Жураўліны крык [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично

- Жураўліны крык [часопіс "Маладосць" (1960)] 952 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Васіль Быкаў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]





1

Гэта быў звычайны чыгуначны пераезд, якіх шмат параскідана на сталёвых шляхах зямлі.

Ён абраў зручную мясціну там, дзе скончыўся насып, што пралёг па асакаватай голай балаціне, і рэйкі ўезджанай аднапуткі беглі па жвіры амаль на ўзроўні зямлі. Бальшак, споўзшы з пагорка, пераскокваў чыгунку і паварочваў у бок лесу, утварыўшы скрыжаванне, якое людзі некалі абгарадзілі рабымі слупкамі і паставілі два гэткія ж рабыя шлагбаумы. Побач адзінока месцілася атынкаваная будка-каравулка, дзе ў сцюжу драмаў ля напаленай печы які буркатлівы дзед-вартаўнік. Цяпер у будцы не было нікога. Восеньскі вецер раз-пораз рыпаў яе дзвярыма, расчыненымі насцеж, над дарогай тырчэў адламаны шлагбаум, другога зусім не было паблізу. Ніхто ўжо не дбаў пра гэтую чыгуначную пабудоўку: новыя, куды больш важныя клопаты адолелі людзей — і таго, хто некалі гаспадарыў тут, і гэтых, што спыніліся цяпер, у ветраны адвячорак, на закінутым, знямелым пераездзе.

Захінуўшыся ад ветру каўнярамі зашмальцаваных, аблепленых глінай шынялёў, шасцёра іх стаяла купкай ля зламанага дышла шлагбаума. Тулячыся адзін да аднаго, яны маркотна пазіралі ў восеньскую далеч і слухалі камбата, які ставіў ім новую баявую задачу.

— Дарогу трэба перакрыць на суткі, — сіпатым, прастуджаным голасам гаварыў капітан — высокі кастлявы чалавек са шчаціністым змораным тварам. Вецер злосна ляскатаў рогам плашч-палаткі па ягоных запэцканых ботах, матляў на грудзях доўгія матузы завязак. — Заўтра, як сцямнее, адыдзеце за лес. А дзень трымацца…

Там у полі, куды яны невясёла ўглядаліся, высіўся пагорак з дарогай, ля якой трэслі жоўтым лісцем дзве вялізныя каржакаватыя бярозы, і за ім дзесьці на небакраі заходзіла нябачнае сонца. Вузенькая палоска яго святла, прарэзаўшыся ў хмарах, матава блішчэла на небе. Сумны восеньскі адвячорак поўніўся шэрасцю фарбаў, апрыклай сцюдзёнай золлю і ўсеабдымнай трывогай, што навісла над краем.

— А як жа з шанцавым інструментам? — грубаватым басам запытаў старшына Карпенка, камандзір гэтай невялічкай групы людзей. — Лапаты ж трэба.

— Лапаты? — задуменна перапытаў камбат, узіраючыся ў бліскучую палоску на захадзе. — Пашукайце самі. Няма лапат. I людзей няма, не прасі, Карпенка, ведаеш…

— Ага, і людзей трэба б, — падхапіў старшына. — А то што пяцёра? Адзін — новенькі, ды гэты «вучоны» — хіба ваякі! — злосна бурчэў ён, стоячы бокам да камандзіра.

— Супрацьтанкавыя гранаты, патроны к пэтээру, колькі можна было, мы вам далі, а людзей няма,— стаяў на сваім камбат. Ён яшчэ паўглядаўся ў далячынь, зачараваны бляскам заходу, а пасля, устрапянуўшыся, павярнуўся да Карпенкі — мужнага, прысадзістага, шыракатварага, з рашучымі вачыма і цяжкімі сківіцамі.— Ну, браткі, жадаю ўдачы.

Ён падаў руку. Агорнуты новым клопатам, старшына абыякава паціснуў яе. Гэтак жа стрымана паціснуў сцюдзёную камбатаву далонь і «вучоны» — высокі, сутулы, у акулярах баец Фішар; без крыўды, шчыра зірнуў на камандзіра другі няўдака, на якога скардзіўся старшына — малады са свежымі, сумнымі вачыма радавы Глечык. «Нічога, чорт не здрадзіць — свіння не з’есць»,— бесклапотна пажартаваў пэтээравец Свіст, белабрысы, расшпілены на ўсе кручкі і гузікі, жулікаваты з выгляду хлопец. Спаважна падаў сваю пухлую далонь непаваротлівы, мардасты Пшанічны; пачціва, прыстукнуўшы абцасамі, развітаўся чарнявы, прыгожы Аўсееў. Паддаўшы плячом аўтамат, камбат нялёгка ўздыхнуў і коўзкім крокам пайшоў па гразі даганяць калону.

Яны засталіся ўшасцёх, агорнутыя самотай ростані, і нейкі час моўчкі пазіралі ўслед капітану і батальёну, кароценькая, зусім не батальённая калона якога, мерна пагойдваючыся ў вячэрняй імгле, хутка аддалялася пад лес. Старшына быў незадаволены, злосны, у душы яго тужліва варушылася невыразная, шчымлівая трывога за лёс тае нялёгкае справы, дзеля якой яны засталіся тут. Але ён хутка прыдушыў у сабе той нудлівы душэўны гук і прывычна злосна закрычаў на людзей:

— Ну, чаго стаіцё? Гэць да працы! Глечык, пашукай: мо дзе хоць ламачына якая завалялася… У каго ёсць малыя лапаты, давай капаць, пакуль відно.

Спрытным рыўком ён ускінуў на плячо цяжкі кулямёт і, з хрустам ламаючы ссохлы быльнёг, пайшоў над канавай. Байцы адзін за другім неахвотна падаліся за сваім камандзірам.

— Ну вось, адсюль і пачнем,— сказаў Карпенка, укленчыўшы ля канавы і зазіраючы па-над чыгункай на пагорак. — Давай, Пшанічны, фланговым будзеш. Лапата ў цябе ёсць — пачынай.

Камлюкаваты Пшанічны развалістай хадой ступіў наперад, зняў з-за спіны вінтоўку, адклаў яе ў быльнёг і пачаў вымаць засунутую за рамень лапату. Адмерыўшы ад Пшанічнага якіх дзесяць крокаў уздоўж канавы, Карпенка зноў прысеў, паглядзеў сюды-туды і азірнуўся, шукаючы вачыма, каго прызначыць на новае месца.