мастацкі кіраўнік. Але навошта ж пісаць успаміны, калі ты праз усё жыццё катаваў маё сэрца, падстаўляў падножкі, біў з-за вугла ўсім, што трапляла пад руку. I ўсё гэта рабіў ад дабрыні?.. Хлус! Ты ніколі не ведаў, што такое дабрыня. Ты толькі крычаў пра яе з усіх афіцыйных амбонаў ды заклікаў іншых быць добрымі. Сам жа рабіў зло...

У Богшавых грудзях балюча і цяжка білася сэрца. Трэба было ўзяць сябе ў рукі, пастарацца забыць Кірылу Лыкавязава, пераключыць сябе на нейкі іншы занятак.

Сэрца памалу супакойвалася. Як бы здаля да Бог­шы сталі далятаць галасы. Гаварыла жанчына:

— Што ты хочаш, Прадслава? Я ўзяла цябе ў манастыр, зрабіла сваёй памочніцай. Падумай толькі, якога гонару ўдастоілася ты! А калі я памру, ты станеш ігуменняй. Тады і рабі, што табе ўздумаецца. Цяпер жа, Прадслава, дай мне спакойна замольваць свае грахі. Маліся і ты. Чаму ты больш сядзіш за кнігамі, чым стаіш на каленях за малітвамі? Чаму больш разважаеш над мірскімі справамі, чым над словам божым?..

Лазар Богша не паверыў сабе: дзе ён, чаму і як апынуўся ў нейкай прасторнай келлі з лаўкай каля сцяны, грувасткім сталом у куце, над якім вісела лампад­ка перад трыма абразамі. Абразы зусім былі непадобны на тыя, якія Богша бачыў у цэрквах, саборах і музеях розных гарадоў. Няйначай, яны былі напісаны мясцовымі багамазамі на ліпавых дошках, так-сяк аздобленых арэхавымі рамкамі.

За сталом сядзела былая віцебская княгіня Звяніслава ў адзенні ігуменні, а перад ёю стаяла пасталелая княжна Прадслава — манашка і пад’ігумення.

Трэба ж такое! Хацеў пабачыць, як і чаму пайшла Прадслава ў манастыр і... правароніў. Богшу было прыкра за сваю непаваротлівасць. Во ўжо наздзекуецца з яго Баравік-Залеўскі! Каб хоць крыху атрэсціся ад назойлівай прыкрасці, Богша знарок бесклапотна сказаў:

— Хіба гэта так важна?..

— Важна, Богша, важна, — горача адгукнулася Ефрасіння. — Ты, як і мая дзядзіна Звяніслава, думаеш, што ў манастыр вядзе адна дарога — бязмежная вера ў Хрыста і царства нябеснае. Таму і ўяўляеш манахаў на адзін твар — чорны натоўп, як чарада гракоў увосень на мокрым полі. Ты памыляешся. Кожная з нас прыйшла сюды сваёй дарогай. I рознымі сцежкамі прадаўжаем ісці тут, у царстве адрачоных ад свету, прыстанішчы загубленых спадзяванняў і няспраўджаных надзей.

— Не кашчунствуй! — жахнулася ігумення.

— Хіба споведзь кашчунства? — спыталася Ефрасіння тым голасам, які бывае ў дзяцей і людзей з цвёрдаю верай. — На споведзі людзі прызнаюцца і не ў такіх цяжкіх грахах.

— Спавядаюцца дзеля таго, каб пазбавіцца грахоў, ты спавядаешся, каб множыць іх. Я не магу дапусціць у манастыры непаслушэнства. А ты толькі і робіш, каб манашкі не слухалі слова божага.

— Няпраўда, сястра і маці-ігумення, — спакойна запярэчыла Ефрасіння. — Я вучу іх думаць...

— Навошта? — здзіўлена спытала ігумення. — На­вошта ім думаць, калі ёсць свяшчэннае пісанне? Вера ў яго пазбаўляе чалавека ад неабходнасці растрачваць душэўныя сілы свае на бязглуздае непатрэбства. Хто моцна верыць, таму няма над чым думаць. Той шчаслівы.

— Верыць можна ў тое, што здабыта і ўсвядомлена ўласным розумам.

— Памаўчы, — тупнула нагой ігумення. — Такім языком гаворыць сам д’ябал.

— Тады і языком Ісуса Хрыста гаварыў д’ябал, бо ён вучыў людзей не браць на веру вучэнне фарысеяў і кніжнікаў. Ён вучыў людзей думаць і такім чынам спасцігаць дабро і праўду.

Ігумення аж пазелянела ад слоў Ефрасіінні.

— Грахаводніца, на калені! — закрычала яна. — Ты дазваляеш сабе такое, бо дачка князя, а не простая ма­нашка. Мне агоркла нарэшце цярпець гэта. Заўтра я адпраўлю цябе да епіскапа. Хай ён настаўляе цябе на пуць ісціны. Там, у святой Сафіі, у строгім затворніцтве, ты будзеш дзень і ноч перапісваць кнігі і, можа, праз іх спасцігнеш слова божае. Маліся, няшчасная, аб сваёй душы грэшнай!..

— Дзякуй богу, — радасна ўсклікнула Ефрасіння.

Богша здзівіўся яе прасветленаму твару.

— Марш у царкву!.. — загадала ігумення. — I на калені!.. На калені!.. Накладаю на цябе эпітымію ў сорак саракоў паклонаў перад іконай божай маці...

Падмятаючы падолам чорнай расы цвінтар, Ефрасіння спяшалася адбіць богу паклонаў сорак саракоў.


8

Падмятаючы падолам чорнай расы цвінтар, Ефрасіння спяшалася адбіць богу паклонаў сорак саракоў.

У царкве гарэлі свечкі. Злева на каленях малілася дзесяткі два жанчын. Справа чорнымі слупамі тырчалі некалькі манахаў у аднолькавых расах, падперазаных пяньковымі вяроўкамі. На ўзвышэнні, перад зачыненымі царскімі варотамі, спіной да тых, хто маліўся, стаяў нейкі свяшчэннаслужыцель з капой сівых валасоў, якія падалі лохмамі на плечы, абцягнутыя залатой рызай. Свяшчэннаслужыцель стаяў, распяўшы рукі, трымаючы ў іх святыя дары. Богша падумаў, што гэта і ёсць епіскап.

Епіскап схіліў галаву перад царскімі варотамі, павярнуўся тварам на царкву, бласлаўляючы манахаў і жанчын. Тыя падалі на падлогу, як падаюць ад ветру снапы на жытнёвым полі. Толькі Ефрасіння засталася стаяць сярод царквы, і гэтага не мог не заўважыць епіскап.

— Ідзі за мной, — загадаў ён Ефрасінні.

Несучы святыя дары на выцягнутых руках, епіскап пайшоў да дзверцаў справа ад царскіх варот. Жанчыны і манахі з вясёлым пошумам падымаліся з падлогі, хрысціліся лянівымІ ўзмахамі рукі, нібы не хапала сілы асяніць сябе размашыстым крыжам.

Царква ўвачавідкі апусцела. Яны з Ефрасінняй засталіся адны сярод каменных сцен, якія вянчаў недасягальны купал. Ефрасіння пайшла ад абраза да абраза, гасіла пальцамі свечкі — царква памалу патанала ў змроках, і ўсё больш выразна чамусьці вынікалі на абразах строгія твары святых. Яны наводзілі змярцвеласць і страх.

Богша назіраў, як у пальцах Ефрасінні гасне кволы агеньчык свечкі, і яму здавалася, што гаснуць не свечкі, а зоркі ў Сусвеце, нібы настаў канец свету, пра які некалі думалася дужа адвольна і з недаверам. Канец свету сапраўды быў жахлівы, праўда, зусім па-іншаму, не так, як ён апісаны ў апакаліпсісу. Той канец свету быў больш тэатральны: трубы анёлаў, вывяржэнне попелу, серы і распаленых да чырвані каменняў, рэкі, якія цяклі назад да вытокаў, грукат грымотаў, плач тых, хто запознена раскаяўся.

Тут панавала мёртвая цішыня і густая цемра, ад якіх займала дыханне, і толькі пробліскі свядомасці падказвалі, што над зямлёй пранеслася ядзерная ката­строфа. Богшу было зусім няважна ведаць, хто вінаваты ў ёй. Не было ні вінаватых, ні бязвінных — яны ператварыліся ў попел, які перамяшалі, узнялі ў неба грандыёзныя выбухі і шалёныя віхуры.

I ўсё ж вінаватыя былі: ён, Лазар Богша, і Ефрасіння Полацкая. Яны былі вінаватыя, што выжылі. Ця­пер ім належала судзіць саміх сябе за тое, што засталіся жывыя, што на іх легла адказнасць за смерць усяго чалавечага роду. Чаму яны не сталі поперак смерці, ча­му не загарадзілі ёй дарогу?

Лазар Богша прыгадаў усе спрэчкі апошніх гадоў: колькі слоў было сказана, каб утаймаваць вар’ятаў, а тыя ўсё ж зрабілі сваю чорную справу.

Богшу хацелася выць, крычаць ад роспачы, бяссілля і адзіноты. Але гэта ўжо не магло дапамагчы.

Згаснуць бы так, як гасне ў Сусвеце зорка. А можа, і яна гасне з болем і ў роспачы, што нешта не здолела прадбачыць?

Нейкая тайна заставалася для Богшы за сямю зам­камі. Ён стаяў разгублены, знішчаны сваёй вінаватасцю. Таму голас Ефрасінні ў цемры здаўся яму ратавальным агеньчыкам у далёкай далі, дзе, магчыма, існавала жыц­цё і збаўленне ад жаху жыць ла адзіноце.

— Я здагадваюся, чаму епіскап паклікаў мяне, — Ефрасіння як бы разважала ўголас.

Яна пайшла да бакавой форткі злева.

За форткай да царквы былі прыбудаваныя пакоі епіскапа. У прыхожай стаяла драўляная канапа, падобная на палок у лазні. На ёй сядзеў малады манах і ста­ранна калоў арэхі, але не еў ядры, а складаў іх на драўляны сподак. Пэўна, для епіскапа.

— А ты куды прэшся? — спытаўся ён у Богшы.

— Да епіскапа...

— А чаго?.. Якое ў цябе важнае пытанне, каб надакучваць епіскапу? — дапытваўся манах, не пазіраючы нават на Богшу, быццам той і не чалавек, а нейкая казяўка. — Калі наконт асобнай келлі, дык звярніся да келяра, а калі наконт работы, дык пагавары з псаломшчыкам... Епіскап дужа заняты. Ён усю ноч маліўся. Hi на хвіліну не заснуў...

У Богшы не было ніякіх просьбаў. У яго зараз наогул ніякіх чалавечых пачуццяў не было. Толькі ў далёкай памяці замаячыў, нібы выхаплены з цемры ўспышкай маланкі, сляпуча белы сілуэт — дзве старэчыя постаці на прызбе. Дзяды зацята спрачаліся: хто вядзе карову, чалавек ці вяроўка? Нейкая бязглуздзіца, але яна вярнула Богшу чалавечыя пачуцці.

— Патрон запрасіў мяне па важнай справе, — нахабна пазіраючы на манаха, схлусіў Богша. — Я буду пісаць ягоны жыццяпіс. Цяпер усе пішуць свае жыццяпісы і пры жыцці друкуюць дзённікі, як бы распранаюцца дагала.

Манаха нібы ветрам здзьмула з канапы.

— Праходзь, будзь ласкавы, — адчыніў ён дзверы ў пакой епіскапа.

Там, у вялікай гасцінай, прыслужнік памагаў епіскапу знімаць рызу. Зняўшы, ён павесіў яе на калок. Рыза тапырылася лубам. Здавалася, пад ёю так і засталася ганарлівая абалонка епіскапа. Сам жа ён стаяў сярод пакоя ва ўсёй сваёй непагляднасці: хударлявы, вузкаплечы і крываногі, у белых портках і палатнянай кашулі. Прыслужнік накінуў на ягоныя плечы накідку — гарнастаевае футра на чырвонай шаўковай падбіўцы. Епіскап зморана апусціўся на лаўку, адкінуўся да сцяны на падкладзеную ўсё тым жа прыслужнікам падушку.

Hi Ефрасінню, ні Богшу ён не запрасіў сесці.

"Ну і хам!" — падумаў Богша.

— Клікалі, отча прападобны? — спыталася Ефрасіння.

— Падай квасу, — загадаў епіскап прыслужніку, — і можаш ісці...

Ефрасіння стаяла, склаўшы рукі пад грудзямі. Яны па-дзявочы гарэзліва адтапырвалі чорную расу.

Прыслужнік прынёс квас, падаў епіскапу з паклонам.

— Хачу сказаць табе колькі слоў, — напіўшыся ква­су, звярнуўся да Ефрасінні епіскап. — А ты выслухай уважліва і ўспрымі з любоўю.

Ефрасіння пакланілася.

— Отча прападобны, прыму словы твае, як падарунак неацэнны, — пакорліва адказала Ефрасіння, хоць Богша заўважыў, што пакорлівасць гэтая далася ёй з неймавернай цяжкасцю.

Епіскап вытрымаў паўзу, няйначай, каб Ефрасіння адчула ўсю важнасць таго, што ён ёй скажа.

— Было мне ў сне бачанне дзіўнае, — нарэшце загаварыў ён глухаватым голасам. — З’явіўся да мяне анёл божы і кажа: "Пашлі рабу божую Ефрасінню ў Сялец, дзе царква святога Спаса. Там ёй належыць быць, маліцца за душы памёршых манахаў, якія жылі пры царкве да ўтварэння епіскапіі ў Полацку".

Епіскап гаварыў са шкадаваннем у голасе: ён нізавошта не адправіў бы Ефрасінню ў пахілую, занядбаную царкву, але ж на тое воля божая і не паслухацца яе вялікі грэх. Богша адчуваў, што гэтае шкадаванне — прытворства, за якім хаваецца нешта іншае, а таму з нецярплівасцю чакаў, што скажа Ефрасіння.

— Сапраўды бязмежна ўлада боская, — вытрымаўшы доўгую паўзу, сказала Ефрасіння і ўзняла вочы да абразоў. — I да мяне ў сне з’явіўся анёл божы і, пакланіўшыся, параіў пакінуць маленечкую келлю ў святой Сафіі і адправіцца ў Сялец, каб праўдай і верай служыць там Ісусу Хрысту. I не адзін раз пасланнік божы з’яўляўся мне ў сне, а тройчы запар. Так што я добра запомніла ягоныя анёльскія словы. У трэці раз ён паабяцаў мне, прападобны отча, узяць Сялец у поўнае маё карыстанне, бо ён і належаў майму бацьку яшчэ пры жыцці дзеда Усяслава.

Здалося, епіскап праглынуў аршын. Ён спрабаваў нешта сказаць, нечаму запярэчыць, але толькі хаўкаў ротам, як шчупак, выкінуты на гарачы пясок.

— Ён не мог так сказаць, — нарэшце ў епіскапа прарээаўся голас. — Ты лжэш, Ефрасіння.

— Гэта ты лжэш, отча. Анёл абяцаў сказаць і табе пра Сялец. Нядобра, прападобны отча, утойваць слова божае, бо гэта вялікі грэх.

— Як ты размаўляеш са мной? — узлаваўся епіскап.

— Нікуды я не стану перасяляцца, — рашуча ска­зала Ефрасіння. — Я прывыкла тут сустракаць сонца за чытаннем і перапісваннем кніг, а змрокі — за малітваю...

— Не сваёй справай ты занялася, князёўна,— папракнуў яе епіскап. — Князь гневаецца вельмі. Наво­шта ты, паддаўшыся дрэннаму прыкладу кіеўска-пячэрскіх старцаў, пішаш абы-што пра князёў. Адзін бог можа судзіць іх за справы іхнія. Манахам належыць замольваць свае і чужыя грахі, а не пнуцца ў свецкія справы. Хай мітусня людская і клопаты іх застаюцца за парогам царквы...

— Замольваючы грахі, мы міжволі прыгадваем свецкае быццё. Уцячы ад яго немагчыма, нават схаваўшыся ў глухіх нетрах лясоў. I ты ведаеш пра гэта, отча...

— Во і маліся! Святая візантыйская царква вучыць нас падтрымліваць князёў і воінства іх як паслядоўнікаў бога і яго анёлаў на зямлі.

— I забойствы таксама?..

— Пра што ты?.. На ўсё воля божая...

— Візантыйская царква пагрузла ў распустве і багацці. Ты, отча прападобны, таму і абараняеш яе, што сам ходзіш у дарагіх адзеннях і жывеш у цёплых пакоях, а бедны гараджанін мерзне ад холаду з восені да лета.

— Сыдзі ад граху падалей, — закрычаў епіскап. — Княжай і сваёй уладай загадваю — сыдзі!..

— Мяне можна выгнаць з Полацка, але ж праўда застанецца тут...

Ефрасіння крута павярнулася і выйшла, пакінуўшы Богшу на адзіноце з епіскапам.

— Навошта ж ты так, епіскап? — упікнуў яго Бог­ша. — Ефрасіння жадае дабра і шчасця Полацкай зямлі.

Епіскап паглядзеў на Богшу, як на дзівака.

— На тое ёсць князь і веча, — сказаў ён. — Дужа ўсе разумныя сталі. Усе толькі і робяць, што клапоцяцца пра полацкую зямлю... Ефрасіння вечна будзе га­рэць у пякельным полымі, а імя яе будзе забыта хутчэй, чым цела яе ператворыцца ў парахню. Яна нешта блюзніць пра праўду. А праўда ў кожнага свая. Маленечкая, а свая. У князя вялікая праўда, бо ён князь. У вечавога тысяцкага — меншая, але большая за праўду рамесніка ці дружынніка. Манаху не праўда патрэбна, а ве­ра. Ефрасіння не праўду шукае, а ісціну, якая аднаму богу даступна. Грэх дужацца з самім богам. Таму і нам, манахам, ад яе дужяння адны страты і клопаты. Вунь яна надумала летапісы весці. Не толькі нашы князі, а кіеўскія, чарнігаўскія, суздальскія і смаленскія занепакоіліся. Навошта царкве з князямі спрачацца? Нам бы свае грахі замаліць. Яна ж яшчэ надумала Баянавы песні запісаць, бо дзеда яе Усяслава Баян славіў. А Усяслаў усім багам маліўся. Царства яму нябеенае, але царкве больш выгоды, каб пра яго менш ведалі.

— Дык што будзе з яе летапісам і песнямі Баяна? — спалохаўся Лазар Богша. — Можа, ты загадаеш іх знішчыць?..

— На тое княжая воля, — ухіліўся ад прамога адказу епіскап.

Богша падумаў, што трэба папярэдзіць Ефрасінню.

Ён выбег на двор.

Густая цемра ахутвала горад, і толькі ў небе сям-там свяціліся цьмяныя зоркі.


9

Густая цемра ахутвала горад, і толькі ў небе сям-там свяціліся цьмяныя зоркі.

Толькі цяпер Богша сцяміў, што не ведае, дзе шукаць Ефрасініну келлю. Здаецца, у царкве.

Ён пайшоў вобмацкам, як сляпы, трымаючыся сцяны, і нечакана для сябе апынуўся ў царкве. У ёй, з-пад самага купала, звешвалася на тонкай пяньковай вяроўчыне панікадзіла — сем рознакаляровых лампадак у каваных падстаўках-трымальніках. Лампады кідалі на царкву мройнае святло, падобнае на няяркую вясёлку.

Богша прыгадаў, што такое прымітыўнае панікадзіла з лампадак ён бачыў некалі ў музеі Рафаіла Долі. Тады ён не звярнуў на яго ўвагу. Можа, і сам Доля не ведаў, які трымаў скарб.

Няма ўжо ні Долі, ні панікадзіла, ні іканастаса, ні самога музея. Хутка не стане і яго, Лазара Богшы, і та­ды наогул знікне памяць аб унікальнай калекцыі, як знікла памяць аб тым, хто пачаў некалі яе збіраць, як знікла памяць аб тым, хто напісаў "Слова аб палку Ігаравым"...

Богша павярнуўся, каб пайсці адсюль, з гэтай славутай царквы, дзе ўсё нагадвала мінулае і навекі страчанае. У думках ён прасачыў доўгую гісторыю існавання Сафійкі, прыгадаў, напэўна, самую дзікую задуму каталіцкіх служак пана бога — сцерці наогул памяць аб былой славе Полацка. Не было яе, славы, не было гісторыі. Яна пачалася з таго часу, як Полацк трапіў пад уладу польскіх паноў і уніяцкіх епіскапаў. Таму яны не проста перасвянцілі Сафійку ў касцёл, а перабудавалі яе, надаўшы строгім формам абрысы шляхетнасці. Але строгія формы не лезлі ў шляхецкую апранаху напаказ. Яны, на злосць перабудоўшчыкам, вылазілі з гэ­тай апранахі. Богша быў рады, што адзін са свайго дваццатага стагоддзя ўдастоіўся гонару бачыць царкву Сафіі ў яе першазданным вобліку.

Дзве жанчыны з вялізнымі хатулямі, гнучыся пад іх цяжарам да падлогі, кіравалі з царквы на выхад. Бог­ша не заўважыў, адкуль яны паявіліся. Ён пайшоў за імі.

Выйшаўшы на царкоўны цвінтар, жанчыны азірнуліся. Адна з іх была Ефрасіння.

— Куды ты? — спытаўся ён.

— У Сялец...

— Не магла дачакацца дня?..

— Ноч — мая ратавальніца...

Богша падумаў, што яму варта было б памагчы жанчынам. Але яны стаялі ўжо каля новай хаты, ад бярвення якой пахла смалой. Недзе за плотам ляніва разы два гаўкнуў сабака. Спадарожніца Ефрасінні паклікала яго, і ён замоўк. На высокім ганку паявілася постаць мужчыны ў белым — кужэльная кашуля дасягала яму да пят.

— Хто там? — спытаўся ён.

— Ладзіслава, брат Лазар, з княжной Прадславай, — адказала Ефрасініна спадарожніца.

Мужчына скаціўся па прыступках уніз, вызваліў Ефрасінню ад паклажы. Панёс хатуль у хату.

У хаце пахла жыллём, бярозавым дзягцярным ду­хам і жалезнай акалінай. Богша спыніўся ў парозе. Навокал яго панавала чорная цемрадзь. Нібы ён зноўку трапіў у "чорную дзірку".

Дзесьці ў куце цяжка засоп кавальскі мех. У горне ўспыхнула колькі іскраў. Неўзабаве затрапятаў і агень­чык. Чорныя змрокі шарахнуліся па закутках. Перад Богшавым зрокам паўстаў пакой, які ён недзе ўжо бачыў.

"Гэта ж Лазара Богшы хата, — прамільгнула ў Богшавай галаве здагадка. — Калі я быў у ёй? Тады як жывыя здані прывезлі мяне і кінулі ў старажытным Полацку на марозе?.."

Сярод пакоя цяпер стаяла Ефрасіння. Яе спадарожніца, сястра Лазара Богшы. Ладзіслава, знімала з плячэй хатуль, каб пакласці яго на стол побач з хатулём Ефрасінні. На палацях ляжаў стары, няйначай, бацька Лазара Богшы. А сам Лазар Богша — майстар славу­тага крыжа для Спаскай царквы — стаяў каля горна, раздзімаючы ў ім агонь. Ён быў малады, яшчэ бязвусы, русавалосы і сінявокі.

Бацька Лазара ўсё прыглядаўся да начных гасцей.

— Ладзіслава, ці ты гэта? — спытаўся ён.

— Я, тата, з князёўнай Прадславай.

Стары споўз з палацяў, пакланіўся Ефрасінні.

— Слава табе, князёўна, на вякі...

— I табе, майстар Багуслаў, — адказала Ефрасіння.

— Які я майстар, — махнуў рукой стары. — Аслеп во... Цяпер ён майстар... А вы адкуль і куды, калі не тайна?..

— Тайну мы хочам пакінуць у цябе, майстра... Тваю і нашу тайну.

Яна развязала вузлы на хатулі. У святле горна ярка бліснула каваная аздоба кніжнай вокладкі.

— Пазнаеш, майстар, сваю работу?.. У ёй і часцінка маёй працы — летапіс княства Полацкага, складзены мною па летапісцах Брачыслававых і Усяслававых...

Стары майстар падышоў да стала. Дрыготкай рукой ён памацаў залатыя засцёжкі, акаваныя ражкі вокладкі, ікону богамацеры, устаўленую ў вокладку ў самым яе цэнтры.

— Мая работа, — пераселым ад хвалявання голасам сказаў ён. — Нягожа, князёўна, такую каштоўнасць цягаць у хатулі ўначы па горадзе...

— Тата, як ты можаш! — крыкнуў ад горна сын.

— Магу, бо зробленае — непаўторна, — адказаў ста­ры майстар.

— Таму і прынесла табе, майстар, — сказала Ефрасіння. — Схавай кнігу гэтую падалей ад чалавечых вачэй. Баюся, што яе можа спасцігнуць страшная бяда.

— Што ты кажаш, князёўна? Хто пасмее зрабіць за­мах на кнігу з воблікам богамацеры?..

— I вось гэты летапіс схавай, — як бы не пачуўшы старога майстра, Ефрасіння дастала з хатуля другую кнігу ў простых вокладках з ліпавых дошак, абцягнутых цялячай скурай. Ражкі абіўкі абшарпаліся, але кніга выглядала зусім новай. — То малы летапісец дзеда майго Усяслава. Дзіўлюся, калі паспяваў ён яшчэ садзіцца да стала, каб напісаць колькі слоў пра падзеі не толькі ў Полацку, але і ў Ноўгарадзе, Чарнігаве, Кіеве, Смаленску. Люты ён быў у баях, але і ў кніжнай спра­ве пераўзыходзіў сам сябе.

— Надоўга, князёўна, вартаваць мне гэтыя кнігі? — спытаўся стары майстар, як толькі Ефрасіння за­молкла. — Чую, дні мае злічаны, хоць Перунова страла яшчэ не паслана па маю душу...

— Не ведаю, майстар, — прызналася Ефрасіння. — Пакуль у Полацку княжыць атожылак кіеўскі, усяго можна дачакацца. Але я пастараюся з часам перахаваць іх. Ладзіслава, — звярнулася яна да сваёй спадарожніцы, — нам час у дарогу...

Ладзіслава загарнула астатнія кнігі ў кавалак палатна, завязала ражкі вузлом, закінула хатуль за плечы.

На дварэ ўсё яшчэ стаяла цёмная ноч. Абедзве падарожніцы мінулі гарадскі пасад, пайшлі сцежкай у жыце. За ім чарнеў лес. Падарожніцы нырнулі пад яго шаты і вынырнулі ўжо за ім, на паляне, сярод якой ста­яла невялікая драўляная царква з манастырскімі харомамі.

На ўсходзе залачала неба. У прывідным святле зары асабліва кідаліся ў вочы вартыя жалю беднасць і запусценне. Ефрасіння пайшла да расчыненых насцеж дзвярэй струхлелай будыніны. Квадратны пакойчык у ёй нагадваў бы катушок для свіней, каб не было ў ім палацяў, глінабітнай, патрэсканай ад часу печы, дубовай лаўкі і дубовага стала.

Ладзіслава, як толькі скінула хатуль на палаці, ад­разу загаласіла, як па нябожчыку: "А ці не лепей нам было кінуцца з кручы ў хуткаплынную Дзвіну? Ці не ле­пей было, каб нас разарвалі ваўкі, чым памерці ад голаду і холаду ў гэтай глухамані? Хай вялікі Пярун паб’е тых, хто прыдумаў нам такое лютае пакаранне..."

Яна магла галасіць бясконца доўга. Ды ў святле сонечнай раніцы раптам узнікла на парозе келлі нешта калматае, зялёнае, бруднае, абарванае.

— Чаго сырасць разводзіш? — асіплым чалавечым голасам спытала яно.

Ладзіслава крыкнуіла, як падавілася праклёнамі. У яе вачах адбіўся жах.

— Ці не старац Іона? — спыталася Ефрасіння ў зялёнай здані.

— Ага, ён самы, — адказала здань.

— А я Ефрасіння, у свецкім жыцці дачка князя Святаслава. Унучка Усяславава.

Старац упаў ніцма.

— Цеснай хіба стала келля святой Сафіі? — спытаўся ён. — Харчышак ці прынесла?.. Тут з голаду апруцянееш...

Ефрасіння памагла старцу падняцца з падлогі.

— А што казаў бог апосталам? — павучальна зага­варыла яна. — Не насіць з сабой нічога апрача спадарожнага кія. У мяне ж і кія няма, бо па маладосці ён непатрэбны мне. Затое я маю надзейнае апірышча — кнігі. Дасць бог, ствару тут школу. Запалю агеньчык святла і розуму на зямлі Полацкай, каб знікла навала, бо ўсе беды нашы ідуць ад невуцтва і цемнаты...

— Харчышак бы якіх, — зноў заскуголіў старац Іона. — Хлеба даўно не еў. Усё лебяду ды крапіву ямо. Ногі не ходзяць...

Ён быў вялікі грэшнік, гэты галодны старац Іона.

На званіцы зазыўна заблямкаў звон, склікаючы па­ству на ютрань.


10

На званіцы зазыўна заблямкаў звон, склікаючы па­ству на ютрань.

Ефрасінні здалося, што ён сёння блямкае асабліва ўрачыста. А ёй, як на грэх, не маглося. Балела ўсё цела, як на перамену надвор’я.

Да пачатку ютрані заставалася часу вярсты на дзве спорным крокам. Ефрасіння адкінулася спіной да сцяны, прыкрыла цяжкімі павекамі вочы. Яна мела права на гэты кароткі адпачынак.

Але, як толькі яна заплюшчыла вочы і як бы адгарадзілася ад надзённых спраў, мінулае агарнула яе, запярэсціла ўваччу. У ім не было вялікіх радасцей, ды і тыя, што былі, здабываліся крывёю, потам, салёнымі слязамі. Можа, усім радасцям такая цана, іначай яны і не сталі б радасцямі?..

I ўсё ж яна магла быць задаволена сабой.

На месцы струхлелай будыніцы — царквы святога Спаса — у Сяльцы вырас манастыр, пабудавана новая каменная царква, а ў ёй гонар і вядомасць манастыра — напрастольны крыж, пра які сягнула слава аж да самога Ерусаліма. Канечне, гэта не толькі яе клопат. У першую чаргу дойліда Івана і майстра Лазара Богшы. Іван угаварыў яе паспрачацца з самой Візантыяй. Царк­ва пабудавана на славянскі лад. Візантыйскія дойліды пасміхаліся: хай палачане паспрабуюць збудаваць храм. Дваццаць гадоў будуць будаваць, а ён і двух гадоў не прастаіць. А яго пабудавалі за два з паловай гады і стаяць ён будзе вечна. Ці тое набудавалі б палачане, каб не гэтыя войны, княжыя міжусобіцы? Ефрасіння ненавідзела іх душой. Але нічога зрабіць не магла і ўжо не зможа.

Шчасце і слава яе — кнігі. Яны тварэнне яе рук, ро­зуму і бяссонных начэй. Днём ёй хапала спраў па манастыру. Гаспадарка, што ні кажы, вялікая. Усё трэба дагледзець, на ўсё патрэбны час. Для кніг заставалася ноч. Колькі іх праведзена за перапісваннем! Літарку да літаркі, слова да слова, радок да радка, старонку да старонкі. Цяпер на царкоўных аналоях ляжаць яе кнігі: евангелле, псалтыр, малітоўнік. Але гонар яе не яны, а летапіс, над якім яна працавала каля дваццаці год. Па крупінцы збірала, правярала, вывярала кожную дату, кожны факт. Нашчадкі павінны ведаць праўду. Не трэба яе ні прыхарошваць, ні мазаць каламаззю. Якая ёсць, такой і павінна застацца нашчадкам. Другі яе гонар — песні Баянавы. Яна беражна збірала іх, запісвала, баючыся, што, можа, бярэ на душу вялікі грэх. Яна гатова дзень і ноч адмольваць той грэх! Затое якая асалода чытаць песні ў вольны час. Хай і яны застануцца на­шчадкам.

Не, ёй, сапраўды, можна радавацца і быць шчаслівай. Дык чаму ж тады так неспакойна на душы, чаму шкрабе яе, точыць шашаль?

Ці адзін ужо раз задумвалася Ефрасіння, на каго можна даверыць гэтыя найкаштоўнейшыя скарбы. Слоў няма, з таго часу, як пайшла па Русі пісьменнасць, кнігі сталі і багаццем і гонарам гарадоў, манастыроў, князёў, епіскапаў і нават простых людзей. А ўсё ж, хто па­сля яе захавае манастырскія кнігі? Ці мала знойдзецца такіх, хто кнігамі паспрабуе адкупіцца ад чужога кня­зя, хто ў жаданні дагадзіць чужаземцу падаруе яму якую-небудзь з выпакутаваных ёю кніг.

