Турэмны дзённік [Хо Шы Мін] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Хо Шы Мін Турэмны дзённік


Хо Шы Мін.

Турэмны дзённік: [Вершы]/Пер. з в’ет., прадм. і тлумач. Я. Сіпакова, маст. В. А. Тарасаў.— Мн.: Маст. літ., 1985.— 87 с., іл.


Перакладзена з падрадкоўніка кнігі:

HÓ СНІ MINH. NHẬT KÝ TRONG TÙ NHA XUẤT BẢN VĂN HÓA VIỆN VĂN HỌC - 252 с.


Перакладчык Янкі Сіпакова

Мастак В. А. Тарасаў

Рэдактар В. С. Сёмуха

Макет і мастацкая рэдакцыя Л. Я. Прагіна

Тэхнічны рэдактар Г. Г. Федарук

Карэктар К. А. Крукоўская


ВОЛЬНЫ Ў НЯВОЛІ


Дзве тысячы гадоў гераічны народ Намв'ета — так называўся ў старажытнасці В'етнам — вёў настойлівую барацьбу супраць кітайскіх феадальных дынастый, якія імкнуліся падпарадкаваць яго і, забараніўшы в'етнамскую мову, асіміляваць. Але гордыя «ўнукі небажыхароў, дзеці дракона», якія помнілі за сваёю спіною славутую данашаэравую Дангшонскую культуру «бронзавых барабанаў», мужна супраціўляліся любой агрэсіі. Яны нават зубы сабе мазалі чорнаю смалою — каб не растварыцца ў чужым народзе, каб было відаць, што гэта в'етнамцы.

Такі народ, зразумела, меў у стагоддзях вартых сябе абаронцаў. I сярод іх — верны сын свайго народа Хо Шы Мін, мудрэц з абліччам селяніна, правадыр з даверлівай душою, якога в'етнамцы звалі проста і ласкава — «дзядзечка Хо», а такія рэвалюцыянеры, як Родней Арысмендзі, лічылі «сімвалам камуністычнай мудрасці ў Азіі».

У музеі в’етнамскай рэвалюцыі ў Ханоі знаходзіцца невялікая запісная кніжачка ў выцвілай ад часу вокладцы, на тытуле якой дзве скаваныя рукі — малюнак Хо Шы Міна. Гэта яго «Турэмны дзённік».

Цёмнай жнівеньскай ноччу 1942 года знаны ўжо рэвалюцыянер, партызан і палітычны дзеяч В’етнама Нгуен Ай Куок пад выглядам старога, падслепаватага нунга з кійком у руках, пад прозвішчам Хо Шы Мін (што значыць — «Умудроны»), пад імем, якое неўзабаве стане вядомае ўсяму свету, накіроўваецца ў Кітай, каб наладзіць сувязь в’етнамскага рэвалюцыйнага руху са знешнім светам, бо з акупацыяй краіны Японіяй перад патрыётамі паўсталі новыя цяжкасці.

Але ў правінцыі Гуансі яго, абвінаваціўшы ў «шпіянажы», арыштоўваюць агенты чанкайшысцкай цзіньча — паліцыі. Хо Шы Міна трымаюць у няволі, пераводзячы з павета ў павет, з турмы ў турму.

У няволі і нараджаецца турэмная лірыка палітычнага дзеяча. Вершы «Дзённіка» абдумваліся ў халодных цэлях і падзямеллях, у вясковых хлявах і ваенных казематах, з драўлянай калодкай на шыі і на горных сцяжынах — у кайданах, пад канвоем. А запісваліся чатырохрадкоўі, каб не выклікаць падазрэння ў ахоўнікаў, іерогліфамі ханваня. Ханвань — в'етнамізаваны варыянт вэньяня, літаратурнай мовы кітайскага сярэднявечча, так званай «далёкаўсходняй латыні», якая доўгія стагоддзі старанна служыла народам Кітая, В’етнама, Японіі і Карэі. Хо Шы Мін, сын кніжніка-канфуцыянца, вядома ж, ведаў як сам вэньянь, так і яго в’етнамізаваны варыянт, бо ён быў цудоўны знаўца класічнай культуры і літаратуры.

«Турэмны дзённік» — непаўторная паэтычная кніга. Шчырая споведзь вязня, ды яшчэ сіла волі і мужнасць памаглі Хо Шы Міну застацца вольным і ў няволі, бо паэзія выводзіла за краты, яднала рэвалюцыянера са сваім народам і з жаданым, разняволеным жыццём, якое бурліла за сценамі ненавісных турэмных цэляў.

Янка Сіпакоў






Хоць цела ў цеснай турме знемагае,
Дух над турмою вольна лунае;
Хочаш, каб мара твая збылася,—
Дух хай мацнее, няверы не знае.

ПАЧЫНАЮ ДЗЁННІК


Займацца вершамі — клопат не мой,
Аднак я ў няволі час лішні маю.
А каб не палохаў дзень пустатой,
Вершы складаю і волі чакаю.

АРЫШТАВАЛІ Ў ЦЗУЖУНЕ


Цзужун — на пашану багаты край,
Ды зняважылі там нечакана:
Без падставы шпіёнам зрабілі мяне —
Мой гонар у бруд утаптаны.

ПАСАДЗІЛІ Ў ПАВЯТОВУЮ ЦЗІНСІЙСКУЮ ТУРМУ


Вязні старыя страчаюць новых ахвяр,
На небе гусцее чарнота хмар;
Ды хмары спрадвек разлятаюцца ўсе,—
I ў турме застаецца вольны змагар.

ЦЯЖКІ ШЛЯХ ЖЫЦЦЯ


I
Па горных кручах ішоў я смялей,
Не ведаў: на роўным бывае цяжэй;
У гарах размінуўся шчасліва з тыграм
I сеў у турму, сустрэўшы людзей.
II
Прадстаўляць свой народ — абавязак прамы,
Ішоў я ў Кітай, як госць, без віны;
Нечакана тайфун на раўніне падняўся —
Мяне зрабілі госцем турмы.
III
Ва ўсіх на вачах сумленнасць мая,
Мне ж кажуць, што нейкі асочнік я;
Жыць на свеце, вядома, заўсёды не лёгка,
А з гэткай абразай — цяжэй удвая.



