Абганяючы сны [Анатоль Казлоў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Анатоль КАЗЛОЎ


АБГАНЯЮЧЫ СНЫ


Аповесць


Вам даводзілася бачыць, як паміраюць дэльфіны? Не? А як яны займаюцца сексам? Ага, таксама не бачылі... Вось і мне не пашэнціла ўгледзець ні першае, ні другое пра дэльфінаў. А калі-небудзь ваш позірк чапляўся за ягня з дзвюма галовамі, альбо спатыкаліся вы вачамі аб мядзяны поўнепадобны твар Іван-Мар’і? Ну, гэта калі твар адзін, а ніжэй пупка (даруйце) два ў адным... Навошта так непрыхавана пасміхацца? Ды і не трэба пальчыкам свідраваць скроню. Адкуль я магу ведаць, што сёння на першым плане ў Іван-Мар’і: мужчынскі ці жаночы пачатак... Матухна прырода паздзекавалася з чалавека. Вы не пагаджаецеся, гаворыце, што гэта ўсяго толькі жарт. Нават не кпіна з чалавечага цела. У такім выпадку Бог вам суддзя. Бо не думаеце вы пра душу. Але, але, слушна падказваеце: душа — не цела. Яе не відаць, і твару ў яе няма. Для вас важней абалонка паветранага шара, а чым ён надзьмуты — другаснае. Так? Бачу сумнеў у вашых вачах. Не? Вы абыякава перасмыкаеце плячыма і ўнурваеце галовы ў плечы... Душа, цела, смерць дэльфінаў, ягняты з дзвюма галовамі... ці так гэта важна, калі на вуліцы вясна, а горад захлынаецца цяплом сонца, ажывае кволай зелянінаю дрэў паўз шырокія праспекты на чыста вымеценых бульварах. На лапіках паркаў і сквераў цвінкаюць вяртлявыя сініцы, лаўкі перапоўнены гаманлівай моладдзю, а фантанчыкі пстрыкаюць у глыбокую сінечу неба хларыраванымі струменямі. Самы час зазірнуць у бліжэйшы прыгарадны Дом адпачынку ці санаторый, а я вам пра Івана-Мар’ю. Можна і на егіпецкае ці турэцкае ўзбярэжжа. Вы не супраць Іспаніі, Балгарыі і Чарнагорыі? Я ж раю гайсануць у Ізраіль альбо ў Італію. Едзьце, ляціце, плывіце, бяжыце і дыхайце на поўныя грудзі. Сустракайцеся, кахайце, здраджвайце тым, кім захапляліся! Дайце гэтай вясною вольніцу сваім двухаблічным Іванам-Мар’ям, прыхаваным і прыдушаным пячонкаю, засунутым у апендыкс. Бо ўсе вы (даруйце, мы) Іваны-Мар’і і двухаблічныя Янусы. Не, не цялесна. Дзякуй Богу. Я — пра нашы патаемныя памкненні і жаданні, пра чарвяка здрады ў сэрцы, падсвядомыя хаценні, пра сны, у якіх мы не прывязаны да аднаго ці адной і на ўсё жыццё! Я пра цялесную насалоду гавару, адкідваючы ў каналізацыйныя люкі словы: «Нельга! Як можна! Што скажуць!..»

Вось, некаторыя з вас грэбліва скрывілі вусны. Праз зубы сёй-той гатовы выціснуць: «Разбэшчаны падонак, збачэнец. Ату, на шыбеніцу яго, ізаляваць, расстраляць! Чаму ён навучыць моладзь?!» Не гарачыцеся, шаноўныя, не трэба. Вучыць нікога не варта. Усе даўно навучаны. Вамі ж навучаны. Я хачу аднаго — шчырасці! Наколькі можна. Бо ўсё роўна, як ні старайся, як ні вымольвай, а самае патаемнае застанецца недасягальным для старонняга вока. Сыдзе яно разам з кожным у нябыт. Гэта яшчэ адзін закон жыцця. Нашага з вамі жыцця. Вось чую гнеўныя воклічы «шэрых мышак». Яны, шэрыя мышкі, сінія панчошкі, даядаюць сакавіты яблык толькі дзеля таго, каб шпурнуць агрызкам мне ў пераноссе: праведнік чортаў! Не, я не праведнік, даражэнькія, а такі ж затурканы, задзёўбаны жыццём чалавек, з процьмай патаемных (часам непрыгожых) жаданняў і хаценняў. Як і большасць з вас, хаваю яго (свой сверб) ад людскога, вашага вока. Таксама нашу крыжык на целе з надзеяй, што ён, мой абярэг, дапаможа мне «быць, як і ўсе»: правільным. Вось бачыце: нічым я не адрозніваюся ад іншых. Такі ж мізэрны ў сваёй велічы. Бо, як і ўсе, жыву ў грамадзе. А закон грамады важнейшы за асобу.

Ды не буду я пра нізкае і жывёльнае, павяду гаворку пра высокае і незямное, асветленае і асвечанае тысячагоддзямі. Так-так, пра Чалавека гавару. А вы ўсё патрабуеце пра каханне, пра каханне... Чалавека ж не бывае без кахання, як не можа быць наступнага дня без ранішняй зоркі і вечарніцы. Вось толькі каханне ў кожнага мае свой, адметны, прысмак, пах, вышыню і даўжыню. Што, не згодны? Ага, тады зірніце за акно сваёй спальні. Помніце, учора была вясна з цёплым сяйвом сонца, а сёння што бачыце? Так, снежная пацяруха на кволай зялёнай лістоце дрэў. Прыціхлі сініцы, апусцелі лаўкі ў скверах і парках, галапузая моладзь усцягнула на плечы цёплую вопратку, а над жалезным, без пеністых струменяў, шчэццем фантанаў — шэрае нуднае неба. Куды падзелася аквамарынавая нябесная глыбіня з ласкавай цеплынёй промняў? Вось так яно, мае шаноўныя: вясна пабралася з зімою, а ўзнёсласць пачуццяў абрынулася ў самы ніз, на дно, і нават светлай макаўкі яе не бачна. Шкада, што нам часта даводзіцца забываць, як мяняюцца месцамі верх і ніз. Адзін кульбіт, лёгенькая хвалька, штуршок, пстрычка пальцаў, і вось маем: тое, што напярэдадні было ўверсе, апынаецца ўнізе, і наадварот. Яшчэ адзін закон зменлівай вечнасці. А колькі іх яшчэ!..

Не трэба папракаць мяне ў чарговай банальнасці. Самае дзіўнае ў тым, што чым складаней паняцце, тым яно банальней і прасцей. Усё самае складанае ў жыцці да прымітыўнага банальнае. Чарговы закон вечнасці.

Аднойчы я змяшаў чорную фарбу з белай. Мне карцела атрымаць шэры колер. І што вы думаеце я ўрэшце атрымаў?.. Не напружвайце звіліны. Я атрымаў такі колер, які хацеў. Але гэта было маё разуменне шэрасці, маё бачанне яе гушчыні і насычанасці. Толькі маё асабістае! У вас атрымалася б па-іншаму. Смешна? Не ведаю, як вам, а мне сумна.


***

Ён выйшаў з метро ў прыцемках. Травень яшчэ не ўвабраўся ў сілу, не перакаціўся праз сваю лысаватую сярэдзіну. Бо вясна была позняй, зацяжной і халоднай. Увесь час дзьмулі паўночна-ўсходнія ветры. Начамі яны натужна вылі, шасталі між шматпавярховікамі як галодныя бяздомныя сабакі, біліся ў вокны, выстуджвалі кватэры. Сапраўднага вясенняга цяпла людзі яшчэ так і не адчулі.

Ён ішоў па бязлюдным тратуары, хаваючы твар пад насунутым на самыя вочы башлыком. Куртка напіналася ветрам, шаргацела пад раз’юшанымі парывамі. Здавалася, што калі б расшпіліць гузікі і расхінуць крысо апраткі, то Ікарам можна было ўзвіцца ў цяжкаватае хмарнае неба, а вось прызямліцца наўрад ці ўдалося б. А навошта? Куды, дзеля чаго? Юджын ішоў у ноч. Яго ніхто цяпер не чакаў, не завіхаўся каля пліты, каб згатаваць вячэру. Ягоны сябра і спадарожнік вецер імкнуўся падсобіць, падкінуць чалавека ўвышкі, але ж той не разумеў намаганняў вольнага беспрытульніка, таму і дыбаў у невядомасць, упіраючыся галавою ў пругкія хвалі ветру, нагінаючыся і прабіваючы плечуком іх халодныя абдымкі.

«Навошта, ну навошта іду пад чужыя цяпер вокны? Каб яшчэ раз зразумець, што ніхто там мяне не чакае? А, можа, раптам?.. — мужчына сам сабе крыва ўсміхнуўся. — Ніякага “можа” не здарыцца. Пастаю, пагляджу ў асветленыя вокны на шостым паверсе і пасунуся на вакзал. Я быў шчаслівы, але не разумеў гэтага. Звыкся са сваім шчасцем. Яно падалося мне заўсёдным, вечным і нязменным. Магчыма, што ў нейкі момант я насыціўся ім. Ці прыелася яно мне, як грэцкая каша, якую спажываеш на снеданне, абед і вячэру... Захацелася іншага смаку, нечага смажанага альбо печыва з разынкамі хапануць напоўніцу». Юджын збочыў з тратуара на лясную добра ўтаптаную сцежку, пайшоў напрасткі. Ён углядаўся пад ногі, каб не зачапіцца абуткам за вузлаватыя карані елак, якія, быццам гіганцкія спруты шчупальцамі, аплялі сцяжыну. Так Юджын часта хадзіў з Русланаю на працу, разам яны прагульваліся ў выхадныя і святы ў гэтай лесапаласе, якая падзяляла ці не тры мікрараёны горада і праз якую шматлікія тутэйшыя жыхары прасткавалі дарогу да метро. Як ні дзіўна, але ў гэтым ляску атабарыліся вавёркі. Не адна-дзве, а дзясяткі пухнатых рудаватых звяркоў. Менавіта зімою яны радавалі гараджан, асабліва дзятву і пенсіянераў. Але тое ўсё — у мінулым для Юджына. У мінулым ранішнія прабежкі з Русланай, шашлыкі «па-паходнаму», тут, непадалёчку. Ён, яна, іх сябры. Русланіны сябры. Дзіўна, але нават сваіх сяброў у Юджына не было. Ні раней, ні цяпер. У яго былі яе сябры, Русланіны...

«Ну чаму, чаму чалавек змушаны ўсё жыццё вучыцца на сваіх памылках? Навошта набіваць гузакі на ілбе, ведаючы, што мільёны да цябе іх ужо панабівалі: крывава-сінюшных, ацёчных. Асцярэгчыся б, абысці, ухіліцца. Аж не — пнуся напралом, не зважаючы на вопыт братоў па няшчасці. Няўжо ўсе мы, мужчыны, настолькі дубовыя і не здатныя ўспрымаць горкі набытак папярэднікаў? Няўжо? — невядома ў каго пытаўся Юджын, углядаючыся ў пагусцелы змрок між елак. — Я кахаў і кахаю Руслану. Самому сабе не схлусіш. Збіраўся пражыць з ёю да глыбокай старасці, да тых дзён, калі падаюць адно аднаму напіцца. Не так і важна было, што лёс не даў нам нашчадкаў. Я і Руслана зжыліся ўжо з гэтай думкаю, змірыліся раз і назаўсёды. “Ты маё самае вяліка-малое дзіця”, — часта жартавала яна, барукаючыся ў ложку. Гадамі мы дыхалі адным дыханнем, глядзелі аднолькава шмат на якія рэчы і падзеі. Нават думалі часта аднолькава. Але ў адзін чорны дзень мне падалося, што гэтага мала. Не, не мала, а недастаткова для майго мужчынскага шчасця. І панеслася, пакацілася мая бяздумная галава па купінах жыцця...»

Сцежка падвяла да шырокага палатна дарогі. Па шашэйцы стомленымі жукамі цягнуліся легкавікі, укормленымі вусенямі паўзлі аўтобусы. Каб перайсці на другі бок дарогі, даводзілася счакаць вечаровы наплыў жалезных монстраў на святлафоры. Побач з Юджынам спынілася бабулька, якая нагадвала багамола. Яна моцна трымала за руку дашкольніка. Хлопчыку чакаць няўсцерп, ён быццам на шарнірах: тузаецца, круціцца на ножках управа-ўлева, плечукі пад лёгкім палітончыкам падаюцца то ўперад, то назад, галава ў вязанай шапачцы — як завадная. Назіраючы за ім, Юджын падумаў, што менавіта так і ён сябе паводзіў у тыя два тыдні, калі Руслана з’ехала да хворай сястры ў Крым. Яго распінала, ён захлынаўся незразумелай воляй. Свабода. Сва-бо-да! Цяпер ён разумее, што ніякай воляй і свабодай тое не было. Але як толькі аддаліўся ад перона цягнік «Мінск — Сімферопаль», Юджын заспяшаўся па спіртное. Было толькі восем раніцы, а ён, набыўшы тры пляшкі нямецкага цёмнага піва, прысеў за вынасны столік у пластмасавае ж крэселка і з незразумелай асалодай зрабіў некалькі глыткоў. Усё спрыяла выдатнаму настрою: выхадны дзень, ён адзін (упершыню за некалькі гадоў без Русланы), п’е нядрэннае піўко і ў яго вольная (воль-на-я!) кватэра. Ён адзіны гаспадар на два тыдні ў іх з Русланай кватэры...

Прапусціўшы апошнія пару машын, бабуля з унукам і Юджын перайшлі дарогу. Вецер, здаецца, крыху аціх. Зашамацелі дажджынкі па куртцы, вышчарбленых плітках тратуара, па лісціках прыдарожных ліпак. Бабулька з унукам схаваліся ў бліжэйшым пад’ездзе дзевяціпавярховіка. Юджын прыцішыў крок. Да яго з Русланай дома (не, цяпер ужо не яго) засталося прайсці адзін прыпынак. Што ён шукае? Чаго патрабуе ад былой сваёй жанчыны? Учарашні дзень яму хочацца вярнуць? Ці шкадобы захацелася ад той, якую прынізіў бяздумнай здрадай? Па шчырасці, Юджын і сам не ведае, што ці хто прымушае яго прыязджаць, прыходзіць, вяртацца да мінулага. Да шчаслівага, непаўторнага, роднага, блізкага, але цяпер такога далёкага і незваротнага мінулага. Але кожны вечар, як толькі пачынае на вуліцы шарэць, ён спускаецца ў метро, сядае ў вагон і, прымружыўшы вочы, едзе ў гэты мікрараён, да гэтага шэрага дома, каб паглядзець на ўсё яшчэ не чужыя для яго вокны шостага паверха.

«Сёння слотна на вуліцы, доўга не вытрымаю. Лепш прабрацца ў пад’езд дома, што насупраць Русланінага, — разважае сам з сабою Юджын, прыпальваючы чарговую цыгарэту. — Там з лесвічнай пляцоўкі можна паназіраць за маёй любай. Аблашчыць хоць здалёк позіркам. Падымуся вышэй, да сёмага паверха, і ўсё будзе бачна, як на далоні. Клятыя кодавыя замкі... Без чыпа не прабярэшся... Застаецца схітраваць».

Мужчына спыняецца ля пад’езда, глядзіць на таблічку з нумарамі кватэр. Тут са 137-й па 151-ю. Ён набірае 150-ы нумар. Слухае працяглыя гудкі дамафона. Нарэшце голас:

— Хто там?

— Добры вечар, — вітаецца Юджын. — Разносім газеты «Мінск на далонях», адкрыйце, калі ласка, дзверы.

Працяглы зум і шчаўчок. Юджын хаваецца ад ветру ў задушлівай цішы пад’езда. Тут клубком спляліся пахі вечаровых сталоў і смеццеправода. Чаго больш — і не зразумееш вось так, з наскоку.

«Няма куды спяшацца, падымуся пешкі». Ён цярэбіць прыступкі спружыністым крокам. Чым вышэй узбіраецца, тым падаюцца бліжэй асветленыя вокны шостага паверха ў доме насупраць. Святло запалена і ў зале-спаленцы і ў варыўні-куханьцы.

«Руслана эканомная гаспадыня, з чаго б ёй так раскашаваць?» — здзіўляецца Юджын і прыпыняецца на лесвічнай пляцоўцы чацвёртага паверха. Прытуляецца ілбом да бруднаватай халоднай шыбіны акна, углядаецца і нічога (нікога) не бачыць...


***

Дапіўшы трэцюю пляшку піва і смачна зацягнуўшыся цыгарэтай, Юджын нечакана для сябе зразумеў, што яму анікольвечкі не сумна без Русланы. Няхай шчасліва коціцца яна пад перастук цягніковых колаў на крымскае ўзбярэжжа да хваравітай сястрыцы, з якой ён усё яшчэ незнаёмы. Адпачнуць урэшце адно ад аднаго: Юджын ад Русланы, а Руслана ад Юджына. Цяжка ўвесь час грэцца пад сонцам, часам хочацца і ў цяньку пасядзець. Заліваючы шлунак віном, няхай і вышэйшага гатунку, не варта адпрэчваць насалоду ад сагрэтага далонямі каньяку. Як кілаграмамі спажываючы зялёныя яблыкі, грэбліва пазіраць на спелую сакавітасць кавуна? «Ё-маё! — вырвалася ў мужчыны, — хапану поўнымі шчэлепамі кахання без абавязкаў. Хачу разгулу асалоды, бяздумнасці ўчынкаў. Хачу навізны!» На ягоны голас азірнулася маладзенькая дзяўчына за крайнім столікам, ці не студэнтка. Здзіўлена хіхікнула. Юджын ёй падміргнуў, маладзёнка сарамліва адвяла позірк, падхапілася і зацокала абцасікамі прэч. Юджын памаўзліва пазіраў на зграбную фігурку, пакуль яна не згубілася сярод натоўпу на аўтобусным прыпынку.

