Добрым сэрцам чалавечым [Аляксандр Капусцін] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]





У нарысах, якія складаюць зборнік «Добрым сэрцам чалавечым», пісьменнік даследуе характары знакамітых людзей Жлобіншчыны. Знакамітых не толькі тым, што ў некаторых з іх шмат ордэнаў і іншых ганаровых адзнак, а найперш — сваёй чалавечай, працоўнай, духоўнай адметнасцю. Тым, што іх жыццё — гэта кропелькі нашай складанай, нялёгкай гісторыі.


Да роднай зямлі

Я навечна прырос

Карэннямі сосен усіх

І бяроз.


Пятрусь Броўка.



СЛОВА ДА ЧЫТАЧА


Хтосьці з вялікіх сказаў: «Заўтра пачынаецца сёння». Простая і разам з тым вялікая ісціна. У сваім развіцці яна можа быць выказана і так: «А сёння пачыналася ўчора». Сівыя вякі нашай гісторыі — не якоесьці сырое, змрочнае, заваленае замшэлым друзам прадонне. У іхніх патаемных глыбінях, у далёкай і блізкай мінуўшчынн — вытокі ўсіх нашых спраў і дзеяў, нашага новага, сённяшняга поступу жыцця. Часы тыя назаўсёды адышлі ад нас і назаўсёды засталіся з намі. Там карані нашых радаслоўных.

Ёсць жа мінулае, якое праз усё жыццё побач з намі, у нас саміх. Забываць пра яго мы не маем ні грамадзянскага, ні проста чалавечага права. Калі чалавек страчвае памяць, то з гэтым ён губляе і розум. Без памяці няма культуры, а 6ез культуры няма чалавека.

3 ХРОНІКІ. «Паселішча на месцы Жлобіна існавала яшчэ ў язычаскія часы; тут нярэдка выкопваюць пахавальныя урны з попелам».

«Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай Айчыны». Над рэдакцыяй П. П. Сямёнава, выданне 1905 г.

«Невялікае паселішча Злобін, папярэднік сучаснага Жлобіна, узнікла ў 15 ст. на нізкім правым беразе Дняпра ля ўпадзення ў яго ручая Чорначка.

У 15—16 ст. ст. гэта валоданне належала Хадкевічам і пераносіла ўсе складанасці жыцця парубежнага паселішча. У гэты час і ўзнік на ўзвышэнні берага Жлобінскі чамак. Ён складаўся з двух частак — уласна замка і падзамка». (Далей ідзе яго апісанне).

М. А. Ткачоў. «Замкі і людзі». Мінск, «Навука і тэхніка», 1991 г.

«Хадкевічы, магнацкі род на Беларусі, прадстаўнікі якога ў 15—17 ст.ст. займалі дзяржаўныя і адміністрацыйныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. Радаслоўную пялі ад кіеўскага баярына Ходара (Фёдара) Юр’евіча (вядомы ў 1431—47)».

«Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя». Том 5. Мінск, 1981.

«Сярод шматлікіх дакументаў гістарычнага архіва БССР захоўваецца «Справа па адносіне Магілёўскага ўпраўлення пра дзве гарматы, знойдзеныя ў Рагачоўскім павеце ў маёнтку Вайзбуна». Кожная гармата з гербам і надпісам «года 1769 дня 19 ліпеня месяца ў Жлобіне Крыстоф Чахоўскі». Знайшлі гэтыя медныя аграмадзіны 11 верасня 1842 г. ля крыніцы Пянькі (напэўна, недалёка ад Жлобіна), ва ўладаннях Станіслава Вайзбуна. Стала вядома і імя беларускага майстра гарматнай зброі 18 стагоддзя — Крыстоф Чахоўскі».

Г. А. Каханоўскі. Часопіс «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», нумар 4, 1976 год.

Гэта некаторыя вехі нашай гісторыі.

Падыходзіць да канца надзвычай складанае і супярэчлівае дваццатае стагоддзе, якое прынесла свету шмат усялякіх — і сацыяльных, і навукова-тэхнічных, і так званых культурных — рэвалюцый. Гэтыя рэвалюцыі дыктавалі людзям свае ўмовы жыцця. Тым не менш кожны чалавек ішоў уласнай дарогай-пуцявінай па бяскрайніх жыццёвых гасцінцах, вытоптваў яе асабістым лёсам. А ў асабістым яго лёсе, як сонца ў кропельцы расы, адлюстроўваецца наша гісторыя — айчыны, краю, роднага кута. I памяць наша не павінна быць засмечана ідэалагічнай і палітыканскай эквілібрыстыкай, якую падчас навязваюць нам палітычныя істэрычкі, што выдаюць сябе за абаронцаў інтарэсаў народа.

На Жлобіншчыне многія памятаюць, а то і добра ведаюць тых яе ўраджэнцаў і жыхароў, пра якіх пойдзе гутарка ў маіх нарысах. Людзі яны розныя між сабой і па свайму сацыяльнаму становішчу, і па светапогляду, але аднолькавыя ў тым, што жылі і жывуць, калі можна так сказаць, пад дэвізам: «Для Айчыны зроблена недастаткова, калі не зроблена ўсё». У тым, што неслі ў сэрцах і перадавалі ад пакалення пакаленню запаветы слынных нашых продкаў, яшчэ ў далёкі час выказаныя Яраславам Мудрым: «Калі ж будзеце ў нянавісці жыць, у неладах і міжусобіцы, то загінеце самі і загубіце зямлю сваіх бацькоў і дзядоў».

Сёння, шаноўны чытач, я запрашаю цябе разам прайсці па некаторых з тых дарог услед за героямі гэтай кніжкі. Буду шчаслівы, калі ты прымеш маё запрашэнне.

У кніжку я ўключыў таксама сваю легенду пра Жлобін. Пра яе скажу словамі Плутарха: «Я хацеў бы, каб мой твор, ачышчаны розумам ад казачнага вымыслу, прыняў характар гісторыі; але там, дзе вымысел упарта змагаецца са здаровым сэнсам, не жадае зліцца з ісцінай, я разлічваю на памяркоўнасць чытачоў, якія не паставяцца сурова да паданняў далёкай даўніны».


ЖЛОБІН

(ЛЕГЕНДА 3 ДАЎНІНЫ)


Шмат злажылі казак,

І легенд, і песень

Людзі пра балота,

Пра сваё Палессе.


Янка Купала



У старажытныя часы, калі чалавек яшчэ пакланяўся язычаскаму богу Перуну, жылі на ўзбярэжжы Дняпра пры ўпадзенні ў яго імклівую плынь ручая Чорначка працавітыя людзі. Палявалі на дзікоў у пушчы, лавілі рыбу, сеялі хлеб і гадавалі жывёлу. Праходзілі дзесяцігоддзі, міналі стагодцзі. Ды вось аднаго разу, калі гарачае зыркае сонца села за лес і гнілое балота з паўночнай нізіны дыхнула стылай вільгаццю, адтуль да іхняга паселішча выпаўз дванаццацігаловы цмок. Разявіў пашчу-прадонне, клацнуў чорнымі крывымі ікламі:

— Я абкладваю вас данінаю. На сняданак і на вячэру будзеце даваць мне па чалавеку.

Не паспелі апамятацца атарапелыя ад жаху людзі, як ён схапіў самую прыгожую маладую жанчыну і знік у балоце.

Замаркоціліся, забедавалі жыхары паселішча. Страшэнна шкада ім было жанчыны. А ён жа, пачвара, і яшчэ квапіцца на людзей! Дык якую ж управу знайсці на людаеда?..

3 вечара ўсхадзіўся буран. Сінія шаблі-маланкі люта паласавалі неба, на зямлю абрынулася страшная залева. Шалёны вецер вырываў з карэннем векавыя дрэвы, стагнаў, нібы зубр паранены, роў сівы Дняпро.

А малады асілак Пятрок, чыю жонку схапіў змей, нічога гэтага не чуў. Ён усю ноч спяваў-рыдаў над дзіцёнкам, якога гушкаў у калысцы.

На досвітку буран сціх. Яшчэ не выбліснула з-за лесу сонца, як у ваколіцы паселішча зноў з’явіўся цмок.

— Каго аддаяце мне на сняданак? — раўнуў, ажно дрэвы захісталіся, як ад ветру.

Людзі, хто дзе быў, пакамянелі ад жаху. Раптам насустрач змею кулём выскачыў Пятрок. У вачах — іскры гневу і адчайнай адвагі. Схапіў Пятрок за вяршыню выварацень стромкай сасны размахнуўся ім, як булавой, і галава з разяўленай пашчай пакацілася ў балота.

Змей ашалеў, вочы яго паналіваліся крывёю. Ён то прыпадауў да долу і біў так хвастом па зямлі, што яна трэслася, нібы яе землятрус калаціў, то падскокваў угору вышэй дрэў. А Пятрок налева-направа размахваў вываратнем. У душы яго кіпела помста за жонку-красу і сына-сірату, палала адвага абараніць людзей.

Сонца апала ўжо за лес, а яны ўсё біліся. Цмок раз’юшана, ажно агонь вырываўся з пашчы, рыкаў, хрыпеў, пырскаў жоўтай смярдзючай пенаю. Асілак абліваўся потам і крывёю: іклы змея паласнулі па твары, развярнулі яму плячо. Вось цмок з астатніх сіл злаўчыўся, і аглавушаная смяртэльным ударам апошняя галава яго яшчэ змагла ў агоніі сціснуць іклы на горле Петрака.

Людзі адразу закапалі галовы і знявечанае тулава змея ў балоце, каб уначы смярдзючы смурод ад яго не цягнуў у паселішча. У багну, якая стала яму праклятай магілай, забілі асінавы кол. Назаўтра на высокім, адкрытым сонцу і вятрам пагорку над Дняпром аддалі зямлі цела Петрака. На магіле паставілі вялікі дубовы крыж, які здалёку відаць быў адусюль.

Ланцужыліся суровыя гады. Людзі з пакалення ў пакаленне, праходзячы каля магілы Петрака, у непазбыўнай жалобе і ўдзячнасці адбівалі ёй зямныя паклоны; птушкі над ёю запавольвалі лёт, пераставалі махаць крыламі; віхурныя вятры спынялі сваёі дзікае скавытанне і выццё, сцішана праляталі міма.

Цёплай весняй парою ў паселішча завітаў малады ўдалы князь са сваёй храбрай дружынаю. Пабачыў крыж на магіле — і зняў шлем, перахрысціўся. Спытаў у сівога лірніка, што пад раскідзістым дрэвам круціў корбу ліры і спяваў:

— Хто тут пахаваны?

— Храбры асілак Пятрок, які выратаваў людзей ад змея-людаеда.

— Пра што спяваеш?

— Пра што ўсю ноч спяваў-рыдаў Пятрок над дзіцёнкам-сынам перад тым, як схапіцца з цмокам.

— Тут, на гэтым святым месцы, мы пабудуем замак, — сказаў князь, паслухаўшы песню, і адбіў зямны паклон магіле

Цудоўны замак пабудавалі княжацкія дружыннікі і жыхары паселішча на ўзвышэнні правага берага Дняпра, дзе ў магутную раку ўпадала пакручастая Чорначка.

Разгараўся прамяністы дзень. Цёплы лагодны вецер варушыў русыя кучары, што рассыпаліся па шырокіх плячах князя. З-за крутой лукавіны-ракі ляцелі гартаныя галасы: «Зло-обін!..», «Зло-обін!..» Папераджальна перагукваліся плытагоны, якія вірлівую лукавіну лічылі злобным месцам.

Князь задумліва пазіраў на Дняпро. «Зло-обін!..» — гукнулася ў яго душы гордым рыкам зубра ў пракаветнай пушчы, сярэбраным звонам жаўрука ў высокім небе, мяккім пошумам сонечнага ветру ў яркіх зарэчных красках. А яшчэ — песняй-плачам Петрака ў жалобным голасе лірніка. Доўга князь стаяў незварушна, потым сказаў:

— Замак будзе Злобін.

Многа бур і навальніц прашумела над Злобінам, многа спусташальных войнаў прагрымела за вякі. У іх агні дымам пайшоў замак. А паселішча ўсё вытрымала, перажыло. Сівые стагоддзі гартавалі яго і гадавалі. З цягам часу яно стала мястэчкам, а затым горадам Жлобінам.

Мужнее і прыгажэе старажытны Жлобін на несціханай, нястомнай дняпроўскай хвалі, разрастаецца карнямі і кронай, бо жывуць тут мірныя, дбайныя людзі, патомкі асілка Петрака.


РАМАНС ВІЕЛЬГОРСКАГА


Чарговае пісьмо з Яснай Паляны было, як і ранейшыя, кароткае, але шчырае і цёплае. Леў Талстой дзякаваў Міхаілу Сяргеевічу за ілюстрацыі, дзяліўся ўражаннямі ад іх.

То былі ілюстрацыі да рамана «Вайна і мір», які друкаваў часопіс «Русский вестник». Зрабіў іх ураджэнец Жлобіншчыны Міхаіл Сяргеевіч Башылаў.

Да нашых дзён дайшло адзінаццаць пісем Льва Мікалаевіча мастаку. «Я адчуваю, што магу быць карысным вам сваімі заўвагамі. Я ўсё-такі ўсіх іх (выдзелена Талстым) ведаю больш за вас, і калі-нікалі пустая заўвага навядзе вас на думку. А я буду пісаць з выпадку вашых чарнавых малюнкаў усё, што давядзецца, а вы ўжо выбірайце, што вам патрэбна». Так пісаў Леў Мікалаевіч мастаку ў снежні тысяча восемсот шэсцьдзесят шостага года.

Вялікі Талстой скрупулёзна ставіўся да ілюстрацый Башылава, патрабавальна, але ўдумліва і тактоўна. Башылаву добра, ахвотна працавалася з аўтарам «Вайны і міра». Леў Мікалаевіч па-чалавечы ўважліва, чула ставіўся да мастака. Хто-хто, а ён ведаў, якое значэнне ў мастацкай творчасці мае клапатлівае сяброўскае слова. «Як ваша работа — карціна? — пацікавіўся Талстой у Міхаіла Сяргеевіча. — Дай вам Бог поспеху і задавальнення ў працы — гэта лепшае шчасце». Шчырыя, цёплыя гэтыя пажаданні Леў Мікалаевіч выказаў мастаку, маючы на ўвазе карціну «Селянін у бядзе», над якой той працаваў.

Забягаючы наперад, скажу, што названую карціну Башылаў потым выставіў на акадэмічнай выстаўцы.

Міхаіл Сяргеевіч зрабіў трыццаць ілюстрацый да славутага рамана. Перадаў малюнкі ў друкарню Рыса, дзе мелася выдаваць кнігу, для гравіравання. І тут здарылася бяда — у друкарні ўзнік пажар. Ілюстрацыі і зробленыя па іх драўляныя клішэ згарэлі.

У кожнага чалавека бываюць часіны роспачы і пакутлівых сумненняў. Пасля пажару ў друкарні напаткалі яны і Башылава. Ну вось ён столькі дзён і начэй аддаў сваёй напружанай працы, а што з таго? Хто пабачыць і ацэніць яе? Каго ўзрушыць яна, прымусіць задумацца, глыбей зазірнуць у сябе і ўважлівей агледзецца наўкола?.. Дык, можа, трэба было лепш аддацца вясёлым бяздумным уцехам — гульнуць у бесшабашных разудалых кампаніях з тройкамі і цыганамі, пазабаўляцца ў гарачым дзікім паляванні на ваўкоў і дзікоў?.. Дваранін жа, уладальнік маёнтка, палёў і лясоў...

Наваліліся цяжкія гадзіны пакутлівага роздуму, успамінаў. Думкі мітусіліся, скакалі, то чапляючыся адна за адну, як дзядоўнік, то рвучыся.

Вось ён, ружовашчокі сарамлівы хлапчук у сваім маёнтку Пірэвічы зімовым днем коўзаецца з горкі на санках. Куляецца ў снег, рагоча... Воддаль стаіць маці і, назіраючы за ім, усміхаецца. Пасля, калі яны вярталіся дадому, маці сказала яму: «Такім жа ціхім, марозным сонечным днём у дваццаць першым годзе ты нарадзіўся, сынок. Няхай жыццё тваё будзе такое ціхае і сонечнае».

Ды не судзіў яму лёс ціхае і безмяцежнае жыццё. Было яно чыстае, але цяжкае і трагічнае.

Бадай, самым моцным дзіцячым уражаннем была ў Міхася ўзрушанасць, якую ён адчуваў, калі клаў перад сабою аркуш паперы, каб маляваць. Тады яму здавалася дзіўнае: грудзі нібы расшыраліся... І гэтае выразнае ўражанне засталося ў яго на ўвесь век.

У аўдыторыях Харкаўскага універсітэта дзевятнаццацігадовы студэнт Міхась Башылаў пад уплывам прагрэсіўна настроенай моладзі, з якой хутка зблізіўся, адчуў прыліў творчых сіл і неспатольнае жаданне маляваць, маляваць… Неўзабаве ў альманаху «Молодык» з’явіліся з любоўю намаляваныя ім партрэты ўкраінскіх пісьменнікаў Катлярэўскага і Квіткі-Аснаўяненкі, іншыя творы. Тады ж ён стаў ілюстраваць у рукапісным зборніку творы Тараса Шаўчэнкі — паэму «Гайдамакі» і вершы з «Кабзара». Хораша тым часам было яму: маляваў і быццам піў цудоўную паэзію вялікага майстра мастацкага слова, быццам бачыў наяву неўміручыя вобразы геніяльных твораў. Хораша было і журботна, і трывожна, і горка.

Скончыўшы універсітэт, Міхась пажыў у Пірэвічах. У мароз, у аддігу, у дождж з першымі навальніцамі хадзіў ён па палях, лугах, і лёгкі, вясёлы быў яго малады крок. То быў час ягонага духоўнага ўзбагачэння ад салодкай далучанасці да чараўнічай прыроды радзімага кута, ад сустрэч з вясковымі людзьмі, багатымі і прыгожымі жыццёвай мудрасцю наросхрыст раскрытых душ.

Назаўсёды запомнілася Міхасю гаворка з іхнім пастухом Радзівонам. На двары Радзівон падыйшоў да яго, павітаўся і бойка спытаў:

— Малюеш, паніч?

— Так, малюю.

— Каго?

— Розных людзей.

— А ты нашага стадніка намалюй.

Міхась паглядзеў тады на дзівака паблажліва і з прыхаванай іроніяй: святая прастата! На другі дзень, калі пастух прыгнаў статак з пашы, ён міжвольна прыгледзеўся да рабага крутарогага быка і зразумеў: якое пільнае на красу вока ў Радзівона!.. Жывёліна была наўздзіў прыгожая сваёй магутнай стрыманай сілай, якая таілася ў яе буйной, велічнай істоце. Добра адпачыўшы дома пасля вучобы, Міхась Башылаў паехаў у Маскву. Уладкаваўся там перакладчыкам у архіве міністэрства замежных спраў. Адначасова вольным слухачом стаў наведваць заняткі ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу і скульптуры.

У гэтым самым вучылішчы Міхаіл Сяргеевіч пасля атрымаў пасаду інспектара. Там ён упершыню і сустрэўся з Львом Талстым, які даводзіўся яму далёкім родзічам. Башылаў быў дваюрадным дзядзькам Соф’і Андрэеўны, жонкі пісьменніка. Леў Мікалаевіч, нечакана захапіўпшся скульптурай, а дакладней — лепкай, як працэсам творчасці, нярэдка завітваў у вучылішча.

Аднак гэта было потым, у пачатку шасцідзесятых гадоў.

У першыя гады жыцця ў Маскве скупы на ласку Міхасёў лёс усё ж зрабіў яму падарунак — пазнаёміў з мастаком Жамчужнікавым, з якім яны пасябравалі на ўсё жыццё. Жамчужнікаў пільна сачыў за творчасцю сябра і высока ацаніў яго карціну «Прыйшло пісьмо ад сына». Прапанаваў яму — не, найбольш па-дружбацку запатрабаваў: пашлі яе ў Акадэмію мастацтваў у Пецярбург.

Акадэмія адзначыла карціну сярэбраным медалём.

Строгі, прынцыповы літаратурны крытык Дзмітрый Пісараў высока ацаніў малюнкі Міхаіла Сяргеевіча да кнігі пісьменніка Галіцынскага. «Яны нагадваюць сабой манеру Гаварні і выкананы вопытнай і майстэрскай рукою». Манеру Гаварні!.. Хто не ведаў тады Поля Гаварні! Знакамітасць, вышэйшы аўтарытэт у галіне ілюстрацыі мастацкіх твораў у тагачаснай Францыі!

Дасягненні і поспехі акрылілі мастака-ілюстратара Міхаіла Башылава ў далейшай працы — над камедыяй Грыбаедава «Гора ад розуму». Ілюструючы бессмяротны твор, ён чуў у сабе такое натхненне, якога не спазнаваў раней. I зрабіў адметныя малюнкі, якія высока ацаніла крытыка, з радасцю ўспрынялі аматары літаратуры і мастацтва.

На такім жа высокім узлёце працаваў Башылаў і над «Вайной і мірам». Ды тут гэты пажар. А за ім — зусім незразумелае, прыкрае і страшнае: неспадзяваны здрадлівы ўпадак сіл, нейкая тупая апатыя і страхатлівыя сумненні. Адкуль яно? Поспехі — не рэальныя, прывідныя? Міраж?.. Кінуць, адмовіцца ад усяго?.. А як жа сям’я — любая жонка Марыя Іванаўна, пяцёра дзяцей?..

Ткаліся, ткаліся думкі ў галаве. I на аснову былі, і на ўток. Падумаўшы пра жонку, Міхаіл Сяргеевіч нібы спытаў у яе: «Як, Маша?» Ну так жа, спытаў, бо адразу і пачуў — яна адказала: «Міша, а ты сам хіба яшчэ не да канца ўсвядоміў, што ілюстрацыя — доля твая, а не забава?» Яму падалося, што ён не падумаў, а ўсклікнуў: «Так, доля, аднак чаму раптам?..» Ён не хацеў гэтай думкі, абарваў яе рашуча, са злосцю. Баяўся, што за ёю прыдзе другая, якая стаілася на самым сподзе душы, бязлітасная і няўмольная: «Хвароба?..» Устаў з канапы, прайшоўся па пакоі. Крыху ссутулены, сіваваты, ён быў падобны на нейкага казачнага персанажа. «Не, маляваць, маляваць!..» Раптам нібы што скінуў з сябе, рашуча падышоў да раяля. «Любила я твои глаза, когда их радость озаряла…» Прыемны моцны барытон мякка, з лірычным натхненнем заспяваў раманс Мацвея Віельгорскага. Але ў голасе ледзь улоўна загучалі нейкія хрыплаватыя ноткі, якія аслаблялі яго.

За працу над творамі Салтыкова-Шчадрына мастак узяўся з ранейшым імпэтам. Глыбокія па зместу і ідэі «Губернскія нарысы» вымагалі выдатных ілюстрацый. Ён зрабіў іх каларытнымі, уражлівымі тонкай мастацкай пранікнёнасцю ў характары персанажаў неўміручых твораў. Малюнкі цешылі чытачоў часопіса «Художественный листок», які друкаваў іх у шэсцьдзесят восьмым — сямідзесятым гадах.

Гэта быў апошні ўзлёт Башылава-мастака. Цяжкая хвароба горла няўмольма абвастралася. Яна прымусіла Міхаіла Сяргеевіча пакінуць працу і паехаць лячыцца ў Ціроль. Але медыцына ўжо не ўратавала яго.

Хто ведае, пра што Міхаіл Сяргеевіч думаў у свае апошнія гадзіны жыцця. Можа, затухаючымі думкамі і пачуццямі ён на хвіліну перанёсся ў мілыя сэрцу Пірэвічы?.. У лістападзе тысяча восемсот сямідзесятага года ў горным мястэчку Боцан чужая зямля назаўсёды ўзяла ўраджэнца Беларускага прыдняпроўя, слыннага расійскага мастака Міхаіла Сяргеевіча Башылава. Аднак для нашчадкаў на радзіме ён - назаўсёды застаўся ў ілюстрацыях многіх кніг, у шматлікіх сваіх малюнках, дваццаць тры з якіх захоўваюцца ў маскоўскім музеі Льва Талстога. Зямляк наш жыве ў добрай памяці і беларусаў, і расіян, і ўкраінцаў, якую сардэчнымі словамі выказаў яго сябар Леў Жамчужнікаў: «Ён быў таленавіты ва ўсім і адукаваны выдатна; разбіраўся ў многіх навуках; ведаў некалькі моў, жывапіс, скульптуру, архітэктуру, разьбу па дрэву, іграў на раялі, што пажадаецца… цудоўна спяваў. Да ўсяго гэтага быў далікатны, добры і сумленны чалавек».

Цяпер, калі я задумваюся пра творчае жыццё Башылава, мне чамусьці заўсёды ўспамінаецца той раманс Віельгорскага.



ЯГО СІНЯЯ ПТУШКА



Жыццё Рыгора Арцёмавіча Васільева можна назваць цэлай эпохай. Складвалася яно драматычна і супярэчліва.

3 маленства, як і ўсе дзеці ў працоўных сем’ях, спазнаў Рыгорка нястачу і жорсткую, бязлітасную неабходнасць барацьбы за існаванне. Нарадзіўся і гадаваўся ён у вялікай сям’і чыгуначнага машыніста на станцыі Жлобін Лібава-Роменскай чыгункі. Бачыў, як цяжка працавалі маці з бацькам, дапамагаў ім чым мог, а тым часам прагнуў вучыцца.

Неадольная цяга да вучобы паспрыяла шустраму кемліваму хлапчуку паспяхова скончыць пяцігадовую школу, паступіць у Гомельскае тэхнічнае вучылішча. Там ён прыахвоціўся да мастацкай літаратуры. Чытаў Горкага, Някрасава, Кальцова, Чэхава, Эміля Заля, іншых рускіх і замежных класікаў.

Знаёмства з творамі прагрэсіўных пісьменнікаў дапамагло станаўленню яго рэвалюцыйнай свядомасці, якая нарадзілася і ўсталёўвалася пад час сустрэч на нелегальных сходках навучэнцаў.

Ішоў дзевяцьсот пяты год. Рыгор Васільеў скончыў вучылішча, і па ўласнаму жаданню атрымаў накіраванне на работу Ў Забайкалле — на станцыю Верхнеудзінск (цяпер Улан-Удэ). Працаваў там слесарам у чыгуначным дэпо.

Як вядома, то быў час, калі рабочы рух у Расіі дасягнуў свайго апагею. Неўзабаве Васільеў зблізіўся з рэвалюцыйнай часткай рабочых і ўвайшоў у Верхнеудзінскую групу Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Па даручэнню групы арганізаваў нелегальную бібліятэку, збіраў членскія ўзносы, друкаваў пракламацыі на гектографе. Сумесна з іншымі таварышамі распаўсюджваў сярод рабочых і ў вагонах воінскіх эшалонаў, якія праходзілі цераз станцыю, нелегальную літаратуру. Рэвалюцыйныя ідэі разліваліся «по диким степям Забайкалья, где золото роют в горах». Суровы і грозны быў напор рэвалюцыі.

У дзевяцьсот сёмым годзе Рыгора Васільева напаткала доля, якая была наканавана многім рэвалюцыянерам пад час разгулу царскай рэакцыі. Ён трапіў на чатыры гады за краты катаржнай турмы.

Шлях на Нерчынскую катаргу быў бесчалавечным катаваннем. Дзвесце пяцьдзесят кіламетраў пяшком па сумна вядомай «Уладзімірцы» запомніліся Васільеву як страшны кашмар. Чатырох-пяці кілаграмаў жалезныя кайданы на нагах, у чаравікі забіваюцца каменьчыкі і пясок… Ногі расцёрты да ран, а ты ідзі, не спыняйся, інакш канвой падахвоціць цябе прыкладам па спіне.

Нарэшце «Уладзімірка» кончылася. Арыштанты прыйшлі ў пункт прызначэння — турму Акатуй. Канчаткова змучаныя, знясіленыя, з парасціранымі акрываўленымі нагамі.

Грозная была Акатуеўская катаржная турма — рэжым суровы, жорсткі, бязлітасны. Цяжкія дзверы яе камеры пад нумарам два шчыльна зачыніліся за Васільевым. Надыхаўся ён там да ўдушша, да зморы астрожнай тхлінай. Але не зламаўся, не прадаў душу супастатам.

Адзінае, што мелі там катаржнікі «для душы і сэрца», былі кнігі. Палітычным зняволеным дазвалялася атрымліваць іх ад родзічаў і знаёмых, а таксама ад некаторых выдавецтваў. За многія гады «палітыкі» стварылі ладную бібліятэку, якую ашчаджалі і аберагалі. I яна стала для іх «турэмным універсітэтам», у якім яны дапаўнялі і развівалі свае веды.

3 узрушанасцю і душэўнай цеплынёй успамінаў Рыгор Арцёмавіч гутаркі з таварышамі аб прачытаных кнігах. У іх раскрываліся душы і характары людзей. Пад час такіх гутарак ён прасякнуўся асабліва глыбокім пачуццём да мінчаніна Інгелевіча, палюбіў яго як брата.

Да арышту Інгелевіч працаваў кандуктарам у Верхнеудзінску як мабілізаваны на Японскую вайну. У канцы дзевяцьсот пятага года з Чыты ў Верхнеудзінск сацыял-дэмакраты паслалі вагон вінтовак. У Пятроўскім заводзе жандары затрымалі вагон. Каб выручыць яго, верхнеудзінцы падрыхтавалі спецыяльны цягнік з трох вагонаў. Трэба быў галоўны кандуктар да гэтага цягніка. Васільеў пагутарыў з Інгелевічам, і той сказаў: «Вінтоўкі неабходна адабраць у жандараў, бо яны патрэбны рабочым». За гэтую аперацыю ён і атрымаў катаргу.

У камеры ўсе паважалі Інгелевіча, ціхага, спакойнага чалавека, немаладога веку. Любілі слухаць легенды і былі пра Беларусь, якія ён задушэўна расказваў. У словах яго, пра што б ён ні распавядаў, заўсёды чулася беззапаветная любоў і адданасць роднай зямлі. I гэта асабліва было дорага Васільеву.

Нарэшце настаў апошні дзень катаргі. Дваццаць шэсць гадоў было Рыгору Васільеву, калі ён выйшаў за вароты Акатуеўскага астрога. Але няволя яго на тым не скончылася. Царскія ўлады вызначылі яму пажыццёвае пасяленне ў Якуціі.

Якуцкая ссылка была для палітычных ссыльных турмой без кратаў. Там яны не мелі ніякіх правоў. Матэрыяльна не былі забяспечаны, цярпелі нястачы, жылі ў беднасці.

Пры значнай колькасці ссыльных у Якуцку, невялікім гарадку, цяжка было знайсці работу і заробак, асабліва ў доўгую сцюдзёную зіму. Надломваліся душэўныя сілы — няўжо так будзе да канца дзён?.. Скруха і роспач камянямі навальваліся на душу Васільева, рваў-шкуматаў яе горкі адчай: «Дзе ж мае вараныя!..»

Але бунтоўная мяцежная воля яго ўпарта змагалася з навалай. Ён са злосцю адпрэчваў прыкрую, здрадлівую паняверку. Не, праўда заўсёды перамагала крыўду, інакш не было б жыцця. У неверагодных цяжкасцях, часам у смяртэльнай барацьбе, а перамагала… Успаміналася бацькава замова: «Гартуй свой рабочы дух, сын». На памяць прыходзіў Кальцоў, якога чытаў у вучылішчы: «Развернись плечо, размахнись коса!..» I быццам чуў, як выпроствалася спіна, напружваліся мускулы. На змену роспачы тады прыходзілі мары. Як жа можна было жыць бяскрыла, без іх?!.

Некалі нямецкі філосаф Фіхтэ ўсклікнуў: «Няхай пакіне мяне ўсё астатняе, толькі б не пакінула мужнасць!». Васільева мужнасць не пакінула.

У ссылцы Рыгор Арцёмавіч працаваў па найму ў жыхароў Якуцка і ў заможных сялян, «сектантаў-скапцоў», у прыгарадным паселішчы Марха на ўборцы ўраджаю ў час кароткага паўночнага лета. Давялося яму таксама працаваць з тэадалітам і нівелірам у глебава-батанічнай экспедыцыі Пецярбургскай акадэміі навук, рамантаваць сельскагаспадарчыя машыны на складзе абласнога агранома і ў сялян, навучаючы іх рабоце на гэтых машынах.

На рамонце машын у агранома ён пазнаёміўся са ссыльным дэпутатам царскай Думы Рыгорам Іванавічам Пятроўскім, які таксама там працаваў.

У Якуцку ў той час ужо існавала арганізаваная група сацыял-дэмакратаў, у якую ўваходзіў і Рыгор Васільеў. 3 прыбыццём у Якуцкую ссылку Пятроўскага, Арджанікідзе і Емяльяна Яраслаўскага група акрэпла арганізацыйна і ідэалагічна. Чыталіся лекцыі, рэфераты і даклады, праводзілася рэгулярная гуртковая работа.