Праўда, ёсць у яе на прыкмеце вучань. Туташні, са слаўнага роду Ратшы, які перабраўся ў Ноўгарад, дзе больш зацішна, чым у Полацку. Вельмі здольны юнак.

Такіх здольнасцей Ефрасіння не бачыла за свой век. I сумленны. Ды i жыцця пабачыў. 3 малых год жыў у суйскіх язычнікаў, спасцігаў старажытную мудрасць суйскіх дзядоў. Потым бацька забраў яго адтуль і аддаў у школу да Ефрасінні. Гэты змог бы памножыць кніжную справу. Але ёсць у яго адна рысачка, якая выклікае ў Ефрасінні сумненне.

На званіцы ўсё яшчэ зазыўна блямкаў звон, і яна падумала, што час ісці да ютрані.

Нехта асцярожна, як бы сарамліва крануў біла. Яно тройчы грукнула аб ліпавую дошчачку.

— Хто там? — спыталася Ефрасіння.

— Гэта я, настаўніца, — пачуўся з-за дзвярэй го­лас.

— Заходзь...

У келлю ігуменні зайшоў Паэт, што напіша "Слова аб палку Ігаравым".

— Блаславі, прападобная, — схіліўся ён у паклоне.

— Бог блаславіць, — Ефрасіння двума пальцамі начарціла ў паветры крыж. — Што прывяло цябе так рана?..

— Рашэнне...

Ефрасіння горка ўздыхнула.

— Я так спадзявалася на цябе, а ты кідаеш мяне...

— Настаўніца, я пайшоў бы за табой на край свету, але дзядзька мой кліча мяне ў Чарнігаў. Ды і люба мне на свае вочы пабачыць стэпы палавецкія, пахадзіць у паходах на стэпнякоў. Полацкая зямля падобна за­раз на параненага мядзведзя. Кожны сабака яшчэ ад жывога хоча адхапіць сабе смачнейшы кавалак... Ноўгарад, той атлусцеў і не можа цікавіць творцу. Паўднёвыя гарады з іх князямі хвалююць маё ўяўленне.

— Я разумею цябе, — сказала Ефрасіння. — Я спа­дзявалася, што ты станеш захоўваць нашу кніжную скарбонку... Можа, калі напісаў бы і пра тое, як мы рабілі яе.

Аўтар "Слова" сумеўся — не чакаў ён такога ад Ефрасінні, а выходзіць, і настаўніца не пазбаўлена самаўпэўненай ганарлівасці.

— Настаўніца, — прачула загаварыў ён, — я не нарадзіўся, каб складаць песні-быліны па прыкладу Бая­на або салодкія прамовы, якімі цешыць сябе і прыхаджан Кірыла Тураўскі, выскаляцца так, як Даніла Заточнік, не па сэрцы мне і складаць жыція, накшталт тых, што складзены аб Барысе і Глебе ці аб Васільку Церабвольскім. Мая душа прагне ўзвышанага, вялікага, праўдзівага і неабдымнага. Я хачу спяваць на ўсю Русь, а не для аднаго князя ці аднаго горада.

— Гэта ў цябеад старэйшага жраца суйскага храма. Гэта ён узбаламуціў тваю душу...

— Маю душу ўзбаламуціла ты, настаўніца, — сказаў аўтар "Слова". — Гэта ты закінула ў яе іскру надзеі. Мы дужа надоўга, настаўніца, застанемся ў душы язычнікамі, хоць будзем маліцца Хрысту. Старая язычаская вера яднала народы. Новая раз’яднала іх.

Яны доўга маўчалі, аж Богша знецярпеў ад гэтай паўзы.

— Я таксама пакідаю Полацк, — амаль нячутна сказала Ефрасіння.

— Настаўніца, чаму?..

— Заўтра прыхаджанам скажуць, што я паехала пакланіцца труне божай у далёкі Іерусалім. Цесна і душ­на стала тут. Дыхаць няма як. Не мне першай пакідаць айчыну. Не мне апошняй.

— Палачане не дапусцяць такое, — горача запратэставаў Паэт.

Ефрасіння горка ўсміхнулася. Аднымі пабялелымі вуснамі.

Перад сценамі манастыра гуў растрывожаны натоўп.


11

Перад сценамі манастыра гуў растрывожаны натоўп.

Лазар Богша дужа лёгка прашыў натоўп наскрозь, апынуўся на манастырскім двары. Сярод яго стаялі нейкія царкоўныя чыны ва ўрачыстых рызах.

— Нам бы воінаў сотню, — сказаў адзін з іх.

— Пакрычаць і супакояцца, — выказаў меркаванне другі.

— Аслабла вера ў народзе, вось што...

— Калі з чатырох аднаму адкруціць галаву, трое адразу стануць верыць...

— Усё не тое, — сказаў, мабыць, галоўны чын. — Людзі шануюць яе за грахі. Зробім грахі праведнасцю, а яе, грэшную, — святой. Самі не зробім, людзі зробяць.

— Наіўныя спадзяванні, — рагатнуў нехта.

Богша азірнуўся на незнаёмы голас.

Пад разгалістым дрэвам, якія растуць, няйначай, як у раі, сядзеў пацешны чалавечак, пакамечаны, кудла­ты, у паношаным зрэб’і, але па выгляду жыццярадасны і бесклапотны.

На галаве ў яго ляпіўся каўпак, мабыць, з лямцу, але такі паношаны, што не здагадаешся, якім ен быў новы; троху крываватыя ногі былі абуты ў сырамятныя пасталы, падвязаныя сырамятнымі аборамі па белых кужэльных анучах. Стваралася ўражанне, што чалавек з усяго свайго цела найбольш шануе ногі. А што! Калі, можа, яго ногі кормяць, дык станеш шанаваць іх.

— Я і кажу, усё наіўныя спадзяванні. Не станем заглядаць у далёкую будучыню, калі сённяшні дзень можа быць астатнім днём твайго жыцця, у якім ты не ведаў радасці, а толькі пакуты, сорам і брыду зямнога быція. Ваструбім, як у златакаваныя трубы, ва ўсе сілы розу­му свайго і зайграем у сярэбраныя арганы гордасці сваёй мудрасцю, абы не чуць, не бачыць беднасці, здзекаў, жорсткасці і гвалту. Дайце мне багацце і грошы, княжы стол або мітрапаліцкія палацы, каб я адвёў во­чы свае ад пакут людскіх, абы самому піць, есці, весяліцца... О, вартыя жалю людзі, якія сядзяць на скрынях з дабром і не заўважаюць голых і сірых, што пакутуюць ад голаду і холаду! I яны яшчэ вучаць жабрака раздзяліць хлеб свой з такім жа жабраком. Як стрымаць сябе і не плюнуць у іхнія бессаромныя зрэнкі?..

Лазар Богша з душэўным хваляваннем слухаў бязладную гаворку незнаёмага чалавека. Хто ён?..

— Не кашчунствуй! — важка прагучаў знаёмы голас Ефрасінні. — Самкні вусны твае, бо з іх не водар або пяшчотны напеў, а смурод і карканне ворана, які ляціць на крывавую трызну. Чалавек справамі сваімі вялікі, а не багаццем. Не дагаджай чэраву, яно бяздоннае, а галаве, якая прагне ўсё спазнаць і на ўсё даць адказ...

— Ну і пацешыла, настаўніца, — зарагатаў чалаве­чак. — Меўшы багацце, можна плявузгаць аб яго нікчэмнасці. А калі ў мяне ні граша, ні палушкі, а нутро аж смыліць ад смагі?..

— Спадзявайся...

— На што?..

— На божую прыхільнасць...

— Ці многа ты спадзявалася, калі выперлі цябе з Сафіі?.. Была б у беднасці і забыцці, каб не міласць епіскапа, твайго бацькі і суйскіх язычнікаў, якія напоўнілі сусекі зернем, хлявы жывёлай, а харомы манастырскія дармавой сілай.

— Слухаць цябе крыўдна, бо талент свой размяняў на прымаўкі скамарошскія, — тонам вясковай настаўніцы, якая прывыкла павучаць малалетак, пачала ўсчуваць пацешнага чалавечка Ефрасіння. — Усё жартачкі і жартачкі...

— А табе, можа, больш даспадобы такія крыўлякі, як тураўскі затворнік Кірыла? — спытаўся чалавечак. — Замураваў сябе ў вежы крапасной, з чарапкоў есць, з прыгаршчаў п'е толькі ваду з Прыпяці і вяшчае, каб увесь люд, гледзячы на яго, не еў, не піў... Выкрывае абжорства епіскапа, мітрапаліта, папоў і дзякоў, што асабліва падабаецца бедным... Знаем мы гэтых выкрывальнікаў чужых заган. Гэтых гаваруноў з любога поваду, абы сябе выставіць, паказаць, які ён праведны, які ра­зумны. Дайце яму толькі епіскапскі сан, як ён пачне грэбсці ўсё сабе і сабе, салаўём запяе пра божую благадаць. і нікога ўжо не пачуе, апрача сябе...

— Не паклёпнічай на Кірылу, — крыкнула Ефрасіння. — У яго не слова — мёд і крэмень, бо прыемныя слыху і не разыходзяцца са справай. I ўвесь спосаб жыцця яго — узор дасканаласці і самаахвярнасці...

Яна, здаецца, узлавалася не на жарт.

Чалавечак падміргнуў Богшу, як бы заклікаючы яго ў хаўруснікі.

— Ты хто? — спытаўся Богша.

— Даніла Заточнік... Няўжо не чуў?.. Мяне па ўсім Уладзімірскім і Суздальскім краі ведаюць. Я праўду ў вочы рэжу. За гэта і засадзілі ў манастыр на Лач-возеры...

— Манах, а гаворыш, як бязбожнік, — сказаў Бог­ша, стараючыся прыгадаць, дзе знаходзіцца тое Лач-возера.

— Дзівак ты, Богша, — усміхнуўся Даніла Заточнік. — Бязбожжа найперш і выспявала ў манастырах. А дзе ж яшчэ?.. Простаму чалавеку ні да бога, ні да чорта. Яму адно ў галаве, як бы выжыць ды пражыць адведзеныя дні. А калі дзень пры дні, ноч за ноччу ходзіш у ціхамірнай келлі на адзіноце з сабой, непазбежна пачынаеш варушыць мазгамі. Спачатку спакваля, як цяжкімі жорнамі, калі мелеш сырое зерне, а потым усё весялей і весялей. I ўжо разгортваеш святое евангелле не са святасцю, з якой належыць разгортваць яго, а з сумненнем і многімі пытаннямі, на якія табе ніхто, апрача цябе, не адкажа. Тады вачам тваім пачынаюць адкрывацца тайны, святая покрыўка падае з кніг, і ты размаўляеш са звычайнымі людзьмі, прарокамі або святымі, якія зусім не былі прарокамі, а тым больш святымі, а такімі ж, як і мы, людзьмі, з зямнымі вартасцямі і заганамі. А сам стваральнік усяго існага паўстае перад та­бой дзіваком-дзедам, якога хоць і пабойваюдца яшчэ, але ўжо спадзяюцца, што ён, па сутнасці, за ўсімі не ўгледзіць. Так выспявае думка пра бязбожжа. А за ёй прыходзіць і другая: не ўсё тое золата, што блішчыць, не ўсе святыя, хто за кожным словам успамінае імя божае. Сумленнаму чалавеку няма чаго ўслаўляць князя там, дзе яго паўшчуваць варта. За яго гэта зробяць несумленныя і прадажнікі, што на жываце паўзуць да княжых даброт. Сумленны маўчыць, несумленны крычыць. Той, хто паўзе на жываце, князю не страшны. Калі лёг на жывот, дык будзеш паўзці на ім да самай смерці. Князю страшны той, хто галаву нясе з гонарам. Таму ганарліўцы ходзяць па зямлі ў грэшніках, а як памруць, то і святымі іх назавуць. Дык як мне жыць у такім свеце, дзе ўсё навыварат, дзе душа не мае спачыну ад крыўды і несправядлівасці?

