Жураўліны крык [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Жураўліны крык [часопіс "Маладосць" (1960)] 952 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Васіль Быкаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ягоны грубаваты твар не пакідала заклапочанасць і злосная незадаволенасць тымі несамавітымі сіламі, якія былі ў падначаленні.

— Ну, каму тут? Вам, Фішар? Хаця ў вас жа лапаты няма. Во мне яшчэ ваякі! — злосна бурчэў старшына, устаючы з калена.— Колькі дзён на фронце, а лапаты яшчэ не прыдбаў. Што, мо чакаеце, калі старшына дасць? Ці мо немец у падарунак прышле?

Фішар не апраўдваўся і не пярэчыў, але, яўна бянтэжачыся ад непрывычнае вымовы, няўклюдна горбіўся і без патрэбы папраўляў акуляры.

— Наогул, чым хочаце, а капайце,— злосна кінуў Карпенка, пазіраючы некуды ўніз і ўбок, — але каб пазіцыю абсталявалі як мае быць.

Ён рушыў далей — моцны, эканомны і ўпэўнены ў рухах, з такім выглядам, быццам быў не камандзірам узвода, а самае меншае камандаваў палком. За ім пакорліва і раўнадушна падаліся Свіст і Аўсееў. Азірнуўшыся на заклапочанага Фішара, Свіст ссунуў на брыво пілотку і, выскаляючы белыя зубы, нязлосна пакпіў:

— От задачка прафесару, ярына зялёная! Дасца ў знакі…

— Не балбачы. Лепш ідзі вунь пад той белы слупок ля пуці, там і капай, — загадаў старшына. Свіст збочыў у бульбянішча, яшчэ раз з усмешкай азірнуўся на Фішара, які нерухома стаяў у сваёй быльняговай пазіцыі і заклапочана чухаў няголеныя сківіцы.

Карпенка з Аўсеевым падышлі да каравулкі, старшына па-гаспадарску пакратаў расчыненыя рыплівыя дзверы і пераступіў парог гэтай пакінутай будынінкі. 3 двух выбітых вокан струменілі пранізлівыя патокі скразняку, матляўся на сцяне надарваны зрудзелы плакат, які заклікаў некалі разводзіць пчол, моцна смярдзела сажай, пылам і яшчэ нечым нежылым і брыдкім. На затаптанай падлозе валяліся кавалкі атынкоўкі, камякі гразі з падэшваў і саламяная пацяруха.

— Вось, каб сцены таўсцейшыя, было б сховішча,— разважліва сказаў Карпенка. Аўсееў выцяг руку, памацаў абабіты бок грубкі.

— Што мацаеш, думаеш, цёплая? — строга ўсміхнуўся Карпенка.

— А давайце напалім. Інструменту ж не хапае. Па чарзе будзем капаць і грэцца, — ажывіўся стрыманы дагэтуль баец. — Га, старшына?

— Ты што — да цёшчы прыйшоў? Грэцца! Чакай, вось падыдзе раніца — ён табе дасць пагрэцца. Аж горача стане.

— Ну і што ж? А які сэнс мерзнуць? Давай распалім у печы, вокны замаскіруем… Га, камандзір? — дамагаўся Аўсееў, лена паводзячы чорнымі цыганскімі вачыма.

— Не балбачы. Ідзі вунь каля Свіста займай пазіцыю і давай абсталёўвацца.

Карпенка выйшаў з пабудоўкі і сустрэў Глечыка, які цягнуў аднекуль скрыўлены жалезны прэнт. Убачыўшы камандзіра, ён спыніўся і паказаў іржавую жалезіну.

— Вось нібы ломік — разрыхляць. А выкідаць і жменямі можна.

Глечык вінавата ўсміхнуўся, старшына няпэўна паглядзеў на яго, хацеў сказаць нешта строгае, але загаварыў проста:

— Ну, давай. Вось тут будзеш капаць — на гэты бок каравулкі, а я на той бок — у цэнтры. Не марудзь, пакуль відно.


2

На змярканні з-за лесу напаўзлі шызыя, змрочныя хмары. Яны зусім загрувасцілі неба, затулілі блішчастую шчыліну над пагоркам; у наваколлі стала пагрозліва, трывожна і сцюдзёна. Вецер, шалеючы, абтрасаў бярозы над шляхам, церабіў лісцвяны маладняк прысадаў, гнаў цераз чыгунку ў шэрую далеч шархоткія статкі лісця. Мутная вада ў лужыне ад ветранога напору аж выплёсквалася з берагоў і пырскала на ўзмежак сцюдзёнымі бруднымі кроплямі.

Байцы на пераездзе рупна ўлеглі ў работу — капалі, дзяўблі, угрызаліся ў сцвярдзелую залеж зямлі. Пшанічны ледзь не па самыя плечы закапаўся ў рудую кучу гліны. Далёка навокал адкідваючы рассыпчатыя камякі, зухавата і вясёла ўсталёўваўся разгарачаны Свіст. Ён зняў з сябе ўсе рамяні і апраткі і, застаўшыся ў гімнасцёрцы, спрытна сыпаў з яміны малой пехацінскай лапаткай. У дваццаці кроках ад яго, таксама над лініяй, час ад часу спыняючыся, адпачываючы і аглядваючыся на сяброў, крыху з меншым стараннем акопваўся Аўсееў. Ля самай будкі спрактыкавана ладзіў кулямётную пазіцыю старшына Карпенка; на другі бок ад яго дзёўб зямлю расчырванелы, потны Глечык. Нарыхліўшы жалезінай камякоў, ён выкідваў іх рукамі, пасля прыгаршчамі выгортваў драбязу і зноў дзёўб. Адзін толькі Фішар самотна сядзеў у быльнягу, дзе яго пакінуў старшына, і, тулячы ў рукавы азяблыя рукі, гартаў нейкую кніжку.

За гэтым заняткам і застаў яго Карпенка, калі, прыпыніўшы працу, выйшаў з-за каравулкі. Старшына быў змораны, заклапочаны і адразу аж з твару змяніўся, убачыўшы панылую бяздзейнаець свайго падначаленага. Вылаяўшыся, ён накінуў на распацелую спіну скарэлы ад гразі шынель і накіраваўся да няўдакі-байца.

— Ну, што? Доўга вы будзеце сядзець? Думаеце, калі няма лапаты, дык я вас у батальён адпраўлю, у бяспечнае месца?

3 выгляду абыякавы да ўсяго Фішар разгублена заміргаў пад акулярамі блізарукімі вачыма, няспрытна ўзняўся з долу і, заікаючыся ад хвалявання, хутка-хутка загаварыў: