Майская раніца [Уладзімір Шыцік] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]





I

Завод раскінуў свае карпусы на самай ускраіне горада. Адразу за агарожай, што высілася побач з ліцейным цэхам, пачыналася поле. За ім віднеўся пасёлак. Раней тут была невялічкая вёска. Потым, калі пабудавалі завод, вёску знеслі. Яе жыхары сталі рабочымі.

Мясціны вакол пасёлка прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі, і поле, якое кожную вясну было пакрыта яркімі краскамі.

Ціхія, нават маўклівыя, ваколіцы пасёлка звычайна ажывалі ў выхадныя дні. Сюды прыходзіла ледзь не ўся заводская моладзь.

Алесь Баравік на заводзе быў навічок, але ведаў пра гэтыя традыцыйныя маладзёжныя зборышчы. Як на тое, сабраўшыся сёння пайсці ў пасёлак, ён праспаў. Прыйшлося дабірацца аднаму.

Выехаўшы за тэрыторыю завода, Алесь выбраў лыжню наўздагад. Праз хвілін дваццаць яна прывяла да невялічкай палянкі. Адтуль след, пятляючы між стромкіх сасёнак, вёў некуды ўглыб лесу.

Неўзабаве дрэвы быццам расступіліся, даючы дарогу, і ўперадзе адкрылася нізіна. Алесь шыбануў з горкі ўніз. Пад нагамі нешта зачарнела і, раней чым Алесь паспеў прытармазіць, ён ужо ляцеў потырч у снег...

Недзе побач гучна зарагаталі. Потым нехта падаў палкі, памог абтрэсці снег.

— А вы не майстар спорту. Не.

Голас быў кплівы, але прыемны, дзявочы. Баравік сярдзіта адказаў:

— Вельмі вы здагадлівыя...

Потым зірнуў на дзяўчыну. Яна была апранута ў вішнёвага колеру спартыўны касцюм, які аблягаў яе ладную, гнуткую постаць. Шчокі ў дзяўчыны разгарэліся на марозе, і таму вочы здаваліся надзвычай блакітнымі і яснымі. Дзяўчына была прыгожая, і Алесю адразу расхацелася злаваць і на яе кпіны, і на сваю няўдачу. Ён працягнуў руку, назваў сябе.

— Між іншым, мы з вамі з аднаго цэха,— засмяялася дзяўчына.

Алесь спачатку здзівіўся. Такую дзяўчыну ён абавязкова заўважыў бы, каб сустрэў дзе раней. I раптам успомніў. Ён бачыў яе ўчора. Яна выходзіла з кабінета начальніка цэха. У яе яшчэ была чорная плямка на шчацэ, і Алесь не адважыўся сказаць ёй пра гэта. Начальнік цэха яму тады паабяцаў:

— Трымай вуха востра. Табельшчыца, Шалягейка. Характар — брытва.

Зараз, пазіраючы на дзяўчыну, Алесь, не хацеў пагадзіцца з Булаём. Дзяўчына яму спадабалася, і ён сказаў:

— Ледзь не заблудзіў. Добра, што напаткаў вас... вашу кампанію.

— Паехалі з намі,— сказала дзяўчына.

Іх было чацвёра: Зіна Шалягейка, Пракоп Дубасаў, Сямён Дзікун і Алег Хамянок. Алесь ужо бачыў іх на сваім участку, аднак за тыя некалькі дзён, што працаваў на заводзе, не паспеў з імі пазнаёміцца.

Ісці на лыжах было лёгка. Рыпеў пад нагамі снег. 3 галінак асыпаўся бліскучы снежны пыл. Недзе ў далечыні перагукваліся лыжнікі. Сонца сляпіла вочы, і Зіна часта адварочвалася. Тады Алесь бачыў яе прыгожы твар, сінія вочы, якія ўсміхаліся. Алесь думаў, што Зініны вочы ўсміхаюцца яму.

Яны заехалі далёка, добра натаміліся. Алесь параіў адпачыць. Зіна адразу згадзілася, села на паваленую сасну, доўгую, з засохлымі сукамі і галінкамі.

— Якія дровы прападаюць!..— Пракоп пагладзіў па ствале далоняй.

— Эх ты! — засмяялася Зіна.— Усё думаеш пра выгаду. Вось і раскладвай касцёр. Праўда, Сеня?

Сямён Дзікун кінуўся абломваць сукі. Алесь яшчэ ў дарозе прыкмеціў, што Дзікун гатовы па першаму Зінінаму слову рабіць усё, што яна загадае. «Кахае, мабыць»,— здагадаўся ён. Яму ўжо расхацелася паліць касцёр ці ехаць куды-небудзь далей. А тут зноў умяшаўся Пракоп:

— Можа хто ў печы не адзін раз выпаліў бы, а вы дровы глуміце.

Сямён вінавата паглядзеў на Зіну і выпусціў абломлены сук. Зіна пакрыўдзілася, але пагадзілася:

— Хай ужо... Вось пасядзім ды вернемся.

— Яно і пара. Хутка прыцямнее,— Пракоп гаварыў з ледзь прыкметнай усмешкай у голасе. Адчувалася, што ён нешта ведае, але што — скажа не кожнаму. Быў ён невысокі, каржакаваты. Вабіў ён Алеся сілай і ўпэўненасцю, што ішла ад ягоных няспешлівых і разважлівых рухаў, ад вачэй, у якіх ледзь хавалася хітрынка, ад упартага падбародку. Калі вярталіся назад, Алесь наўмысля затрымаўся крыху і пайшоў побач з Пракопам. Хацелася пагаварыць з гэтым хлопцам аб рабоце, аб людзях, з якімі давядзецца працаваць. Ён чамусьці верыў, што іменна Пракоп зможа расказаць аб іх. Але, як ні дзіўна, Пракоп не падтрымліваў размовы. Ён, нібы назнарок, стараўся не адказваць на пытанні, якія задаваў Алесь то пра аднаго рабочага, то пра другога. А неўзабаве Пракоп сам пачаў пытацца:

— Вы, значыць, наш новы майстар?

— Так,— адказаў Алесь.— Адслужыў у арміі і — на завод.

— Дзе служылі?

Алесь адказаў.

— Глыбокі тыл.

— Не,— запярэчыў Алесь.— Там быў пярэдні край. А вось тут глыбокі тыл.

— У нас таксама пярэдні край. Работы хопіць,— не згадзіўся Пракоп і пасля гэтага непрыкметна разгаварыўся — Я таксама ў арміі служыў, а потым прыехаў сюды. Вось ужо другі год. Цэх наш самы вялікі. Прадукцыі даём за ўвесь завод. А мне ўсё здаецца, што мы толькі недзе на падыходзе да вялікай работы. У вас такога адчування не было?

— Напэўна, гэта бывае, калі чалавек не хоча стаяць на месцы,— раздумліва адзначыў Алесь.

— Магчыма,— згадзіўся Пракоп.

Алесь, адчуўшы ў яго голасе сухасць, падумаў, што давер’е гэтага хлопца будзе заваяваць нялёгка.

— От дзе вы! А мы шукаем,—Зіна паявілася аднекуль з-за кустоў, папрасіла: — Можна, я з вамі?

— Зіна, адкуль у тваім голасе гэтая пакорлівасць? — пажартаваў Пракоп і падміргнуў Алесю:— Яна ў нас сварлівая...

— 3 табою інакш не можна.

— А мне твае кіпцюры апрыкралі...

Напэўна, не хутка скончылася б гэта перапалка, але тут іх дагнала вялікая група дзяўчат і хлопцаў. Пасыпаліся прывітанні, жарты. I неяк так выйшла, што Зіна і Алесь адсталі ад кампаніі.

— Чаму ж вас пакінулі? — спытала Зіна.

— А вас? — усміхнуўся Алесь.

— Я сама адстала. Люблю цішыню.

Сказана гэта было шчыра, і Алесь паверыў, што, можа, сапраўды Зіне абрыдлі бясконцыя заляцанні. А можа,— гэтая думка мільгнула нечакана,— Зіна ўпадабала яго? Каб не выдаць сябе, ён спытаў:

— Нешта вы ўчора з Васілём Міхайлавічам не паладзілі?

— Ат, глупства: «маленькі дыванок»,— так мы называем выклік да начальства. Стаіш на дыване, а яно цябе прапясочвае.

— За што?

— Брыгадзір накапаў... У чалавека жонка хворая, спазніўся, а я не адзначыла ў табелі.

— Васіль Міхайлавіч за такое не будзе сварыцца.

— А вы адкуль яго ведаеце?

— Мы з ім старыя знаёмыя. Некалі пасля рамеснага я ў ягоным цэху працаваў. Цяпер, пасля службы, думаў, дзе б уладкавацца. А Васіль Міхайлавіч сустрэў: «Нікуды,— кажа,— не пушчу. Вяртайся да мяне». Вярнуўся. I вельмі задаволены. Булай ого які чалавек! Агонь!

— На агні можна згарэць,— Зіна налегла на палкі, вырвалася наперад. Алесь вымушан быў даганяць.

Яны хутка дагналі астатніх. Зіна пайшла побач з Сямёнам, нават не кіўнуўшы Алесю на развітанне. Алесь спачатку быў абразіўся. Але, падумаўшы, супакоіўся. Урэшце, яна і павінна была так паводзіць сябе. Дзяўчына прывыкла да ўвагі і не прывыкла быць уважлівай.


II

Аператыўка — кароткая нарада перад пачаткам работы — сёння зацягвалася. Начальнік цэха Булай захацеў паслухаць усіх інжынераў, брыгадзіраў і кіраўнікоў участкаў. Алесь назіраў, як Булай час ад часу нешта запісваў чырвоным алоўкам у блакнот, хмурыўся. Цікава, задаволены начальнік цэха работай сваіх падначаленых ці не?

Звычайна брыгадзіраў не выклікалі на аператыўкі. Але Булай усё перайначыў, загадаўшы, каб брыгадзіры з’яўляліся на нарады таксама, бо гэта нібы дэмакратызуе кіраўніцтва, вядзе да калегіяльнасці ў рабоце, і сёння на аператыўцы былі ўсе брыгадзіры. Пракоп Дубасаў сказаў, што Сямён Дзікун хоча сумясціць у адну тры аперацыі па шліфоўцы шыек каленчатага вала. Гэта давала магчымасць паскорыць увесь працэс апрацоўкі.

— Калі? — запытаўся Булай.

— Ну-у, праз тыдзень...

— А сёння дваццаць сёмае. Пакуль вы будзеце эксперыментаваць, мы месячны план завалім,— рэзка перабіў Булай.

— Васіль Міхайлавіч, мы ў калектыве падлічылі, не завалім, — пачаў прасіцца Дубасаў.

— Калектыў гэта мы ўсе,— Булай устаў за сталом, зрабіў шырокі жэст рукой,— і агульнымі інтарэсамі трэба даражыць. Сёння Дубасаў захоча рабіць па-свойму, заўтра — Ганакова. А план хто цягнуць будзе? Не, дарагі. Дай план, а потым — вынаходзь, шукай. Становішча такое, што цэх ледзь укладваецца ў праграму. Прашу, таварышы, звярнуць на гэта ўвагу. Мне патрэбны не сто, нават не сто адзін, а сто тры працэнты. Так рашыла кіраўніцтва, а я ніколі яшчэ не быў у хвасце.

Булай закрыў нараду. Людзі пачалі разыходзіцца. Пайшоў да дзвярэй і Алесь, але яго паклікаў начальнік цэха.

— Саша!..

Алесь вярнуўся, падышоў да стала.

— Садзіся. Час трывае, пагаворым.

Алесь сеў у мяккае скураное крэсла, якое стаяла па гэты бок стала. Яго і радавала і непакоіла гэтае запрашэнне. 3 нейкім хваляваннем чакаў, што Васіль Міхайлавіч скажа.

Алесь быў ужо не той хлапчук, якога некалі прывёў Булай у свой цэх. За яго плячамі — гады службы ў арміі, дзе ён сам быў камандзірам. А ўсё роўна, як і раней, перад Булаём адчуваў сябе ніякавата, быццам зноў вярнулася семнаццаць гадоў, у якія Саша Баравік любіў пасваволіць.

— Узмужнеў, узмужнеў,— сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся.— Як табе ў нас?

— Прывыкаю.

— Усяго толькі?

У голасе Булая прагучала незадаволенасць. Ён быў вялікі патрыёт свайго цэха і хваравіта ўспрымаў раўнадушнасць каго-небудзь з падначаленых да цэха і цэхавых спраў. Алесь ведаў гэта і, злуючыся на сябе за сваю звычайную стрыманасць, загаварыў:

— Вы не так зразумелі мяне, Васіль Міхайлавіч. Я, наогул, прывыкаю да цывільнага жыцця. А ў вас мне прывыкаць не трэба. Гэта ж мой другі родны дом.

— Вось бачыш,— у Булая пасвятлелі вочы,— ты правільна разумееш і, спадзяюся, цэніш. Ты — кадравік, хоць восем гадоў адсутнічаў. А ёсць усякія. Толькі прыйшлі ў калектыў і адразу: «Тое не так, гэта не так». Але я не здаюся. Мая лінія правільная. Яе я і адстойваю, працуючы ў цэху. Ну, а з крыкунамі справімся. Ты мяне ведаеш. Так, га?

Крыкуноў, якія перашкаджаюць справе, Алесь таксама не любіў і згодна кіўнуў галавой.

— Ёсць у мяне такія-сякія задумы, як палепшыць работу цэха,— Булай загаварыў ужо спакойным, дзелавым тонам.— Думаю некаторыя перастаноўкі людзей зрабіць. Так што хутчэй асвойвайся, дам табе новую пасаду.

— Дзякую, Васіль Міхайлавіч, але мне і гэтай хапае,— Алесь не здзівіўся планам Булая. Колькі ён помніў, той заўсёды нешта прыдумваў, гаворачы: «Больш за ўсё баюся, каб не было застою, балота гнілога».

— Ну-ну. Сціпласць — рыса пахвальная. Аднак справа зараз не ў тым, што табе хапае. Важна, што ты можаш даць. Зразумеў? — Булай пабарабаніў пальцамі па шкле, пад якім ляжалі рознакаляровыя графікі, дакладныя, заяўкі.— Ты ведаеш, што наш цэх самы вялікі на заводзе? Махіна. Гонар кіраваць такім гігантам. Але і адказнасць вялікая. Начальнік павінен быць заўсёды на ўзроўні патрабаванняў жыцця. Я пра што падумаў? Цяпер усюды ідзе скарачэнне штатаў. Пашукаўшы, дык і ў нас ёсць унутраныя рэзервы. Начальнікаў у нас хутка будзе менш. Затое яны будуць самыя моцныя. Гэту ідэю я выношваю. Гэта перспектыва, уменне бачыць будучыню. Але нельга забываць і пра надзённае. Перабудова — перабудовай, а запасныя часткі давай.

— Васіль Міхайлавіч, а раптам Дубасава праўда?

Булай уважліва, нібы ацэньваючы, зноў агледзеў Алеся, заўважыў:

— Я сказаў: эксперыменты — пасля першага.

Размова, што ў пачатку насіла адценне інтымнасці, неяк выбілася з каляіны. Булай, здавалася, страціў ранейшую цікавасць да субяседніка, і Алесь паспяшаўся развітацца.

На вуліцы было холадна. Рэзкі вецер, вылізваючы абкатанўю машынамі дарогу, шпурляў у твар калючы снег, перамешаны з пяском.

Наставіўшы каўнер, Алесь крочыў насустрач ветру і думаў, чым бы заняцца вечарам. Размова з Булаём пакінула непрыемнае адчуванне, нечым непакоіла, і таму не хацелася заставацца ў адзіноце. А куды пайсці? Ён раптам адчуў, што не мае да каго пайсці. Можа да сваіх хлопцаў? Ён пасля той паездкі ў лес трохі здружыўся з імі, сустракаючыся на рабоце.

Дома быў толькі адзін Сямён. Ён стаяў перад люстэркам і вывязваў вузел на гальштуку. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы. Сямён незадаволена паглядзеў на Алеся, які перашкодзіў яму прыхарошвацца, і адказаў:

— Пракоп з Алегам у інстытуце.

— А ты на спатканне? — не здымаючы з ягонай шыі гальштук, Алесь умомант завязаў вузел.

Не падзякаваўшы, Сямён адказаў:

— Так, на спатканне. Між іншым, з Зінай...— і як бы чакаў, што на гэта скажа Алесь.

Алесь не прыняў выклік і шчыра сказаў:

— Зайздрошчу, харошая дзяўчына. Ну, бывай.

Бадай, Сямён недарэчы напомніў пра Зіну. Алесю стала яшчэ больш самотна, і ён ледзь не подбегам накіраваўся да аўтобуснага прыпынку, каб хутчэй трапіць на людзі.

— Э-э, каго бачу!..— у аўтобусе нехта схапіў Алеся за руку.

Алесь азірнуўся. На заднім сядзенні, ля самых дзвярэй, сядзеў мужчына, апрануты ў моднае варсістае паліто і высокую шапку. Алесь наморшчыў лоб, сілячыся здагадацца, хто б то мог быць.

— Не пазнаеш,— смяяўся мужчына.— Ай-ай!.. I трэці раз «ай». Сорамна адракацца ад старых сяброў, Крон.