Даніла Заточнік дастаў з-пад куста бутэльку.

— Глынём, Богша, амброзіі з бярозавікам, настоеным на прарошчаным ячмені. Чуў я ад верных людзей, што ў вас на тым свеце цэлыя кантыненты співаюцца, махорку і марыхуану кураць. Распуства такое, што свет не бачыў.

Ён па-змоўніцку падміргнуў Богшу, і той зразумеў, што і амброзія з бярозавікам, і балбатня пра распуства ў дваццатым стагоддзі — звычайнае малачэнне языком.

— Я веру табе, Даніла, — прачула сказаў ён.

— Не вер яму, — нехта моцна грукнуў кіем.

Каля іх стаяў стары з белай барадой і вельмі жывымi сінімі вачамі, нібы вада ў возеры Суя. Ён трымаў кій, аздоблены паляшуцкай разьбой і дарагімі каменьчыкамі.

— Знаёмся, Богша, гэта Кірыла Тураўскі, златавуст, епіскап і, між намі кажучы, хітрун...

Богша працягнуў руку і тут жа сумеўся, а ці падаюць руку епіскапам? Гэта яны падаюць руку для пацалунка.

— Вельмі прыемна, — сказаў Кірыла Тураўскі, не заўважаючы працягнутай Богшавай рукі. — А з ім трымайся асцярожна. Ягонае скамарошства не такое бяскрыўднае, як лічаць манахі, гагочучы над ягонымі пацешнымі прымаўкамі ды выслоўямі. Ён сее небяспеку... Хоча, каб князь больш увагі звяртаў не на воінства сваё — залог міру і спакою, а на такіх, як ён, птушак нябесных, што не сеюць, не жнуць, а зерне гатовы кляваць па чатыры разы на дзень.

— Я нікога не прадаў, мяне прадалі, — запярэчыў Даніла Заточнік, анічуць не злуючы на епіскапа. — Ты глядзіш на знешнасць маю і не хочаш заглянуць у душу мне. Знешнасць — абалонка, за якой хаваецца душа. А хіба не ты сам казаў, што далікатная і пяшчотная душа найчасцей павінна хавацца за тоўстай і грубай абалонкай, а таму, дзеці мае, вучыцеся разглядаць літасць божую за знешняй суровасцю богавай...

Апошнія словы Даніла Заточнік сказаў, пераймаючы голас Кірылы.

— Не дзярзі, Даніла, — зноў строга сказаў Кірыла Тураўскі. — Скамарошства тваё не да твару радавітаму мужу, а дзёрзкасць твая супраціўна тваёй пісьменнасці. Вусны твае маглі б хвалу ўзносіць да неба, а ты імі ху­лу вывяргаеш...

Кірыла Тураўскі гаварыў пявучым паляшуцкім го­ласам. Так пявуча можа шумець пад нямоцным ветрам адзінокі прыгажун-дуб. Лазар Богша неяк адразу ўпадабаў Кірылу Тураўскага і ягоную напеўную гаворку. Даніла ж здаўся Богшу яршыстым сачыніцелем, які сам не ведае, чаго яршыцца, але ўжо не можа паводзіць сябе інакш. Ці мала Богша ведаў такіх задзірак пісьменнікаў, якія ўсё супраць некага ваююць, а самі вечна ходзяць з гузакамі?

Ды раптам Даніла Заточнік загаварыў без аніякага крыўляння ці, як казаў Кірыла Тураўскі, скамарош­ства:

— Ну, так, Кірыла, так і я мог бы накапаць у збан мудрасці са свайго языка колькі слоў, саладзейшых за мёд. Мог бы! Ды не жадаю. Ад выстаянага мёду моцна ў галаве кружыцца. Ад прыгожых слоў раскрываюцца сэрцы. Ды не кожнае прыгожае слова лечыць. Ты бачыў кветку, ад якой вачэй не адвесці, а дыханне яе смяртэльна? Так і слова. I чым прыгажэй яно, тым мацней атручвае сэрца. Hi волі ў ім, ні самастойнасці. Што ча­лавеку кажуць, з тым і згаджаецца. Я сцякаю горыччу і злосцю за безабаронных жабракоў і дурняў, якія слухаюць прыгожыя словы і вераць ім, як збавенню ад свайго няшчасця. Ты, Кірыла, вучыш ціхамірству і лю­бові да бліжняга, суладнасці і прыгажосці. Але людзей трэба вучыць быць ваўкамі з хціўцамі, што абрабавалі іхнія хаты, забралі іхніх дзяцей і жонак сабе на паслугу ды яшчэ патрабуюць, каб ім казалі дзякуй. Ты папракаеш мяне, што ў доўгіх вандроўках я разгубіў свой талент. Але толькі лены сядзіць на месцы, ды яшчэ той, хто не хоча пабачыць людскія пакуты. Сядзь, заплюшчы вочы і ты набудзеш спакой. Ах, як навокал прыгожа. Ах, як усё суладна і добра! Ах, якое яднанне і любоў! Ах, якія птушкі і звяры насяляюць лясы, якія рыбы водзяцца ў рэках! Уся гэта прыгажосць для багатых і сы­тых. Сыты думае пра салаўіныя песні, а галодны — пра кавалак хлеба. Замаўляць зубы, няшчаснаму грэшна. А ты, Кірьіла, і князям і смердам гаворыш пра прыга­жосць.

— Чалавек не каменны ідал, якому падавай ахвяры. Ён дабра і прыгажосці прагне, бо дзеля іх нарадзіўся на свет, — запярэчыў Кірыла Тураўскі, — а ты п’еш і таму розум твой, як полымя ў вецер, кідаецца ва ўсе бакі, гатоў апаліць і таго, хто расклаў яго.

— Душа агнём смыліць, таму і заліваю яе віном...

— Віно паслана богам, каб увесяляць душу і бога славіць, а не дзеля таго, каб упадобіцца свінні ў бруднай лужыне — залезці ў лужыну і рохкаць ад задаволенасці.

— Няпраўда! — закрычаў Даніла. — Віно п’юць не таму, каб стаць дурнем, а каб засцерагчы сябе ад дурасці і гвалту. Здаўна вядома, дурнога вучыць, што дзіравым мехам ваду насіць. А цяпер кожны дурань хоча ашчаслівіць цябе сваімі парадамі. Чаго не ведае мудры, спытайся ў дурня. Той усё ведае: і як проса сеяць, і як царкву ставіць, і як гаршкі ляпіць, і як кнігі пісаць. А чаму дурню такая міласць? Таму, што на княжым двары ён пуп не пуп, а каля пупа складка, ён з-за княжага пляча цябе вучыць. Паспрабуй скажы дурню, што ён дурань. Князь падумае, гэта ты яго дурнем абазваў. Табе ж горай. Так што маўчы і не дыхай. Віналюбца проста ўпікаць. Паспрабуй князю праўду скажы. Не скажаш. Яе толькі п’яны ды юродзівы могуць сказаць. Іначай у адзін міг у цямніцы апынешся, калі ў другое княства не ўцячэш. 3 п’янага ды юродзівага не шмат спагоніш. Не было б юродзівых ды п’яных, некаму бы­ло б князю праўду сказаць. Яе і мудрацы стараюцца не чапаць. На тое яны і мудрацы, каб змаўчаць. А калі ўжо трэба нешта сказаць, дык або дужа вядомае, або дужа незразумелае...

— Той, хто пераварочвае зямлю плугам, не задумваючыся, хто і што будзе сеяць на ёй, — не земляроб, — сказаў Кірыла Тураўскі. — Не разбураць, а ствараць належыць чалавеку. Пэцкаць дзёгцем і дурань умее. Хай ён паспрабуе навесці пазалоту на дах божага хра­ма...

— Навошта пазалота дзіраваму даху? — запальчыва спытаўся Даніла Заточнік. — Каб вочы абмануць?.. Іх абдурыць проста. Паспрабуй абдуры дождж, які льецца на галаву з дзіравага даху.

Богша здагадаўся, што за ўсёй гэтай алегорыяй хаваецца спрэчка між двума напрамкамі ў старажытнай літаратуры. Усё, выходзіць, спрадвечна — літаратурныя спрэчкі таксама.

А што не спрадвечна? Усё было, усё паўтараецца на нейкім новым вітку жыцця, а таму не знікае і не можа знікнуць, хіба разам з чалавецтвам. Могуць загінуць кнігі, ноты, карціны, але застанецца тое, што называецца традыцыяй, нацыянальнай свядомасцю, народным ду­хам.

Богшу прыгадаўся Кірыла Лыкавязаў з ягонай самаўпэўненасцю і пачуццём уласнай годнасці, раздзьмутым ім жа самім, а таму дужа легкаважкім.

"Гэта ён, Кірыла Лыкавязаў, упэўнены, што да яго на свеце нічога вартага не было і нікога геніяльнага не існавала. А калІ нехта геніяльны і быў, дык вельмі шкада. Закрыць бы ўсіх геніяў... Пачаць бы новую эру з прызначэння яго, Кірылы Лыкавязава, на пасаду Хрыста-збавіцеля — мастацкага кіраўніка ўсяго кінамастацтва, адзінага і непаўторнага глашатая мастацкай ісціны ў апошняй інстанцыі. Бездарам заўсёды замінаюць папярэднікі, ці не таму яны так і пнуцца заняць нейкую пасаду, каб можна было стрыгчы ўсіх на свой лыкавязаўскі капыл".

Богша сеў на свайго любімага канька іронію і, мабыць, не злез бы з яго так хутка, каб не пачуўся прымірэнчы голас некага трэцяга, хто ўлез у літаратурную дыскусію тураўскага епіскапа і зняволенага ў манастыры на Лач-возеры жартаўніка з некалі радавітых уладзіміра-суздальскіх людзей.

— А ці не лепей было б нам, брацця, складаць песні сягачасным ладам? Ці ж можна салоўкам імкнучы па выдуманым дрэве, сягаючы звонам гусляў пад воблакі, не чуць плачу жаночага, душапрыдатных пропаведзяў з царкоўных амбонаў, якія адкрываюдь сэрцы любові і радасці, прыпевак, жартаў на вясёлых ігрышчах, якіх не цураўся і славуты Баян, летапісных сказаў і павучанняў, язычаскіх часоў паданняў і песняў, якія ёсць голас народа і ягонае непрыхарошанае жыц­цё? Дык паплачам, паразважаем над раз’яднанай Руссю, узрадуемся шчасцю спяваць некалі адну песню на ўсе рускія землі, упрыгожыўшы яе фарбамі жывога і пісанага слова...