РАНІЦА


I
Сонца ўзнімаецца з-за турэмнай сцяны,
Асвятляе замкі — адамкнуць быццам хоча;
У камерах змрок яшчэ дрэмле начны,
А праменне ўжо вязням казыча вочы.
II
Прачынаюцца вязні. Вошай рупліва б'юць.
Прабівае восем — пачатак снядання.
Ешце, гаротнікі, што вам, галодным, дадуць,
Верце: гора ўсё ж скончыцца, радасць настане.

ПОЎДЗЕНЬ


Пасля полудня сон і ў турме, мусіць, трэба,
Я соладка спаў, як пад ціхі пошум дажджу;
Я сніў, што ляцеў на спіне дракона ў неба,
Прачнуўся і ўбачыў: як раней, у клетцы ляжу.

ПАСЛЯ ПАЎДНЯ


Адчынілі клеткі праветрыць,
Вязні ў вольнае неба глядзяць.
О святыя нябёс! Дайце веры,
Што і ў турмах святыя сядзяць.

ВЕЧАР


Павячэралі. Промні апошнія звялі.
Музыка, песні паўсюль загучалі,
I змрочны засценак у павеце Цзінсі
Ператварыўся ў канцэртную залу.

ЕЖА ЗНЯВОЛЕНЫХ


Кожны раз па жмені прэлага рысу
Без солі, гародніны ў жабрачай місе;
Каму перадача была — той і сыты,
А каму не было — ад голаду высах.


ТАВАРЫШ ПА НЯШЧАСЦІ ІГРАЕ НА ЖАЛЕЙЦЫ


Чуецца музыкі плач — як туга па Радзіме, як верад,
Смутак, журба і маркота расцвельваюць горка душу;
А недзе за тысячы лі каханая мкнецца наперад
У надзеі праз рэкі і горы мелодыю гэту пачуць.

КАЛОДКА


I
Калодка, як зяпа — няма людей:
На ноч глытае ногі людзей;
Правую ў іклы гэтак зацісне,
Аж левую сутарга нават звядзе.
II
I ўсё ж бываюць дзівы ў жыцці —
Спяшаемся ногі ў калодкі ўмясціць;
Як зробіш гэтак — заснеш спакойна,
Не зробіш — месца не зможаш знайсці.

ВУЧУСЯ ГУЛЯЦЬ У ШАХМАТЫ


I
Ад нудоты ў шахматы вучуся гуляць,
Пехацінцаў і коней рыхтую да бою;
Трэба хутка ўмець наступаць, адступаць,
Кемнасць ёсць — перамога, лічы, за табою.
II
Не варта на шахматнай дошцы фарсіць.
Нападай і смялей і рашучай як можаш;
Празяваеш — і два не памогуць фярзі,
Зловіш момант — і з пешкай адной пераможаш.
III
У абодвух бакоў пароўну шанцаў і сіл,
Але перамога, урэшце, аднаму дастаецца;
Ні ў абароне, ні ў наступе промаху не дасі —
I ты ўжо варты ўхвалы, што вадарам даецца.


ЛЮБУЮСЯ ПОЎНЯЮ


У турме ні віна, ні кветак няма.
Чароўная ноч прападае дарма.
Вязень праз краты любуецца поўняй
I поўня любуецца вязнем сама.

РАЗМЕРКАВАННЕ ВАДЫ


На кожнага вязня вады паўмісы,
А што з ёй рабіць табе — сам вызначай:
Заварыш чай — і не хопіць памыцца,
Твар спаласнеш — не заварыш чай.

СВЯТА СЯРЭДЗІНЫ ВОСЕНІ


I
Поўня — нібыта люстэрка здаля,
Пад ёю срабрыцца спакусна зямля.
У дамах абжываецца шчодрае свята,
А мы абжываем сум спакваля.
ІІ
I ў турме свой «святочны» настрой —
Ад поўні, ад ветру вее журбой;
Не магу любавацца поўняй на волі,
Ды сэрца з-за кратаў спяшае за ёй.

ГУЛЬНЯ Ў КАРТЫ


Згуляеш на волі — укіне ў турму мандарын,
А тут, не хаваючыся, адкрыта гуляй;
Шкадуюць карцёжнікі — усе, як адзін:
«Чаму нас раней не ўзялі ў гэты рай?!»

КАРЦЁЖНІКІ


Карцёжнікам есці ў турме не даюць —
Раскайвайся і на волі больш не гуляй,
Але багацеі і тут да ўжору ядуць,
А бедным — і слёзы, і слінкі глытай.



НА СВЯТА 10 КАСТРЫЧНІКА ПЕРАСЫЛАЮЦЬ У ЦЯНЬБАО


Паўсюль ставяць кветкі і вешаюць ліхтары,
Увесь Кітай у святочным убранні гарыць;
А мяне, звязанага, ў іншы астрог выпраўляюць —
Я з ветрам сустрэчным ваюю, як грыф.

У ДАРОЗЕ


Толькі ў дарозе пазнаеш дарогі цяжар.
За горамі горы ўстаюць і ўстаюць з-за хмар;
Пройдзеш за горамі горы, новых дасягнеш вяршынь
I ўбачыш: на тысячы лі такі бязмежны абшар!

НА ЗМЯРКАННІ


Птушка вяртаецца ў лес — на сон сабе дрэва шукаць,
Самотная хмарка плыве па небе паволі-паволі;
У вёсцы дзяўчына меле маіс — у змроку бялее мука,
А ў печы, мліва чакаючы, агонь вясёлы сваволіць.

НАЧУЮ У ЛУНЦЮАНЕ


Дзве нагі — як два кані,
Што загнаны да ані;
Ноччу — блохі. Ды на шчасце
Ранне івалгай звініць.

ЦЯНЬДУН


Ад кашы турэмнай, хоць звык да нягод,
Бурчыць, нібы скардзячыся, жывот;
Дорага ўсё тут — мне не дакупіцца:
Рыс — нібы жэмчуг, галлё — як карыца.

ТОЛЬКІ ШТО ПРЫВЯЛІ Ў ЦЯНЬБАО


Паўсотні кіламетраў пратэпаў за дзень,
Адзенне прамокла, абутак стаптаў;
Каб паспаць, не знайшлі мне месца нідзе,—
У прыбіральні сядзеў і рання чакаў.




