Птушкі на цернях [Колин Маккалоу] (epub) читать постранично

Книга в формате epub! Изображения и текст могут не отображаться!


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Птушкі на цернях
I. 1915-1917
II. 1921-1928
III. 1929-1932
IV. 1933-1938
V. 1938-1953
VI.1954-1965
VII. 1965-1969

 


Колін Маккалаў


ПТУШКІ HA ЦЕРНЯХ


Раман


Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.


Кніга падрыхтавана па выданні:


Маккалаў, Колін.

Птушкі на цернях: раман / Колін Маккалаў; [пераклад з англійскай мовы С. Дорскага, В. Рабкевіча]. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1988. — 599 с.


Пераклад зроблены з выдання: McCullough С. The ThornBirds: Harper & Row, Publishers, 1977. 

ISBN 5-340-00168-7

Раман сучаснай амерыканскай пісьменніцы з Аўстраліі Колін Маккалаў «Птушкі на цернях» (1977) — рамантычная сага пра тры пакаленні сям'і аўстралійскіх рабочых, пра людзей, шукаючых сваё шчасце. У кнізе апяваюцца пачуцці моцныя і глыбокія, любоў да роднай зямлі, даюцца праўдзівыя і жывапісныя выявы аўстралійскага побыту.


© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016


 

Джын Істхаўп,

«старэйшай сястры»

Існуе легенда пра птушку, што спявае толькі адзін раз у жыцці, затое прыгажэй за ўсіх на зямлі. Як толькі пакіне сваё гняздо, яна адразу ляціць шукаць цярноўнік і не супакоіцца, пакуль не знойдзе. Сярод калючага голля запявае яна песню і кідаецца грудзямі на самую доўгую, самую вострую церню. I, паміраючы, узвышаецца над невыказнымі мукамі і так радасна спявае, што дзе там жаўруку ці салаўю. Адна-адзіная, дзівосная песня, і цана ёйжыццё. Але ўвесь свет замірае, услухоўваючыся, і сам бог усміхаецца ў нябёсах. Бо ўсё лепшае купляецца цаною вялікіх пакут... Прынамсі, так кажа легенда.


I. 1915-1917


МЭГІ


1

Восьмага снежня тысяча дзевяцьсот пятнаццатага года Мэгі Кліры споўнілася чатыры гады. Пасля снедання, калі са стала прыбралі посуд, маці моўчкі ўсунула ёй у рукі загорнуты ў карычневую паперу пакунак і паслала на двор. Там Мэгі прысела на кукішкі пад кустом ядлоўцу каля пярэдніх варотаў і пачала нецярпліва абдзіраць паперу. Пальцам неставала спрыту, абгортка была тоўстая, ад яе крышачку патыхала універсальнай крамай Вэгайна, і дзяўчынка зразумела: што б ні хавалася там, усярэдзіне, яно было купленае, не самаробнае і не падараванае. У адным ражку выглянула нешта прыгожае, дымчата-залацістае, і Мэгі жвавей накінулася на паперу, здзіраючы яе доўгімі касмыкаватымі стужкамі.

— Агнеса! Ой, Агнеса! — у захапленні ўсклікала яна, пазіраючы на ляльку, што ляжала ў сваім разбураным гняздзе.

I сапраўды цуд. Адзін толькі раз была Мэгі ў магазіне ў Вэгайне — яшчэ ў маі: маці павезла яе туды за тое, што яна была паслухмяная дзяўчынка. З вышыні сваёй каляскі, якая стаяла каля маці, Мэгі, аднак, няшмат убачыла — такая была ўзрушаная, і мала што запомніла. Апрача Агнесы — прыгожай лялькі, што сядзела на прылаўку ў ружовым атласным крыналіне з карункавымі фальбонамі крэмавага колеру. Яшчэ там, у магазіне, Мэгі ў думках ахрысціла яе Агнесай — адзіным імем з тых, што ведала, якое было дастаткова прыгожае для такога дзівоснага стварэння. Але ў наступным месяцы ў яе гарачых мроях пра Агнесу не загараўся хоць бы самы кволы агеньчык надзеі — у Мэгі ніколі не было лялек, і яна нават не ўяўляла сабе, што паміж маленькімі дзяўчаткамі і лялькамі ёсць нешта агульнае. Мэгі з ахвотай забаўлялася свістулькамі і пакалечанымі салдацікамі, якімі ўжо грэбавалі яе браты, заўсёды пэцкала рукі, хадзіла ў абляпаных чаравічках.

Ёй і ў галаву не прыходзіла, што Агнеса існуе для таго, каб з ёю гуляць. Пагладжваючы ярка-ружовыя складкі яе ўбору — такога раскошнага Мэгі яшчэ ніколі не бачыла на жывых людзях, — яна пяшчотна выняла Агнесу з пакунка. Рукі і ногі ў лялькі былі на шарнірах і маглі паварочвацца ў любы бок, круціліся нават шыя і тонкі зграбны стан у поясе. Залацістыя валасы былі ўзбіты ў высокую прычоску «пампадур», усеяную жэмчугам; цялеснага колеру торс праглядаў праз карункавую, тонкую, як пена, крэмавую хустачку, сколатую шпількай з жамчужынай. Умела размаляваны твар з англійскага фарфору дзівіў сваім хараством; фарфор быў неглазураваны і так тонка афарбаваны, што шчокі мелі натуральны матавы выгляд. Між вейкамі з сапраўдных валасінак блішчалі надзіва блакітныя вочы, іх цямнейшыя радужныя абалонкі былі ўсе ў праменьчыках і абведзены сінню; зачараваная, Мэгі раптам зрабіла адкрыццё — калі нахіліць ляльку нізка назад, яна заплюшчвала вочы. На адной з ружаватых шчок уверсе чарнела мушка, за крышачку раскрытымі цёмна-чырвонымі вуснамі віднеліся белыя зубкі. Мэгі асцярожна паклала Агнесу сабе на калені, ямчэй перапляла пад сабой ногі і так знерухомела, пазіраючы на ляльку.

Яна ўсё яшчэ сядзела пад ядлоўцам, як раптам каля самага паркана зашамацела трава, да якой тут было не дабрацца касе, і да Мэгі