Другі варыянт [Анатоль Кудравец] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

спартыўныя нумары. Усё гэта было прыгожа, з музыкай, але Васілю ўсё гэта было трохі знаёма — і па тэлевізары, і па раённым доме культуры — ён колькі разоў быў там... Пражэктары — чырвоныя, зялёныя, сінія, белыя — распаласавалі цёмную прастору залы, збегліся ў круг на сцэне, і ў гэты круг выйшаў дзяцюк. Здаровы, плячысты, з вялізнай грывай, у цесным чорным пінжаку і васільковых караткаватых штанах — з вузкіх калашын вылазілі моцныя, шырокай касці ногі ў вастраносых модных чаравіках. Во касталом быў бы, каб гуляў у футбол! Дзяцюк усміхнуўся зале, і ім, галёрцы, і аркестру, і ўсе ўбачылі яго буйныя, няроўныя белыя зубы, такія зубы перамелюць і камень, толькі давай! Ён заспяваў, і залу аглушыў магутны нерастрачаны бас. I Васілю падумалася, што якраз такім голасам трубіць восенню лось-самец, калі кліча лошу. Зала аж дрыжэла ад гэтага голасу-клічу. Дзяцюк скончыў спяваць, пакланіўся, і тады зараўла зала. Людзі паўставалі са сваіх месцаў, крычалі, пляскалі ў далоні. Асабліва стараліся маладзенькія дзяўчаткі, імі была забіта ўся галёрка, тупалі, крычалі «біс», «брава». Васіля здзівіла не песня — дзяцюк не спяваў, а крычаў, як у лесе,— а тое, што дзяцюк не пасаромеўся ў такіх кароткіх штанах выйсці на сцэну і нават руку не выняў з кішэні і што ўсе як павар’яцелі, прасілі яго спяваць яшчэ і яшчэ. Дзяцюк не адмаўляўся, відаць, і ён і арганізатары вечара чакалі гэтага. I тады Васіль зайздросліва падумаў: «Вось яно, сапраўднае жыццё! Трэба жыць так, як гэты дзяцюк, каб кругом цябе шалелі і раўлі. Што я, Васіль, што тое Дубно?!»

Васіль многа разоў успамінаў той вечар і дзецюка з няроўнымі зубамі і трубным ласіным голасам — здаровага, упэўненага ў сабе, з шырока расстаўленымі тоўстымі нагамі — вузкія калашыны штаноў аж закручваліся на іх. Ён стаяў так, быццам трымаў зямлю на плячах. Успамінаў і зайздросціў яму, хоць ні тады, ні пазней не разумеў, чым той юнак так упадабаўся людзям. Голасам? Дык такіх равуноў і ў іхнім Дубне нямала. Прыгожы? Зноў, на ім нічога такога не было. Сілай? Дык у іхнім калгасе ёсць хлопцы куды здаравейшыя...


Пасля снедання Васіль з’ездзіў у інстытут — паглядзець, як яно там і што, пацерціся сярод такіх жа, як сам, небаракаў-абітурыентаў. Таўклося іх шмат — і на двары інстытута, а яшчэ болей — у прахладным вестыбюлі, абстаўленым і абвешаным дошкамі з аб’явамі, і ў вачах ва ўсіх было нешта агульна-сумнае, нават у самых гаваркіх і вясёлых. Пазнаёміўся з двума хлопцамі з іхняй групы — Анатолем і Алегам. Абодва яны прыехалі з Віцебска, абодва валасацікі зарослыя, Анатоль — спакойны, але ўедлівы, з упарта сціснутымі губамі, Алег — няўцерпны балбатун і цынік. «Прывет, капітан!» — першае і любімае, што паўтараў ён,— трэба было ці не трэба. Нават тут, у вестыбюлі інстытута, ля дошак са спісамі, ён чапляў ледзь не кожную больш-менш прыгожую дзяўчыну. Яго назойлівая актыўнасць мела тое добрае, што адна з дзяўчат, каб адчапіцца, дала перапісаць задачку, якая была летась на ўступных экзаменах. Хлопцы аблазілі тры паверхі, пакуль знайшлі незанятую аўдыторыю, завалілі дзверы сталамі і ўзяліся за задачу. Васіль рашыў скора — звычайная геаметрычная задачка з прымяненнем трыганаметрычных функцый. Анатоль з Алегам ладны час біліся над ёй, пакуль Алег не здаўся: «Валачы сваё рашэнне». Пахваліў: «Трэба будзе сесці ля цябе. Бачу, ты задачы грызеш, як заяц капусту. Быў бы я рэктарам, я б за адно гэта прыняў цябе. А пакуль я яшчэ не рэктар, ды і сам усявышні ніколі не дапусціць гэтага, а ты не маеш часу чакаць — будзем рэалістамі, капітан, будзем паступаць».

Яны сядзелі на лаўцы ў інстытуцкім двары, задраўшы галовы, патыліцамі да выгнутай спінкі лаўкі, як апошняе ў печ укінуўшы. Не хацелася ні ўставаць, ні ісці — сядзець бы ды глядзець, як бягуць, тупацяць, ступаюць па сцежцы ножачкі, ножкі, ногі.

— Кажуць, што ў радыётэхнічным усіх, у каго патлы ніжэй загрыўка, не дапускаюць да экзаменаў,— сказаў Васіль.

— Брашы,— ляніва азваўся Алег.

— А могуць,— падтакнуў Васілю Анатоль.— Скажуць: альбо інстытут, альбо джунглі, малпападобнае існаванне.

— Перажывём, капітан,— Алег паказаў вачыма перад сабой на асфальтавую сцежку, па якой важна нёс умерана ўкормленае цела сярэдніх гадоў мужчына. Збоку яго церусіла тонкімі нагамі худзенькая дзяўчынка.— Даю на адсячэнне... шавялюру сваю, што вось гэты радзіцель на сто працэнтаў упэўнены, што яго беднае, слабое дзіця паступіць... Ён зрабіў усё, што мог, усё, што ад яго залежала. Загадчык райспажыўканторы, ці як яна там, ён яшчэ тры гады назад пачаў думаць, куды паступаць яго дачцы, і два гады рыхтаваў яе і сам рыхтаваўся... Я няпраўду кажу, Анатолька?

— Відаць, праўду.

— Відаць, праўду,— пацвердзіў і Васіль. Па саліднасці паставы, па важнасці і значнасці, напісаных на твары чалавека, было відаць, што якраз так яно і было.

— Слухай, Алег, а што, хіба твой стары не мог варухнуць пальцам, га? — Анатоль паглядзеў на Алега.

— Мог, ды не хоча. Кажа, паступай,