ЖОНКА НАВЕДВАЕ МУЖА Ў ТУРМЕ


Ён — па адзін бок стальной агароджы,
Яна — па другі бок рашоткі стальной.
Стаяць гэтак блізка, як толькі можна,
I ўсё ж разлучаны, быццам неба з зямлёй.
I тое, што вуснам сказаць не па сіле,
Гавораць позіркі сумна, з балеснай тугой.
Слова не моўлена, а вочы ўжо слёзы замглілі.
Глядзіш на іх — сэрца сціскае пятлёю тугой.

У ГАЗЕТАХ ПІШУЦЬ: «МІТЫНГ У ГОНАР МІСТЭРА УІЛКІ»


Мы аднолькавыя Кітаю сябры,
Абодва з надзеяй перасякалі мяжу.
Ён, як госць, на шаноўным месцы сядзіць,
Я ж, зняволены, у вязніцы ляжу.
А мы з ім роўныя госці. Тады
Чаму ж нам гэтакі розны прыём?
Што ж, на свеце ёсць цеплыня й халады,
А рэкі ўсе мараць пра свой вадаём.

САМОГА СЯБЕ СУЦЯШАЮ


Калі б сярдзітай зімы не было,
I вясной бы радасцю ўсё не гуло;
Нягоды гэтай змрочнай турмы
Загартуюць мяне ўсім назло.

МАЛЮНАК ПОЛЯ


Калі я з'явіўся тут, рыс зелянеў,
А сёння ўраджай парудзеў, бо паспеў.
Сяляне на жніве. Палі запаўняюць
Іхнія ўсмешкі, музыка, спеў.

ХАРЧЭЎНЯ


Ля дарогі, пад дрэвам, у цяньку прахалодным
Будан саламяны завецца карчмою народнай;
Хоць харч тут з адной толькі рэдзенькай кашы,
Сюды ўсё роўна спяшаецца кожны галодны.



ТУРМА Ў ГАДЭ


Тыя ж турботы, што і на волі, ў турме:
Дровы, рыс, масла, соль ты купляеш і тут.
Перад самым парогам агонь разадзьмеш
I ўвесь дзень маеш клопат — варыш суп.

РАНІШНІ ПЕРАХОД


I
Першыя пеўні спявалі, хоць далёка было да зары,
Рэдкія зоркі праводзілі поўню да самай гары.
А падарожнік даўно ўжо золкую цемру таптаў,
Біў вецер па твары яго, паднятага без пары.
II
Ды цемра радзела. Ружовіцца ўсход пачаў.
Астаткі апошнія змроку настойліва ён змятаў.
I вязень, сагрэты крыху ранішняй цеплынёй,
Ішоў пад канвоем і вершы моўчкі складаў.

АД ЛУН'АНЯ ДА ТУНЧЖЭНА


Зямлі хоць багата — не родзіць зусім,
Таму працаваць шмат даводзіцца ўсім;
Я чуў, што вясной наявілася посуш —
Паела пасевы, хоць галасі.

У ДАРОЗЕ


Звязаны і рукі і ногі мае,
А кветкі так пахнуць і птаства пяе;
Хто мне забароніць цешыцца гэтым —
Хоць гэткую ўцеху шлях вязню дае.


ТУНЧЖЭН

2 лістапада


Цямніца ў Тунчжэне, як і ў Пінмá:
Жывот парожні і волі няма;
Толькі святла і паветра аж лішкі —
Двойчы ўдзень дзверы адмыкае турма.




ПАПЯРОВАЯ КОЎДРА ТАВАРЫША ПА НЯШЧАСЦІ


Склеены рупна старонкі і старых, і новых кніг,
Ды пад імі гэтак жа холадна, як і без іх;
Ці ведаюць тыя, хто спіць пад парчою ў дамах,
Што вязні ад холаду не могуць заснуць і на міг?

ХАЛОДНАЯ НОЧ


Увосень халодная ноч. Халадэча наводзіць тугу.
Сцяўся я ў камячок, а заснуць аніяк не магу.
Поўня на лісці банана. Ад яе яшчэ халадней.
Дзве Мядзведзіцы ў ранак па небе, бачу, бягуць.

ВЯРОЎКАЮ ЗВЯЗАНЫ


Я спавіты. Хіба не падобен на тых
Афіцэраў пыхлівых заморскай шліфоўкі?
Толькі іх аксельбанты — са шнуроў залатых,
А мае са звычайнай, грубай вяроўкі.

ВЫПАЎ ЗУБ


Быў ты цвёрды, стойкі быў
I хістацца не любіў;
Слодыч, горкасць падзялялі...
Як жа я цябе згубіў?!

ЖОНКА ДЭЗЕРЦІРА


Ты пайшоў. Не вярнуўся. З тугою ў душы
Засталася адна я ў нязвыклай цішы;
I ўлады паспагадалі маёй адзіноце —
Запрасілі ў турме мяне, бачыш, пажыць.

ЖАРТ


Я ем, жыву дармова, бы ў раю,
Ахоўваюць салдаты плоць маю;
Хаджу па горных стромах, як па небе,
На кручах, нібыта святы, стаю.



ВЯДУЦЬ У НАНЬНІН


Вяроўку мяккую змянілі ланцугамі —
Нібы каштоўнасці, яны звіняць на мне;
Я — вязень, дый са скутымі нагамі
Іду паважна, бы ў саноўным сне.

КАНВОЙНЫЯ НЯСУЦЬ СВІННЮ


I
Свінню нясуць канвойныя, зірні,
Свінню нясуць, мяне ж вядуць за повад;
Бач, чалавек, а дзешавей свінні,
Калі пазбаўлен і правоў, і слова.
II
Тысячы ў жыцці існуе бед,
Ды горш за ўсё, калі не маеш волі;
Тады ўжо не належыш сам сабе —
Ідзеш, як конь, на повадзе паволі.

ПАСЛІЗНУЎСЯ


Ноч была цёмная, як мяне павялі,
А шлях пакручасты — не бачна зямлі,
Паслізнуўся, зваліўся ў глыбокую яму.
На шчасце, рукі сяброў паднялі.