— А-а,— узрадаваўся Алесь. Апошняе слова нагадала яму рамеснае вучылішча і мянушку, якую далі Алесю некалі хлопцы. У самы першы дзень іх вытворчай практыкі Алесь, вярнуўшыся з завода, пахваліўся, што працуе ўжо на станку. Хлопцы былі не паверылі. Каб даказаць ім, ён заявіў: сёння пальцы цыліндра шліфаваў. Дакладна — на мікрон. Назаўтра высветлілася, што працаваў рабочы, а Саша Баравік толькі стаяў побач. I хлопцы з тае пары называлі яго Мікрон. Пакрысе мянушка стала карацейшая, засталося «Крон». А прыдумаў яе, здаецца, гэты самы салідны мужчына, які тады быў зухаваты, а да вучобы ленаваты. «Як жа яго звалі? Ду... Ду... Дудзік».

— Здароў, Дудзік!

Па сонечным твары мужчыны слізнула хмарка.

— Чакай, пра якога Дудзіка ты гаворыш? — кісла спытаў ён.

— Пра таго, які заўсёды дудзеў: суп без мяса, катлета малая, кісялю няпоўная шклянка. Так, так, Пятрусь Кібрык.

— От, шэльма, успомніў!..—палагаднеў Кібрык.— А мне пра цябе Булай расказваў. Рады я, што ты зноў да яго трапіў. Мне от невыпала. Як закончыў інстытут, у планавым аддзеле працую. Але, паверыш, сумую часам па гаечным ключы.

Кібрык заўсёды любіў многа гаварыць, і Алесь з задавальненнем слухаў яго, успамінаючы тую даўнюю, цудоўную пару свайго семнаццацігоддзя.

— Ты куды едзеш? — спахапіўся Кібрык.— Не ведаеш? От дзівак! Заедзем да мяне, а потым некуды завалімся. Хочаш у рэстаран, дзеля такой сустрэчы, а хочаш — у тэатр.

— Давай лепш у тэатр,— згадзіўся Алесь.

— Аднак раней па кілішку прапусцім,— падміргнуў Кібрык.

Яны заседзеліся ў Кібрыка, успамінаючы былое, і спазніліся ва ўсе тэатры. Стаялі ў вестыбюлі, гадалі, куды б пайсці яшчэ. Не хацелася выходзіць з цёплага памяшкання.

Мароз памацнеў. Дзьмуў парывісты сівер. Вуліцы былі амаль пустыя. Рэдкія прахожыя таропка хаваліся ў пад’ездах, забягалі ў магазіны.

— Хіба да дзяўчат куды завітаць? — Кібрык туліў галаву ў каўнер. Не дачакаўшыся Алесевага адказу, перабег вуліцу, нырнуў у аўтаматную будку.

Алесь бачыў, як ён горача нешта даводзіў, махаў рукой, потым зноў набіраў нумар і зноў гаварыў. Вярнуўшыся, сказаў:

— Паедзем, запрашалі...

Віно, выпітае з Кібрыкам, кружыла галаву, і Алесь, не раздумваючы, згадзіўся.

Неўзабаве яны былі ўжо на ўскраіне горада. Кібрык упэўнена націснуў кнопку званка раз, потым другі. Яго званок тут, відаць, ведалі. Бо яшчэ з-за дзвярэй глухаваты жаночы голас супакоіў:

— Зараз, Пеценька, зараз.—Гаспадыня не здзівілася, што Кібрык не адзін, а, наадварот, яшчэ ветлівей запрасіла:

— Заходзьце, хлопчыкі, заходзьце.— I зазірнуўшы ў пакой, папярэдзіла: — Ніна, сустракай гасцей.

Алесь адчуваў сябе няўпэўнена, а калі з пакоя выйшла Ніна Ганакова, зусім збянтэжыўся: не чакаў, што Кібрык завядзе да знаёмых. А той стаяў і ўсміхаўся.

Выручыла Нініна маці, Ганна Сцяпанаўна. Яна памагла распрануцца, завяла ў залу, пасадзіла да стала, паабяцаўшы зараз прынесці чаю. I за гэты кароткі час паспела распытаць у Алеся ледзь не пра ўсё ягонае жыццё. Рабіла яна гэта між іншым, і Алесь адказваў ахвотна, забыўшыся, што прыйшоў сюды ўпершыню.

Пілі чай. Алесь хваліў гаспадыню за ўменне кулінарыць ды ўпотай сачыў за Нінай і Кібрыкам. Гэта была дзіўная пара. Кібрык відны хлопец — шыракаплечы, высокі, прыгожы з твару. Ён сам, здавалася, ні на хвіліну не забываў аб сваёй прыгажосці, бясконца прыгладжваў і без таго прылізаныя каштанавыя валасы. Побач з ім Ніна выдавала вельмі ўжо несамавітай: на ёй сціплая паркалёвая сукенка, ды і з твару дзяўчына выглядала горш, як на рабоце, хоць там хадзіла ў сінім спяцовачным халаце. Адно, што ўразіла Алеся,— вочы, вялікія, карыя, з смяшлівымі агеньчыкамі.

— Ешце, малады чалавек, ешце,— Алесь не заўважыў, як гаспадыня паклала перад ім яшчэ адзін кавалак пірожнага.

Ніна з Петрусём зарагаталі, а Ганна Сцяпанаўна абурылася. Яна, мабыць, вельмі любіла частаваць вось такіх, як Алесь, халасцякоў, што ніколі не паспытаюць дамашняга печыва.

Алесю падабалася сядзець ва ўтульным пакоі, і ўжо з прыкрасцю думалася, што стрэлкі гадзінніка бягуць занадта хутка, неўзабаве прыйдзецца пайсці адсюль. Яму хацелася пасядзець яшчэ колькі хвілін, але Кібрык устаў і сказаў, што пара ісці.

Ніна і маці спрабавалі іх затрымаць, а калі хлопцы настоялі на сваім, Ганна Сцяпанаўна ўзяла з Алеся слова, што ён яшчэ зойдзе да іх.

Алесь крыху здзівіўся, што Ганна Сцяпанаўна запрашала ў госці толькі яго. Кібрыка яна як быццам і не бачыла. Тады чаго яна так ветліва сустракала яго? I наогул, чаму сюды ходзіць Кібрык? Чаму ён раптам заспяшаўся дамоў? Але пытацца ў яго не хацелася. Затое сам Кібрык выказаўся даволі шчыра.

— Віншую, здаецца, яна за жаніха цябе прыняла,— сказаў Кібрык. — Са мной гэтыя штучкі не прайшлі. Мне гэтая Нямогліца не вельмі патрэбна.

— Навошта ж ты ходзіш? — абурыўся Алесь.

— А што, нам лепш было мерзнуць?

Алесь прамаўчаў. Ад нядаўняга лагоднага настрою ўжо нічога не засталося.


III

Зіна прайшла міма і не прывіталася. Гэта здзівіла Алеся. Яшчэ ўчора яны зноў каталіся на лыжах, і Зіна, як толькі Алесь адставаў, заўсёды аказвалася побач. I вось маеш!.. Прайшла і не прывіталася. Алесь слухаў Ніну і ўвесь час думаў, чаму пакрыўдзілася Зіна. Здаецца, цічога дрэннага ён ёй не зрабіў. Падышлі хлопцы. Сямён Дубасаў зноў пачаў гаворку пра тое, каб не адкладваць яго прапанову да першага, а ажыццяўляць неадкладна.

— Сумясціўшы тры аперацыі ў адну, мы толькі паскорым працэс,— даводзіў ён.

Алесь быў на баку Булая.

Хлопцы прамаўчалі, а Сямён не вытрымаў:

— Пад чужую дудку скачаш, з Булаём хочаш мірна жыць.

— Ох, і калючка ты!..— папракнуў Алесь.

— I няхай...— выгукнуў Сямён,— пайшлі, хлопцы, гэта мы ўжо чулі.

Алесь пайшоў да начальніка цэха.

Кабінет начальніка цэха знаходзіўся ў самым канцы пралёта, за добрых дзесяць хвілін хады ад Алесевага ўчастка. Пакуль дойдзеш, ёсць час абдумаць і сваю віну, калі маеш такую, і тое, што збіраешся сказаць начальніку. Але сёння Алесь не ведаў, чаго яго кліча Булай. Здаецца, і лаяць няма за што, і хваліць таксама.

У кабінеце заўсёды было непрывычна ціха. Толькі ледзь прыкметнае дрыжанне сцен напамінала, што недзе блізка працуюць станкі, агрэгаты, шугае магутнае заводскае жыццё. Аднак сёння Алесь адчуў, што нешта адбылося ў гэтым ціхім кабінеце. У вочы кінуўся беспарадак, які панаваў на вялікім начальніцкім стале. Сам Булай, заклапочаны, з акулярамі, ссунутымі на лоб, не сядзеў, як звычайна, у крэсле, а стаяў збоку стала.

— Графік зрываецца,— замест прывітання сказаў Булай.— Распусціліся людзі, страцілі пачуццё адказнасці. Вось затрымаю змену на пару гадзін, няхай папрацуюць.

— Рэзерваў каб пашукаць...— асцярожна сказаў Алесь, спадзеючыся, што Булай успомніць пра Сямёнаву задуму.

— Ты думаеш, я цябе паклікаў, каб ты мне парады даваў? — у густым і без таго голасе Булая чуўся гнеў.— Я цябе хацеў папярэдзіць, каб у хлопцаў ніякіх там фантазій... Толькі гатовыя валы. Па графіку, і нічога іншага. Усё. Прышлі суседа.

Не чакаючы, пакуль Алесь выйдзе, Булай схапіў тэлефонную трубку:

— Планавы? Кібрыка!

«А гэты навошта?» — падумаў Алесь, спускаючыся па крутой сталёвай лесвіцы ў цэх.

Вестка аб аўрале не выклікала пярэчання. Відаць, рабочыя прывыклі да гэтага.

— Канец месяца...— растлумачыў Пракоп.

— А як жа графік? — недаўменна пачаў быў Алесь.

— То Булай для прыгожага слоўца гаварыў. А выходзіць, як у канцы мінулага месяца штурмавалі план, так і зараз штурмуем. У наступным таксама будзем.

Было прыкра, што нават Пракоп не бачыць нічога заганнага ў гэтым. Як ні мала ведаў Алесь умовы працы на вытворчасці, але разумеў, што, пакуль большасць рабочых не адчуе адказнасці за рытмічную працу, ліхаманка не спыніцца. Аднымі загадамі начальства тут рады не дасі.

Пасля работы Алесь у прахадной сутыкнуўся з Паўлаўцом. Макар Сяргеевіч Паўлавец меў ужо за пяцьдзесят. Кадравік, паважаны чалавек, важак камуністаў механічнага цэха. Алесь пазнаёміўся з ім, калі браўся на ўлік.

Няспешны ў рухах, разважлівы, Макар Сяргеевіч падабаўся людзям сваімі вачамі, у якіх ніколі не згасаў агеньчык цікаўнасці да ўсяго, і яшчэ ўсмешкай, лагоднай і хітраватай. Убачыш яе, і палягчэе на сэрцы.

Гадзіны працы за станком, калі і перакурыць няма часу, здавалася, не стамілі Макара Сяргеевіча. Гэтак жа, як заўсёды, адкрыта глядзелі вочы, толькі цёмныя кругі вакол іх пачарнелі і паглыбелі ды зморшчынак пабольшала. Яны адны паказвалі, як, напэўна, цяжка яму зараз засяродзіцца ў гутарцы з субяседнікам.

Сам Алесь не адважыўся б пачаць гаворку пра тое, што яго ўсхвалявала, занепакоіла. Аднак Паўлавец пайшоў яму насустрач.

— Не чакалі, што канец месяца будзе такі напружаны? — спытаў ён.— У арміі расклад не ламаецца.

— Бывалі трывогі і ў нас,— няпэўна адказаў Алесь. Яму многае яшчэ здавалася няясным, таму не хацелася распачынаць сур’ёзную размову.

— Вучэбныя? — усміхнуўся Паўлавец.

— Прызнацца, я думаў, што ўжо няма штурмаўшчыны.— Алесь зразумеў, што ад Паўлаўца ўтаіцца цяжка.— Нават газеты рэдка пішуць пра яе.

Макар Сяргеевіч адказаў не адразу. Ён, хутчэй, ухіліўся ад адказу:

— Думаю, гэта не штурмаўшчына ў тым сэнсе слова, як уяўляеце сабе вы. План мы выканалі б без яе. Але Булай захацеў даць некалькі лішніх працэнтаў.

— Навошта тыя працэнты? Хіба Булаю?

— Не так злосна, малады чалавек...— Паўлавец загаварыў яшчэ мякчэй.— Булай — начальнік цэха. Ён не хоча, каб мы былі горшыя ад усіх — раз, ды і прэміяльныя нешта значаць.

— Пераможцу не судзяць, так? — Алесь вырашыў спрачацца.— Значыць, любы метад добры, абы ў перадавікі выбіцца, абы прэмію атрымаць? Вы паслухалі б, як ён сёння з людзьмі размаўляў. Як заўзяты фельдфебель з навабранцамі.

— Хапілі лішку, малады чалавек! — гарачая тырада не зрабіла ніякага ўражання на Паўлаўца.— Ведаю. Усе ведаюць, што Булай не стрыманы, што любіць пакамандаваць. А заўважце, калі ён такі робіцца? У дні найбольшага напружання. Ён гарыць тады сам на рабоце і хоча, каб астатнія гарэлі. Ён умее арганізаваць людзей, а гэта — галоўнае. Вы пагаварыце з рабочымі. Вам раскажуць нават больш, чым вы расказалі мне зараз. Яго недахопы не скрытыя. Але замахніцеся на Булая без падставы — вас не падтрымаюць. Булаю даруюць многае, бо ён многа дае людзям. Ён мае аўтарытэт на заводзе.— Паўлавец гаварыў разважна, не спяшаючыся, нібы ў такт сваім павольным крокам, і гэта рабіла словы важкімі, доказнымі.

Алесь разгубіўся. Макар Сяргеевіч не тое што пераканаў яго, а пасеяў сумненні.

Макар Сяргеевіч, мабыць, здагадаўся аб яго думках, бо, не прадаўжаючы размовы, развітаўся.

Алесь пачаў дакараць сябе за несправядлівасць у дачыненні да Булая. Так, Булай клапоціцца пра сваіх рабочых. Гэта Алесь паспеў ужо адчуць на сабе. Месяца не прабыў, а пакой атрымаў. Булай абяцаў нават цэлую кватэру. А нядаўна сказаў, што павысіць па службе. А для астатніх, напэўна, зрабіў яшчэ больш. Алесь пачаў дакараць сябе. Цяпер Булай здаваўся яму самым добрым, справядлівым чалавекам на заводзе.


IV

Не запальваючы святла, Алесь скінуў рабочую вопратку, прылёг на канапе. Думкі штораз вярталіся да размовы з Паўлаўцом. Расла незадаволенасць сабой, ад якой было адзінае выратаванне — пайсці на людзі. Алесь пачаў збірацца на каток.

Асветленае мноствам пражэктараў, ледзяное поле стадыёна блішчала, як у сонечны дзень. Па ім праносіліся віхурай канькабежцы то па аднаму, то парамі, то, пабраўшыся за рукі, цэлымі групамі.

Нейкі час Алесь глядзеў на каток, адчуваючы, як нястрымная сіла цягне яго туды, уніз. Адолены гэтай сілай, ён пабег па прыступках.

Алесь бегаў на каньках лепш, чым на лыжах. Некалі, яшчэ ў школе, потым у вучылішчы, ён удзельнічаў у юнацкіх спаборніцтвах і нават паказваў нядрэнны час на кароткіх дыстанцыях. 3 маленства ён любіў каток і тую мітусню, што панавала на ім. Алесь асцярожна абыходзіў тых, што нясмела трымаліся на каньках, спрытна ўхіляўся ад занадта смелых і рызыкоўных бегуноў. Нарэшце, ён прабраўся бліжэй да цэнтра, дзе парадак быў большы. Тут ужо можна было прайсціся на поўную сілу.

Змарыўся ён хутка, не зрабіўшы і пяці кругоў. I не дзіва: апошні год ён зусім не выходзіў на лёд. Запаволіўшы бег, ён пачаў выбірацца да бакавых лавак.

Вольнага месца, аднак, не знайшлося. Алесь трохі прайшоўся па пратаптанай абочыне і прысеў на зледзянелы снег. Гэта было крыху воддаль ад катка, затое адсюль добра відаць усё, што на ім робіцца. Але назіраў Алесь нядоўга. Яго зноў апанавалі думкі пра завод, пра хлопцаў, пра Зіну, пра тую прапанову Сямёна, якую не дазваляў ажыццяўляць Булай.

Непадалёк спынілася вясёлая і шумлівая купка моладзі. Алесь прыгледзеўся больш пільна і пазнаў сярод іх Зіну. Яна стаяла сярод хлопцаў і смяялася:

— Не, хлопчыкі, не ўгаворвайце, мне пара дамоў,— данесліся да Алеся яе словы.

Алесь падумаў, што недзе тут павінен быць і Сямён. Яго, аднак, не было. Дый кампанія была не падобная да той, дзе мог быць Сямён. Хлопцы паводзілі сябе дзіўна. Пабраўшыся за рукі, яны не выпускалі Зіну з круга. Алесь рашуча падышоў да іх і стаў побач з Зінай.

