Журба мая светлая [Зіновій Прыгодзіч] (fb2) читать постранично, страница - 70


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

закруціла галавою Ларыса. - Я толькі на хвіліначку. Павіншаваць з Новым годам... Мяне ж там чакаюць.

- Ну як жа так? - разгубіўся я, адчуваючы, як радасць мая імгненна ападае, гасне. - Хто цябе там чакае?

- Як - хто? Брат, яго госці. Я ж выбегла толькі ў краму, на хвіліначку.

- Ну і чорт з ёй, з гэтай крамай! Абыдуцца. Давай вось зараз патэлефануем, што ты не зможаш прыйсці, - і ўсё.

- Куды патэлефануем? Там жа і тэлефона няма. І пасля - нялоўка, нядобра будзе, калі не прыйду. Я ж нічога нікому не сказала...

- Ай! - нахмурыўся я ад нечаканай прыкрасці. - Ну няўжо ты не магла прыйсці раней, днём? Мы б пра ўсё дамовіліся. А так?

- Жэнька, ну не крыўдуй. Я хацела прыйсці, але...

- Што «але»?

- Пасаромелася...

- Ну вось, а цяпер што рабіць?

- Нічога. Я ж у Менску буду ўсе вакацыі. Убачымся заўтра.

Яна так хораша, так ласкава і так вінавата глядзела на мяне, што я не вытрымаў, усміхнуўся зноў:

- Ну, ладна. А заўтра прыйдзеш?

- Прыйду... - кіўнула яна галавой, і позірк яе сказаў мне куды больш, чым словы.

Па лесвіцы наверх я ляцеў як на крылах. Прадчуванне нечага незвычайнага, радаснага, шчасліва-чароўнага ажыло, затрапятала ў маёй душы.

Перад дзвярыма свайго пакоя я прыпыніўся, зірнуў на гадзіннік.

Да Новага года заставалася некалькі хвілін.