Месяц у Раі, або Аддай сэрца людзям [Уладзімір Дамашэвіч] (fb2) читать постранично, страница - 80


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

адзіноты і лічыць, што так і трэба, і мяняць нічога не трэба. I мо нават балела ў маткі душа, калі яна ўспамінала той месяц, які яна правяла разам з дачкою і зяцем, і яна пачувала сябе няблага, і нават добра, як яна самі тады гаварыла. Яна ўжо, відаць, прывыкала да думкі, што яны тут застануцца жыць, як выйдуць на пенсію. Яна смяялася з таго, што Рагнеда хацела тут будавацца, забываючы, колькі гэта каштуе, а вось каб жылі тут у яе, то яна ўжо лічыла такое верагодным, а думка пра Альбіну неяк паволі адступала на задні план. А на папярэднім плане ў яе яшчэ была надзея пажыць, многа ці мала, падгадаваць унучак, прычакаць праўнукаў.

Але планы адно, а жыццё ідзе неяк так, што яно не зважае на твае планы. Дзень за днём, месяц за месяцам маці пачынала адчуваць, што яна слабне, што тыя клопаты і хатняя праца, якія здаваліся ёй лёгкімі і просты­мі, пацяжэлі ў некалькі разоў і робяцца нават неадольнымі.

I такая ганарыстая і незалежная маці папрасіла дапамогі: каб на зіму яе забралі ў горад, і канечне ж, да свае любімае Альбіны. А вясною яна, дасць Бог, зноў вернецца ў сваю хату, на зямлю: да саду-агарода, да травы, да птушак і кветак. Яна так моцна прырасла да свайго месца за гэтыя больш як паўсотні гадоў, што яе ўжо нельга было скрануць з яго. Дрэвы павырасталі за гэты час вунь якія вялікія, некаторыя ўжо паўсыхалі... Так і яна — стала ўсыхаць, сілы ўсё больш пакідалі яе, а аднойчы яна адчула, што не можа больш жыць у свае любае Альбіны, што ёй тут цесна, няўтульна і холадна...

I папрасілася жыць да Рагнеды і Янкі. I Янка — па абавязку сэрца, а Рагнеда — з вялікай радасцю, прынялі яе да сябе. Хоць радасці той ужо засталося мала, бо маці рабілася ўсё больш слабай, і ніякія лекі не памагалі. Яна з цяжкасцю хадзіла па кватэры — нават з крывулькаю, а потым і зусім злягла.

Гэта быў страшэнна цяжкі час для іх усіх, асабліва для Рагнеды і маткі. Як матцы рабілася ўсё горш, як яна засыхала, як тое дрэва з падточанымі каранямі, так і Рагнеда мянялася на вачах — худзела, бляднела, не спала па начах, і Янка пачынаў ужо баяцца, каб яна часам не апярэдзіла маткі. I ніякія ўгаворы, ніякія просьбы ці грозьбы не мелі сілы — дачка нібы паказвала, таго не жадаючы, як яна любіць сваю матку, як перажывае яе боль, з якім жахам баіцца непазбежнага часу.

I гэта, як па індукцыі, перадавалася і Янку: ён таксама схуднеў, страціў апетыт, прапала ахвота да працы. Яго родная маці пакінула гэты свет легка і проста, нават за працай. Гэта было ў верасні. Яна з дачкою Жэняй і ўнукам перабіралі бульбу, матка сядзела на зямлі пры сцяне і кідала ў кошык большыя бульбіны, і раптам падбародак яе ўпаў на грудзі, а рукі бязвольна апусціліся на прыпол. Дачка зразумела, што з маткаю бяда, кінулася ў хату, знайшла нашатыр і вярнулася да маткі, але было ўжо позна: яе сэрца перастала біцца...

А Рагнедзіна маці адыходзіла доўга і пакутліва: то яна траціла прытомнасць, як правальвалася ў бездань, то зноў памяць вярталася да яе, але на кароткі час. I ў канцы лютага яна пайшла ад іх назаўсёды. Для Рагнеды гэта быў удар у самае сэрца, яна некалькі месяцаў хадзіла сама не свая — нібы выпаўзала з якое глыбокае ямы.

I амаль не ўзварухнула яе сэрца і тое, што маці, адчуваючы свой кароткі час, адпісала бацькоўскую хату, сад-агарод і ўсе соткі сваёй старэйшай дачцэ Рагнедзе, а не падзяліла маёмасці з дочкамі пароўну, як можна было чакаць.

Малодшая, Альбіна, у душы, відаць, пакрыўдзілася на матку, але знешне прыняла матчыну волю спакойна і разважліва: хай будзе так, як вырашыла маці, справядліва гэта ці не.

Яшчэ адзін кароткі постскрыптум можна дадаць да ўсяго, нават вельмі дзіўны. Палкоўнік Рагаткін, Альбінін муж, пайшоў у адстаўку і заняўся новаю для сябе справаю: абклаўся дапаможнікамі і слоўнікамі ды стаў штудзіраваць даўно забытую ім на вайсковай службе родную мову — беларускую, якую ён яшчэ нядаўна лічыў такою непатрэбнаю. Сяды-тады ён пазвоньваў Янку і браў у яго кансультацыю: як лепш ужыць тое ці іншае беларускае слова, каб яно стала на месца і гучала як належыць.

Яны з апанентаў рабіліся сябрамі. Рагнеда казала, што гэта Янкава заслуга, а Янка адказваў, што змяніўся час — і патрэбны новыя песні, усяго толькі.