Месяц у Раі, або Аддай сэрца людзям [Уладзімір Дамашэвіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Уладзімір ДАМАШЭВІЧ


МЕСЯЦ У РАІ, або АДДАЙ СЭРЦА ЛЮДЗЯМ


Аповесць



I

Аўтобус Мінск—Буднікі спыніўся на цэнтральнай плошчы, людзі высыпалі на вуліцу, як пчолы з вулля, панавала мітусня: хто браў свае рэчы з багажных камераў, хто ўжо абдымаўся са сваімі, што чакалі прыезджых, пачыналіся роспыты, чуліся радасныя галасы вітання.

Янку і Рагнеду ніхто не сустракаў. Яны забралі свой чамаданчык, гаспадарчую сумку, трохі пастаялі, як бы даючы ўлегчыся хваляванню, якое турбавала іх усю дарогу: Рагнеду больш, а Янку менш — і паволі пайшлі па вуліцы, кіруючыся туды, дзе жыла Рагнедзіна матка. Яны былі ў гэтым райгарадку летась восенню, прыязджалі на пару дзён як бы ў адведкі, бо тады яшчэ толькі сышліся: Янка і яго новая жонка Рагнеда. Яны былі зем­лякі, вучыліся пасля вайны ў адной школе, але пасля сканчэння дарогі іх разышліся. I мо нават таму, што Рагнеда скончыла школу на год раней за Янку і адразу на першым курсе інстытута выскачыла замуж. Для яго яна ўжо была страчана назаўсёды, як ён лічыў, і будаваў сваё жыццё з папраўкаю на гэтую страту. Скончыўшы універсітэт, ён застаўся працаваць у Мінску, хоць пра гэта нават і не марыў, жыў на прыватнай кватэры, потым ажаніўся, пайшлі дзеці. Мінск — горад вялікі, чалавек у ім — як тая іголка ў стозе сена. Яны згубіліся адно для аднаго на шмат гадоў, нават дзесяцігоддзяў, хоць потым аказалася, што яны жылі на блізкіх вуліцах. Імклівая рака жыцця вымчала іх і панесла — нібы яны плылі кожны на сваёй крызе ці плыце — і тут раптам стукнуліся ці сутыкнуліся — і пазналі адно адна­го: дык мы ж землякі, і не толькі... Ён не без страху ступае на яе крыгу ці плыт, бярэ вясло, і яны паплылі далей разам, да сваёй прыстані, і вось ужо год як плывуць разам і надумаліся пасля выхаду на пенсію пераехаць са сталіцы ў свае Буднікі да Рагнедзінай маткі Раісы Сцяпанаўны, у якой ёсць хата, сад-агарод, і ўжо вунь колькі гадоў яна жыве адна: муж памёр даўно, у памятны год смерці правадыра ўсіх народаў, а малодшая дачка Альбіна таксама жыве ў сталіцы замужам за вайскоўцам.

План быў ружова-прывабны, а вось ці ён рэальны — цяжка сказаць, бо тады, год назад, маці сустрэла іх насцярожана, як бы не верачы, што такое магло здарыцца з яе старэйшаю дачкою...

Яны ішлі па так знаёмых вуліцах, дзе дамы ўжо здаваліся чужымі, адгароджанымі ад вуліцы дашчатымі платамі, і, як правіла, лепшы дом меў і лепшую агароджу, сустракаліся і добрыя сучасныя мураванкі.

Рагнеда ведала гарадок лепш за Янку, яна тут нарадзілася, хоць потым жыццё кідала іх сям’ю далёка ад родных мясцін, а Янка жыў у вёсцы на захад ад Буднікаў, тут толькі вучыўся тры гады, канчаў дзесяцігодку...

Сонца трохі схіліла з поўдня, але на пачатку жніўня гарачыні ўжо не адчувалася, хоць неба было чыстае. А мо яшчэ і таму, што гарадок быў зялёны, дрэвы раслі тут часта і густа — пачынаючы з цэнтральнай плошчы і канчаючы кожнай вуліцай: ліпы, таполі, бярозы, сям-там трапляліся елкі, і не проста нашы, звычайныя, а серабрыстыя, прывезеныя аднекуль, яшчэ невялікія, без шышак, а пры кожным доме далей ад цэнтра, як правіла, рос сад, у каго большы, у каго меншы, у каго ўжо стары, у каго — яшчэ малады. Гэты гарадок мала чым адрозніваўся ад вёскі, але пад нагамі тут быў асфальт або даваенны брук, на шырэйшых вуліцах бліжэй да цэнтра меліся тратуары, а на вузейшых — часам толькі з аднаго боку. I людзі старэйшага веку выглядалі больш як вясковыя, у той час як моладзь зусім не адрознівалася ад сталічнай, асабліва маладыя дзяўчаткі — яны проста нібы сышлі са старонак часопіса моды, ды і маладыя жанчыны выглядалі модніцамі.

— Цікава, як сустрэне нас маці? — спытаўся Янка ў Рагнеды, якая ішла побач з сумкаю ў левай руцэ, а правай трымала пад ручку свайго мужа і была нейкая пахмурная, як не радая сустрэчы з роднымі мясцінамі, тым больш — з роднаю маткаю.

— Я ўсю дарогу думала пра тое ж самае, — неяк сумна адказала Рагне­да і цяжка ўздыхнула. — Вось і цяпер баюся, хоць бы яна была ў гуморы, хоць бы не сустрэла як няпрошаных гасцей.

— Што тут думаць-гадаць? Зараз прыйдзем і пабачым.

— Які ты ў мяне смелы! А я сваю маму ведаю, яна чалавек з характарам.

— Дык гэта ж добра. Чаго варты чалавек без характару? — падбадзёрыў яе Янка. — Ты ж таксама з характарам. Мо скажаш не?

— Ой, мне далёка да мамы, вось пабачыш, — не згадзілася яна. — Мама перажыла вялікую драму: ляцела высока, а села нізка. Гэтага яна ніколі не забудзе. I на ўсё глядзіць менавіта з такой пазіцыі. Жонка пана дырэктара польскай паўшэхнай школы, красуня, якою ўсе захапляліся, нават сам прэзідэнт Масціцкі, уяўляеш? Яна сядзела побач з ім... А сёння хто яна? Ста­рая адзінокая пенсіянерка ў заштатным глухім гарадку, корпаецца ў сваім агародзе. Выгодаў ніякіх, туалет за сто метраў ад хаты. Калодзеж, праўда, блізка,