СЕЛІ Ў ЛОДКУ


Плывём да Наньніна на лодцы, нябогі,
Да вісельні-мачты прывязаны ногі.
На беразе вёскі паўсюль весяляцца,
На рацэ абмінаюць лодкі парогі.

ТУРМА Ў НАНЬНІНЕ


Вязніца сучасная, што й гаварыць —
Усю ноч электрычнасць ярка гарыць;
Ды і тут, як і ўсюды,— рэдкая каша,
I галодны жывот бурчыць, як стары.


СУМ


Барвовіцца неба скрозь ад вайны,
Ірвуцца на фронт Радзімы сыны;
У турме ж чалавек час бясцэнны марнуе,
Трымаюць і моцных тут кайданы.

СЛУХАЮ СПЕЎ ПЕЎНЯ


Ты ўсяго толькі самы звычайны певень,
Але ранак жыве ў тваім шчырым спеве!
Ты народ сваёй песняй ад сну абуджаеш,
I ў гэтым заслуга твая ўжо, будзь пэвен!

ПАМЁР КАРЦЁЖНІК


Ён — скура ды косці. Шкілет, выбачай.
Замучылі холад, голад, адчай.
Гэтай ноччу ляжаў яшчэ побач са мною,
А ўранку знайшоў свой апошні ручай.

ЯШЧЭ АДЗІН


Шу Цы і Бо I не елі рысу дынастыі Чжоу,
Карцёжнік, не чанаючы кашы турэмнай, пажоўк;
Шу і Бо памерлі ад голаду на гары Шауян,
Гулец у турме сваю смерць таксама знайшоў.

КУРЫЦЬ ЗАБАРОНЕНА


Тут курыць забаронена дужа строга:
Закурыш — табака папоўніць капшук вартавога;
Ён люльку можа смактаць колькі ўлезе,
Зацягнешся ты — і слухай наручнікаў скрогат.

НА ЗМЯРКАННІ


Вецер, як востры меч, скалы горныя граніць, сячэ,
Холад, як вострае шыла, працінае лісцё да ствалоў;
Звон далёкага храма падганяе вандроўцу хутчэй,
Хлапчукі, на дудках іграючы, буйвалаў гоняць дамоў.



ПЛАТА


Зварыў сподак рысу — шэсць мао аддаў,
А кіпеню таз за юань я прыдбаў;
За юань купіш рэч, што каштуе шэсць мао.
О цэны турмы! Вы ля горла, бы ўдаў.

БЯССОННІЦА


Гадзіна ночы. I дзве, і тры прабягуць,
Я ж варочаюся і заснуць ніяк не магу;
Чатыры, пяць... А як вочы звяду — ка мне
Пяцікутная зорка з'яўляецца ў сне.

УСПАМІНАЮ ПРА СЯБРА


У той дзень ты праводзіў да рэчкі мяне,
Абяцаў я вярнуцца, як жніва міне;
Рыс сабраны, і поле ўзарана нанова,
А я ўсё на чужыне марнею ў турме.

ПІШУ ЗАЯВЫ ЗА СЯБРОЎ ПА НЯШЧАСЦІ


Сябраваць трэба у лодцы адной веслярам,
Пішу я заявы сваім новым сябрам;
Словы ўстаўляю: «хадайніцтва», «згодна»,
I калі памагае — шчаслівею сам.


КАРОСТА


Усё цела чырвонае — як з кумачу,
Чухаемся да пацямнення ўваччу.
Шчыплем сябе, бы іграем на дане,
Бы музыку хочам і праўда пачуць.

ЛУШЧЭННЕ РЫСУ


Калі лушчаць рыс, яму вельмі балюча,
А пасля, як бавоўна, ён бялее ў жменях людзей;
I ў жыцці чалавека непрыемнасцей куча,
Ды няшчасце гартуе, да поспехаў часам вядзе.



11 ЛІСТАПАДА


I
У гэты дзень раней ярчэлі далі —
Канец вайны ў Еўропе святкавалі;
Пяць кантынентаў зноў агнём і дымам
Нацысты ўсатанелыя заслалі.
ІІ
Шэсць год вядзе Кітай супраціўленне,
 У свеце выклікае захапленне;
Хоць перамога блізка, як ніколі,
Але яе здабудзе наступленне.
III
Сцягі антыяпонскія гурбой,
О Азія, лунаюць над табой;
Сцягі вялікія на бітву клічуць,
Вядуць таксама і малыя ў бой.

ПАВЕТРАНАЯ ТРЫВОГА 12 лістапада 1942 г.


Самалётаў варожых у небе гуд.
Усе ў бамбасховішча бегма бягуць;
I нас канвойнікі з камер выводзяць.
Радасць — пад бомбамі! — волю адчуць!

АДГАДКА СЛОЎ


Вязень, выйшаўшы з клеткі, зробіць нямала,
Бяда пройдзе, і ўбачыць: ён з Радзімай па скон;
Чалавек, паламаўшы бамбукавыя завалы,
З цэлі вылеціць моцны, нібыта дракон.

«ГАСЦІНІЦА»


Навічкам, як зазвычай, месца даюць
Ля смярдзючага туалета.
А хочаш паспаць у турэмным «раю»
Заплаці ім шчодра за гэта.


РАНІШНЯЕ СОНЦА


Промні сонца прабіліся нават сюды,
Спапялілі цемру, начныя кашмары:
I ў гэтым злавесным прыстанку бяды
У вязня ўсмешка захарашэла на твары.

«У В'ЕТНАМЕ ХВАЛЯВАННІ»,— ПАВЕДАМЛЯЕ НАНЬНІНСКАЯ ГАЗЕТА


Загінем, а ў рабстве мы не звякуем,
Зноў сцягі з'ядналіся з барацьбой;
Крыўдна, што я ў турме ўсё «гасцюю»,
Не маю мажлівасці рынуцца ў бой.

АНГЛІЙСКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ Ў КІТАІ


Амерыканцы паехалі, тут як тут англічане са світай,
I іх сустракаюць усюды, як самых жаданых гасцей;
Я і сам — дэлегацыя, і ў Кітаі таксама з візітам,
А прымаюць мяне па-турэмнаму «крыху» прасцей.

ПЕРАВЯЛІ ВА УМІН

18 лістапада


Прывялі ў Наньнін,
Перавялі ва Умін;
Сюды-туды водзяць.
Я абураны
Годзе!