«У мяне ўсё ёсць, а нечага не хапае. Душа з гадамі заскарузла, сціснулася, высахла, як жабіна скура на сонцы. І дзень пры дні яна ўсё чэзне, скукожваецца і смярдзіць. — Юджын зморшчыў нос. — А ці ўсё настолькі добра, як мне падаецца? Жыццё з Русланай зручнае, бесклапотнае, утульнае... Адным словам — балотнае». Вось табе і маеш! Юджын здзівіўся нечаканасці сваёй высновы. «Што ж мне яшчэ трэба? Бэйбус ты, перавернуты, — ён пстрыкнуў слінай пад ногі. — Подленькая ж у цябе душонка, ой, подленькая, як у шакалёнка. А хто, пакажы мне, ад макаўкі да пятак перапоўнены святасцю? Усе такія, адным мірам памазаныя. Чакаем выпадку, зручнага моманту, каб урваць, абхітрыць, падмануць. Хлусім, не міргнуўшы, направа і налева. Усміхаемся там, дзе па мардасах трэба даць, падлабуньваемся, робім “лізь-лізь”, дзе неабходна было б смачна плюнуць. Вераб’інасць душонкі кожнага выпінаецца на першы план. Галоўнае, каб чаго дрэннага не здарылася са мной, любым. Нічога, язык не адваліцца, калі і пахвалю, а не скажу, што брыда стаіць перада мною. І так ва ўсім: у сямейным жыцці, на працы, у адносінах між сябрамі і блізкімі. Кожны з гадамі ўсведамляе: за праўду моцна б’юць! Не шкадуючы, азвярэла, да бяспамяцтва. То навошта мне (яму, ёй, ім) такая праўда? Га?»

Юджын крочыў да прыпынку маршруткі. Не хацеў ціснуцца ў метро. Палёгка ад выпітага саступіла месца незразумеламу раздражненню. Нядаўняя лёгкасць незаўважна агарнулася пакутлівым і нікому не патрэбным самаедствам.

«Нудны, ой нудны ты, Юджын, — дакараў сябе мужчына. — Усяго хочаш і адразу. Так не бывае! Цішэй ідзеш — далей будзеш, ці па-іншаму: спяшайся паволі. Вось прыедзеш да свайго прыпынку, зазірнеш у супермаркет, прыкупіш двухлітровік айчыннай “Крыніцы”. Хопіць з цябе буржуйска-бюргерскага, каўтай родненькае піўко, падтрымлівай беларускага вытворцу. Не важна, чым дагнацца, абы мазгі пераключыліся на патрэбную хвалю. І ніякіх спрэчак сам з сабою. Я ж малады мужчына у самым росквіце і сіле. Руслане — мора, пляж і сонца, а мне — скварка, пляшка і Машка. Усё чэсна і без прэтэнзій. Ад усяго неабходна атрымліваць кайф. От, слоўца. Коратка і ясна».

Пакуль маршрутка віхляла па вуліцах ды завулках, адбівала паклоны святлафорам, прапускала на «зебрах» пешаходаў, Юджын паспеў кімарнуць. Лёгенька так, праз смугу свядома-падсвядомай дрымоты. Калі мозг адным бокам знаходзіцца тут, а другой паловай — там. Мроіўся яму ружовы ўзыход сонца, і росна-дыяментная трава казытала босыя ногі, а далёкі прырэчны туман сцяліўся паўз рэчку да шапаткога жытнёвага поля. Там жа, удалечыні, праз рэчку, бачыў ён і магутны горб нейкага заводзіка са стойкамі дымных труб. Нечакана ён паварочвае галаву і бачыць, што ні поля, ні рэчкі з туманам, а тым больш заводзіка і знаку нямашака. Стаіць Юджын голенькі сярод вялізнай плошчы невядомага горада, навокал залівае ўсё дождж, а на ім ні кропелькі, і жанчыны, сотні жанчын з усіх бакоў таксама голенькіх. Яны маладзенькія, крамяныя і ўсе чарнявыя, ніводнай бландзінкі. Дождж сцяною залівае плошчу, а на людзей не трапляе. «Не можа такога быць...» — пра сябе адзначае Юджын. «Я ж у маршрутнай таксоўцы. Еду дамоў. Адкуль тут плошча і голыя паненкі? Няма ніякага чужога горада! Няма сотні дзяўчат, і я апрануты...»

Юджын праз высілкі расплюшчвае набрынялыя павекі. У таксоўцы ён і яшчэ чатыры чалавекі. Задушна. Цярнуў далонню потны лоб. Зірнуў у акенца. «Пару прыпынкаў — і трэба выходзіць. Лічы, даехаў без асаблівых прыгод. Канечне, калі адкінуць сон... Чаго толькі часам не выдасць наш бацюхна мозг! Труцім жа яго алкаголем і нікацінам, вось і бунтуе, помсціць, стварае алюзіі-ілюзіі. Каб жыццё мёдам не здавалася. Патрабуе чаўпешачка з шэрым рэчывам павагі і ўвагі да сябе».

— За наступным святлафорам спыніцеся, — пачулася з задняга раду.

Паўз Юджына прайшла, трымаючыся за поручань, малодка пад трыццатнік. Асіная талія, попка, што ў прыгаршчы ўмесціцца, стрыжка пад карэ. Стрэльнула позіркам на яго, нечаму свайму, жаночаму, пасміхнулася. Юджын таксама падаўся да выхаду.

— Дазвольце, адчыню дзверы, — звярнуўся ён да жанчынкі.

— Калі ласка, — саступіла, прапускаючы яго ўперад.

Выходзячы, падаў руку, дапамог сысці. На хвілінку прытрымаў танюткія пальчыкі ў сваёй далоні. Канечне, гэта прымітыўны знак заляцання, але, як ні дзіўна, — падзейнічала.

— Вы сапраўдны кавалер, — адарыла адкрытай і лагоднай усмешкай жанчына. — Аж настрой узняўся. Цяпер такое не часта бывае. Можаш і спатыкнуцца, ляснуцца, а ніхто не прыпыніцца, не дапаможа падняцца. Дробны мужчынка пайшоў, ай дробны. А вы не з іх, — кудахтала малодка грудным даверлівым галаском. — Дзякуй вам, дзякуй.

— Ды няма за што. Вы перабольшваеце.

— Не, за кожнай драбязой бачны сапраўдны мужчына. Я маю на ўвазе, за дробным на першы погляд учынкам, які для нас, жанчын, значыць вельмі шмат. Вось вы падалі мне руку, а для мяне ўжо і свята.

«Адзінокая і недакаханая. Развядзёнка. Шанец ёсць!» — падумаў Юджын.

— А як вы зірняце на маю прапанову папіць кавы? Якраз і мой дом насупраць. — Юджын махнуў рукой у бок шэрай дванаццаціпавярховай камяніцы. — Дарэчы, я — Віктар, — не ведаючы навошта, схлусіў ён.

— Наталля, — жанчына сарамліва апусціла вочы. Хоць карціну пішы з вінаватай авечкі.

«Пераігрывае з цнатлівасцю. Відаць, шмат на якіх ложках цёрлася. Нечым жа я ёй глянуўся, калі не абрывае гульню ў прыстойнасць. Вось так, маё золатка Руслана. Ты яшчэ і да Гомельскай вобласці на цягніку не дапяла, а я красуню ахмураю. А магчыма, і яна мяне зацугляла на вечарок. Не, лепш не будзіць у Руслане мегеру. Няхай яна ні пра што не здагадваецца. Едзе са спакойнай душой і сэрцам. Яна ж нават думкі не дапускае, што ў яе адсутнасць я змагу пайсці налева. “У нас усё пабудавана на даверы”, — так рэагуе Руслана на кожны падкол сябровак. Ага, “давярай ды правярай”: не дурным чалавекам прыдумана...»

— Чаму б і не пачаставацца? Тым больш, што далёка ісці не трэба. — У голасе Наталлі прабіваліся ноткі непрыхаванай радасці і надзеі. — Дахаты ісці не хочацца, там маці са сваімі бясконцымі павучаннямі, мараллю ды прыстойнасцю. Маўляў, гэта вось можна рабіць маладой прыгожай жанчыне, а гэта — ні ў якім разе. Нават пад прымусам смерці. Вам, мужчынам, лягчэй жывецца... — Яны ішлі па вузкаватай пратаптанай сцежцы ад прыпынка наўпрост да дома. — Вас бацькі не пілуюць, не здымаюць гэблікам стружку без дай прычыны. — Наталля какетліва ўздыхнула. — І чаму я не нарадзілася мужчынам? Наколькі б усё прасцей было...

— Не скажы, даражэнькая. І ў нас сваіх праблем хапае вышэй вушэй, — квола запярэчыў Юджын. — Ат, не будзем даказваць перавагі мужчынскага і жаночага жыцця. Як там, так і там, — ён тыцнуў пальцам на Наталлю і сябе, — хапае станоўчага і адмоўнага, сваіх плюсаў і мінусаў.

«У лядоўні стаіць пляшачка каньяку. Як ведаў, што спатрэбіцца. Адмовіўся ўчора па кілішку выпіць з Русланай. Яна прапаноўвала, яму ж не хацелася спіртнога. Цяпер вось поўную прыгажэй на стол паставіць, чым адкаркаваную. Ёсць у гэтым свой цымус. Маўляў, глядзі, да цябе тут ніводнай паненкі не было. Жыў і чакаў, мая харошая, цябе. Дубовы, зразумела, довад, а ўсё ж...»

— Ты з кім жывеш? — агледзеўшыся ў кватэры, спытала Наталля. — Адчуваецца жаночая рука ва ўсім.

— Сястра забягае, часам начуе, — зноў схлусіў Юджын. — Нядаўна выйшла замуж, мядовы месяц праляцеў, пачаліся будні. Прыціраюцца, цапаюцца. Пераводзіць дух ад сямейных турбот у мяне.

— Мной гэта пройдзена, — Наталля следам за Юджынам-Віктарам прайшла на кухню. Прысела за стол, дастала з ружовай сумачкі цыгарэты і запальнічку. Прыкурыла.

— Не веру я мужчынам. І табе не веру, — абыякава, як пра ўчарашнюю навальніцу, прамовіла жанчына. — Жыццё — бясконцая гульня ў хованкі. Хто каго больш удала і праўдзіва падмане. Ты згодны? — Госця хітравата прыжмурыла вочы, у глыбіні якіх іскрынкамі прамільгнуў прыхаваны гнеў.

— Давай не практыкавацца ў філасофскіх катэгорыях. Лепш па кілішку каньячку перад кавай. Нарэж грэйпфруціну, можаш на чатыры частачкі. І вып’ем за ўдачу, Наталька.

— За такую рэдкую птушку ў маім незайздросным лёсе можна і выпіць. Па-праўдзе, не люблю я грэйпфрут. Лепш лімончыкам было б прыкусіць ці скрыльком ананаса.

— Чаго няма, таго не знойдзеш.

Юджын паклаў на сподачак румяны грэйпфрут, паставіў кілішкі з пляшкай і разліў па кубачках каву.

«Як усё добра пачынаецца. Прыгожа. Любата і замілаванне. Гэта пакуль спіртное не акупавала мозг і не выпусціла з глыбінь натуры прыснулага звера. Які пакуль, праз дрымоту, прыслухоўваецца, адным вокам прыглядаецца, прынюхваец ца да нашых грахоўных жаданняў, свербу, юру... Вось і па другім кілішку каньяку ды пад каву, нальём ды вып’ем. Звяры нашы выпростваюць выгінастыя спіны. Пацягваюцца, выпускаюць кіпцюры, спрабуюць імі разадраць цянёты прыстойнасці, ікластымі пашчамі прымерваюцца да шыльдаў з надпісам нельга. Кутнімі зубамі без натугі перашчыкваюць ахоўныя замкі нетрывалых жаданняў і, ужо не хаваючыся, кладуць лапы на стол, злізваюць языком з цыраты кропелькі разлітага каньяку, а затым Юджынаў звер праводзіць шурпатым языком па шчацэ Наталлі, а ейны — слюнявіць нос Юджына. Іх звяры паразумеліся. Зліліся. Цяпер ужо жыве, пульсуе адзін магутны звер на дваіх. Ці не? Ага. Кожны з іх паасобку. Са сваімі жаданнямі, памкненнямі ўрваць кавалак насалоды... Ух, і зашумелі дубы над ракою. Ссунуты, скамечаны дыванок на кухні. Звяры шкуматаюць адно аднаго. Калоціцца, як ад ліхаманкі, столік, жаласліва цвінькаюць, пазвоньваюць кілішкі. Палахліва прытулілася ў куточку газавая пліта. А ў паветры вісіць нямое, не агучанае пакуль нікім, пытанне: “Што ж гэта будзе?!”»

На бетонным вышчарбленым падаконні сядзіць самотны голуб і пазірае праз шыбіну на кіпенне бурлівых, расхрыстаных пачуццяў, ад якіх, здаецца, пачырванелі нават шпалеры на сценах. Ні Юджын, ні Наталля не чуюць меладычных званкоў мабільнікаў ці, можа, не хочуць чуць. Ім не да тых людзей, якія пра іх думаюць і кла- поцяцца ў гэтую хвіліну. Яны ў палоне сваіх звяроў: нізкіх і ўзвышаных, прадонных і нябесных, подлых і рамантычных. А найперш — галодных. Вось праз нейкі час яны насыцяцца, спатоляць смагу і сарамліва сцішацца, схаваюцца ў глыбінях целаў мужчыны ды жанчыны, задрэмяць зноўку. Толькі ж на які час? А вось гэта пакуль невядома ні нам, ні ім самім, ні нават галубку на падаконні. Хто ж зможа прадказаць непрадказальнае?..


***

Звыклы з дзяцінства ўсялякую справу рабіць грунтоўна і хутка, ён і цяпер, у сорак гадкоў ад нараджэння, абавязкова і хутка прымаў душ. Хоць больш падабалася Юджыну плёхацца ў ванне ці наведваць лазню. Лазня — гэта ўвогуле казка, свята, да якога патрэбны падрыхтоўка і адпаведны настрой. Юджына ніхто і ніколі не падганяў. Ён проста быў такі. Але паспешлівасць не заўважалася ні ў яго хадзе, ні ў гаворцы, ні ў звыклых рухах. Вось толькі за сталом — роўных яму наўрад ці знойдзеш. Еў Юджын за мірг вока, але вельмі акуратна і прыгожа. Можна сказаць — віртуозна. Не адзін раз гэта адзначала і Руслана.

«Мой верны арыстакрат спажывае Богам пасланае, мной гатаванае без спешкі, але і не дрэмле з відэльцам у руцэ. Ты хоць перажоўваеш ці цалкам каўтаеш?» — часам пыталася яна, падкладваючы на талерку новую порцыю.

«Трэба мець добрыя зубы», — жартаваў Юджын і змятаў пакладзенае за хвіліны.

«Што б я рабіла, калі б паўсюль быў такі?»

Падчас гэткіх жартаўлівых размоў мужчына не-не, ды і прыгадваў свой сексуальны юначы досвед. Ён у Юджына сфарміраваўся даволі рана. Хоць, які там быў вопыт? Зразумела, ён падшыванцам ведаў сёе-тое. Вырас жа ва ўлонні прыроды, у невялічкай глыбіннай вёсачцы. Ды і старэйшыя хлопцы аўтарытэтна распавядалі байкі пра Люсі Лісічкіну, Катрын Бавараву, Гэльку Лёпіцыну... Маўляў, гуляюць дзяўчаты па-чорнаму, радыя кожнаму, хто прыгрэе.

Пасля сёмага класа ўсё і атрымалася. Пры канцы жніўня ў залацістым бункеры зжатай пшаніцы. Бесталкова і сарамліва, з бояззю, як быццам нешта крадучы, пакахаўся ён з Гэлькай.

У першыя хвіліны пасля таго яму зрабілася настолькі брыдка і чамусьці крыўдна, што ён ледзьве не заплакаў. Гарэлі вушы, і не хацелася да канца жыцця бачыць Гэльку. Але, як ні дзіўна, праз паўтары-дзве гадзіны, калі супакоілася і ўраўнаважылася душа (ці сумленне, кволае, дзіцячае яшчэ), Юджыну аж да зубнога болю, да помараку хацелася распавесці сябру Робіку пра тое, што ён, Юджын, мужчына. Але Робіка не было ў вёсцы. Ён на цалюткае лета з’ехаў да цёткі ў Кіеў, добра, калі вернецца праз тыдзень. Юджын падрос, пасталеў сам для сябе, пасталеў, можна сказаць, на цэлую вечнасць.