— Ось, бачыце! — гукнула Зіна.— А вы не верылі. Мяне чакаюць, і верны рыцар выратоўвае жыццё дамы свайго сэрца...

Алесь не разумеў, жартуе Зіна ці кпіць з яго.

I ўжо ля раздзявалкі Зіна шчыра сказала:

— Дзякуй, Алесь Мікалаевіч, што выручылі.

— Дзеля Сямёна стараюся,— пажартаваў Алесь.

— Зараз вы мне больш падабаецеся,— усміхнулася Зіна і раптам стала зусім простай, свойскай дзяўчынай.— Ці не праведзяце вы мяне да хаты? Заадно данесяце гэтыя рэчы...

На ўскрайку горада, дзе стаяў Зінін дом, было ціха і пуста. Недзе далёка чулася дыханне вялікага горада, шум машын, гудкі паравозаў. А тут пад нагамі парыпвалі драўляныя тратуары, з бакоў абступалі штакетнікі заснежаным вішняком і бэзам. 3 комінаў узнімаўся дым, пахла паленым торфам, смажаным салам і яшчэ чымсьці няўлоўным.

На Алеся павеяла даўнімі ўспамінамі. Такія ж ціхія, спакойныя вуліцы былі ў яго родным прыдняпроўскім гарадку. Колькі разоў хадзіў ён з хлопцамі па іх, вяртаючыся ўвечары са школы.

Яны прайшліся па вуліцы раз, другі. Алесь не мог пачаць гаворкі, мабыць, перашкаджалі ўспаміны. Нарэшце ён запытаўся:

— Чаму вы табельшчыца, у вас жа атэстат?

— Мае ногі — мне бегаць.

Зусім не гэта чакаў пачуць Алесь, і надоўга прыкусіў язык: баяўся нарвацца зноў на з’едлівы адказ.

Зіна не вытрымала першая.

— Доўга будзем у маўчанкі гуляць? А можа крыўдуеце за Сямёна? — яна ўзяла насмешлівы тон, супраць якога вельмі цяжка бараніцца.

— Кампанія ваша не спадабалася,— Алесь рашыў гаварыць адкрыта.

— Мне таксама,— згадзілася Зіна.— Ды што зробіш? Лепшай няма.

— Сямён...

— Што Сямён! Ён жа такі нудны. А тыя хоць пагарлапаніць могуць.

— Наўрад ці панясу я вам гэты мех калі-небудзь яшчэ,— паспрабаваў пажартаваць Алесь, крыху, аднак, пакрыўдзіўшыся.

— Яшчэ як! — Зіна зноў стала гарэзлівай.— Я ўмею прасіць.

Яны спыніліся ля брамкі. Нізкаваты, цёмны, бо зачынены аканіцы, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду.

— Дзякуй,— Зіна насмешліва паглядзела на Алеся. Ён адчуў ніякаватасць, адвёў вочы ў бок. Зіна зарагатала, выхапіла ў Алеся сумку і схавалася за брамкай. Там яна счакала, пакуль Алесь, пастаяўшы трохі, пайшоў, і асцярожна выглянула ўслед. Алесь хаваўся ўжо за павароткай. Ён нават не азірнуўся, і гэта пакрыўдзіла Зіну. Яна з усяе сілы бразнула брамкай і забарабаніла ў дзверы, скалануўшы вячэрнюю цішыню вуліцы.

— Дзякуй богу!..— пляснула ў далоні маці.— Сямён зачакаўся.


V

3 цэха выйшлі ўтрох. Пачакалі Зіну. Яна выглядала свежая, ружавашчокая пасля душу.

— Зіна,— Пракоп надаў голасу здзіўленне,— а ты без гэтых, як іх называюць, румян нават папрыгажэла.

— Ага,— падтакнуў Алег,— проста прыгажуня.

— Хлопцы...— дакорліва сказаў Сямён.

— Я вам падабаюся, хлопчыкі? — Зіна не магла ўтрымацца, каб не пагарэзнічаць.— Падабаюся?.. То, можа, праводзіце да хаты?

Можна было паехаць да вакзала. Так было карацей. Але так было і хутчэй. А ім сёння пасля напружанага дня не хацелася так вось адразу расставацца. Таму дабраліся спачатку да плошчы Перамогі, а адтуль вырашылі прайсціся пешшу.

Надвячоркам на праспекце заўсёды шмат людзей. Адны вяртаюцца з работы, спяшаюцца. Другія, карыстаючыся вольнай хвілінай, ідуць павольна, цешачыся добрым надвор’ем, навакольнай прыгажосцю, радуючыся нечаму прыемнаму, свайму.

— Давайце на правы бок,— пацягнула хлопцаў Зіна,— там хоць Свіслач на рэчку падобная.

Сонца апускалася ўжо за дахі дамоў, чырванаватыя водбліскі падалі на рачны лёд, на снег. Сляпіла вочы. Пакапаўшыся ў сумачцы, Зіна выцягнула цёмныя акуляры. Акуляры зімой — гэта было незвычайна. На яе азіраліся, праводзілі здзіўленымі позіркамі. А Зіна ішла безуважная і ганарлівая.

Побач з Зінай хлопцы адчувалі сябе ніякавата.

— Не можа без спектакля,— буркнуў Алег.

Калі дайшлі да цэнтра, Пракоп рашуча сказаў:

— Ты, Зіна, забірай Сямёна і ідзі з ім куды хочаш. А мы ў сваю дарогу.

— Хлопчыкі, я не хачу,— Зіна выслабаніла руку, якую трымаў Сямён, учапілася за Пракопа.— Я не хачу дамоў.

Пракоп падумаў хвіліну, сказаў:

— Добра, хадзем у карцінную галерэю. Я даўно хацеў там пабыць.

— Геніяльна! — Зіна запляскала ў далоні, а Сямён спахмурнеў. Яму хацелася пабыць з Зінай удваіх.

У галерэі была адкрыта выстаўка новых работ. Хлопцы хадзілі асцярожна, прыгнечаныя цішынёй і нейкай урачыстасцю, што так уласцівы музеям. Потым, зацікавіўшыся, асмялелі. Яны спыняліся ля карцін па-гаспадарску, то падыходзілі бліжэй, то адступалі, выбіраючы найлепшае месца для агляду. Алег быў самы нецярплівы. Ён нідзе не затрымліваўся падоўгу і ўсё цягнуў астатніх, пакуль раптам не ўбачыў партрэт:

— Паўлавец!? Даль бог — ён!..— Алег спыніўся, як укапаны.

— Глядзіце!..— узрадаваўся, нібы сустрэўся з жывым чалавекам, Пракоп.

— Помніце, мастак да нас у цэх прыходзіў,— цяпер разышоўся Алег,— такі невысокі. Мы яшчэ смяяліся з яго скрынкі, што ён на раменьчыку цягаў.

— Гэта эцюднік называецца, — падказала Зіна.

— Ты паглядзі, як намаляваў добра. Здаецца, зараз Макар Сяргеевіч зніме свае акуляры і скажа: «Няма ў вас сур’ёзнасці, хлопцы!»

— Аднак, схапіў мастак...—засмяяўся Пракоп, пачуўшы, як Алег прачытаў карціну.

Выпадковая сустрэча з партрэтам знаёмага чалавека па-сапраўднаму зацікавіла, прымусіла без раўнадушнасці глядзець на другія карціны, што віселі побач, дала смеласці ўголас рабіць заўвагі. Хлопцы былі ў гэты час адзінымі наведвальнікамі, аднак работнікі галерэі пачалі ўжо на іх падазрона паглядаць. Прыйшлося крыху прыціхнуць. Толькі Алег не зважаў ні на што.

— Вось пакой для Сямёна з Зінай,— уголас заўважыў ён ля суседняга палатна.

Сямён збянтэжана зірнуў на Зіну, а тая весела запытала:

— Ты мне такое жытло падрыхтаваў?

На карціне былі намаляваны хлопец з дзяўчынай. Яны атрымалі кватэру. У іх, маладажонаў, яшчэ няма рэчаў, каб абставіць свой пакой. Але, відаць, іх гэта не турбуе. Хлопец шчыра радуецца, а ў дзяўчыны ў вачах лёгкі смутак і задуменне. Не хочацца, напэўна, пакідаць сваіх сябровак, з якімі так добра было ў інтэрнаце...

Сямён прыціх, зайздросцячы таму, незнаёмаму і шчасліваму. Зіна фыркнула: «Рай».

— Быў бы рай,— асуджальна сказаў Пракоп,— каб мастак не з цябе, Зіна, спісваў. Зірні, на ўслоніку твае «шпількі» з сумачкай стаяць,— і невядома было, каго ён больш асуджаў — мастака ці Зіну.

— Хлопцы,— узлавалася Зіна,— вам бы хоць кропельку рамантыкі, хоць на мезенчык!.. Вам трэба, каб мастак стружкі намаляваў, што не паспелі прыбраць пасля будаўнікоў.

— Трэба, каб было, як у жыцці, проста, — не згадзіўся Пракоп.— Хіба ім больш нічога нельга было прынесці, акрамя гэтай кашолкі. Ты ж яе не панясеш па вуліцы, хаця цябе ў сціпласці ніяк не абвінаваціш. Ты паглядзі на яе сукенку, прычоску. Не, гэта не яе сумка, а нейкай знаёмай мастака.

— Ат,— махнула рукой Зіна,— пайшлі.

Яны выйшлі з галерэі, але доўга яшчэ, аж пакуль не развіталіся з Сямёнам і Зінай, не маглі суцішыцца. Спрачаліся да самага інтэрната. Там іх ужо чакаў Алесь. Ён прыйшоў сюды паўгадзіны назад. Дзверы былі замкнёныя. Алесь для прыстойнасці пастукаў другі раз і, не пачуўшы адказу, спусціўся да вахцёркі. Яна паглядзела на дошку, дзе віселі ключы, і спачувальна паведаміла:

— Яшчэ не вярнуліся. А вы пачакайце. Яны хлопцы акуратныя, не позняцца.

Пахадзіўшы крыху па вуліцы, Алесь завітаў зноў. Вахцёрка ўзрадавалася, бо, відаць, засумавала ў адзіноце:

— Сядайце. Зараз прыйдуць. Абавязкова. У Дубасава сёння лекцый у інстытуце няма.

Пакуль Алесь стаяў, думаючы, што рабіць, прыйшлі Пракоп з Алегам.

— Прабачце, Аляксей Мікалаевіч,— узмаліліся яны і шчыра прызналіся: — На карціны загледзеліся і забыліся.

— А Сямён дзе? — запытаў Алесь.

— Вынаходцу амур падстрэліў,— падміргнуў Алег.— Паміраючы салодкай смерцю, давесці справу завяшчаў нам.

— Ох і балбатун,— узлаваўся нечага Пракоп,— абы трапануць, не толькі сябра, бацьку роднага не пашкадуе.

— Вельмі жарты люблю,— Алег і не думаў апраўдвацца.— Я чалавек вясёлы, не тое, што іншыя.

Алесь толькі ўсміхаўся. Каб яшчэ Сямён быў тут, зусім добра было б. А так нешта нібы грызе, выклікае незадавальненне. Але нічога. Ён жа сюды па справе прыйшоў, дык трэба справай і займацца. Як толькі ўвайшлі ў пакой, папрасіў:

— Пакажыце нататкі.

— Алесь Мікалаевіч,— Пракоп падышоў да стала, сеў побач з Баравіком,— вы маеце час? Маеце? То добра. Мы зараз былі на выстаўцы. Хачу вам трохі расказаць пра яе. Але спачатку скажыце: якая карціна будзе сапраўдная, ну, мастацкая, як звычайна кажуць.

— Задаў ты мне задачку!..— шчыра прызнаўся Алесь.—Думаеш, я мастацтвазнаўца? Я скажу табе, як сам разумею. Па-мойму, тая карціна добрая, на якую можна глядзець многа разоў і кожны раз адкрываць у ёй нешта новае, непаўторнае.

— Праўда, — згадзіўся Пракоп. — Вось сёння мы глядзелі карціну пра партызанаў. Многа іх там. Спачатку думаецца: навошта мастак панаставіў іх? А пастаяў і зразумеў, што так і трэба. Убачыў я людзей, якія жывуць адным — радасцю нядаўняй перамогі, і кожны перажывае яе па-свойму: адзін аж свеціцца шчасцем, другі, наадварот, сумуе крыху, трэці проста стомлены... У кожнага сваё.

— Я вось пра што хацеў спытаць. Ну, сапраўдныя карціны такія, дзе ўсё напісана па-людску, я разумею. А навошта іншыя? Ёсць там... Абстракцыі, як казала экскурсавод. Іх, чым больш глядзіш, тым больш брыдка робіцца. Дзе там уявіць што-небудзь? Дай бог зразумець, што да чаго.

— Абстракцыя, кажаш? —зацікавіўся Алесь.— Не новае ўсё гэта. Было ўжо. У свой час ім добра далі.

— Гэта ж калі? — перабіў яго Алег.

— Ды гадоў з трыццаць, а то і ўсіх сорак таму назад. А цяпер, бач ты, зноў павылазілі. Па-свойму, брат, зразумелі перамены ў нашым жыцці. Цікава, аднак, паглядзець, што яны там натварылі...

— Ды ўжо,— адказаў Пракоп,— хутчэй напэцкалі.

— Недзе я чытаў,— сказаў Алег,— што абстракцыяністы лічаць сябе мастакамі будучыні.

— А там не было напісана, што іх зараз яшчэ не разумеюць, што зразумеюць пасля? — спытаў Алесь.

Алег паціснуў плячыма.

Алесь заўсёды любаваўся Пракопам, калі той пачынаў гаварыць з захапленнем, горача. Алесь ведаў, што гэтаму юнаку нялёгка даецца жыццё. Працуючы, ён скончыў дзесяцігодку, зараз вучыцца на трэцім курсе інстытута. Хутка будзе інжынерам. А ўжо зараз, бадай, ведае тое-сёе не менш за іншага дыпламаванага спецыяліста. Гэта ён, Пракоп, падказвае сваім хлопцам большасць тых ідэй, якія праславілі на заводзе іх брыгаду. I ў той жа час ён знаходзіць магчымасць, не, хутчэй мае патрэбу, паглядзець новыя карціны, падумаць над імі.

Чым больш прыглядаўся Алесь да Пракопа, тым больш той яму падабаўся.

Яны яшчэ доўга гаварылі — і пра мастацтва, і пра космас, і наогул пра жыццё, забыўшыся, што збіраліся абмяркоўваць зусім іцшае. Толькі, калі недзе а дванаццатай гадзіне вярнуўся Сямён, успомнілі пра гэта. Але было пазнавата, каб сядзець за чарцяжамі. Вырашылі адкласці на раніцу.


VI

Неспакой не пакідаў Алеся цэлую ноч. Ён турбаваўся, калі ішоў назаўтра на работу. Нібы нечага не дарабіў, на нешта важнае забыўся. Так і не ўспомніўшы, што, менавіта, ён прыйшоў у цэх. Ледзь не на парозе сустрэў Ніну. Алесь хацеў быў, павітаўшыся, прайсці, але Ніна затрымала:

— Мы на вас крыўдуем,— сказала яна, трохі зачырванеўшыся.

— За што? — Алесь перабіраў у памяці, што такое дрэннае мог зрабіць Ніне.— Не ведаю за сабой віны.

— А вы бяздушны...— гэта не я, мама так вас называе. Яна ў суботу нагатавала ўсяго. А вы не прыйшлі. Абяцалі ж.

Толькі цяпер Алесь успомніў, што Ганна Сцяпанаўна яго сапраўды запрашала і ён сказаў: «Дзякую, прыйду»...

— Ды часу няма, канец месяца...

— Ну, канечне, на стадыён ёсць час. А яна прыгожая дзяўчына,— Ніна зірнула ў канец цэха, дзе была канторка табельшчыц.

Алесь сумеўся, быццам што благое зрабіў.

— Ага,— смяялася Ніна,— папаліся.

Падышоў Булай, запытаў:

— Ты што, Саша, як на споведзі?

— Хачу да маці ў госці яго завесці,— растлумачыла Ніна,— а ён аднейваецца.

— Вяровачку вазьмі ды і вядзі,— Булай, задаволена зарагатаўшы, адышоў. Урэшце Алесь сказаў:

— Перадайце Ганне Сцяпанаўне, што на восьмае сакавіка прыйду павіншаваць.


...Патраціўшы больш гадзіны на пакупкі, Алесь паехаў да Ніны.

Яго чакалі. Гэта Алесь зразумеў адразу, бо стол быў засланы, а на канапе сумаваў у адзіноце Кібрык.

— Праходзьце, праходзьце, Саша,— выглянула з кухні Ганна Сцяпанаўна,— мы зараз.

Прысутнасць Кібрыка ўзрадавала Алеся. Ён пабойваўся, што не знойдзе пра што гаварыць з жанчынамі цэлы вечар. А з Кібрыкам гэтага можна было не баяцца. Кібрык трымаўся ў любой кампаніі, быццам у сваім доме.

Ганна Сцяпанаўна пастаралася. Закуска была цудоўная. Выпілі віна. Потым падалі чай. Гаспадыня прынесла варэнне і, вядома, уласнай выпечкі пячэнне, булачкі, торт. Алесю гэты раз было лягчэй. Яго ўжо не лічылі больш навічком.