Намаганнямі палітычных ссыльных і з іх непасрэдным удзелам у горадзе неаднаразова выдаваліся газеты дэмакратычнага накірунку, якія часта закрываліся мясцовай адміністрацыяй. Адной з такіх газет была «Якуцкая акраіна». Яна выходзіла да семнаццатага года і сваімі публікацыямі адыграла значную ролю ў перадрэвалюцыйных падзеях.

Васільеў актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці, пад псеўданімам друкаваў свае заметкі і допісы ў «Якуцкай акраіне». Ён быў чалавекам веры. I яна вяла яго, маладога і гарачага, па цярністым шляху рэвалюцыі.

Ішоў чырвоны семнаццаты год. Між цёмных хмар мільгануў прамень надзей.

Звесткі аб лютаўскай рэвалюцыі даляцелі да ссыльных хутка — праз умоўную прыватную тэлеграму з Еўрапейскай часткі Расіі. Адразу ў Якуцку быў створан рэвалюцыйны камітэт. Атрад пасяленцаў заняў пошту, тэлеграф, і ўсе чыноўнікі падпарадкаваліся камітэту. На чале рэвалюцыйнай улады — камісарам Часовага Урада — стаў Рыгор Іванавіч Пятроўскі.

3 першых дзён ссыльныя наладжвалі мнагалюдныя сходы гараджан, на якія запрашалі прадстаўнікоў мясцовага гарнізона. На сходах яны растлумачвалі задачы рэвалюцыі. Нястомны Васільеў не ведаў у гэтай справе ўгамону.

У канцы мая, калі скупое паўночнае сонца растапіла на Лене лёд, параходы адзін за адным павезлі з Якуціі ўчарашніх ссыльных. Скончылася іхняе бяспраўнае існаванне.

Улетку Рыгор Арцёмавіч вярнуўся ў Беларусь, прыехаў у Гомель. Акрыленая свабодай душа прагнула працы. I вось ён — на Гомельскім дрэваапрацоўчым заводзе, начальнік цэха. А неўзабаве па волі рабочых прадпрыемства яго прызначылі дырэктарам. «Цяпер, Рыгор Арцёмавіч, шукай і разгадвай сваю Сінюю птушку»,— патэтычна сказаў ён сам сабе, з галавой акунаючыся ў працу.

Ды мірна працаваць перашкодзіла яму вайна. На польскім фронце ён адбудоўваў масты цераз Дняпро, іншыя вялікія і малыя рэкі.

У дваццаць другім годзе Васільеў назаўсёды вярнуўся на чыгунку. Трэба было адбудоўваць краіну, а ў гэтых абставінах кожны павінен рабіць сваю справу… I чыгунка стала яго жыццём.

У асабовай справе Рыгора Арцёмавіча ёсць даведка, што яму выдадзена грашовая прэмія за тэхнічнае ўдасканаленне пагрузкі ваганетак «Артур-Копель», якое дало значную эканомію ў выкарыстанні рухомага саставу.

Айчына будавала Туркестана-Сібірскую чыгунку, каб злучыць Сібір і Сярэднюю Азію. Для асноўных працаёмкіх земляных работ будоўлі (насыпкі і выемкі грунту) патрабавалася толькі з Краматорскага завода Украіны перавезці дзве тысячы перакульных ваганетак «Артур-Копель». 3-за вострага недахопу рухомага саставу наркамат шляхоў зносін мог выдзеліць толькі дзве платформы ў суткі. Па шэсць ваганетак на платформу — гэта значыць цэлага паўгода вазі іх!

А «Турксіб» калі будаваць?..

Васільеў у той час працаваў ва ўпраўленні «Турксіба». Ён вынайшаў такі спосаб укладкі ваганетак, што іх на дзевяціметровую платформу грузілі ажно два дзесяткі! Гэтым дасягалася эканомія і ў тэрмінах дастаўкі, і ў расходах на перавозку ў тры разы.

«Турксіб»!.. Які высокі працоўны пад’ём, кіпучы дух творчага энтузіязму панаваў на будоўлі! Цягнікі пайшлі па сталёвых рэйках на год раней запланаванага тэрміну!..

То была самая шчаслівая пара ў жыцці царскага катаржніка Васільева. Радасна ўзрушаны, ён гаварыў сабе: дзеля гэтага варта было і кайданамі празвінець па «Уладзімірцы».

Але здаралася і такое. Людзі, якія працавалі разам з ім, іншы раз бачылі: раптам ён ссуне густыя доўгія бровы, пасядзіць моўчкі, як скамянелы, і ціха заспявае сам сабе: «Далеко в стране иркутской, между двух огромных скал, обнесен большим забором Александровский централ»… Ён, відаць, з болем у сэрцы ўспамінаў тых пакутнікаў за волю, што з царскай ласкі назаўсёды засталіся ў мёрзлай зямлі Сібіры.

Доўгі час Рыгор Арцёмавіч працаваў у праектных інстытутах сістэмы Міністэрства шляхоў зносін. Ен зрабіў многія рабочыя макеты, у якіх увасабляліся тэхнічныя ўдасканаленні і новыя распрацоўкі інжынераў і канструктараў, унёс многа ўласных рацыяналізатарскіх прапаноў.

Здавалася б, прымітыўная рэч — труба. А як яна, вынайдзеная Васільевым, паспрыяла здароўю чалавека і якую дала карысць чыгунцыі

Паравозы, што знаходзіліся ў дэпо, дымам капцілі сцены, сера з’ядала жалезныя перакрыцці. Дым ад вугалю шкодзіў лёгкім і вачам людзей. Рыгор Арцёмавіч сканструяваў складную трубу. Верхняя частка яе мацавалася на даху дэпо. Дзве другія канцамі ўваходзілі адна ў адну і з дапамогай блока і троса апускаліся на трубу паравоза. Дым, такім чынам, выходзіў вонкі. Проста і здорава!

Шмат іншых тэхнічных распрацовак неўтаймоўнага рупліўца выкарыстана ў вытворчасці, у працоўнай практыцы складанага гаспадарчага механізма чыгуначнага транспарту. Калі ў Рыгора Арцёмавіча пыталі, адкуль у яго такая любоў і цяга да чыгункі, ён стрымана, але з гонарам адказваў:

— Ад бацькі. Мы з ім аднаго замесу.

Так, ад бацькі ён унаследаваў і гэтую любоў, і народную творчую здольнасць, а ад маці — разважлівасць і непадкупную, шчырую прастадушнасць. На этапах, у турмах, у ссылцы не страціў ён прыязнасць і чуласць да людзей. Чалавеку служыў, чалавеку дапамагаў, на чалавека абапіраўся ў нялёгкія часіны свайго жыцця.

Да старасці Рыгор Арцёмавіч прыйшоў з вялізным багажом працоўных здабыткаў і высокім прызнаннем іх грамадскасцю, дзяржавай. Міністэрства шляхоў зносін Савецкага Саюза надало яму званне «Ганаровы чыгуначнік», а ўрад узнагародзіў ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Жывучы ў Маскве, Рыгор Арцёмавіч трымаў пастаянную сувязь з землякамі, чыгуначнікамі Жлобіна. Прысылаў ім свае распрацоўкі, прапановы і проста сяброўскія пісьмы. Адным з апошніх было яго шчырае, пранікнёнае пісьмо на пачатку семдзесят другого года.

А неўзабаве стомленае, спрацаванае гарачае сэрца спынілася. I ён, як і хацеў таго, на вечнае пасяленне вярнуўся ў роднае прыдняпроўе. Прах яго аддадзен зямлі на жлобінскіх могілках.

Бельгійскі пісьменнік Морыс Метэрлінк эпіграфам да сваёй сусветна вядомай п’есы «Сіняя птушка» напісаў: «Мёртвыя, дзе іх памятаюць, жывуць так, быццам і не паміралі».

На Жлобіншчыне Рыгора Арцёмавіча Васільева памятаюць. 3 ім прыляцела сюды і яго Сіняя птушка — яго трапяткая мройная тайна шчасця працоўнага чалавека,— якую ён шукаў усё жыццё.


ГРЭНАДЗЁР



У цяперашнія часы мы прывыклі да таго, што многія нашы грамадзяне, і мужчыны, і жанчыны, людзі старэйшага пакалення і моладзь, удастоены ордэнаў, медалёў. За подзвігі ў абароне Айчыны, за працоўную доблесць.

За царскім часам простага чалавека таксама ўзнагароджвалі ордэнамі і медалямі, але толькі за подзвігі на полі ратным.

У Жлобінскім філіяле Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці на гэты конт захоўваюцца цікавыя дакументы. Пажаўцелыя ад часу паперы тыя наклікалі ўдумныя развагі. Салдат… Грэнадзёр… Буйная галава…

Са шматлікіх песен, якія чуў я ў дзяцінстве ў роднай хаце, запомнілася мне і вось гэтая:

— Солдатушки, бравы ребятушки,

А кто ваши деды?

— Наши деды — славные победы.

Вот кто наши деды!

Цяпер словы песні сталі набываць для мяне канкрэтны сэнс і маляваць вобраз. Мне ўяўляўся бравы грэнадзёр з прыгожымі заліхвацкімі вусамі, з бездакорнай салдацкай выпраўкай. Я не толькі бачыў таго ўяўнага грэнадзёра, а і ведаў яго імя: Павел Міхайлавіч Канаплянікаў, наш зямляк.

Раней мы ўпарта замоўчвалі пра герояў першай сусветнай вайны. Якімі яны маглі быць героямі? Вайна імперыялістычная, вёў яе царызм у інтарэсах памешчыкаў і капіталістаў… Аднак жа салдаты праяўлялі доблесць і геройства.

Чаму?.. Бо трэба было вызваляць захопленую войскамі германскага кайзера тэрыторыю Расійскай дзяржавы.

Думаючы пра салдата Паўла Канаплянікава, я часта бачыў яго то ў полі, то на сенажаці, то ў вясковай хаце на вечарынцы… На першым часе здзіўляўся: адкуль, з чаго ідуць такія ўяўленні? Пасля зразумеў: натуральнае людское жаданне — бачыць чалавека прыгожым. А духоўная прыгажосць яго найперш высвечваецца ў звычайных жыццёвых праявах кожнага дня. Салдатам жа героем можа быць толькі прыгожы душою чалавек. Вунь у гэтай, Айчыннай вайне!.. Усе тыя беззапаветна адчайныя і смелыя, каго я спазнаў на вогненных партызанскіх сцежках і перунова-грымотных франтавых дарогах, былі людзі сумленнага, чыстага гарту.

Часта ўспамінаць Паўла Міхайлавіча я стаў пасля таго, калі ўмацаваўся ў думцы напісаць пра яго нарыс. Дык што ж ён доблеснае здзейсніў?

…Па заснежанаму полю, ледзь не спластоўваючыся з долам, паўзе ў варожы стан ланцужок разведчыкаў. У акопе на касагоры — імгненная рукапашная схватка, здушаны стогн звязанага па руках, з кляпам у роце кайзераўца. I рухавы ланцужок з «языком» — назад. А ў выніку — загад па чацвёртаму армейскаму корпусу ад трыццаць першага студзеня пятнаццатага года, згодна з якім яфрэйтар сто семнаццатага Яраслаўскага палка Павел Канаплянікаў узнагароджваўся Георгіеўскім крыжам чацвёртай ступені.

Лета тысяча дзевяцьсот пятнаццатага года. На фронце старшы унтэр-афіцэр Канаплянікаў удзельнічае ў цяжкіх, упартых наступальна-вызваленчых баях, за што ўдастойваецца Георгіеўскага медаля чацвёртай ступені.

У верасні таго года варожая куля знайшла на полі бою адважнага воіна. Лячэнне, кароткая перадышка ў шпіталі і — зноў фронт.

Гарачыя атакі і контратакі кулямётнай каманды «Кольт» таго ж Яраслаўскага палка. Імя Канаплянікава грыміць славаю далёка за межамі палка. Разгром роты варожых уланаў; захоп нямецкай гаўбічнай батарэі; перамога ў баі за пераправу цераз балотную рэчку, што забяспечыла далейшае імклівае наступленне і выратаванне замініраванай немцамі вясковай царквы, у якой яны зрабілі свой артылерыйскі склад… А за ўсё гэта да ранейшых узнагарод на салдацкай гімнасцёрцы Паўла Міхайлавіча дадаліся Георгіеўскі крыж трэцяй ступені і яшчэ адзін Георгіеўскі медаль.

Старшаму унтэр-афіцэру Паўлу Канаплянікаву спадарожнічала не толькі слава адважнага воіна, а і таварыскае давер’е, пашана салдат і афіцэраў, якія яго ведалі. Яны аднагалосна абралі яго запасным членам дысцыплінарнага суда кулямётнай каманды. I гэта не выпадкова. За вялікі гонар лічылі ўзнагароджанне салдацкім Георгіеўскім крыжам не толькі салдаты, а і лепшыя рускія афіцэры.

3 усяго сказанага вышэй вынікае адназначна: Павел Міхайлавіч Канаплянікаў быў расійскім патрыётам. Не сацыяльнага строю дзяржавы, не — патрыётам Айчыны.

Працуючы над гэтым нарысам, я прыгадаў, што некалі бачыў у часопісе «Наше наследие» групавыя здымкі салдат царскай арміі. Адшукаў часопіс, яшчэ раз паглядзеў тыя здымкі. На адным вялікі гурт стаіць паўкругам, хлапчук вясковага аблічча іграе на дудцы, а двое весялуноў заліхвацкі вытанцоўваюць упрысядкі. Мне падумалася: сярод іх, можа, знаходзіцца і Павел Міхайлавіч; гэта ён, можа, выкідвае такія каленцы?..

А як склаўся далейшы лёс грэнадзёра?

У войску Канаплянікаў жыў у акрасе салдацкай славы, а сам у часы кароткіх франтавых перадыхаў сніў сны, што густа пахлі збажыной і лугавымі травамі. Калі адшумелі ваенныя ліхалецці, ён вярнуўся ў роднае прыдняпроўе, у вёску Грабск.

Сялянская душа прагнула працы на зямлі. Быў ён голы, як стары венік і разжываўся з мазаля.

Ішоў час. Павел Міхайлавіч гадаваў пецярых дзяцей, і больш за дзесяць гадоў членам сельсавета ўсталёўваў савецкую ўладу на вёсцы. У трыццатых уступіў у калгас. Неаднойчы выбіраўся членам праўлення калгаса.

У Айчынную вайну ён ледзь не паплаціўся галавой за свой клопат пра грамадскае дабро.

Калі немцы занялі Мінск, ён заявіў на праўленні:

— Я гэтага ворага ведаю, сустракаўся з ім. Неабходна гнаць жывёлу глыбей ў тыл.

Знайшліся такія, што засыкалі на яго:

— Не панікуй, Міхайлавіч, не трэба. Баязлівец і панікёр — вораг.

Але ён упарта стаяў на сваім: «Не меншы, можа, вораг і той, хто кажа, што шапкамі закідаем фашыста».

Гітлераўцы, якія адразу сталі ладзіць свой «новы парадак», грозна запыталі ў вяскоўцаў: дзе калгасная жывёла?.. Нейкі гад шапарнуў ім, што кароў выгналі па настаянню Канаплянікава. Яго арыштавалі. «Бальшавік? Навошта справадзіў жывёлу?» — «Той, хто справадзіў яе, цяпер недзе з ёю. А я тут вось, перад вамі»,— смела адказаў Павел Міхайлавіч.

Дзесяць дзён марнавалі яго ў арыштанцкай. Вяскоўцы дружна заступіліся за земляка, якога глыбока паважалі за дабрату і шчырасць: «Не, гэта старшыня калгаса перад тым, як пайсці ў войска, так распарадзіўся».

Той дзень, калі Павел Міхайлавіч вызваліўся з-пад арышту, быў і выратавальнікам яму, і днём наказной бацькоўскай гаворкі з дзецьмі. Тады ён як заклён перадаў ім тое сваё, з чым нязбочна ішоў праз сваё цяжкае, супярэчлівае жыццё: «Белы свет прыгожы чалавекам. Жывіце, дзеці, для людзей, і людзі будуць жыць для вас».

Такія вось былі яны — «солдатушки, бравы ребятушки». Так, «Наши деды — славные победы. Вот кто наши деды!»


ШУКАЛЬНІК НЕЗВЫЧАЙНАГА СВЯТЛА



У Беларускім дзяржаўным універсітэце я сустрэўся на лесвічнай пляцоўцы з высакаватым сівагаловым мужчынам. Мы чамусьці з увагай зірнулі адзін на аднаго, і нечакана для сябе самога я спытаў у яго:

— Вы не скажаце, у якім годзе пабудавалі гэты будынак?

Ён задумаўся, стаў прыгадваць — калі ж?..

— То, можа, памятаеце, хто быў тады рэктарам універсітэта? — падступаўся я да галоўнага, што цікавіла мяне.

— Антон Нічыпаравіч Сеўчанка,— ажывіўся мой субяседнік.— Яму за новы ансамбль універсітэцкіх будынкаў прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы.— У пругкім прыемным голасе мне пачуўся прыхаваны гонар.

Не, высокае працоўнае званне Антону Нічыпаравічу прысвоілі, коратка кажучы, за ўсё разам. Але аб гэтым — пасля. Цяпер жа, не ўдаючыся ў падрабязнасці, толькі скажу: галоўны корпус універсітэта, які выходзіць фасадам на плошчу Незалежнасці, светлую ўкрасу Мінска, сапраўды велічнае, манументальнае збудаванне.

Ва універсітэт я хадзіў, каб пазнаёміцца ў яго музеі з экспанатамі, якія расказваюць пра Антона Сеўчанку. А перад тым пабываў у вёсцы Дзяніскавічы Жлобінскага раёна, дзе ён нарадзіўся і гадаваўся.

Нямногія, але хто-ніхто са старэйшых вяскоўцаў памятае шустрага, дасужага хлапчука. Гадаваўся ён у мнагадзетнай сям’і селяніна Сеўчанкі Нічыпара Маркавіча. I за статкам хадзіў, і за плугам. А ўсё з кніжкаю. У хвіліны адпачынку сядзе пад дрэвам дзе ці пад стогам сена — і зашамацеў старонкамі. Ці возьме розку і вычэрчвае нешта на зямлі, задачку нейкую рашае. Ведама — грамацей!.. Так і казалі пра яго вяскоўцы: «Грамацей Нічыпараў». Усе чамусьці лічылі, што ён будзе настаўнікам. Таму, можа, што ў тыя часы на вёсцы настаўнік быў самым паважаным і ганаровым чалавекам.

Ён і сапраўды стаў ім — добрым, чулым, удумлівым настаўнікам моладзі. Пасля заканчэння ў Дзяніскавічах пачатковай школы, вучыўся ў земскім вучылішчы, скончыў Рагачоўскі педтэхнікум. Працаваў настаўнікам, дырэктарам сямігодкі ў саўгасе «Жылічы».

Але лёс распарадзіўся так, што неўзабаве Сеўчанка пайшоў у навуку і стаў затым слынным вучоным. Ці мог ён, сельскі хлопец, думаць, што будзе шукальнікам незвычайнага святла?

Пачатак цяжкіх трыццатых гадоў… Краіна з усіх сіл намагалася наладзіць і развіваць эканоміку, навуку, культуру. Антон Сеўчанка ў трыццаць другім годзе паспяхова заканчвае Беларускі дзяржаўны універсітэт. Ва універсітэцкіх аўдыторыях юнак пачуў у сабе неадольную цягу да фізікі. I каліатрымаў дыплом, з палкім маладым задорам пажартаваў сам сабе: «Антон, не ўсе яшчэ законы фізікі адкрылі людзі, пастарайся». Ён сказаў і збянтэжыўся: задавака… А тым часам пацвердзіў сваё рашэнне: працягвай вучобу.

Сур’ёзна і глыбокадумна аддаўся малады дапытлівы спецыяліст вучобе і навуковым даследаванням у аспірантуры фізіка-матэматычнага інстытута Акадэміі навук Савецкага Саюза, а затым у Дзяржаўным аптычным інстытуце ў Ленінградзе. Навуковым кіраўніком яго ў гэтых інстытутах быў акадэмік Сяргей Іванавіч Вавілаў. У трэцім выданні «Малой савецкай энцыклапедыі» пра Вавілава напісана: «Ім створана вялікая школа савецкіх фізікаў-оптыкаў». Адным з тых школьнікаў быў Антон Сеўчанка.

Кожны ўзлятае на тую вышыню, якая яму даступна па даўжыні крылаў. Антон Нічыпаравіч выканаў шэраг работ, прысвечаных вывучэнню палярызацыі люмінесцэнцыі раствораў фарбавальнікаў. Гэта і стала зместам яго кандыдацкай дысертацыі.

У час Вялікай Айчыннай вайны ім былі распрацаваны і ўкаранёны люмінесцэнтныя метады святломаскіроўкі і шэраг іншых прымяненняў фізічнай оптыкі ў ваеннай справе.

Вось напісаў я гэтую фразу і падумаў: якая яна сухая і скупая. А што ж за ёю стаіць?.. А тое, што ў вайне, дзякуючы распрацоўкам вучонага, былі выратаваны многія-многія жыцці чырвонаармейцаў, зберажона шмат зброі і вайсковай тэхнікі.

Пасля вайны Сеўчанка засяродзіў увагу на тым, каб вывучаць свячэнне ўранілавых злучэнняў. Цікавыя вынікі былі атрыманы пры даследаванні выяўленай ім палярызацыі свячэння ўранавага шкла. Сукупнасць даследаванняў аб люмінесцэнцыі ўранілавых злучэнняў, праведзеных на працягу дзесяці гадоў, склала змест доктарскай дысертацыі, якую ён абараніў у пяцьдзесят другім годзе.

Высока характарызаваў Сеўчанку як вучонага акадэмік Вавілаў. Ён пісаў, што Антон Сеўчанка стаў выдатным фізікам. У сваіх манаграфіях ён не раз спасылаўся на работы былога вучня, гаворачы пра іх вялікае тэарэтычнае і практычнае значэнне.

Па жыцці Антон Нічыпаравіч, шчаслівы, удумны аптыміст, крочыў упэўнена і горда. Ён быў цікавым, змястоўным чалавекам, які глыбока разумеў свае грамадзянскія абавязкі, усведамляў людскую прыстойнасць, умеў жыць і працаваць захоплена і самааддана.

У пяцьдзесят трэцім годзе доктара фізіка-матэматычных навук прафесара Сеўчанку выбіраюць акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. Ён пераязджае з Ленінграда ў Мінск.

За кароткі час Антон Нічыпаравіч арганізаваў у акадэміі і ўзначаліў інстытут фізікі і матэматыкі. Разам з навуковай дзейнасцю дырэктар інстытута вёў вялікую арганізатарскую і педагагічную работу. Стварыў калектыў маладых вучоных, якія паспяхова працавалі ў сферы люмінесцэнцыі. Моладзі было цікава з ім. Сеўчанка казаў:

— Знайшоў гіпотэзу — капай углыбіню, шукай доказы, з якіх яна вынікае. Бо толькі яны адкрываюць навуковую ісціну, аб’ектыўны закон. Так што капай да сёмага поту, да знямогі, а знаходзь.

3 гэтым не паспрачаешся. Многія вучні яго сталі сур’ёзнымі навукоўцамі, «капалі да сёмага поту».

Пяцьдзесят трэці год крута павярнуў жыццё акадэміка Сеўчанкі ў новае рэчышча, узняў яго на высокую хвалю. Антон Нічыпаравіч быў прызначаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя Леніна.

— Вялікаму каню, Антон Нічыпаравіч, і хамут вялікі,— жартавалі сябры, віншуючы яго з высокай пасадай.

Прызначэнне гэтаё Сеўчанка ўспрыняў з усёй адказнасцю. Універсітэт — флагман вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі, ён і кузня кадраў, і цэнтр навукі. Цэнтр гэты будзе жыць паўнакроўным жыццём, калі ўсе — і выкладчыкі, і студэнты — стануць і розумам, і сэрцам усведамляць, што кожны з іх — яго жывая часціна… Менавіта гэтыя словы, сказаўшы на сходзе прафесарска-выкладчыцкага саставу, рэктар удакладніў:

— Калі кожны тут, як у нас у Дзяніскавічах кажуць, будзе адчуваць сябе ў сваёй талерцы.

Прысутныя засмяяліся і заапладзіравалі.

Клопатаў у рэктара было — хоць адбаўляй. Найпершы, канешне,— навучанне студэнтаў. Трэба было таксама — жыццё вымагала настойліва і патрабавальна — і пашыраць кола спецыяльнасцей, па якіх вялася падрыхтоўка кадраў, і шырэй разгортваць навуковую работу. А тут яшчэ — гэтая будоўля… На будынкі размахнуліся — дай божа! Каб задавальнялі ўсе сучасныя патрабаванні. Дык тут глядзі дый глядзі!..

Тыя, хто працаваў тады з Сеўчанкам, кажуць: на ўсё яго хапала.

А таксама яшчэ расказваюць: не ўсюды ўсё, аднак, ішло гладка, не. Былі ў калектыве і разыходжанні, часам прынцыповыя, па самых розных праблемах жыцця універсітэта. Але Сеўчанка нікога не падаўляў сваім аўтарытэтам, не глушыў катэгарычнасцю свабоду мыслення і не прыніжаў чалавечую індывідуальнасць.

Дзіўныя рэчы іншы раз адбываюцца з чалавекам! От я напісаў гэты абзац, і падумалася мне: каб хто тады папытаў у Антона Нічыпаравіча, чаму ён іменна так паводзіў сябе ў калектыве, што б ён адказаў? I адразу на маю думку прыйшло хай сабе і крыху дзіўнаватае, але бясхітраснае, простае тлумачэнне: «Дык так жа ў нас у Дзяніскавічах робяць».

Тагачасны студэнт універсітэта, а цяпер вядомы беларускі паэт Мікола Чарняўскі напісаў у адным са сваіх вершаў: «Там колас важкі вырастае, дзе гнаў з душою баразну».

Гаворачы пра Сеўчанку-рэктара, з поўным правам можна сказаць: сваю баразну ён гнаў з душою. Антон Нічыпаравіч, не будучы сентыментальным чалавекам, меў добрае, шчырае сэрца, быў уважлівым і чулым да выкладчыкаў, да студэнтаў — да ўсіх, з кім працаваў і знаўся.

Расказваюць такі выпадак. Гурт студэнтаў, сярод якіх быў і Рыгор Барадулін, студэнт філалагічнага факультэта, запярэчыў супраць распарадку па арганізацыі заняткаў на ваеннай кафедры. Канфлікт набыў прынцыповы характар. Барадуліна абвінааацілі ў завадатарстве, і некаторыя гарачыя галовы з кафедры паставілі пытанне рубам: выключыць яго з універсітэта. Рэктар, можа, тады ўжо разгледзеў, што гэты просты хлопец з цягам часу магутна і звонка праявіць свой адметны літаратурны талент?

— Лічыш, малады чалавек, што для цябе вучэбная дысцыпліна не абавязковая? — Пільныя вочы за шкельцамі акуляраў пазіралі строга, і ў голасе гучала строгасць, але Барадулін, акрамя дакору пачуў у ім і смутак, і шкадаванне.

Усяго толькі адной гэтай простай, спакойнай фразай паўшчуваў Сеўчанка Рыгора Іванавіча, а запомнілася яна будучаму народнаму паэту Беларусі назаўсёды. I цяпер, праз столькі гадоў, ён чуе ў голасе Антона Нічыпаравіча клопат і ўвагу да студэнта, да чалавека.

Яшчэ з таго часу, калі сам быў студэнтам, Сеўчанка зразумеў: універсітэт — гэта першакласная навука. Таму ён, рэктар, усяляк заахвочваў і вучоных, і студэнтаў, каб яны шукалі, адкрывалі, вынаходзілі. Але пры ўсім тым, каб кіраваліся няўхільным прынцыпам, які яшчэ ў мінулым веку абвясціў навуковаму свету англійскі фізік, член Лонданскага навуковага таварыства Уільям Гровэ: «Сапраўдная навука не ведае ні сімпатый, ні антыпатый, адзіная мэта яе — ісціна».

Як кіраўнік універсітэта, Антон Сеўчанка вызначаўся маштабным, сапраўды дзяржаўным мысленнем. Тое ж самае можна пра яго сказаць і як пра грамадзяніна. Ён настолькі аддаваўся рабоце, што часам здавалася: браў на сябе больш таго, што мог… А браў ён не толькі сам, на яго воз і падкладвалі. Член прэзідыума Акадэміі навук Беларусі, дэпутат Вярхоўных Саветаў рэспублікі і Саюза, член Цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі… Там жа таксама трэба было працаваць. I ён сумленна працаваў. Ён лічыў, што чалавек, якому дадзена адкрываць законы навукі, павінен таксама актыўна ўдзельнічаць у грамадскім і дзяржаўным жыцці краіны. Менавіта ж там нярэдка вырашаецца і лёс укаранення ў практыку таго, што наработана ў навуковых лабараторыях і калектывах.

Аднак жа чалавек — не перпетуум-мобіле, не вечны рухавік. Ды калі ён яшчэ, як у Дзяніскавічах кажуць, з досвітку да цёмнага ў хамуце.

Надышоў час, калі Антон Нічыпаравіч адчуў, што на сваёй пасадзе ўжо не дае ўсяго таго, што трэба грамадству.

I тады ён шчыра, з чыстым сумленнем саступіў дарогу маладзейшаму. Пры гэтым напаўжартам, напаўсур’ёзна сказаў:

— Ранавата паслабеў. Тая маланка, можа, так нашкодзіла?

Пад час вучобы Антона ў земскім вучылішчы здарылася прыкрая неспадзёўка. У памяшканне вучылішча, калі там адбываліся заняткі, ударыла шаравая маланка. Антона аглушыла, ён страціў прытомнасць. Ратавалі яго народным спосабам: прыкапалі зямлёй. Пасля таго ён доўга хварэў…

Падаўшы ў адстаўку з пасады рэктара, Сеўчанка ўзначаліў навукова-даследчы інстытут прыкладных фізічных праблем універсітэта.

Калі б коратка ахарактарызаваць навуковую дзейнасць акадэміка Сеўчанкі, то можна было б так яе вызначыць: даследаванні па спектраскапіі ўранілавых злучэнняў, люмінесцэнцыі рэдкіх зямель, спектраскапіі і фотахіміі парфірынаў і біялагічных злучэнняў…

Так, багатыя навуковыя здабыткі пакінуў у спадчыну нашчадкам Антон Нічыпаравіч. Але ці толькі гэта?

…Светлым днём у канцы лютага мы з Іванам Якаўлевічам Навуменкам, пісьменнікам, акадэмікам Акадэміі навук Беларусі, памалу крочылі асфальтавай дарожкай у задумлівым бары, дзе на стромкія сосны прыветліва пазіраў вялікімі вокнамі Дом творчасці пісьменнікаў. Неба было надзіва глыбокім і сінім, а сонца не па-зімоваму яркім і цёплым. Вялікая сініца, прыбраўшыся ў чорны гальштучак, на ніжняй ветцы дрэва працягла і звонка выводзіла сваю першую веснавую песеньку. Іван Якаўлевіч паглядзеў на птушку, на неба, памаўчаў і працягваў гаворку, якую я завёў пра Сеўчанку:

— Так, я працаваў ва універсітэце, калі ён быў рэктарам. Многа дыфірамбаў пець Антону Нічыпаравічу не буду. Прывяду дзве лічбы. Калі раней на фізіка-матэматычным факультэце мы прымалі пяцьдзесят чалавек, то пры Сеўчанку сталі прымаць дзвесце семдзесят пяць.— Позірк Івана Якаўлевіча зноў пабег па вецці дрэў, вочы шукалі пявунню-сініцу. Знайшлі, удзячна ёй ледзь прыкметна ўсміхнуліся.— I яшчэ вось што. Антон Нічыпаравіч, дбаючы пра навуковы рост кадраў, надзіва ўмела аб’ядноўваў, заахвочваў таленавітых людзей. Ён вылучаў здольную моладзь, дапамагаў ёй расці творча. Ставіў перад аспірантамі, маладымі кандыдатамі навук значныя задачы. Выконваючы іх, яны раслі як вучоныя, прывучаліся верыць у свае сілы.

Антон Сеўчанка вывеў на бальшак навукі многіх таленавітых, руплівых і ўпартых людзей, якія сталі буйнымі вучонымі, адметнымі спецыялістамі ў галіне фізіка-матэматычных навук. Сярод іх зычна гучаць імёны Леаніда Валадзько, Георгія Гурыновіча, Валянціна Ткачова, Уладзіміра Піліповіча, Канстанціна Салаўёва.

Цяпер акадэмік Сеўчанка працягвае сваё жыццё ў зробленых ім навуковых адкрыццях, у навуковых адкрыццях сваіх шматлікіх вучняў і паслядоўнікаў.


ПАД БЛАКІТНЫМ НЕБАМ ЖЫЦЦЯ



Ён запомніўся мне з дзяцінства.

Летнім ціхім надвячоркам бацька мой з нейкай цёплай, захопленай інтанацыяй, якая не прайшла па-за маёй хлапчукоўскай увагай, сказаў на вуліцы дзядзьку Апанасу:

— Прафесар наш прыехаў, Мацюшка Максімаў. Не чуў?

Дзядзька Аланас, які вышаў з цешчынага, цёткі маёй Таццяны, двара з малым сынам на руках, спыніўся.