Той восенню паспытаў Юджын шчасця і з Люсі, і з Катрын. Самалюбства ў кавалера зашкальвала. Яму здавалася, што восень пабралася шлюбам з вясною, кожны дзень вітаў яго шчодрым россыпам сонечных промняў. Юджын не ведаў стомы ні ў школе, ні дома, падсабляючы бацькам парадкаваць гаспадарку. Ён пачаў галіць шчэцце на шчоках, пакідаючы чорныя вусікі над адтапыранай верхняй губою. Толькі адна хмурынка ненарокам набягала на ягоны твар, калі сустракаў на школьных калідорах ці на вясковай вуліцы стрыечную сястру Волечку. Ён, паганец, закахаўся ў стрыечную сястру. І нават цяпер, у яго саракоўнік, тое ціхае, стрыманае каханне голкаю паколвае ў глыбіні сэрца. Цяжкае яно — няспраўджанае юначае каханне. Вобраз Волечкі, ейны тварык, голас, постаць аніяк не стасоўваліся з астатнімі, спазнанымі Юджынам, дзяўчатамі. Стрыечная сястра была і засталася для яго недасягальнай марай, танюткай кволай кветачкай, выпеставанай сярод зімы ў гаршчэчку. Яна можа лашчыць вока, позірк, але рукамі дакрануцца да яе небяспечна і боязна: раптам парушыш, загубіш гэту крупінку яснасці, святла і хараства сваімі грубымі бруднымі пальцамі. Юджын і аберагаў Волечку ад усіх і ўсяго. Пакуль не пайшоў у войска, ніводзін хлопец не змог правесці сястру дадому пасля пагулянак у клубе. Тым больш, што іх хаты стаялі непадалёку... Цяпер Волечка жыве ў Пецярбургу, выйшла другі раз замуж, мае дваіх дзяцей. Але і па сёння яна для Юджына не пазбавілася той дзіцяча-юначай светлай радасці, азарэння, трапяткой узнёсласці, што атуляла яе з далёкай памятнай восені. Восені-вясны, калі Юджын убачыў у вобразе стрыечнай сястры зямнога анёлка, а сам адчуў сябе мужчынам ва ўсім: ад паводзін да прыняцця рашэнняў. За прамінулыя гады ён дзясяткі разоў кахаў і быў каханы. І кожны раз — як у апошні. Яго хапала на год, два, пяць... пакуль не стамляўся і не пачынаў вышукваць новую ахвяру альбо шчаслівіцу. Хто можа дакладна сказаць? Так было да Русланы. Някідкай знешне, мяккай, далікатнай, сардэчнай жанчыны. «Гэта маё шчасце, — так вырашыў Юджын, — з ёю да скону і жыць мне...»

У хвіліны роспачы і раздраю Волечка наведвалася ў ягоныя сны. Супакойвала, абнадзейвала, часам выгаворвала і павучала. Ды заўсёды нязменна брала яго за руку, і яны лёталі, луналі над дахамі горада, над палямі і лясамі, гойсалі па падсвечаных сонцам аблоках, пералічвалі зоркі на вечаровым небе, рыбачылі на азёрах, рэчках і цалаваліся. Цнатліва, як родзічы, ці — як маці ледзь кранае вуснамі шчокі сына альбо дачкі. Яны аберагалі свае адносіны ад усяго штучнага, грубага, наноснага... І ў сне заставаліся братам і сястрой. Кожную раніцу пасля такіх сустрэч Юджын прачынаўся, як абноўлены і памаладзелы. Ва ўсім целе панавала ўстойлівая сіла, лёгка дыхалася, у галаве пасялялася зладжанасць са знешнім светам. Жыццёвыя дробязі і побытавыя перапалкі з Русланай не здаваліся яму ўжо настолькі непапраўнымі і глабальнымі. Яны ўспрымаліся не больш як шалупіннем ад падсмажаных семак. Усмешка, абдымкі са спіны, пацалунак у скроню ці вушка — і вось у іхнім доме іхняй кватэры сытай коткай вуркатала сямейнае шчасце...

Можа падасца камусьці неверагодным і дзіўным, але Юджын з Русланай жылі чатырнаццаты год у грамадзянскім шлюбе. Не хацела жанчына ніякай пячаткі ў пашпарце. Нават размова пра гэта выводзіла маладзіцу з раўнавагі. Яна злавалася, калі сяброўкі-дарадчыцы нагадвалі пра путы Гіменэя, альбо Юджын пачынаў здалёк падыходзіць да ўзаконьвання адносін.

«Мне і так добра. А калі вам, ці табе, хочацца законнасці і папяровай дакладнасці, то вы звярнуліся не па адрасе», — маланкавым позіркам страляла Руслана на сябровак ды Юджына. І ўсе прыціхалі. Маўляў, тваё права, шаноўная. Мы ж хацелі, як лепш, як у людзей прынята. Калі ж табе так зручней і спакайней, то і дзякуй Богу. Толькі праз некалькі гадоў Юджын здагадаўся, у чым прычына. Усё настолькі проста і банальна, што нават смяяцца не хацелася. Руслана баялася за свае квадратныя метры. У гэтым цяпер перакананы Юджын. Яна, як мудрая жанчына, прадчувала, што рана ці позна, але іх дарога падзеліцца на дзве асобныя. А чаму не можа такое адбыцца? Акрамя кахання іх нічога не звязвала. Дзяцей няма і не прадбачыцца. Пачуцця ж часта замала для доўгага і шчаслівага, як пішуць, да глыбокай старасці, сумеснага жыцця. Хаця прасцей за ўсё шукаць прычыну ў кімсьці ды абвінавачваць іншага. Не любім мы прызнавацца ў сваіх памылках, выстаўляць на ўсеагульны агляд мізэрнасць унутранага свету, свае цялесныя і душэўныя шчарбіны, выродлівасць учынкаў. Хаваем прыроджаны цынізм пад мілай усмешкай. Але ж колькі не накідвай на вярблюда посцілак ды рыззя, а гарбы ўсё роўна вытыркацца будуць, як у таго Піліпа — макаўка з канапель.

Юджын кахаў Руслану. Моцна і шчыра. Устаялым, ціхім, як перадвосеньская часіна, каханнем. Так яму здавалася. Закалыхала яно (каханне іхняе) на нейкі час Юджынава імкненне палявання на беспрыглёдных паненак. Кароткія спаднічкі, аголеныя лыткі, ладныя грудкі... Усяго было зашмат і без асаблівага перабору. Раней было, да Русланы. А з ёю Юджын прыціх, пасамавіцеў. Спакоем і ўраўнаважанасцю, задаволенай сытасцю поўніўся ягоны позірк. Глыбока схаваліся ў вачах неспатолены юр, нерастрачаная жарсць і сіла. Хаваліся нават ад самога Юджына. Сцялася, назапашвалася, паўнела і чакала зручнага моманту. Чакала, здзіўляючы сваёй вытрымкай...


***

Не трэба забываць людзей блізкіх табе, каханых, любых ні на хвіліначку, ні на імгненне. А тым больш на доўгія дні і тыдні. Неабходна думаць пра іх, клапаціцца і хвалявацца за іх лёс, учынкі, паводзіны. І ні ў якім разе, барані Божа, не здраджваць ім ні фізічна, ні духоўна. Гэтую простую ісціну толькі цяпер зразумеў Юджын, стоячы ў чужым пад’ездзе і гледзячы праз бруднае шкло акна на асветленыя чатырохкутнікі Русланінай кватэры.

Блізкія людзі звязаны між сабою нябачнымі воку ніткамі, танюткімі стужачкамі, крохкімі ланцужкамі, якія разрываюцца ад абыякавага дотыку, няўважлівага позірку, абразлівага слова. І вой, як цяжка, а найчасцей немагчыма парванае злучыць-звязаць, дый на звязаным — застаюцца вузлы. А калі па жывым секанула здрада, прадуманая, выпеставаная ў закутках розуму распуста, то ў попел ператвараюцца масточкі, якія нядаўна так моцна і, здавалася, надзейна злучалі два сэрцы. Сэрцы закаханых.

Ды што цяпер галасіць? Як ні сілься, ні намагайся, а свой локаць не ўкусіш. Цягнік пайшоў, а ты самотна і разгублена стаіш на пероне: не дагоніш, і вяртацца няма куды. Попел масточкаў ветрам развеяны, дажджамі ў каналізацыйныя калодзежы змыты.

Юджын усё гэта разумее, але нічога з сабою не можа зрабіць. Нясуць яго ногі да дома Русланы, пад яе вокны. Вось і цяпер ён бачыць, як яго жанчына зайшла на кухню, прыпынілася каля мойкі, уключыла кран, а ў яе за спінай узнікла постаць невядомага мужчыны. Не, хутчэй рослага і стройнага маладога чалавека, каротка пастрыжанага, з аголеным торсам. Ён са спіны абняў Руслану. Яна павярнула галаву і, пэўна, пацалавала кавалера. У Юджына ад нечаканасці запульсавала кроў у патыліцы... «І чаму на кухні яна не павесіла начныя фіранкі? — пачынае недарэчна разважаць Юджын. — Не бачыў бы ўсяго гэтага паскудства. Выставілася, гулёна, глядзі на яе бессаромнасць паўгорада. Хоць бы святло выключылі, ці схаваліся, апусціліся на падлогу. Вокны ж вакол, сотні вокнаў, а ў іх людскія вочы... Не, трэба бегчы і пазваніць у дзверы. Напалохаць, спыніць гэты бардак». Юджын намагаўся зрушыцца з месца, ды ногі, быццам налітыя свінцом ад каленяў і да самых пазногцяў, нават не пасунуліся. Быццам не належалі яму.

«З кім я жыў столькі гадоў?!» — мужчына адчуваў, як палае твар. Здавалася, пырсні вадой — і зашыпіць скура, як напаленая патэльня. Вочы рэзала, ніжняя сківіца калацілася.

— Ах ты, мой даражэнькі, непрыемна глядзець на чужое шчасце, на шчасце, якое не так даўно было тваім...

Юджын нібы ўва сне павярнуў галаву на голас. Толькі цяпер заўважыў побач з сабою жанчыну ў гадах. У цьмяным святле пад’езда твару было не разгледзець. Ды і нічым асаблівым гэты твар не вылучаўся. Пра такіх гавораць — звычайны. Якіх тысячы на вуліцы. Прабяжыш позіркам і не зачэпішся, а праз пяць хвілін забудзеш.

— Ну, ну, дзетка, не перажывай так. Не запаўняй сваё цела жоўцю, атруціш усе вантробы. А ты ж яшчэ маладзенькі, — жанчына правяла далонню па ілбе Юджына, працягнула рукой да макушкі, скінуўшы на плечы башлык курткі. — Спажывай страву здрады з гонарам. Ты ж яе першы згатаваў. Табе яна падалася дужа ж смачнай. Я ж бачыла, як ты сёрбаў, аж па барадзе цякло, за вушамі трашчала. А твая Руслана ў гэты час даглядала хворую сястру. Нават на мора схадзіць хвілінкі не мела. Змазвала пролежні ў роднага чалавека, выносіла пасудзіны з-пад хворай, мяняла памперсы на збалелым целе. Сама ўчарнела, гледзячы на пакуты і боль. А ты што? Ты цешыўся воляй. Гуляў, як прайдзісвет-рамізнік перад пакараннем. Навошта самоціцца, калі выспела і выпеставалася ў душы здрада? Даўно саспела і толькі чакала моманту, каб вылузнуцца з пацёмкаў тваёй душы на свет божы. Ты нават не намагаўся яе стрымаць... А ў цябе ж была магчымасць паехаць разам з Русланай. Ды куды там! Калі яшчэ надарыцца такая выгода — застацца вольным казаком? Вось ты і застаўся... — Жанчына перавяла дыханне ад даўгаватай гаворкі. На крок адступіла ад Юджына. Прытулілася плячом да сцяны каля смеццеправода.

— Помніш, як з сябруком ты патэлефанаваў адміністратару падпольнага бардэля? Што, запамятаў? Калі так, дык магу напомніць...

— Не, не трэба, — выціснуў з сябе мужчына.

— Чаму ж? Давай прыгадаем...

Юджын крыху ачомаўся ад разгубленасці. Яго пачынала распінаць злосць на сябе, Руслану, незнаёмага маладзёна каля Русланы, а больш за ўсё на гэтую вось старую выдру, якая немаведама адкуль з’явілася і павучае яго, прымушае перагортваць старонкі мінулага, якія ён хацеў раз і назаўсёды выдраць з памяці.

— Слухайце, вам пра Бога, пра вечнасць трэба думаць, не сорамна гаварыць пра такое? Ды і якая вам справа да мяне? Навошта прычапіліся? Ідзіце сваёй дарогай пакіньце мяне ў спакоі!

— Не злуйся, дзетка. Я ўсяго пабачыла за свае гадкі. А чаго начулася — і не пераказаць. Вось ты зараз вінаваціш ва ўсім сваю каханую. Заўваж, былую каханую...

— Чаму вы ўпэўнены, што былую? — перапыніў старую Юджын. — Яна мне і сёння даражэй за ўсіх.

— Няхай будзе так, — пагадзілася бабуля. — А цяпер скажы, вось ты бачыш, як Руслана кахаецца з іншым і табе гэта неабыякава. Ты гатовы дараваць ёй?

— Не ведаю. Магчыма, што і так.

— Тады пытанне наступнае: а ці трэба ёй тваё дараванне? Бо з вогнішча, залітага ліўнем, іскарку не разадзьмеш. Раней трэба было паклапаціцца і прыкрыць сямейнае цяпельца ад стыхіі. Ці не самалюбства, хлопча, цябе душыць? Закрануты ж твой мужчынскі гонар. Жанчына за распусту вытурыла цябе з кватэры. Ты апынуўся на вуліцы нікім і нічым. Табе ж было зручна з ёй, утульна. Сам сабе ў гэтым прызнаваўся, а каханне — гэта ўжо дадатак да ўсіх папярэдніх дабротаў жыцця. Твайго жыцця. Ці праўду я кажу?

Мужчына маўчаў. Ён павярнуў галаву да шыбіны, каб зірнуць у акно кухні Русланы.

— Не глядзі туды, — папрасіла старая. — Навошта яшчэ мацней распальваць і злаваць сябе? Злоба можа перарасці ў нянавісць, а ад яе недалёка і да граху, непапраўнага ўчынку. Скажу табе так: разбярыся, спазнай сябе, кім ты быў для Русланы, а яна для цябе? Разбярыся ў гэтым сур’ёзна. Без самашкадавання, прыніжэння яе і ўзвышэння сябе. Прааналізуй, узваж усе «за» і «супраць», а затым ужо і зробіш нейкія высновы. Часам прасцей адпусціць чалавека і пачынаць жыць наноў, чым бясконца песціць пустацвеціну надзеі.

— Яна мне не даруе. Я ведаю, — ледзь улоўным рухам губ вымавіў Юджын.

— Не спяшайся з высновамі. Бо неспазнаная душа жаночая, бяздонная яна ў сваёй любові, як і ў нянавісці, дарэчы. Хто можа дакладна сказаць, што хаваецца на самым донцы сэрца жанчыны? Якія думы даймаюць яе галаву бяссоннымі доўгімі вечарамі? Што яна перабірае на адзіноце ў сваёй памяці? Найвялікшая гэта загадка — душа жаночая. Павер мне.

— Хто вы? — адважыўся нарэшце спытаць Юджын.

— Я? — перапытала старая. — Звычайная бабулька, якая глядзіць на навакольны свет і людзей крыху па-іншаму, не так, як усе. А ўрэшце, прыйдзе час, Юджын, і даведаешся. Вядома, калі захочаш.

— Вы жывяце ў гэтым доме? Недзе паблізу? — дапытваўся мужчына. Яму, нібыта паляўнічаму, захацелася загнаць пытаннямі старую перапёлку ў непралазнае разнатраўе, дзе б яна заблыталася і не змагла выслізнуць з яго ўвішных і ўчэпістых пальцаў. Яму карцела даведацца ўсё пра дзіўную бабцю. Да Юджына ўрэшце дайшло: старая шмат чаго ведае пра яго і Руслану. Найбольш жа пра яго. Адкуль?

— Ці так гэта важна, — адказала старая на бязгучнае пытанне Юджына. — Не ўсё, што мы бачым ды чуем, існуе на самай справе. І наадварот: нябачнае — рэальней дня белага. Вось так яно, мой галубок.

Старая заінтрыгавала Юджына. Яму падалося, што ён ужо дзесьці сустракаўся з гэтай бабуляй, нават размаўляў. І твар яе ўжо не здаваўся такім сярэднестатычным, звычайным. У паўзмроку пад’езда ён добра бачыў мяккасць і засмучаную любасць у позірку, звернутым да яго. Дзіўна, але прытупілася і Юджынава раз’юшанасць на Руслану. Падалося нават, што Юджына гэта ўжо не датычыць. Пакуль не датычыць.

— Ты, хлопча мой, цяпер начуеш на вакзале?

— Так.

— А чаму б табе не зняць пакойчык у якой-небудзь пенсіянеркі ці дзядка? Людзі ж здаюць жытло. Ты спрабаваў шукаць?

— Не.

— Спадзяешся на вяртанне, — бабуля позіркам паказала за акно.

— Не ведаю. Сапраўды не ведаю, — разгублена і пакрыўджана прамовіў мужчына. — Я заблытаўся так, што не магу разабрацца: хто я, што мне трэба, і ўвогуле, навошта жыву на гэтым грэшным свеце. Для мяне ўсё абрынулася ў той дзень, калі Руслана зачыніла за маёй спінай дзверы. Шчаўчок замка — і ўсё. — Юджын прысеў на кукішкі каля ног старой. Утаропіўся вачыма ў яе зграбныя шараватыя валёначкі. Дзіўным было тое, што на валёнкі ўссунуты чырвоныя галёшы. Такія яму ніколі не даводзілася бачыць. Галёшы заўсёды і ва ўсіх былі чорнымі. Сярэдзіна ружовая, а вонкавы бок заўсёды чорны. Ва ўсёй вёсцы аніводзін чалавек не меў чырвоных галёшаў. Юджын адчуў роднасць з гэтай не знаёмай яму кабетай. Так бывае. Нячаста, але бывае.