Ну, вядома ж, гэта быў аўтар "Слова аб палку Ігаравым". Дзіўна было другое: як маглі сабрацца разам такія славутыя людзі дванаццатага стагоддзя? Богша напружыў усю сваю памяць, каб прыгадаць, калі яны нарадзіліся і калі памерлі. У галаве было пуста.

Перад вачамі плылі толькі разнаколерныя кругі. У прамежкі між імі Богша бачыў нейкія дзіўныя ўрыўкі нейкіх незразумелых падзей, чуў нейкія размовы, якія вялі невядомыя людзі. Усё мроілася невыразна. Ды рап­там перад ім вынік з неадкуль нейкі гісторык ці, можа, крытык-літаратуразнаўца, а, бадай, і не той і не другі, а звычайны палец, які ўказвае, што трэба рабіць, куды і чаго ісці. I гэты нехта абурана загаварыў, звяртаючыся да яго, Лазара Богшы:

— Хопіць, Лазар Богша!.. Хопіць!.. Падзівачыў, і годзе! Твае мастацкія дасканаласці — гэтыя выбрыкі на патрэбу выбраных — нікому не патрэбны. Яны парахня і пыл. Забыццё кране іх раней, чым твая труна будзе апушчана ў магілу...

"Гэта ж Кірыла Лыкавязаў, — здагадаўся Богша і чамусьці вельмі ўзрадаваўся яму. — Мы ж вгікаўцы. Нам трэба памірыцца. Я скажу яму..."

Богша не ведаў, што ён скажа Юрылу Лыкавязаву, але адчуваў, што нешта важнае, тое, што спазнаў, падарожнічаючы ў прасторы і часе, ён памкнуў яму насустрач з лёгкасцю птушкі, якая лунае ў паднябессі. Ён працягнуў Кірылу руку на вечнае брацтва. А той моцна штурхнуў Богшу ў грудзі, саштурхнуў проста ў раку.

Сам жа застаўся на беразе ў позе бога, які пакараў непаслухмянага грэшніка. Кірыла пераможна ўсміхаўся...

— Я перамог, цябе, Лазар, — сказаў ён.

— Час няўмольны суддзя, а не ты, — адказаў Бог­ша.

Тысячы людзей у няўцешнай жалобе прыйшлі праводзіць яго ў самае доўгае падарожжа; і конная міліцыя ледзьве стрымлівала натоўп на бясконцай дарозе.


ЧАСТКА ПЯТАЯ: фантазія ля мажор


Эпізод апошні: апладысменты пад заслону


* * *

Тысячы людзей у няўцешнай жалобе прыйшлі праводзіць яго ў самае доўгае падарожжа; і конная міліцыя ледзьве стрымлівала натоўп на бясконцай дарозе.

Недарэчная фраза гэтая, народжаная чорт ведае па якіх законах логікі, паўтаралася ў свядомасці Кірылы Лыкавязава на адной і той жа ноце, як надакучлівы зубны боль.

Кірыла Лыкавязаў стаяў ля акна ў сваім кабінеце, і яго ахоплівала радаснае адчуванне вольнасці. Ён разумеў, што пачуццё гэтае нізкае, брыдкае, подлае, не вартае чалавечай годнасці, але насуперак цвярозай развазе, падспудна, у ліха ведае якіх закутках ягонай сутнасці жыло вось гэтае адчуванне раскаванасці і вольнасці, нібы са смерцю Лазара Богшы з ягоных плячэй, а можа, і душы, зваліўся неймавернай вагі груз.

Трэба было пазбавіцца ад нізкай радасці, прыдаць сабе выраз жалобы і засмучэння адпаведна моманту, але заглушыць бурлівую радасць было немагчыма, бо каварная фраза ўсё падагравала яе. Тады Кірыла Лыкавязаў загадаў сабе не паўтараць правакатарку-фразу, як некалі, у пару маладосці, загадваў выйграваць апошні раунд у спаборніцтве на званне чэмпіёна.

Цяпер, аднак, волі было недастаткова, пэўна, таму, што фраза гэтая склалася ў піку Лазару Богшу і ягонаму пахаванню, пра ягонае, Кірылава, пахаванне, так, як ён яго ўяўляў. Яно павінна было зацямніць пахаванне Лазара Богшы. Таму сіла волі тут не дзейнічала: яе не было, яна таксама памерла.

Лухта?.. Бязглуздзіца?..

Каб жа ды так!..

Кірыла Лыкавязаў раптам зразумеў, што ўсё ягонае жыццё, творчасць самым фатальным чынам залежалі ад жыцця і творчасці Лазара Богшы. Залежалі нават тады, калі Лазар Богша цярпеў непапраўныя катастрофы, падаў з вышыні ў прорву, а ён, Кірыла Лыкавязаў, знаходзіўся на грэбені магутнасці і славы, узняты туды чарговым поспехам. Гэта была ягоная трагедыя. Ён зараней быў асуджаны па поспех. Яшчэ тады, калі недзе абгаворвалася ягоная кандыдатура на новую пастаноўху, новы поспех чакаў яго ў прыёмным пакоі. Кожны новы фільм мог быць толькі поспехам. Але чаму і тады ён, Кірыла Лыкавязаў, абавязкова азіраўся на Богшу, нібы і фільм, і поспех яму патрэбны былі, каб падкалоць Бог­шу, даказаць сваю праўду, свой прамы, як пад лінейку, шлях у мастацтве.

Бадай, было і крыўдна і сорамна тварыць у залёжнасці ад чалавека, творчы метад якога ён адвяргаў цал­кам і поўнасцю. Добра, што пра крыўду і сорам ніхто не ведаў, нават не здагадваўся. Усе лічылі, што ў Кірылы Лыкавязава не можа быць такіх пачуццяў. А яны былі. I ад таго, што пра іх не здагадваліся, крыўда і со­рам прыпякалі не менш.

Цяпер яму не трэба было азірацца, не трэба з адчаем у сэрцы чакаць, што можа сказаць, зрабіць, паду­маць Лазар Богша. Хто азіраецца на цені? Цені знікаюць. Значыць, вольнасць, незалежнасць, і не толькі яму, Кірылу Лыкавязаву?..

Ад нечаканай думкі, што ён не адзінокі, што нехта яшчэ будзе рады вызваліцца ад гнятлівай богшаўскай самапатрабавальнасці і сумленнасці, у свядомасці Кірылы Лыкавязава перастала гучаць недарэчная фраза.

I ён адразу вярнуўся да рэальных падзей з рэальнымі намерамі.

Найперш яму трэба было прадумаць развітальную прамову. Ён двойчы кашлянуў, правяраючы голас. Го­лас гучаў. Ды і чаму яму не гучаць?.. Цяпер варта па­думаць, пра што ён павінен гаварыць? Якую выбраць тэму?

Ён незаўважна, па прывычцы падумаў пра тэму і ад­разу згубіў накірунак думак. З-за гэтага паняцця — тэма — яны з Богшам не адзін раз біліся лбамі да адурэння. Кірыла Лыкавязаў і цяпер адразу ж заспрачаўся з Лазарам Богшам, лёгка знаходзячы важкія аргу­менты ў апраўданне свайго пункту гледжання на тэму як аснову асноў любой творчасці.

Кі'рылу Лыкавязава заўсёды злавала, што Богша не хоча зразумець ягоных самых шчырых і добрых намераў, калі гаворка заходзіць пра першаснасць тэмы ў мастацкай творчасці, бо тэма — само жыццё, зарад выхаваўчай функцыі мастацтва, сацыяльны заказ грамадства мастаку. Як жа можна не разумець гэтага? Ён, Кірыла Лыкавязаў, не адмаўляў ролю майстэрства. Ён быў супраць вытанчанасці формы, вылізанасці мовы, супраць розных штучак уздзеяння мастацтва на чалавечыя эмоцыі. Дыялог у кіно павінен быць элементарны. Кіно не расказвае, а паказвае. Паказваць таксама трэба самое жыццё, раскрываючы тэму, а не ігру акцёраў, бо які таленавіты ні быў бы акцёр, ён не раокрые сутнасць чала­века. А тэму раскрыць можа...

Богша здзекліва пакепліваў над ягонымі тэарэтычнымі разважаннямі. Кірыла выразна чуў Богшаў кплівы голас і ўсё адбіваўся важкімі, на яго думку, аргу­ментамі. Як заўсёды, ён захапіўся і нават не заўважыў, як адышоўся ад акна, закрочыў па кабінеце, мераючы яго па дыяганалях. Ён наогул любіў хадзіць па дыяганалях, як бы перакрэсліваючы чужыя доказы, меркаванні, думкі. Ад завочнай дыскусіі яго адарваў тэлефонны званок.

Яго запрашалі на пасяджэнне пахавальнай камісіі, якая сабралася ў кабінеце дырэктара студыі.

Перш чым выйсці з кабінета на калідор, дзе, напэўна ж, сноўдалі кіношнікі, Кірыла Лыкавязаў з хвіліну пастаяў сярод пакоя, каб прыдаць твару пакутлівы выраз.


***

Апрача членаў камісіі ў кабінеце дырэктара студыі знаходзілася яшчэ чалавек шэсць-сем прадстаўнікоў афіцыйных і неафіцыйных устаноў, у тым ліку і Рыма Сяргееўна Громава.

Дырэктар студыі, ён жа старшыня пахавальнай камісіі, не адрываўся ад тэлефонаў: то званіў сам, то званілі яму. У яго быў заклапочаны выгляд. I не дзіва, бо клопатаў сапраўды хапала. Трэба было ўсё прадугледзедь, узважыць, нічога не забыць, узгадніць і ўтрэсці кожную драбніцу, каб потым не апынуцца перад нейкімі непрыемнымі нечаканасцямі. А што яны могудь узнікнуць, не даводзілася сумнявацца.

3 самай раніцы і зусім нечакана да студыі пацягнуліся прыхільнікі таленту Лазара Богшы. Яны спыняліся ў студыйным скверы з расчышчанымі і падмеценымі дарожкамі, збіваліся ў групы і групкі, а тым часам з аўтобусаў і тралейбусаў, што падыходзілі да прыпынку "Кінастудыя", выплёскваліся ўсё новыя і новыя людскія хвалі.

Дзень, як на тое, абяцаў быць па-вясноваму сонечным і цёплым — і гэта пасля нядаўніх маразоў, якія, здавалася, пратрымаюцца яшчэ вельмі доўга. Таму трэ­ба было чакаць яшчэ большага наплыву народу, і пахавальная камісія, што граха таіць, разгубілася.

Справа, вядома, была не ў тым, што на пахаванне прыйдзе так многа народу. Сярод натоўпу, што сабраўся ў скверы, зрэшты, як і сярод тых, хто нейкім чынам пранік на студыйныя калідоры і ў студыйныя вестыбюлі, шасталі самыя розныя чуткі пра смерць Лазара Бог­шы і тайныя падкопы пад яго, якія і прывялі геніяльнага ражысёра да такой заўчаснай смерці.