— Засумаваў у сваім Ленінградзе па роднай зямлі? Дзіва што — усе ж буслянкі ў вёсцы абглядаў, усе сцяжынкі за ваколіцай, у полі і лесе тоўк сваімі босымі парэпанымі пяткамі.

У той вечар я і пабачыў прафесара. Праз паўгадзіны, можа, ён прайшоў па вуліцы каля нашага двара. Кіраваўся ад сваёй сястры Полькі, дзе гасцяваў, да клуба, каб сустрэцца, пагаманіць з вяскоўцамі. Там штовечар, калі не ліло з неба, пад дзвюма разгалістымі ліпамі збіраліся мужчыны. Абмяняцца жывым бясхітрасным словам пра жыццё-быццё, перакінуцца жартам ці якой дасціпнай вясёлай выдумкай.

Ён быў прыгожы — малады, круглатвары, светлавалосы, у бездакорна падагнаным шэрым касцюме. Такім і запоўніўся мне.

Рос Мацюшка надзвычай дапытлівым і цікаўным хлапчуком. Любіў прыроду, асабліва жывую, звяроў і птушак. Праз гэтую сваю любоў аднаго разу трапіў у гісторыю, ледзь без вока не застаўся.

Блукаючы на ўзлеску ў Пірэеўшчыне, падабраў пад дрэвам грака з перабітым крылом. Перад гэтым буран быў, дрэвы павыварочваў з карэннем, сучча паламаў. Дык, можа, сукам птушку ўдарыла? Спачатку грак паводзіў сябе ціха, не вырываўся, не тузаўся. Хлапчук асцярожна адцягнуў параненае крыло, наблізіўся тварам, стаў, злёгку паварушваючы яго то туды, то сюды, разглядваць: дзе перабіта? Ад болю грак і дзеўбануў яго ў тнар. А дзюба ж у птушкі вунь якая — вялікая, вострая! Крышачку б вышэй — і ў вока… Але Мацюшка птушку не выпусціў, не кінуў. Прынёс дадому. Маці пляснула далонямі: «А божачка, на што ж гэта ты так напароўся?!» Даведаўшыся, што здарылася, узгарэлася: «Выкінь яго, брыдоту!». Хлапчук заўпарціўся: «Не выкіну, яму ж баліць!» Яна паглядзела сыну ў вочы, аціхла. Удваіх яны наклалі лубкі, перавязалі крыло. Мацюшка даглядаў грака, карміў. Зламаная косць добра зрасталася, птушка на радасць хлапчуку пакрысе стала падлётваць на двары. Аднойчы раніцай, быццам у знак удзячнасці свайму выратавальніку, грак гучна каркнуў прарэзлівым голасам і шырока распасцёр крылы.

Увечары Мацюшка сказаў сваёй малодшай сястры Польцы:

— А чалавек таксама лётае. Не, скажаш?.. А ў думках!

— I ў сне,— пагадзілася Полька.

— Ага, і ў сне. Я сніў такі сон. Смешна — усеўся на кніжку, кружнуў над нашай хатай і паляцеў за чыгунку.

Прагны да вучобы, да ведаў, Мацюшка паступіў у Пірэвіцкую сямігодку. У Старой Рудні тады была толькі пачатковая школа. Штодня, ці слота, ці сцюжа, праставаў ён церез лес і поле сем кіламетраў. Хлапчукам казаў, што ў піліпаўку ваўкоў не баяўся, а сам кідаў у палатняную торбу запалкі і жмут кудзелі. Калі што — агнём у драпежную пашчу.

Далей Мацюшка ляцеў ужо на кнізе за чыгунку не ў сне, а наяву. Віцебскі ветэрынарны інстытут, аспірантура ў Ленінградзе… Лекцыі, семінары, дыспуты… Вось там ён ужо дарваўся да бібліятэк. Колькі кніг, часопісаў розных перачытаў!.. А ў час канікул штогод — у Старую Рудню. Каб «душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці».

У вёсцы, як паджартоўвалі над «гарадскім панічом» вострыя языкі, студэнт не столькі з хлопцамі і дзяўчатамі знаўся, колькі з коньмі ды каровамі. Але моладзь любіла яго. Ён знаходзіў час і пабываць на пашы з пастухамі, і ў вясёлым цікаўным гурце парасказваць пра цудоўную «Паўночную Пальміру». Вадзіў маладых вяскоўцаў за сабою па Дварцовай плошчы і Летнім садзе, па залах Эрмітажа і Рускага музея, да помніка Пятру Вялікаму, у тэатры…

А «Паўночная Пальміра» тым часам чакала яго душою і сэрцам прыгажуні-ленінградкі Людмілы.

Дачакалася.

Рука ў руку з ім і з ахвотай

Дзяўчына мілая ішла.

Пад сховам дзеўчага крыла

Гарнула далі пазалотай,

I не кранала іх журбота,

Не засмучала іх імгла.

Апантана працаваў навуковец Данілаў над дысертацыямі, кандыдацкай і доктарскай. Стомлены, нярэдка зняможаны працаю, ён казаў Людміле Ціханаўне:

— Адвёў душу, адвё-ёў… А жыццё, а?.. Блішчыць і музыкальна, як першы, крыштальна-чысты лядок, патрэсквае.

Так мог глядзець на жыццё толькі вялікі аптыміст.

Аднак не скажаш, каб было яно ў доктара біялагічных навук, прафесара Данілава прывольным і бязвоблачным. Так склалася, што найчасцей палітыка, ідэалогія ў нашым грамадстве былі перад усім. Як хвалі бруістай ракі калышуць зорку, так жыццё калыхала лёс Мацвея Максімавіча ў супярэчлівы, трубна-барабанны час. Ды не зашмаргнула яго дагматычнай зададзенасцю. Прафесар строга ведаў адно: у навуцы крытэрый усяму — навуковая ісціна. Доўгія гадзіны напружанага роздуму, пошукаў гіпотэз, тэарэтычных аналізаў і абагульненняў, цяжкія, але з няспыннай верай, сталі няўхільнай нормай яго жыцця. Ён радаваўся, калі думкам было цесна ў галаве, калі яны тоўпіліся там, супярэчлівыя і заглыбленыя.

3 тымі думкамі дні ў яго пераходзілі ў ночы. 3 імі ён схіляўся над пісьмовым сталом, і яны клаліся ў яго артыкулы, навуковыя працы, кнігі. Яны шукалі і знаходзілі: на тыя замкі, якімі ў прыродзе замкнута многае, што трэба чалавеку, усё ж ёсць ключы.

Звыш васьмідзесяці прац па ветэрынарыі і мікрабіялогіі, з іх чатыры вучэбнікі, выйшла з-пад пяра Данілава. Многія з іх знайшлі канкрэтнае практычнае прымяненне ў народнай гаспадарцы. Многія вядомы ў замежных краінах, выдаваліся ў Чэхаславакіі, Германіі, Ізраілі, Швейцарыі.

3 высокай адказнасцю прафесар Данілаў працаваў у складзе Вучонага савета па абароне дысертацый і ў секцыі «санітарыя і зоагігіена» Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук.

Добрай, адданай памочніцай Мацвею Максімавічу была Людміла Ціханаўна. Яна вычытвала гранкі, па рукапісах удакладняла, уносіла праўкі. А яшчэ — някідка, ненадакучліва, як гэта робяць разумныя, тактоўныя жанчыны, шчыравала, каб ствараць мужу спрыяльныя ўмовы для працы, для адпачынку.

Цешыла прафесара Данілава выкладчыцкая праца. Любіў ён моладзь. Дапытлівы, малады задор у інстытуцкіх аўдыторыях тушыў у яго душы ўсялякую скруху і смутак, як тушыць сонца начны змрок. Студэнты таксама любілі яго — жыццерадаснага, вострага на думку і слова, патрабавальнага, але справядлівага. За дзесяткі гадоў з-пад яго дужых цёплых крылаў вылецеў у шырокі свет шматлікі вырай адмысловых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. I высокай, дарагой узнагародай яму былі іхнія простыя, сардэчныя словы: «Шчырае дзякуй вам, дарагі настаўнікі». Слаўны Ленінград, цудоўная, сусветна вядомая «Паўночная Пальміра»!.. Горад навек стаў яго і гераічнай драмай (у блакадным Ленінградзе загінулі двое сыноў), і лірычнай паэмай, і светлай казкай. А ў сэрцы ўсё роўна: «Трэба дома бываць часцей…» I ён як ні штогод — усё туды, у сваю Старую Рудню, што даўно выправіла яго ў невядомую шлях-дарогу з верай у шчасце. Туды з сям’ёю — жонкай і сынам. Для Людмілы Ціханаўны прывольная, акаймаваная задумлівымі пракаветнымі лясамі вёска таксама стала родным кутам, як прызнавалася жанчына, акрасаю ў яе жыцці.

Для абоіх, мужа і жонкі, быў сапраўдным душэўным святам той час, калі яны, адпускнікі, ступалі на падмецены ганак яго сястры Палагеі Максімаўны Лабікавай.

Мацвей Максімавіч дыхаў вёскаю на поўныя грудзі. Нярэдка цёплымі веснімі днямі хадзіў за плугам, летнімі роснымі ранкамі — з касою. Потым казаў:

— У далоняx я не ручкі плуга, не кассё — юнацтва сваё патрымаў. — I шчасліва ўсміхаўся людзям і сонцу. А старэйшыя вяскоўцы добразычліва жартавалі:

— От, каб яшчэ ў поле да пастухоў пашыбаваў, дык акурат той самы Мацюшка.

Ціхімі задумлівымі надвячоркамі з Польчынага двара іншы раз далятала даступнае чуйнаму вуху:

О, Беларусь, мая шыпшына,

зялёны ліст, чырвоны цвет!

У ветры дзікім не загінеш,

Чарнобылем не зарасцеш.

А то і перакочвалася-звінела ў два галасы, як ручаіна з падземнай крыніцы сярод лугавых красак:

Ой, рэчанька, рэчанька,

чаму ж ты няпоўная?

Чаму ж ты няпоўная,

з беражком няроўная?

А гады, што пульсавалі напоўнена і пругка, ужо ішлі спадцішка напярэймы. На шэсцьдзесят другім годзе ад нараджэння Мацвея Максімавіча яго ўкрыжаваны жыццёвымі перагрузкамі лёс выбухнуў непапраўнай трагедыяй.

Мацвей Максімавіч быў у санаторыі. Лячыўся, адпачываў. I, безумоўна, тым часам працаваў над чарговым артыкулам — хіба можа творчы чалавек бесшабашна адпачываць! Раптоўна ён адчуў нейкую здрадлівую кволасць. Нешта затым як загадала яму: дадому, у Старую Рудню… Хто ведае, яго, можа, паклікаў які патаемны голас продкаў?

На золаку, калі ў небе дагаралі гарэзлівыя зоркі і займалася маладая зара, назаўсёды адпеў яго салавей. Знакаміты ленінградскі вучоны знайшоў вечны спакой у роднай зямлі на ціхіх вясковых могілках. Сярод сваіх родных і сяброў юнацтва.

Але ў сэрцы самага блізкага яму чалавека ён заставаўся жывым ва ўзвышаным сваім і светлым людскім абліччы. I калі прыйшоў няўмольны час Людмілы Ціханаўны, яна перабралася са свайго крэўнага Ленінграда да мужа. Яны спачываюць у адной магіле.

«О, Беларусь, мая шыпшына!..»

Жыў чалавек на зямлі пад небам, і высокім было яно — яго блакітнае неба.


ГУЧАЦЬ ДАЛЁКІЯ СТРУНЫ



Немца Фердынанда Ласаля ведаюць ва ўсім свеце — сацыяліст. Але калі ў Жлобіне вуліцу, якая насіла яго імя, перайменавалі, жыхары яе былі задаволены: хіба ж гэты, хай сабе і добры, чалавек жыў на ёй!.. А вось ён, Мікалай Кавалёў, жыў.

Нарадзіўся Мікалай у вёсцы Новая Сілівонаўка. 3 радасцю шчырага, непасрэднага юнака, які глядзеў на жыццё чыстымі, добрымі вачамі, прыехаў у Жлобін, у чыгуначнае вучылішча. То быў час, калі хлопцы і дзяўчаты разгоніста шыбавалі ў свеце маладых мар і надзей з песняй: «Не спі, вставай, кудрявая. В цехах звеня, страна встаёт со славою на встречу дня».

Вучыўся ён старанна, з захапленнем. Любіў сяброў, кнігі. Прагнуў набыць веды і стаць адмысловым чыгуначнікам, каб адпраўляць свае цягнікі па сталёвых магістралях неабсяжнай краіны. Жартаваў: «Вот вывучуся, і ў Сілівонаўку правяду чыгунку, прама да нашай хаты». Ён таксама задорна спяваў ва ўсеагульным шматгалосым хоры: «… страна встает со славою на встречу дня».

Мікалай любіў музыку. Ды што за грошы былі ў яго, фабзавучніка, каб купіць які музыкальны інструмент? I ён вырашыў: сам зраблю балалайку. Вечарамі карпеў над непадатлівай фанерай. Карпатліва, скрупулёзна выпільваў яе, выгінаў, падганяў, склейваў. Балалайка атрымалася не сказаць каб паглядная, але струны гучалі звонка.

Вучылішча ён скончыў паспяхова і з ахвотаю, з захапленнем улёг у працу — шчыраваў майстрам у дэпо станцыі Жлобін.

А з балалайкай сваёю і там не расставаўся. Іграў на ёй у музыкальным гуртку мастацкай самадзейнасці дэпо.

Людзі знаходзяць адзін аднаго кожны па-свойму. У кожнага свая дарога, доля, свой выпадак.

Выпадак для мужа і жонкі Кавалёвых — выступленне музыкальнага гуртка ў дэпо на пёршамайскім свяце.

Пасля канцэрта да Мікалая падышлі знаёмыя хлопцы з Рабочага пасёлка і з імі — незнаёмая дзяўчына. Яна была такая прыгожая, што ў першую хвіліну літаральна асляпіла яго сваёй прыгажосцю. Хлопцы пачалі жартаваць:

— Глядзі, Валя, які харашун — музыка наш! Прыгажэй за яго няма ў Жлобіне і ва ўсім Жлобінскім раёне.

Дзяўчына кінула на Мікалая шпаркі пільны позірк спадылба.

— А балалайка яго чаго вартая! — I закацілася звонкім смехам.

Ён, стройны кучаравы шатэн з прадаўгаватым, адкрытым валявым тварам стаяў выпрастаны, як салдат перад камандзірам, і дабрадушна ўсміхаўся.

На развітанне Валя падала Мікалаю руку і на колькі секунд затрымала яе ў яго шырокай гарачай далоні, зноў зірнуўшы спадылба яму ў твар. На гэты раз — як бы з нейкім значэннем. 3 таго часу яны як ні штодня заравалі на лавачцы ў прысадах Рабочага пасёлка. А ціхай сонечнай парою, калі ў небе з журботным курлыканнем на поўдзень пацягнуліся жураўліныя кліны і з задумлівых клёнаў пасыпалася на дол залацістае лісце, Валянціна Пятроўна Плецяжова ўвайшла гаспадыняй у дом пад нумарам васемнаццаць на вуліцы Ласаля. Дружна жылі яны там, маладыя і шчаслівыя, і верылася ім, што ўсё іхняе жыццё будзе сонечным і светлым.

Аднак на захадзе цяжкія хмары ўжо цьмяна ўкрывалі спахмурнелы небакрай, зямля ўжо грымела там кутым жалезам. Наступала злавесная квадра, якая насылала на зямлю шалёныя грымоты крывавых навальніц.

Мікалай атрымаў позву з ваенкамата. Пацяклі дні напружанай вайсковай вучобы. Затым наваліўся час, калі краіна сурова заспявала: «Вставай, страна огромная, вставай на смертный бой!..»

Франтавое жыццё для маладога лейтэнанта Кавалёва пачалося ў жніўні сорак першага года. Смяротнымі дарогамі вайны вадзіў ён чырвонаармейцаў на бой з фашызмам у бітве пад Масквой, пры вызваленні роднай Беларусі і Прыбалтыкі. Многіх з іх напаткалі варожыя кулі. Не міналі яны і яго. Але ён, «падрамантаваўшыся» ў шпіталях, зноў вяртаўся на фронт.

У сорак чацвёртым годзе Мікалай Кузьміч узначаліў ваеннае вучылішча ў Смаленску. Не свісталі больш кулі для яго, не грукаталі бомбы і снарады. Наступіла бяспечнае тылавое зацішша. Ён забраў да сябе прыгажуню-жонку.

Што можа быць даражэй для чалавека, чым глядзець у любыя вочы самай блізкай і роднай істоты!.. Яны цешыліся шчырай ласкай стомленых растрывожаных душ і марылі пра тое, якое шчаслівае расквітнее жыццё, калі скончыцца вайна.