САБАЧЫНА Ў БАОСЯНЕ


У Гадэ — канвойцы на свежую рыбу ласыя,
У Баосяне — смакуюць сабачае мяса;
Аказваецца, і канвойцы, бачыш, таксама
Нядрэнна ў жыцці разбіраюцца часам!

КУЛІ — БУДАЎНІКІ ДАРОГІ


Пад дажджом і ветрам, сябры знямозе,
Працуюць кулі ў паслушэнстве зацятым сваім;
А з тых, што пройдуць, праедуць па гэтай дарозе,
Ці ўспомніць хто іх, ці скажа хто дзякуй ім?



ВАРТАВЫ ЎКРАЎ МОЙ КІЙ


Ты заўжды памагчы быў, як сябра, гатоў,
Мы пратупалі столькі з табою гадоў;
Праклінаю зладзея, які разлучыў нас
I ў расстанні прымусіў журыцца сяброў.

ДАРОЖНЫ СЛУП


Ты невысокі, неважнецкі,
Не князь, не цар пыхліва-строгі;
Звычайны камень, нерухома
Стаіш ля ўхабістай дарогі;
I ўсё ж тваіх парад і знакаў
Заўсёды слухаюцца ногі,
Бо ты паказваеш, ці доўга
Ісці нам, стомленым і ўбогім;
I мы ніколі не забудзем
Тваёй сяброўскай дапамогі.

НЕМАЎЛЯ Ў БІНЬЯНСКАЙ ТУРМЕ


Куга!.. Куга!.. Куга!..
Па татку, што ўцёк ад вайны, туга,
Таму, хоць паўгода ўсяго толькі мне,
З мамкай за татку сяджу я ў турме.

ПЛАТА ЗА СВЯТЛО


Папаўся ў турму, нібыта ў сіло —
Плаці шэсць юаняў, каб відна было;
У гэтым змрочным, цесным закутку
Купляць даводзіцца нават святло.

ТУРЭМНАЕ ЖЫЦЦЁ


У кожнага печ, што займеў кагадзе,
Каструлькі пры ёй стаяць дзе-нідзе;
Зварыш рыс, зварыш суп, потым чай запарыш —
Дыміцца, руплівіца, цэлы дзень.



ЧАЛАВЕК ГО


Выпадкова яго я ў дарозе сустрэў,
Клапатлівы і шчыры — з ім бяда не бяда;
Ён гаворкай сваёю мяне так сагрэў,
Бы пры снезе і холадзе мне свой вугаль аддаў.

КАНВОЙЦА МО


Цудоўная душа ў канвойцы Мо, без маскі —
Купляе ежу сам галодным для падпаскі,
На ноч развязвае вяроўкі, кайданы здымае,
Не прымяняе ўлады ён, кіруе толькі ласкай.

СЕЛІ НА ПОЕЗД У ЛАЙБІН


Пехатою дзесяткі сутак ішлі,
А сягоння, урэшце, селі на поезд.
Хоць ад вугалю чорныя ўсе мы былі,
Нам здалося раскошай падарожжа такое.

ЁН СПРАБАВАЎ УЦЯКАЦЬ


Па волі ён суміўся ўсёю душой,
З поезда скочыў, наўцёкі — куляй;
Шкада, не прабег і паловы лі,—
Канваіры дагналі, назад вярнулі.

ЛАЙБІН


Начальнік турмы днямі рэжацца ў карты,
Грошы ў зняволеных вымагае начальнік варты,
Начальнік павета — са «службоваю» хваткай,—
У Лайбіне спакойна, усё, як заўсёды, ў парадку.

ПРЫБЫЎ У ЛЯОЧЖОУ

9 снежня

Нягоды хоць доўжацца, а канец ім відзён,
Думаў, што скончацца ў Ляочжоу кашмары.
Усміхнуўся: за мной ужо сотня пройдзеных дзён.
Ды за ўсмешкаю не схаваеш смутку на твары.


ТРЫМАЮЦЬ ДОЎГА БЕЗ СУДА


Чым мацнейшае зелле, тым яно ўсё гарчэй,
Цяжкі шлях — найцяжэйшы ў канцы самым будзе.
Недалёка і суд, недалёка і сам мандарын,
Дык чаму ж мяне водзяць усё ды не судзяць?

ПОЎНАЧ


Здаюцца сумленнымі ўсе, калі спяць,
Злосны ці добры — як прачнуцца, можна пазнаць;
Дабрыня і зласлівасць — не ад прыроды даюцца,
У выхаванні карэнне іх трэба шукаць.

У РЭЗІДЭНЦЫІ МАНДАРЫНА


Ужо думаў — апошні цяжкі пераход,
Ужо думаў — крок да свабоды адзін;
Але нам напрыдумвалі новых нягод:
Пераводзяць ізноўку пеша ў Гуйлін.

ПРАЙШЛО ЧАТЫРЫ МЕСЯЦЫ


«Дзень у турме — нібы тысяча вёсен на волі»,—
Продкі казалі, і я гэту мудрасць пацвердзіць гатоў!
Чатырох такіх месяцаў у няволі даволі,
Каб яны падаліся даўгімі, быццам дзесяткі гадоў.
Таму што: Чатыры месяцы надгаладзь еў,
           Чатыры месяцы сну не меў,
           Чатыры месяцы я не мыўся,
           У леткай сарочцы па цэлях гібеў.
Вось чаму: Хістаюцца зубы мае ад цынгі,
           Валасы ссівелі зусім ад тугі.
           Пахудзеў, пачарнеў, як галодны д'ябал,
           Свярбіць усё цела і зводзіць духі.
Ды на шчасце: Я ўсё стрываю, што б ні было.
           Не згасне маёй Радзімы святло!
           Няхай маё цела змарнее ў пакутах,
           Я дух загартую шэльмам назло.

ЦЯЖКА ЗАХВАРЭЎ


Мне кажуць, што хварэю ад клімату чужога,
Я ж знаю: па Радзіме сум раніць, нібы нож:
Як у турме хварэць — няма страшней нічога,
Павінен плакаць я, а я спяваю ўсё ж.