Глядзелі тэлевізар, круцілі пласцінкі. Потым разгаварыліся. Ганна Сцяпанаўна не перашкаджала моладзі, ціха сядзела ў мяккім крэсле ў баку і слухала.

Размова неяк сама сабой перакінулася на іх жыццё. Алесь сказаў:

— У мяне такое адчуванне, быццам на свет зноўку нарадзіўся.

— Значыць, армію закрэсліў? — Кібрык выцягнуў пачак папярос і павярнуў галаву да Ганны Сцяпанаўны: — Дазвольце?

Пыхкаючы папяроскай, ён з нейкай перавагай пазіраў на Алеся.

— Армія — гэта жыццёвая школа,— нахмурыўся Алесь.— Закрэсліваць восем гадоў службы не хачу, бо служыў не толькі па абавязку. А між тым, я заўсёды ўспамінаў завод. Рукі прасіліся да працы.

— Бач ты, якое тэарэтычнае абгрунтаванне,— Кібрык паспрабаваў зняць сур’ёзнасць, якая раптам з’явілася ў лёгкай застольнай гутарцы.— Лепш паслухайце анекдот.

— Пятрусь! — Ніна ўзняла руку.— Ты заўсёды жартуеш. Хіба табе не прыходзілася задумвацца, дзе ты і як?

— Аднойчы паставіўшы мэту, я іду да яе,— крыху напышліва адказаў Кібрык.

— Ведаю,— адмахнулася Ніна,— захацеў стаць інжынерам — стаў. А цяпер куды меціш? За начальніка планавага аддзела?

— Прымітыўна мысліш! — Кібрык засмяяўся.— На якое мне ліха тая пасада? Лішнія клопаты. А мне і так добра, без вялікага чыну.

— Дык ты шчаслівы? А што такое шчасце? — загаварыла раптам Ганна Сцяпанаўна.— Нешта я ніколі не чула, каб вы пра яго тут гаварылі.

— Шчасце — гэта задавальненне ўсіх жаданняў,— крыху падумаўшы, адказаў Кібрык.

— Канечне, калі твае жаданні адпавядаюць жаданням грамадства,— дадала Ніна,павярнуўшыся да Алеся.— Вы не згодны?

Ён адказаў не адразу, відаць, правяраючы сваю думку.

— Не згодны,— гэта прагучала некалькі катэгарычна, і ён паспяшаўся растлумачыць.— Па-мойму, дык шчасце ў іншым. Па-сапраўднаму шчаслівы той, хто ніколі не адчувае поўнага задавальнення. Бо шчасце — гэта не толькі вынік, але і шлях да мэты. Чым больш ён складаны, тым большае шчасце. Яно патрабуе ад чалавека заўсёды болей, чым дае.

— Артадокс! — Кібрык прайшоўся па пакоі, памацаў фарфоравую фігурку, што стаяла на палічцы, потым з незалежным выглядам сеў да піяніна.

Алесь нахмурыўся. Ён гаварыў шчыра, выказваючы сваё запаветнае, з чаго ніколі не жартаваў сам і не мог дапусціць, каб жартаваў хто іншы. А Кібрык дык, бадай, здзекаваўся з яго.

Умяшалася Ганна Сцяпанаўна. Яна прапанавала:

— Віна яшчэ колькі! Вып’ем.

— Праўда, хлопчыкі,— падтрымала Ніна.— Пятрусь, адкрывай шампанскае. Алесь Мікалаевіч, давайце з вамі вып’ем.

Адмаўляцца не было як. Корак стрэліў у столь, адскочыў на стол, нарабіўшы звону. Шампанскае запенілася ў шклянках.

Ахмялеўшы трохі, Алесь палагаднеў. Ён ужо больш не хацеў сур’ёзнай размовы. Ганна Сцяпанаўна пазірала на іх задаволена, з лагоднай усмешкай. Ніна ж чамусьці стала задумлівай. Кібрыка яна ведала даўно, ён быў свой і здаваўся зразумелым, ясным да канца. А вось Алесь... Яна параўноўвала іх, не ведаючы, каму аддаць перавагу. Алесь нібы прасцейшы і ў той жа час незразумелы са сваёй упартасцю, катэгарычнасцю. Кібрык побач з ім выглядаў больш сталым. Ніна ўсміхнулася сама сабе. Навошта ёй параўноўваць іх, як жаніхоў, што меліся хутка пасватацца? Неяк не ўяўлялася, што Кібрык, заўсёды галантны і прылізаны, можа сказаць ёй калі-небудзь: «Кахаю». А Баравік? Ніна крадком паглядзела на Алеся. I ад таго, што яна быццам ацэньвала яго, ёй зрабілася ніякавата, і у той жа час нешта зварухнулася ў грудзях, апаліла глухой журбой. Алесь быў такі відны хлопец: высокі, плячысты, з упартай складкай на пераноссі і добрымі-добрымі вачамі.

Дадому Алесь ехаў адзін: Кібрык пайшоў некаму званіць па тэлефоне.

У аўтобусе ў такі позні час было пуставата. Алесь прыстроіўся на бакавым сядзенні побач з печкай, угрэўся і павесялеў, адчуваючы, што разам з цяплом да яго вяртаецца і нешта іншае, не менш прыемнае. Віно яшчэ крыху кружыла галаву, але думкі былі ўжо чыстыя, як веснавое паветра.

Калі раніцай на заводзе Алесь сустрэў Ніну, ён шчыра ўзрадаваўся.


VII

Ніна сама прыйшла на Алесеў участак.

Змена скончылася, а тут работа ішла яшчэ поўным ходам. Хлопцы спяшаліся давесці Сямёнаву задуму да ладу, каб ужо з наступнага дня можна было апрацоўваць валы, сумясціўшы аперацыі. Алесь быў, канечне, з імі. Ён сядзеў за сталом, над якім схіліліся хлопцы ўсёй брыгады. Каб паглядзець, што яны робяць, Ніна аж узлезла на нейкую скрыню. Ускудлачаны Алесь нешта хутка пісаў на лісце паперы, а астатнія ўважліва сачылі за кончыкам алоўка.

Ніна глядзела на Алеся, пазнаючы ў стомленых, пачырванелых вачах колішнюю радасць ад сустрэчы.

— Ты якраз прыйшла,— падхапіўся Алесь.— Мы тут зусім заблыталіся ў разліках.

— Дайце, дайце,— працягнула НІна руку,— можа я памагу.

Алесь паспешліва падаў паперку.

Падышла Зіна і села ўбаку на скрыню. Сямён пачырванеў ад задавальнення, а Пракоп спачувальна ўздыхнуў.

Ніна ўсё яшчэ трымала ў руках паперку.

— Хлопцы, я знайшла памылку ў разліках,— сказала раптам яна.

Усе зашумелі.

— Цяпер усё добра, віншую вас, Дзікун! — Ніна сказала гэта з такой шчырасцю, што Сямён аж сумеўся.

— То ж мы разам...— пачаў быў ён.

— Хопіць ужо скромнічаць,— Пракоп насунуў яму кепку на вочы,— усе ведаюць, што ты — гэта наша брыгадная галава.

— Во, Булай не верыў! — не пераставаў дзівіцца Алег.— Можна ж было яшчэ ў тым месяцы...

— Бадай што так,— згадзіўся Пракоп.— Надоечы быў я на складзе. Там нарыхтовак — напэўна, на месяц усяму цэху хопіць.

— А мы адной брыгадай корпаліся,— падхапіў думку Алег.

— Хіба астатнія сядзелі склаўшы рукі? Булай жа за ўвесь цэх хварэе. Думаеце, вы ў яго першыя на жыцці рацыяналізатары? Ён жа...

— Як кажуць, сабаку на рацыяналізатарах з'еў,— падхапіў Алег.

— Эх вы! — Ніна не папракала, хутчэй разважала.— Няўрымслівасць — зайздросная рыса характару. Але толькі тады, калі не вядзе да рызыкі.

Алесь не браў удзелу ў гаворцы. Ён быў задаволены. Ён быў згодзен і з Нінай, і з Сямёнам, і, бадай, з Булаём, і можа яшчэ з кім там, каб той аб’явіўся.

Пачалі разыходзіцца. Алесь пайшоў з Нінай.

— Пойдзем пешшу,— прапанаваў Алесь,— хаця б да наступнага прыпынку..

Мінулі адзін прыпынак, другі. Іх абагнаў аўтобус, абдаўшы сінім горкім дымам. Яны весела памахалі яму ўслед. Ніна ўспамінала розныя смешныя студэнцкія гісторыі, жартавала. Алесь шчасліва пасміхаўся.

— Ведаеце,— Ніне надакучылі ягоныя маўклівыя ўсмешкі,— у нас быў студэнт. Ідзе неяк побач — ні слова. Спытала, а ён, аказваецца, у гэты час падлічвае, колькі вокан свеціцца. А вы над якой праблемай задумаліся?

— Лічу, колькі прыпынкаў прайшлі.

Ззаду засігналіў аўтобус, патрабуючы дарогі.

— Бяжым,— Ніна ўхапіла Алеся за руку. Ускочыла ў аўтобус, памахала Алесю.

Алесь яшчэ доўга стаяў, пазіраючы, як удалечыні памігвае чырвоны агеньчык аўтобуса, што павёз Ніну. Ён не адчуваў болю ад ростані. Яны заўтра сустрэнуцца зноў. А сёння ён будзе думаць толькі пра яе, пра Ніну.


VIII

Пасля сцюдзёнай, лютай зімы прыйшла вясна, ачысціла ад снегу і лёду дахі і тратуары, пачарніла дарогі. Стаялі сонечныя, ласкавыя дні. Ажывала ўсё навокал.

Другі раз Алесь абавязкова знайшоў бы прычыны, каб адмовіцца і не ўдзельнічаць у нарадзе, якую праводзіў дырэктар. Шматлікія пасяджэнні выклікалі ў яго раздражненне. Думалася, і часта не без падставы, што справы можна вырашаць без гэтых занадта працяглых размоў, пасля якіх часам ужо і працаваць не хочацца. Але зараз і нарады здаваліся ўжо не такімі страшнымі, праходзілі неяк ажыўлена, дзелавіта. I ён не адмовіўся, пайшоў нават з задавальненнем, бо, заняты работай, мала сустракаўся са сваімі калегамі з іншых цэхаў.

У калідоры і прыёмным пакоі перад вялікім дырэктарскім кабінетам было людна. Чакалі, калі сакратар аб’явіць, што можна заходзіць, а пакуль, разбіўшыся на групкі, размаўлялі.

Алесь спыніўся ў самым пачатку калідора, выбіраючы, да каго б прымкнуць, і шкадуючы, што ніхто з блізкіх сябрукоў яшчэ не прыйшоў. Ён павольна рушыў да дзвярэй, міжволі прыслухоўваючыся да размоў. Раптам, зацікавіўшыся, спыніўся. Гаварылі двое незнаёмых.

— Мастак Булай. Чулі? Начальству ініцыятыўку збіраецца падкінуць. Своечасова,— сказаў адзін.

— Хапае каня за грыву? — спытаў другі.— Учэпісты...

Падслухоўваць было няёмка. Алесь адышоў, губляючыся ў здагадках: чаму яны так гавораць пра Булая. На шчасце, паявіўся Кібрык. Алесь сказаў яму пра падслуханую размову.

— Пхэ!..— Кібрык нібы здзіўляўся, што Алесь не ведае такой дробязі.— Я лічыў цябе асобай, прыбліжанай да імператара. А ты, аказваецца, разява. Няўжо-такі Булай нічога не гаварыў?

— Не гавары загадкамі,— аж узлаваўся Алесь.— Можна падумаць, што тут справа нячыстая.

— Лічы як хочаш. Толькі спачатку набярыся цярпення і выслухай. Булай выступае з ініцыятывай, якая нарадзілася ў нетрах вашага цэха.

— Першы раз чую,— не паверыў Алесь.

— Цішэй ты, раптам хто пачуе... Ты ж кампраметуеш свайго начальніка. Булай сёння аб’явіць, што сакавіцкі план цэх выканае на сто дваццаць працэнтаў. Гэта адно. А па-другое, Ніна Ганакова абвяла цябе вакол пальца. Сёння яна выступае з заклікам, каб кожны інжынер меў план асабістага ўдзелу ў асваенні новай прадукцыі. Гэта, кажуць, яна пасля таго, як памагла Дзікуну, прыдумала.

«Мне ані слова,— прыкра падумаў Алесь,— а Кібрыку сказала».

— Я думаў, што-небудзь іншае. Не разумею, навошта звон...

— Ініцыятыва, дзівак. Цяпер многія інжынеры на вытворчасці будуць мець падобныя планы і займацца імі ў нерабочы час, так сказаць, на грамадскіх пачатках. Нават, калі частка іх планаў ажыццёвіцца, то якая выгада цэху, заводу. Кумекаеш? За гэта Булаю шмат якія грахі даруюць.

— Грахі?

— Адзін бог бязгрэшны, але і таго няма,— Кібрык не захацеў гаварыць больш. Яго паклікаў нехта, і ён пайшоў, памахаўшы Алесю рукой.


...Слухаючы выступленне Булая, Алесь падумаў, што да яго, часам, несправядліва ставяцца. Вось як тыя два ў калідоры, як, нават, Кібрык. Булай гаварыў упэўнена, натхнёна, пераканаўча. Расказаў пра пачын Ганаковай, аб прапанове Дзікуна, давёў, якія перавагі атрымае цэх, калі будзе ўкаранёна тое, што задумана.

— Гэта справа некалькіх бліжэйшых дзён,— урачыста абвясціў пад канец выступлення Булай.

Яму не апладзіравалі толькі таму, што на вытворчых нарадах не было такога звычаю. Але нібы хваля пракацілася па дырэктарскім кабінеце.

У перапынку Булай знайшоў Алеся, пацікавіўся, што думае ён пра нараду. Алесь шчыра сказаў, што ў захапленні, і пашкадаваў, што раней не ведаў пра гэтыя планы.

— Прызнайся,— Булай не хаваў сваёй радасці ад таго, што ўдала выступіў, быў гаваркім, уважлівым,— крыўдуеш на Ганакову? Я сачыў за табой. Выгляд у цябе быў, нібы чаго гарачага ўхапіў, ні праглынуць, ні выплюнуць. Я, грэшны, быў падумаў, што ты незадаволены.

— Што вы, Васіль Міхайлавіч! Хіба можна. Гэта ж слава ўсяму нашаму цэху.

Ні Кібрык, ні тыя двое, размову якіх Алесь нечакана падслухаў, не памыліліся. Пасля перапынку крытыка неяк сама сабой пайшла міма механічнага цэха. Булая папракалі, але злёгку, а больш хвалілі. За смеласць, за ўменне разгледзець новае, своечасова падхапіць, выпеставаць. Тон задаў дырэктар.

У гэты дзень Алесю яшчэ раз давялося слухаць выступленне Булая. Паміж дзвюма зменамі Булай загадаў сабрацца на кароткі мітынг. Ён расказваў рабочым цэха аб нарадзе. Нават Алесю падумалася, што, менавіта, так усё і было. А Булай, паўтарыўшы абавязацельствы, якія ўзяў ад імя цэха, раптам абрушыўся на скептыкаў і малавераў, што не адчуваюць сілы калектыву, не хочуць лішніх клопатаў, збіраючыся і надалей спаць у шапку.

— А яны ў нас ёсць? — спытаў Алесь у Пракопа.

— Новае нараджаецца ў барацьбе са старым — любімы тэзіс Булая,— шапнуў Пракоп у адказ.— На шляху пачыну ён заўсёды бачыць перашкоды.

Пад канец мітынгу прынеслі шматтыражку. Газетчыкі, як і мае быць, яшчэ напярэдадні аб усім даведаліся і паспелі выпусціць спецыяльны нумар. На першай старонцы было фота Булая і Ганаковай з кароткім подпісам: «Нараджэнне пачыну». Астатняе расказваў артыкул.

Алесь паглядзеў на Ніну. Яна стаяла блізка ад імправізаванай трыбуны, расчырванелая, усхваляваная. Нехта падаў ёй газету. Ніна зірнула, расцвіла.

Узрадаваная, яна падышла да Алеся, папракнула, аднак, не надта сярдзіта:

— Не павіншаваў мяне...

— Ты, аказваецца, умееш скрытнічаць? — пакрыўдзіўся і ён.

— Даруй. Не паспела.— I таму, што ён усё яшчэ хмурыўся, міла бянтэжачыся, сказала: — Хочаш, увесь вечар з табой буду?

Ці хацеў ён лепшага!..

Да іх падышоў Паўлавец.

— Бачу, вы болей не заклапочаны штурмаўшчынай,— пажартаваў той і прапанаваў Алесю прысесці побач на пусты аўтакар.

— Як вы думаеце, Дзікун карысную справу надумаў?

— Дзіўнае пытанне...

— Дзіўнае, кажаце? А-а, вы ж актыўны ўдзельнік, толькі без лаўраў...— Паўлавец хітра прыжмурыўся, чакаючы, што будзе казаць Алесь. Але той маўчаў.— Веру, што лаўры вам не патрэбны. Хачу прапанаваць вам тое-сёе. Ужо колькі дзён мінула, як было даказана, што думка Дзікуна сапраўды мае права на існаванне. А воз ні з месца. Пакуль толькі брыгада Дубасава можа сумяшчаць аперацыі, дый толькі таму, што самі хлопцы прыдумалі гэтую справу. А іншыя? У нас жа па шасці лініях каленчатыя валы праходзяць. ·

— Так працуючы, ста дваццаці працэнтаў не нацягнем,— сказаў Алесь.