Аднак з цягам часу Мікалай Кузьміч рабіўся нейкі задумлівы і маўклівы.

Аднаго разу, прыйшоўшы ўвечары са службы, ён стаў расказваць жонцы, што ў вучылішчы быў сход курсантаў, прысвечаны подзвігу Аляксандра Матросава. Гаварыў так, быццам імкнуўся пераканаць яе ў нечым, што хавалася ў яго душы. Валянціна Пятроўна адчула гэта, насцярожылася.

— Што ты хочаш сказаць мне, Коля? — перапыніла яго.

Ён асёкся, усміхнуўся, потым з робленай жартаўлівасцю адказаў:

— Разумееш, Валя, нядобра атрымліваецца. Там салдаты целам сваім амбразуры закрываюць, а я тут прыгрэўся каля жончынай спадніцы… — I ціха дадаў: — Я падаў рапарт, каб паслалі на фронт.

Валянціна Пятроўна спалатнела.

— Ты хочаш закрыць сабою амбразуру?!

— Не хвалюйся, Валюша, не хвалюйся, — паспяшаўся ён супакоіць яе. — Я хачу і буду жыць, каб знішчыць лютага шалёнага звера. Зразумей: я вайсковец і абавязаны ваяваць з ворагам чалавецтва. Еўропа ж яшчэ стогне пад яго прыгнётам.

Яны сустрэліся позіркамі, і ён зноў змоўк. Расшыраныя жончыны вочы былі поуныя адчаю і нейкага нямога малення. Абое доўга маўчалі.

— Зноў мне, Коля, успаміны, трывогі, — з ціхай роспаччу, з гаркотай у дрыготкім голасе загаварыла Валянціна Пятроўна. — Ды што ж гэта такое!.. — Яна паклала далоні на яго руку. — Успаміны… А з імі дык дзівосы нейкія… Кожны раз ты чамусьці спачатку прыходзіш да мяне такім, якім пабачыўся ўпершыню. Тады ты іграў на сваёй балалайцы народную песню «Выйду я на рэчаньку, выйду за сяло…» Памятаеш? Ты так стараўся, так шчыраваў, што мне ажно падпяваць захацелася. Цяпер жа, калі ўспамінаю, быццам чую, як недзе далёка-далёка звіняць струны. I ажно сэрца заходзіцца ад смутку.

— О, гэта добрая прыкмета! Значыць, выйдзем мы яшчэ з табою на рэчаньку, паспяваем яшчэ нашаму Дняпру гэтую песню, — стараўся падбадзёрыць Мікалай Кузьміч жонку.

Ён, малады тварам і духам, прайшоўся па пакоі. Моцныя мускулы яго зграбна складзенан постаці адчуваліся пад гімнасцёркай на адлегласці. Увесь ён дыхаў сілай, энергіяй і рашымасцю.

Полк, якім камандаваў падпалкоўнік Мікалай Кавалёў, у сакавіку сорак пятага года вызначыўся ў цяжкім баі з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка на подступах да вёскі Ленхевен ва Ўсходняй Прусіі. Чырвонаармейцы нанеслі значныя страты гітлераўцам, захапілі вялікія ваенныя трафеі. Аднак на прыканцы бою асуджаная на пагібель варожая гармата ў агоніі яшчэ паспела агрызнуцца, і выпушчаны ёю снарад зрабіў сваю чорную справу.

За той бой Урад краіны пасмяротна прысвоіў адважнаму самаадданаму камандзіру Чырвонай Арміі Мікалаю Кузьмічу Кавалёву званне Героя Савецкага Саюза.

Вялікім сынам Айчыны, патрыётам і інтэрнацыяналістам можа быць чалавек дужы, добры і мужны. Ён быў такім. Еўропа ж яшчэ стагнала пад прыгнётам, таму ён пайшоў на смерць. Тады ён не думаў, што праз гады англійскі прэм’ер Чэрчыль назаве яго подзвіг — перамогу Чырвонай Арміі ў схватцы з гітлераўскімі полчышчамі «цудам дваццатага веку». Што прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь скажа: «Французы ведаюць, што зрабіла для іх Савецкая Расія, яе армія і ведаюць, што менавіта Савецкая Расія, яе армія адыгралі галоўную ролю ў іх вызваленні…» Што прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Франклін Рузвельт прызнаецца: «… 3 пункту гледжання вялікай стратэгіі… цяжка адысьці ад таго відавочнага факта, што рускія арміі знішчаюць больш салдат і ўзбраення нацыстаў, чым усе астатнія дваццаць пяць дзяржаў Аб’яднаных Нацый разам узятыя…»

Яго ўжо няма на зямлі. А з далёкай далечы ўсё гучаць несціхана яго звонкія струны. «Доблесць, — як сказаў Еўрыпід, — не памірае з героем, а перажывае яго».


ВЕРАЙ УСЁЙ ЧАЛАВЕЧАЙ...



Ён называў сябе «хлопец з Карпілаўкі». Усё жыццё памятаў. адкуль родам.

Так, нарадзіўся ён на Карпілаўцы, на ўскраіне Жлобіна, у яўрэйскай сям’і. Яму лёсам было наканавана стаць пісьменнікам Рыгорам Ізрайлевічам Добіным. Пісьменнікам сур’ёзным, заглыбленым, з пільным мастакоўскім вокам.

У шчырай дзіцячай радасці гадаваўся, рос хлапчук на сонечных берагах Дняпра. Цешыўся ласкаю клапатлівых бацькоў, узнёсласцю зялёных дрэў і вольных птушак, вясёлым сяброўствам бясхітрасных добразычлівых дружбакоў. А яшчэ — кнігамі. Тут ён спазнаў цягу да кніг і ўпершыню адчуў вострую цікавасць да мастацкага слова.

Свет кнігі!.. Што можа быць больш глыбокае і чараўніча-захапляючае!..

Рыгор Добін увайшоў у літаратурнае жыццё ў канцы дваццатых гадоў. У яўрэйскую мастацкую прозу ён прынёс духоўную атмасферу таго працоўнага асяроддзя, у якім нарадзіўся і вырас. «У сваіх першых апавяданнях Добін паказаў той маральна-псіхалагічны пералом, які прынесла Кастрычніцкая рэвалюцыя ўкладу гарадской і местачковай яўрэйскай беднаты ў мяжы аседласці», — піша літаратуразнавец Рыгор Броўман.

Жыццю і працы людзей Далёкага Усходу — карэнных насельнікаў края і яўрэяў, якія перасяліліся ў Бірабіджан, прысвечаны аповесці і апавяданні ў зборніках «У Амура», «На пасеке» і іншых. Духоўнае адзінства людзей працы, іх працоўная ўзаемасувязь, інтэрнацыянальнае пачуццё — такія асноўныя матывы твораў пісьменніка перадваеннага перыяду.

Доўгі час пісьменнік жыў і працаваў у Мінску. Там і застала яго вайна. Там яна і прынесла яму непапраўную бяду.

Па стану здароўя Рыгор Ізрайлевіч быў прызнаны непрыгодным для вайсковай службы. Эвакуіравацца з Мінска яму не давялося. Ён уцёк ад фашыстаў і ўступіў у партызанскі атрад. Жонку і двое дзяцей вывезці не ўдалося. Гітлераўцы памясцілі іх у гета і потым расстралялі.

Перажытае і пабачанае за час вайны дазволіла пісьменніку стварыць шэраг твораў на ваенную тэматыку. Ён сумеў сказаць уласнае праўдзівае, пранікнёнае слова і пра гора народнае, і пра небывалы народны подзвіг. Правёў за сабой чытача па гарадах і вёсках шматпакутнай Беларусі, дзе гітлераўцы распраўляліся з мірнымі жыхарамі, па яе лясах і дарогах, дзё партызаны вялі мужныя баі з бязлітаснымі захопнікамі. У гэтых творах Рыгор Добін, пісьменнік і грамадзянін, паўстае перад чытачом як шчыры, непахісны інтэрнацыяналіст.

3 сур’ёзнай мерай маральнага і духоўнага аналізу звяртаецца пісьменнік да асвятлення характараў партызан і воінаў Чырвонай Арміі. Пры той пільнай увазе, якую надае індывідуальнасці персанажаў і пэўным драматычным сітуацыям, усё ж на першым плане ён паказвае тое агульнае і адзінае, што згуртоўвае ўсіх, ствараючы магутны патрыятычны энтузіязм і пафас свяшчэннай народнай вайны супраць фашысцкіх варвараў.


У семдзесят сёмым годзе выдавецтва «Художественная литература» выдала ў перакладзе на рускую мову зборнік апавяданняў Рыгора Добіна «Рассказы». Нянавісцю і пагардай да гітлераўскіх чалавеканенавіснікаў прасякнуты ўключаныя ў зборнік творы. У рэалістычных эпізодах, якія праўдзіва ўзнаўляюць крывавае шаленства нацызма, аўтар раскрывае сацыяльную прыроду фашысцкай ідэалогіі і практыкі. Ён паказвае, што фашызм не толькі забівае людзей фізічна, але і нішчыць чалавечую годнасць, мацярынскае пачуццё, любоў да жыцця, да прыроды, сонца. Фашызм сцвярджае шалёную злосць і смерць.

Апавяданні аб партызанскай вайне з чужынцамі на беларускай зямлі складаюць найбольш моцныя старонкі кнігі.

Гаворачы пра творчасць пісьменніка, нельга не сказаць пра яго стыль, мову. I тут я хачу адзначыць, што стылёвая структура аповесцяў і апавяданняў Добіна характарызуецца лагічнай стройнасцю радка, дакладнасцю слова. Для нагляднасці прывяду такі прыклад.

«Да апошняга часу ён спадзяваўся, што гэта, магчыма, толькі чуткі, калі яму здаралася бываць на вылазках непадалёку ад роднага мястэчка, ён стараўся больш дакладна даведацца пра лёс сваёй жонкі, распытваў усіх, каго толькі мог. Ён не хацеў і не мог мірыцца з думкай пра тое, што з усёй яго шматлікай радні нікога не засталося ў жывых, што ён ніколі больш не пабачыць сваю Лію. Удзень і ўначы яна стаяла перад яго вачамі, як жывая. Ён жыў думкамі пра яе. 3 думкамі пра яе ён засынаў. Варта было яму на хвіліну задрамаць на прывале, як яна адразу з’яўлялася да яго, садзілася побач.

Але дужа несуцяшальнымі былі атрыманыя ім звесткі, не заставалася сумнення, што Ліі няма ў жывых, што ўсе яго надзеі дарэмныя».

Гэта ўрывак з апавядання «Аднойчы ўначы». Як бачна, скупымі мастацкімі сродкамі аўтар узрушана раскрывае глыбокае чалавечае пачуццё свайго персанажа, паказвае яго трагічны душэўны стан. Тут мне яшчэ прыходзіць на думку, што гэтае апавяданне — аўтабіяграфічнае. Яно ж — сам боль, які асабіста перажыў пісьменнік.

У выдавецтве «Советский писатель» у восемдзесят трэцім годзе выпушчан зборнік Добіна «Пути земные». У ім удумна даследуюцца праблемы гуманізма і чалавечнасці, непасрэдна звязаныя з лёсамі людзей, раскрываецца душэўны стан герояў і ахвяр. У творах зборніка ўслаўляецца чалавек і зямное жыццё.

Эпіграфам да лепшых твораў Рыгора Добіна можна было б паставіць словы вядомага рускага паэта Яраслава Смелякова:

Всей верой своей человечьей,

и мыслью, и сердцем своим

мы верим погибшим солдатам,

и мёртвые верят живым.

Так, сёння як ніколі раней сумленны, незамутнены розум сцвярджае: усёй сваёй чалавечай верай…


ЛУНАЛІ ДНЯПРОЎСКІЯ ЧАЙКІ



Добра памятаю, гэта было ўвосень. Я ішоў у рэдакцыю часопіса «Маладосць», якая ў той час размяшчалася ў памяшканні Цэнтральнага камітэта камсамола. У вестыбюлі паставы міліцыянер у павышаным тоне размаўляў з наведвальнікам, патрабуючы ў яго дакумент, які сведчыў бы, хто ён такі. Наведвальнік, сярэдняга росту мужчына, апрануты ў ватоўку і шапку-вушанку, стаяў да мяне спіной. Ён таксама ўзвысіў голас:

— Кажу вам — я пісьменнік, іду ў «Маладосць».

Пачуўшы гэта, я падышоў да іх і пабачыў мужчыну ў твар. Сказаў міліцыянеру:

— Так, гэта пісьменнік Мікола Лупсякоў, я яго ведаю.

— А вы хто такі? — нахмурыў бровы паставы.— Ваш дакумент?

Я паказаў яму пасведчанне карэспандэнта ТАСС. Ён яшчэ раз падазрона агледзеў Мікалая Радзівонавіча, незадаволена буркнуў:

— Праходзьце.

— Што смала прычапіўся: дакумент яму, дакумент!.. — нязлосна абураўся Мікола, калі мы ішлі калідорам. — Знайшоў шпіёна.

— А чаго ты не носіш якога пасведчання з сабою? — паўшчуваў я яго.

— Дык было ж! Ды, мусіць, пад тым стогам вывалілася з кішэні.

— Пад якім стогам?

— О, братка, хараство якое! — Позірк Міколаў засвяціўся. — Хочаш — раскажу.

Мы спыніліся.

— Быў я ўчора ў аднаго настаўніка ў Пухавіцкім раёне. Надвячоркам вяртаўся. Ішоў лугам паўз рэчку, а там стагі. Вялікія, прыгожыя!.. Ну, нібы багатыры нейкія казачныя. Уяўляеш? А ўначы зоры ў небе… зіхацяць, пераліваюцца і быццам весела, шчасліва смяюцца.

— Ночы ж халодныя ўжо. I буслы ў вырай паляцелі. — Мне прыгадалася, як у час мінулай выпадковай сустрэчы каля Свіслачы ў парку Горкага Мікола расказваў пра маладых буслоў, што збіраліся ў чароды і выпрабоўвалі крыло перад адлётам у вырай.

— Буслы паляцелі, а гусі і журавы сама што ляцяць. Ранічкай пачуеш угары: «Курлы-ы, курлы-ы..» Задзярэш галаву, а яны во над табою клінам… Хіба такое пабачыш у горадзе? — Хвіліну ён памаўчаў, потым крутнуў галавой, усміхнуўся. — Адзін мой прыяцель усё ўшчувае мяне. «Валацуга ты, кажа, шляешся чорт ведае чаго і што!» А мне шкода яго. На сцяне ў яго шыкоўнай утульнай кватэры вісіць карціна «Адлёт журавоў». Слоў няма, карціна — залюбуешся. Але ж хіба тое яно, што пачуць з паднябесся жывыя іхнія галасы? — Твар Міколаў на хвіліну застыў у ціхай асветленасці, быццам слых улавіў у далёкай далечы мілыя сэрцу гукі. — Аднаго разу сябра мой сказаў: «Пакуль ты швэндаеш чорт ведае дзе, у тэатрах, канцэртных залах такія спектаклі ідуць, такая музыка гучыць!..» Я пашкадаваў тады: сапраўды, многае ўпускаю.

— I што адказаў яму? — папытаў я. I пачуў у адказ такое, што можна было пачуць толькі ад Лупсякова:

— Я сказаў яму: «Не магу ж я адначасова быць і тут, і там». I прапанаваў: «А давай і ты са мною пашвэндай, а?»

Ляпнулі дзверы. Паўз нас, гучна размаўляючы, прайшлі два прылізаныя юнакі. Гаворка наша перапынілася.

— Дык добра, братачка, будзь здароў, — Мікола сунуў мне сваю прадымленую каля прырэчных кастроў вузкую сухапарую руку, і мы раэышліся. Ці мог я падумаць тады, што бачыў яго апошні раз!

У «Маладосці» я затрымаўся нядоўга. I, дзіўная рэч: як толькі выйшаў на вуліцу — быццам зноў апынуўся побач з Міколам. Дадумвалася пра яго тое, што ўвайшло ў душу там, у шырокім калідоры з мяккай дывановай дарожкай для прылізаных юнакоў: як ужываюцца ў пакутах яго цела, пачуццяў і думак, пакінутых там вайной, буслы, гусі, журавы?..

Што-нішто я ўжо ведаў з біяграфіі Мікалая Радзівонавіча. Чуў, як кашлаты віхор на калдобістым жыццёвым бальшаку круціў яго цяжкую долю.