ПРЫВЯЛІ Ў ГУЙЛІН


У Гуйліне — наўздзіў, ні карыцы, ні лесу няма,
Толькі горы высокія ля глыбокай вады,
Ды пад хмарай баньяна панурая гэта турма —
У ёй цёмна і ўдзень і ціха ўначы да жуды.

ПЛАТА ЗА ЎВАХОД У ТУРМУ


Кожны мусіць плаціць за ўваход у турму
Пяць дзесяткаў юаней ахоўцу свайму!
Калі ж грошай няма, няма чым адкупіцца,—
Не дадуць ні на хвілю спакою яму.

?!


Сорак дзён гараваў я ў дарозе дарма,
Сорак дзён валачыўся, а спакою няма;
Зараз зноўку назад у Ляочжоу пераводзяць —
О як мне ўжо набрыдла такая турма!

?


Ляочжоу — Гуйлін, і зноў Ляочжоў,
Я ўсю правінцыю ўдоўж і ўшыркі прайшоў:
Кідаюць мяне сюд-туд, нібы мячык.
I калі ж гэты здзек яны спыняць ужо?!

У ПАЛІТЫЧНАЙ ЧАСЦІ ЧАЦВЁРТАГА ВАЕННАГА РАЁНА


Быў я ў трынаццаці паветах Гуансі,
У турмах васемнаццаці марнеў;
А ў чым мая віна? Ты веры не дасі —
Віна — што я любоў к свайму народу меў!

РАНІШНІ МАЛЮНАК


Сонца кожнае ранне ўзыходзіць з-за гор,
Залівае святлом навакольны прастор;
Толькі сцены турмы промняў не прапускаюць,
З камер змрок цераз краты разглядвае двор.


СВЯТА ЦІНМІН


Імжыць без спачыну дождж увесь дзень,
Маркота таксама гняце без спачыну;
Пытаю ў ахоўніка: воля жаданая дзе?
I ён паказвае на жытло мандарына.

ВЯЧЭРНІ МАЛЮНАК


Побач з турмою ружа была расцвіла,
Расцвіла, паквітнела і ціха завяла.
Яна камерам водар увесь аддала,
Нагадала: ў жыцці справядлівасці мала.

АБМЕЖАВАННІ


Самае горшае — волю згубіць,
У прыбіральню і то тады трапіць складана:
Калі адчынена — жывот не баліць,
А жывот разбалеўся — ўсё пазачыняна.

БЯССОННАЯ НОЧ


Доўжыцца ноч, а ты ўсё не спіш,
Радзіла шмат вершаў турэмная ціш;
Адкладаеш пяро і зноўку, бяссонны,
Праз краты на вольнае неба глядзіш.

ЗАЦЯЖНЫ ДОЖДЖ


Дзевяць дзён не сціхае ўжо дождж-вадалей,
Што на неба злаваць — толку мала ў тым зле!
Мой знасіўся абутак. У гразі мае ногі,
Ды брысці усё роўна змушаюць далей.

ШКАДА СТРАЧАНАГА ЧАСУ


Барацьбе, як знарок, замінае злы лёс,
Восем месяцаў страціў, кайданамі растрос;
Мне шкада таго часу, што турмы забралі.
Дзе ж той вецер, які б мне волю прынёс?


АСЕННІ РОЗДУМ


I
Мядзведзіца ўжо над гарой — значыць, дзесяць гадзін,
Цвыркун напявае — да восені ў шчырым даверы:
I толькі не рад той жа восені вязень адзін —
Ён нецярпліва чакае, калі адчыняць турэмныя дзверы.
II
Мінулаю восенню яшчэ я па волі хадзіў,
А гэту ўжо бачу, засумлены, праз турэмныя краты;
Але, як тады, я народу аддана і шчыра служыў,
Так і зараз служу, хоць сяджу ў цямніцы праклятай.

ДАЗВОЛЕНА ПРАГУЛКА ПА-ЗА КАМЕРАЙ


Ад нерухомасці — ногі, што вата, зусім не ідуць.
Вучуся нанова хадзіць — хістаюся, як не ўпаду;
Крок адзін і зрабіў, а ўжо чую крык вартавога:
«Даволі! Вяртайся назад! У камеру зноў павяду!»

АСЕННЯЯ НОЧ


Вартавы ля дзвярэй падпірае вінтоўкай слупы,
Хмара ў небе ляціць, падахвочвае поўню да лёту.
Нібы танкі цяжкія паўзуць і паўзуць клапы,
Камары ўсё гудуць, як разлётаныя самалёты.
Па Радзіме маркочуся, што за тысячы лі ад мяне,
Сон журботны, нібыта ён загорнуты ў смутак.
Без віны цэлы год я гібею ў турме
I слязамі пішу свае вершы, закуты.

ЧЫТАЮ ШКОЛЬНУЮ ХРЭСТАМАТЫЮ «ВЕРШЫ ТЫСЯЧЫ ХАТ»


Раней паэты услаўлялі прыгажосць:
Гару і дым, ваду і поўню, снег і макі;
А сёння ў вершах, сталь, заззяй, як злосць,—
Паэт умець ісці павінен у атаку.



УРАЖАННІ АД ПЕЙЗАЖА


Верхавінаю дрэва — як вобраз Чжан Фэя,
Сонца — быццам душа Гуань Юя сама;
Я чакаю ўжо год весткі з добрай надзеяй,
Ды з Радзімы пісьма ўсё няма і няма.

НЕБА ВЫПАГОДЖВАЕЦЦА


Ва ўсім, ва ўсім законы ёсць свае:
Пасля дажджлівых дзён яснота настае.
Адзенне мокрае раптоўна неба скіне,
I ўсё на сотні лі заззяе, запяе.
Смяюцца шчыра кветкі між лістоў,
Спяваюць птушкі — колькі галасоў!
I людзі ўсцешаны — закон жыццёвы праўдзіць:
«Нягоды ўсе мінуць, і радасць прыйдзе зноў».

ВЫЙШАЎШЫ З ТУРМЫ, ВУЧУСЯ ПАДЫМАЦЦА НА ГОРЫ


Хмары абвіваюць горы, лашчацца да хмар вяршыні,
Твар ракі, нібы люстэрка, чысты, радасны ізноў.
Я спяшаю, ўсхваляваны, па нагор'ях Сіфэнліня,
Углядаюся ў свой Поўдзень— нібы бачу зноў сяброў.