— А можа, і добра, што чакаеш, — бабуля правяла пальцамі па валасах Юджына. Асцярожна, нібы баючыся. — Трэба перажыць, перапакутаваць, шмат з чым змірыцца, сёе-тое вынішчыць у сабе. Правесці, як кажуць, праполку ў мазгах. Дайсці самому да простых ісцін. Узважыць ці ўраўнаважыць свой і чужы боль.

— Слухайце, а чаму людзі гэтага пад’езда нібыта вымерлі? Мы столькі часу тут стаім, а ніводны чалавек не зайшоў у кватэру і не выйшаў на лесвіцу. Ды і ліфт нібы паралізаваны, — здавалася, што зусім не да месца спытаў Юджын. — Вам гэта не падаецца незвычайным?

— У людзей хапае сваіх клопатаў, — уздыхнула старая, — навошта ім на сябе ўзвальваць яшчэ і нашы непрыемнасці. Ты ж паглядзі, колькі напладзілася ў гарадах народу. Аж страшна робіцца. І ў каго пальцам не тыцні — свае балячкі, клопаты і турботы мае. Зрэдку — радасці. Вось шчасцем людзі дзяліцца не любяць, баяцца, што сурочаць. Бяду ж большасць прывыкла выстаўляць напаказ...

— Няпраўда, — не пагадзіўся Юджын. — Я сваю агорваю адзін.

— Чаму ж адзін? Я з табою. Побач з табою, — бабуля ледзь заўважна пасміхнулася.

— Вы самі прыйшлі, — Юджын насупіўся. — Я нікога не клікаў.

— Не магла я не прыйсці, мой даражэнькі. Інакш ты б сёння ўтварыў яшчэ большае гора, чым маеш. А калі можна адвесці бяду, то чаму б і не зрабіць так?

— Вы мой анёл-ахоўнік?

— Старая я для анёла.

— Нічога тады не разумею... — Юджын уцягнуў галаву ў плечы. — Чаму не даяце мне паверыць у магчымасць немагчымага?..

— А я і не пераконваю цябе, мой харошы, у адваротным. Проста сказала, што для анёла ўжо старая. Няўжоакрамя анёлаў у чалавека няма іншых заступнікаў, памочнікаў і дарадцаў?

— З дзяцінства не люблю загадкі і недаказанасці.

— «Люблю — не люблю» — гэта слоўцы маленькага хлапчука. А ты ўжо і з сівізною ў валасах, і з баразёнкамі зморшчынак на твары. Капрызлівасць павінна ўжо была адквітнець у тваёй натуры. Ці не так, Юджын? — у голасе старой чуліся ноткі настаўніцы пачатковых класаў. Так падалося мужчыну. І ён увесь сцяўся, паменшаў, змізарнеў каля сцяны.

— Ногі не зацяклі? — старая дакранулася да пляча Юджына. — І не крыўдуй за строгасць. Не хачу бачыць перад сабой капрызлівага сысунка, які толькі і чакае, каб слёзкі яму выціралі хусцінкай. Ты моцны, і я побач.

— Хто вы? — у другі раз нясмела спытаў Юджын.

— Неабыякавая да цябе бабуля. Ці дастаткова такога тлумачэння?

Юджын маўчаў. Разглядаў выбоіны на бетоннай падлозе. Яму падалося, што каля яго ног прабег ланцужок лясных мурашоў. Замыкала ж іх мітуслівая кампанія якая гуртам цягнула ў дальні кут празрыстакрылую страказу. Мужчына прымружыў павекі, счакаў некалькі імгненняў і зноў зірнуў долу. Ніводнага мураша, тым больш страказы не ўгледзеў.

«Вось так і прыходзіць нечаканая і непрадказальная паненка-дурнота. Не заўважыш, калі цмокне ў вусны і высмакча, як згаладалая ўдавіца, розум ды памяць з галавы, пакіне ўсведамленне вечнай радасці і шчасця. Што было, што будзе, чым усё скончыцца? — чалавека ўжо не хвалюе. Ён шчаслівы сваім, нікому не бачным і не зразумелым шчасцем. Шчасцем на аднаго».

— Ты не заснуў часам? — старая паклала далонь на галаву Юджыну. — Сумяціца пройдзе. Не за дзень ці два, але ўсё ўраўнаважыцца ды ўсталюецца. Павер мне. Ды яшчэ падумай пра жыллё. Чалавеку без свайго кутка, як любой жывой істоце, нельга. І я падумаю, мо чым і падсоблю. Падымайся ўжо, едзь на свой вакзал. А то вольнага месца, каб прыткнуцца, не знойдзеш. Мой час таксама наблізіўся. Сыходзіць трэба, затрымалася я з табою. Ну, падымайся, падымайся, — бабуля лёгенька цеганула за куртку на плячы мужчыны. — І не пазірай ты за акно. Там усё ўжо скончылася. Святло выключылі. Не перажывай. Сам жа не святы быў. За гэтыя месяцы, што на вакзале жывеш, па якіх толькі ложках не швэндаўся, на якіх падушках галаву не прытульваў... Ай-яй-яй. Усе вы сваіх каўтуноў не бачыце, а ледзь заўважылі ў каго злямчаную пасмачку ў валасах, то ўжо і гвалт уздымаеце. Мудрасці, пакуль не позна, вучыся. Можна шмат чаго бачыць і заўважаць, але не пра ўсё і не ўсім гаварыць. Вось, ледзь не забыла: перастань, Юджын, так часта прыкладвацца да пляшкі. Гэтая зараза нікому яшчэ здароўе не дала ды на роўную дарогу не вывела. Нібы ад чумы ўцякай ад дармавой і сваёй чаркі са спіртным. Не патрэбна галаву, розум свой заліваць. Чуеш мяне?

— Чую, — Юджын зрабіў некалькі крокаў уніз па прыступках. Спыніўся, павярнуўся: — І ўсё ж, хто вы і адкуль? Скажыце, прашу вас, — умольны, як голас тапельца, вокліч павіс у пад’ездзе. Яму было цесна ў вузкасці лесвіцы, сцен, і голас жывой птушкай трапятаўся ў далонях нябачнага птушкалова.

— Усяму свой час, Юджын. Усяму свой час.

Мужчына цяжка выдыхнуў і, апусціўшы галаву, пасунуўся ўніз. Ён быццам нёс на плячах цяжар усяго чалавецтва, таго, што жыло да яго, і таго, што яшчэ прыйдзе ў гэты свет, народзіцца.

«Як жа вам невыносна бывае парою? Пуста, адзінока, раздрайна і раздарожна. Тыцкаецеся, шукаеце, як сляпыя кацяняты, суладдзя з самімі сабою і не знаходзіце, а калі і намацваеце, то абмінаеце, абыходзіце, не разумеючы, што знайшлі тое (тую, таго, тых), каго (што) шукалі. Жывяце ў большасці глухімі ды сляпымі і паміраеце невідушчымі. Няшчасныя пакутнікі мае вы...» — старая ў валёнках з чырвонымі галёшамі глядзела на апусцелую лесвіцу і прыслухоўвалася да аддаленых крокаў Юджына, які нёс на сваіх плячах роспач усяго чалавецтва, самоту і крыўду мужчынскага племя зямлі. А ці не зашмат яму аднаму? Хто ведае, хто скажа?..


***

Россып далёкіх зорак усцілаў неба. Вецер разагнаў нарэшце хмары, выпусціў на шырокі цёмны прасцяг маладзічок. Хрумстка-крамяны жэўжык мядзяным сярпочкам так і хацеў успароць тугую прасціну, што агортвала-спавівала горад. Але, як і тысячагоддзі таму, як учора і сёння, яму, нястомнаму нябеснаму служку, было не пад сілу змагацца з вечнасцю, з законам быцця. І ён, маладзенькім козлікам пабарукаўшыся з пругкай цемрай, — супакоіўся, сцішыўся, засяроджана павіс на адведзеным месцы. Што ж, можна і павартаваць засеянае зоркамі поле. Ці мала хто захоча паквапіцца на такое багацце? Хтосьці, можа, і паквапіцца, але не Юджын. Яму б зараз хоць заляжалы і прыплюснуты піражок ці смажань на зуб узяць. Ён зусім забыўся, што пасля полудня ў сталоўцы ніводнай крошкі не паклаў у рот, праўда, выпіў шклянку соку ў краме непадалёк ад плошчы Перамогі. Толькі калі тое было?.. А паесці нешта трэба. Яму галаднавата, халаднавата і адзінока пад зорным, на ўскрайку горада, небам. Ва ўтульных кватэрах сытыя мінчукі на мяккіх канапах глядзяць серыялы ці баевікі перад тым, як уткнуцца ў плячо сужэнцы. Юджын жа паспешлівым крокам мерае асфальтаваную сцежку да «Каменнай Горкі». Трэба паспець да закрыцця метро. У яго ў запасе трыццаць хвілін. А там, калі выйдзе на плошчы Леніна, яго чакае вакзал. Чыгуначны вакзал, які не ведае супакою ні днём, ні ўночы. Шматлюддзе напачатку стамляла мужчыну, голас з рэпрадуктара надакучваў, міліцыянты даймалі пытаннямі і праверкай дакументаў... але да ўсяго чалавек прывыкае, прыстасоўваецца. У Юджына было ўжо і сваё ўлюбёнае месца ў зале чакання. Дальні куток ад увахода па правую руку. Там, за шыракаватай чатырохкутняй калонай, стаяла пяць пластмасавых крэслаў. Іх быццам знарок нейкі дабрадзей уткнуў у тым закуточку для такіх небарак, як Юджын. Каб вельмі не мазоліць вока ахоўнікам парадку. Мужчына і спаў седзьма на мулкіх крэслах. Гадзіны чатыры-пяць выпадала падрамаць пад няспынны шоргат ног, голас дынаміка і катурханне міліцыянтаў...

«Як жа мала для шчасця трэба чалавеку. Усяго-та — быць здаровым, мець працу, свой дом, кватэру. Не, — Юджын запаволіў хаду, — усё ж дом, кватэра па значнасці стаяць на другім месцы, а пасля ўжо праца, любы чалавек побач і незалежнасць. Хаця незалежнасць асобы таксама трэба пераставіць. Яна мусіць ісці пасля здароўя і дома, а затым ужо любы чалавек. Не... Шмат што залежыць ад асобы чалавека. Народжаны рабом — не захоча волі, ці яна яму не будзе настолькі важнай і патрэбнай, як таму, хто свабоду ўвабраў у сябе з малаком маці. Вось я, здаецца, свабодны, вольны, як птушка ў нябеснай сінечы, але не хачу я вольніцы ад Русланы. Я гатовы здацца ёй у палон, капітуляваць, укленчыць і прасіць даравання. Праўда, гэта розныя ўзроўні свабоды. Свабода духу (душы) і свабода ў сямейных адносінах. Але любячы, каханы чалавек не стане няволіць любага. Калі толькі ён не закончаны эгаіст. Вельмі ж шмат гэтых умоўных “але”, “калі”, “па-першае”, “па-другое”...»

Юджын выйшаў з метро побач з вакзалам. Хоць і адчувалася стомленасць ва ўсім целе, але пры думцы пра пластмасавае крэсла мужчыну закарцела прысесці ў недалёкім скверыку на лаўку. Выкурыць пару цыгарэт пад пляшачку піва, каб лепш падрамаць, перабыць ноч ды выправіцца ў сваю кантору на працу. Адседзець абавязковыя восем гадзін за табліцамі і схемамі, пагойсаць у абедзенны перапынак па інтэрнэце, урэшце, пашукаць пакойчык. Каб зняць кватэрку, мізэрнага Юджынава заробку не хопіць, а вось катушок па сярэднім кошце ён пацягнуў бы. Толькі ж у сусветнай павуціне наўрад ці вывешваюцца аб’яўкі пенсіянераў. Для іх капм’ютар што падарожжа ў іншую галактыку. Хоць чаму, можа ж дзядуля ці бабуля папрасіць прасунутага ўнука альбо ўнучку паслугу зрабіць.

Юджын купіў пляшку піва і пакуначак з салёным арахісам. Паўз жалезную агароджу, што аддзяляла чыгуначныя пуці ад вуліцы, прайшоў да таўставатых ліп з рэдкім шапаткім лісцем у вершалінах і пачаў выглядваць незанятую лаўку. Навокал было даволі людна. Не верылася, што прывакзальны гадзіннік на вежы прабіў дванаццаць ночы, — і пазнавата ўжо, а тут столькі народу. Моладзь, людзі сярэдняга ўзросту. Народ табарыўся групкамі, мала дзе можна было ўгледзець у цмяным святле шарападобных ліхтароў дзівакоў-адзіночак: Юджыну не хацелася ўлівацца ні ў якія кампаніі. Нагледзеўся на рознае ў гэтым скверыку. Даводзілася бачыць іиразбітыя насы, і панажоўшчыну. Любоўныя сцэны сярод нізкарослых трох елак, не жадаючы таго, а заўважаў не раз і не два.

Міліцыянты ледзь не штовечар і ноччу ганялі аматараў экстрыму, выпівох, блакіцізну, але яны, як надакучлівая машкара, зноўку зляталіся сюды праз нейкую гадзінку, а то і хутчэй. Што паробіш, у нас краіна вольная і кожны мае права выяўляць сябе, як заўгодна. Абы вольналюбец не прыніжаў у адкрытую гонар і мараль іншых. А чый гонар і маральнасць можна было прынізіць у гэтым скверыку? Пытанне рытарычнае і бязглуздае. Тут былі ўсе свае, усе з завёртамі і мухамі ды прусакамі ў галаве. Няўжо прыкладны і па ўсіх агульных мерках нармальны чалавек пацягнецца сярод ночы ў прывакзальны скверык? Мо толькі падпіты шукальнік экзотыкі і зазірне ці прыезджы навалока, а так усе ў гэтым скверыку збольшага ведалі, хто ёсць хто, якія ў чалавека праблемы і на чым спецыялізуецца. Напачатку, калі Юджын толькі адкрыў для сябе гэтае месца, яму было цікава і незразумела. Вакзальнае жыццё, хоцькі-няхоцькі, а змушала праводзіць час у скверыку, асабліва летам, калі тут, на лаўках, вячэрняя прахалода і дармавая забава. Ён, перажываючы разрыў-расстанне з Русланай, напачатку вырашыў згладзіць сваю адзіноту сустрэчамі з даўно прапісанымі ў скверыку жанчынамі. Яны прыхільна і нават з павагай-жалем паставіліся да навічка, калі ён за чаркай, даволі частай, распавядаў пра сваю злыбяду. Гаварыў і пра Руслану, якая, даведаўшыся пра яго здраду, выпхнула з кватэры. Хапануў ён тым летам і венерычкі, але, дзякуючы аптэкам ды старому доктару, які туліўся ў падвале недалёк ад вакзала, хутка вылечыўся. Цяпер Юджын больш асцярожны. Але вакзальную школу ён прайшоў без асаблівых згуб і падзення для сябе. Праўда, пару разоў, па няведанні і нявопытнасці, здымалі яго блакітныя, да аднаго падшыванца нават дахаты паехаў, але, разабраўшыся, што і да чаго, — збег.

Прыгадаўшы той эпізод, ён пасміхнуўся. Бо не намі ж прыдумана: чаго не ясі, таго ў рот не нясі. Павітаўшыся з некалькімі знаёмцамі, пааднекваўся ад запрашэнняў далучыцца да кампаній, Юджын знайшоў не занятую лаўку з перапоўненымі сметніцамі па баках. Прысеў, выняў бутэльку з унутранай кішэні курткі, адкаркаваў аб драўляны край і зрабіў некалькі кароткіх глыткоў. Піва было кіслае і нейкае занадта смярдзючае, як у далёкія савецкія часы. Менавіта такім ён запомніў смак і пах піва з дзяцінства. Піянерска-камсамольскага школьніцтва. Ці не ў восьмым класе яны з сябрукамі-аднакласнікамі прыкупілі ў мясцовай кармапайкаўскай краме кожны па бутэльцы піва і, ідучы дамоў са школы праз сад і лясісты астравок, адкаркавалі напой. А ён, як тое ўзбоўтанае шампанскае, шуснуў вонкі і абліў хлопцу грудзі ды крысо пінжачка, камусьці піва трапіла на нагавіцы і кеды. Сябрукі смярдзелі, як вэнджаныя ўюны. І ўсё ж, крывячыся, даглыкалі пітво, а яно яшчэ з гадзіну не знаходзіла супакою ў вантробах, штохвілінна парывалася вонкі. Галоўнай задачай было ўтрымаць яго ў сабе, не выпусціць, адчуць асалоду і кайф, пра які так распінаўся на школьным двары Джэнсін Мэл. Доўгі час Юджын увогуле не мог пераносіць пах піва. Нават як быў студэнтам, як служыў у войску, пазбягаў заваблівай думкі пацешыць сябе бурштынавым напоем. Толькі атабарыўшыся ў сталіцы і працуючы ў канторы, сяк-так прыламаўся ў кампаніях супрацоўнікаў па пятніцах зазіраць у бар і прапускаць келіх пеннай вадкасці. Заўсёды замаўляў сабе нямецкае альбо рыжскае. Але, жыццё ніколі не стаяла на месцы: то бегла жарабцом, то паўзло казюркай, сягала да зор і абрывалася ў прадонне. Занепадала жыццё і адраджалася птушкай Феніксам з попелу. Уздымала асобы ды народы, але ж без шкадобы перацірала іх у парашок, змывала ў акіяны, ператварала ў порхаўкі... Што ж гаварыць тады пра нелюбоў ці захапленне пітвом маленькага чалавека, сасмяглай пясчынкі сярод барханаў пустыні? Звыкся ўжо Юджын да любога пітва. Не грэбуе ніякім гатункам, абы пенілася ды невясёлыя думкі з галавы выбівала. Іншым разам яму здаецца, што ператвараецца ён, Юджын, у нейкага выродца. Па каліўку, па крупінцы назапашваецца, напластоўваецца ў ягонай душы незразумелая чэрствасць, абыякавасць да сябе, да людзей, што ненажэрнай асінай плоймай сноўдаюць навокал, гудуць, піхаюцца адзін перад адным. Згаладалымі і здзічэлымі сабакамі вырываюць абглыданую костку з пашчаў-рук, абы не дасталася суседу. А слоўцы-то, слоўцы якія вылятаюць з натоўпу і навісаюць над галовамі, іх галовамі, нашымі галовамі... Ці не ад гэтага ўсё так перакулілася апошнім часам у чалавечым жыцці. Спаганілі мы паветра, якім дыхаем. І бяда не толькі ў мільёнах машын ды заводаў, а найперш яна вынік нашых паганых, нялюдскіх слоў, думак і ўчынкаў...