— Хіба толькі аб працэнтах клопат,— неспакой пачуўся ў голасе Паўлаўца. Алесю аж няёмка зрабілася за сваю лёгкадумнасць.— Запасныя часткі да новых машын амаль не выходзяць з завода. Вось у чым бяда. Ад вас я хачу, каб вы дапамаглі гэтай бядзе. Як? Трэба арганізаваць гурток тэхмінімуму. Адну групу самі вазьміце, хлопцам Дубасава па групе дайце. За некалькі дзён брыгады асвояць новую тэхналогію. Згодны?

— Пра што гаворка!..

— То дамаўляйцеся з хлопцамі, а потым да Булая. Ягонае бласлаўленне патрэбна, каб хутчэй кола закруцілася,— і толькі, калі ў прынцыпе было дамоўлена, Паўлавец запрасіў Алеся ў партбюро, каб абмеркаваць дробязі.


IX

— Слушна, слушна,— ківаў галавой Булай, калі Алесь расказаў пра рашэнне арганізаваць тэхнічную вучобу.— А што, сам надумаў?

— Макар Сяргеевіч падказаў. Мы з ім амаль усё прадумалі. Вашага прысуду дяпер чакаем.

— Ого! Прысуду чакаеш, а сам партыйнай падтрымкай заручыўся. Хітрун, хітрун!.. Але малайчына, не спіш у шапку!

Аднак, пазней, на аператыуцы, Булай расхваліў Алеся за ініцыятыву, дадаўшы, што вельмі задаволены творчым неспакоем калектыву.

— Не шанцуе вам,— сказаў Алесю Пракоп,— хай бы тыдзень які назад гэта здарылася, на ўвесь завод праславіліся б.

— Далібог, я тут ні пры чым. Гэта Паўлавец,— пачаў быў апраўдвацца Алесь.

— Жартую,— супакоіў Пракоп.— Адно праўда — хутчэй трэба за справу.

Хлопцы з брыгады Дубасава адчувалі сябе імяніннікамі. Алесь нават дзівіўся, адкуль яны сілы і час бяруць, каб і змену папрацаваць, і з гурткоўцамі пазаймацца. А Пракоп ды Алег яшчэ і у інстытут паспявалі.

Парыў, якім жыла брыгада, перадаўся іншым. Людзі ўбачылі, што план, абвешчаны Булаём. пачаў станавіцца рэальнасцю.

Як часта бывае, адна добрая прапанова пацягнула за сабой новыя. На адным участку прыдумалі, як змяніць парадак паступлення дэталей на лінію. Другія — пераставілі людзей, і атрымалася, што тыя ж аперацыі можна рабіць пры меншай колькасці рабочых.

Тым часам пачалася трэцяя дэкада. Адрываючы раніцай чарговы лісток календара, Алесь хмурыўся ўсё больш і больш. На месячным графіку крывая ўпарта не хацела паўзці за трывожную сінюю рыску пяцідзесяці працэнтаў. Каб паправіць становішча, трэба было хутчэй укараняць тое новае, што выявілася ў цэху. А Булай чамусьці марудзіў. Алесь пайшоў да яго.

— Вось загад,— паказаў начальнік цэха,— тры лініі з заўтрашняга дня пяройдуць на працу паводле метаду Дзікуна.

— Але ж мы можам перавесці ўдвая больш,— падказаў Алесь.

— Новае прывіваецца не адразу,— павучальна растлумачыў Булай,— гэта ісціна. А калі так, не будзем рызыкаваць.

Можна было спрачацца, даказваць. Але ў Булая быў вопыт, а ў Алеся толькі ўпэўненасць, якая пакуль што грунтавалася на адной інтуіцыі. Алесь зажурыўся. Было крыўдна, што справа, якая пачыналася так добра, не дае поўнай аддачы.

Але ён не ведаў здольнасцей свайго начальніка. Калі здавалася, што ўсё загінула, Булай знайшоў выйсце.

— Не будзе плана па наменклатуры, дадзім па агульнаму кошту прадукцыі. У дырэкцыі дамовіўся.

Кібрык расказаў Алесю, што Булай прадставіў заводакіраўніцтву шырокі план па ўкараненню знойдзеных резерваў. Паскардзіўся, што не хапае сілы і часу на ажыццяўленне гэтых задум. Яму і пайшлі насустрач. Фармальна гэта выглядала правільна. А па сутнасці недзе не дачакаюцца патрэбных дэталей, а недзе ў склады трапіць яшчэ адна партыя заляжалых запасных частак. Алеся засмучала і другое. Той добры ўздым, які быў ахапіў цэх, паступова спадаў. Людзі проста выконвалі месячную праграму, працавалі іншы раз без выхаднога.

Булай у гэтыя дні амаль не пакідаў завод. Ён быў заўсёды там, дзе цяжка, падказваў, падбадзёрваў:

— Не сумуйце, хлопцы, мы ў наступным месяцы дакажам скептыкам і малаверам. У нас ёсць свая сакрэтная зброя.

Булай стараўся не зганьбіць сваё добрае імя выхавальніка і заступніка новага, перадавога. Для яго гэта азначала не толькі падтрымаць рацыяналізатарскую прапанову, удалы пачын. Трэба было яшчэ даказаць, што толькі ён адзін здольны прабіць новаму дарогу. Так паяўляліся малаверы, скептыкі, раўнадушныя. У механічным іх чамусьці было заўсёды многа, што б хто ні прыдумаў цікавае або карыснае, болей, чым дзе б то ні было. Праўда, Булай ніколі не называў імёнаў, гаварыў, што жыццё само пасарамаціць кансерватараў.

Не прапускаючы нічога міма сваёй увагі, унікаючы ў кожную дробязь цэхавога жыцця, падмяняючы дзе трэба і дзе не трэба намеснікаў, інжынераў, майстроў, Булай не паспеў своечасова ўкараніць прапанову Дзікуна, выкарыстаць задуму Ганаковай, хаця добра разумеў, якую выгаду атрымаў бы ад гэтага цэх. Але прызнавацца ў сваім бяссіллі не хацелася таксама, нават сабе. Выручылі скептыкі, малаверы і кансерватары. Ён так іх граміў у тыя дні, калі план апынуўся перад пагрозай, што сам паверыў у іх існаванне, у тое, што дзейнічае ў імя праўды. Але ён не спаў у шапку. 3 дапамогай Кібрыка зноў перасунуў графікі выпуску новых валоў, замяніў іх старымі асвоенымі мадэлямі.

Алесь асцярожна быў папракнуў Булая, што паўтараецца ранейшае, а прагрэсіўныя метады працы занядбаныя.

— I цябе аблыталі,— з жалем сказаў Булай.

— Хто? Чым?

— Хіба я не гаварыў табе пра крыкуноў? — Булай пацёр далонямі скроні, стомлена апусціў вейкі.

— Стаміліся вы, Васіль Міхайлавіч.

— Інакш працаваць не ўмею, і табе не раю.— Булай усё яшчэ падазрона глядзеў на Алеся.

— Таму і гавару, Васіль Міхайлавіч. У вас няма нічога даражэйшага за работу, вы мяне зразумееце. Ніхто мяне не падвучваў. Сам хачу сумненні высветліць.

— Мала табе адной ініцыятывы? Другую прыдумаў: мяне крытыкаваць. Крытыкуй. Дзеля карысці справе ўсё стрываю. Я праінфармаваў кіраўніцтва завода. I мне сказалі, што можам тое-сёе са старой наменклатуры прапусціць. Так што дзейнічаю ў інтарэсах дзяржавы. Не думай, я дысцыпліну разумею. Вось што,— Булай быў пайшоў, потым вярнуўся.— Слухай, Саша, ледзьве не забыўся. 3 першага пойдзеш за старшага майстра, замест Ганаковай.

— А яна куды? — лёс Ніны цікавіў Алеся больш за свой.

— Зменным інжынерам. Задаволены?

— Ведаеце, Васіль Міхайлавіч, толькі не крыўдуйце. Мне не хацелася б. Здружыўся са сваімі брыгадамі, асабліва з Дубасавым. Толькі асвойтаўся, і на іншае месца. Не хацелася б.

— Не настойваю, але, думаю, так лепей. Мы з табой гаварылі ўжо. Трэба думаць пра інтарэсы дзяржавы... Усё будзе залежаць ад цябе.

«Зноў інтарэсы дзяржавы,— думаў Алесь, застаўшыся адзін.— Булай пра іх напамінае пры кожным выпадку. А як жа тады сумненні? Ці развеяліся яны? Цэх жа мог зрабіць большае».

Але вінаваціць Булая, як спачатку, не адважваўся. Алесь заўсёды захапляўся людзьмі, якія мелі сваю адзіную мэту і жылі дзеля яе. А Булай быў такі.

«Трэба будзе памагчы яму,— рашыў Алесь,— навалімся разам — рушым хутчэй».


X

Апошнія дні Алесь быў амаль шчаслівы. Была работа, была Ніна. Шчасце поўніла грудзі, хацелася зрабіць нешта вялікае-вялікае. Ён дабіўся нарэшце, каб паводле прапановы Сямёна Дзікуна, працавалі ўсе лініі, якія апрацоўвалі каленчатыя валы. Вытворчасць прадукцыі расла. Булай касавурыўся, стараючыся не паказаць выгляду, што незадаволены Алесевай настойлівасцю. Але Алеся ўжо не задавальняла зробленае. Ён насіўся з ідэяй, каб выконваць зменнае заданне за шэсць гадзін, а сёмую працаваць звыш плана.

I раптам першая хмурынка на чыстым небасхіле. Ніну пасылалі ў камандзіроўку на такое ж прадпрыемства, як і іхняе.

— Нашто табе ехаць? — пытаўся Алесь.

У адказ Ніна толькі весела смяялася. Расстанне яна не брала блізка да сэрца. А калі ён занадта настойліва прасіў застацца, казала:

— Ты — феадал!

Алесь не ведаў, ці кахае Ніна яго. Ён спадзяваўся. «Ты феадал» — у Нініных вуснах гучала для яго як прызнанне. Але спакою не прыбаўляла.

Поезд на Маскву адыходзіў позна ўвечары. Аднак Алесь прымчаўся да Ганаковых адразу пасля дзённай змены. Прымасціўшыся ў кутку на тахце, паныла глядзеў, як Ганна Сцяпанаўна збірае Ніну ў дарогу. 3 ім спрабавалі загаварыць, развесяліць, асабліва старалася Ганна Сцяпанаўна. Ён пакрыўджана маўчаў.

Ніна хадзіла па пакоі, нешта брала, нешта клала, часам жартавала. Ёй было весела, надавала жвавасці блізкая дарога, якой яна жыла, напэўна, з таго самага моманту, калі даведалася пра камандзіроўку.

Алесь адчуваў, як з кожнай хвілінай ён нібы аддаляўся ад Ніны ўсё болей і болей.

Ганна Сцяпанаўна заўважыла гэта, уздыхнула, падышла да Алеся, жартаўліва сказала:

— Не звяртайце на яе ўвагі, Саша. Мы тут з вамі такі занятак знойдзем... Яна яшчэ пазайздросціць. Вы будзеце наведваць мяне, старую?

— Што ты, мама!..— высунула галаву з-за дзвярэй Ніна,— у яго такая дзяўчына, наша табельшчыца. А ты...

Алесь хацеў быў запратэставаць і нечакана сказаў:

— Не дзяўчына — золата. Але вас, Ганна Сцяпацаўна, не забуду.

— Вось чуеш, мама,— Ніна нібы жартавала, але маці пачула ў яе голасе трывожныя ноткі. Яна паглядзела на дачку, уздыхнула, потым перавяла задумлівы позірк на Алеся.

На вакзал прыехалі перад пасадкай. Уся дэлегацыя завода была ўжо ў зборы. Ніна адразу пакінула маці і Алеся, далучылася да тых, хто ад’язджаў.

— Не паспееш, ці што? — строга сказала Ганна Сцяпанаўна.

Ніна толькі адмахнулася. Дарога вабіла, хвалявала, дык навошта быць з тымі, хто застаецца?

Алесь, які трохі развесяліўся, пакуль дабіраліся да вакзала, зноў спахмурнеў. Прыхінуўшыся да калоны, ён назіраў, як Ніна снавала ад аднаго са сваіх спадарожнікаў да другога, ажыўлена размаўляла, смяялася. Вось яна падышла да Кібрыка, нешта сказала. Кібрык падміргнуў, узяў яе далікатна пад локаць, падвёў да буфета.

Абвясцілі пасадку. Ніна на хвіліну падбегла, хацела ўзяць чамаданчык.

— Данясу,— буркнуў Алесь. А маці непрыкметна тузанула Ніну за рукаў.

Ніна прытворна ўздыхнула і сціпла пайшла побач. Затрымаўшыся ў тамбуры роўна на столькі, каб сказаць бывайце, Ніна адразу схавалася за чыёйсьці шырокай спіной.

Ганна Сцяпанаўна прабавала развесяліць Алеся. Ён адказваў, бо маўчаць было няёмка, і не заўважаў, што адказвае недарэчы. Ён не думаў, што так цяжка будзе расстацца з Нінай, хоць на кароткі, але такі доўгі тыдзень. Як то яму будзе без яе?

Пасля ён увесь час адчуваў, як нестае яму Ніны. На рабоце было яшчэ нічога. А ў вольную хвіліну не ведаў, куды дзець сябе. Не мог ні чытаць, ні ў кіно схадзіць. Ганну Сцяпанаўну наведаў назаўтра ж, як паехала Ніна. Карцела пайсці да Ганаковых і ў наступны вечар. Там было лягчэй. Але палічыў няёмкім надакучаць штодня.


XI

Ніна прыехала, не папярэдзіўшы Алеся. Ён сустрэўся з ёю толькі на заводзе. Ўзбуджаная, гаваркая, яна расказвала сябрам пра паездку. Алесь падышоў, прыслухаўся. Ніна заўважыла яго і, нібы яны развіталіся ўчора ўвечары, кіўнула галавой, не перастаючы расказваць пра балетны спектакль, які бачыла ў Маскве ў Вялікім тэатры.

У гэты час падышоў Булай. Ніна пайшла яму насустрач.

— Я так удзячна вам, Васіль Міхайлавіч, за камандзіроўку. Мы столькі пабачылі...

Не слухаючы, што ўбачыла Ніна яшчэ, Алесь з цяжкім сэрцам адышоў. У Ніны для яго не знайшлося ані слова. «Ну і няхай, я не падыду больш да яе»,— думаў ён.

Але варта было Ніне ў канцы дня прапанаваць яму схадзіць разам на вечар у заводскі Палац культуры, як ён забыўся на ўсе крыўды.

— Ты не заходзь па мяне, — спачувальна сказала яна. — Лепш адпачні. У цябе стомлены выгляд. Сустрэнемся там.

Ён заявіўся ў Палац адным з першых. Шырокая лесвіца, што вяла на другі паверх у файе, засцеленая прыгожай дывановай дарожкай, была яшчэ пустая. Алесь падняўся ў файе. Там ён сутыкнуўся з Сямёнам і Зінай. У чорнай, глыбока дэкальтаванай сукенцы, з белымі каралямі на шыі, Зіна была вельмі прыгожая. Сямён, пэўна, адчуваючы гэта, крочыў побач з ёй нясмела, раз-пораз беручы дзяўчыну пад руку і тут жа адпускаючы.

— Алесь Мікалаевіч,— не сцярпеў Сямён,— на май мы вырашылі справіць вяселле.

Зіна зачырванелася.

— Праўда? — чамусьці перапытаў Алесь і, спахапіўшыся, што гэта бестактоўна, дадаў:— Віншую! Ад шчырага сэрца.

Ён адышоў, а потым азірнуўся. Зіна нешта гаварыла Сямёну, і той стаяў, апусціўшы галаву. Але якая была Алесю справа да Сямёна і Зіны. Ён чакаў Ніну.

Паступова вестыбюль запаўнялі людзі. Зрабілася шумна, мітусліва. Алесь выцягваў шыю, каб не празяваць, калі паявіцца Ніна. У натоўпе прамільгнуў Пракоп.

— А, во дзе ты!..— сказала нечакана недзе зусім побач Ніна.

Алесь сумеўся, пачаў апраўдвацца.

Ніна падышла, па-гаспадарску зняла нейкую нябачную пушынку з яго пінжака.

— Я цябе столькі шукала... Пойдзем, нарэшце.

3 натоўпу выбраўся ўскудлачаны Кібрык, параіў:

— Танцуй, Саша, танцуй. Размовамі дзяўчыну не ўтрымаеш.

Алесь нерашуча зірнуў на Ніну. Ён быў не вельмі ўмелым танцорам, і Ніна ведала гэта. Кібрык, жартуючы, запрасіў Ніну. Яна згадзілася.

— Круцёлка ты, Нінка,— усміхнуўся Пятрусь.— Кінь ты яе, Сашка, пакуль не ажаніўся.

— Я табе кіну,— пагразіла Ніна пальцам Кібрыку.

