Заклінаю ад кулі [Уладзімір Дамашэвіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

траву. Аж прыйшоў — адны косці ды скура, як труп, кульгавы, паранены. Кажа, адпусцілі... Ажно пасля прызнаўся, што ўцёк з нейкага канцлагера... Халера іх ведае. Усяго навыдумлялі на гэтага няшчаснага чалавека... Цяпер пачала думаць толькі пра Антося. Дзе ён, бедны, ці жывы? А Васіль колькі разоў падпорваў Кірэя: хадзем у партызаны. Тады маці пачынала плакаць, і Кірэй супакойваў яе, што нікуды пакуль што не пойдзе...

Ну вось, прычакала серадольшага, радавацца трэба... Але свет такі неспакойны. Ажні страшна. Усе тры сыны дома, хоць, праўда, першы раз за чатыры гады. І радасна і страшна. Людзі яшчэ пазайздросцяць, нагавораць, наклічуць бяду... Можа, і праўда, што свая хата — не абарона ад цяперашніх душагубаў...

Такі рой думак праплыў у галаве старой Хвядоры, пакуль сыны рассаджваліся за сталом, перакідваючыся жартамі.

Маці схамянулася. Яна падсунулася бліжэй да стала з маленькім услончыкам, і пасадзіла ля сябе Любку. Сыны сядзелі на лавах: Антось на покуце справа, Кірэй — злева, а ля яго — Васіль.

— Ну, Кірэй, налівай. Была ў мяне пляшка гарэлкі, на лякарства хавала,— нібы апраўдвалася маці, што ў яе ёсць такі скарб.

Кірэй, звесіўшы галаву, круціў у трубку край настольніка, відаць, аб нечым думаў, бо твар яго быў задуменны і нават суровы: бровы насуплены, над пераноссем папярочная маршчына. Ён не пачуў, што маці сказала яму, і прадаўжаў свой занятак.

Антось здзіўлена паглядзеў на брата: мо ён не рад, што патурбавалі? Антось сам быў рады, што пабачыў сваіх, але на сэрцы было неспакойна. Яму карцела адно: як паставіцца Кірэй да таго, што меўся яму сказаць Антось? Уласна кажучы, для гэтага ён і прабіраўся сюды, хоць яго і папярэджвалі таварышы. Нават сам камандзір сказаў: «Ты рыскуеш галавою. Ці прывядзеш сюды брата — гэта яшчэ невядома. А што мы можам страціць цябе — гэта больш верагодна. Праўда, я хацеў бы, каб было так, як ты кажаш...» А Антось тады крыху самаўпэўнена адказаў: «Як пашанцуе, то прыйдзем траіх». Гэта ён меў на ўвазе Васіля. Вось хутка будзе відаць. Маці... Шкада яе адну пакідаць...

Васіль таксама быў неспакойны. Ён ведаў, што слова Антося будзе рашаючае, і таму з нецярпеннем чакаў, пакуль той пачне гаварыць. Ён здагадваўся, што Антось прыйшоў не з нямецкага палону — выгляд у яго быў не той, што ў людзей, якія выпадкам вырываліся адтуль. Від у яго быў самы звычайны, як ва ўсякага вясковага хлопца. Хутчэй за ўсё гэта знарок, каб не кідацца ў вочы немцам. У яго нават валасы адгадаваны — грыўка на два пальцы, якую ён прыгладжвае набок.

Спакайней за ўсіх з твару выглядала Любка, хоць яна круцілася ўвесь час і не магла ўседзець на адным месцы. Яна то шукала яшчэ аднаго нажа, які недзе заваліўся, то дасыпала солі на сподак, то клала каля кожнага лусту чэрствага хлеба. Яна яшчэ не паспела падумаць: а што будзе далей, не адышла ад наплыву радаснага ўзбуджэння.

— А дзе гэта наш сабака? — ні з таго ні з сяго спытаў раптам Антось.— Я ішоў, і ён не азваўся.

— Гэта ж прапаў недзе, сынок мой,— пачала скардзіцца маці.— Неяк услед, як Кірэй прыйшоў. Усё выў па начах, і да гэтага выў, а цяпер зусім збег. Я ўсё баялася, што на бяду якую, ажно, хвала богу, яшчэ прыбытак у хату...

— Прыбытак гэты, мама, ненадоўга,— уставіў слова Антось.— Я вось зараз вам усё скажу, таіць няма чаго... Ну, пускайце чарку. Мама, вы налівайце, чаго там. Кірэй нешта задрамаў.

Маці наліла ў шклянку некалькі кропель, а пасля, падумаўшы, прыбавіла яшчэ.

Як памятаў Антось, маці ніколі не падымала чаркі, каб не блаславіць усіх, хто сабраўся за сталом. Гэта быў для яе нейкі ўрачысты момант, калі яна азіралася на пражыты час, рабіла свае вывады, падагульненні, планавала наперад. Можа, гэта тлумачылася тым, што яна даўно была гаспадаром і гаспадыняю ў гэтай, хоць беднай, але ўласнай, хаце і думала заўсёды, як лепш выкруціцца з бяды. А можа, яшчэ і таму, што рэдка даводзілася падымаць чарку — толькі ў самыя значныя часіны, калі без чаркі грэх сесці за стол.

Вось і цяпер яна трымала ў амаль што чорнай, спрацаванай руцэ да паловы налітую шклянку і гаварыла, абводзячы ўсіх вачыма:

— То дзякаваць богу, што я перад смерцю сваёю ўгледзела вас усіх.— Тут яна змахнула левай рукою слёзы з вачэй, супакоілася і працягвала: — Не думала я вас бачыць, сынкі мае, не думала. Зусім я аслабела ад рознага ліха. Як з мяне хто кроў выпусціў... Хацелася б мне яшчэ прычакаць дзетак вашых.— Яна зноў заплакала, выцерла рогам настольніка пачырванелыя вочы. Шклянка гойдалася ў яе руцэ.— Тады я ўжо спакойна памерла б... То будзьце здаровыя, дзеткі. Дай бог, каб скарэй згінула гэта праклятая навала, каб мы яшчэ зажылі па-людску. Будзь здаровы, Кірэй.

— На здароўе! — адказалі ўсе хорам.

— Дай бог,— дадаў Кірэй сур’ёзна.

Маці выпіла, а кроплю з дна падкінула пад столь над галавою. Чарка пайшла да Кірэя, пасля да Антося; Васіль аднекваўся, але яго прыціснулі, Любка