— Прывет, мой свет. Ты сёння адзін? — нечаканым з’яўленнем Віялета вывела Юджына з невясёлых дум. — Схаваўся ад народа, як кулак, і глыкаеш піўко. У адзіноце! Я прысяду, не прагоніш? — Жанчына плёхнулася побач, нават не змёўшы з лаўкі абдзёрты шкілет рыбіны. Яе ёмкія клубы ў спартыўных штанах медузай расцякліся па бясколерных драўляных плашачках. — Даўнавата цябе не бачыла, — Віялета пацягнулася рукой да пляшкі з півам. Юджын перадаў ёй недапітае.

— Усё сумуеш па сваёй лахудры? Колькі ж можна? Чым во я горшая за яе, га? Ну, скажы мне. Усё ж на месцы, — Віялета хітнула плячыма. Хадуном захадзілі яе поўныя грудзі пад расшпіленай вятроўкай. — У мяне ж усё, як у кожнай бабы. Сам жа правяраў. — Кабета ўсміхнулася, агаліўшы разам з зубамі ружовую палоску верхняй дзясны. — Я пяты год туляюся тут, на вакзале, ды падвалы аціраю, і шчаслівая. Ты ж некалькі месяцаў, як прапісаўся ў гэтым гмаху, а ўжо нос ніжэй каленяў павесіў. Ну і мужчыны! Ламаецеся вы, як трэсачка ці саломінка. Толькі маленькая завірушка, землятрусік у сям’і, так і ляскаецеся на дзве палавінкі. — Віялета прыклалася да рыльца бутэлькі, каўтанула. Выцерла далонню пухлаватыя губы. — Я дык лічу так: што б ні здарылася, як бы жыццё ні біла чалавека, а ён павінен жыць і радавацца кожнаму наступнаму дню. Любіць кожнага новага знаёмцу, кінутых і з кватэр павыгнаных кошак і сабак падкормліваць. Нават і тады, калі і самому нямашака чаго ў рот пакласці. Скрадзі піражок ці пончык і пакармі сябра ды жывёліну. Дарэчы, ты сам хоць што-небудзь еў? — спахапілася жанчына. — У мяне ёсць кусман каўбасы. Праўда, не сыравэнджанай, але есці можна. — Віялета зашабуршэла поліэтыленавым пакетам каля ног. Пакорпалася ў ёмістым пакунку і выцягнула колца каўбасы, нарэзанага хлеба. — На во, еш, — падала Юджыну.

— Дзякуй, — узяў. — Апетыту няма...

— Ну, гэта паправіма. Прагуляемся два кварталы. Там чысценькі і ўтульны падвальчык ёсць... Калі не супраць, то можам і Віцьку ўзяць, ну, таго, барадатага. На мінулым тыдні з ім выпівалі. Ён нядрэнны хлопец, — паспешліва тлумачыла Віялета.

— Патаскуха-пацягана ты, — без злобы прамовіў Юджын.

— Не, патаскуха — гэта тая, якая патаскуе-пасумуе ды адна ляжа спаць. Я ж сабе вось дваіх выбрала. То пабегла я, пачакай тут, далёка не адыходзь. Хуценька мы падыдзем. Адна нага тут, а другая там, — прасакатала Віялета і пабегла з пляшкаю у якой на самым донцы засталася пена.

Ноч. Яна для Юджына раней азначала пакой і адпачынак, утульнасць ложка і пах чыстай бялізны, роўнае цёплае дыханне Русланы каля яго вуха. І цішыню. Мернае і аднастайнае ціканне насценнага гадзінніка не бралася ў разлік. За доўгія гады сумеснага жыцця да яго звыкліся і быццам не чулі. І калі нават спыняўся гадзіннік то спахопліваліся праз нейкі час, выпадкова зачапіўшыся позіркам за цыферблат. Стрэлкі ў раскірэку маглі застыгла вісець і дзень, і два. То было раней... Раней шмат чаго было па-іншаму. «Нейкі я бязвольны, сапраўдная ануча!» — настолькі нечакана і ярка выплыла аднекуль думка, што Юджын здрыгануўся, быццам да яго дакрануліся шокерам.

— Брудная, бязвольная ануча я, — прашаптаў мужчына ў мітуслівую вакзальную ноч. — Так жыць далей нельга.

Нельга! «А як жыць?» — з подленькім сумнівам запытаўся той Нехта, што ўвесь час спрачаецца з намі, не пагаджаецца ў хвіліны, калі мы павінны зрабіць выбар паміж добрым учынкам і непрыглядным. Той Нехта, які прымушае нас вагацца, не верыць у свае сілы і магчымасці, падштурхоўвае да здрады і забыцця... Гэты хліпкі чарвяк, якога не вытруціць з сябе, не прыдушыць ні падэшвай, ні пальцам. Ён, здаецца, ледзь дыхае ў нашай натуры, калі мы ідзём пракладзенай і надзейнай дарогай, а калі незнарок ці змушана збочылі, вытыркнуліся з агульнага натоўпу на дарозе, вось тут наш Нехта, здыхлік-чарвяк, і ачуньвае, мажнее і даймае сумненнем. Бяда ж у тым, што не можам мы прыняць кардынальнага рашэння, бо нас агортвае жах: а чым гэта мне адгукнецца? Што падумаюць і скажуць? Ну, не хачу я падавацца белай варонай, мяне задавальняе шэрая чарада і я ў ёй як асобіна, часцінка цэлага варанячага кагалу... «Банальна і збіта на горкі яблык. Чаго-небудзь навейшага падкінь, — Юджынаў чарвяк-здыхлік кпіў. — Бач ты, захацелася яму пагуляць са мной у хованкі. Забаўляйся, але памятай: цела адно маеш і жыццё таксама. А я пачакаю. Спяшацца няма куды, мой гаспадар. Узбунтаваўся ён, ісціну шукае ў сабе. Тупік там, поўны абзац! Асадзі назад». — Нехта прыціх, а Юджын спахапіўся, што так і сядзіць на лаўцы з кавалкам каўбасы і лустай хлеба ў руках.

— Усё гэта ад недасыпу, нервяку, — выдыхнуў мужчына і ўзяўся за пачастунак. — Як у пісанні сказана: «суета сует и томленне духа».

Стыласць даймала. Зябкаватасць прабіралася праз лёгкую куртку да схуднелага цела Юджына. Ён падумваў ужо сысці ў зацішак вакзала, а не тырчэць сівагракам на лаўцы і выглядваць зніклую Віялету. Цягнула пасядзець невялічкай кампаніяй, маўчаць ці перакідвацца пустымі фразамі ні пра што. Бо ад вакзальнага шматлюддзя пачынала ўжо балець пячонка і паколваць пад левай лапаткай. Жанчына абяцала ўтульны, дагледжаны падвальчык. Там можна і да раніцы перабыць.

— Зачакаўся нас? Добра, што не сышоў. Мы з Віцькам бегалі, каб да беленькай чарнільца прыкупіць, а яшчэ слоік салянкі грыбной ды халвы салодкай. Люблю салодкае, — Віялета паставіла свой пацяжэлы пакет на лаўку побач з Юджынам. — Халера іх бяры. Столькі народу на вакзале і ў буфеціках-крамках, аж не прабіцца. Скуль бяруцца, чаго ім не спіцца? Едуць яны, усё едуць некуды. Бягуць, спяшаюцца, уцякаюць! Ад самога ж сябе не ўцячэш, праўда, Віцёк? — жанчына штурханула плячом высокага хударлявага мужчыну, з якім прыйшла. Зірнуўшы на яго, Юджын прыгадаў, што сапраўды браў з ім чарку ў кампаніі з Віялетай ды іншымі «знаёмцамі».

— Ыгы, — пацвердзіў даўгалыгі. — Бягуць.

— І мы зараз пабяжым. Ты ісці можаш, не акалеў яшчэ? — жанчына схапіла пакет з лаўкі.

Юджын выпрастаўся, накінуў башлык на галаву

— Вядзі нас.

— І павяду. Хто пакет возьме, мужычкі? — не пытаючыся згоды, саўганула яго даўгалыгаму ў руку. Той моўчкі ўзяў.

Мінулі падземны пераход, выйшлі на другі бок прывакзальнай вуліцы. Тут людзей было значна менш. Стаяла з дзясятак таксовак. Вадзіцелі, збіўшыся па два-тры чалавекі, няспешна гаварылі пра сваё. Не рыбны для іх, відаць, час.

— Закурыць не дасі? — басавіта спытаў Віцёк у Юджына. — Я прыкупіў два пачкі, але не распатрашыў яшчэ. Нязручна з пакетам у руцэ.

Юджын працягнуў цыгарэту, пстрыкнуў запальнічкай. Агеньчык выхапіў з прыцемкаў гарадской ночы няголеную шчаку.

— Дзякуй, — буркнуў даўгалыгі.

— А мяне, кавалер, забыў, — азвалася Віялета. — Як лашчыць мяне, то кожны з вас першым імкнецца, а як цыгарэцінкай прывеціць, то ў апошнюю чаргу.

— Прабач, забыўся, што курыш, — павініўся Юджын.

— Ого, я не толькі куру, — Віялета крутанулася юлой на дзябёлай назе. — Я знаходка для вас, мае хлопчыкі: і накармлю, і напаю, а прыгалубіўшы — спацькі пакладу.

— Ці далёка яшчэ? — выдыхнуўшы дым цыгарэты, спытаў Віцёк.

— Ды не. Хвілін праз дзесяць будзем.

— А можна там застацца да рання? — звярнуўся да жанчыны і Юджын. — Не хочацца вяртацца на вакзал.

— Гэта залежыць ад таго, як сябе паведзяце. У маёй рэзідэнцыі можна і на некалькі дзянькоў спыніцца. Дворнічыха там знаёмая. Я ёй часта падсабляю з прыборкай, а яна мне ключы ад падвала дала ды яшчэ і абсталяваць дапамагла, мэбляй забяспечыла. Нумар атрымаўся не горш як у серыялах.

— Ты яшчэ і тэлевізар глядзіш? Дзе знайшла такое месца? — здзівіўся Юджын. — Верталётная ты кабеціна.

— А няго ж! Не кожную ночку баўлю з такімі бескватэрнікамі, як вы. Бываюць у мяне і багаценькія кліенцікі. Некалькі дзядкоў паблізу жывуць, — Віялета тыцкнула рукой перад сабою. — Запрашаюць. Начую, прыбіраю, гатую, пакуль пенсійку не прагойсаем разам. Добрыя яны, пенсіянерчыкі, адстаўныя ваенныя. Многа ім не трэба. Пацалую ў макаўку, пашлыкачу за пятку, ну і... Хопіць. Добрыя яны дзядкі, удаўцы мае залатыя. Праўда, як мужчыны, то ўжо нямоглыя. Затое абыходлівыя, далікатныя, інтэлігентныя. А для спатолення свербу ў мяне вы ёсць, ці падобныя да вас.

Віялета зірнула па чарзе на Юджына і Віцька. Мужчыны моўчкі хітнулі галовамі.

Тройца, адышоўшы ад вакзала, апынулася ў гарадскім сонным зацішку. Ні табе людзей, ні машын. А калі павярнулі ў двары, то і святло ад прыдарожных ліхтароў здалёк ледзь прабівалася сюды. Цяпер ішлі моўчкі. Паперадзе яна, а следам Юджын і Віцёк. Збоку здавалася, што ідуць няспешна, задаволеныя сабою. Нагадвалі яны людзей, якія годна адпрацавалі дзень, прыхапілі ночы і нарэшце дабіраюцца да цёплых сваіх кватэр, дзе іх чакаюць жонкі (Юджына ды Віцька) і муж (Віялету), а таксама плойма здаровых ружавашчокіх дзетак...

Яны ішлі і не бачылі, што следам за імі, не выбіраючы дарогі, плыла, не кранаючыся зямлі, постаць бабулькі ў валёнках з чырвонымі галёшамі.


***

Седзячы за сталом у сваёй канторы, Юджын не пераставаў думаць пра загадкавую бабулю, што сустрэў у пад’ездзе. Яна была знаёма-незнаёмым сном, явай рэальнасцю, выдумкай перанапружанага мозга, глюкам ці... усё ж была? Быццам і зараз ён чуў бабульчын голас, а яе лёгкае дыханне кранала Юджынаву шчаку. Ён нават правёў пальцамі па няголеным падбароддзі да вуха. Мужчына быў перакананы, што некалі, даўным-даўно, у дзяцінстве, а, магчыма, яшчэ да свайго нараджэння, сустракаўся, бачыўся з бабулькай. Чуў ейны спакойны голас і трымаўся за лёгкую, як галоўка дзьмухаўца, руку. Перабіраў пасмы яе прывідных, як ранішні туман валасоў. Вось толькі калі тое было і дзе? Пры якіх абставінах, з якой нагоды?

«А ці так гэта важна: пра ўсё помніць? — азвалася ў галаве думка. — Было, і дзякуй Богу. Значна горш, калі б таго не здарылася. Застаўся б прагал у памяці, які з гадамі толькі пашыраўся б, пакуль не ператварыўся ў прорву. Галоўнае, ува мне пакінула след хвіліна нашай сустрэчы. Яна ёсць, вось і ўсё! А калі сустракаліся, няхай застаецца тайнай да пэўнага часу... а мо і назаўсёды...»

Юджын чуў голас старой у сваёй галаве, не, зусім не так: яму здавалася, што чароўны гук запаўняў усё ягонае цела, кожную клетачку, жылку. Ён з кожным уздыхам убіраў яго з паветра, са сцен пакоя, з паверхні стала, з манітора камп’ютара. Юджыну было ўтульна і спакойна ў гэтым голасе. Так, як бывае ў дзяцінстве, калі маці спачатку насварыцца на цябе за правіну, а пасля, зразумеўшы, што дарма пакрыўдзіла сваю крывінку, прытуліць да сябе, абдыме і пацалуе сухаватымі вуснамі ў макаўку ці скроню. І крыўда перамешваецца з удзячнасцю і любоўю да роднага чалавека. Крыўда чэзне ад любові маці, як стрыкучая крапіва пад палкім промнем сонца. Высыхаюць слёзы на твары, і табе ўжо нічога не страшна. Ты абаронены ад усялякай несправядлівасці. Табе паверыў самы дарагі чалавек і пашкадаваў. Ты зразумеў, што бяспека — вышэй за ўсё. І бяспеку гэту табе дае маці, нічога не патрабуючы ўзамен. Яна арганічна сплялася з любасцю. А мо і наадварот, любасць, каханне з’яўляюцца для нас аховай ад усяго зямнога і незямнога наслання: крыўды, злыбяды, зайздрасці, нагавораў, чорнага слова, сталёвага кінжала, пякучай кулі і...

«Вось бачыш, мой хлопчык, не ўсё так дрэнна, як табе здаецца. Бо вельмі часта ад страты да набыцця ўсяго — адзін крок, а іншым разам і меней. Хоць гэтага мы і не заўважаем, не прыкмячаем. Галоўнае — не страціць веру. Верыць, калі не хапае сілы ў душы і моцы ў сэрцы. Трэба верыць. Нават тады, калі цябе, як чорнага ахвярнага барана, вядуць-цягнуць на вогнішча ахвярапрынашэння... Ніхто ж не ведае, што праз хвіліну здарыцца. Чаму б і не ляснуць сярод чыстага неба перуну і прыгаршчамі не сыпануць маланкі і не праліцца залеве, як перад канцом свету. Ці наадварот, той, хто валачэ чорнага барана, знясіліцца, і ў яго ад натугі і паслужлівай пакорлівасці лопне, разарвецца на шматкі сэрца. І нікому не будзе вядома, чыя ж ахвяра патрэбна была сілам, не бачным нам... Не, ні ў якім разе да пакорлівай абыякавасці я цябе не заклікаю, але і ад дурнаватай наскоклівасці папярэджваю. Галоўнае — ведаць, што рабіць. І не клясціся ў вернасці чужым ды і сваім багам...»

