Месяц у Раі, або Аддай сэрца людзям [Уладзімір Дамашэвіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

але зімою трэба да яго зрабіць сцежку, вады дастаць, потым дроў прынесці, брыкету, напаліць, каб не замерзнуць ноччу. На старога чалавека хіба мала? Ну вось, мы падыходзім...

Яна вызваліла правую руку, перахрысцілася ўсёй далонню, як хрысцяцца католікі.

Хата стаяла ўздоўж да вуліцы, была ў два канцы. Шалёўка на сценах была патрэсканая ўжо, знізу фарба пааблазіла, асабліва ля самых падвалінаў, ліштвы вокнаў таксама страцілі сваю ранейшую свежасць. Ад вуліцы двор быў адгароджаны драцяною сеткаю, ад старога драўлянага плота засталася толькі высокая і шырокая брама, наглуха закрытая, праезд быў зроблены ў драцяной агароджы.

Янка адчыніў скасабочаныя весніцы, прапусціў Рагнеду, а потым зайшоў сам. Сцежка ад вуліцы вяла да калодзезя, а потым вярнула налева, да ганка дома, які меў яшчэ і веранду, але яна займала месца збоку, ля другой паловы дома, а ганак быў адгароджаны балясамі і меў шыферны дах, як і ўся пабудова. Тут на дварэ, ля самае хаты, расла вялікая купчастая бяроза са шпакоўняю на добрай вышыні ад зямлі. 3-пад прызбы па краі выглядалі кітайскія лілеі, высокія, раскошныя, яны яшчэ цвілі сваім жаўтавата-цагляным цветам, распускаючы свой казытлівы тлуставата-салодкі пах. Было адчуванне, што яны трапілі ў зялёны аазіс: вялізны куст бэзу ля брамкі, зараснікі сліваў на дварэ, жываплот з вішняку пры плоце ад суседзяў, далей на поўдзень — агарод, за ім — сад, злева — зялёны поплаў, справа — некалькі сотак бульбы, яшчэ зялёнай, але ўжо без цвету — можна капаць на патрэбу, асабліва скараспелку.

А ад усходняга суседа — таксама зараснікі бэзу, вялізны бухматы куст язміну, які ўжо адцвіў, яшчэ адна тоўстая разгатая бяроза і такая ж тоўстая, яшчэ вышэйшая за бярозу акацыя: на дзіва ўсім — каб акацыя ды была такая магутная. Вясною яна ўся пакрыта густым жаўтаватым цветам, у сонечныя дні ўся гудзе ад пчалінага нашэсця і не шкадуе свайго тонкага далікатнага паху на ўсю вуліцу.

А понізу — густы дыван травы, пустазелля з лебяды, крываўніку, баркуну, кмену і кропу, дзікае морквы, сям-там асоту, астравоў лопуху, свірэпы, а па краях сотак, ля агароджы — густога зялёнага, вышэй за калена, пырніку, тое ж лебяды, люціку, сніткі, мятліцы.

«Трэба будзе ўсё гэта пусціць пад касу, — падумаў спакойна Янка. — Толькі мо маці не дасць...»

Маці сустрэла іх на ганку: мо бачыла, як яны, не спяшаючыся, разглядаючыся, павольна ішлі па ўтравелай дарожцы з вуліцы. Як памятаў Янка, яна нічым за год не змянілася, мо трохі больш пасівелі яе каротка падстрыжаныя валасы, зачасаныя назад і прыціснутыя да галавы цёмным, у палоску, паяском ці стужачкаю. Апранутая маці была ў шэрую доўгую спадніцу, у паркалёвую жоўтую кофту з доўгім рукавом, паўзверх якой была накінута карычневая камізэлька — душагрэйка. Твар яе выглядаў стомленым, з мноствам маршчынак ля вачэй, вусны моцна сціснуты. Але вось ён нібы пасвятлеў, з’явілася нейкая як нясмелая ўсмешка, вусны рассунуліся. Яна пацалавалася з дачкою, потым падала руку Янку, ён злёгку паціснуў яе і прыклаўся вуснамі. Рука, як ні дзіўна, была халодная. Ля ног у маткі круцілася-церлася кошачка-рыска, нейкая ненатуральна тоўстая, з адвіслым жыватом, няйначай, на акоце.

— Мы так спяшаліся, — сказала першыя словы Рагнеда.

— I так баяліся, — пад рыфму, але мо не да месца, дадаў Янка, бачачы, як імгненна ўсмешка знікла з матчынага твару, і ён стаў халодна-непрыветлівы.

— А чаго мяне баяцца? Я не кусаюся, — даволі рэзка адказала яна.

— Я не ў тым сэнсе, проста мы баяліся, што вас не застанем дома, — пачаў адступаць Янка.

— А дзе мне быць, скажыце? Хто мяне дзе чакае? — як здзівілася маці. — Сяджу дома, думаю пра вас, мінчанаў: як вам там паводзіцца? Ці не забыліся пра нас, правінцыялаў? Па тым, як часта ў мяне бываеце...

— Мамачка, мы таксама пра цябе думаем, але ніяк не выпадае вырвацца, работа не дае. Вось пайду на пенсію, дык тады буду ў цябе частым госцем, — загаварыла хуценька Рагнеда, нібы баючыся, што маці ёй не дасць апраўдацца. — Я дзваніла нядаўна Альбіне, дык яна казала, што была ў цябе, узяла трохі яблык... Ім добра, у іх машына...

— А хто табе не дае мець машыну? — як пакрыўдзілася маці на дачку. — Барыс з галавою, дык у яго і машына, і жонка як пані — на рынак ездзіць, у магазін... А вы на аўтобусах падарожнічаеце. Хто вам вінаваты?

Што тут было сказаць? Малодшы зяць насіў пагоны палкоўніка, даўно меў машыну, ездзіў да цешчы часцяком, асабліва як было чым пажывіцца: як выспелі ягады, як наліліся яблыкі, як падрасла бульба. Нездарма кажуць: зяць любіць узяць. А так ён не надта часта наведваў сваю цешчу, але яна на яго неяк не крыўдавала. А старэйшая, Рагнеда, была ўвесь час нейкая як няшчасная, бедная, пакрыўджаная: развялася, гадавала двух хлопцаў сама, часцяком і да маткі падкідала, асабліва летам.

Пакуль Рагнеда збіралася, што адказаць на матчыны словы, загаварыў Янка.

— Вы правільна