Птушкі на цернях [Колин Маккалоу] (epub) читать постранично, страница - 2

Книга в формате epub! Изображения и текст могут не отображаться!


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

падкраліся Джэк і Х’югі. Яе выдалі валасы — характэрная прыкмета амаль усіх Кліры — як сямейны маяк: галовы ўсіх дзяцей Кліры, акрамя Фрэнка, няўмольная прырода накрыла стрэшкай валасоў розных адценняў чырвані. Джэк пальцам паказаў на Мэгі брату і хітравата ўсміхнуўся. Ухмыляючыся адзін аднаму, яны, нібы салдаты, што высачылі здрадніка-маоры, абышлі яе з бакоў. Мэгі ўсё роўна не заўважыла б іх — так залюбавалася лялькай.

— Што гэта ў цябе, Мэгі? — раптам падскочыў да сястры Джэк. — Пакажы!

— Ага, пакажы! — хіхікнуў Х’югі, атакаваўшы яе з фланга.

Дзяўчынка прыціснула ляльку да грудзей і пакруціла галавой:

— He дам, яна мая! Мне падарылі ў дзень нараджэння.

— Дай глянуць! Ну давай! Мы толькі зірнём на яе.

Гордасць і радасць, якімі поўнілася сэрца Мэгі, нарэшце перамаглі, і яна павярнула ляльку так, каб яе ўбачылі хлопчыкі.

— Бачыце, якая прыгожая? Яе зваць Агнеса.

— Агнеса? Агнеса? — зусім непрытворна скрывіў твар Джэк. — Што за грубае імя? Чаму не Маргарэт альбо Бэці?

— Таму што яна Агнеса!

Раптам Х’югі прысвіснуў — заўважыў, што кісці рук у лялькі могуць паварочвацца.

— Гэй, Джэк, глянь! У яе рукі круцяцца!

— Рукі? Давай паглядзім.

— He! — Мэгі зноў прыціснула ляльку да сябе, на вачах выступілі слёзы. — Вы паломіце! Ой, не забірай, Джэк, — паломіш!

— Ану! — замурзанымі загарэлымі пальцамі Джэк моцна сціснуў ёй запясці. — Ты што, хочаш мець кітайскае таўро? He будзь плаксай, a то Бобу скажу! — Яго бязлітасныя пальцы расцягвалі скуру на яе руках, скура туга напялася і пабялела, а Х’югі вырываў ляльку, ухапіўшы яе за спаднічку. — Сама аддай, а не дык горш будзе!

— He! Калі ласка, Джэк, не трэба! Ты паломіш, я ведаю! He чапай яе! He забірай, прашу цябе! — I хоць Джэк моцна сціскаў яе рукі, дзяўчынка ўчэпіста трымала ляльку, плакала і адбівалася нагамі.

— Вось яна! — выгукнуў Х’югі, калі лялька нарэшце выслізнула з абдымкаў Мэгі.

Джэку і Х’югі лялька здалася такой жа цудоўнай, як і Мэгі; на дол паляцела сукенка, ніжнія спаднічкі і брыжастыя панталончыкі. Агнеса ляжала зусім голая, і хлапчукі цягалі і тузалі яе — то задзіралі ёй нагу за патыліцу, то галаву паварочвалі тварам назад, згіналі і выкручвалі ляльку, як толькі маглі. На сястру, якая стаяла, плачучы, каля іх, яны зусім не зважалі, а яна нават і не падумала паклікаць каго-небудзь на дапамогу, бо так ужо заведзена было ў сям’і Кліры: калі ты сам пастаяць за сябе не можаш, ніхто за цябе не заступіцца і табе не паспачувае, хай ты і малая дзяўчынка.

Залацістыя ляльчыны валасы рассыпаліся, жамчужыны, мігатнуўшы ў паветры, зніклі ў высокай траве. Брудны, запылены чаравік безуважна наступіў на сукеначку, што валялася на зямлі, і атлас пачарнеў ад тлустай гразі з кузні. Мэгі апусцілася на калені, паспешліва падбіраючы мініяцюрнае адзенне, каб уратаваць яго ад яшчэ большай бяды, потым пачала корпацца ў траве — там, куды, ёй здалося, паляцелі жамчужыны. Слёзы сляпілі ёй вочы, сэрца ўпершыню сціскалася ад гора, бо дагэтуль яна ніколі не мела нічога такога, па чым можна было б так бедаваць.

Фрэнк шпурнуў падкову, і яна з шыпеннем акунулася ў халодную ваду, тады выпрастаўся; апошнія дні спіна не балела — мусіць, ён прывык ужо да молата. «Якраз у пару, — сказаў бы бацька, — паўгода ўжо пры дзеле». Фрэнк і сам добра ведаў, колькі часу прайшло з тае пары, як яго прыставілі да горна і кавадла; ён мераў яго з нянавісцю і агідай. Кінуўшы молат у скрыню, ён дрыготкай рукой адгарнуў з ілба прамыя чорныя валасы і зняў з шыі стары скураны фартух. Кашуля яго ляжала на кучы саломы ў куце, ён падышоў да яе і колькі хвілін пастаяў, нерухома ўтаропіўшы чорныя, шырока расплюшчаныя вочы на рассохлую сценку свірна, быццам глядзеў скрозь яе.

Ён быў невысокі — не болей за пяць футаў і тры цалі, хударлявы, як падлетак, але пад бледнай, гладкай і чыстай скурай на плячах і руках, якая блішчала ад поту, надзьмуліся мускулы — ад працы цяжкім молатам. Цёмны колер яго валасоў і вачэй аддаваў нечым староннім, паўнагубы рот і нос з шырокім пераноссем таксама былі не такія, як у астатніх Кліры, але ў жылах маці цякла кроў маоры, і ў Фрэнку яна дала сябе знаць. Яму было ўжо амаль шаснаццаць, а Бобу толькі адзінаццаць, Джэку дзесяць, Х’югі дзевяць, Сцюарту пяць, а маленькай Мэгі — тры. Але раптам ён успомніў, што сёння Мэгі споўнілася чатыры гады; гэта ж ужо восьмага снежня! Ён надзеў кашулю і выйшаў са свірна.

Дом стаяў на самым версе невысокага ўзгорка футаў на сто вышэй за свіран і стайню. Як і ўсе новазеландскія жылыя дамы, ён быў драўляны, і яго адзіны паверх распластаўся на плошчы ў некалькі соцень квадратных футаў — каб у выпадку землетрасення хоць якая-небудзь яго частка ўцалела. Вакол дома рос ядловец, усыпаны ярка-жоўтымі кветкамі; трава, як і ўсюды ў Новай Зеландыі, была зялёная, сакавітая. Нават у самы разгар зімы, калі іншы раз іней цэлы дзень не раставаў у цяні, яна не бурэла, а доўгае лагоднае лета толькі афарбоўвала яе ў яшчэ свяжэйшы колер. Дажджы падалі мякка, не латашылі далікатнай, пяшчотнай расліннасці,