— Дзіўная філасофія. У ёй шмат чаго не стыкуецца, — задуменна прамовіў Юджын.

— Ты пра што? — здзіўлена зірнуў на яго калега. — Вось гляджу на цябе і не магу зразумець: па прызванні ты прыйшоў сюды працаваць ці з-за кавалка хлеба? — лысаваты калабок утаропіў на Юджына заплылы тлушчам позірк. — Апошнім часам ты ўвесь нейкі разбэрсаны, недагледжаны, змучаны. — Більярдным шарыкам калега выкаціўся з-за стала і на караценькіх ножках пачаў перакочвацца між сталоў: два метры ўперад, два — назад. — У цябе нешта здарылася? — надзея ў голасе калабка. — Я чым-небудзь магу памагчы? — ён цярнуў пульхнымі далонькамі адна аб адну.

— Ага, — абыякава выдыхнуў Юджын.

— Што? Гавары, што здарылася? — калабок-більярдны шарык аж падскочыў над падлогай. — Я нікому ні-ні! Галаву на адсячэнне! — ён пяцярнёй шмаргануў па ўрослай у плечы шыі. — То што ж там у цябе? — цікаўнасць выпірала ў калегі праз вушы і ноздры.

— Зацяжараў я, — сур’ёзна і абыякава прамовіў Юджын. — Ужо сёмы месяц пайшоў. Так што збірайся, кумам будзеш.

— Свіння ты, Юджын, — з калабка быццам бы выпусцілі паветра. Ён зменшыўся, укормленыя плечыкі абмяклі, трайное падбароддзе ўпёрлася ў грудзіну. — Я па-сяброўску хацеў памагчы, калі трэба, а ты здзекуешся, пасміхаешся з мяне. Глядзі, каб і я з цябе на ўвесь голас не пацешыўся! Гумарыст знайшоўся!

— Супакойцеся, ваша напалеонаўская вялікасць, — прымірэнча прагаварыў Юджын, — нічога супраць вас не меў і не маю. Толькі адна просьба: у душу не лезьце. Вось і ўсё.

Більярдны шарык закаціўся за свой стол, улузнуўся ў крэсла і, павярнуўшы манітор, поўнасцю адгарадзіў цікаўны твар ад «разбэрсанага, недагледжанага, змучанага» Юджына.

«Мае вы людзі-чалавекі, — падумалася Юджыну, — не дам я магчымасці парадаваць ваша самалюбства праз мае нястачы і праблемы. Шчырасці няма ў вашых словах, спачування ў вачах. Ды і не трэба яны мне, вашы напышліва-прыгожанькія “охі” ды “ахі”. Ведаю я іх кошт ды вартасць».

«Навошта так безаглядна думаць пра ўсіх? Чалавек ад чалавека розніцца, — ласкавы і дакорлівы голас з’явіўся, нібы хвалька на рачной люстраной гладзі. — Нічога дрэннага, калі і пашкадуе нехта, добрую параду дасць. Не ўсе ж навокал згубілі чалавечыя якасці. Хапае і тых, каму баліць чужы, а не толькі свой боль. А калі па сабе іншых мераць, то зноў — не так усё дрэнна, як здаецца. І ў табе, Юджын, побач з заганамі, душэўнай іржою ды чарнатою, хапае і светлых, белых, ружовых і нябесна-блакітных плямак, дзе раскашуе яшчэ спагада, спачуванне шчырае, вера ў вечнае, хоць і іншымі зацяганае, патаптанае ды не зношанае дарэшты. Ты ўспомні, як у хваравітым далёкім юнацтве, ці не ў сёмым класе, твая маці аддала цябе твайму дзядзьку, для яе — брату. Аддала, каб вылечыць цябе ў горадзе. Каб быў ты здаровенькі. І ў той жа час, калі цябе забралі, яна, твая маці, узяла прымака. Адной жа не пацягнеш малых дзетак ды гаспадарку... А ты, нязграба, дадумаў, што яна здрадзіла табе, бацькавай памяці, здрадзіла сёстрам... Для твайго дзіцячага сэрца свет дзяліўся толькі на дзве часткі: гэта — правільна, а гэта — не. Ты не думаў, што адчувае маці кожны дзень, высільваючыся за плугам, касой, рвучы жылы ў лесе на нарыхтоўцы дроў, полячы, жнучы, збіраючы... Яна не думала пра сябе. Маці думала пра вас. А ты, мой дарагі Юджын, плакаў у бальніцы далёкага горада, і табе не хацелася лячыцца, а карцела збегчы дадому... Калі ж даведаўся пра прымака, то ледзь не пракляў любага і дарагога чалавека. Дзядзька прынёс навіну. Ты скрыгатаў зубамі і плакаў, пазіраючы праз бальнічнае акно ўдалячынь. У той бок, дзе, як табе здавалася, знаходзіцца вёска, твой дом, свежая бацькава магіла... Ты не забыў яшчэ пра гэта, Юджын?»

— Не прымушай пакутаваць наноў! — выдыхнуў Юджын. Ён пашукаў на стале цыгарэты. Ляпнуў рукой па кішэні джынсаў. З-за манітора на яго асцярожна зірнуў калабок-більярдны шарык. У пакоі чуўся толькі манатонны гул кулераў ды клацанне клавіятуры. Юджын вырашыў не ісці ў курылку, а падыміць на свежым паветры каля ўваходу ў кантору. Золкасць і макрэча не палохалі. Мужчыну падумалася, што незразумелае насланнё ўспамінаў, голас невядомай бабулі ў галаве — не што іншае як наступствы ўчарашняга загулу.

Юджын прыкурыў, упёрся плячыма ў сцяну. Пад невялічкі навесік-казырок вецер не заносіў дажджавую пацяруху. Цыгарэтны дым распаўзаўся па дзвярах, сцяне, і спакайнела на душы ў мужчыны. Пры кожнай зацяжцы яснела ў вачах, цверазіўся затурканы штодзённай неўладкаванасцю мозг.

— І праўда, не ўсё так дрэнна, як здаецца напачатку, — прашаптаў Юджын нябачнаму субяседніку. — Бо ніхто з нас не ведае, па чым ці кім можна і трэба плакаць, а з-за чаго кідацца ў бяздумны рогат. Сказана ж, што будзе дзень і будзе ежа. Здаецца, гэтак гаварыў стары Ярмак. Дзядуля з роднай вёскі. Божа мой, калі тое было? Які ж я сам стары ўжо! — Юджын вольнай ад цыгарэты рукой правёў па твары. — Гады вы мае гадочкі, і не прыкмеціў, як напластаваліся, нагрувасціліся вы на плечы, сціснулі, сцёрлі храсткі ў суставах, выгнулі пытальнікам некалі стромкі хрыбет... Але, чаго я галашу над сабою? Сам жа толькі што пераконваў сябе: не ўсё так дрэнна, як здаецца. За восенню будзе зіма, а затым — абавязкова! — прыйдуць вясна і лета. Вось пабачыш, будзе вясна і лета! Скончацца ўсе мае мыканні. І ў Русланы сэрца не з жалеза. Даруе яна мне, выбачыць і даруе! — Юджын усміхаўся. Курыў і ўсміхаўся, ці не? Не, ён плакаў...


***

Ноч, якая то была чорная і глухая ноч. Ад стварэння свету яна больш не паўторыцца. Ніводнае дрэўца не шалахнулася ні каля двароў, ні ў садах, ні ў блізкім лесе. Нямая цішыня павісла над вёскай, калі Юджын вобмацкам зняў з вешалкі пінжачок у сенцах і выйшаў крадком, каб не рыпнулі масніцы, на двор. Іхні сабака і то не азваўся на крокі; здавалася, што зямля злілася з небам. Калі заплюшчыць вочы і моцна націснуць на іх пальцамі, то нешта падобнае да той ночы можна пабачыць. Юджын жа ішоў упэўнена. Мінуўшы варотцы, якія, на дзіва, не скрыгатнулі іржавымі цвікамі, ён па нябачнай утравелай сцяжынцы крочыў паўз плот сядзібы да лесу. Босыя ногі не халадзіла раса, яна лашчыла. Юджын ведаў, што толькі сённяшняй ноччу ён зможа паспрабаваць вярнуць бацьку, вярнуць шчасце ў іхнюю асірацелую хату. Напачатку, калі даведаўся, што яму давядзецца ў Гнётаву ноч ісці ў лес, дык ледзь не знямеў. Але ж, калі ён зразумеў, што ад яго, і толькі ад яго залежыць: ці вернецца бацька, ці заўсміхаецца ўчарнелая ад гора маці, ці адродзяцца ў іхняй хаце радасць і дабрабыт, — ён пагадзіўся. Ні слова нікому не кажучы, пагадзіўся і пакляўся на вялікай ступе ў клеці, што пойдзе ў Гнётаву ноч і прынясе аднаногаму Аўдзею зоркавую расліну. Гэта Аўдзей, на саракавы дзень пасля пахавання бацькі, пераняўшы Юджына каля крыніцы пад трыма ліпамі, спытаў:

— Ці хочаш ты, каб твой бацька вярнуўся?

Ад яго позірку пякло твар у хлопца і ледзянелі ступні. Голас не слухаўся, а між лапатак танюткім раўчуком пакаціўся па спіне струмень поту. Аўдзей абапіраўся на мыліцу і не адводзіў вачэй ад знямелага хлопчыка.

— Дык ці хочаш бацьку вярнуць? Праз шэсць дзён зможаш гэта зрабіць, калі не спалохаешся ды людзям нашу гамонку не перакажаш. І не злякаешся ў патрэбны момант. То, як яно, пагамонім?

Юджын успомніў пустую без бацькі хату і згодна матлянуў галавою.

— Мужчынам расцеш. Пашкандыбаем да мяне, пад паветку, там зручней гаворку весці. — Аўдзей абапёрся вольнай ад мыліцы рукой на плячо хлапчука. — Пайшлі-пайшлі, — першым зрабіў скок-крок, нібы цвыркун з абарванай нагою, стары.

Сядзіба варажбіта-ведзьмака месцілася за апошнімі хатамі іхняй маленькай, згубленай сярод дрымучых лясоў і балацявін, вёскі. На лабастым пагорку, сярод таўсматых асін, муляў, як бяльмо на воку, двухпавярховы дом Аўдзея. Гаварылі, што больш як стагоддзе, пры князю, пабудавана гэтая хароміна. Ані ўчарнеласці, ні гніласці на дубовых кругляках будыніны. Ад крыніцы пад трыма ліпамі да дома Аўдзея метраў сто — сто дваццаць. Юджын не паспеў і вокам міргнуць, а яны апынуліся пад страхою паветкі, сярод павозак і рыштунку да іх.

— Сядай, хлопча, — Аўдзей паказаў на плашку паўз сцяну. — Гаворка ў нас не такая і кароткая будзе. — Сам прыладкаваўся каля хлопца. — Дрэнна без бацькі застацца ў такія гады, — з жалем прыцмокнуў вядзьмак, — а яшчэ ж дзве дзеўкі меншыя за цябе. Матцы цяжка, вам халодна і галодна будзе. Без бацькі закарэеце, зачарсцвееце. Каму захочацца, той і папіхне, пакрыўдзіць. Доля сірочая — горкая доля. Вось я і наважыўся дапамагчы вам бацьку вярнуць. — Аўдзей пагрозліва зірнуў на Юджына, — калі і ты мне паможаш. Спадручней жыць, падсабляючы адно аднаму. Ці праўду я кажу?

— Бацька наш памёр, — выціснуў з сябе хлопчык. У ягоным голасе чуліся прыхаваныя слёзы. — Вы ж на пахаванне прыходзілі і...

— Ведаю, ведаю я, што бацька памёр, што на могілках закапалі яго. Не забыў, што і саракавіны справілі. Усё я гэта помню, Юджын. Яшчэ не здзяцінеў і з розуму не выжыў, з глуздоў не з’ехаў, — бачна было, што вядзьмак пачынае злавацца. У яго дробненька затрэслася барада, нервова захадзілі-затрапяталі крылцы доўгага носа. — Ты можаш дапамагчы і мне, і бацьку. Не дзівіся ўсяму, што пачуеш. Проста павер і зрабі так, як накажу зрабіць. На шостую ноч, пасля сённяшняй, трэба пайсці табе, цнатліваму чалавечаму парастку, не забруджанаму яшчэ ні маной, ні здрадай, у Бярозавую грыву на курган. Тая ноч будзе Гнётавай ноччу. Яна раз на тысячагоддзе выпадае. Разумееш, усяго раз на тысячагоддзе. Нам пашчасціла, на наша жыццё прыпала такая падзея. Ад далёкіх прабацькоў, з пакалення ў пакаленне перадаецца дзень і год Гнётавай ночы. Я ці не апошні, хто яшчэ помніць, што яна, Гнётава ноч, распластаецца над зямлёю на наступным тыдні і выпусціць з нетраў зямлі на кургане Бярозавай грывы зоркавую кветку.

— Гэта папараць-кветка? — не падумаўшы, перабіў Аўдзея хлопец. — То ж у мінулым месяцы хадзілі сябры шукаць. І нічога не...

— Навучыся слухаць! — грымнуў бакавінай мыліцы аб плашку, на якой сядзелі, Аўдзей. — Не перабівай, а запамінай. Дурні няхай шукаюць папараць-кветку. Я ж табе пра векавую тайну гавару, якую мне аднаму не ўтрымаць і не адолець. Ты той, хто зможа справіцца з нялёгкай задачай. Тваё дзіцячае гора, твая шчырая бяда залучаць зоркавую расліну ў нашы рукі. Шкада, што дужа маладзенькі ты, зялёны яшчэ. Гадкі б тры табе яшчэ накінуць. Але, што ёсць, тое і маем. Слухай далей, у Гнётаву ноч, пасля першых пеўняў і пойдзеш ты цішком з хаты. Ніхто ні чуць цябе не павінен, ні бачыць. Ідзі смела, з адкрытай душою. Я наглядкам буду табе дапамагаць, праз лес весці. Ніхто: ні птушка, ні звер, ні казюрка дарогі тваёй не пяройдзе...

— А як мы бацьку вернем? — з сумнівам і нецярпеннем спытаў Юджын. Яму надакучыла слухаць пра Гнётаву ноч і зоркавую расліну. Хлопцу хутчэй хацелася даведацца, як вярнуць дамоў памерлага татку. Яму пачало здавацца, што Аўдзей засумаваў у сваёй бярлозе без удзячнага слухача, таму ён і залучыў абяцаннямі Юджына да сябе і цешыцца расповедамі. Ды і як можна вярнуць таго, хто закапаны на могілках, па кім адгаласілі і адстагналі родныя? Чыё сэрца спынілася, а ў целе кроў зледзянела, застыгла. — Казкі ўсё гэта, дзеду, казкі... — Хлопчык абапёрся локцем аб краёк самаробнага стала. — Ніхто яшчэ з таго свету не вяртаўся. — Па даросламу, з веданнем вымавіў Юджын.

— Го-о-о, з такімі думкамі далёка не зрушым, — Аўдзей задумаўся, машынальна адагнаў ад вачэй надакучлівага слепака, цярнуў кулаком пераноссе. — Трэба верыць і ведаць, што рабіць. Я зараз раскажу, у чым уся закавыка. Зоркавая расліна, па якую ты пойдзеш, спыняе бег часу. Можа павярнуць кожны лёс у адваротны бок, нават далёкую гісторыю мае сілу перастварыць. Пры дапамозе зоркавай расліны мы зможам убачыць усё сваё будучае жыццё, вярнуць людзей, дарагіх нам, пазбавіцца ад стыхій і хвароб. Будзем заўсёды багатыя і здаровыя...

— А як татку вернем? — не стрымаўся, каб не перапытаць наноў. — Ён жа мёртвы, дзеду!

— Дзіця, горкае ты яшчэ дзіця, — Аўдзей дакрануўся да пляча хлопчыка. — Мы ж будзем з табою ўсясільныя. Мы спынім час напярэдадні бяды. Не пусцім твайго бацьку на рэчку. Абыдзецца Сож без яго ахвярапрынашэння. Галоўнае, знайдзі на кургане Бярозавай грывы зоркавую расліну і прынясі мне...

Ноч, то была чорная і нямая ноч. Быццам увесь сусвет нехта вывернуў на знаніцу. Заціхла, стаілася ўсё жывое, а нежывое і так нямком было. Юджын ужо мінуў прылеснае кустоўе, перайшоў роў, заглыбіўся ў баравы сасоннік. І нідзе нічога не шалахнецца, нават пад босымі нагамі галінка не трэсне. Хлопец ідзе, як у сне, як у цягучай рошчыне. Паветра навокал настолькі пругкае, што яго прыходзіцца разрываць грудзямі і плячыма. Ён прабіраецца, як нагрэты на агні нож праз вашчыну. Радуе адно: Юджына нехта нябачны падтрымлівае, падпірае са спіны, паказвае ў суцэльнай цямрэчы пуцявіну. Хлопец яшчэ ні разу не сутыкнуўся ні з дрэвам, ні з пнём, якіх, ён помніў, дужа багата па дарозе на курган Бярозавай грывы. І светлякоў не згледзець, хоць раней Юджын з сёстрамі збіраў іх прыгаршчамі на чарнічніку і лісточках сунічніку. У вушы як быццам напіхана ваты ці заліта вада. Ну хоць бы адзін-адзінюсенькі жывы гук! Хлопец паспрабаваў крыкнуць сам, але з расшчэпленых вуснаў не вырвалася анічога. Юджыну карцела ўжо павярнуцца і бегма бегчы дамоў. Незразумелая трывога нараджалася ў яго душы. Ён не хацеў ужо абяцанага Аўдзеем вяртання бацькі. Сумненне ў такой магчымасці запаўняла дзіцячую свядомасць. «Пад нябожчыка рукі не падкладзеш, каб узняць». Юджын неаднойчы чуў пра гэта і верыў чутаму. Цяпер паверыў яшчэ больш. Хлопчык наважыўся спыніцца, але нябачная сіла падштурхнула са спіны, і ён зрабіў наступны крок. Да Бярозавай грывы заставалася не так і далёка, калі малы спатыкнуўся і распластаўся на мяккім пульхным імху.

