Ліст да Ўкраіны [Альгерд Бахаревіч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

адкупіцца ад віны. Я раблю гэта як роўны для роўных, як чалавек і беларус, які ня можа не дапамагчы Ўкраіне ў цяжкі час. Калі мы з жонкай выходзім на дэманстрацыі ў падтрымку Ўкраіны -- мы робім гэта не праз пакуты сумленьня, а для таго, каб паўплываць на заходніх палітыкаў, якія ўсё яшчэ слухаюць, што кажа ім народ. Калі я, эмігрант на птушыных правах, пішу гэты тэкст па-беларуску з аўстрыйскага Граца для ўкраінцаў і сваіх суайчыньнікаў -- я раблю гэта не для таго, каб вы прабачылі мне, а таму, што не магу і не хачу маўчаць. Калі я пісаў свае кнігі, свае эсэ, калі папярэджваў у рамане “Сабакі Эўропы” пра небясьпеку пуцінскай імпэрыі -- большасьць успрымала гэта як антыўтопію і фантасмагорыю. Цяпер мы жывем у ёй -- і вы, і мы. Ці зрабіў я ўсё, што мог? Гэта пытаньне не да вас. Гэта пытаньне да сябе. І я мушу адказаць на яго сам. Як і ўсе беларусы.

Але я не магу спакойна і з разуменьнем глядзець, як нам пішуць у сацсетках: “ну і любіце свайго пуціна!” Пішуць не пуціноідам, а тым беларусам, хто змагаўся як мог супраць пуцінскага фашызму і не даваў Беларусі быць ганьбай Эўропы. Я не магу бяз жаху і злосьці чытаць, як разьбіваюць шкло беларусам, якія дапамагаюць украінскім уцекачам -- толькі таму, што на машыне беларускія нумары. Не магу чытаць, як сябрам Украіны, якія прайшлі праз рэпрэсіі, кажуць у твар: “вы тварі, цалуйце свайго лукашэнку”. Як выганяюць з дому тых, хто ратаваўся ва Ўкраіне ад лукашызму. Што вам дасьць такая нянавісьць? Калі вы перакананыя, што яна дапаможа, каб перамагчы акупантаў -- што ж, пішыце, кажыце нам гэта. Мы зразумеем. І будзем падтрымліваць вас моўчкі і сьцяўшы зубы ад крыўды. Пішыце і нішчыце акупантаў, адкуль бы яны ні ішлі -- з Расеі або Беларусі, з Чачні ці аднекуль яшчэ. Мы будзем толькі радыя кожнай страце вашых ворагаў. Але такая безаглядная нянавісьць да ўсяго, што заве сябе беларускім, не дадае вам саюзьнікаў у варожым стане. Ды большасьць з нас і не жыве ў варожым стане. Цяпер мы ў пустаце -- паміж сьвятлом і цемрай. Нам сорамна і крыўдна, нам страшна -- але мы на вашым баку. Хто словам, хто маральна, хто ўчынкам, хто зброяй -- бо за вас ваююць і беларусы. А нехта проста чытае навіны -- і ня можа заснуць у бясьсільлі і роспачы, дасылаючы праклёны на тых, хто разьвязаў гэтую вайну.

Мы не выбіралі, дзе нам нарадзіцца. Як і вы.

Частка д'ябальскага пляну Масквы -- множыць нянавісьць. Паўсюль дзе можна. Гэта іх задача на пэрспэктыву, рэалізацыя якой пачалася ўжо даўно. Асабліва важна для Крамля распальваць нянавісьць паміж сваімі суседзямі. Давесьці ўзровень нянавісьці да такога пункту, пасьля якога вяртаньне да нармальных стасункаў ужо немагчымае.

А далей, паводле іхнай задумы, будзе клясычнае divide et impera.

Шаноўныя ўкраінцы, вораг у нас з вамі адзін. І ён вельмі рады кожнаму канфлікту паміж намі. Бачачы, як нянавісьць паміж учарашнімі сябрамі-суседзямі расьце, Пуцін і Лукашэнка задаволена ўсьміхаюцца. Значыць, усё ідзе паводле іхнага пляну. Няўжо мы хочам, каб яны ўсьміхаліся?

Вораг у нас адзін. Я кажу гэта беларусам і ўкраінцам: вораг у нас адзін, не забывайма пра гэта.

Хоць, можа, ужо й занадта позна.