Што было рабіць Алесю? Чакаць, пакуль вернецца Ніна? Яна можа і не вернецца, бо ўпэўнена, што яго крыўда скора развеецца. Вунь як сказала Кібрыку, калі той параіў кінуць! Не, ён ужо не можа яе кінуць, бо тады не застанецца нават надзеі. Алесь павольна пайшоў па краі залы, стараючыся адшукаць вачамі Ніну і Петруся.

— Я памагу вам, Алесь Мікалаевіч! — Ён азірнуўся. Зіна стаяла строгая і насмешлівая.

Алесь сумна паківаў галавой.

— Пойдзем, я люблю вальс,— запрашала Зіна.— Ды не бойцеся. Я ж хутка замуж выйду.

Дзяўчына была непадобная на ранейшую гарэзніцу. У вачах ужо не скакалі смяшынкі, якіх пабойваўся некалі Алесь. Вочы цяпер быццам пабольшалі, ім прыдалося журбы. Яны глядзелі ўважліва, дапытліва, са спачуваннем, нібы ўбачылі нешта такое, што невядома астатнім.

Адмовіцца было нельга. Алесь проста сказаў:

— Вальс, бадай, адзінае, што я ўмею.

Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Яна, здавалася, зусім не заўважала тых, хто кружыўся побач, Яна, здавалася, не бачыла і Алеся, аддаўшыся ва ўладу чароўнай музыкі вальса.

— Пра што вы думаеце, Алесь Мікалаевіч?

— Не ведаю. Музыка...

— I я люблю вальс,— Зіна падалася бліжэй, каб Алесь чуў, што яна гаворыць.— Пад яго гукі можна думаць і не думаць, праўда?

— А пра што вы думаеце? — не ўтрымаўся Алесь.

— Пра тое ж, пра што і вы,— сказала Зіна і сумна ўсміхнулася.— Ну, здаецца, натанцаваліся. Дзякуй, не праводзьце. Я сама.

Яна пакінула Алеся, адышла.

Паявілася Ніна. Яна не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівая і ласкавая. Зноў, як некалькі дзён раней, яны пешшу ішлі да Нінінага дома.

— Нарэшце, Саша,— сустрэла яго Ганна Сцяпанаўна,— я дык вас прачакалася.

— Што ты, мама, ён з-за цябе толькі і ходзіць да нас. На мяне дык і глядзець не хоча,— жартуючы, гаварыла Ніна, распраналася і папраўляла перад люстэркам прычоску.— Але, мама, мы яго нікому не аддадзім, — Ніна адабрала ў Алеея шапку, сцягнула паліто. Яна верыла зараз у тое, што гаварыла.— Праўда, мама?

Алесь быў шчаслівы.


XII

Была сярэдзіна красавіка, шырылася перадсвяточнае спаборніцтва. Механічны цэх узяў самыя высокія абавязацельствы. Булай пры выпадку падкрэсліваў:

— Мы авангард завода! На нас раўняюцца!

У «маланках» штодня адзначаліся лепшыя брыгады, паведамляліся імёны перадавікоў.

У апошнія дні Алесь неяк мала аддаваў увагі справам у цэху. Ніна была з ім, і яму, здавалася, нічога іншага не трэба было. Узбуджаны тон Булаёвых выступленняў на аператыўках, гучныя плакаты, што віселі ў пралётах, усё сведчыла, што справы ідуць добра. Алесь пазбыўся сваіх нядаўніх трывожных сумненняў. I раптам рэпліка, якую ён пачуў, калі разам з групай рабочых стаяў ля новага выпуску «маланкі». Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець. Я ж пазалеташняе кляймо з новай датай стаўлю».

Алесь нібы прачнуўся. Успомніліся гарачыя размовы з Пракопам, гутарка з Паўлаўцом. Ён адчуў сябе вінаватым перад хлопцамі.

Упершыню за ўвесь час сяброўства расказаў ён Ніне аб сваіх колішніх і сённяшніх неспакойных думках. Раней ён не адважваўся надакучаць ёй сваімі клопатамі.

— Дакуль мы будзем выязджаць на старой наменклатуры? — пытаўся Алесь.

Яны сядзелі ў Ніны дома, глядзелі тэлевізар.

— А нам што? План ёсць план.

— Нават заганны? — Алеся ўжо зусім не цікавіла перадача. — Нават зроблены з дапамогай Кібрыка?

— На новай марцы мы завалімся. Хіба ты не разумееш?

— Затое чэсна скажам: зрабілі, што ўмеем.

— Добры ты сябар Васілю Міхайлавічу, аднак. Яго і без цябе клюе начальства. Давай лепш глядзець тэлевізар.

— Саша праўду кажа,— Ганна Сцяпанаўна сабрала рукой крошкі з абруса, перасела на мяккае крэсла, адкуль было зручней глядзець. — Па-мойму, раз новае — значыць лепшае.

— Мама, ты нічога не разумееш. Алесь злуе на Петруся, а хоча падкапацца пад Булая. Ведаем мы такую прынцыповасць.

Гэта было несправядліва, і Алесь пакрыўдзіўся. Часта, вельмі часта хацелася параіцца з блізкім чалавекам, высветліць што-кольвек незразумелае, унесці яснасць у пытанне, якое раптам усхвалявала. Хіба Ніна не была яму такім блізкім, нават самым блізкім чалавекам? Дык чаму яна не хоча яго зразумець? Не дачакаўшыся канца перадачы, Алесь падняўся.

Праводзіла яго Ганна Сцяпанаўна.

Вярнуўшыся ў пакой, Ганна Сцяпанаўна зірнула ў акно — недалёка ад іх дому быў аўтобусны прыпынак. Адзінокая постаць паныла тырчала на прыпынку.

— Ніна, — сказала маці, — ён можа не вярнуцца...

— Нідзе не дзенецца,— не адрываючыся ад экрана, упэўнена адказала Ніна.

— Ой, дачушка, глядзі, такімі хлопцамі не грэбуюць. Ды кінь ты свой тэлевізар! — абурылася Ганна Сцяпанаўна.

— Ну, не крыўдуй. Ведаю, харошы ён хлопец. Але, мама, я ж лепш за яго разбіраюся, што адбываецца на заводзе. Навошта ён ганьбіць Васіля Міхайлавіча?

— А хіба ён кажа няпраўду?

— Праўду ці не, але Васіль Міхайлавіч не дзеля сваёй выгоды стараецца. Ён жа ўсе сілы аддае цэху. Акрамя таго, ён столькі для мяне зрабіў.

— Падумаеш, на работу ўзяў! Ну, была б на іншым заводзе... Усюды людзі.

Ганна Сцяпанаўна працёрла шыбу, паглядзела ў акно, жахнулася:

— А ён жа не паехаў. Няўжо не было аўтобуса?

Аўтобус быў. Алесь прапусціў яго. Ён спадзяваўся, што Ніна адумаецца, выбежыць, каб вярнуць яго.

Падышла другая машына. Алесь асцярожна азірнуўся на Нініна акно. Яно свяцілася халодным жаўтаватым святлом.

— Садзіцеся,— крыкнула кандуктарка,— мы апошнія.

Чакаць больш не было чаго, і Алесь ускочыў у дзверцы, якія закрыліся з нудным скрыгатам.

Праз усю дарогу Алесь да дробязей перабіраў у памяці сённяшні вечар, Нініны паводзіны. Яму было б лягчэй, каб яна была толькі няўважлівай. Але ці была павага? Ніна нават не захацела выслухаць, памагчы разабрацца, калі ён, можа, памыляўся, шчыра нешта параіць.

Ён многа перадумаў за тую ноч. Ці правільна ён робіць, што маўчыць? Але з кім пагаварыць? У яго было чатыры больш ці менш блізкія чалавекі на заводзе: Ніна, Булай, Пракоп і Кібрык. 3 Нінай пагаварыў. Булай... Была спроба таксама. Пятрусь?

Сярод ночы Алесь спусціўся ўніз, у пакой каменданта інтэрната, пазваніў Петрусю. Тэлефон доўга не адказваў. Нарэшце Пятрусь зняў трубку. Ён ледзьве зразумеў, хто звоніць, чаго ад яго хоча, і, пазяхаючы, выціснуў з сябе: «Цілім-бом, пажар, Булаю патрэбен вогнетушыцель». Большага Алесю не ўдалося дабіцца — Кібрык быў п’яны.

Толькі на аператыўцы Алесь успомніў, што ёсць яшчэ Паўлавец. Ён пашукаў вачамі Макара Сяргеевіча і не знайшоў. Потым здагадаўся, што Булай не запрашае Паўлаўца на такую нараду. Парторг — радавы рабочы, а нарада — вытворчая, для каманднага саставу цэха. Службовай іерархіі Булай прытрымліваўся строга.

Паўлаўца Алесь сустрэў у час абедзеннага перапынку ў сталоўцы. Селі за адзін столік, разгаварыліся. Макар Сяргеевіч слухаў уважліва, нават лыжку адклаў у бок.

— I вось я спыніўся, як кажуць, на раздарожжы,— закончыў Алесь і папрасіў: — Памажыце разабрацца, можа што не так разумею.

— Але ж давайце есці,— спахапіўся Макар Сяргеевіч, так нічога і не адказаўшы. Потым, калі ўжо разыходзіліся, паабяцаў: — Пагавару з Булаём, нешта, відаць, трэба мяняць у нашай рабоце.

Ужо на наступнай аператыўцы Алесь слухаў Булая і дзівіўся. Начальнік цэха гаварыў надзвычай разважліва, лагодна, цярпліва выслухоўваў кароткія справаздачы, нікога не перабіваючы рэплікамі. Гэта было не падобна на яго. Чакалася бура. Яна надышла непрыкметна. Булай пачаў здалёк. Ён расказаў аб тых задачах, якія паставілі перад цэхам дырэкцыя і партком, прывёў прыклады працоўнага ўздыму рабочых, успомніў аб новых пачынах, што нарадзіліся ў цэху. Потым раптам заявіў:

— Поспехі маглі быць большыя. Але ёсць сярод нас людзі, якім асабістыя ўдачы даражэй за ўсё. Яны ходзяць, вышукваюць недахопы. Паглядзіш на такога збоку — змагар за праўду! А капянеш глыбей — нутро ў яго гнілое. Бачыце, паабяцалі яму пасаду і не далі адразу, памаглі тое-сёе прыдумаць, а на шчыт славы не ўзнялі. I ён затаіў у душы крыўду, крытыканствуе. Іменна крытыканствуе, бо крытыка — справа прынцыповая.

Прозвішча Булай не назваў. Людзі недаўменна зашапталіся.

— Думаю, што калі ён смелы чалавек, калі бярэцца павучаць нас,— казаў начальнік цэха,— то скажа аб усім шчыра, а не будзе плявузгаць па завуголлі ды абзваньваць тэлефоны.

Алесь дзівіўся разам з усімі. Яму і ў галаву не магло прыйсці, што Булай меў на ўвазе яго.

— Ну што ж, таварышы, цяпер вы самі бачыце, што ён палахлівец.— Голас Булая ўзмацнеў.— Дык скажам яму прама: калектыў — магутная сіла, і мы здолеем зламаць і крыкуноў, і малавераў. Усё.

Пасмяяўшыся трохі з Булаёвай падазронасці, Алесь з Пракопам вярнуліся на свой участак. Сямён стаяў ля выключанага станка.

— Што здарылася? — кінуліся да яго майстар і брыгадзір.

— Пачынае барахліць, калі не паправіць, можна вывесці са строю.

Цэх уступіў у гарачую пару. Выключы станок на гадзіну-дрўгую, і паставіш пад пагрозу зменнае заданне ўсяго ўчастка. Будуць тады так прабіраць, што не ўзрадуешся. Алесь задумаўся. Вельмі не хацелася трапіць начальніку цэха пад гарачую руку. Можа загадаць Дзікуну працаваць? Ніхто не папракне за гэта. Праўда, гавораць многа пра тое, што нельга дапускаць, каб абсталяванне працавала на знос. Алесь быў ужо наважыўся сказаць Сямёну: ідзі працуй, але ўспомніў, што станок можа зусім сапсавацца на наступнай змене. А тады прастой будзе ўжо не дзве гадзіны, а куды болей. I Алесь рашыўся:

— Будзем рамантаваць!

Пракоп з адабрэннем паглядзеў на майстра і сам пабег па слесараў.


XIII

Зазвінеў тэлефон. Булай любіў позна заседжвацца ў сваім кабінеце, хоць пільнай патрэбы ў гэтым не было. Але ён не даваў волі сваім падначаленым, усё стараўся вырашыць сам. Пачаўшы працаваць начальнікам цэха тады, калі не было ні добрых спецыялістаў, ні патрэбных умоў для працы і калі яго прысутнасць усюды сапраўды была не лішняй, Булай ніяк не мог звыкнуцца з новымі ўмовамі. Ён сумаваў па тым часе, калі мог камандаваць на поўную сілу, калі ніхто не адважваўся пярэчыць яму.

Тэлефон напомніў аб сабе зноў. Гаварыла Ганакова. Голас у яе быў усхваляваны, але Булай хутчэй зацікавіўся, чым устрывожыўся. Нічога незвычайнага ён не чакаў.

— Участак Баравіка не дацягнуў пяць працэнтаў,— паведаміла яна.

Ніна нядаўна прыняла бюро тэхнічнага кантролю, яшчэ не зусім звыклася са сваёй новай пасадай і таму з раніцы да вечара не пакідала работы. Яе служба першая заўважыла, што заданне на ўчастку Алеся не выканана, і яна, не дазнаўшыся прычыны, пачала біць трывогу.

— Дзякую,— адказаў Булай,— зараз высветлю.

Ён выклікаў зменнага інжынера. Той сказаў, што рамантавалі балансіровачны станок.

— Спраўны? — спытаў Булай.

— Працуе ўжо,— адказаў інжынер,— малайчына Баравік. Станок ледзь дацягнуў бы да канца змены, тады нам давялося б сесці ў лужыну. Зусім завалілі б заданне...

— Ацэнкі — гэта мая справа,— не зусім ветліва абарваў яго Булай.— Разбяромся...— і пазваніў сакратарцы.

— Дзе Баравік?

Жанчына здзівілася:

— Напэўна даўно дома, работа ж калі скончылася...

— Паклікаць!

Алесь з’явіўся прыкладна праз паўгадзіны.

— Што здарылася, Васіль Міхайлавіч?

Булай не адказаў, а спытаў у сваю чаргу:

— Вы што збіраліся рабіць?

Зварот на «вы», нязвыклы афіцыйны тон... Было ад чаго разгубіцца.

— Думаў спаць класціся,— не адразу адказаў Алесь.

— I як сон? Нармальны?

— Не скарджуся.

— О-о, тады можаце ісці. Дабранач!

Алесь пастаяў-пастаяў, паглядзеў на Булая, які ўтаропіўся ў свае паперкі, адказаў: «Дабранач» і выйшаў з кабінета. Толькі ад сакратаркі даведаўся, што было прычынай гэтага незвычайнага выкліку. Хацеў быў вярнуцца да начальніка цэха, але сакратарка супакоіла:

— Вы не хвалюйцеся. Зменны інжынер усё растлумачыў.

А раніцай на дошцы аб’яў вісела свёжая «маланка» з малюнкам: на станку, зручна ўлёгшыся, падклаўшы пад галаву абавязацельства, спаў майстар участка Баравік.

Аператыўка пачалася інакш, чым заўсёды. Не даючы слова начальнікам участкаў, майстрам, інжынерам, загаварыў сам Булай.

— Таварышы, учора адбылася незвычайная падзея. Участак майстра Баравіка не выкайаў задання.

Аб гэтай падзеі чулі многія, ведалі і прычыну, таму людзі зашумелі.

— Фармальна Баравік зрабіў правільна,— падняў руку Булай.— Добра, добра, я за гэта не абвінавачваю яго,— узвысіў ён голас, бо ў кабінеце незадаволена зашапталіся.— Мяне ўразіла,— не, абурыла! — іншае. Пазваніла мне Ганакова, дзякуй ёй за пільнасць, і сказала, што ўчастак Баравіка не выканаў задання. Ну, думаю, чалавек перажывае, непакоіцца, трэба яго падтрымаць, абнадзеіць. Шукаю — няма ў цэху. Нарэшце, знайшоў. А ён, аказваецца, спаць збіраецца. Спакойна спаць...— голас Булая вібрыраваў на самых высокіх нотах.— Я пытаюся ў вас, як можа кіраўнік так абыякава ставіцца да сваіх абавязкаў? Гэта можна растлумачыць толькі так: Баравік яшчэ не дарос да пасады майстра.

Булай аддыхаўся, ацэньваючы, якое ўражанне зрабіла гэтае паведамленне. Нешта, відаць, яму не спадабалася, і ён паспяшаўся сказаць больш спакойна, разважліва, з лёгкай усмешкай:

— Прашу правільна зразумець. Мы не можам адстаць у першамайскім спаборніцтве. Таму хай кожны хварэе за план. Плану і толькі плану мы павінны падпарадкаваць усё. Зробім — тады будзем спаць. А цяпер прашу выказацца па сутнасці бягучых спраў.