«Падымайся, Юджын, ідзі. Ты ўжо дайшоў, зусім побач», — пачуў над вухам голас Аўдзея. Хлопчык узрадаваўся, што чуе, што ён не глухі, як здавалася зусім нядаўна. Юджын узняўся і пасунуўся далей. Праз паўсотню крокаў ступнямі адчуў, што пачынае ўзыходзіць на курган. Ён углядаўся ў цямрэчу. Якая розніца, куды глядзець? Паўсюль аднолькава: што ўверсе, што ўнізе. Час для Юджына спыніўся, як незаведзены будзільнік на стале. Ён знаходзіўся ў міжчассі: тут і недзе там, між зямлёю і небам. Ён быццам быў, але яго не існавала. Хлопчык згубіў сам сябе ў неабдымнай прасторы Сусвету, пераадолеў мяжу рэальнасці, за якой пачыналася чужое, варожае для чалавека валадарства. (Гэта цяпер, дарослым, ведае Юджын, а тады, у тую ноч, ён проста растварыўся ў суцэльнай цямрэчы.) Але што гэта такое? Вочы, якія былі быццам аддзелены ад цела, раптам убачылі палоску святла. Ногі, таксама без цела, напружыліся, паскорылі крок, рукі чапляліся за нізкарослае падлессе. Вочы зірнулі ў неба. Над курганам высеяліся ўсе зоркі. Ды так густа яны цясніліся, што лапік неба ператварыўся тут у суцэльнае белае прасцірадла. Толькі сям-там прабіваліся танюткія нітачкі чорнай прасторы.

Юджын забыўся, як дыхаць, і праз некалькі імгненняў страціў прытомнасць, праваліўся ў глыбокую палонку забыцця. Ён так і не пабачыў зоркавай расліны. А мо, проста не заўважыў яе на кургане ў суцэльнай белі... Хлопца знайшлі пасля полудня вясковыя пастухі. Нямоглага прынеслі дамоў. І зноў, як зусім нядаўна, плакала маці, сёстры расціралі слёзы па мурзатых шчоках, а ён, цяперашні гаспадар у сям’і, не мог зрабіць і кроку па хаце. У той жа дзень ён даведаўся навіну і пра Аўдзея. Нехта з вяскоўцаў убачыў яго каля крыніцы пад ліпамі з успоратым жыватом. У руцэ, як гаварылі, ён трымаў пук дзядоўніка. Вось і ўсё, што засталося ў памяці Юджына пра зоркавую расліну і ўваскрашэнне таты...

«Ну, не ўсё. Памятаеш, ты ж вінаваціў маці, што аддала цябе дзядзьку, каб самой узяць прымака», — зноў убіўся ва ўспаміны голас старой у валёнках з чырвонымі галёшамі.

«Было такое, я не аднекваюся».

«Хоць цяпер зразумеў сапраўднасць яе парыванняў ды клопатаў?»

«Даўно ўжо дайшло да мяне ўсё, што трэба».

«Значыць, не дарэмна мы вярталіся ў тваё дзяцінства, у таямніцу Гнётавай ночы. Зноўку прайшліся да кургана ў Бярозавай грыве. Вяртанне ў мінулае дасць магчымасць зразумець дзень сённяшні...»

«Але ж і жыць мінулым немагчыма. Мінулае няхай застаецца там, разам з гадамі, што адляцелі».

«Спрачацца не буду, — пацішэў голас старой, — але, як вы любіце паўтараць: без мінулага і будучыні няма».

«Прамоўленыя словы часта нічога не значаць. Вы-та пра гэта павінны ведаць...»

«Я ведаю, шмат чаго ведаю... Каб жа некаторым навучыцца спасціжэнню чужых памылак... »

«Тут свае б асэнсаваць...»

«Хопіць на сёння вандраваць у басаногім дзяцінстве. Пара ўжо абуцца, хлопча. І досыць курыць. Паглядзі, пачак пусты...»


***

Колькі ж людзей згарэла, звяла, згібела, так і не выпрастаўшыся, не пасталеўшы, не разгарнуўшы плечы на поўную сілу. Не нагледзеўшыся ўволю на нябесную прастору, не ўдыхнуўшы напоўніцу п’янкога і чыстага паветра, не ўсміхнуўшыся шчыра, без аглядкі, не сказаўшы праўдзівага слова, каму гэта патрабавалася... І віною тут боязь, перасцярога, недавер... Іншым разам здаецца, што яны ў некаторых з нас ад нараджэння закладзены ціўвабраны ў душу і сэрца з першым удыхам. А мо, генетычна гэта адклалася за доўгую і пакручастую гісторыю? Хто толькі над гэтым пытаннем не разважаў? Вучоныя галовы падкідвалі разумныя гіпотэзы, а яны, боязь ды недавер, перасцярога ды паслужлівасць, і цяпер набіраюць сілу, мажнеюць, распаўзаюцца, падмінаюць пад сябе ўсё новыя і новыя пакаленні...

Юджын стараўся ў жыцці нікога і нічога не баяцца. Не ўпускаць у сваё нутро гэтую ліхаманкавую, слізкую істоту. Мо з-за таго што ў дзяцінстве ён сваё адбаяўся. Ён тады, у бязвусым узросце, зразумеў, што нельга пражыць усё жыццё — баючыся. Новага дня, злога чалавека, настаўніка, суседа ці суседку, цёмнага лесу і топкага балота. І сёння ён не баяўся начальніка на працы, машыны чыноўніка на дарозе, міліцыянта ў метро, не баяўся прыдуркаў у транспарце, злаязыкіх калег, напалеончыкаў, што імкнуліся ім кіраваць... Чаго баяцца Юджыну? Што яны могуць зрабіць? Звольніць з працы, пабіць, абгаварыць, паліць брудам без дай прычыны? Без праблем! Рабіце тое, што лічыце патрэбным. Пацешце сваё дробненькае і змізарнелае самалюбства, адчуйце сваю мурашыную моц і важнасць. Узвысцеся на хвіліначку. Так, на хвіліначку! Больш не атрымаецца. Ваша ж самалюбнасць вас і з’есць цалкам, не пакінуўшы нават воласу, пазногця. Стратай працы таксама палохаць не трэба. Была б шыя, а хамут знойдзецца. Так, Юджын без даху над галавою, без жанчыны, якую кахаў. Чаму ж кахаў? Ён яе і цяпер кахае. То чаго ж баяцца? Боязі ў сэрцы няма. Там пакуль пасялілася роспач. Не, не баіцца ён застацца адзінюткім як высахлая піжміна сярод зімовага лугу ці поля. Нават яна, піжміна, не адзінокая. Яна сваволіць з ветрам і мяцеліцай, забаўляецца з машкарэчаю фігурных сняжынак усміхаецца бяльмастаму сонцу праз настылае зімовае паветра. То чаго баяцца?

І Юджыну няма чаго баяцца. Што яму губляць? Ды і не толькі яму, а кожнаму, хто жыве на зямлі... Жыццё? Так, толькі жыццё ён можа згубіць! Як і кожны, хто пакуль дыхае і цешыць сваю веліч мізэрнасцю ўчынкаў. Самае цяжкае ва ўсім гэтым — застацца чалавекам. Пры любых абставінах і ва ўсялякіх сітуацыях. Вось маралісты могуць адразу ж пакхекаць у кулачок, прыгразіць пальчыкам: маўляў, ведаем мы цябе, святошу-чалавекалюбца. Не баіцца ён нікога ды нічога, а сам прапагандуе сярод прывакзальных выпівох не этычныя нормы, высакароднасць, свабодалюбства, а разбэшчанасць. Мы цябе зараз пазногцікам і прышчэмім: не пусцім, забаронім. Ату, кусай яго, гані ў тупік...

А які тупік, мае вы шаноўныя людцы? У тупік Юджын сам сябе загнаў, пакінуўшы Руслану незамужняй удавою. А ён хоча проста быць чалавекам: гаварыць, што думае, жыць, як дазваляе сумленне і абставіны. Не быць еўнухам ці блударукім манахам, а мужчынам застацца. Не даць магчымасці ажыць брыдкаму чарвяку боязі і хцівасці ў сэрцы. Не дазволіць скамянець ці хоць бы ачарствець трапяткому мускулістаму органу ў грудзях... Ці ж такая гэта ўжо звышзадача для яго, чалавека? Бо маральныя законы часта пісаліся амаральнымі людзьмі. Зазірніце ў гісторыю чалавецтва, процьма прыкладаў выплывае на свет Божы. Так, Юджын не багаслоў, але, як дзевяноста дзевяць адсоткаў электарату, пачытваў у свой час Вечную кнігу. Іншая справа, ці ўсё прымалася ім на веру, бо часта даймалі сумненні... А як без гэтага? Толькі праз сумненні і дойдзеш да ісціны, магчыма.

Вельмі шмат у Юджына часу на роздум, аналізаванне, параўнанне... Што яму яшчэ рабіць доўгімі начамі ў вакзальнай чакальні? Вядома, калі не бярэ чарку са знаёма-незнаёмымі асобамі ў скверыку ці ў падвальчыках. Як ні дзіўна, толькі ж апошнімі тыднямі Юджын адчуў, што яму абрыдла ўжо душыць нутро паленай гарэлкай, смярдзючай самагонкай ды танным віном. Ён баяўся, што можа не заўважыць той мяжы, калі вяртанне назад, да сябе ранейшага, зробіцца немагчымым. Вельмі ж танюткая гэта рысачка-палоска, амаль уяўная і ценькая. Некаторыя яе не заўважаюць і пераходзяць, не спатыкнуўшыся... І вось чалавек слізгануў, пакаціўся ўсё ніжэй і ніжэй. Няма сілы і волі зачапіцца за нешта ці некага. Ды і руку ніхто асабліва не хоча працягнуць. А калі ў незразумелым парыве душы нейкая дурніца ці рамантычна настроены дабрадзей і падасць дагледжаны пальчык, дык толькі дзеля прыліку. Каб ачысціць уласную душу ад свайго граху. Каб пасля сабе ў хвіліны замілавання сказаць — я добры, спагадлівы. Вось не пашкадаваў часу, не пасаромеўся і дапамог бамжу рублём-тышчонкаю, няхай парадуецца, купіць сабе кавалак каўбасы ці куфаль піва. Ад мяне не ўбудзе, а яму, небараку, радасць. Не, Юджын не хацеў, каб яго шкадавалі. Гэта ўжо апошняе, да чаго можа дайсці чалавек. Шкадаванне прыніжае і абражае. Шкадаваць можна калеку. І то — асцярожна, не напаказ. А з-за чаго шкадаваць яго? Ну, не ўсё ладна, не так, як хацелася б, ідзе жыццё. Ну і што? У Юджына ўсё яшчэ наладзіцца з Русланай. Наладзіцца... Калі ж не, то патрэбны час, каб адбалела, загаілася і ачысцілася душа ад кахання да яе і саступіла месца іншаму пачуццю. Тут вельмі важна перацярпець, сціснуць зубы і чакаць, жыць, працаваць і яшчэ раз чакаць. Самыя вялікія пачуцці адгараюць, самыя шырокія рэкі перасыхаюць. Трэба ўмець чакаць. Вось дзе толькі набрацца сілы, каб перажыць-перачакаць? Юджын жа моцны мужчына! Асілак духу!.. Ні фіга падобнага. Слабы ён, звычайны, як і кожны з сямі мільярдаў чалавек. Слабыя мы ў сваёй моцы. Кволыя ў вялікасці. Мы проста людзі...

Юджын ішоў з працы да ЦУМа, і гэтыя вечныя і заблытаныя пытанні варушыліся, кіпелі ў ягонай галаве. Ён разумеў, што ні да якой высновы пакуль не зможа прыйсці. Ніякае пэўнае рашэнне не прыме. Будзе і надалей ледзь не штодня ездзіць пад вокны Русланінай кватэры і ўглядацца ў асветленыя квадраты рам. Ягонае сэрца будзе захлынацца тугой, а вочы поўніцца нявыплаканымі слязьмі. Як і тыдзень, месяц таму, ён будзе давіцца спіртным у прывакзальным скверыку, аблашчыць не адну яшчэ жанчыну. Лёгкую і падатлівую, з пахам перагару і таннай парфумы... Але ён таксама ведае, што ў любых умовах вытрывае, не пераступіць мяжу незваротнасці. Ён здольны пераадолець непераадольнае.

— Не займайся самападманам, маленькі мардасты кітайскі бажок! — прабубніў сабе пад нос Юджын і цынічна цыркнуў слінай пад ногі. — Не змог перамагчы ў сабе жарабячы юр, а замахваешся на цяжэйшыя чалавечыя заганы. Так яны табе і даліся. Ужо лічы, што зацугляў, адолеў іх. Гэткія памкненні падобныя да камарынага піску, сполаху запалкі пад навальнічным ветрам. Паміж «хацець» і «зрабіць» — прадонне без мастка і тарзанкі.

Мужчына спахапіўся, што гаворыць сам з сабою. Коса, спадылба, зірнуў на прахожых. Такіх, як ён, заклапочаных і паспешлівых. Усе ўсім былі да лямпачкі. Хоць прысядзь і пераабувайся пасярод тратуара. Абыдуць, не зачапіўшы позіркам.

«Наколькі прасцей стане жыць, калі прыгаснуць мужчынскія жаданні ў целе, — дзіўнаватая думка-хітрынка ўсміхнулася Юджыну бяззубым ротам. — Ніякіх праблем табе: папрацаваў, паеў, паспаў. Вось жытуха дык жытуха на гарызонце світанкам ажыны зіхатнула».

Але Юджыну цеснавата ў гэтым свеце. Яму надакучылі шкляныя дарогі горада, такія ж дамы і людзі са шклянымі тварамі. Нямашака цеплыні, агеньчыку сардэчнасці ды лагоды сярод мільёнаў зацывілізаваных, ненажэрных у сваіх жаданнях ды памкненнях, гараджан. Але ці толькі гараджан? Юджыну ніколі раней не прыходзілі такія думкі ў галаву. Ён быў шчаслівы побач з Русланай сваім маленькім і ўтульным шчасцем. Магчыма, што так і жыве большасць?.. А што, скажыце, яшчэ трэба чалавеку, калі ў яго ёсць любая жанчына, здаровыя карапузы-дзеці, жывыя бацькі, праца, якая дазваляе зарабіць на хлеб і нагавіцы з кашуляй. Але ўсё гэта адносна, да пары да часу, пакуль не грымне ў спіну яго вялікасць выпадак і бесталкова не змяшае раскладзеную калоду карт твайго жыцця.

— Ага, як тут не паверыць у песімізм Артура Шапенгаўэра. І спрачацца няма сэнсу. Дзе ж, падкажыце, схапіць за хвост птушку шчасця? — Юджын мармытнуў пад нос і, сышоўшы з тратуара да газетнага шапіка, прыпыніўся ў закутку. Ён угледзеўся ў твары прахожых і ўбачыў безаблічную, аднастайную шэрую масу. Аж скалануўся: падалося, што выпадкова ён патрапіў да жывых мерцвякоў. І сам ён зомбі, але ў яго на хвіліну ўраўнаважыўся розум і прасвятлеў зрок, таму ён і бачыць рэальную карціну. Праўду кажуць, што іншым разам трэба мець дар маўчання, які — нібы выратавальная кропля дажджу ў паўдзённым жэрале пустыні. Юджын яго мае. Дзякуючы гэтаму ўсведамляе, што ўсе яго парыванні абудзяць і ажывяць замбіраваных вакол сябе людзей — непатрэбная валтузня ў пустэчы. Яму не страшна быць сярод да сабе падобных. Ён такі ж, ён, магчыма, і горшы за большасць, але ў Юджына разам з дарам маўчання ёсць яшчэ і запас зносаўстойлівасці. Гэты запас, як цагліны ў сценах Чырвонага касцёла. Маўчанне і зносаўстойлівасць — Юджынава нябачная зброя, засцерагальная абалонка ад варожых выпадаў, ад нечаканых удараў лёсу. Яму раптам так захацелася жыць толькі цяперашнім, без мінулага і будучыні. Расплавіцца казюркай у кроплі бурштынавага вечара і нікуды не ісці, ні пра што не думаць. Вызваліцца ад цяжару выбару, правільнасці і няправільнасці ўчынкаў...

Юджын дзесьці чытаў, што ўсе мы залежныя ад саміх сябе, нават калі пра гэта і не падазраем. І яшчэ... мы ўсе залежым адно ад аднаго. Вось вам і метамарфоза характэрная для кожнай душы без выключэння...

У газетным шапіку сотні рознакаляровых глянцавых вокладак часопісаў з эфектнымі прыгажунямі, найноўшымі аўтамабілямі і россыпам драбязы — ад жуйкі да цыгарэт. «Не перабольшваючы, нібыта ў паўсядзённым жыцці», — адвёўшы позірк ад запыленага шкла, канстатуе Юджын. Ён нечакана адчувае нерухомасць часу. Час застыг, зледзянеў. Час не мае формы. Як маскі на тварах сустрэчных.

