Майская раніца [Уладзімір Шыцік] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

згадзіўся Пракоп і пасля гэтага непрыкметна разгаварыўся — Я таксама ў арміі служыў, а потым прыехаў сюды. Вось ужо другі год. Цэх наш самы вялікі. Прадукцыі даём за ўвесь завод. А мне ўсё здаецца, што мы толькі недзе на падыходзе да вялікай работы. У вас такога адчування не было?

— Напэўна, гэта бывае, калі чалавек не хоча стаяць на месцы,— раздумліва адзначыў Алесь.

— Магчыма,— згадзіўся Пракоп.

Алесь, адчуўшы ў яго голасе сухасць, падумаў, што давер’е гэтага хлопца будзе заваяваць нялёгка.

— От дзе вы! А мы шукаем,—Зіна паявілася аднекуль з-за кустоў, папрасіла: — Можна, я з вамі?

— Зіна, адкуль у тваім голасе гэтая пакорлівасць? — пажартаваў Пракоп і падміргнуў Алесю:— Яна ў нас сварлівая...

— 3 табою інакш не можна.

— А мне твае кіпцюры апрыкралі...

Напэўна, не хутка скончылася б гэта перапалка, але тут іх дагнала вялікая група дзяўчат і хлопцаў. Пасыпаліся прывітанні, жарты. I неяк так выйшла, што Зіна і Алесь адсталі ад кампаніі.

— Чаму ж вас пакінулі? — спытала Зіна.

— А вас? — усміхнуўся Алесь.

— Я сама адстала. Люблю цішыню.

Сказана гэта было шчыра, і Алесь паверыў, што, можа, сапраўды Зіне абрыдлі бясконцыя заляцанні. А можа,— гэтая думка мільгнула нечакана,— Зіна ўпадабала яго? Каб не выдаць сябе, ён спытаў:

— Нешта вы ўчора з Васілём Міхайлавічам не паладзілі?

— Ат, глупства: «маленькі дыванок»,— так мы называем выклік да начальства. Стаіш на дыване, а яно цябе прапясочвае.

— За што?

— Брыгадзір накапаў... У чалавека жонка хворая, спазніўся, а я не адзначыла ў табелі.

— Васіль Міхайлавіч за такое не будзе сварыцца.

— А вы адкуль яго ведаеце?

— Мы з ім старыя знаёмыя. Некалі пасля рамеснага я ў ягоным цэху працаваў. Цяпер, пасля службы, думаў, дзе б уладкавацца. А Васіль Міхайлавіч сустрэў: «Нікуды,— кажа,— не пушчу. Вяртайся да мяне». Вярнуўся. I вельмі задаволены. Булай ого які чалавек! Агонь!

— На агні можна згарэць,— Зіна налегла на палкі, вырвалася наперад. Алесь вымушан быў даганяць.

Яны хутка дагналі астатніх. Зіна пайшла побач з Сямёнам, нават не кіўнуўшы Алесю на развітанне. Алесь спачатку быў абразіўся. Але, падумаўшы, супакоіўся. Урэшце, яна і павінна была так паводзіць сябе. Дзяўчына прывыкла да ўвагі і не прывыкла быць уважлівай.


II

Аператыўка — кароткая нарада перад пачаткам работы — сёння зацягвалася. Начальнік цэха Булай захацеў паслухаць усіх інжынераў, брыгадзіраў і кіраўнікоў участкаў. Алесь назіраў, як Булай час ад часу нешта запісваў чырвоным алоўкам у блакнот, хмурыўся. Цікава, задаволены начальнік цэха работай сваіх падначаленых ці не?

Звычайна брыгадзіраў не выклікалі на аператыўкі. Але Булай усё перайначыў, загадаўшы, каб брыгадзіры з’яўляліся на нарады таксама, бо гэта нібы дэмакратызуе кіраўніцтва, вядзе да калегіяльнасці ў рабоце, і сёння на аператыўцы былі ўсе брыгадзіры. Пракоп Дубасаў сказаў, што Сямён Дзікун хоча сумясціць у адну тры аперацыі па шліфоўцы шыек каленчатага вала. Гэта давала магчымасць паскорыць увесь працэс апрацоўкі.

— Калі? — запытаўся Булай.

— Ну-у, праз тыдзень...

— А сёння дваццаць сёмае. Пакуль вы будзеце эксперыментаваць, мы месячны план завалім,— рэзка перабіў Булай.

— Васіль Міхайлавіч, мы ў калектыве падлічылі, не завалім, — пачаў прасіцца Дубасаў.

— Калектыў гэта мы ўсе,— Булай устаў за сталом, зрабіў шырокі жэст рукой,— і агульнымі інтарэсамі трэба даражыць. Сёння Дубасаў захоча рабіць па-свойму, заўтра — Ганакова. А план хто цягнуць будзе? Не, дарагі. Дай план, а потым — вынаходзь, шукай. Становішча такое, што цэх ледзь укладваецца ў праграму. Прашу, таварышы, звярнуць на гэта ўвагу. Мне патрэбны не сто, нават не сто адзін, а сто тры працэнты. Так рашыла кіраўніцтва, а я ніколі яшчэ не быў у хвасце.

Булай закрыў нараду. Людзі пачалі разыходзіцца. Пайшоў да дзвярэй і Алесь, але яго паклікаў начальнік цэха.

— Саша!..

Алесь вярнуўся, падышоў да стала.

— Садзіся. Час трывае, пагаворым.

Алесь сеў у мяккае скураное крэсла, якое стаяла па гэты бок стала. Яго і радавала і непакоіла гэтае запрашэнне. 3 нейкім хваляваннем чакаў, што Васіль Міхайлавіч скажа.

Алесь быў ужо не той хлапчук, якога некалі прывёў Булай у свой цэх. За яго плячамі — гады службы ў арміі, дзе ён сам быў камандзірам. А ўсё роўна, як і раней, перад Булаём адчуваў сябе ніякавата, быццам зноў вярнулася семнаццаць гадоў, у якія Саша Баравік любіў пасваволіць.

— Узмужнеў, узмужнеў,— сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся.— Як табе ў нас?

— Прывыкаю.

— Усяго толькі?

У голасе Булая прагучала незадаволенасць. Ён быў вялікі патрыёт свайго цэха і хваравіта ўспрымаў раўнадушнасць каго-небудзь з падначаленых да