Самай светлай парою ў яго жыцці было дзяцінства, што прайшло ў вёсцы Папаратнае на Жлобіншчыне. Туды, на радзіму, у дваццаць першым годзе вярнулася сям’я з Масквы, дзе ў дзевятнаццатым нарадзіўся Мікола. 3 непаўторных прыдняпроўскіх лугоў, ніў і лясоў хлапчук з дзяцінства ўпітваў у сваю дапытлівую чуйную душу любоў да роднай прыроды, якая стала яго доляй на ўсё жыццё. Вясковыя людзі, адметныя сваёй непасрэднасцю і шчырасцю, натуральна проста ўваходзілі ў яго істоту і заставаліся там назаўсёды.

Шчаслівымі былі часы студэнцтва, што ў перадваенныя гады прайшлі на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага. Тады ж ён апублікаваў два першыя свае апавяданні.

Аднак не давялося маладому настаўніку ўвайсці ў школьны клас. Яму суджана было надзець вайсковую форму. Пасля заканчэння ў сорак другім годзе Смаленскага ваеннага вучылішча ён нясе свой салдацкі крыж на перадавой. На Цэнтральным, Варонежскім франтах, пад Харкавам… У сакавіку сорак трэцяга года варожая куля знайшла маладога афіцэра, пацэліла яму ў галаву.

Надзвычай цяжкая была тая траўма. Яна пакутліва гукалася ў ім да канца яго дзён, і зняможанасць адступала толькі пад сілай аптымізму ўпартага жыццялюба.

Час усё расстаўляе на свае месцы. Цяпер, калі глядзець на Лупсякова-пісьменніка з аддаленасці гадоў, найперш бачыцца натуральнасць і гарманічная цаласнасць яго творчага вобліку. Яго самародны талент мастака даў добры плён, выспеўшы на грунце неўтаймоўных пошукаў, вернасці праўдзе жыцця і глыбокай сузіральнасці.

Гаворачы пра творчасць Міколы Лупсякова, найперш, мусіць, варта адзначыць у ёй два тэматычныя цыклы: апавяданні пра вайну і апавяданні, звязаныя з паказам жыцця пасляваеннай вёскі.

Тэматыка вайны грунтуецца на ўласным цяжкім, балючым вопыце пісьменніка, з крыніцы якога ён, уваходзячы ў сілу як мастак, чэрпаў глыбока і ўдумліва. Лепшыя творы гэтага цыкла — псіхалагічна напружаныя, захапляюць сюжэтам і характарамі герояў.

«Ігналя чамусьці пачаў усё больш браць незразумелы страх. Гэты Салавейчык, яго агідныя абвіслыя вусы, шырокі чырвоны твар і вадзяністыя прыпухлыя вочы — усё дыхала ад яго страхам. Ён выкрыкваў тое, над чым мучыўся і думаў Ігналь з ночы ў ноч да прыходу чалавека, які ўцёк з-пад расстрэлу…» Кароткі ўрывак з апавядання «Нетрывалы грунт», а як ёмка паказан псіхалагічны стан чалавека! Гэты чалавек пад час усенароднай вайны хацеў застацца ў баку ад барацьбы.

Вызначаюцца глыбокім псіхалагізмам, пільнай прыглядкай да ўнутранага свету чалавека і «вясковыя» апавяданні. Прырода, людзі на прыродзе — як жа яно ўсё ўзаемазвязана! Як уплывае адно на адно і жывіць адно другое!.. Чытаеш немудрагелістыя радкі і быццам адчуваеш пахі ніў, прыдняпроўскіх лугоў, чуеш галасы звяроў і птушак. Магічная сіла мастацкага слова!..

«А ноч плыве як заўсёды, як праплылі сотні начэй, праведзеных на Дняпры ў адзіноце. Тамаш нават адчувае, як яна праплывае. Адчуваеш па тым, як мяняецца паветра — з духмяна-цеплага робіцца ўсё больш халаднейшым, як ускрыкваюць дзеркачы — іх галасы чуюцца ўсё радзей і радзей і робяцца чамусьці прарэзлівейшымі, як бы нярвовымі; па ўсплёсках Дняпра — ён таксама на нейкі час заціхае; па шораху крылаў савы, што вылецела на паляванне. I ён ведае, што туманы цяпер усё больш асядаюць, атуляючы зямлю і травы, і што пры Дняпры праз ачышчанае ад туманаў паветра выразней свецяцца агні бакенаў, і што хутка пройдзе параход як заўсёды».

А? Вось і паначавалі мы з табою, шаноўны чытач, з ласкі пісьменніка Міколы Лупсякова на ўзбярэжжы «ракі шумнацечнай» — сівога Славуціча-Дняпра, прачытаўшы ўрывак з апавядання «Торба з салам».

Без перабольшання можна сказаць: вясковыя апавяданні, вышаўшыя з-пад пяра Лупсякова, спрыяюць светламу настрою чытача, бо гучаць яны як узнёслы гімн прыродзе і чалавеку-працаўніку. Яшчэ пра іх мушу зазначыць — што яны ў апісанні прыроды складаюць, як пісаў крытык Уладзімір Жыжэнка, «цудоўны па маляўнічасці, шматгалосы вобраз нашага Прыдняпроўя».

А мова пісьменніка? Народная — выразная, вобразная. Учытаешся ў яе, услухаешся — і быццам пабыў у тым жа Папаратным ці ў Лугавой Вірні.

Дарэчы, у многіх творах Мікалая Радзівонавіча рэальна прысутнічае Жлобіншчына — як у змесце апавяданняў, так і ў іх назвах. Прыгадаць хаця б апавяданні «Дняпроўская чайка», «Грабскі хутар», «Чырвоны Бераг»… Так, маюцца ўсе падставы сцвярджаць, што ў сваёйтворчасці пісьменнік шырока выкарыстоўваў сюжэты, вобразы, дыялогі, якія пачэрпнуў на сваёй малой радзіме і ў дзяцінстве, і ў сталыя гады, завітваючы туды і ў летнюю спякоту, і ў зімовыя халады.

Аднак рана пайшоў з жыцця шчыры руплівец на літаратурнай ніве. Не было яму і пяцідзесяці трох гадоў. Далёка не ўсё ён сказаў людзям, што мог яшчэ сказаць шчырым, праўдзівым мастацкім словам.

…Цёплым майскім днём я быў у старажытным Стрэшыне, што раскінуўся над Дняпром. Гарадскі пасёлак меў светлы вясенні выгляд. Буяў бэз у палісадніках пад вокнамі хат, за платамі белай кіпенню пеніліся сады. Я прайшоў з канца ў канец па вуліцы, якая носіць імя Міколы Лупсякова. Потым выйшаў да Дняпра, спыніўся на стромым беразе. Сонца зыркім святлом залівала абшар. За ракой у стракатых пахкіх красках рассцілаўся луг. А над ім луналі чайкі. Дняпроўскія чайкі…


ПРАРАСЦЕ ЗЯМЛЯ ЎСХОДАМІ



Дарога ішла лесам. Абапал яе ляжалі высокія снежныя гурбы. Дрэвы стаялі ў снезе як ні да ніжніх галін. На верхавіне кучаравай сасны цокалі, верашчалі вавёркі, ганяліся адна за адной. Вось яны кінуліся ўніз, паскакалі па снезе, пакідаючы на белым іскрыстым абрусе сляды-пацеркі.

— Што, Аляксандр, задумаўся, крытыку пераварваеш? — Да Петухова падышоў Каўпаеў, старшыня калгаса «Іскра».

Аляксандр Прохаравіч схамянуўся:

— Тыдзень таму назад ехаў я ў вазку па лесе. Во дзе краса! I паветра чыстае, марознае, дыхай на поўныя грудзі. А тут сядзі, тлуміся духатою.

— Але ж і нарады патрэбны. Хто б табе там, у лесе,— пад дзевятае рабро? Тут жа — калі ласка,— іранізаваў Каўпаеў.— Мы ж ужо не можам жыць, каб нас не крытыкавалі.

Яны спыніліся на шырокім ганку.

— Я і кажу: спачатку зразумей чалавека, а потым глядзі, патрабаваць ад яго ці прасіць,— сказаў Петухоў так, быццам працягваў перапыненую гаворку.— Апостал Павел прапаведаваў: «Любі бліжняга як самога сябе».

Каўпаеў весела засмяяўся.

— Ну-у, камуніст, ведаеш ты! Ідзеш з нарады з гаркома партыі і цытуеш не Леніна, а саратніка Хрыста.

— I Леніна цытую, калі да слова,— не збянтэжыўся Петухоў.

— А ты верыш у тое, што быў такі на свеце — апостал Павел?

— Быў ці не быў — не ведаю. Не задумваўся над гэтым, некалі. Табе лацвей было, не спазнаўшы кок-сагызу.

— Што табе крыўдзіцца на кок-сагыз? Дзякуючы ж яму на тваіх грудзях Зорка Героя блішчыць… Ну, будзь здароў, Аляксандр.— Каўпаеў паціснуў Петухову руку, і яны пайшлі да сваіх машын.

Ляцела насустрач белая дарога, ляцелі, гналіся адна за адной думкі Аляксандра Прохаравіча. Прыгадалася даўняе — як выбіралі яго, афіцэра-артылерыста, старшынёй калгаса.

Да вайны Аляксандр Петухоў скончыў курсы трактарыстаў пры Шчадрынскай машыннатрактарнай станцыі, працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады, раз’язным механікам. Усю вайну прайшоў франтавымі дарогамі і закончыў яе ў Празе. Вярнуўся ў родную вёску Пякалічы ў сорак шостым годзе, адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны другой ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі. У тым жа годзе землякі выбралі яго старшынёй калгаса «Чырвоная змена».

А як выбіралі? Гэта запомнілася Аляксандру Прохаравічу на ўсё жыццё.

У райкоме партыі сказалі, што будуць яго рэкамендаваць. Ён падрыхтаваў прамову. 3 высокімі разважаннямі пра калгасны лад, з цытатамі разумных людзей, вучоных. А паглядзеў у залу і — разгубіў усе абдуманыя словы. Перад вачамі маячылі апанураныя твары, найбольш — старых і жанчын. Хвіліну ён маўчаў, потым сказаў:

— Я тутэйшы, вы мяне ведаеце. Выбераце — сумленна буду працаваць.

3 залы паляцелі рэплікі. Потым з другой лаўкі ўстаў кульгавы Ціхан, інвалід першай сусветнай вайны.

— Яно, канешне, кіраваць гаспадаркай — гэта не з гарматы страляць. Будзеш, Прохаравіч, паважаць нас за людзей, мы не падвядзем. Як апостал Павел казаў: «Любі бліжняга як самога сябе».

Землі калгаса былі — пяскі ды балота. На ніве колас за ко-ласам ганяецца… Узімку сабраў малады старшыня калгаснікаў — што будзем рабіць? Падумалі, параіліся і вырашылі: асушваць балота. Але ж тэхнікі не было!.. Ды гэта не астудзіла запал сялян. Калі гарыш ахвотаю, ёсць і сіла.

На наступны год уручную выкапалі асушальны канал працягласцю дзевяць кіламетраў. I закаласілася на асушаным тарфяніку ніва. Небывалы ў Пякалічах ураджай ячменю, аўса, проса сабралі руплівыя хлебаробы.

На пятым годзе старшынёўства навязаўся на галаву Петухова кок-сагыз. Хлеба на стале ў людзей няма, у місках нішчымніца, а ты — яго сей. Так, ты. У цябе ж тарфянікі асушаныя… Асушыў на сваю бяду. Дык яшчэ ж — як сеяць?.. А гэтага нават аграномы не ведалі толкам. Аляксандр Прохаравіч надумаўся быў катэгарычна адмовіцца, аднак настырныя сурова-папераджальныя развагі скасавалі гэтае рашэнне: паспрабуй, адмоўся, калі райком загадвае… Ды, па праўдзе кажучы, і сам ён, былы салдат, у глыбіні душы разумеў: і народнай гаспадарцы, і войску для вырабу гумы патрэбны каўчук. Дык дзе ўзяць, калі заграніца сем шкур дзярэ за яго?..

Хапілі калгаснікі бяды з кок-сагызам. Ад зары да зары маракавалі на тарфяніку. I ўсё ўручную: і сеялі, і ўбіралі… Потым жа сушыць яшчэ!.. На вольным паветры, каб з вецярком ды без сонца… Аляксандр Прохаравіч сам амаль днямі прападаў на тым полі.

Па сорак цэнтнераў на сямідзесяці гектарах сабралі калгаснікі кок-сагызу ў пяцідзесятым годзе. За гэта трыццаць дзевяць чалавек атрымалі высокія ўрадавыя ўзнагароды. Пяцёра з іх былі адзначаны ордэнам Леніна, а старшыня — званнем Героя Сацыялістычнай працы.

Не ведаў угамону Петухоў. Для развіцця гаспадаркі патрэбна была электраэнергія, і праз два гады «Чырвоная змена» пабудавала электрастанцыю. Пасля таго і пачалося. Да гаспадаркі сталі далучаць слабыя калгасы. У запрэжку Аляксандра Прохаравіча, у якой ажно гужы рыпелі і клешчы трашчалі ад натугі, падкідвалі і падкідвалі на воз важкія мяшкі з чым папала. А яна напружвалася і цягнула, цягнула. Больш як паўдзесятка невялікіх маласільных гаспадарак далучылася.

Можа менавіта ў той час людзі канчаткова глыбока пераканаліся, што Петухоў па-сапраўднаму паважаў, любіў іх і даражыў іхняй павагаю.

Так, паважаў і любіў. Тым не менш ён ніколі не стараўся быць гэтакім добранькім дзядзькам. Вось што сказаў пра яго інжынер-механізатар Васіль Цімафеевіч Ярашэвіч, які доўгі час працаваў разам з ім:

— Аляксандр Прохаравіч быў патрабавальны і строгі, але ўмеў уладжваць канфлікты. Зазмяіцца трэшчына ў адносінах з кім-небудзь, ён кажа: «Астынь, нам працаваць разам». Ніколі нікога ён дарэмна не пакрыўдзіў, нікому за доўгія гады старшынёўства не зрабіў шкоды. Ён быў чалавек з народа.

Аднак вернемся да той нарады ў гаркоме партыі. Асэнсоўваючы яе, Петухоў вырашыў: трэба неадкладна правесці пашыранае пасяджэнне праўлення калгаса. Няхай усе ведаюць, за што яго крытыкавалі. I сваю, можа, хто з праўленцаў віну ў чым адчуе.

Праўленцы пагадзіліся: безумоўна, правільна раён падказвае, вёсцы сёння не толькі свінарнікі і кароўнікі, а і дабрабыт, і прыгажосць патрэбны. Час новую школу будаваць, магазін, Дом культуры… Аляксандру Прохаравічу дадалося клопату.

Ды не было ў яго жыцці, не магло быць такіх спраў, якія б зазасцілі яму зямлю.

Не хочацца мне прыводзіць ніякіх лічбаў па паляводству і жывёлагадоўлі. Скажу толькі, што былі яны высокія, апраўдвалі працу калгаснікаў. А яшчэ ўслед за Васілём Ярашэвічам паўтару, што Петухоў быў гаспадарнік-прафесіянал высокага класа. У многіх пытаннях паляводства і жывёлагадоўлі з ім не мог паспрачацца ніхто. Вялікі вопыт, набыты асабіста і неаднойчы правераны канкрэтнай практыкай, прызнавалі ўсе. Ён быў упэўнены ў сабе, але ўвесь час аб’ектыўна адшукваў нюансы, якія ўмацоўвалі яго правату. Разам з паплечнікамі — членамі праўлення, брыгадзірамі, галіновымі спецыялістамі — ён напружана працаваў на заўтрашні дзень, клапаціўся, дбаў пра сваіх калгаснікаў. За гэта з пашанай і шчырасцю яны выбралі яго дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі, за гэта пасылалі сваім паўпрэдам у розныя прадстаўнічыя органы і арганізацыі.

Але шматгадовае напружанне ўсе часцей давала Аляксандру Прохаравічу ведаць пра сябе. I аднаго разу нечакана паклала яго ў ложак. Яму б адпачыць, аднавіць, падмацаваць сілы, а ён, колькі дзён паляжаўшы,— у радзімае поле, у стыхію сваіх несціханых захапленняў і неўтаймоўнага запалу… Ды не надоўга, на якое паўгода.

Зацвітала чаромха. Яе хмельныя пахі каціліся з прысадаў па вуліцах Пякалічаў. Надвячоркам Аляксандр Прохаравіч выйшаў за ваколіцу паглядзець жытнёвую рунь — добра ўвабралася ў сілу? Статны, жылісты, задумліва пазіраў ён удалячынь зялёнай нівы. Здавалася, зараз загучыць высокім, чыстым, як неба над галавой, голасам яго любімая песня:

Ой мороз, мороз

Не морозь меня…

А ён прыклаў руку да грудзей, дзе было сэрца, уздыхнуў, падпампоўваючы ў лёгкія паветра, якога ім не хапала, сказаў сабе:

— Відаць, стаптаўся ты ўжо, Аляксандр.