Чуткі выклікалі прыкрасць і абурэнне, нібы хто знарок хацеў запляміць студыйную дабрачыннасць, узвесці паклёп на яе дружны калектыў. Чамусьці ўсе лічылі, што калектыў быў дружны, вядома, не без таго, але ж не так, каб распускаць чорт ведае якія паклёпы.

3 вуснаў у вусны, напрыклад, перадаваліся падрабязнасці пра пасяджэнне мастацкага савета, на якім быў бязлітасна "зарэзаны" богшаўскі фільм. Падрабязнасці гэтыя ашаламлялі.

Чуткі пра мастацкі савет яшчэ можна было неяк растлумачыць. Пасяджэнне мастацкага савета кінастудыі не пасяджэнне генеральнага штаба, дзе ўсё сакрэт і ваенная тайна. Ніхто з членаў мастацкага савета не даваў клятвы ці падпіскі аб нераспаўсюджванні чутак аб яго пасяджэннях, а таму кожны мог вельмі пераканаўча жывапісаць выступленні праціўнікаў Богшы су­праць ягонага фільма.

Здзіўляла другое: адкуль зусім староннія людзі ве­далі пра тое, што Лазар Богша пасля пасяджэння мастацкага савета застаўся на ўсю ноч у мантажнай і так удала пераманціраваў фільм, што новы варыянт сягнуў да сусветных вышыняў мастацкага кіно?

Што Богша сапраўды зрабіў новы варыянт свайго фільма, магла засведчыць мантажорка. Але хто мог засведчыць, што новы варыянт быў сапраўды геніяльны? Яго ж ніхто не бачыў, апрача самога Лазара Богшы. Чутка тым не менш расплывалася па натоўпе.

Казалі яшчэ, што фільм у новай рэдакцыі не пабачыць свету, бо ён геніяльны, а ўсё геніяльнае бездары не дапускаюць да народа. Нехта абсалютна дакладна ведаў, што фільм пакладзены ў сейф, які апячаталі трыма пячаткамі.

Усе гэтыя і іншыя зусім ужо неверагодныя чуткі ўзбуджалі натоўп. Здавалася, вось-вось над ім выбухне шаравая маланка — загадка прыроды, якую ніяк не разгадаюць фізікі. У такім жа прыблізна становішчы знаходзяцца і сацыёлагі-псіхолагі, калі спрабуюць разгадаць феномен натоўпу.

Чуткі даходзілі да дырэктарскага кабінета, выклікаючы ў членаў камісіі самыя розныя да іх адносіны. Трэба было прымаць нейкія захады, а якія — ніхто не ведаў. Усе нечага пабойваліся і асцярожнічалі. Таму самыя простыя пытанні, звязаныя з пахаваннем Лазара Богшы, вырасталі ў складаныя праблемы. Раптам узнікла, напрыклад, праблема, дзе ставіць труну. Раней усё было зразумела. Труну збіраліся паставіць у вестыбюлі, дзе звычайна і адбываліся грамадзянскія паніхіды, калі паміраў хто са студыйных супрацоўнікаў. Цяпер была выказана думка, што народ можа не зразумець камісію. Ды і студыйны вестыбюль не мог умясціць та­кую процьму народу. Узнікла пытанне і пра памінальны стол, на якім асабліва настойваў Баравік-Залеўскі як шчыры прыхільнік старых традыцый і звычаяў. Мноства вось такіх пытанняў чакалі свайго вырашэння і ніяк не вырашаліся, пакуль некаму ў галаву не ўзбрыло паслухаць думку Кірылы Лыкавязава, які да ўсяго стаяў на­чале Саюза кінематаграфістаў і яму, як кажуць, па шта­ту належала сказаць сваё рашаючае слова.

Многія пры гэтым у душы ўсміхаліся. Кірыла Лыкавязаў быў непераўзыдзены майстар перакладаць вырашэнне нават самых малых і нязначных пытанняў на людзей старонніх, абы самому ўхіліцца ад адказнасці. Цяпер, здавалася, Кірылу Лыкавязаву нічога не застанецца, як выказацца без аніякіх адгаворак.

Кірыла зайшоў у дырэктарскі кабінет з выглядам самога гора, увасобленага ў каржакаватую спартыўную фігуру. Ён вельмі ціха павітаўся з усімі, не забыўшыся, аднак, пацалаваць руку Рымы Сяргееўны Громавай.

— Я вам спачуваю, — сказала Рыма Сяргееўна.

У яе такіх простых словах многія пачулі падтэкст. Справа ў тым, што ў натоўпе, які сабраўся, каб праводзіць Богшу на могілкі, гаварылі не толькі пра геніяльнасць Лазара Богшы і розныя падрабязнасці з ягонага жыцця; называліся і нядобразычліўцы, якія ўвесь час дапякалі Богшу, пакуль не звялі яго ў магілу. Сярод сваіх, хатніх нядобразычліўцаў і чужых найчасцей называлася імя Кірылы Лыкавязава.

Рыма Сяргееўна была праінфармавана пра гэта. Члены камісіі абмяняліся думкамі, ці варта ў такім выпадку даваць слова Кірылу Лыкавязаву. Вырашылі — варта. Бо маўчанне Кірылы Лыкавязава толькі яшчэ больш напаліла б атмасферу.

Кірыла Лыкавязаў збольшага ведаў, што пра яго гавораць у натоўпе. У яго ўсюды былі свае людзі, якія дакладвалі яму не па абавязку службы, а па абавязку дружбы. Гэта быў адзін з прынцыпаў Кірылы Лыкавя­зава: больш ведаеш — лягчэй прымаць рашэнні.

Калі Кірыла Лыкавязаў зайшоў у кабінет, дырэктар студыі адкінуўся на спінку крэсла, пераключыў усе тэлефоны на прыёмную і, пазіраючы кудысьці за акно, коратка і дакладна пералічыў усе ці амаль усе праблемы, якія належыць неадкладна вырашыць.

Кірыла ўважліва выслухаў дырэктара і нейкі час сумленна моршчыў лоб, як бы ўзважваючы на ўласных шалях кожную з праблем і кожнае для іх рашэнне.

Члены камісіі падумалі, што Кірыла Лыкавязаў трапіў у нерат: ні назад ні наперад. Але ён, на здзіўленне, усе праблемы вырашыў адным махам.

— Я мяркую, — сказаў ён, — што нам трэба спытаць наконт усяго гэтага думку Дзяржкіно, у чым нам дапаможа шаноўная Рыма Сяргееўна, бо, мне здаецца, нам самім лёгка збіцца на шлях неаб’ектыўнасці...

Хто, апрача Кірылы Лыкавязава, мог бы знайсці та­кое простае выйсце? Ды ніхто!

Рыма Сяргееўна запунсавелася. Ёй было і прыемна, што звярнуліся да яе, але яна і разгубілася. Каму можна пазваніць па такому далікатнаму пытанню? Старшыні Дзяржкіно?.. I нязручна і небяспечна. Галоўнаму рэдактару? Бескарысна. Можа, адгаварыцца... Але на яе глядзелі з надзеяй, і марудзіць у такіх выпадках азначала паказаць сябе маленькай сошкай, якая толькі на перыферыі спрабуе выставіць сябе важнай персонай.

Яна папрасіла дырэктара набраць нумар намесніка старшыні Камітэта, а той па селектары папрасіў зрабіць гэта сакратарку. Не прайшло трох хвілін, як на провадзе азваўся намеснік старшыні.

Рыма Сяргееўна ў трох словах паведаміла сутнасць справы. Намеснік старшыні — гэта добра чулі ўсе, хто сядзеў непадалёк ад стала, — сказаў: "Адну хвіліначку" і, мабыць, таксама камусьці пазваніў, бо адна хвіліначка зацягнулася да хвілін дзесяці.

— Рыма Сяргееўна, — нарэшце загаварыў намеснік, — перадайце таварышам са студыі, што ўвесь наш кінематограф смуткуе з прычыны заўчаснай смерці найвыдатнейшага кінарэжысёра, таленавітага акцёра, геніяльнага пісьменніка нашага часу Лазара Всільевіча Богшы. Мы страцілі найвялікшы і непаўторны талент.

Рыма Сяргееўна слова ў слова паўтарыла сказанае, падкрэсліўшы словы: "найвыдатнейшы", "таленавіты", "геніяльны", "найвялікшы", "непаўторны".

Члены камісіі, якія дасюль сядзелі затаіўшы дыхан­ие, узрадавана загаманілі, нібы ім было зроблена найвялікшае адкрыццё. Кірыла Лыкавязаў перапыніў гамонку.

— Мы сапраўды панеслі страту, якую нельга запоўніць, — робячы націск на кожным слове, важка і пераканаўча сказаў ён. — Лазар Васільевіч быў нашым сумленнем і вышынёй, на якую мы раўняліся. Я мяркую, што пахаванне яго павінна адбыцца на самым высокім узроўні. Таму лічу несур’ёзнай прапанову паставіць тру­ну з целам у вестыбюлі. Як старшыня Саюза і даўні сябар Лазара Васільевіча, я настойваю аддаць для развітання з нябожчыкам самую лепшую залу...

Члены камісіі, якія нядаўна кідалі каменьчыкамі ў лыкавязаўскі агарод, цяпер слухалі Кірылу з пашанай.

— Але мы не паспеем ужо аформіць глядзельную залу, самую вялікую на студыі, — усумніўся дырэктар.

Кірыла Лыкавязаў двойчы шматзначна кашлянуў. Дырэктар зразумеў, што ў Кірылы Лыкавязава ёсць нейкая іншая прапанова.

— Кірыла Мацвеевіч, вы хацелі прапанаваць нешта іншае? — спытаўся ён.

— Я мяркую, — нібы аказваючы дырэктару невялікую паслугу, сказаў Кірыла Лыкавязаў, — што самым лепшым месцам быў бы першы павільён, дзе яшчэ захаваліся дэкарацыі ад фільма Лазара Васільевіча...

Усе прызналі, што лепшай прапановы не магло быць...


***

Чырвоная труна з делам Лазара Богшы стаяла ў вялізным студыйным павільёне, дзе сапраўды захаваліся рэшткі дэкарацыі апошняга Богшавага фільма. Уражанне стваралася магутнае. Чырвоная труна на фоне старажытнага горада.

Паўз труну цёк бясконцым цурочкам людскі ручаёк. Ля труны сядзела жонка Лазара Богшы — Любоў Аляксандраўна ў акружэнні акцёраў студыі і часткі здымачнай групы. Ціха іграла музыка. Бясшумна змянялася ганаровая варта. Кожнаму, хто прыйшоў на пахаванне, хацелася пастаяць дзве хвіліны каля знакамітага рэжы­сёра, акцёра і пісьменніка.

Час блізіўся да грамадзянскай паніхіды, а яшчэ бы­ло не вырашана з памінальным сталом, і дырэктар студыі пасля разваг і хістанняў паслаў сакратарку па Любоў Аляксандраўну. Крок гэты, можа, быў крыху неабачлівы і нетактоўны, але ўлічваючы Любін свавольны характар, у дырэктара іншай альтэрнатывы не было.

