Месяц у Раі, або Аддай сэрца людзям [Уладзімір Дамашэвіч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

кажаце, мама, мы самі вінаваты, што не маем шмат чаго патрэбнага ў цяперашнім жыцці. Але паверце мне, што машыны я і дарма не вазьму, бо яна мне будзе толькі шкодзіць, а не памагаць. Такая ўжо мая прафесія. То я сяджу ў рэдакцыі, праўлю рукапісы і аддаю ў друк, то дома, калі маю вольную часіну, нешта сам пішу, хачу скончыць якое апавяданне ці аповесць, а як хопіць пораху — дык і раман. На гэта вунь колькі часу трэба. А калі я набуду машыну, я стану проста шафёрам, яе слугою: яшчэ трэба гараж, бензін, усякія запчасткі, яшчэ трэба думаць, каб яе не ўкралі... Мне адзін наш пісьменнік казаў: ведаеш, чаму я не пішу раманаў? У мяне машына, яна ў мяне ўвесь вольны час з'ядае. На апавяданне яшчэ хапае, а на большае — не. Жонка скажа: з’ездзім на рынак, з’ездзім да бацькоў, сябра папросіць падкінуць яго па якой важнай справе. I ты толькі і ездзіш. А над раманам трэба пасядзець.

Маці слухала яго, а на твары быў відзён недавер.

— А ці ж многа вы тых раманаў напісалі? — з прыхаваным здзекам спытала яна новага зяця з такое нечаканае пароды пісьменнікаў.

— Hi многа ні мала: усяго два, пішу трэці, калі Бог дасць здароўе, то мо і скончу, — адказаў Янка.

— Дык пра сваё здароўе вы думаеце, а на жончыны інтарэсы вам ужо і часу няма. Так выходзіць? — пачынала траціць ранейшую раўнавагу маці-цешча.

Тут у гутарку ўмяшалася Рагнеда, каб папярэдзіць сварку:

— Вось паслухай, даражэнькі Янка, што табе мама гаворыць, і рабі вывад: каб цябе жонка любіла-кахала, трэба і ёй нешта прыемнае рабіць, а не толькі пра сябе думаць. Колькі я казала, што трэба нам машыну купіць, а ты ўсё нейкія свае тэорыі выводзіў. Памятаеш, як ваш адзін пісьменнік падлічыў, што тыя грошы, якія чалавек траціць на машыну, ён можа ў растэрміноўку траціць на таксі — і яму іх хопіць на ўсё жыццё. Памятаеш гэтую тэорыю?

— Памятаю, і гэта правільна: ніякага лішняга клопату.

— А памятаеце, хто такі быў «безлашадны» да калгасаў? — спыталася ў яго цешча-маці. — Самы бедны, самы абяздолены чалавек. Нават не чалавек, а так нешта...

— Аднак жа і ўсе сталі «бескабыльнымі», — адказаў Янка, — і нічога не здарылася, людзі не прапалі, а сталі...

— ...сталі набываць машыны, — скончыла за яго Рагнеда. — Усе разумныя людзі сталі набываць машыны! Я тут поўнасцю згодная з мамаю, і ты мяне не пераканаеш, што машына табе зашкодзіць. А мне — тым болей.

Янка не паспеў прывесці ўсе свае довады, бо ля калодзезя забразгаў вёдрамі сусед Пятрок Доўгі, павітаўся з імі і павіншаваў з прыездам Рагнеду і яе новага мужа. Рагнеда падышла да Петрака, яны абняліся, і Пятрок пацалаваў яе ў шчаку. Пятрок быў усяго на год старэйшы за яе, ваяваў на вайне з япон­цам!юі, а тут яны жылі суседзямі, мо нават Пятрок і думаў, што Рагнеда стане яго жонкаю. Але так не выйшла: Рагнеда адправілася ў Мінск на вучобу, выйшла замуж, а ён застаўся тут, завёў сям’ю і жыве сабе ціха-спакойна, толькі трохі папівае мясцовае віно. I цяпер яны сустракаюцца як добрыя суседзі.

— Ці надоўга да нас? — спытаўся Пятрок гучным голасам.

— Паглядзім, — адказвае няпэўна Рагнеда. — Як спадабаемся маме, то трохі пабудзем.

— Спадабаецеся, чаго там, — супакойвае яе Пятрок і пачынае апускаць пустое вядро на ланцугу ў пашчу калодзезя.

Рагнеда вярнулася да сваіх, на ганак. Яна была трохі ўсхваляваная, мо адчувала нейкую віну перад Янкам — як гэта яе пацалаваў чужы мужчына? Хоць сам Янка не бачыў у гэтым жэсце збоку суседа ніякай крамолы ці абразы: падумаеш, пацалаваў суседку, якое даўно не бачыў, з якою некалі разам рос.

— Як гэта ты дазваляеш сябе цалаваць чужому мужу? — упікнула Рагнеду маці, і Янку здалося, што яна сказала жартуючы, але твар у яе быў сур’ёзны.

— А што я павінна была рабіць? — здзівілася Рагнеда. — То ж мой сусед.

— Хадзем у хату, а то ты тут пачнеш цалавацца з усімі суседзямі, — ужо трохі мякчэй сказала маці і пайшла першая, а яны, госці, за ёю.

Прайшлі цёмныя з двара сені, павярнулі налева і апынуліся ў вялікай палове хаты, не такой вялікай, як здаецца з двара, бо яна была перагароджана на два пакоі: паўдневы шырэйшы, меў тры акны, а паўночны — вузейшы, з глухою сцяною ад вуліцы, адно акно на захад. Сёння сонца залівала большы пакой, надавала яму святочны выгляд. Нават залатыя пылінкі пла­валі тут у паветры — зазначыў сам сабе Янка.

За апошні год, як яны тут былі, у пакоі нічога не змянілася: на тым жа месцы стаяла вялікая канапа ля заходняга акна пры сцяне, у куце — этажэрка з кнігамі, тумбачка для тэлевізара, якога яшчэ не было, злева ля акна ад дзвярэй стаяла зінгераўская машынка, на якой нешта шылася — ляжала блакітная доўгая кашуля ці нешта падобнае. На сцяне ў левым куце была яшчэ адна этажэрка, ці палічка, ужо вісячая, таксама поўная кніжак. Бліжэй да дзвярэй вісеў вялікі гадзіннік з маятнікам залацістага колеру, але механізм маўчаў.

Пасярэдзіне пакоя, трохі