ТЛУМАЧЭННІ


Перакладаючы паэзію Хо Шы Міна на беларускую мову, я меў перад сабою выданне «Турэмнага дзённіка» на ханване з дакладным тлумачэннем кожнага іерогліфа, паэтычны пераклад вершаў на в'етнамскую мову, падрабязны падрадкоўнік і шчырую дапамогу выкладчыка Ханойскага педагагічнага інстытута замежных моў Лыонг Вінь Тхіня, якому выказваю сваю ўдзячнасць.

АРЫШТАВАЛІ Ў ЦЗУЖУНЕ. Цзужун — гарадок на поўдні Кітая, у былой правінцыі Гуансі. Цзужун перакладаецца з кітайскай мовы як «высокая пашана».

РАНІЦА. «Бо няшчасці ўсе скончацца і радасць настане» —будыйскі выраз, які падабаўся Хо Шы Міну.

ПОЎДЗЕНЬ. Дракон ва ўсходняй міфалогіі — сімвал сілы, моцы і добрых здзяйсненняў.

СВЯТА СЯРЭДЗІНЫ ВОСЕНІ. Гэта народнае свята было вельмі папулярнае ў Кітаі і ва В'етнаме і святкавалася ў поўню на пятнаццаты дзень восьмага месяца па месячным календары.

ГУЛЬНЯ Ў КАРТЫ. Хо Шы Мін высмейвае тут забарону азартных гульняў, якая існавала ў старым Кітаі.

НА СВЯТА 10 КАСТРЫЧНІКА ПЕРАСЫЛАЮЦЬ У ЦЯНЬБАО. 10 кастрычніка — гадавіна Кітайскай рэвалюцыі 1911 года, якая скінула маньчжурскую дынастыю Цін і абвясціла рэспубліку. Пры гамінданаўцах адзначалася як нацыянальнае свята.

У ГАЗЕТАХ ПІШУЦЬ: «МІТЫНГ У ГОНАР МІСТЭРА УІЛКІ». Уілкі ўзначальваў амерыканскую дэлегацыю, якая ў 1942 годзе наведала Кітай і была вельмі шыкоўна сустрэта гамінданаўцамі.

ХАЛОДНАЯ НОЧ. «Дзве Мядзведзіцы ў ранак па небе, бачу, бягуць». Вязень вызначае час па зорках.

ЖОНКА ДЭЗЕРЦІРА. Каб спыніць дэзерцірства з арміі, гаміндамаўцы саджалі ў турму самых блізкіх родзічаў дэзерціраў.

ПАМЁР КАРЦЁЖНІК. «А ўранку знайшоў свой апошні ручай». Пра мёртвых ва В'етнаме гаварылі, што яны пайшлі шукаць, дзе цякуць дзевяць залатых ручаёў, г. зн. царства мёртвых.

ЯШЧЭ АДЗІН. Браты Бо I і Шу Цы, сыны апошняга правіцеля дынастыі Шань Інь, адмовіліся есці рыс новага правіцеля У Вана, які знішчыў іх дынастыю і заснаваў новую. Яны падняліся на гару Шауян, дзе харчаваліся парасткамі папараці, пакуль не памерлі.

ПЛАТА. Юань — кітайская грашовая адзінка. Мао — дзесятая частка юаня.

КАРОСТА. Дан — народны музычны (шчыпковы) інструмент.

11 ЛІСТАПАДА. У гэты дзень у 1918 годзе было заключана Камп'енскае перамір’е паміж Германіяй і галоўнымі саюзнымі дзяржавамі, якім закончылася першая сусветная вайна.

АДГАДКА СЛОЎ. У вершы — гульня слоў, заснаваная на асаблівасцях кітайскага іерагліфічнага пісьма, якая не перакладаецца.

САБАЧЫНА Ў БАОСЯНЕ. Баосян, горад у правінцыі Гуансі, славіўся тым, што там умела гатавалі стравы з сабачыны. Сабачына — далікатэс в’етнамскай кухні.

ПРЫБЫЎ У ЛАОЧЖОУ. «Нягоды хоць доўжацца, а канец ім відзён». Зноў жа — будызм. Ён часта выкарыстоўваецца ў дзённіку.

ТРЫМАЮЦЬ ДОЎГА БЕЗ СУДА. Мандарын — еўрапейская назва вышэйшых чыноўнікаў у Кітаі.

ПРЫВЯЛІ Ў ГУЙЛІНЬ. Гуйлінь — адміністрацыйны цэнтр

былой правінцыі Гуансі. Яго назва перакладаецца як «кармчны лес». Адсюль — гульня слоў.

СВЯТА ЦІНМІН. Цінмін — у перакладзе «светла і ясна» — адно з 24 свят сельскагаспадарчага года ў Кітаі. Звычайна яно прыпадае на пяты-шосты дзень чацвёртага месяца па месячным календары, калі стаіць ясная пагода.

ЧЫТАЮ ШКОЛЬНУЮ ХРЭСТАМАТЫЮ «ВЕРШЫ ТЫСЯЧЫ ХАТ». «Вершы тысячы хат» — вядомая анталогія кітайскай сярэдневяковай класічнай паэзіі.

УРАЖАННІ АД ПЕЙЗАЖА. Чжан Фэй і Гуань Юй - кітайскія палкаводцы эпохі Трохцарствія. Чжан Фэй вызначаўся смеласцю і сілаю, а Гуань Юй — справядлівасцю і сумленнасцю.

ВЫЙШАЎШЫ З ТУРМЫ, ВУЧУСЯ ПАДЫМАЦЦА НА ГОРЫ. Сіфэнлін — горная града непадалёк ад Ляочжоу, дзе знаходзіўся Хо Шы Мін пасля вызвалення з турмы.


