Маланка ўночы [Галіна Васілеўская] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]





ВЫПРАБАВАННЕ


1

Яркае сонца свяціла проста ў твар. Рыма адвяла вочы. Убачыла шафу, камоду, мамін ложак, ужо засланы. Рыма ўсхапілася, села на пасцелі і — раптам успомніла, што сёння нядзеля і спяшацца няма куды.

У акно пастукалі. Рыма глянула і не змагла стрымаць усмешкі: у акне паказалася страшнае аблічча з прыплюснутым носам, расцягнутым ротам і вялікімі вачыма.

Ну, вядома, гэта Марк. Ён і адчыніў аканіцы, упусціўшы ў пакой сонца, якое разбудзіла Рыму.

Рыма хуценька надзела сукенку і выбегла на двор. Мама корпалася на гародзе, бацька абразаў садовымі нажніцамі дрэвы. А Валодзя ўсцягваў амаль на самую верхавіну ліпы старое драўлянае кола.

— Няхай вядуцца буслы! — крыкнуў ён. — Кажуць, яны прыносяць шчасце.

— А ты што — нешчаслівы? — спытала Рыма.

— Чаму? Няхай будзе ў запас. Можа, каму спатрэбіцца.

Рыма паглядзела на ліпу, старую, з пышнай, развесістай кронай. Ліпа расла ад самых сенцаў. Пасадзілі яе гадоў якіх сто назад, а сенцы пабудавалі мінулай вясной. Ліпа замінала будаўнікам, але бацька нізавошта не захацеў, каб яе спілавалі.

Не раз і Рыма ўзбіралася на самую верхавіну дрэва і адтуль, схаваўшыся ў густой кроне, аглядала наваколле. Насупраць іх доміка, на горцы, стаяла школа. Унізе, за дарогай, адразу пачынаўся круты абрыў, за ім — рака. На другім яе беразе — лес, густы, дрымотны.

Гэта, калі глядзіш у адзін бок.

Павернеш галаву — і бачыш сквер, пасярэдзіне якога старая драўляная царква. Царкву пераабсталявалі пад клуб, там раз на тыдзень паказваюць новыя фільмы. Гэта — цэнтр вёскі. За скверам плошча. 3 трох бакоў яе абступілі магазіны. 3 ліпы нават відаць укапаныя ў зямлю доўгія драўляныя лавы і сталы. У нядзелю жанчыны раскладваюць на сталах сыры, яблыкі, яйкі. Гэта рынак. Праўда, усе ў вёсцы маюць сваіх кароў, парсюкоў, чароды курэй, якія цэлымі днямі купаюцца ў пяску на дарозе. Але ў нядзелю ў вёску прыходзяць рабочыя з чыгункі ды з кляпальнай майстэрні лесгаса. Рабочых многа. Таму на рынку заўсёды ёсць пакупнікі.

Далёка відаць з дрэва.

Рыма з зайздрасцю паглядзела на Марка, які ганарліва ўсеўся на будучым бусліным гняздзе. Захацелася і самой вырвацца на прастор. Яна страсянула цёмнымі косамі і пабегла па сцежцы ўніз да ракі.

— Рыма, далёка не адыходзь! — данёсся да яе голас маці.

— Я за-а-раз!

Пераскочыла дарогу, узбегла на мост і спынілася. Унізе ціха плыве вада, і, калі доўга на яе глядзець, здаецца, што гэта не вада, а ты плывеш, плывеш у паветры.

Адзін бераг ракі пясчаны, а на другім — зялёны лужок з волатамі-дубамі. Далей, уніз ад моста, кучаравыя вербы глядзяцца ў ваду, як у люстэрка.

Па вадзе плывуць белыя воблакі. А Рыме здаецца, што гэта не воблакі, а ветразі дзівосных караблёў.

Доўга яна сачыла за воблакамі ў блакітнай вадзе, потым пабрыла ў лес. Нарвала там пралесак. Адзін букецік дамоў, другі, каб пакінуць на поручнях моста. Яна ведала: вечарам, калі на мост прыйдзе моладзь, на поручнях будзе многа пралесак. Але яе букецік будзе тут першы.

...Праз некалькі дзён па даносу паклёпніка Усачова арыштавалі Рымінага бацьку.


2

Настала зіма. Пайшоў снег. Маленькі домік стаў падобны на вялікі снежны сумёт.

Пад акном Рыма зрабіла кармушку для птушак. Аднойчы на кармушцы яна ўбачыла вераб’я. Ён, ей здавалася, сумна глядзеў у акно. Праз фортку яна ўзяла яго ў рукі. Верабей быў цвёрды, як кавалак лёду. Яна хукала на яго, саграваючы дыханнем. Але так і не вярнула да жыцця.

Аднаго разу Марк узяў Рыму на паляванне. Калі яна «мазала», ён, уздыхаючы гаварыў:

— Хіба дзяўчо можа замяніць сапраўднага хлопца?

Гэта ён меў на ўвазе Валодзю, які ўжо вучыўся ў Мінску ў політэхнічным інстытуце.

Рыма крыўдзілася.

— Пачакай, навучуся — буду лепш за цябе, лепш за Валодзю страляць.

Але вучыцца страляць было не так проста. Марк хаваў ад яе патроны.

Рыма ішла ў лес і снежкамі цэлілася ў дуплы старых ліп. Спачатку яна трапляла рэдка і то толькі ў самыя блізкія. Потым рука стала больш упэўненая, цвёрдая.

Аднойчы за такой трэніроўкай яе застаў Марк. Ён доўга назіраў з-за куста за Рымай. Нарэшце падышоў да яе і сказаў:

— Не так кідаеш. Трэба збоку і крыху нагнуўшыся. Вось так!

Ён замахнуўея і далёка-далёка шпурнуў снежку.

— Бачыла? А ты кідаеш, як усе дзяўчынкі, цераз галаву.

Доўга трэніравалася Рыма і стала «снайперам па кіданню снежак».

Усё гэта была гульня, дзіцячая забава. А жыццё дыктавала сваё. Рыма сталела. Хатнія, гаспадарчыя клопаты клаліся і на яе.

Аднойчы снежным марозным