Нарада закончылася хутка, апраўдаўшы на гэты раз сваю назву — «аператыўка». Булай застаўся адзін. Паспрабаваў быў заняцца новым графікам, на які хацеў перавесці цэх у наступным месяцы, і не мог. Усё часцей прыходзіла адчуванне, што няма кантакту з калектывам, што не ён трымае калектыў, як гэта было калісьці, у сваіх руках, а калектыў навязвае яму сваю волю. А тут яшчэ непрыемная чутка, што дырэкцыя мае намер падзяліць цэх на два паралельныя. Хіба гэта прыемна? Адно — кіраваць самым буйным цэхам на прадпрыемстве, другое — удвая меншым, прыраўняўшыся да іншых начальнікаў цэхаў. А раптам адпасынкаваны цэх стане перадавым?..

Гэтага Булай не мог дапусціць. Трэба было нешта прыдумаць, каб быць першым на заводзе. Раней ён над такімі пытаннямі доўга не думаў. Ледзь толькі над ім навісала небяспека, як ён падаваў ідэю. Яму давалі магчымасць яе ажыццявіць, забываліся на мінулае. Бо, як вядома, пераможцаў калі і судзяць, то не вельмі строга. Але зараз, як на тое, нічога такога ў галаву не прыходзіла. А тут яшчэ Баравік са сваімі пошукамі ісціны. Яго наіўнасць можа ўзбаламуціць людзей, пачнуцца размовы, і тады...

Памочнікаў сабе Булай падбіраў прыдзірліва. Яго абкружалі людзі здольныя. Аднак большасць з іх называлі сябе «штрафнікамі». Адзін меў ужо вымову, зарабіўшы яе дзе-небудзь у іншым месцы. Другі не паехаў па накіраванню інстытута. Трэці любіў заглядаць у чарку. I кожнаму з іх Булай пэўным чынам памог. Яны былі за гэта адданыя Булаю, падтрымлівалі ў цяжкую хвіліну, даравалі Булаю ўсе яго недахопы. Такім ён спадзяваўся бачыць і Алеся, для якога сапраўды зрабіў нямала добрага.

Але Баравік не апраўдаў спадзяванняў. Булай пагартаў нарады, падпісаныя Баравіком, шукаючы, да чаго б можна было прычапіцца. Але і тут было ўсё чыста. Праўдалюбца... А капяні глыбей, дык і акажацца, што пакрыўдзіўся. Не назначылі старшым майстрам, як паабяцалі. Ну, нічога. Яшчэ пашкадуе!

Булай рашыў паставіць Баравіка на месца. Ён умеў гэта рабіць, кіруючыся тым, што нібыта дзейнічае на карысць справе. Булай умеў падпусціць туману ў вочы. Аднак у апошні час нешта нібы зламалася ў добра наладжанай сістэме. Прыходзілася траціць шмат сіл, каб даказаць, што ён дзейнічае правільна, бо камуністы цэха, прафсаюзная арганізацыя далёка не заўсёды лічыліся з яго аўтарытэтам. Але і ён быў не лыкам шыты. Да таго ж, думалася, з Баравіком будзе лягчэй: чалавек новы, за яго асабліва трымацца не стануць. А між тым яго прыклад паслужыць перасцярогай і таму-сяму іншаму.

Булай адкінуўся на спінку крэсла, расправіў плечы. Ёсць яшчэ порах упарахоўніцах! Старая гвардыя не здаецца. Булай націснуў кнопку званка. Калі з’явілася сакратарка, сказаў:

— Пасля работы чакаю Паўлаўца!

Булай выйшаў з-за стала насустрач Паўлаўцу. Правёў да мяккага крэсла, сам сеў насупраць.

— Ты прабач, Макар Сяргеевіч, што не я да цябе. Справы, многа спраў...— ён стомлена пацёр далонямі скроні.

— Што вы, Васіль Міхайлавіч, ці мне цяжка?

— Сам ведаеш, яшчэ скажуць, што Булай парушае партыйную этыку. Але, думаю, дзеля карысці справы...— Памаўчаўшы, сказаў: — Дзень і ноч не сплю. I так прыкідваю, і гэтак. Хачу параіцца і партыйнай падтрымкай заручыцца.

— Падтрымкай? — Паўлавец дапытліва зірнуў на Булая.

— Не думай, закон парушаць не збіраюся. Ломку наважыўся правесці.

— Цікава,— Паўлавец нахіліўся да субяседніка, каб было лепш чуваць — Булай гаварыў нягучна, паказваючы, што стомлены, увесь у думках.

— Падлічваў я неяк і прыйшоў да вываду,— Булай падбадзёрыўся, узяў чысты аркуш паперы, аловак. Расказваючы, маляваў квадрацікі, прамавугольнікі, злучаў іх паміж сабой прамымі лініямі.— У нашым цэху празмерна раздута сярэдняе звяно. Нас папракаюць, што цэх вялікі, плануюць нават раздзяліць. А мы ўзбуйнім участкі, брыгады, і тым самым выб’ем з рук прыхільнікаў падзелу галоўны козыр. Колькасць участкаў і брыгад у нас будзе такая ж, як і ў іншых цэхах. Кіраваць імі будзе прасцей, сабекошт прадукцыі панізіцца.

— Бадай, слушна,— зазначыў Паўлавец.

— Канечне, некаторыя расстануцца са сваімі партфелямі. Для кар’ерыстаў гэта можа і ўдар. А для сумленных працаўнікоў інтарэсы дзяржавы даражэй за асабістыя.— Нібы пабаяўшыся, што парторг не так зразумеў, паўтарыў: — Разумееш, якая выгода! Хай будзе больш рабочых, тых, хто дае матэрыяльныя каштоўнасці.

Булая быццам прарвала. Ён загаварыў узнёсла, натхнёна, бо зараз сам верыў, што задумаў перабудову цэха толькі дзеля карысці дзяржавы. I словы яго былі надзвычай пераканаўчыя. Паўлавец падаў яму руку:

— Падтрымліваю!


XIV

Побач з інтэрнатам рос рэдкі сасоннік — усё, што засталося ад лесу, які гадоў дваццаць таму назад грозна шумеў на гэтым месцы. Цяпер паміж дрэў праляглі дарожкі, на палянках паявіліся спартыўныя пляцоўкі. Зімой жыццё тут заціхала. А вясной, ледзь сыходзіў снег і падсыхала зямля, сасоннік ажываў, поўніўся людскім гоманам. Асабліва шумна было надвячоркамі. Збіраліся валейбалісты, і тады да цямна адтуль несліся гулкія ўдары па мячу, звонкія маладыя галасы, смех, крыкі.

Пасля работы Алесь пераапранаўся і садзіўся або ля акна, або выбіраў дзе-небудзь ціхі закутак і адтуль, зайздросцячы, пазіраў на валейбалістаў. Булай, думаў ён, узвёў на яго сур’ёзныя абвінавачанні. Здавалася, на заводзе паверылі Булаю, а на яго пазіраюць са знявагай. Брала крыўда на сваіх сяброў. Іх было нямнога, але, здавалася, яны былі шчырыя. Як жа яны маглі пакінуць яго, паверыць у беспрычынныя абвінавачанні! Ён прывык да шчырасці, адкрыта выказваў думкі. У арміі здаралася на партыйных сходах крытыкаваць старэйшых у чыне камандзіраў. Ніхто з іх не таіў крыўды, не трымаў пасля каменя за пазухай. Булая ж ён нават не крытыкаваў. Ён адчуваў, што нешта робіцца не так, як трэба, і хацеў зразумець, чаму гэта. Ён стараўся не на сваю карысць, і гэта было відаць кожнаму. Дык чаму раптам паверылі Булаю?

Прыгрэўшыся на вячэрнім сонейку, Алесь задумаўся аб сваіх нягодах і не пачуў, што да яго падышлі хлопцы. Пракоп паскардзіўся:

— Б’юць нас, Алесь Мікалаевіч. Выручайце.

— Але... — ён хацеў быў адмовіцца і не змог, імкліва ўсхапіўся.— Пойдзем.

На сэрцы заныла: там жа многа знаёмых. Прыйшоўшы на пляцоўку, з выклікам агледзеў валейбалістаў і збянтэжана апусціў вочы. Да яго ніхто не праявіў асаблівай цікавасці.

3 Алесевым прыходам гульня ажывілася. Ён стараўся перахапіць кожную падачу, падаў, адбіваючы моцны ўдар, спрытна біў сам. Калі гульня скончылася, ён быў потны і шчаслівы. Забыўся на Булая, на яго пагрозы. Ён быў малады і зноў адчуваў, што яго цела набіралася сілы.

— Дзякую, хлопцы, што выцягнулі, а то занудзіўся быў, — прызнаўся ён.

— Вы самі нешта пачалі цурацца нас, — сказаў Пракоп. — Булай не можа жыць, каб не накінуцца на каго. Цяпер на вас, заўтра можа — на мяне, ці яшчэ на каго. Ваюе, не спіць у шапку. Мы гэта ведаем, і да сэрца не бяром. Пакрычыць, пакрычыць — дый перастане...

— Як той казаў: а караван сабе ідзе... — растлумачыў Алег.

— Бог-Пярун патрабуе ахвяры... Так, ці што? — насмешліва запытаў Алесь. Яму ўжо не было справы да таго, што ахвярай зараз з’яўляецца менавіта ён. Яго абурыла лёгкасць, з якой Пракоп згаджаўся з гэтым.

— Во, хацеў супакоіць, падбадзёрыць, — пакрыўдзіўся Пракоп.

Алесь засмяяўся. Дарэмна ён кепска падумаў пра гэтых хлопцаў.

— А ну яго! — сказаў ён.— Пайшлі да мяне. Такую каву прыгатую.

Не паспелі дайсці да пад’езда, як іх аклікнулі. Ішоў Сямён з Зінай. Убачыўшы Алеся, Зіна спынілася, вырвала з Сямёнавай рукі сваю.

— Чулі? — Сямён быў узбуджаны, гаварыў гучна, ледзь не крычаў. — Чулі, што яна надумала?

— Сціхні! — узмалілася Зіна.

— А што, чаго сціхні? — Сямён пераможна глядзеў на сяброў: — Яна хоча да нас у брыгаду. Возьмем, га?

— Ты ўгаварыў? — усміхнуўся Пракоп, можа ўпершыню пазіраючы на дзяўчыну без іроніі.

— Сама, — Зіна раўнадушна адвярнулася, нібы гэта была не бог ведае якая падзея.

Пракоп наморшчыў пераноссе. У брыгадзе не было свабоднага месца. А як аб гэтым сказаць, каб не пакрыўдзіць дзяўчыну.

— Уладзім, — зразумеў яго ваганні Алесь і сказаў Зіне: — Я рады за вас.

— Дзякую! — яна ўспыхнула, бы макаў цвет.

— Чаго ж мы стаім? — апомніўся Алесь. — Сямён, Зіна, хадзем да мяне!

Сямён пакруціў галавой, але адмовіцца не паспеў: Зіна ўжо ўзышла на прыступкі. Сямён нешта буркнуў і паплёўся следам.

Пакой, дзе жыў Алесь, быў такі ж, як і ў хлопцаў, — звычайны пакой інтэрната, з адным акном, вузкі і даўгаваты. Толькі хлопцы жылі па тры чалавекі, а Алесь адзін. У яго было больш прасторна. Замест ложка стаяла тахта, ля другой сценкі — невялічкі стол, побач са столікам — крэслы. Сённяшнія госці — былі яго першыя. I ён чакаў, што яны скажуць.

— А ў вас няблага, — Зіна з цікавасцю агледзелася, адышла ад парога, правяла пальцам па стале. На лакавай паверхні стала засталася чорная бліскучая палоска. Зіна паківала галавой:— А ну, усе адсюль. Алесь Мікалаевіч, дзе ў вас вада і ануча?

Хлопцы пастаялі ў калідоры, пакурылі, прыслухоўваючыся, як Зіна перасоўвае мэблю, плёскае вадой. Затое пакоя было не пазнаць. Зіна не толькі прыбрала, але і па-свойму пераставіла і стол, і крэслы, і тахту, Пакой нібы зрабіўся шырэйшы, пасвятлеў.

— Вось гэта парадак, га? — Алесь збянтэжыўся.

— Можа больш пастараецеся, каб у брыгаду перавялі? — насмешліва сказала яна.

Каву Алесь прыгатаваў добрую, духмяную, густую.

— Аказваецца, можна і без віна абысціся,— сказала Зіна, — кава таксама на размову выклікае.

— Толькі не на нашым вяселлі, Зіна, — Сямён гэта сказаў спаважна, па-гаспадарску. — Там мы будзем піць віно...

— I крычаць «горка», — сказаў Алег.

— 3 мяне хопіць, — Зіна падышла да паліцы з кнігамі. — Колькі іх у вас, Алесь Мікалаевіч! — Зіна выцягнула са стоса кніг часопіс. — Нават «Апельсіны з Марока»!

— У мяне ад іх такое ўражанне, быццам не апельсін з’еў, а лімон, — Алесь нават скрывіўся, нібы сапраўды пасмакаваў лімон.

— Ну і дарэмна, — заступіўся за аповесць Алег. — Там нашы хлопцы. Сапраўдныя. Яны добраахвотна паехалі ў Магадан. Той самы Магадан, які нядаўна быў страшным месцам.

— Алег, не рвіся ў бойку. — Алесь загаварыў мякка, стараючыся пераканаць. — Героі Джэка Лондана таксама добраахвотна перакапалі Кландайк. Справа не ў тым, сам ты паехаў ці не. Важна, які ты, якія твае думкі, чым тлумачацца твае ўчынкі. Героі гэтых «Апельсінаў» нібы сапраўды робяць усё, ці амаль усё, правільна. А за душой у іх нічога няма. Мне бліжэй Паўка Карчагін. Яму, напэўна, было цяжэй будаваць вузкакалейку пад Харкавам, чым тым апельсінавым хлопцам з вышэйшай адукацыяй нешта такое не зусім выразнае рабіць у тайзе, недзе на ўскраі нашай зямлі. Я не разумею, чаго яны хочуць, чым жывуць, ці ёсць для іх што святое на свеце, за што яны, не задумваючыся, аддадуць сваё жыццё.

— Але такія паміралі ў вайну, — запярэчыў і Сямён.

— Такія, д'ы не зусім. Успомніце хаця б маладагвардзейцаў.

Госці неўзабаве пачалі развітвацца. Алесь праводзіў іх уніз, да выхаду. Потым яшчэ доўга стаяў на ганку, падставіўшы разгарачаны твар свежаму ветру. «Харошыя хлопцы», — думаў ён пра іх.


XV

Сямён усю дарогу маўчаў, безуважны да размовы, якую вялі хлопцы. Але калі Пракоп назваў імя Баравіка, Сямён схамянуўся. Вось хто вінаваты, што Зіна раптам аддалілася ад яго. Гэта Баравік прыдумаў каву, літаратурную спрэчку, каб падкрэсліць сваю перавагу над ім, Сямёнам. Нездарма Зіна прасядзела ўвесь вечар прыціхлая, задумлівая... Баравік зноў становіцца яму насуперак дарогі.

— Шкада Алеся Мікалаевіча,— даказваў Алег Пракопу,— хліпкі ён побач з Булаём, хоць праўда на ягоным баку.

Гэта было ўжо занадта. Сямён ускіпеў, загарачыўся:

— Твой Баравік толькі прыкідваецца прастачком. Але Булай яго раскусіў.

— Эх, Сямён, Сямён,— сказў Пракоп,— ты, можа, думаеш, што ў яго нешта ёсць да Зіны...

— Ты што гаворыш, што? — ад таго, што Пракоп разгадаў яго думкі, Сямён разгубіўся.

— Закаханыя лаюцца — толькі мілуюцца, — паспрабаваў пажартаваць Алег.

Сямён крыху супакоіўся.

— Як хочаце,— сказаў ён,— а я не давяраю Баравіку. Скажаце, што ён маю прапанову прабіваў. Дык, па-першае, гэта было яму самому выгадна. А па-другое, і Булай не дурань.

— Не спяшайся, Сямён,— сказаў Пракоп.— Мне Алесь Мікалаевіч падабаецца. Шчыры ён.

— Прысуд зроблены і абскарджаны быць не можа,— Алег здзёр з галавы кепку, памахаў ёю перад сябрамі і, адчыняючы дзверы, сказаў:—Прашу вас, сеньёры! Між іншым, мсье Дзікун, вы ведаеце, што сказаў старажытны мудрэц? Старажытны мудрэц сказаў: «Лепш думаць добра, чым дрэнна».

Сямён можа і хацеў думаць пра Баравіка добра, але не мог. Ён паспрабаваў папракнуць Зіну за безуважнасць да яго, як раптам яна раззлавалася.

— Зіна, супакойся,— Сямён ужо быў не рады, што зачапіўся.— Мы ж хутка ажэнімся.

Зіне не вельмі падабаліся напаміны пра хуткае вяселле:

— Калі хочаш ведаць, дык таго вяселля можа і не быць.

— Апомніся...— пабялеў Сямён, я ўжо бацькам напісаў.

Ужо зусім спакойна, нават ласкава яна загаварыла:

— Даруй, Сеня. Я не мела права табе грубіць. Я павінна была сказаць табе даўно... Я не люблю цябе і ніколі не буду любіць. Не шукай вінаватых. Вінаватая толькі я адна.

Каб Зіна не сказала апошніх слоў, Сямён бы яшчэ сумняваўся. Цяпер жа ён ведаў, чыя тут віна. Ён пайшоў да Булая. Хацелася раскрыць сваю душу, знайсці спачуванне.

— Васіль Міхайлавіч, цяпер мне не патрэбен пакой. Помніце, я вас прасіў, — Сямён быў разгублены.