Пасля таго ён стаў працаваць інжынерам па тэхніцы бяспекі ў калгасе.

Не стала Петухова раптоўна.

На пахаванне яго сабраліся з усяго раёна. Прыехалі таксама з Гомеля, хто ведаў яго па працы. Каля труны стаяў і Каўпаеў з поўнымі вачамі слёз. Гарачых прамоў не было. Быў цяжкі, горкі смутак. I глыбокая ўдзячнасць. За тое, што ў цяжкія часы самааддана ладзіў жыццё, не даваў праржавець людскім душам, што справамі сваімі сеяў веру ў справядлівасць, за якую ўпарта змагаўся.

Калі на труну пасыпаўся жвір, Каўпаеў ціха сказаў:

— Твая зямля яшчэ прарасце дружнымі ўсходамі.

Яго пачулі. Праўда, сказаная сэрцам, добра чуваць.

Не забываюць у раёне Петухова. У гаворках пра Аляксандра Прохаравіча людзі кажуць: «Жыццё яго было самой праўдай». Я, слухаючы такія гаворкі, міжвольна пацвярджаў у думках: «Так, самой праўдай». А аднойчы, пасля размовы з Васілём Цімафеевічам Ярашэвічам, я быццам зазірнуў у нейкую святую таямніцу, і мне чамусьці прыгадаліся словы Максіма Горкага: «Хлусня — рэлігія рабоў і гаспадароў. Праўда — Бог свабоднага чалавека».


ПТУШКІ БУДЗЯЦЬ ГАЛАСАМІ...



Многія жлабінчане ведаюць Мікалая Міхайлавіча Стукача як старшыню выканкама Жлобінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Бачылі: ні свет ні зара, а ён ужо то куды на дальнюю вуліцу завітаў — як тут яе добраўпарадкоўваць трэба? — то на будоўлі дзе ходзіць, строгім прыдзірлівым вокам аглядвае яе…

А будоўлі тады, у шасцідзесятыя-сямідзесятыя гады, разгортваліся, набіралі размах. Прымаў шчаслівых навасельцаў першы жылы мікрараён, пачалі вырастаць камяніцы ў другім. Адно за адным узводзіліся і пашыраліся завод па рамонту дарожных і будаўнічых машын, швейная, мэблевая і фабрыка мастацкай інкрустацыі, малочны завод і хлебазавод, адзін з буйнейшых у рэспубліцы мясакамбінат.

Але на першым плане, безумоўна, стаяла фабрыка штучнага футра. То была галоўная будоўля горада, найпершы клопат усіх дзяржаўных, гаспадарчых і грамадскіх арганізацый, што дбалі пра яе. Адначасова з прадпрыемствам узводзілася жыллё для рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў, установы сацыяльна-культурнага прызначэння.

— Вось завершым будаўніцтва, тады, Мікалай Міхайлавіч, вам будзе вальней ад нас, — казаў дырэктар фабрыкі Якубовіч, як ні штодня сустракаючы Стукача на будоўлі.

— Ага, тады, можа, старшыня гарсавета і ў басейне ў вас паплавае, і якія дзень-два ў санаторыі-прафілакторыі адпачне,— жартаваў Мікалай Міхайлавіч.

Ні Стукач, ні Якубовіч, аднак, ніякай вольніцы сабе ад сябе не чакалі: уся краіна дапамагала ўзводзіць фабрыку, буйнейшую сярод аднатыпных прадпрыемстваў у Еўропе, так што — не спі ў шапку, разварочвайся… Іншыя рэспублікі Саюза пастаўлялі абсталяванне, дапамагалі рыхтаваць кадры. Старшыня гарсавета радаваўся: вось што значыць братэрская наша традыцыя! I расказваў маладзейшым: калі ў дваццаць друтім годзе ў Паволжжы быў голад, рабочыя і служачыя Беларусі добраахвотна адлічвалі частку свайго заработку галадаючым, а сяляне, будучы самі паўгалоднымі, пасылалі ім хлеб. Дык жа затое пасля вайны што атрымала Беларусь, каб паўстаць з попелу і руін!.. А цяпер во!..

Яго слухалі. Яшчэ з тых далёкіх часоў нашага знаёмства я ведаў, што ад сустрэч з ім рабілася цёпла і хораша на душы.

Пазнаёміліся мы з Міколам у сорак шостым годзе. Тады дэмабілізаваны лётчык-франтавік прыйшоў на працу загадчыкам арганізацыйнага аддзела Жлобінскага райкома камсамола. Часам незнарок прыгледзеўшыся да хлопца, можна было заўважыць: у грудзях у яго не рассейваўся горкі дым вайны, але ён не засцілаў, не засціў далягляды.

Я тады працаваў загадчыкам юрыдычнай кансультацыі і быў камсамольскім актывістам. У той час адной з галоўных задач райкома было аднаўленне ў калгасах камсамольскіх арганізацый, што распаліся ў час нямецкай акупацыі. Гэтым займаліся ўсе райкомаўскія работнікі, актыў. Як цяпер памятаю, Стукач торбу з пайком, атрыманым па картачках на тыдзень наперад, за плечы — і пайшоў. Ад вёскі да вёскі, з калгаса ў калгас. Было тады ўсяго: і сумныя думкі навальваліся, і душы неспакой — ці вернецца вера ў юначыя сэрцы?..

Многія вёскі ў вайну былі спалены, ляжалі ў руінах. Райком камсамола выказаў ініцыятыву: маладзёжнай грамадой дапамагаць вяскоўцам будаваць хаты, каб хутчэй перасяліць сем’і загінуўшых франтавікоў і інвалідаў з зямлянак і злепленых з дошак халуп.

Летнім ранкам у выхадны дзень камсамольскія актывісты, хлопцы і дзяўчаты з прадпрыемстваў і ўстаноў горада прыехалі ў вёску Малевічы. За галоўнага ў той гаманкой дасужай талацэ быў Стукач. Галоўны — дык галоўны. Ён сказаў:

— Сёння мы павінны пакапаць ямкі для штандараў на падмуркі, абкарыць усё нарыхтаванае бярвенне, надраць моху ў балоце, ясна? Каб цесляры пачалі зрубы ставіць.

Ясней не скажаш. I, як пісаў паэт, зашумела, загуло.

I ўзнёсла, і крылата было там маладым.

3 вышыні на зямлю пазірала сіняе неба. Ад ліпы, якая нейкім цудам уцалела ад пажару, ліўся мядовы пах.

Увечары, стомленыя, але шчасліва ўзбуджаныя нязвыклай шчырай працаю, збіраліся дадому. Высокая сівая жанчына вынесла з зямлянкі міску, да палавіны ў якой было малако, падышла да шумнага гурту.

— Пачастуйцеся малачком, родныя мае, свежанькае, толькі падаіла козку.— Спахапіўшыся, быццам павінавацілася ў чым:— На кароўку яшчэ не разжылася, але казінае малачко дужа карыснае, пачастуйцеся, дзетачкі.— Яна мірганула светлымі вачамі, і позірк яе як застыў, скіраваны некуды за чыгунку.— Хай вам, дзеткі, здаровіцца і хай на ўсе гады вось так гуртуе вас талака.

Цяпер, калі праз столькі часу мне ўспомніліся тыя ўдзячныя словы, у адказ на іх само сабой падумалася: «Бо маладыя рукі не бізнес жа рабілі».

Прызнаюся, я быў не мала здзіўлены і абрадаваны, калі нядаўна пачуў ад Мікалая Міхайлавіча тыя словы старой жанчыны. Аднак пра гэта крыху пасля. Цяпер жа мне зноў хочацца вярнуцца да Стукача — старшыні гарвыканкама.

Старшынёўская біяграфія яго — жылыя мікрараёны, гарадскія вуліцы, школы, медыцынскія ўстановы, прадпрыемствы гандлю, установы культуры… Яна ўся навідавоку ў гараджан. Але ж каму вядома, як на практыцы ўсё рабілася, ажыццяўлялася! Толькі блізкія людзі ды бяссонныя ночы ведаюць гэта.

Пунктуальны (сказана — зроблена!), уважлівы і чулы да чалавека, Мікалай Міхайлавіч быў нецярпімы да безгаспадарчасці, абыякавасці. Усе ўсё павінны рабіць з поўнай аддачай. Але ж калі страчвалася ў каго сумленне?.. Дык не здабраваць было таму… Ды вось парадокс: і яму самому, Стукачу, бяда была ад таго. Яму — бо біла па ім рыкашэтам, маланкай па сэрцы, агнём у душу. Як жа ён недагледзеў, упусціў?.. Здаралася, і досвітак у акно ўжо зазірае, а вочы яшчэ не заплюшчваліся.

Прыходзіў новы дзень — прыносіў новыя клопаты. Але старыя не знікалі, пакуль не вырашаліся, не даводзіліся да лагічнага канца. I адно добрылася ў душы: не было ў ёй застою дрымучага.

Ён, салдат і працаўнік, жыў праўдай, верай і надзеяй. Асвечваў усё шчырасцю. I жыццё яго не ацярушвалася на дол зжаўцелай лістотаю — гарэла. А што згарэла — не згніло: яно дало цяпло.

Так адшумелі леты, адляцелі зімы. Цяпер структуры гарадской улады ўзначальваюць паслядоўнікі Мікалая Міхайлавіча, маладыя, энергічныя. А ён? Як яму прарочыў адзін яго знаёмы, «на печы грэе плечы»?

Не, ён, чалавек ужо не маладога веку і здароўем не волат, не бавіцца сумнай вольніцай заслужанага адпачынку. Цяпер ён рупіцца, каб адшукаць і сабраць тое цікавае і значнае, незабыўна гераічнае і трагічнае, што зрабіла на Жлобіншчыне гісторыя. Адшукаць і сабраць, каб паказаць людзям. Ён працуе навуковым супрацоўнікам мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея.

Аднаго разу, будучы ў музеі, я чуў, як Мікалай Міхайлавіч вёў экскурсію з групай моладзі. Расказваў пра падзеі, факты, людзей, а сам усім пафасам гутаркі сваёй гаварыў: глядзіце, маладыя людзі, думайце, спасцігайце мудрасць і ўрокі жыцця мінулых пакаленняў. Тут перад вамі — далёкая і блізкая гісторыя, чалавечыя лёсы, высокія і цярністыя, гераічныя і трагічныя. Слухайце сэрцамі іхнія непадробныя галасы як глыбінную споведзь, як святы запавет і заклён: «Людзі, жывіце ў згодзе, міры і дружбе, будзьце паяднаны брацтвам!».

Мікалай Міхайлавіч не ўтрымаўся і ад заўвагі:

— А цяпер што нам даводзіцца бачыць? Так званая перабудова разгайдала наша жыццё. Дык многія юнакі і дзяўчаты замест таго, каб заняцца сапраўднай перабудовай, рынуліся хто куды папала. На брудна-пеністых хвалях хаосу становяцца хціўцамі і рвачамі.— Нямоцны голас яго то ўзвышаўся, то ападаў, у ім чулася прыглушаная але нястрымная ўзрушанасць.— Сабе ўсё, сабе… Бізнес!.. I так жа хутка ўзброіліся гэтым замежным словам! Бізнес любой цаной…

За вокнамі імгліўся зімовы дзень. Скрозь шэрыя нізкія хмары сонца ледзь-ледзь прабівалася. У музеі панавала цішыня, як у храме.

— Хай вам здаровіцца і хай вас гуртуе талака,— неспадзявана даляцела да майго слыху.

Група перайшла ў другую залу. А я апынуўся ў той непазбыўнай далёкай далечы часу. 3 вышыні на зямлю пазірала сіняе неба. Ад ліпы, якая цудам уцалела ад пажару, ліўся мядовы пах…

Экскурсія закончылася. У суседняй зале сыпаліся пытанні Мікалаю Міхайлавічу, а мне раптам прыгадаўся філасофскі роздум маладога паэта — вершаказ, які я прачытаў надоечы ў часопісу:

Жыта спее каласамі,

Чалавек — душою.

Восень вабіць верасамі,

Чалавек — душою.

Птушкі будзяць галасамі,

Чалавек — душою.

На гэтым, можа, варта было б мне і закончыць свой нарыс. Ды перад тым, як паставіць апошнюю кропку, хочацца вось што яшчэ зазначыць. Прадбачу, ты, чытач, можаш заўважыць: ну што тут асаблівае расказаў пісьменнік? Звычайная біяграфія звычайнага чалавека — не героя, не прарока… Цалкам згодзен з табою: так, звычайная. Аднак жа тым і адметная яна, тым і характэрная, што — як у соцен тысяч іншых, сціплых і светлых. Тым і значная і для нас, яго сучаснікаў, і для нашчадкаў. «Птушкі будзяць галасамі, Чалавек — душою».


ПЕСНЯ НАД ДНЯПРОМ

Замест пасляслоўя



Сяброўкі ішлі берагам. Ціха размаўлялі, мусіць, дзяліліся нейкімі сваімі сакрэтамі, усміхаліся.

На касагоры над бруістай ракою раскашавалася кучаравая рабіна. Увосень яе палівалі халодныя дажджы, зімою студзілі мяцеліцы і маразы, гнулі-ламалі лютыя вятры, а яна не паддавалася ліхалеццю. Вясной буйна распускалася і сустракала жураўлёў з выраю, улетку прыбіралася ў каралі агніста-чырвоных ягад.

Дзяўчаткі спыніліся пад рабінай, залюбаваліся рачным прыволлем. Дняпро каціўся-перакочваўся ўдалечыню лёгкімі хвалямі.

— I недзе ў Смаленску, і ў Кіеве хтосьці любуецца гэтай ракой,— задумліва прамовіла Тамара.

Люба не адказала ёй, ціха заспявала:

Зорачка мая, светлая мая,

Узімку і вясною.

А ці снег мяце, а ці дождж ідзе —

Ты заўжды са мною.

Тамара хвіліну пазірала на яе збоку, як вывучала ўсё роўна, спытала:

— Чаму ты, сябровачка, кожны раз тут, пад рабінай, спяваеш?

— Хіба? — здзівілася Люба.— А я і не заўважала!

Дзяўчаткі часцяком у суботу ці нядзелю прыходзілі сюды, на адкрыты сонцу бераг. Гэта была іхняя любімая мясціна адпачынку, тут іх трапяткія душы неяк таямніча-салодка хваляваліся і як бы раскрыльваліся. Дык яны быццам хацелі налюбавацца ёю на ўсё жыццё — неўзабаве ж развітаюцца са школай і разляцяцца хто куды.

— Хы-ым, не заўважала,— не паверыла сяброўцы Тамара.

— То-омачка, ну праўда ж!.. — Блакітныя Любіны вочы хвіліну весела блішчалі, нібы ў іх светлячкі гарэлі, і раптам па-цямнелі, зрабіліся задумлівымі. Яна пакратала пальцамі, потым павольна правяла далонямі па гладкім ствале дрэва.

3 Дняпра пацягнуў лёгкі ветрык. Лісце рабіны затрапятала.

— Дык спяваю, кажаш?.. Гэта, мусіць, таму, што рабіна… Заўсёды мне здаецда, што я чую, як яна ціха спявае. I ўсё розныя песні, усё розныя… Мелодыя быццам з каранёў разам з сокам ідэе да лісця. Нават рука чуе яе пад карою, калі возьмецца за ствол ці галінку.

Сяброўкі пазіралі на раку. Над імі таямніча, даверліва шамацела маладым лісцем кучаравая рабіна.

Недзе блізка і далёка, у неспакойным, узрушаным свеце разгайданае тлумнай віхурай жыццё хвалявала людзей трывогаю: што чакае наперадзе, як будзе жыцца далей? А над Дняпром звонка, у два маладыя галасы ляцела:

А ці снег мяце, а ці дождж ідзе —

Ты заўжды са мною.

Высокае сонца цяпліла дзявочую песню. А ў людзей спрадвеку вядзецца: дзе цёплая шчырая песня, там дабрыня ў сэрцах і лад у думках, там хлеб на стале і госць у хаце.

***

Абзац напаследак. Чалавек глядзіць на жыццё і слухае яго ўсім сабою. Удзень і ўначы, «а ці снег мяце, а ці дождж ідэе», мне чуюцца па-над Дняпром песні любові і прагі жыцця. А яшчэ — сэрца чуе і гукае ў свет пранікнёныя словы майго малодшага таварыша і земляка, шчырага паэта-грамадзяніна Міколы Кусянкова: «Русь, якую называюць Белай, Я памру, а ты заўсёды будзь». Гукае як запавет сумлення, як заклён святога абавязку перад Айчынай.

Чалавек, сумленны, шчыры і горды, насуперак бурам і навальніцам крочыць па жыцці тварам да надзеі.


Мастак У.В. Тумінок.

Вокладка мастака С.В. Ланбіна.