Вечар нагадваў разбаўленае вадой малако з дамешкам шэрай фарбы.

— Нічога ў жыцці не бывае выпадковым, мой ты хлопец, — Юджын павярнуў галаву на голас. Побач стаяла знаёмая ўжо бабулька ў валёнках з чырвонымі галёшамі. Твар старой быў сумны, але прасветлены. Нейкая нябачная і няўлоўная сіла ці энергія зыходзіла з кожнай зморшчынкі ласкавага аблічча. Цішыня разрасталася вакол Юджына і бабулі, яе было шмат, вельмі шмат. Ад незразумелай цішыні на хвіліну мужчыну заклала вушы. Яна, цішыня, пералівалася праз край вуліцы, паглынала шматпавярховікі, запаўняла ўсю вечаровую прастору горада. І яшчэ Юджын адчуў тугую гушчыню паветра.

— Не перажывай і не катуй сябе, — бабулька дакранулася да пляча Юджына. — Цяпер не той час, калі чалавека ацэньваюць як асобу ці індывідуума. Трэба перачакаць гадзіны, дні, а то і гады вячэрняга смутку, пакуль надыдзе прасвятленне і ў душы запануе ачышчальная раніца. Ты сёння маеш галоўнае — унутраную свабоду. Вось што заўсёды і паўсюдна належыць табе. Адчувай волю там, дзе яе няма адвеку.

— Я задаволены адзінотай, — не хочучы таго, прамовіў Юджын.

— Нядрэнна, — пагадзілася старая, — тыя, — яна хітнула галавою на прахожых, — пазбаўлены і такога шчасця. Адзінота — катэгорыя, якая для талковага чалавека павінна быць пастаяннай.

— Ці не перабольшваеце вы? — засумняваўся мужчына.

— Ніколечкі. Павер на слова, — бабулька сумна ўсміхнулася. — Так ужо склалася ад стварэння свету. Ад нашых прабацькоў перадалося нам, ад нас вам перацякла самотнасць душы.

— А як з целам? — выскачыла пытанне з Юджынавых вуснаў.

— З целам? — перапытала старая. — З целам тое ж. Ты вось зараз заплюшчы вочы. Заплюшчыў?

— Так.

— Не здаецца цяпер, што цябе тут няма? Ды і ўвогуле цябе нідзе няма. Цяпер пастарайся спыніць любыя думкі! Праваліся ў прадонне. Туды, дзе няма ні фарбаў, ні гукаў, ні цябе самога. Галоўнае — не забудзься, як дыхаць. Пабудзь наглядчыкам над сабою. Ці адчуваеш, што патрапіў у лабірынт без выхаду?

Юджын стаяў і маўчаў са шчыльна заплюшчанымі вачамі.

— Скажы, ці не здаецца цяпер, што ты анікому не патрэбны? Нават сам сабе.

Юджын ператварыўся ў слуп, сталёвую балванку, у бесцялеснае пудзіла. Ён не адчуваў сябе чалавекам. Яму падалося, што яго няма. Нідзе няма. Мужчына пачуваўся пылінкай, водбліскам сонечнага зайчыка, сполахам ценю на пісьмовым стале.

— Ну і як, мой харошы, пачувацца ў пазачассі? — бабуля падтрымлівала Юджына за локаць. — Людзі самі прыдумалі паняцце часу. Да гэтай думкі ты ўжо не аднойчы даходзіў. Толькі не мог акрэсліць яе. Ну дык вось: каб пачувацца ўтульней у пазачассі, чалавек і прыдумаў час. Разуменне месца ды часу супакойвае, дае ўпэўненасць, што ў кожнага яшчэ наперадзе бязмежжа... у сотню гадоў. Але часу няма і не было. Сусвет не ведае часу. Людзям ён патрэбны, каб не заблукаць у саміх сабе. Гэта тое ж самае, што шукаць ворагаў, калі іх няма. Ворагаў няма, а мы шукаем. Яны патрэбны, каб вольналюбныя адзінкі збіць у статак. Вораг жа ў нас саміх, у падсвядомасці, а час — усярэдзіне пазачасся.

— Дужа мудра, — Юджын разамкнуў сасмяглыя губы. — Вы вельмі ўскладняеце жыццё. Маё жыццё. — Мужчына расплюшчыў вочы і зірнуў у нікуды, па-над галовамі натоўпу. — Мне ўсяго толькі хацелася разабрацца ў сабе, у адносінах з Русланай. Зразумець нарэшце — хто я і дзеля чаго. А вы адразу пра адзіноту, бясчассе, ворагаў... Робіцца ніякавата ад пачутага. Калі так думаць, то жыццё, звычайнае жыццё, страчвае ўсялякі сэнс. Вам так не здаецца?

— Зіму змяняе вясна, лета зганяе восень незалежна ад часу, — гаварыла далей бабуля, быццам не чуючы Юджына. — Пясочны гадзіннік перасыпаецца, як вечны рухавік, круціцца прапелерам. Змолвае пакаленні на дымны порах. Людзі, нібы каменьчыкі, булькаюцца ў цягучую і стылую ваду тугіх рэчак. Знікаюць у вечнасці. А прыдуманы час застаецца нязменным. Мяняюцца людзі. Нараджаюцца, сталеюць, хварэюць і паміраюць. А час усё той жа — нязменны. Для ўсведамлення сэнсу жыцця чалавек і прыдумаў час. Толькі для самасцвярджэння ён і патрэбны...

— Вы мяне не чуеце, — Юджын уздыхнуў і прыкурыў цыгарэту. — Паглядзіце, колькі навокал людзей: мужчын, жанчын, падлеткаў, старых, а вы абралі дзеля нечага свайго мяне і даймаеце пустой гаварыльняй. Ці не, даруйце, напіхваеце ўтапічнай мудрасцю.

— Мудрасць — у простасці.

— Спрачацца не буду. Калі ўжо сустрэліся зноў, — Юджын зірнуў на бабуліны валёнкі, — то пайшліце ў ЦУМ. Купім нешта лягчэйшае для вашых ног. Трэба пераходзіць на вясенні абутак.

— Дзякуй за клопат, — бабульчыны вочы ўспыхнулі светлякамі. — Дзякуй, дарагі хлопча, але на мае ногі не знойдзецца чаравікаў.

— Не перажывайце, што якое, але купім. Лягчэй і лацвей хадзіць будзе.

— Усё так хутка змяняецца, і я не паспяваю змяняцца следам, — старая вінавата пасміхнулася.

— Што менавіта вас так усхвалявала? Якая і ў чым змена?

— Ты, хлопец, мяняешся, нібыта восеньскі дзень: то хмурынка з дажджынкай, то сонца з-за хмаркі вочы слепіць. На маё старэчае буркатанне не звяртай увагу. Сумна бывае, вось і хочацца пагаварыць. Доўга чытаць не магу, не тыя вочы ды і галава вятрамі-стагоддзямі што рэшата прадзімаецца. Ты сёння дзе збіраешся начаваць?

— Пакуль не ведаю. Хутчэй за ўсё — на вакзале.

— Вольнаму чалавеку жыць можна і там. Цела звыкаецца з усім. Шкада душу, якая беспрытульна б’ецца, што птушка ў клетцы, а выйсця не знаходзіць. Табе трэба ўраўнаважыць, супакоіць яе. Улашчыць, урэшце, памірыць з сабою. Чым больш ты прыгнятаеш яе, скрываўленую горкімі думкамі, запаўняеш галаву супярэчлівымі ды хцівымі пытаннямі без адказаў, тым больш вяне, высушваецца, ніякавее твая пакутніца-душачка. Не заўважыш, як і пахаваць яе давядзецца. А хто на хаўтуры да цябе зазірне?

— Я ніколі не хадзіў і не збіраюся хадзіць на пахаванні, — спакойна прамовіў Юджын. — Нават блізкіх сяброў, сваякоў і родзічаў. Выключэннем былі смерць бацькі і бабулі, бацькавай маці. Але тады я быў школьнікам. Я хацеў і хачу, каб людзі, якіх ведаў і любіў, заставаліся заўсёды ў маёй памяці жывымі, усмешлівымі, буркатлівымі альбо веселунамі. Такімі ж, якімі зусім нядаўна, на маёй памяці, былі. Каб і надалей адчуваў цеплыню іх далоняў, а не ледзяны холад ілбоў ды скроняў.

— Ты ж і на вяселлі не ходзіш, — працяжна і скрушна выдыхнула бабулька.

— Праўду кажаце, — пагадзіўся Юджын. — Не люблю грэцца каля ўяўнага і хліпкага агеньчыка чужога шчасця. Бо ўсё падман. Нават — каханне. Ніколі не меў жадання быць саўдзельнікам хлусні і няшчырасці. Падманвацца можна самому ў сабе, а ў іншых?..

— А ці так ты жыў сам, мой харошы? — старая лёгенька прытулілася спінай да бакавіны газетнага шапіка. — У сваіх меркаваннях нагадваеш мне экзатычнага хамелеона. Бачыла некалі. У табе, даражэнькі, я адчуваю не два, не тры, нават не шэсць абліччаў-асобін, а бясконцы мурашыны россып. Навошта так, мой ты хлопчык? Збярыся, злучыся нарэшце ў адзіны вобраз. Інакш нязначны подых зменлівага лёсу — і разнясе цябе, як шалупінне семак, па смярдзючых закутках. І ніхто, нават я, не здолее дапамагчы табе. Ведаю, як хочаш ты пазбавіцца сноў. Яны ў цябе заўсёды надакучлівыя ды небяспечныя. Ці так?

— Ага. Часта думаю, вось мець бы нейкі ёмкі сталёвы нож-цясак і адсекчы-адрэзаць назаўсёды мае бесталковыя і задушлівыя сны.

— А ты паспрабуй абганяць свае сны. Гэта зусім не цяжка. Я ўмела абганяць іх. Калі хочаш, то навучу і цябе. Твае ж сны заўсёды прадбачлівыя, ці не?

— Каб жа заўсёды, — Юджын намацаў у кішэні джынсаў пару карамелек. Не задумваючыся, адкуль яны там, выцягнуў і працягнуў адну цукерку старой. — Вось, вазьміце пасаладзіць у роце.

— Дзякуй, — бабулька не варухнулася. — Маё цела даўно ўжо не патрабуе ежы.

Юджын толькі хмыкнуў і, разгарнуўшы карамелькі, укінуў іх у рот.

— Ты вось даймаешся пытаннямі: чаму не змог сасніць наступствы сваёй здрады Руслане? Даруй, не мне б, старой, гаварыць пра такія рэчы, але хто скажа, калі не я. Прадбачлівасць — кара за грахі папярэднікаў-суродзічаў, за нашы грахі... — бабулька цяжка ўздыхнула і склала на грудзях свае бязважка-празрыстыя рукі. — Усё ты прадбачыў у снах, Юджын. І расстанне з Русланай прадбачыў, вось толькі не надаў гэтаму значэння. Тваё прадбачанне згубілася чорным драздом у гушчары падсвядомасці. Яшчэ разок паўтару — навучыся абганяць сны. Усвядомі пазачассе... Адчуй яго.

— І як гэта зрабіць? — абыякава прамовіў Юджын.

— Стрымлівай звярыны пачатак у сабе. Упусці ў душу ды цела радасць дня сённяшняга. Выкраслі з памяці боль учарашняга дня... Ты не забыў яшчэ, як выглядала наша хата, — бабулька закашлялася, засланіла далонню вусны, выдыхнула натужна і працяжна, — твая хата як выглядала, не забыўся? — вінавата паправіла старая сваё пытанне. — Звычайная вясковая хата з пачарнелымі вугламі і патрэсканымі ў расчэліны бярвеннямі. Не забыў родную хату? Яна ж таксама ў пазачассі. Засталася ў тваіх снах. Між учарашнім, сённяшнім і будучым... Помніш цёмна-шэрыя, ледзь не чорныя бярвенні каля ганка? Ага, бачу, што помніш. У іх заблукалі твае сны. А мо, хата заблыталася ў тваіх снах. Як падабаецца табе — выбірай сам.

— Канечне, помню, — у вачах Юджына сляпучая смуга. — Пах старога роднага дома — хмельны пах... На ўсё жыццё — пах духу роднай хаты. Узгадваць цяжка і забыць няма моцы. А на губах прысмак вечнасці.

— Будзь спакойны, мой хлопец, — старая абняла Юджына позіркам. — Цяпер ты не будзеш пакутаваць ад сноў. На вакзале ж не да іх... часу не стае. З гэтай хвіліны ты стаў адным з тых, хто абганяе сны. Калі чалавек вольны, яму няма патрэбы ў снах, як і ў часе...

— Чым жа адгукнецца ваш падарунак? — у Юджына драбнютка, як асінавы ліст пад ветрам, трымцела ніжняя губа. — Жыць без сноў і ў пазачассі ці даводзілася каму? — Было незразумела, у каго пытаўся мужчына: ці то ў старой у валёнках з чырвонымі галёшамі, ці ў сябе самога.

— Спачатку зразумей, спасцігні сябе. Зазірні ў патаемныя сховы душы. Асэнсуй, урэшце, разбярыся з жаданнямі і памкненнямі. Адкажы сабе: чаго хочаш, да чаго імкнешся? Што любіш і чаго не прымаеш? Як і з кім жыць хочаш штодня?.. Хто твой Бог, а хто пасланнік з прадоння?.. Руслана — усяго толькі вынік. Пашукай першапрычыну. Не бойся глыбей, на самае донца глянуць у душу сваю. Калі не спалохаешся, то я спакойненька, як з’явілася, так і знікну.

— Вы ж ведаеце: я даўно перастаў баяцца. Так бывае. Прачынаешся аднойчы ранкам і, яшчэ не падняўшыся з канапы, разумееш: нешта беззваротна змянілася ў тваіх мазгах, нават у тваім целе. Вачамі гэтага не згледзіш. Ты проста ведаеш, што, расплюшчыўшы вочы і ўдыхнуўшы, ты зрабіўся іншым. Папярэднік твой памёр. Ён бязмоўна саступіў месца другому. Таму, хто будзе жыць далей, часам згадваючы пра таго...

— Шматслоўна, — бабулька цярнула празрыстай далонню свой сухенькі пергаментны твар. — Не буду перашкаджаць тваёй самавайне. Ваюйся. Мо, хто і пераможа. Але, вунь бачу, да цябе шкандыбае нейкая вульгарная кабеціна. Размаляваная і нападпітку. Якая ж тут вайна з сабою? Пайшла я, пайшла...

Старая растала кропелькай дажджу на ўгрэтым асфальце... Знікла парушынкай дзьмухаўца ў навакольным шматлюддзі.


***

Самае неспасцігальнае і заблытанае ў жыцці — узаемаадносіны паміж людзьмі. Невытлумачальнае заўсёды ўзнікненне сімпатый, перараджэнне паднебнага кахання ў пякельную нянавісць. Імклівае перацяканне захаплення ў будзённую абыякавасць... Ну, няўжо вам вядома, адкуль і з-за чаго ўзгараецца іскрынка пры, здавалася б, звычайным, мімаходным позірку юнака на дзяўчыну, жанчыны на мужчыну, чалавека ў гадах на кабету? Калі так, то вы шчаслівыя! І вам не страшна паміраць. Юджын жа не мог і не можа па сёння вытлумачыць гэтую загадку жыцця. Чаму нядаўна чужыя людзі з розных мясцін, сацыяльных пластоў, выхаваныя кожны на свой капыл, спаткаўшыся позіркамі, адчулі і зразумелі, што разам ім будзе добра, што яны спазнаюць шчасце! Няважна, на колькі хопіць таго зданістага і хліпкага шчасця, але яно будзе. І яшчэ будзе ўзаемапаразуменне, захапленне і адкрыццё адно адным. Магчыма, гэта важней ды каштоўней за хвіліны фізічнай блізкасці. Бо хвіліны шалу праходзяць, выпарваюцца слязінкай на распаленым жалезе, а духоўна-душэўная роднасць застаецца. Яна больш трывалая і надзейная...

Вы бачылі стомленую божую кароўку на запляванай і пракуранай сметніцы? Сярод горада, каля парадных дзвярэй установы з кідкай назвай на шыльдзе, стаіць сметніца. Побач дзясяткі курцоў, гара смярдзючых недакуркаў у чэраве сметніцы, і на яе крайку кропелькай крыві прытулілася стомленая і прыгаломшаная божая кароўка. Адна. Двухмільённы горад, сметніца і адзінокая казюрка. Абыякавая да ўсіх і ўсяго. Юджыну падалося, што гэта ён, ягоная душа прытулілася там, на краёчку сметніцы. Ён вось да гэтай хвіліны, пакуль не пабачыў багоўку на сметніцы, яшчэ спадзяваўся, што Руслана яму даруе і ў іх будзе ўсё, як і раней. Што надыдзе дзень і гадзіннік пачне адваротны адлік. Яны зноў зірнуць адно аднаму ў вочы і паяднаюцца не толькі позіркамі, а і сутнасцямі. Іхнія здрады, сваркі ды разборкі застануцца ў снах у пазачассі, а яны, удваіх, узяўшыся за рукі, абгоняць гэтыя непрыемныя і непатрэбныя ім сны і пачнуць жыць па-новаму... Так усе доўгія месяцы здавалася Юджыну. Ён верыў у гэта, пакуль не ўгледзеў багоўку на сметніцы...