— Да цёшчы рашыў? — Булай не адразу эразумеў яго.— Чакай, чакай, што здарылася?

— Не будзе ў нас вяселля. Зіна сказала.

— Хэ! Гэта яна, каб падражніць. За цябе любая дзеўка пойдзе.

— Нічога вы не ведаеце. Яна другога кахае. Баравіка.

Булай ледзь не падскочыў. Гэтага яшчэ не хапала. Такі, здавалася, сціплы. А бач ты! Дзеўкам галовы круціць, хлопцам каханне разбівае. Хіба Дзікун цяпер будзе працаваць, як раней? Ну, чакай, Баравік, гэта табе не пройдзе. А Сямёну сказаў:

— Дзякуй, што да мяне за падтрымкай прыйшоў. Цаню твой давер. Дзеўку не вернеш.— Булай развёў рукамі, падміргнуў, маўляў, сам разумееш — тут справа тонкая.— А на Баравіка ўправу знойдзем.

— Я не за гэтым,— Сямёну стала сорамна, нібы ён сапраўды прыйшоў жаліцца на Баравіка,— я ад пакоя хацеў адмовіцца. Мо каму больш патрэбен.

— Джэнтэльменства — рыса пахвальная. Але гэта не твае клопаты. Не бойся. Я ўсё разумею.

Ад Булая Сямён пайшоў з адчуваннем, што здарылася нешта брыдкае, прыкрае, агіднае.


XVI

Набліжалася свята. Булай раз-пораз падыходзіў да вялікага аркуша паперы, што быў прымацаваны да сценкі. Заклаўшы рукі за спіну, задаволена пазіраў на графік, дзе чырвонай, сіняй, зялёнай і чорнай лініямі адзначалася, як выконваюць участкі, змены і цэх дзённыя і месячныя заданні, план па наменклатуры. Графік не выклікаў трывогі. Здаралася, становішча было горшае, але выкручваліся. А зараз дык нават можна будзе заткнуць рот усім крыкунам і малаверам.

Пачуўшы, што на двух участках выйшлі са строю станкі, а Баравік зноў адважыўся на папераджальны рамонт, Булай палічыў гэта за асабістую абразу. Толькі бліскучы поспех у перадмайскім спаборніцтве мог памагчы ўратаваць цэх ад падзелу. I вось цэх не дадае за змену пяцьдзесят дэфіцытных размеркавальных валоў. Раней наўрад ці адважыліся б спыніць станкі. А цяпер з лёгкай рукі Баравіка пайшло.

На аператыўцы Булай даў волю свайму гневу.

— Браць ад абсталявання ўсё, што яно можа даць, і нават больш. Такі мой загад. Вось на вашых вачах падпісваю, — росчыркам сіняга алоўка ён паставіў адмысловую закавычку на аддрукаваным на машынцы загадзе, паказаў яго прысутным.— Спыняць станкі можна толькі па майму пісьмоваму дазволу. Ніякіх прафілактычных, папераджальных і таму падобных рамонтаў.

— Папсуем абсталяванне. Яно вельмі знасілася,— ціха падаў нехта голас.

— Бяру адказнасць на сябе! — Булай ганарліва ўзняў галаву.

— На маім участку, дарэчы, два балансіровачныя і два шліфавальныя ледзь ліпяць,— устаў Алесь.

— Гэта не ў вашу карысць, — насмешліва і спакойна адказаў Булай.

— Калі не зрабіць бягучы рамонт, яны праз дзень-другі паламаюцца.

— Калі паламаюцца,— падхапіў Булай,— я звольню вас з работы.

— Вельмі много прыйдзецца звальняць,— кінуў рэпліку начальнік суседняга з Алесевым участка.— У мяне станкі не лепшыя. Заўсёды гонім, гонім, а пра абсталяванне хай дзядзька думае? Так?

— Вы што, згаварыліся? Вы мне план зрываеце. Перадмайскі! Гэта ўжо не проста халатнасць. Гэта палітычная слепата,— Булаю не хапала паветра, ён не мог ні гаварыць, ні аддыхацца.

— Васіль Міхайлавіч,— Алесь падаўся бліжэй да стала,— паглядзіце на справу з гаспадарчага, нарэшце, з дзяржаўнага боку. Аўралы ў нас штомесяц. Здарылася тое, што трэба было чакаць. Але не самае горшае. Мы яшчэ здолеем папярэдзіць аварыі. I план выканаем. Ніхто з нас рукі не складзе, пакуль не зробім.

Яго падтрымалі.

— Дзякую, дзякую! Мяне ўжо і вучыць можна,— Булай, нарэшце, сеў, загаварыў, ківаючы на кожным слове галавой.— Сваю віну на мяне не пакладзеш. За абсталяванне адказвае майстар. Але не кожны падрыхтаваны да адказнасці. Я лішні раз пераконваюся, што перабудова структуры цэха наспела. Начальства паменшае. Затое будзе яно разумнейшае, за інтарэсы дзяржавы зможа пастаяць.

Алесь запальчыва крыкнуў:

— Пакуль я майстар — не дазволю ламаць станкі!

Булай не звярнуў на яго выкрык увагі.

— Прашу пазнаёміцца з загадам,— нібы Алеся не было тут, сказаў ён,— і пацвердзіць гэта подпісам. Усім прысутным. Распішыцеся там, у сакратара.

Алесь гатовы быў палезці ў бойку. Пракоп тузануў яго за крысо пінжака:

— Можа выцягнем, навошта на ражон перці?

— Што, я не разумею, ці што? — пачаў астываць Алесь.— Аднак усё можа здарыцца... Тады як? На чым той план выбіваць будзем? На гэтым загадзе?

У прыёмным пакоі начальніка цэха Ніна сама падышла да Алеся. Сказала, нібы рассталіся толькі ўчора:

— Сустрэнемся пасля работы? Пагуляем. Сонца вунь якое пякучае,— яна гаварыла, і ўсмешка, нясмелая, дрыготкая, трапятала на яе вуснах.

Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі. Сасновы водар туманіў галаву. Як даўно чакаў Алесь хвіліны, калі зноў побач з ім будзе ісці Ніна. I вось Ніна тут. Яе плячо кранаецца яго пляча. Яму хораша, чамусьці сумна і зусім не хочацца ні гаварыць, ні думаць. Ішоў бы, пасміхаўся сонцу і адчуваў бы побач Ніну.

— Ты маўклівы сёння,— Ніна падскочыла, сарвала з маладой сасонкі свежы парастак.— Перажываеш?

— Сядзем...

— Навошта ты сварышся з Васілём Міхайлавічам? Маўчыш? Ты наогул вельмі скрытны. Хаця б раз раскрыў сваю душу.

Напамін пра нядаўнюю сварку з Булаём, тон, занадта спакойны, будзённы, якім яна гэта сказала, непрыемна разанулі Алеся. Ён спытаў:

— Табе сапраўды гэтага хочацца?

— Не можаш супакоіцца? — Ніне зрабілася не па сабе ад гэтага калючага позірку.

— Я забыў, а ты напомніла. Гэта была толькі так сабе — прыстрэлка. Мне не хацелася лезці ў бойку перад усімі. Думаў сказаць яму аднаму, што, ганяючыся за працэнтамі, ён наносіць шкоду абсталяванню, а яшчэ большую — людзям. Так жа любую светлую думку загубіць можна. А гэта страшна, Ніна.

— Гучна. Нічога не скажаш.— Ніна кінула сасновую галінку.— Я табе вось што скажу, Саша. Хочаш сябраваць са мной — не гавары благое пра Булая. Ён усяго сябе аддае рабоце. А ты нагаворваеш на яго. Не трэба,— Ніна дакранулася да яго рукі.— Давай паходзім, не сядзіцца мне.

Вузенькія сцяжынкі між дрэў, пратаптаныя ў траве, пружынілі пад нагамі, як пластыкавы дыван.

— Дома ў нас таксама вялікі парк,— сказаў Алесь,— вясной мы заўсёды ў ім у вайну гулялі.

— Вясна ў тваім жыцці — гэта бойкі,— насмешліва сказала Ніна.— Цяпер я ведаю, чаму ты з Булаём схапіўся... Табе цяжка жылося?

— Чаму ты думаеш так? Жылося не горш, чым усім. Пасляваенная разруха. Пагарэлая вёска, многа дзяцей у сям’і,— Алесь усміхнуўся.— Я малы бегаў у гарод бацяна праганяць. Казалі, што ён дзяцей падкідае. Вось і баяўся, што прынясе яшчэ аднаго. Мне ж, старэйшаму, даводзілася іх глядзець.

— Каб ты заўсёды быў такі, — Ніна любавалася Алесем, — вясёлы, гаваркі. А то больш хмурышся...

— Гэта ад няпэўнасці. Люблю цябе, Нінка... — раптам сказаў ён.

— Хіба так гавораць пра каханне? — Ніна на імгненне запнулася і перавяла яго словы на жарт.— Трэба стаць на калені, цалаваць рукі... I гаварыць, гаварыць кампліменты, каб аглушыць, збіць з толку.

— А я сказаў сур’ёзна...

— Будзем сябрамі, Саша?..

Што ж, так гавораць заўсёды, калі не могуць сказаць большае.

— Прабач, Ніна. Я гавару зараз не ад крыўды. Наўрад ці ёсць такое сяброўства. Я не прызнаю яго. Такі ўжо, відаць, характар. Пакуль будзе каханне, я не падыду да цябе. I, мусіць, потым не падыду, бо ўбачу цябе такую, якая ты ёсць. Яшчэ раз даруй. Гэта, можа, непаслядоўна, але шчыра...

Ніна стаяла, апусціўшы галаву, і чакала, што ён перастане гаварыць крыўдныя словы, палагаднее. Але ён толькі паўтарыў «прабач» і пайшоў, прамы, спакойны.


XVII

Дабіваючыся чаго-небудзь, Булай не мог спыніцца на паўдарозе. Ён павінен быў дзейнічаць, даводзіць справу да канца. Цяпер у яго была адна мэта — зберагчы свой аўтарытэт, даказаць, што можа добра кіраваць нават цэхам-гігантам. Ён лічыў, што ва ўсіх недахопах, якія ёсць у рабоце цэха, вінаваты яго ворагі. Думалася, што, калі разграміць іх, дырэкцыя завода нарэшце пераканаецца ў яго выключных здольнасцях, верне былое давер'е.

— Ты чуў? — зайшоў ён у партбюро да Паўлаўца.— Наш Баравік самы сапраўдны распуснік.

Нічога падобнага пра Баравіка Паўлавец не ведаў, дый паверыць не мог, таму ён спытаў не без іроніі:

— Нешта ты ў маралісты запісаўся?

Упершыню ён звярнуўся да начальніка цэха, як роўны, і гэта непрыемна ўразіла Булая.

— Дрэнна, калі з сардэчнымі скаргамі людзі ідуць не да парторга, а да адміністратара. Да мяне, таварыш Паўлавец,— Булай гаварыў падкрэслена зняважліва.— Гэта зусім не садзейнічае вашаму аўтарытэту, як партыйнага важака. Баравік у Сямёна Дзікуна дзяўчыну адбіў. Ды нічога. Я яму пакажу...

— Любіш ты, Васіль Міхайлавіч, у чужую душу стаптаным лапцем залезці,— паморшчыўся Паўлавец.— Як на маю думку, дык трэба спачатку разабрацца,— і, каб скончыць прыкрую размову, спытаў: — У цябе ўсё?

— Стану я такой дробяззю займацца. Я гэты клубок сам разблытаю. А да цябе ў мяне вось што. Давай правядзём партыйны сход, закрыты. Абмяркуем, як выконваецца перадсвяточнае абавязацельства. Тое-сёе трэба падкруціць. Нешта балбатуноў у нас развялося...

Размова ішла спакойна. Аднак Булай выйшаў ад Паўлаўца ў дрэнным настроі. Ён быў дастаткова вопытны, каб адчуць, што парваўся яшчэ адзін моцны канат, які звязваў яго з цэхам. Непакоіла, што Паўлавец зусім не такі, як здавалася, што ён меў сваю думку, невядомую Булаю.

Канчалася змена. Булай ішоў па цэнтральным пралёце, гаспадарліва пазіраючы па баках. I ўпершыню адчуў глыбока-глыбока захаваны страх перад гэтымі людзьмі, што стаялі за станкамі і яшчэ ўчора ўяўляліся паслухмянымі і ўдзячнымі. Што ўрэшце здарылася?

Заўважыўшы начальніка цэха, Алесь узрадаваўся, што можа, нарэшце, пагаварыць пра Зініну просьбу.

— Та-ак...— Булай хіснуўся з наскоў на абцасы сваіх чаравікаў на тоўстай каўчукавай падэшве.— А брыгада?

— Прасілі.

— Прасілі? I Дзікун?

— I Дзікун,— пацвердзіў Алесь.

Булай крутнуў галавой, быццам каўнер сарочкі адразу стаў яму цесны.

— А што яны робяць? — раптам спытаў ён.

— Хто? — павярнуўся Алесь у той бок, куды паказваў начальнік цэха. — Ды гэта станок забарахліў к канцу работы. Але вы не турбуйцеся. Хлопцы пастараліся, план згодна графіка далі, вось і рашылі...

— Загад! — закрычаў Булай.— Вы падпісваліся пад маім загадам?

— Васіль Міхайлавіч, навошта фармалізм?..

Пэўна, не трэба было гаварыць пра фармалізм. Булай яшчэ ніколі не ўсумніўся ў правільнасці сваіх рашэнняў. I, тым больш, не цярпеў пярэчанняў ад падначаленых, калі быў раззлаваны.

— Блазнюк! Распуснік! — Булай не знаходзіў слоў.— Не дазволю тут шашні разводзіць!..

Скончылася змена. На некалькі хвілін спыніўся шум матораў. У цэху ўсталявалася нязвыклая цішыня.

Убачыўшы, што ля яго сабраліся людзі, Булай раптам супакоіўся і сказаў, нібы скардзячыся і просячы падтрымкі:

— Мала яму працоўную дысцыпліну парушаць, дык ён яшчэ дзевак спакушаць надумаў? Зіну Шалягейку. Але я разбяруся. Правільна?

На яго глядзелі са здзіўленнем, некаторыя нават з цікавасцю, аднак падтрымкі ці адабрэння ён не заўважаў. I тут ззаду праціснуўся Сямён.

— Як вам не сорамна? Гэта ж мана! — сказаў ён шэптам, які чуваць было лепш за нядаўні Булаёў крык.

— Та-ак...— Булай пераступіў з нагі на нагу.— Адступаеш? Нічога. Я помню, што і як ты надоечы мне гаварыў. Справа перастала ўжо быць асабістай.— I пайшоў, грозны, уладарны, поўны пачуцця ўласнай годнасці.

— Я не вінаваты, Алесь Мікалаевіч,— у роспачы Сямён кінуўся да Баравіка,— гэта ён усё перакруціў.

— Веру, веру,— Алесь абняў таварыша за плечы,— і рады, што ты мне паверыў...


* * *

Партыйны сход сабраўся на другі дзень пасля таго, як Булай аблаяў у цэху Алеся. Сакратар паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры ў прэзідыум.

— Паўлавец!

— Баравік!

— Падвесці рысу!

— Прашу слова для паведамлення,— парушыў парадак Булай.— Даю адвод Баравіку. Ён — звольнены па майму загаду.

У зале на момант стала ціха-ціха. I раптам цішыня ўзарвалася. Паўлавец ледзь навёў сякі-такі парадак. Камуністы запатрабавалі ад Булая тлумачэнняў. Той пачаў гаварыць, але яго не слухалі. Нарэшце пачуліся галасы:

— Была кандыдатура Баравіка ў прэзідыум...

— Чаму парушаеце дэмакратыю? Галасуйце!

— Мы яго з партыйнага ўліку не здымалі.

Алесь не глядзеў у залу, не ведаў, хто гэта за яго так заступаецца. Ён не адрываў вачэй ад Булая, які як узяў слова, так і застаўся стаяць за сталом прэзідыума побач з Паўлаўцом. Алесь не бачыў, што галасуюць за яго, ён зразумеў гэта па Булаёвым твары, які раптам змізарнеў, пакрыўся буйнымі кроплямі поту.Дасталося пазней і Алесю за тое, што не быў настойлівы, мірыўся з недахопамі, не абапіраўся на калектыў. Можа дзіўна, аднак Алесь, слухаючы папрокі, адчуваў сябе шчаслівым. Ён быў сярод людзей, якія, ведаў, не толькі пакрытыкуюць, але і пададуць руку, калі прыйдзе цяжкая хвіліна.

Сход закончыўся позна. Алесь выйшаў амаль апошні. Было цёмна. Церусіў дробны і цёплы дожджык. Алесь наставіў каўнер, пайшоў па мокрай вуліцы.

— Алесь Мікалаевіч! — ступіла насустрач яму дзявочая постаць. Ён пазнаў Зіну.

— Ты зусім мокрая,— сказаў ён, хаваючы збянтэжанасць.

Дзяўчына адхінула назад мокрыя валасы, падняла на Алеся вочы.

— Ты непакоілася? Усё ў парад'ку.

— Праўда? Ну, то да пабачэння.

— Пачакай.— Але перш чым ён дагнаў дзяўчыну, яна паспела ўскочыць у аўтобус.