Перакладчык






Оглавление

  • Хо Шы Мін Турэмны дзённік
  • ВОЛЬНЫ Ў НЯВОЛІ
  • ПАЧЫНАЮ ДЗЁННІК
  • АРЫШТАВАЛІ Ў ЦЗУЖУНЕ
  • ПАСАДЗІЛІ Ў ПАВЯТОВУЮ ЦЗІНСІЙСКУЮ ТУРМУ
  • ЦЯЖКІ ШЛЯХ ЖЫЦЦЯ
  • РАНІЦА
  • ПОЎДЗЕНЬ
  • ПАСЛЯ ПАЎДНЯ
  • ВЕЧАР
  • ЕЖА ЗНЯВОЛЕНЫХ
  • ТАВАРЫШ ПА НЯШЧАСЦІ ІГРАЕ НА ЖАЛЕЙЦЫ
  • КАЛОДКА
  • ВУЧУСЯ ГУЛЯЦЬ У ШАХМАТЫ
  • ЛЮБУЮСЯ ПОЎНЯЮ
  • РАЗМЕРКАВАННЕ ВАДЫ
  • СВЯТА СЯРЭДЗІНЫ ВОСЕНІ
  • ГУЛЬНЯ Ў КАРТЫ
  • КАРЦЁЖНІКІ
  • НА СВЯТА 10 КАСТРЫЧНІКА ПЕРАСЫЛАЮЦЬ У ЦЯНЬБАО
  • У ДАРОЗЕ
  • НА ЗМЯРКАННІ
  • НАЧУЮ У ЛУНЦЮАНЕ
  • ЦЯНЬДУН
  • ТОЛЬКІ ШТО ПРЫВЯЛІ Ў ЦЯНЬБАО
  • ЖОНКА НАВЕДВАЕ МУЖА Ў ТУРМЕ
  • У ГАЗЕТАХ ПІШУЦЬ: «МІТЫНГ У ГОНАР МІСТЭРА УІЛКІ»
  • САМОГА СЯБЕ СУЦЯШАЮ
  • МАЛЮНАК ПОЛЯ
  • ХАРЧЭЎНЯ
  • ТУРМА Ў ГАДЭ
  • РАНІШНІ ПЕРАХОД
  • АД ЛУН'АНЯ ДА ТУНЧЖЭНА
  • У ДАРОЗЕ
  • ТУНЧЖЭН
  • ПАПЯРОВАЯ КОЎДРА ТАВАРЫША ПА НЯШЧАСЦІ
  • ХАЛОДНАЯ НОЧ
  • ВЯРОЎКАЮ ЗВЯЗАНЫ
  • ВЫПАЎ ЗУБ
  • ЖОНКА ДЭЗЕРЦІРА
  • ЖАРТ
  • ВЯДУЦЬ У НАНЬНІН
  • КАНВОЙНЫЯ НЯСУЦЬ СВІННЮ
  • ПАСЛІЗНУЎСЯ
  • СЕЛІ Ў ЛОДКУ
  • ТУРМА Ў НАНЬНІНЕ
  • СУМ
  • СЛУХАЮ СПЕЎ ПЕЎНЯ
  • ПАМЁР КАРЦЁЖНІК
  • ЯШЧЭ АДЗІН
  • КУРЫЦЬ ЗАБАРОНЕНА
  • НА ЗМЯРКАННІ
  • ПЛАТА
  • БЯССОННІЦА
  • УСПАМІНАЮ ПРА СЯБРА
  • ПІШУ ЗАЯВЫ ЗА СЯБРОЎ ПА НЯШЧАСЦІ
  • КАРОСТА
  • ЛУШЧЭННЕ РЫСУ
  • 11 ЛІСТАПАДА
  • ПАВЕТРАНАЯ ТРЫВОГА 12 лістапада 1942 г.
  • АДГАДКА СЛОЎ
  • «ГАСЦІНІЦА»
  • РАНІШНЯЕ СОНЦА
  • «У В'ЕТНАМЕ ХВАЛЯВАННІ»,— ПАВЕДАМЛЯЕ НАНЬНІНСКАЯ ГАЗЕТА
  • АНГЛІЙСКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ Ў КІТАІ
  • ПЕРАВЯЛІ ВА УМІН
  • САБАЧЫНА Ў БАОСЯНЕ
  • КУЛІ — БУДАЎНІКІ ДАРОГІ
  • ВАРТАВЫ ЎКРАЎ МОЙ КІЙ
  • ДАРОЖНЫ СЛУП
  • НЕМАЎЛЯ Ў БІНЬЯНСКАЙ ТУРМЕ
  • ПЛАТА ЗА СВЯТЛО
  • ТУРЭМНАЕ ЖЫЦЦЁ
  • ЧАЛАВЕК ГО
  • КАНВОЙЦА МО
  • СЕЛІ НА ПОЕЗД У ЛАЙБІН
  • ЁН СПРАБАВАЎ УЦЯКАЦЬ
  • ЛАЙБІН
  • ПРЫБЫЎ У ЛЯОЧЖОУ
  • ТРЫМАЮЦЬ ДОЎГА БЕЗ СУДА
  • ПОЎНАЧ
  • У РЭЗІДЭНЦЫІ МАНДАРЫНА
  • ПРАЙШЛО ЧАТЫРЫ МЕСЯЦЫ
  • ЦЯЖКА ЗАХВАРЭЎ
  • ПРЫВЯЛІ Ў ГУЙЛІН
  • ПЛАТА ЗА ЎВАХОД У ТУРМУ
  • ?!
  • ?
  • У ПАЛІТЫЧНАЙ ЧАСЦІ ЧАЦВЁРТАГА ВАЕННАГА РАЁНА
  • РАНІШНІ МАЛЮНАК
  • СВЯТА ЦІНМІН
  • ВЯЧЭРНІ МАЛЮНАК
  • АБМЕЖАВАННІ
  • БЯССОННАЯ НОЧ
  • ЗАЦЯЖНЫ ДОЖДЖ
  • ШКАДА СТРАЧАНАГА ЧАСУ
  • АСЕННІ РОЗДУМ
  • ДАЗВОЛЕНА ПРАГУЛКА ПА-ЗА КАМЕРАЙ
  • АСЕННЯЯ НОЧ
  • ЧЫТАЮ ШКОЛЬНУЮ ХРЭСТАМАТЫЮ «ВЕРШЫ ТЫСЯЧЫ ХАТ»
  • УРАЖАННІ АД ПЕЙЗАЖА
  • НЕБА ВЫПАГОДЖВАЕЦЦА
  • ВЫЙШАЎШЫ З ТУРМЫ, ВУЧУСЯ ПАДЫМАЦЦА НА ГОРЫ
  • ТЛУМАЧЭННІ