Любоў Аляксандраўну суправаджалі дзве актрысы. Яны завялі яе ў кабінет, а самі выйшлі, хоць ім хацела­ся ўсё чуць і бачыць.

— Любоў Аляксандраўна, — ускочыў Баравік-Залеўскі, прапануючы сваё крэсла, — прашу вас...

Любоў Аляксандраўна прайшла паўз яго да дырэктарскага стала. Там галоўны рэдактар кінакамітэта вызваліў ёй крэсла.

— Любоў Аляксандраўна, — дырэктар з бояззю глянуў на Любу, — зразумейце нас правільна. Мы хацелі б ведаць, як вы ставіцеся да памінак...

— Ніякіх памінак! — з незразумелай рашучасцю ў голасе крыкнула Люба.

На гэтым, бадай, размова і закончылася б, каб не Баравік-Залеўскі, які любіў вытыркнуцца там, дзе вытыркацца не трэба.

— Гэта бязбожна і абразліва, — з выклікам сказаў ён, не звяртаючы ўвагу на жэсты, якія яму рабіў галоўны рэдактар кінакамітэта. — Хіба Лазар Богша, пухам яму зямля, які паганец, што нам адмаўляюць памянуць яго і добрым словам і куццёй, як гэта рабілі ягоныя і нашы продкі — крывічы?.. Ці, можа, шаноўная Любоў Аляксандраўна забылася, што і яна паходзіць з таго ж племя і са знакамітага роду Азарэвічаў, якія, адсячыце мне галаву, калі я схлушу, ніколі не цураліся дзядоўскіх звычаяў, хоць былі вялікімі актрысамі імператарскага тэатра...

Баравік-Залеўскі напаў так знянацку і з такой напорыстасцю, што ў Любові Аляксандраўны аж заняло ды­хание. Яна ліхаманкава думала, як бы найлепш адказаць сцэнарысту, але ў галаву лезла нейкае глупства на ўзроўні сварак Камароўскага рынку. На шчасце, яе выручыў Кірыла Лыкавязаў, які не цярпеў Баравіка-Залеўскага, а таму не мог змоўчаць, каб не паспрачацца

— Я мяркую, — з прывычнай важкасцю ў голасе сказаў ён, — нам варта пагадзіцца з глыбокапаважанай Любоўю Аляксандраўнай, бо сапраўды лепшай памяці незабыўнаму Лазару Васільевічу будзе не п’яная застоліца і царкоўная куцця, а ягоныя творы і той фільм, над якім ён з такой упартасцю працаваў да самай сваёй смерці...

Кірыла Лыкавязаў быў першы, хто пасля смерці згадаў апошні Богшаў фільм. Што падштурхнула яго загаварыць пра фільм, які быў бязлітасна ім жа самім раскрытыкаваны на мастацкім савеце, у які ён не верыў, які не мог успрыняць і прыняць, застанецца тайнай на ўсе часы. Прадбачанне? Жаданне загладзіць сваю вiну?.. А можа, цвёрдая вера ў тое, што фільм гэты — са­мая вялікая няўдача Лазара Богшы з усіх ягоных няўдач?..

Зрэшты, справа зусім не ў тым, каб дакопвацца да глыбінь лыкавязаўскай псіхалогіі. Яна як лабірынт Мінатаўра, з якога не выберашся без чужой дапамогі.

Любоў Аляксандраўна пачула ў словах Кірылы Лы­кавязава пра апошні Лазараў фільм нейкі намёк, ней­кую інтрыгу, і, як бывае ў людзей свавольных, але ўпартых і рашучых, у яе тут жа саспела ідэя, самая, здава­лася, нерэальная, нават абсурдная, але таму і вельмі спакуслівая і жаданая.

— Я сказала ніякіх памінак, бо для мяне Лазар Васільевіч жывы. Памінаць жывога, даруйце, кашчунна і святататна, — Любоў Аляксандраўна няўзнак кінула позірк на Баравіка-Залеўскага. Той праглынуў папрок і, як вінаваты, богатварыў цяпер яе. — Але я не збіралася парушаць дзедаўскія традыцыі і звычаі. Лазар Васільевіч любіў застоліцы і сёння не адмовіцца пасядзець са сваімі сябрамі і калегамі за таварыскім ста­лом. Але... Але перад тым, як мы сядзем за стол, я хацела б, каб мы ўсе разам паглядзелі ягоны фільм, над якім ён працаваў усю ноч. Аддамо павагу яго неўтаймаванай прадаздольнасці. Тым больш што ў народа склалася не зусім правільнае ўяўленне... Вы разумееце, пра што я кажу...

Дырэктар кінастудыі запытальна глянуў на Рыму Сяргееўну. Тая моўчкі схіліла галаву. Было незразуме­ла, ці яна падтрымлівае Любоў Аляксандраўну, ці збянтэжана яе прапановай.


***

Кірыла Лыкавязаў доўгім праніклівым позіркам абвёў натоўп, які запоўніў агромністы здымачны павільён і ўсю прастору перад ім, зрабіў два крокі да мікрафонаў.

Пад столлю і на спецыяльных пляцоўках гарэлі сафіты. Ледзь чутна стракатала камера. Славуты рэжысёр-дакументаліст здымаў на ўсялякі выпадак грамадзянскую паніхіду па Лазару Богшу.

Натоўп быў спрасаваны ў адну істоту з сотнямі твараў, якія нагадвалі старажытную тэатральную маску трагедыі. I, як тая маска, ён быў маўклівы. Здавалася, нават не дыхаў.

Кірыла перавёў позірк на Лазара Богшу. Той ляжаў у чырвонай труне з выразам насмешлівасці. Такім Кірыла Лыкавязаў ведаў яго жывым. Такім ён застанецца ў памяці.

— Таварышы, — сказаў ён і адчуў, што голас гучыць так, як і хацелася, — верная сяброўка і саратніца Лазара Васільевіча Богшы, найвыдатнейшая кінаактрыса і цудоўнай душы чалавек, Любоў Аляксандраўна сказа­ла, што Лазар Богша не памёр. Ён жывы. I гэта вельмі дакладна і правільна. Таму і я буду гаварыць пра яго жывога, любімага і грэшнага.

Ён быў паэтам, акцёрам, рэжысёрам. Непаўторным. Таленавітым. Мудрым. Пра нас з ім нагаворана шмат. Рознага. А мы заставаліся бескампраміснымі таварышамі, вернымі сябрамі і пабрацімамі, для якіх кінематограф быў святыняй. Мы пранеслі яе ў сэрцы, не апаганіўшы хоць бы адным кадрам.

Не, мы не былі святымі, якіх малявалі багамазы. Мы спрачаліся, сварыліся, але мы дружылі непарушнай мужчынскай дружбай. Напэўна, мы часам у спрэчках перабіралі меру. Кажу пра сябе, нізка схіляючы галаву перад паплечнікам і калегам па высокаму мастацтву.

Кірыла Лыкавязаў сапраўды адступіў у бок ад мікрафонаў, па-тэатралънаму прыгожа, дасканала схіліў галаву. Калі ён вяртаўся да мікрафонаў, на ягоных ва­чах бліснулі дзве слязінкі.

Баравік-Залеўскі, які плаціў Лыкавязаву той жа манетай непрыязнасці, ціха шапнуў аднаму з членаў камісіі:

— Стары, каго хаваюць: Лазара Богшу ці Кірылу Лыкавязава?..

Той наступіў на нагу сцэнарыста: маўляў, маўчы.

— Лазар Васільевіч, — тым часам прадаўжаў прамову Кірыла Лыкавязаў, адчуваючы задаволенасць, што заваяваў увагу натоўпу, — меў нялёгкі характар. Але пры ўсім тым, ён заставаўся чалавекам высокай маралі і майстрам сваёй справы. Яго часта спасцігалі няўдачы, бо ён быў мастак, які любіў і найбольш за ўсё цаніў эксперымент. Але ён знаходзіў мужнасць перамагаць няўдачы і сябе ў іх.

Тры дні назад мастацкі савет кінастудыі глядзеў рэдакцыю апошняга ягонага фільма. Твора вельмі складанага па мастацкай структуры, філасофскаму асэнсаванню гістарычных падзей далёкай даўніны, я сказаў бы, фільма спрэчнага, хоць і цікавага. Мы, ягоныя сапраўдныя сябры, выказалі шмат заўваг, прапаноў і прэтэнзій да фільма. Як сумленны мастак і грамадзянін Лазар Васільевіч не стаў у позу пакрыўджанага май­стра, а засеў за мантажны стол, каб зрабіць новую рэдакцыю з улікам нашых прапаноў.

Мы не ведаем, якая атрымалася новая рэдакцыя. Спадзяёмся, што новы фільм Лазара Богшы будзе дастойным ягонага імені. Я хацеў бы звярнуць увагу на адзін толькі штрышок характару Лазара Богшы.

У тую ноч, гадзіне а пятай, мяне разбудзіў тэлефонны званок. Я падняў трубку і пачуў узбуджаны, усхваляваны голас Лазара Васільевіча.

— Я закончыў мантаж новай рэдакцыі, — сказаў ён мне.

Разумееце, мастак не мог дачакацца раніцы. Яго распірала радасць завершанай працы. Яму трэба было падзяліцца з сябрам сваёй радасцю. Ён шчыра дзякаваў нам за зробленыя яму заўвагі. У гэтым увесь Лазар Богша, вялікі мастак нашага часу. I я падумаў тады: якое гэта шчасце працаваць побач з такім магутным чалавекам і творцам!

Сёння, адразу пасля таго, як мы аддадзім зямлі дарагога нам чалавека і мастака, тут, на студыі, збярэцца мастацкі савет, каб паглядзець і абмеркаваць ягоную рэдакцыю фільма, якому мы зычым шчаслівую дарогу па экранах краіны.

Натоўп па-ранейшаму зацята маўчаў.


***

На экране мільганулі апошнія кадры фільма.

У глядзельнай зале ўспыхнула святло.

Члены мастацкага савета, супрацоўнікі студыі, шматлікія аматары, журналісты, пісьменнікі, мастакі, якіх запрасілі на пашыранае пасяджэнне мастацкага савета, хвіліны тры сядзелі як акамянелыя — такім моцным бы­ло ўражанне ад фільма.

Затым у нейкім адзіным парыве людзі паўскоквалі з крэслаў, павярнуліся да пульта, за якім павінен быў сядзець рэжысёр і дзе сіратліва стаяла нікім не занятае крэсла, запляскалі ў далоні. Здавалася, канца не будзе авацыі. Але трэба было захаваць і форму. Дырэктар студыі аб’явіў, што абмеркаванне адбудзецца ў ягоным кабінеце.

На калідоры Кірыла Лыкавязаў узяў пад руку Рыму Сяргееўну і, прыгнуўшыся да яе вуха, шапнуў:

— Майстэрству сапраўды пазайздросціш. Але на­вошта?.. Навошта?..


Мастак Ю.В. Пучынскі