Другі варыянт [Анатоль Кудравец] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

трамвайнага прыпынку. Яшчэ ў цягніку Васіль даведаўся, што жанчына з дачушкай едзе праведаць свайго мужыка, ён во ўжо болей года служыць у Мінску ў арміі... Васіль усміхнуўся: успомніў, як яна ноччу ўкладвала спаць сваю неслухмяную дачушку, гладзіла рукамі па ўсяму цельцу — грудках, жывоціку, ножках, гладзіла і расказвала-прыпявала: «Ласачка-ласачка, дзе была? — У бабкі.— Што рабіла? — Кросны ткала.— Што зарабіла? — Кусок сала.— Дзе паклала? — На паліцы.— А дзе сала? — Кошка ўкрала...»

Дачушка доўга не хацела спаць, і маці зноў і зноў пачынала: «Ласачка, ласачка...» Цяпер Ласачка ўтульна сядзела на руках у маці, адно круціла галоўкай па баках, а Васіль з жанчынай перакідваліся нязначнымі, абаім прыемнымі словамі.

— Дык перадавайце прывітанне свайму служываму.

— А няўжо ж... Шчэ каб прыраўнаваў! Ён у мяне на гэта скоры...

— Раўнаваць будзе, то і любіць будзе...

— Ён і так любіць...

Васіль і без гэтых яе слоў чамусьці ведаў, што любоў у іх ёсць і, мусіць, крэпкая і спакойная. Ён пасадзіў іх на трамвай, памахаў рукой, а пасля і сам узяў у рукі чамадан.


Дома быў Валодзя. Ён толькі што ўстаў і цяпер упарта муштраваў шчокі харкаўскай брытвай, крывіўся, нацягваючы скуру рукамі. Ён шчыра ўзрадаваўся, убачыўшы Васіля:

— Прыехаў усё ж! А я думаў, што ты даў труса.

— Прыехаць — прыехаў, а як паеду? Можа пасля першага экзамена падцісну хвост ды цішком назад, у сваё Дубно. Бацька ўсё тачыў, каб не мудрыў і ехаў да Шуры, паступаў на юрфак. Шура быў зімой, дакляраваў памагчы. А на якога д’ябла мне Казахстан іх, іх юрыдычны... Я ведаю: Шура, калі захоча, паможа, ды пайшлі яны. Прысталі, быццам я сысунок які, з калыскі ўчора вылез... Падаў на інжынерны, пагляджу, чым усё гэта пахне.

— I добра зрабіў. Да кожнага чалавека калі-небудзь прыходзіць пара, калі трэба стукнуць кулаком па стале, каб даказаць, што ты мужчына. I чым раней ты гэта зробіш, тым лепей.— Валодзя касіў вокам на Васіля і разам лавіў рукой, дзе яшчэ чаплялася шчаціна. Сказаў, што Люсі няма дома, з хлапцом паехала да сваіх у сяло, так што Васіль можа абкладацца кніжкамі і зубрыць свае формулы ці рашаць задачкі, пакуль не пасінее,— ніхто ні часу яго, ні заняткаў не ўрве, калі сам будзе пільнавацца, бо сам Валодзя дома бывае мала, а суседзі паехалі ў адпачынак.

Снедалі, і Валодзя вучыў Васіля, як трэба здаваць экзамены. Галоўнае на экзаменах — цвёрдасць. Галоўнае, каб экзаменатар бачыў, што ты не смаркач які, а мужчына, што ты яго не баішся, бо ты ведаеш, чаго прыйшоў і што табе трэба. Адчувай сябе так, быццам ты раўня экзаменатару: седзіцё, гаворыце, ты гаворыш, ён слухае, так во, як мы з табой. Васіль засмяяўся, запярэчыў: добра так гаварыць тут, а возьмеш білецік у рукі — і не прыкмеціш, як затрымцяць каленкі, ды ў яго ніколі і не было гэткай порсткасці, у яго так: ведаю — дык ведаю, не ведаю, дык не ведаю. На глотку тут не возьмеш. Але Валодзя і тут не пагадзіўся: на экзаменах часта рэжуцца, асабліва жаўтароцікі, з-за страху. Ён, можа, і ведае білет, а язык, што ў заікі,— пыкае, мыкае, а экзаменатару што — заікаешся, значыць, не ведаеш, ідзі павучы, за дзвярыма цэлая рота чакае.

Валодзя гаварыў так упэўнена і цвяроза, што і Васіль пачаў верыць у яго аптымізм, у тое, што паступіць. А што? Вучыўся ён добра, усе прадметы ішлі роўна, хіба толькі яго самога больш цягнула да матэматыкі, з ёй ён быў на «ты», і не любіў хімію, заеўся з хімічкай, не жылі, а нервы пераядалі адно другому. Таму і тройку вывела — адну на ўвесь атэстат.

Васіль слухаў Валодзю, поўніўся ўпэўненасцю, што ўсё будзе добра. Вунь летась Валера Каждан паступіў і ніякім не быў медалістам, ніякім выдатнікам. Дык няўжо ж ён горшы за Валеру? Урэшце, пабачым, сказаў сляпы, як бязногі паскача. Трэба паступаць і паступіць. Гэта ж, браце ты мой, Мінск, Мінск, а не Дубно тваё.

Успомніўся Мінск — той, калі яны прыязджалі з Раманам. Яны ўтрох — Валодзя, Раман і Васіль хадзілі на канцэрт у завадскі тэатр. Сядзелі высока, на галёрцы. Васіль ніколі не бачыў такой вялізнай і прыгожай залы, столькі люстраў, столькі святла, столькі пражэктараў, і поўна людзей. I столькі дзяўчат, і зноў жа — прыгожыя, каб хто сказаў дома, што недзе іх столькі, ніколі не паверыў бы, сказаў бы, што набрахалі. Хоць Дубно і немаленькае сяло, двароў пад дзвесце, а колькі там тых дзяўчат, ды яшчэ каб такіх прыгожых. Праўда, пазней Васіль убачыў, што ў зале не ўсе такія ўжо і прыгожыя, проста на іх болей фарбы і пудры, чым на дубенскіх, і адчуваюць яны сябе вальней. Паглядзеўшы на кожную з іх, можна было падумаць, што толькі адна яна і ёсць у гэтай зале. Хоць за тыя два дні Васіль пабачыў усяго ўсякага, што здзіўляла і сваім размахам і навізной, але ў той вечар ён чакаў яшчэ нечага такога, што б канчаткова, як цвіком, прышпіліла яго сэрца да горада. I яно было — здзівіла і ашаламіла яго.

На сцэну — далёка, недзе там, унізе, як на дне ямы,— выходзілі артысты: чыталі вершы, спявалі, паказвалі балетныя,